Канспект лекцыі «Бяспечнае гарадское асяроддзе: інтэрпрэтацыя і вымярэнне»

Ці можна перавесці такія суб'ектыўныя катэгорыі, як «камфорт», «бяспека», «таварыскасць» гарадскога асяроддзя на мову лічбаў і эмпірычна мераных паказнікаў? У выступе спікерки апісаны досвед падобнага вымярэння і коратка пададзены яго вынікі. У лекцыі Елена распавяла пра даследаванне бяспекі ў горадзе, у якім даследчыцы паставілі сабе мэту вылучыць канкрэтныя эмпірычныя індыкатары бяспекі гарадскога асяроддзя, а таксама высветліць, як злучаны (і ці злучаны) у разуменні гараджанаў і гараджанак паняцці «добраўпарадкаванне», «бяспека», «камфорт».


АЛЕНА ЛЕБЕДЗЕВА — кандыдатка сацыялагічных навук, дацэнтка кафедры тэхналогія камунікацыі і связей з грамадскасцю БДУ, дактарантка кафедры сацыялогіі БДУ

 

 

Даследаванне пра бяспеку ў горадзе

У 2018 годзе пачаў рэалізоўвацца маштабны двухгадовы праект: даследаванне БДУ і Далёкаўсходняга Федэральнага ўніверсітэта ў Расіі. У рамках праекту даследніцы хацелі зразумець, што такое бяспека і як яе вымяраць. Пачынаючы працу, даследчыцы адштурхоўваліся ад сцвярджэння аб тым, што гарадское асяроддзе — гэта двухслаёвае ўтварэнне: тэрыторыя (фізічная сукупнасць аб'ектаў) + прастора (куды ўваходзяць людзі і падзеі).

Базавая гіпотэза даследавання: «галоўная роля горада — гэта развіццё чалавечага капіталу».  Адпаведна, спрыяльны горад — гэта горад, дзе чалавечы капітал знаходзіцца ў максімальнай захаванасці, а таксама можа расці і прымнажацца.

Даследчыцы выказалі здагадку, што такі горад павінен выконваць наступныя функцыі:

  1. аб'яднанне (камунікатыўная, сацыяльна-інклюзіўная, арганізацыйна-крэатыўная функцыі),

  2. аднаўленне (рэкрэацыйны і забаўляльная функцыі),

  3. развіццё (культурна-адукацыйная і сацыялізавальная функцыі).

Такім чынам, калі асяроддзе выконвае ўсе гэтыя функцыі, яго можна назваць бяспечным. А каб вызначыць бяспеку гарадскога акружэння, трэба акрэсліць, наколькі рэалізуюцца гэтыя функцыі. У рамках праекта даследчыцамі было праведзена 25 глыбінных інтэрв'ю ў гарадах Беларусі і Расіі, а таксама 6 фокус-груп. У размовах інфарманткі апісвалі, што такое бяспечнае гарадское асяроддзе (з прыкладамі), а таксама распавядалі, як яны самі і іншыя людзі вакол іх ствараюць спрыяльны горад. У рамках атрыманых і вывучаных матэрыялаў было выдзелена 4 параметры бяспекі гарадской прасторы: узаемадзеянне, мабільнасць, экалогія, культура.

 З атрыманых параметраў былі вылучаны канкрэтныя вымяраныя крытэры і вызначаны магчымыя адзінкі вымярэння.

 

Вынікі даследавання

Раздзел:

ЭКАЛОГІЯ

Крытэрыі ацэнкі:

Чысціня гарадской тэрыторыі

Магчымыя адзінкі вымярэння:

· адсутнасць смецця

· адсутнасць істотных крыніц забруджвання, экалагічнай пагрозы, добрая якасць вады, паветра

· магчымасць кантакту з прыродай у межах горада

 

Выкарыстанне «зялёных тэхналогій» і экалагічная свядомасць гараджанак і гараджан

· наяўнасць на гарадскіх вуліцах інфраструктуры для раздзельнага збору смецця

· папулярнасць у гараджан/гараджанак практык усвядомленага выкарыстання рэсурсаў, усвядомленага спажывання

