Беларускі від з акна і гарадское жыццё ў эпоху пандэмій

Гэтую вясну многія беларусы і беларускі правялі, пераважна седзячы дома. Хоць, станам на ліпень 2020-га, большасць людзей перастала самаізалявацца, для іх гэта быў унікальны і значны вопыт. Эпідэміёлагі ўжо прадказваюць другую хвалю эпідэміі і з’яўленне новых вірусаў, таму для нашай каманды было важна падчас перыяду самаізаляцыі даследаваць і адрэфлексаваць, што людзі даведаліся пра бліжэйшую да свайго дома прастору і ейны ўплыў на іх вопыт знаходжання дома.

Мы хацелі даведацца, як беларусы і беларускі адаптуюць свае жылле да працяглага перыяду знаходжання дома, якую ролю для іх іграе прастора побач з домам, што яны бачаць у сваіх вокнах і што хацелі бы бачыць.

Нашы патрэбы і прыярытэты на перыяд самаізаляцыі змяніліся: многім аказалася не трэба ехаць на працу або ў гіпермаркет у іншую частку горада. Каб змяніць рабочую абстаноўку дома, дастаткова было паназіраць гарадскі пейзаж з акна або прайсьціся ў найбліжэйшы парк. Спальныя раёны сталі цэнтрамі актыўнасці і перамяшчэнняў гараджан у большай ступені, чым да пачатку пандэміі. Ці застанецца жыллё ў цэнтры або ў метро прывілеем? Ці ператворыцца выгляд з акна ў тавар на рынку нерухомасці?

версия текста на русском доступна по ссылке


Аўтарка даследвання — АНАСТАСІЯ НІКІЦІНА

Фотакалажы — КАРАЛІНА ПАЛЯКОВА

Над даследаваннем таксама працавалі:

Андрэй Вазьянаў — навуковая рэдактура
Анастасія Гермацкая — візуалізацыя дадзеных
Анастасія Гарбунова — дапамога ў аналізе дадзеных
Анастасія Тулаева — карэктура


 

Як праводзілася даследаванне

Для праекта мы працавалі дадзенымі як ужо даступнымі, так і атрыманымі праз анлайн-апытанне.

Мы прааналізавалі адкрытыя дадзеныя: фота ў Instagram, аб’явы на сайтах нерухомасці і Яндэкс.Мапы. Па гэтых крытэрах мы паўторна даследавалі тыя ж крыніцы ўжо ў чэрвені, калі актывізаваліся размовы аб другой хвалі распаўсюджвання COVID-19.У Інстаграме мы шукалі пасты з тэкстам і фота ў месцах, набліжаных да вадаёмаў, парках і лясах, а таксама па хэштэгам, звязаных з самаізаляцыяй (#каранцін, #карантин_на_балконе, #stay_home і іншыя). Яндэкс.Мапы дазволілі адсачыць дынаміку самаізаляцыі з канца красавіка па сённяшні дзень.

Акрамя гэтага, мы правялі апытанне пра віды з окнаў, каб зразумець вопыт, эмоцыі і ўражанні людзей ад таго, што яны бачаць і чуюць з-за межаў жылля ў перыяд працяглага знаходжання дома. Мы таксама хацелі даведацца, як старыя рэсурсы набываюць новыя значэння ва ўмовах пандэміі. У спісе было некалькі закрытых і чатыры адкрытых пытання, у якіх удзельніцы і ўдзельнікі маглі падзяліцца сваімі думкамі і развагамі пра свае дамы і вокны. Апытанне дапамагло нам убачыць і растлумачыць карэляцыі ў адкрытых дадзеных, знайсці спецыфічныя для беларускага каранціну сюжэты.

Мы задавалі адкрытыя пытанні, бо не хацелі абмяжоўваць людзей інтуітыўна чаканымі адказамі. Каранцін — практычна для ўсіх гараджан беспрэцэдэнтны вопыт, таму мы былі гатовыя да непрадказальных адказаў. Адначасова з гэтым мы выкарыстоўвалі адкрытае тэматычнае кадаванне, пры якім ключавыя словы выводзяцца з матэрыялу, а не даюцца загадзя.

