Sardečna
zaprašajem
Прафесійная канферэнцыя
пра інфраструктуру гасціннасці
ад лакальнага турызму
да буйных міграцыйных працэсаў
23-27.10
27.10
АНЛАЙН
АФЛАЙН У ВІЛЬНЮСЕ
Пра канферэнцыю Сардэчна запрашаем
Свет робіцца меншым. Развіццё тэхналогій і працэсы глабалізацыі дазваляюць нам з лёгкасцю перасоўвацца, падарожнічаць і змяняць месцы жыхарства. Пасля паслаблення кавідных абмежаванняў і сацыяльна-палітычных падзей некалькіх апошніх гадоў перасоўванне людзей значна актывізавалася. Такая тэндэнцыя асабліва заўважная ў беларускім кантэксце. Міграцыйныя працэсы, лакальны і надлакальный турызм, лічбавае качэўніцтва – усё больш людзей сутыкаюцца з кантэкстамі незнаёмых гарадоў і вымушаныя аператыўна вучыцца арыентавацца ў новых умовах. Знаёмства з новым месцам – гэта не заўсёды прыемны і захапляльны досвед. Дэзарыентацыя, сацыяльная і фізічная неінклюзіўнасць, незычлівасць да новапрыбылых – гэта толькі некаторыя з выклікаў, з якімі мы сутыкаемся. Пры гэтым парадыгмы праектавання гарадскіх прастор усё яшчэ ў асноўным абапіраюцца на перспектыву мясцовых жыхароў і жыхарак.
Дык ці можам мы сцвярджаць, што надышоў час змяніць падыходы да планавання тэрыторый і ўлічваць дынаміку перасоўвання людзей? Ці можна зрабіць досвед перасоўвання ад кропкі да кропкі лягчэйшым і больш інклюзіўным? Ці не прывядзе гэта да ўніфікацыі прастор і страты ідэнтычнасці?
У межах канферэнцыі «Сардэчна запрашаем» мы разгледзелі некаторыя з кампанентаў, што суправаджаюць працэс перасоўвання людзей і іх знаёмства з новымі гарадамі як на лакальным узроўні, гэтак і ў міжнародным маштабе.
апісанне дыскусій
панядзелак | ДЫСКУСІЯ
«Бясшвоўнасць перасоўвання»
Як часта, апынуўшыся ў незнаёмым горадзе, мы адчуваем сябе разгубленымі і дэзарыентаванымі? Даволі часта шлях ад кропкі прыбыцця ў горад да жытла ці іншага месца спалучаны з рознымі выклікамі: мы з цяжкасцю знаходзім дарогу з вакзала на патрэбны прыпынак, доўга разбіраемся з набыццём квітка на праезд, з трывогай спрабуем зразумець, дзе менавіта выходзіць з аўтобуса і не без прыгод шукаем патрэбны адрас. Як зрабіць працэс перасоўвання чалавека па горадзе больш маналітным? На дыскусіі, прысвечанай праблеме бясшвоўнасці перасоўвання, удзельні_цы абмеркавалі канцэпцыю MaaS («Мабільнасць як паслуга»), паспрачаліся пра ролю мабільнасці ўвогуле, распавялі пра прынцыпы праектавання зручнай навігацыі, ацанілі стан беларускіх гарадоў і прапанавалі лепшыя падыходы да планавання мабільнасці ў Беларусі.
