Канспект лекцыі «Homo urbanus. Клопат у мегаполісе»

На лекцыі Марына Прэпотэнська расказала аб паняцці Sensory gating, ментальных картах, камунікатыўных кластарах, трансгрэсіі і іншых важных момантах, якія звязаны з клопатам у мегаполісах. У аснове выступу спікеркі ляжыць панятак Homo Urbanus. Марына расказала, як сучасны чалавек адаптуецца да такіх выклікаў у гарадской прасторы, як напрыклад, сэнсарная атака, тэмп жыцця, выклікі штучнай і жывой прыроды. Таксама мы даведаліся, як усё гэта звязана з клопатам пра сябе, аб іншых і аб горадзе.


МАРЫНА ПРЭПОТЭНСЬКА — доктарка філасофскіх навук, прафесарка кафедры філасофіі НТУУ «КПІ ім. Ігара Сікорскага», аўтарка манаграфій «Філасофія рыторыкі», «Homo Urbanus — чалавек мегаполіса».

 

 

 Хайдэгер казаў, што менавіта з клопату пачынаецца чалавек, гэта выхад з аднамернага жыцця ў свет пошуку і творчасці, каб «зрабіць сябе». Калі эксплікаваць гэтую ідэю на ўрбаністыку, гэта значыць знайсці сябе ў горадзе і знайсці горад у сабе.

Homo Urbanus — чалавек горада (па Цыцэрону), які, на думку старажытных рымлян, павінен валодаць такімі якасцямі, што апісваюцца словам «шляхетны» — высакародны, пісьменны, выхаваны.

 

Тры ўзроўні клопату пра горад

Выдзяляюцца тры экзістэнцыйныя ўзроўні жыцця (і клопату) у горадзе:

  1. Абывацель. Залежыць ад матэрыяльнага забеспячэння, ад свайго роду, прадстаўнік андэркласа, яму даводзіцца не жыць, а выжываць у гарадской прасторы. Абывацель звужае разуменне гарадской прасторы і клапоціцца галоўным чынам пра сябе і сваіх блізкіх.

  2. Шукальнік. Чалавек, які перажывае памежную сітуацыю і пачынае шукаць сэнсы. Ён шукае камунікацыю, спазнае горад, асвойвае гарадскую прастору.

  3. Творца. Чалавек, які знайшоў сваю місію, візію ў горадзе, і можа ствараць гарадскую прастору (прыкладам могуць быць як працэсы рэвіталізацыі і джэнтрыфікацыі, так і высадка кветнікаў перад пад'ездам)

Гэтыя тры ўзроўні клопату аб гарадской прасторы (і часу) развіваюцца ў атмасферы мегаполіса, дзе на чалавека ўздзейнічаюць розныя выклікі, злучаныя з такімі аспектамі мегаполіса:

  • Прастора

  • Тэмпарытм

  • Сэнсарная атака

  • Атмасфера натоўпу

  • Тэхнагенныя выклікі і выклікі жывой прыроды

  • Сацыяльныя катаклізмы (вайны, рэвалюцыі, сацыяльныя пратэсты)

  • Інфармацыйны бум

  • Чалавечы фактар (і ўплывовыя рашэнні асобных людзей)

  • Шматзаданневасць

  • Магчымасці

 

Як Homo Urbanus адаптуецца да гэтых выклікаў, і як гэта звязана з клопатам: пра сябе, пра іншых і пра горад?

Да прасторавых выклікаў, сярод іншага, адносяцца:

  • Трохмерная экспансія (у вышыню — хмарачосы, архетып вежы; у глыбіню — «землечосы», архетып пячоры; прыклады — Бурдж-Халіфа і Underground City, Манрэаль)

  • Агламерацыі (зліццё мегаполісаў; нягледзячы на тое, што мегаполісы зліваюцца, гарады захоўваюць сваю ідэнтычнасць, паколькі кожны жыхар горада ранжыруе гарадскую прастору і ўспрымае яе вакол сябе як нешта стабільнае ў агляднай прасторы.

Параўнанне сучасных мегагарадоў з прагнозамі на 2035 год.  Нягледзячы на тое, што мегаполісы зліваюцца, гарады захоўваюць сваю ідэнтычнасць.