Яндэкс.Карты паказалі, што больш за ўсё беларусы і беларускі заставаліся дома ў красавіку. Яшчэ яны куды больш актыўна сядзелі дома па выхадных. Пры гэтым індэкс самаізаляцыі па выхадных практычна не мяняўся і пачаў падаць толькі пад лета, калі людзі выходзілі на шпацыры і сустрэчы. Такім чынам, мы бачым, што для Беларусі знаходжанне дома таксама апынулася статыстычна значнай і працяглай з’явай з пікам у красавіку. Гэта ж пацвярджаюць і апытанні, праведзеныя кампаніяй SATIO. Шмат хто разгорнута адказваў на адкрытыя пытанні:

  • Што бачна з вашага акна? Сярэдняя даўжыня адказу — 5 словаў.

  • Якія пачуцці ў вас выклікае выгляд з вашага акна? Што вам прыходзіць у галаву, калі вы гледзіце ў акно? 15 словаў.

  • Якія пачуцці выклікае ў вас ваша хата, калі вы праводзіце ў ім больш часу, чым звычайна? 8 словаў.

 

Ці ўсім не спадабалася сядзець дома?

З апытання бачна, што ўражанні людзей ад больш працяглага знаходжання дома адрозніваюцца аж да палярных. Таксама людзі прыпісваюць аднаму і таму ж элементу карантыну — свайму жыллю — самыя розныя, часам процілеглыя, значэнні.

Прадказальна, пра ізаляцыю было шмат негатыўных водгукаў. У некага доўгае знаходжанне дома выклікае нуду і нават можа прыгнятаць. Людзі пісалі пра такія адчуванні як «Замкнутость, потеря энергии, одиночество», «чувствуешь себя в заточении». Шмат каму надакучала аднастайнасць. Людзі адзначалі, што адчувалі сябе ў «дне сурка» з-за цыклічнасці актыўнасцяў.

Пачуццё адзіноты, нуды, раздражненне ад шуму суседзяў і «алкаголікаў пад вокнамі», пачуццё запертасці, нянавісці, дэпрэсіі, стомленасці, прыгнечанасці, нуды з’явіліся пасля доўгага абмежавання перасоўванняў. Многія адзначылі, што ім стала бракаваць паветра і ў іх узнікала жаданне выйсці на вуліцу часцей, чым звычайна, таму яны выходзілі на балкон або ў двор. Апытаныя пачалі звяртаць больш увагі на дзённыя актыўнасці і заўважылі шмат паўтарэнняў, якія раней не былі прыкметнымі.

У той жа час, знаходжанне дома было злучана для рэспандэнтак і рэспандэнтаў і з пазітыўным досведам. Шмат рэспандэнтак і рэспандэнтаў увесну перайшлі на падаленую працу: кватэра для іх стала не толькі месцам, куды яны прыходзілі паспаць пасля працоўнага дня. Найболей частымі станоўчымі эмоцыямі ад знаходжання дома былі: бяспека, утульнасць, радасць. Яны адзначалі, што ў іх з’явілася жаданне і час, каб зрабіць сваё жыллё больш утульным, камфортным, напоўненым індывідуальнымі дэталямі і «часцінкамі душы».

Самота карантыну камусьці спадабалася («Стало хорошо в одиночестве, чаще нахожусь на кухне во время чаепития»), але часцей выступала ў адказах дваяк, супярэчліва: «Всё нормально, мне уютно и хорошо. Может, немного одиноко», «Мне прыемна мая хата, але ад адзіноты гэта не пазбаўляе». Іншымі словамі, у перыяд самаізаляцыі ўтульнасць і адзінота часта былі непарыўна злучаны.

Пачуцці спакою і бяспекі пераважаюць сярод пазітыўных эмоцый: хата адчуваецца як свая асабістая, абароненая прастора, адгароджаная ад навакольнага свету. А ўтульнасць і камфорт лічыцца працягам гэтага стану. Адказ «Мой дом — моя крепость» паказвае адначасна як на на пачуццё бяспекі, гэтак і на адарванасць ад навакольнага свету, абмежаванне доступу да яго.

У цэлым, колькасць станоўчых і адмоўных успрыманняў водгукаў пра досвед хатняй самаізаляцыі апынулася прыблізна аднолькавай: а гэта значыць, што нам часта досыць цяжка зразумець карантынныя досведы адно аднаго.

 

Як беларусы і беларускі адаптуюць сваё жыллё да правядзення часу хаты?