Удзельні_цы дыскусіі адзначылі, што сама тэма бясшвоўнай мабільнасці не ізаляваная ад астатніх гарадскіх працэсаў, а з'яўляецца інструментам дасягнення мэт больш высокага ўзроўню: камфорту і кампактнасці гарадоў, інклюзіўнасці, фарміравання брэнда горада — паляпшэння якасці жыцця ў цэлым. Менавіта таму падыходы да фарміравання мабільнасці мусяць разглядацца ў міждысцыплінарным комплексе з іншымі мерамі, у т.л. кіраўнічымі і адукацыйнымі. Павінна быць змененая і прызма, праз якую спецыяліст_кі разглядаюць сістэму мабільнасці: замест таго, каб абапірацца на нарматывы і паказчыкі, неабходна прыняць досвед карыстальні_ц як базу, на падставе якой прымаюцца рашэнні. Гэта добра паказвае праект навігацыі трэцяй лініі менскага метрапалітэна, прадстаўлены падчас дыскусіі. У беларускіх гарадах ёсць шмат патэнцыялу для інтэгравання альтэрнатыўных канцэпцый перамяшчэння, і хаця, як адзначылі ўдзельні_цы, усё яшчэ далёка не ідэальна, пры належнай кааперацыі гараджан_ак, спецыяліста_к і кіраўні_ц, ёсць магчымасць для стварэння пазітыўнага маналітнага досведу перасоўвання па беларускіх гарадах.
КІРЫЛА СІНЮЦІЧ
Транспартнік, грамадскі дзеяч, выкладчык, транспартны інжынер
ЯЎГЕН ЛОЙКА
Архітэктар
Мадэратар_ка:
ДАР’Я ГАРДЗЕЙЧЫК
журналістка
аўторак | лекцыя
«Архітэктура межаў»
Што такое мяжа? Выдуманая лінія, якая падзяляе розныя дзяржавы? Зона, у якой змешваюцца розныя ідэнтычнасці? Прастора для супрацы? Ці проста серыя КПП і агароджаў? Межы як феномен увесь час змяняюцца: яны робяцца больш строгімі або знікаюць зусім, увасабляюцца ў выглядзе сцен і платоў або застаюцца толькі лініямі на мапе. Пры гэтым у рэальнай прасторы межы таксама не заўсёды стабільныя: праведзеныя па рэках ці ледавіках, яны перасоўваюцца разам з прыроднымі аб’ектамі, да якіх яны прывязаныя.
Падчас лекцыі Наталля Нямкова расказала пра свой даследчы праект, які дэманструе інавацыйны і больш гнуткі падыход да праектавання межаў аб'ектаў на прыкладзе арктычных тэрыторый. Лектарка распавяла пра нетыповае ўспрыманне тэрыторый і іх межаў карэннымі народамі Арктыкі, якія перасоўваюцца па тэрыторыі разам са сваімі паселішчамі. Яна адзначыла, што пры дапамозе вылічальных тэхналогій і пэўных камп'ютарных сімуляцый такі больш ландшафтны падыход да акрэслівання тэрыторый можа зрабіць працэс фарміравання межаў больш гнуткім і дэмакратычным, дазваляючы пастаянна іх змяняць у залежнасці ад кантэксту. У часе далейшай дыскусіі было адзначана, што межы — гэта не проста лінія на мапе, а шматслойныя аб'екты, якія ўключаюць у сябе не толькі палітычныя, але і ландшафтныя, культурныя і іншыя межы. Кожную з іх варта разглядаць у кантэксце больш буйных сістэм, чым проста тэрыторыя канкрэтнага горада ці дзяржавы. Любая мяжа — гэта месца, якое стварае напружанне, але не абавязкова дрэннае, хутчэй такога кшталту, што там заўсёды нешта адбываецца. Разуменне гэтых працэсаў і таго, як гэтыя працэсы ўключаныя ў шырэйшыя сістэмы, дазволіць прыйсці да больш гнуткіх і трансфармацыйных рашэнняў падчас праектавання любога кшталту аб’ектаў.
