«Як тут як там» — другі сезон
Другі сезон падкаста Менскай урбаністычнай платформы пра гарады, архітэктуру і тое, як яны змяняюцца
«Як тут як там» — гэта новы падкаст Менскай урбаністычнай платформы, дзе нашы ўнутраныя дэбаты пра сучасную ўрбаністыку выходзяць у публічную прастору. У кожным эпізодзе мы сустракаемся ўтраіх, каб з розных бакоў прафесійнай экспертызы падыскутаваць пра сусветныя ўрбаністычныя трэнды, а таксама парэфлексаваць, як гэтыя сусветныя тэндэнцыі адбіваюцца на беларускай рэчаіснасці.
У другім сезоне «Як тут як там» гаворым пра рэчы, з якіх складаецца гарадское асяроддзе, — і пра тое, што стаіць за іх прыгожай абалонкай.
Чаму экалагічныя праекты часам не працуюць, нават калі пачынаюцца з добрых намераў? Як гарады становяцца месцамі спажывання і што гэта змяняе ў нашым паўсядзённым жыцці? Як архітэктурная фатаграфія ўплывае на тое, як мы бачым будынкі? І чаму дрэва зноў становіцца адным з самых цікавых матэрыялаў у сучаснай архітэктуры?
Мы не гарантуем простых адказаў на складаныя пытанні, але абяцаем цікавыя гутаркі і прастору для разваг.
Для каго: для жыхароў і жыхарак беларускіх гарадоў, а таксама ўсіх, хто сочыць за развіццём гарадоў у Беларусі і хоча зразумець, чаму яны выглядаюць так, а не іначай.
Фармат: 4 эпізоды падкаста па ~45 хвілін. Кожны эпізод — гэта размова паміж трыма эксперткамі і экспертамі Платформы ці запрошанымі гасцямі.
Слухайце падкаст на вашых любімых платформах
2-гі сезон
«Калі экалогія не працуе»
Экалагічны праект не становіцца ўстойлівым толькі таму, што ў ім ёсць сонечныя панэлі, зялёны дах ці сістэма збору дажджавой вады.
Чаму добрыя экалагічныя ідэі часам не працуюць у рэальным жыцці? Што адбываецца, калі тэхналогія не ўлічвае паводзіны людзей, эканоміку праекта ці мясцовы кантэкст? І ці заўсёды «зялёнае» рашэнне сапраўды больш экалагічнае?
У гэтым эпізодзе разбіраемся, дзе заканчваецца экалагічны падыход і пачынаецца greenwashing, чаму некаторыя ўстойлівыя праекты правальваюцца і што насамрэч робіць архітэктуру больш экалагічнай.
эпізод 1
«Горад, які хоча, каб мы куплялі»
Кавярні, гандлёвыя цэнтры, фуд-холы, маркеты, рэстараны і іншыя месцы, у якіх мы праводзім усё больш часу, становяцца важнай часткай гарадскога жыцця.
Але што адбываецца, калі спажыванне становіцца галоўным сцэнарыем выкарыстання гарадской прасторы? Чаму адны месцы прымушаюць нас заставацца даўжэй, а іншыя — праходзіць міма? І дзе мяжа паміж камфортнай гарадской прасторай і прасторай, створанай выключна для таго, каб мы нешта купілі?
Гаворым пра архітэктуру спажывання, новыя гарадскія фарматы і пра тое, як камерцыя змяняе нашы гарады.
эпізод 2
«Хто вырашае, якой будзе архітэктура на фота?»
Будынак можна сфатаграфаваць дзясяткамі розных спосабаў — і кожны раз ён будзе выглядаць па-іншаму.
Што адбываецца з архітэктурай, калі яна становіцца выявай? Як фатограф выбірае ракурс, святло, людзей і момант? Ці можа фатаграфія стварыць зусім іншы вобраз будынка — лепшы за рэальны або, наадварот, больш сумленны?
У гэтым эпізодзе гаворым пра архітэктурную фатаграфію як пра асобны спосаб інтэрпрэтаваць прастору — і пра тое, як выявы ўплываюць на тое, што мы лічым добрай архітэктурай.
эпізод 3
«Дрэва: матэрыял мінулага ці будучыні?»
Дрэва — адзін з найстарэйшых будаўнічых матэрыялаў. Але сёння яно зноў аказваецца ў цэнтры ўвагі архітэктараў і інжынераў.
Чаму сучасная архітэктура ўсё часцей звяртаецца да дрэва? Ці сапраўды драўляныя будынкі больш экалагічныя? Што можа CLT і іншыя сучасныя тэхналогіі, чаго не магло традыцыйнае драўлянае будаўніцтва? І ці ёсць у дрэва рэальны патэнцыял стаць матэрыялам будучыні?
Разбіраемся, што стаіць за новай папулярнасцю дрэва — ад традыцыйнай архітэктуры да сучасных вышынных будынкаў.
эпізод 4
1-шы сезон
«Панэлькі — хто каго перажыве?»
Панэльная забудова — гэта тое, што атачае кожнага і кожную з нас у беларускіх гарадах, робячы іх “шэрымі” і аднолькавымі. Але ці сапраўды панэлькі пазбаўляюць нашы гарады самабытнасці? Ці, можа, панэльная забудова — гэта інструмент, што дапамагае нам займець свае квадратныя метры ва ўмовах росту коштаў на жыллё?
У першым эпізодзе падкаста мы пагутарым пра:
панэлькі як жылы аб’ект
прасторавую арганізацыю панэльных мікрараёнаў
значэнне панэлек для сучасных гарадоў
уяўныя мадэлі будучыні, дзе панэльная забудова ёсць і дзе яе няма
эпізод 1
«Як добрыя ідэі становяцца дурацкімі праектамі?»
Усім нам знаёмая сітуацыя — амбітная, інавацыйная задумка становіцца недабудам, дзірой у бюджэце і прыкладам, якім пужаюць іншых. Як добрыя ідэі становяцца дурацкімі праектамі? Куды вымашчана дарога лепшымі намерамі планавальнікаў? І чаму birdshit happens? Абмяркоўваем на прыкладах:
шрубалётнай архітэктуры ў Эміратах,
эфекта Більбао,
іміджавай гісторыі монарэйкі.
эпізод 2
«Іржавая будучыня беларускіх гарадоў»
Прамысловая спадчына — што гэта за спадчына і ці спадчына гэта ўвогуле? Як пішацца гісторыя вакол прамысловых аб’ектаў і наколькі яна сумленная? Дзе месца чалавека і супольнасцяў у гэтых наратывах? Якія перамогі і траўмы нясе ў сябе прамысловая спадчына, і ці трэба пра гэта казаць? Разам з экспертамі абмяркуем:
разуменне таго, што такое прамысловая спадчына,
наколькі гісторыя і наратывы вакол такіх аб’ектаў сумленны, і які сэнс мы хацім перадаць праз захаванне фізічнай абалонкі,
магчымасці, якія нясе пераасэнсаванне прамысловых тэрыторый
эпізод 3
«Ці зможа спадчына без рэстаўратараў?»
Гутарка пра тое, як у Беларусі складваецца крызіс у рэстаўрацыі: чаму адукацыйныя праграмы і інстытуты закрываюцца, мадэрнізм 1970-х у Мінску «рамонтамі» губляе каштоўнасць, як энтузіясты і цэхавая культура «майстар–вучань» доўгі час трымалі сферу замест устойлівай сістэмы адукацыі і фінансавання, і чаму без адказнасці спецыялістаў і жывых супольнасцяў архітэктурная памяць гарадоў можа проста не дажыць да будучыні.