Нашы рэспандэнты нярэдка адчувалі большае, чым до карантыну, жаданне клапаціцца пра сваё жыллё, часцей рабіць прыбіранне і трымаць рэчы ў парадку, усё большае дачыненне да навакольнай абстаноўкі і адказнасць за яе. У гэтай сітуацыі напрошваліся маніпуляцыі з месцам жыцця. Прыкладам, аж 18 чалавек задумаліся пра рамонт, каб змяніць абрыдлы інтэр’ер. Таксама людзі імкнуліся прывесці сваю хату да ладу, каб адчуваць большыя спакой і стабільнасць. Найчасцей удзельніцы і ўдзельнікі апытання казалі, што пасадзілі ці перасадзілі кветкі, нарэшце вырашылі завяршыць рамонт ці толькі пачалі яго, прыўнеслі ў жыллё «хюге», перабралі старыя рэчы і «расхламились».«Ещё иногда хочется что-то изменить: перевесить фотографии, покрасить полки в один цвет. Или просто протереть пыль» — напісала адна рэспандэнтка.

Людзі заўважалі, што ў іх назапасілася шмат лішніх рэчаў, што ім бракуе месца для іх захоўвання; іх пакоі, кухні, балконы і калідоры апынуліся надта малымі, і рэспандэнтам хацелася б іх «пашырыць»; што доўгае знаходжанне нават з самымі блізкімі людзьмі выклікае стомленасць. З улікам гэтага мы можам выказаць здагадку, што пры паўторы перыяду (перыядаў) карантыну будзе ўзрастаць попыт на жытле з вялікімі магчымасцямі да адасобленасці. Кватэры з вялікай колькасцю пакояў апынуцца ў пройгрышы. Сярод апытаных былі і тыя, чыё доўгае знаходжанне дома стала каталізатарам для рашэння змяніць здымнае жытло або зусім пераехаць у іншы раён горада.

 

Што бачна з акна і што гэта значыць: кажуць беларусы і беларускі

Падчас самаізаляцыі людзі сталі надаваць больш увагі не толькі абліччу і ўладкаванню ўнутранай прасторы жытла, але і вокнам, падваконням, балконам, а таксама таму, што з іх бачна. Гэтыя элементы жытла выступілі свайго роду «інтэрзонай» паміж жыллём і навакольным светам: «Мне нравится на кухне окно в пол, есть привязка бОльшая к окружению. Очень поэтично».

Мы паспрабавалі рэканструяваць беларускі від з акна з дапамогай тэкставых адказаў і здымкаў, якія людзі прымацоўвалі да апытання. Ад удзельніц і ўдзельнікаў апытання мы атрымалі 402 фота і нават 3 відэа. З іх 272 фота было зроблена ў ракурсах, якія паказвалі, што знаходзіцца за вакном. Самымі частымі ракурсамі былі з узроўня вачэй, зверху ўніз, гледзячы ў двор, а таксама шматпланавыя кадры з будынкамі і небам. Было і два фота, у якіх удзельніцы і ўдзельнікі апытання фатаграфавалі свой дом з вуліцы, адно з такіх фота было зроблена з месца кіроўцы ў аўтамабілі. На іншым фота ў цэнтры кадра была птушка, якая сядзіць на кусце. 130 фота было з падваконнямі і кавалачкамі інтэр’ераў, у якіх было зроблена фота. Некаторыя здымкі былі зроблены з роўня падваконня ці лежачы на ложку.

Часам людзі фатаграфавалі свае працоўныя месцы, якія знаходзіліся проста ля вакна. Людзі, якія адправілі фота з падваконнямі, часта акцэнтавалі кадры на тым, што на іх знаходзіцца. Гэта былі пакаёвыя расліны, букеты колераў, прадметы інтэр’ера (фотарамкі, цацкі), вазы, кнігі і часопісы, каты (іншых жывёл на фота не сустракалася). Цікава, што яны знаходзіліся як на ўнутранай, гэтак і на вонкавай частцы падваконня. Незвычайным было фота з пад’езда, дзе акно займала менш чвэрці здымка. Таксама характэрным стала фота акна з глыбіні пакоя, бо ў фокусе былі дрэвы за акном, а не аконныя рамы, сцены і шторы. З незвычайным ракурсам было зроблена фота з верхавіны збана, у якім расло дрэва авакада, што сваім выгінам дублявала вулічныя ліхтары на заднім плане вуліцы.