НАТАЛЛЯ НЯМКОВА
Архітэктарка, мастачка, ландшафтная ўрбаністка
Мадэратар_ка:
ІЛОНА ЭЛЬЯШЭВІЧ
архітэктарка, урбаністка
серада | ДЫСКУСІЯ
«Горад і брэнд»
Тэма гарадскога брэнда далёка не новая, аднак казаць пра тое, што беларускія гарады займелі поспех у стварэнні ўласных брэндаў, пакуль не даводзіцца. Што ж такое ідэальны брэнд горада і якія гарадскія актары мусяць удзельнічаць у яго распрацоўцы? На чым грунтуюцца свабодныя ад стэрэатыпаў гарадскія брэнды? Як выбудаваць сувязь паміж брэндам і мясцовымі жыхар_камі? Пры абмеркаванні ідэальнага брэнда горада спікеры акрэслілі некалькі яго складнікаў: сумесная праца розных гарадскіх стэйкхолдараў; наяўнасць комплекснай стратэгіі развіцця горада, у якую ўкладаецца брэнд; штогадовае павелічэнне каштоўнасці горада ва ўсіх сэнсах праз бесперапыннае функцыянаванне брэнда.
Аднак ці кожнаму гораду патрэбны брэнд? Спікеры адзначылі, што горад мусіць дарасці да брэнда: 1) мусіць з’явіцца серыя кропак прыцягнення, якія, у тым ліку, стануць грунтам для брэнда; 2) інтарэсы дзяржавы мусяць аб’яднацца з бізнес-інтарэсамі, у выніку чаго фарміруюцца стратэгічныя задачы, якія будуць вырашацца брэндам. Таксама важна памятаць пра характэрныя для брэндынгу праблемы. Варта пазбягаць стварэння штучных брэндаў, калі брэнд становіцца маніпуляцыяй — штучнай карцінкай, за якой нічога не стаіць. Да таго ж варта ўлічваць, што брэнд мусіць быць нечым больш стабільным за трэндавыя ўсплёскі.
З аднаго боку, брэнд павінен уключаць у сябе ідэнтычнасць жыхар_ак горада. А з другога боку — павінен фарміраваць вобраз горада, прывабны для турыста_к і інвестара_к.
ДЗЯНІС МІСЮЛЯ
Прадпрымальнік, Крэатыўнае агенцтва Малако
АНДРЭЙ ЭЗЕРЫН
Даследчык
Мадэратарка:
КСЕНІЯ МАРТУЛЬ
Экспертка ў сферы камунікацыі
чацвер | ДЫСКУСІЯ
«Лакальны турызм»
Кавідныя абмежаванні, а потым звужэнне магчымасцяў перасячэння межаў праз сацыяльна-палітычную сітуацыю спрыялі актывізацыі ў Беларусі лакальнага турызму. Канкурэнцыю турыстычным маршрутам, якія адпавядаюць дзяржаўнай ідэалогіі, сталі ствараць альтэрнатыўныя віды падарожжаў унутры краіны. Як выглядае сучасны лакальны турызм у Беларусі і хто з'яўляецца яго галоўнымі актарамі? Якім чынам архітэктура і планаванне мусяць улічваць змены характару падарожжаў і інтарэсы мясцовых жыхар_ак?
Цягам дыскусіі спікер_кі выявілі шэраг праблем сферы праектавання датычна турызму. Напрыклад, адна з праблем рэкрэацыйных зон у Беларусі — у адсутнасці усёабдымнага падыходу. У такіх праектах думаюць толькі пра тэрыторыі, а не пра іх рэалізацыю, далейшае адміністраванне ці пашырэнне аўдыторыі.
Таксама вялікім болем праектанта_к з’яўляюцца пытанні партысіпацыі і ўлік грамадскіх меркаванняў. Архітэктар і горадабудаўнік у такіх выпадках выступае як мадэратар паміж органамі ўлады і людзьмі. Гэта складаны працэс узгадненняў і ўліку розных пунктаў гледжання. Шмат пытанняў выявілася і да дакументацыі, датычнай турыстычнага праектавання. Хоць пры праектаванні і ўлічваюцца дакументы розных інстытуцый, аднак самой камунікацыі паміж міністэрствамі бракуе. Да таго ж актуальным застаецца пытанне даступнасці ўдзелу ў інфраструктуры лакальнага турызму ініцыятыўных жыхар_ак і малога бізнесу.