 

Сэнсарная атака

Сэнсарныя атакі могуць мець наступныя формы:

  • Візуальная атака (асабліва ў постсавецкіх гарадах, дзе няма канвенцыі па рэкламе)

  • Тактыльны прэсінг (калі чужыя ўрываюцца ў нашу так званую «тактыльную бурбалку», мы перажываем дыскамфорт)

  • Сэксуальныя выклікі (рэклама, якая заснавана на сэксапільнасці, на эксплуатацыі чалавечай цялеснасці)

  • Акустычныя раздражняльнікі (аэрадромы; трасы; шум будоўляў; дакучлівая музыка ў грамадскіх месцах і грамадскім транспарце).

  • Нюхальныя і смакавыя выклікі (магчымасць «аддацца трапезе» на кожным кроку вядзе да праблем з атлусценнем).

У сувязі з сэнсарнай атакай, з'яўляецца міксафобія — некаторыя жыхары горада не ў стане засвойваць сэнсарны прэсінг, і імкнуцца сыходзіць ад яго ў ізаляваныя лакацыі або выбіраць даўншыфтынг, каб пачувацца больш вольнымі.

 

Антропная прастора як адказ на сэнсарныя выклікі

У адказ на пералічаныя выклікі, каб зрабіць сваё жыццё больш камфортным, людзі ствараюць вакол сябе так званую антропную прастору. Часта яе называюць «фрактальнай матрошкай», mise en abyme (фр., нешта працяглае ў прасторы і часе, якое не мае дна). Чалавек дробніць гарадскую прастору на камунікатыўныя кластары, якія падобны паміж сабой, бо захоўваюць ідэнтычнасць стваральніка: так з'яўляецца метафара матрошкі. Прыкладам можа быць дэвіз Рымскага клуба «Думай глабальна — дзейнічай лакальна!» — глакалізацыя як адказ на глабалізацыю. У адказ на выклікі людзьмі ствараюцца:

  • Сэнсарныя фільтры (sensory gating; ёсць на ўзроўні ўсіх нашых органаў пачуццяў; людзі ўмеюць абстрагавацца ад сэнсарных выклікаў — ад шуму трасы за акном, ад размоў у кафэ, калі ім трэба працаваць);

  • Ментальныя карты (гарадскі дрэйф; пошук сваіх маршрутаў і гарадской ідэнтычнасці);

  • Камунікатыўныя кластары: трэція месцы, якія пазначаюць не дом і не офіс ды ствараюцца людзьмі пры пераходзе ад пошуку ў горадзе да творчасці: прыклад — парыжская традыцыя філасофскага кафэ (Le cafe Philosophique)

  • Пераадоленне прасторы (розныя субкультуры: руферы, стрытрэйсеры, дзігеры);

  • Харэаграфія натоўпу (сэнсарныя фільтры дапамагаюць людзям паводзіць сябе ў натоўпе такім чынам, каб не сутыкацца з прахожымі);

  • Кіберпрастора (магчымасць хутка перасоўвацца, хаця б словамі і думкамі, у інтэрнэце);

  • Намадызм (магчымасць перасоўвацца па планеце, жыць у розных краінах, адчуваючы сябе касмапалітам і мець у той жа час свой дом)

  • Трансгрэсія (здольнасць чалавека пераадольваць усе магчымыя межы, не толькі прасторавыя, але і часовыя; асвойваць прастору для таго, каб пачувацца ў ёй камфортна).

The Café des Phares, Парыж — першае з “філасофскіх кафэ”

 

Снэк-культура

Як адказ на інтэнсіўны тэмпарытм у гарадах з’яўляецца снэк-культура з наступнымі рысамі:

  • Макдональдызацыя (сетка McDonald's стала папулярнай дзякуючы вельмі хуткаму абслугоўванню, прыемнай атмасферы, каларыстыцы і стравам, якія могуць выклікаць прывыканне)

  • Перфарматыўнасць (любоў да розных пастановачных сітуацый)

  • Хуткія паслугі

  • Хуткая ежа

  • Кароткія відэаролікі, эмодзі, смс (замест доўгага эпісталярнага жанру)

  • Кароткія зместы, схемы (замест тоўстых, доўгіх кніг)

  • Хуткае навучанне (арыентацыя на хуткі вынік: трэнінгі і гарадскія гуру, якія «навучаць сямейнаму шчасцю за тры крокі»).