Фота з часткай падваконняў і інтэр’ераў было ўдвая менш, чым фота толькі з выглядам за акном. Адсюль можна зрабіць выснову, што людзі ўсё ж пазбягалі паказваць прыватную прастору ды інтэр’еры. Але калі яны наважваліся паказваць іх, то часам захоўвалі дэкаратыўныя дэталі: вазу з летнім бэзам ці букет цюльпанаў на свята.

Былі і ўдзельнікі, якія загадзя згатавалі фота для апытання (ці ж выбралі з наяўных старых здымкаў). Яны прымацоўвалі зімовыя фота ці добра выбудаваныя кадры, як з фотаапарата, гэтак і з мабільнага тэлефона. Многія віды даволі вядомыя і стэрэатыпныя: тыпавыя мінскія панэлькі ад савецкіх до МАПІДаўскіх серый, старыя дзіцячыя пляцоўкі, трубы прадпрыемстваў, цэнтральныя часткі горада з гандлёвымі цэнтрамі, паркоўкі і гаражы. Аднак разам з тым у гэтай масе фота можна вылучыць і менш чаканыя сюжэты: балконы з кветамі, каты на падваконнях, уладкаваныя працоўныя месцы, «кукурузкі» на Крапоткіна, паркі і заходы сонца.

З апытання бачна, што выгляд з акна моцна злучаны з эмацыйным станам чалавека, які сядзіць дома ў карантын. Што прыкметна, большасць рэспандэнтаў адзначылі наяўнасць зеляніны як найболей пажаданы і чаканы складнік краявіду за акном. Таксама людзі заўважаюць іншых людзей і жывёл, якіх бачна з акна. Гэта выклікае адчуванне далучанасці да свету і супакаення. Асабліва гэта датычыцца відаў на дзяцей, якія гуляюць. З адказаў следавала, што выгляд на прыроду стварае пазітыўнейшы настрой, чым выгляд на шумныя вуліцы.

Большасць удзельніц і ўдзельнікаў апытання сышліся ў адным: усе перажываюць радасць, назіраючы заход са сваіх вокнаў. І нават калі з акна была бачна толькі фабрыка, іншыя дамы ці ЦЭЦ насупраць, вечаровыя заходы рабілі віды з іх вокнаў прымальнымі. Асабліва заходы шанавалі жыхары апошніх паверхаў. Абзеляненне і ўпарадкаванасць двара былі для іх не такім важным, бо яны не назіралі іх з вокнаў, затое маляўнічыя заходы бачылі кожны дзень. Так ці іначай, у адказах рэспандэнтак і рэспандэнтаў наяўнасць хаця б аднаго з элементаў прыроды была важным складнікам «прыемнага віду з акна»; а поўная як адсутнасць, зазвычай, карэлявала з негатыўнымі эмоцыямі.

Негатыўныя водгукіў найболей часта выпадалі відам на вялікія дарогі, будоўлі і іншыя падобныя будынкі. «Понастроили домов», — напісала адна з удзельніц апытання. Свет машын выяўна не родны са светам людзей, а шум наўпроста замінае нармальнаму жыццю. «Мое окно закрывает дерево, но я могу видеть двор. Мне нравится, что там не шумно и нет суеты», — падобныя фармулёўкі сустракаліся часта. Яшчэ адзін негатыўны фактар — іншыя высокія дома побач, якія засланяюць неба ад людзей і выклікаюць клаўстрафобныя адчуванні. Некаторыя рэспандэнткі і рэспандэнты пісалі, што выгляд з акна — гэта адна з прычын, чаму яны хацелі б змяніць цяперашняе месца жыцця на лепшае.

З іншага боку, не заўсёды рукатворныя элементы выгляду за акном выклікаюць негатыў. Некаторыя паказвалі, што ім падабаецца слухаць плынь жыцця, якая выяўляецца ў бясконцым струмені машын — гэта выклікае ў іх «пачуццё стабільнасці». Мы атрымалі і такія адказы: «МКАД шумит — жизнь кипит. Успокаивают, что мир не рухнул. Зелени поднимает настроение и успокаивает»; «Иногда просто наблюдаю, как в ярком солнце блестят машины, проезжающие по МКАДу, от этого спокойно почему-то»; «За горизонтом скрыта железная дорога (знаю о ней по романтичному шуму товарных составов в ночной тиши)». Шмат каму падабаюцца далёкія віды з высокіх паверхаў.