Вырашэнне выяўленых праблем мусіць даць новы віток развіццю лакальнага турызму ў Беларусі.
ЗІНАІДА ЛЯШОНАК
урбаністка, архітэктарка
Мадэратар_ка: ВОЛЬГА АБРАЗЦОВА
Экскурсаводка, выкладчыца
пятніца | лекцыя
«Планаванне з пункту гледжання мігранта_к»
Міграцыйныя працэсы апошніх гадоў і павелічэнне аб'ёму лічбавага качэўніцтва падсвятлілі пытанне, наколькі ўвогуле ўлічваецца перспектыва новапрыбылых пры планаванні гарадоў. Ёсць адчуванне, што гарады плануюцца для сталых жыхароў і жыхарак, але гісторыя дэманструе, што даволі часта менавіта мігрант_кі здольныя запусціць новыя працэсы развіцця тэрыторый. Пры гэтым мігранцтва часта моцна стыгматызаванае, што ўскладняе працэс улучэння ў паўнавартаснае гарадское жыццё. Як досвед карыстання гарадскімі прасторамі адрозніваецца ў мігранта_к і гараджан_ак са стажам? Як яго даследаваць і ўлічваць пры планаванні гарадскога развіцця?
На сваёй лекцыі Рык Хейзінга прэзентаваў даследаванне ўзаемадзеяння маладых бежана_ак з публічнымі гарадскімі прасторамі. Лектар адзначыў, што гарадскія прасторы фарміруюцца мабільнасцю: рухам людзей, рухам тавараў, рухам ідэй. Важнай праблемай у розных палітычных і сацыяльных дэбатах застаецца стыгматызацыя бежан_ак, а таксама іх успрыманне толькі як часовых гараджан_ак. Але мігрант_кі з'яўляюцца сацыяльнымі актар_камі горада і яго неад’емнымі часткамі, розным чынам залучанымі ў яго паўсядзённае жыццё. Таму важна ўлічваць тое, што мігрант_кі прыўносяць у горад.
Размова падсвяціла і той важны факт, што прастора дома часта ўспрымаецца маладымі бежан_камі як месца непрыветнае і самотнае. У такой сітуацыі менавіта публічная прастора становіцца спосабам сацыялізацыі — праз знаёмства з іншымі людзьмі, вывучэнне горада, практыку мовы. Тут узнікае некалькі кантрасных запытаў да публічнай прасторы: 1) шматлюднасць турыстычных месцаў забяспечвае маладым бежан_кам ананімнасць і магчымасць назіраць за горадам; 2) але яны таксама адчуваюць патрэбу і ў ціхіх месцах, каб адпачыць у моманты стомы ад празмернасці.
РЫК ХЕЙЗІНГА
Прафесар Утрэхцкага ўніверсітэта (геанавукі, геаграфія чалавека і прасторавае планаванне, гарадская геаграфія)
Мадэратар_ка лекцыі:
ІЛОНА ЭЛЬЯШЭВІЧ
Архітэктарка, урбаністка
афлайн | сусветнае кафэ
«Як зрабіць гарады больш ветлівымі для мігранта_к*»
У фінальны дзень Канферэнцыі адбылося афлайн-мерапрыемства — брэйншторм у фармаце сусветнага кафэ на тэму «Як зрабіць гарады больш ветлівымі для мігранта_к*?». Удзельні_цы паразважалі, як пры дапамозе прасторавага планавання, архітэктурных рашэнняў, гарадскіх сэрвісаў і бізнесаў можна зрабіць гарады больш прыветнымі для мігранта_к.