Усім гэтым з'явам паскарэння супрацьстаяць культуры запаволення, якая з'явілася яшчэ ў канцы 20 стагоддзі: павольныя гарады (cittaslow), павольная ежа, павольныя медыя, павольнае чытанне.

Адно з мерапрыемстваў арганізаванае cittaslow дзеля мясцовай супольнасці ў горадзе Гулва, Аўстралія

 

Як адказ на недахоп часу, у горадзе развіваецца антропны час:

  • Выпадзенне з часу — гарадскія лакацыі, дзе чалавек можа «завіснуць надоўга» (правядзенне часу ў гандлёвых молах; інтэрнэт-залежнасць; феномен хікікаморы);

  • Запаволенне часу (папулярнасць усходніх духоўных практык, асабліва ў вялікіх гарадах, дзе не так шмат прыроды);

  • Архітэктоніка «вечнасці» (адзінства трох часоў у горадзе, калі не забудоўваецца гістарычны цэнтр, уся архітэктура ўяўляе сабой мінулае, сучаснасць і накіраванасць будучыню праз эксперыменты);

  • Зліццё часу (сэлфі-манія — імкненне «быць у моманце», каб потым пераглядаць гэты момант, перажываць мінулае);

  • Мабільнасць і тайм-мэнэджмент.

 

Адказ на выклікі штучнай і жывой прыроды

Адказваючы на выклікі штучнай і жывой прыроды, разумны чалавек горада, шукальнік і творца, імкнецца да біяфіліі (Эрых Фром), любові да ўсяго жывога. Узнікаюць экапраекты, сады на дахах дамоў, басейны, арганізацыя любові да хатніх жывёл і клопат пра іх; клопат пра зялёныя зоны, іх аднаўленне, рэвіталізацыю і памнажэнне.

 

Сацыяльны адказ на выклікі мегаполіса

Для сацыяльнасці мегаполіса ўласцівы:

  • Медыйнасць і перфарматыўнасць (кожны можа стаць блогерам і знайсці сваё кола прыхільнікаў);

  • Пасіянарнасць і «вяртанне» поліса падчас сацыяльных пратэстаў, такіх як рэвалюцыі; нягледзячы на ​​тое, што вялікі горад паліцэнтрычны, менавіта падчас сацыяльнай актыўнасці цэнтральная плошча горада становіцца магнітам;

  • Публічная прыватнасць (быць у натоўпе, але быць пагружаным ва ўласны гаджэт);

  • Прыватная публічнасць (у трансляцыі можна перажываць тое, што адбываецца ў мегапрасторы горада);

  • Смартмоб (не толькі загадзя спланаваныя перформансы, але і арганізацыя «разумнага натоўпу», дзе няма харызматычнага лідэра, але ёсць група, якая дэкларуе актуальныя ідэі, каб людзі аб'ядналіся ў адстойванні сваіх правоў і свабод).

 

У асобную патрэбнсць — з асобнымі адказамі  — афармляецца клопат пра інтэлект і экзістэнцыйны камфорт.

У рамках гэтага клопату можна вылучыць:

  • Шматзадачнасць/мультыпатэнцыяльнасць (слэш-чалавек, уменне быць прафесійнымі ў розных вымярэннях свайго жыцця);

  • Крытычнае мысленне (у атмасферы пост-праўды чалавек можа стаць дагматычна прыхільным адной «праўдзе»);

  • Уменне прафесійна арыентавацца ў анлайн і афлайн прасторы;

  • Развіццё эмацыйнага інтэлекту (не толькі IQ);

  • Гарадская ідэнтычнасць і любоў да горада.


Па меры ўласнага асабістага развіцця мы пачынаем успрымаць горад не як каменныя джунглі, машыну, неадушаўлённы арганізм, а хутчэй як антрапаморфную асобу. Мы ўступаем у дыялог з горадам і прымаем адказнасць за горад. Любоў да горада і адказнасць за яго — вышэйшыя праявы клопату homo urbanus пра гарадскія прастору і час, але адначасова і вышэйшая праява клопату пра сябе, сваіх блізкіх, і сваё асяроддзе.

 
Previous
Previous

Канспект лекцыі «Дбайлівы горад: увага да жыцця пры стварэнні гарадскіх прастор»

Next
Next

Соседские сообщества и качество городской среды в Беларуси: запросы и их динамика в 2021