Пачуцці ад выгляду з акна цесна злучаны з сезоннасцю. Найболей дэталёвыя і пазітыўныя апісанні былі ад відаў падчас цёплых месяцаў. Зімовыя ж выгляды з акна галоўным чынам выклікаюць у апытаных нуду, з-за адсутнасці лісця. Гарадскія зімовыя выгляды часцей за ўсё апісаны ў манахромных колерах.

Асаблівай рысай апісання відаў з вокнаў стала шматпланавасць і сюжэтнасць. Хтосьці расказваў пра аб’екты ад блізкага плана да далёкага, хтосьці — пра змены ў розных сезонах года. Усяго некалькі разоў у апісаннях відаў сустракаліся рэлігійныя збудаванні і могільнікі. У двух адказах былі радкі з песні пра «превосходный вид на ТЭЦ» (цытата з песні «ТЭЦ» групы Петля Пристрастия). Некаторыя шкадавалі: «Что не відно із моего окна, так это гор і моря». У адказах былі не толькі пералікі і апісанні «катоў, якія тусуюцца» і гнёздаў птушак, але і паўнавартыя сюжэты-развагі пра людзей на вуліцы і ў дамах насупраць: «Каждое утро, выхожу на минут 5 на лоджию, посмотреть на людей, проверяю все ли хорошо с моим автомобилем на парковке, люблю смотреть на процесс стройки через дорогу. Пару раз махала соседу с противоположного дома, но он не отвечал( Смотрю, в окна чаще, чем в телевизор, потому что там намного интереснее»; «Відаць вокны іншага дому і неба над ім, люблю разглядваць хмары і людзей на балконах, задумваюся, ці разглядваюць яны мяне».

Асабліва часта героямі адказаў рабіліся птушкі, якія жывуць у двары: «У меня 5 этаж и много деревьев рядом, есть гнездо ворон, которые кормят птенцов своих, сталкерю их жизнь»; «Наблюдаю за двумя сороками которые свили гнездо на дереве напротив нашего окна. Представляю как баба-сорока орет на мужика-сорока, типо: «Опять по голубихам полетел, петушара???!?! Лучше бы работу себе нашел!!! И гнездо все засрал, а убирать, что, я буду?!?!?»».

Шмат хто надае ўвагу і птушыным гукам: «наблюдаю за птицами. Иногда так кричат чайки, будто вблизи море»; «разнообразные виды птиц, часто слышу их пение, из-за чего складывается впечатление сада под окном. Если добавить к этому веселые крики детей (к счастью еще недостаточно взрослых, чтобы кричать матом и слушать коржа с колонки), то получается своеобразный future garage ambient».

Такім чынам, найблізкая да дома прастора падчас карантыну аказваецца для гараджанаў прадметам уважлівага назірання, у нейкіх выпадках — нечаканым адкрыццём, а часам нават вяртае да жыцця згаслыя сацыяльныя практыкі — накшталт (дабра)суседскага кантролю паводзін дзяцей у двары.

З пастоў у Інстаграме мы ўбачылі, што людзі знаходзяць новыя цэнтры прыцягнення: сцяжынкі, спартовыя пляцоўкі, іншыя прыгожыя месцы ў горадзе для шпацыраў і змены становішча. Як вынікае з подпісаў, часта гэтыя месцы знаходзяцца побач з домам. Шмат хто рыхтуецца на таго, што ўлетку не паедзе адпачываць на мора, як звычайна, і наноў адкрываюць для сябе Беларусь. Знайшліся і тыя, у чыё жыццё змена працоўнага месца на хатні офіс прыўнесла разнастайнасць: у абедні перапынак яны сталі катацца на ровары.

 

Беларуская спецыфіка?

Хоць шмат у чым вопыт карантыну ў беларускіх гараджанаў падобны да вопыту ў іншых краінах, у яго ёсць і асаблівасці. Яны могуць быць злучаны як са спецыфікай афіцыйнага ўспрымання пандэміі ў Беларусі, гэтак і з устойлівымі характарыстыкамі мясцовай культуры — экалагічнай, гарадской, сацыяльна-палітычнай.