Удзельні_цы адзначылі важнасць даследавання патрэб мігрант_ак у гарадскім асяроддзі з пункту гледжання горадабудаўніцтва і гарадскога планавання, каб інфармаваць прафесійную супольнасць. Усе групы пагадзіліся, што варта адмовіцца ад размяшчэння мігранта_к у адным раёне, каб пазбягаць фарміравання гета (адасобленых, замкнёных частак горада, прызначаных для меншасцей): важная інтэграцыя ва ўсё гарадское асяроддзе. Навігацыя ў гарадской прасторы мусіць выкарыстоўваць зразумелыя для кожнага і кожнай сімвалы ці ілюстрацыі, а не толькі тэкст на дзяржаўнай мове. Аднак удзельні_цы выказаліся супраць паўсюднага перакладу на ангельскую мову для захавання ідэнтычнасці горада. Замест гэтага — пераклады на ангельскую толькі ў прасторах масавага карыстання і кропках прыбыцця (вакзалы, гандлёвыя цэнтры, транспартныя кропкі і інш). Важна, каб нацыянальныя дыяспары мелі права голасу і маглі агучваць прапановы на гарадскім узроўні.
З дапамогай архітэктуры ў гарадах можна ствараць прасторы для сумесных дзеянняў: агароды, культурна-сацыяльныя прасторы, месцы для творчасці. Такія прасторы спрыяюць сацыялізацыі і пабудове сувязяў паміж мігрант_камі і мясцовымі жыхар_камі. Пад гэтыя мэты таксама можна ствараць мабільныя павільёны або, з дазволу мясцовых уладаў, выкарыстоўваць пустыя гарадскія будынкі. Магчымасць прыўносіць архітэктурны або культурны код свайго горада ці краіны ў новае асяроддзе або выкарыстанне горадам іншаземных практык дапамогуць не толькі зрабіць гарады больш камфортнымі для мігрантаў і мігрантак, але і ўзбагаціць кругагляд і нагледжанасць мясцовых жыхара_к.
Супрацоўніцтва бізнесу і гарадскіх сэрвісаў у эфектыўнай інтэграцыі мігрант_ак можа адбывацца на розных узроўнях: ад стварэння інклюзіўнага інтэрфэйсу лічбавых прадуктаў для карыстання паслугамі да лабіравання спрашчэння заканадаўства краіны пры прыёме мігранта_к на працу. Гарадскія сэрвісы для аплаты дзяржаўных паслуг мусяць уключаць якасную базу ведаў па бытавых пытаннях і пераклады на замежныя мовы, што, у тым ліку, дапаможа зменшыць нагрузку на адміністрацыйныя службы пры апрацоўцы запытаў. Малы і сярэдні бізнес могуць прыцягваць да сябе новых пакупнікоў праз аналіз свайго размяшчэння ў гарадской прасторы і ўкараненне часткі культурнага кода людзей з іншых краін у сваю прадукцыю або ўдзел у сацыяльных ініцыятывах для знаёмства з гарадской прасторай. Апрача таго, важна разумець, што мігрант_кі могуць прыўносіць новыя ідэі, досвед і погляды на праблемы бізнесу. Да таго ж мігрант_кі паляпшаюць агульную якасць паслуг, бо канкурэнцыя заўсёды вядзе да паляпшэння якасці паслуг.
Мадэратар_ка афлайн-івэнта:
КАРЫНА САЛАВЕЙ
менеджарка, выканаўчая дырэктарка адной з беларускіх экаарганізацый
спікеры
Рык Хейзінга
— Прафесар Утрэхцкага ўніверсітэта (геанавукі, геаграфія чалавека і прасторавае планаванне, гарадская геаграфія)
У даследаваннях факусуецца на вывучэнні праблемных сацыяльных і культурных адносін у кантэксце глабалізацыі, міграцыі і сацыяльных змен. Асноўныя напрамкі даследавання ахопліваюць тэмы гендару, маскуліннасці і інтэрсекцыйнасці; бежанства і міграцыі; моладзі, ідэнтычнасці і роўнасці. Таксама займаецца пытаннямі, звязанымі з даследчымі метадамі якаснага і партысіпатыўнага падыходаў, такімі як пазіцыянальнасць, рэфлексіўнасць і даследчая этыка. Даследуе ўплыў структурных формаў маргіналізацыі (эйджызм, расізм, сэксізм, капіталізм) на паўсядзённае жыццё людзей і формы супраціўлення практыкам выключэння.
─────
лекцыя «Планаванне з пункту гледжання мігранта_к»
пятніца, 27 КАСТРЫЧНІКА, 18:00
Дзянic Мiсюля
— Прадпрымальнік, Крэатыўнае агенцтва Малако
Асноўны кірунак дзейнасці - брэндынг. У аснове камерцыйны сектар. Гарадское асяроддзе і тэрытарыяльны брэндынг - дадатковы накірунак, у якім наша агенцтва працавала над некалькімі праектамі.
─────
дыскусія «горад і брэнд»
серада, 25 КАСТРЫЧНІКА, 18:00
Андрэй Эзерын
— даследчык
Даследчык працэсаў гарадской салідарнасці, эксперт у сферы стратэгічных камунікацый. Адзін з ініцыятараў праекта па захаванні менскіх гістарычных кварталаў Асмалоўка (2014-2019). Аўтар публікацый па ўрбаністыцы і праблемах мясцовых супольнасцяў.
─────
дыскусія «горад і брэнд»
серада, 25 КАСТРЫЧНІКА, 18:00
Дар'я Гардзейчык
— журналістка
Асноўныя напрамкі дзейнасці – сацыяльная і культурная журналістыка, падкастынг. Тры гады досведу ў журналістыцы. Аўтарка падкаста пра ўрбаністыку "Утульны горад".
─────
мадэратарка дыскусіі
«БЯСШВОЎНАСЦЬ ПЕРАСОЎВАННЯ»
ПАНЯДЗЕЛАК, 23 КАСТРЫЧНІКА, 18:00
ЗІНАІДА ЛЯШОНАК
— урбаністка, архітэктарка
Працуе «планіроўшчыцай гарадоў» у камуне Аванаата (Грэнландыя) агульным насельніцтвам 10 696 жыхароў. Мае чатырохгадовы досвед працы ў «БелНДІП горадабудаўніцтва», у тым ліку працавала над праектам «Спецыяльнага турыстычна-рэкрэацыйнага парку “Браслаўскі”». Цікавіцца даследаваннем абмежаванняў заканадаўства, што дыктуюць падыходы да працы з гарадской прасторай.
─────
дыскусія «Лакальны турызм»
чацвер, 26 КАСТРЫЧНІКА, 18:00
Вольга Абразцова
— экскурсаводка, выкладчыца
Экскурсаводка, аўтарка мультымедыйных гарадскіх вандровак і квэстаў. Кандыдатка тэхнічных навук.
─────
мадэратарка дыскусіі «Лакальны турызм»
чацвер, 26 КАСТРЫЧНІКА, 18:00
Кірыла Сінюціч
— транспартнік, грамадскі дзеяч, выкладчык, транспартны інжынер
Асноўныя напрамкі дзейнасці: выкладчык БНТУ ў сферы грамадскага і камерцыйнага транспарту; грамадскі транспарт, устойлівая мабільнасць, узаемадзеянне з пасажыр_камі, праектаванне сістэм грамадскага транспарту.
─────
дыскусія «БЯСШВОЎНАСЦЬ ПЕРАСОЎВАННЯ»
ПАНЯДЗЕЛАК, 23 КАСТРЫЧНІКА, 18:00
Яўген Лойка
— архітэктар
Асноўныя напрамкі дзейнасці: гарадская мабільнасць, кіраванне попытам на транспарт, vision zero, распрацоўка сістэм арыентацыі і навігацыі, мясцовы і ўнутраны турызм.