Так, нярэдка глядзенне ў акно выклікае думкі не толькі і не столькі пра тое, што там бачна, пра працэсы і персанажаў, наяўных там — але ў першую чаргу пра сябе: пра ўласныя ўспаміны, пра дзяцінства, пра мінулае і будучыню і г. д. То бок акно спрацавала як люстэрка і трыгер самарэфлексіі, або сентыментальных успамінаў. Пры гэтым такі эфект ад глядзення ў акно злучаўся з антрапагеннымі, беднымі на прыроду (асабліва зеляніну) краявідамі за шклом.

Варта ўлічваць, што ў Беларусі сядзенне дома і спадарожнае яму пачашчанае глядзенне ў акно было рашэннем, а не прымусам. Гэта значыць, што нашы рэспандэнты самім фактам памяншэння кантактаў прадэманстравалі пэўную рэфлексіўнасць і крытычнае мысленне.

У іншых краінах балконы і вокны ў час локдаунов сталі асабліва інтэнсіўна выкарыстоўвацца як каналы двухбаковай камунікацыі — не толькі атрымання інфармацыі пра свет, але і трансляцыю сваіх мэсіджаў вонкі. Тут можна ўспамінаць і спевы з балконаў, і дзіцячыя малюнкі на вокнах, і вывешванне сцягоў і г. д. Такога багацця актыўнасцяў у перыяд найболей інтэнсіўнай самаізаляцыі ў Беларусі мы не назіралі. Адзін з нешматлікіх выняткаў — пусканне мыльных бурбалак з балкона 9-га паверха, якое (пэўна не па задумцы, а выпадкова) стала гледзішчам для іншых і трапіла ў сторыз Інстаграма.

І зусім нячаста акно падчас карантыну ў Беларусі апыналася інструментам самавыяўлення. Людзі не расказвалі ў апытанні нічога пра тое, што яны вывешвалі ці паказвалі ў акно, а змянялі нешта толькі ўнутры жылля. Гэта сітуацыя змянілася з пачаткам лета, калі праз вокны, дахі і балконы сталі выкарыстоўвацца для выказвання салідарнасці ў беларускім грамадстве, але па прычынах, злучаных з пандэміяй каранавіруса толькі ўскосна.

 

Як адрэагуе рынак

Пры ўсіх асаблівасцях перыяду пандэміі ды запаволенні рынку арэнды жытла, пра што пісалі аналітыкі, беларусы і беларускі працягваюць шукаць і здаваць кватэры ды пакоі. Пад канец красавіка цэны ў аб’явах на сайтах нерухомасці заставаліся на тым жа роўні, а колькасць аб’яў у дзень дасягала 300 штук. Прааналізаваўшы 100 аб’яў пра арэнду ў чэрвені мы ўбачылі, што ў прыкладна траціны з іх былі фота віду з акна, балкона, упарадкавання ў двары. Можна выказаць здагадку, што пандэмія паўплывала і на тое, як стаў выглядаць рынак нерухомасці ў аб’явах. Выгляд з акна ўсведамляецца ўсімі бакамі рынку як значная і раней недаацэненая характарыстыка жытла.

Спіс найболей важных крытэраў пры выбары жытла не змяніўся радыкальна: гараджане найчасцей абіралі цану (81%), зручнае транспартнае спалучэнне (81%), лес/парк/сквер паблізу (65%) і планіроўка (51%). У вольнай форме часта адзначалі, што важны сам арэндадавец і магчымасць жыць с хатняй жывёлай. Таксама апытаныя пісалі, што пры куплі кватэры імкнуліся знайсці жытло па кішэні і большай плошчы. Таму іншыя крытэры адыходзілі на другі план. Але пасля пакупкі іхнія вымогі змяніліся: з’явілася жаданне мець і сквер паблізу, і «адэкватных суседзяў», і веладарожкі, не занятыя аўто і не абгароджаныя платамі.