─────
дыскусія «БЯСШВОЎНАСЦЬ ПЕРАСОЎВАННЯ»
ПАНЯДЗЕЛАК, 23 КАСТРЫЧНІКА, 18:00
Карына Салавей
— менеджарка, выканаўчая дырэктарка адной з беларускіх экаарганізацый
Сфера прафесійных інтарэсаў: арганізацыйнае развіццё, павышэнне бачнасці і пазнавальнасці, прасоўванне недзяржаўных арганізацый і ініцыятыў, праектны менеджмент, развіццё мясцовых супольнасцяў.
─────
мадэратарка афлайн-івэнта
пятніца, 27 КАСТРЫЧНІКА, 18:00
ІЛОНА ЭЛЬЯШЭВІЧ
— архітэктарка, урбаністка
Даследчыца і мэнаджарка праектаў Менскай урбаністычнай платформы. Працавала выкладчыцай кафедры “Горадабудаўніцтва” БНТУ. Зацікаўлена ландшафтнымі і чалавека-арыентаванымі падыходамі да планавання і дызайну.
─────
вядучая ўсіх дзён канферэнцыі
Ксенiя Мартуль
— Экспертка ў сферы камунікацыі.
Сфера інтарэсаў: вонкавая рэклама і гарадская візуальная камунікацыя, урбаністыка, развіццё і адраджэнне малых гарадоў, брэнд горада, гарадская камунікацыя, суседскія супольнасці, архітэктурная планіроўка гарадскіх прастор.
─────
мадэратарка дыскусіі «горад і брэнд»
серада, 25 КАСТРЫЧНІКА, 18:00
Наталля Нямкова
— Архітэктарка, мастачка, ландшафтная ўрбаністка
Заснавальніца IM-A Studio. Студыя стварае будучыню жыцця і займаецца пошукам трэцяй сутнасці паміж прыродай і тэхналогіямі. Архітэктарка і ландшафтная ўрбаністка. Яе моцна цікавіць інтэрактыўнае асяроддзе і новыя падыходы да архітэктуры.
─────
лекцыя «Архітэктура межаў»
аўторак, 24 КАСТРЫЧНІКА, 18:00
Пра нас
Менская ўрбаністычная платформа — міждысцыплінарная каманда даследнікаў і даследніц, а таксама практыкаў гарадскога развіцця з працоўным досведам і адукацыяй у краінах ЕЗ і Беларусі. З 2014 года арганізуем мерапрыемствы ў сферы нефармальнай адукацыі, распрацоўваем архітэктурныя праекты і даследуем гарадское асяроддзе.
Мы зладзілі ўжо пяць канферэнцый, прысвечаных разнастайным аспектам гарадскога асяроддзя. Летась прайшла канферэнцыя «Reabilitacyja», падчас якой мы адрэфлексавалі стан розных кампанентаў горада і магчымасці іх рэабілітацыі. У 2021 годзе канферэнцыя «Горад, які клапоціцца» была прысвечаная інструментам гарадскога дызайну, якія дазваляюць людзям выяўляць клопат пра сябе і іншых, а таксама быць адкрытымі для яго. У 2020 годзе на канферэнцыі «Экалагічнасць як індыкатар якаснага жылога асяроддзя» мы вывучалі тэму экалогіі ў гарадскім асяроддзі і архітэктуры, а таксама практычныя методыкі і інструменты для стварэння ўстойлівых праектаў. У 2019 годзе наша каманда зладзіла канферэнцыю «Даступнасць як індыкатар якаснага жылога асяроддзя», дзе абмяркоўваліся архітэктурна-планавальныя і ўрбаністычныя рашэнні ў сферы ўніверсальнага дызайну. У 2018 годзе канферэнцыя прайшла ў рамках урбаністычнага форуму і была прысвечаная пілотным праектам дэвэлапменту і рэдэвэлапменту гарадскіх тэрыторый. На мерапрыемствах выступалі эксперты і эксперткі з розных краін з вялікім даследніцкім і практычным досведам.