З улікам тэмы нас адменна цікавіла, ці будуць выгляд з акна, велічыня і колькасць вокнаў (7 адказаў), наяўнасць балкона/лоджыі (3 адказы) фігураваць у адказах. Сапраўды, такіх адказаў апынулася не менш за дзясятак. Пры гэтым, людзі часам удакладнялі арыентацыю вокнаў па баках свету. «Окно моей комнаты выходит прямо на восток. А ещё рассада перцев стоит на подоконнике». Людзі, у якіх было больш, чым адно акно апісвалі выгляды асобна з абодвух вокнаў: «Слепянская водная система [видна] из комнаты, выходящей на север — двор». «Из окна моей спальни вид частично перегораживается торговым центром, далее виден перекрёсток и дома. Вид с балкона намного приятнее — так как живу на девятом этаже, то вид красивый — видны вблизи дворы, дома, детская площадка, там много зелени. Никогда не хожу на салют смотреть « с балкона всё видно )».

Бывала і так, што людзі ацанялі выгляд з вокнаў з розных ракурсаў з кватэры: «С моего рабочего места я вижу только пустое небо с облаками, если подойти ближе к окну, то будут видны сквер, дорога и другие здания». У розных кантэкстах вокны і агляд дапамагаюць пераадолець пачуццё замкнёнасці, адчуваць залучанасць у гарадское жыццё і перамыкаць увагу. Важнасць віда з акна для выбару жытла адзначылі 58% рэспандэнтак і рэспандэнтаў.

 

Высновы:

Самаізаляцыя стала для беларусаў і беларусак унікальным досведам, калі запатрабавала змяніць свой звыклы лад жыцця па ўласным рашэнні. Застаўшыся дома, нашы рэспандэнты сталі ўважлівей да прасторы ў непасрэднай блізкасці: прыдамавым тэрыторыям, дварам, суседнім будынкам. Для адлучаных ад цэнтра горада людзей прастора «на раёне» стала адкрыццём.

Асобную ролю ў досведзе самаізаляцыі адыграла змена сезонаў, на фоне якой пачалася пандэмія і былі ўведзены абмежаванні. Выгляд з акна, які пры неабмежаванай мабільнасці ўспрымаецца як фонавы, ва ўмовах карантыну робіцца адзінай дадзенасцю без альтэрнатыў. Гэта падахвочвае гараджанаў да рэфлексіі пра тое, што атачае іх дом; з апытання мы атрымваем карціну прэферэнцый і думак пра прылеглае да дома асяроддзе, якую мы наўрад ці маглі атрымаць раней.

Так, мы бачым, што ключавую ролю ва ўспрыманні прыдамавой прасторы маюць элементы прыроды. Самая стабільная карэляцыя — паміж зелянінай, заходамі і пазітыўнымі эмоцыямі. Часам віды на кавалкі зямлі без упарадкавання таксама матывуюць змяніць іх якасна, прычым калектыўна з суседзямі.

Акно ў параўнанні з жыццём да карантыну набыло новыя функцыі — у прыватнасці, забаўляльную ці нават рэкрэацыйную. Тым часам як у многіх краінах на час карантынаў балконы і вокны сталі каналамі камунікацыі, у беларускім кантэксце яны дапамагалі галоўным чынам толькі прымаць візуальную інфармацыю пра свет.

Важнасць балкона, акна і віду з іх найхутчэй застанецца вышэй чым да пандэміі, не толькі таму што пандэмія можа апынуцца не апошняй, але і таму што адкрыўшы патэнцыял гэтых элементаў дома, гараджане наўрад захочуць ад яго цалкам адмовіцца. Гэты трэнд развіваецца не абавязкова ў згодзе з трэндамі забудовы, дзе мэйнстрым сёння — гэта мінімум прыродных элементаў ва ўтвораных масіўнымі гмахамі і застаўленых паркоўкамі дварах.

Нарэшце, досвед знаходжання дома дазволіў многім гараджанам адчуць сябе ў сітуацыі, у якой пэўныя сацыяльныя групы — такія як людзі з абмежаванай мабільнасцю — жывуць увесь час. Пандэмія разам з выклікамі прэзентавала нам магчымасць лепш зразумець патрабаванні ды жылля — свае і іншых — і мы спадзяемся, што ўсе бакі працэсаў стварэння, пошуку і прадастаўлення жылля гэтай магчымасцю скарыстаюцца.

Previous
Previous

Бибиков нагуглил №19

Next
Next

Беларуский вид из окна и городская жизнь в эпоху пандемий