· інфармацыйная і візуальная падтрымка экалагічнай мадэлі паводзін (наяўнасць адпаведных інфармацыйных плакатаў, выкарыстанне магчымасцяў экалагічнага дызайну гарадской прасторы)

 

Сацыяльны камфорт і псіхалагічная бяспека

· адсутнасць на гарадскіх вуліцах бачных формаў адмоўнай дэвіяцыі (бадзяжніцтва, абразы, рукапрыкладства)

· адсутнасць пачуцця пагрозы з боку іншых гараджан/гараджанак (бойкі, нецэнзурная лексіка)

Раздзел:

МАБІЛЬНАСЦЬ

Крытэрыі ацэнкі:

Пешаходная даступнасць гарадскога асяроддзя

Магчымыя адзінкі вымярэння:

· наяўнасць шырокіх і зручных пешых дарожак і тратуараў, іх прадуманасць і бесперапыннасць

· бяспечнае скрыжаванне пешаходных шляхоў з аўтамабільнымі і роварнымі шляхамі

· створанае ў пешаходных зонах безбар'ернае асяроддзе

· наяўнасць «кропак прыцягнення»

 

Транспартная даступнасць гарадскога асяроддзя

· зручнасць перамяшчэння па горадзе на грамадскім транспарце

· зручнасць перамяшчэння па горадзе на персанальным транспарце (у тым ліку, узятым на пракат)

· стан роварнай інфраструктуры

 

Навігацыя

· наяўнасць інфармацыі, якая дазваляе лёгка арыентавацца ў горадзе

· даступны фармат такой інфармацыі, які дазваляе свабодна перамяшчацца па горадзе дзецям, асобам з абмежаванай мабільнасцю

Раздзел:

УЗАЕМАДЗЕЯННЕ

Крытэрыі ацэнкі:

Кааперацыя

Магчымыя адзінкі вымярэння:

· перавага ўзаемадапамогі, а не канкурэнцыі

· дастатковы ўзровень даверу гараджан/гараджанак адзін да аднаго

· гатоўнасць сумеснымі намаганнямі вырашаць агульныя праблемы, супрацоўнічаць, аб'ядноўвацца для вырашэння агульных задач

· даступныя механізмы ўдзелу ў гарадскім жыцці / пераўтварэнні гарадской тэрыторыі

 

Сацыяльная інклюзія

· адсутнасць дыскрымінацыі па любой прыкмеце

· адсутнасць страху ці непрыязнасці да незнаёмцаў, незнаёмак і/ці людзей, знешне адрозных ад большасці

· існаванне практыкі бесканфліктнага сумеснага выкарыстання адной і той жа гарадской тэрыторыі

Раздзел:

КУЛЬТУРА

Крытэрыі ацэнкі:

Эстэтыка гарадскога асяроддзя

Магчымыя адзінкі вымярэння:

· прывабнасць, дагледжанасць вонкавага аблічча горада

· наяўнасць адзінага стылю, дызайн-кода

· гарманічнае спалучэнне архітэктурных элементаў з натуральным прыродным асяроддзем

 

Культурна-адукацыйны патэнцыял горада

· наяўнасць і даступнасць культурных аб'ектаў (інфраструктуры для развіцця, творчасці, самарэалізацыі);

· папулярнасць практык нефармальнай адукацыі як спосабу правядзення вольнага часу ў горадзе;

· дастатковая колькасць разнапланавых культурных падзей, даступнасць інфармацыі пра іх

Аўтаркі праведзенага даследавання адзначаюць, што ў выніку засталося шмат пытанняў. Аднак даследчыцы наблізіліся да таго, каб вылучыць канкрэтныя эмпірычныя індыкатары бяспекі гарадской прасторы. Па гэтым плане ў 2022 годзе будзе ажыццёўлена спроба вымераць беларускія гарады, каб атрымаць прыкладную карціну па Беларусі.

 

Дзве галоўныя высновы па выніках даследавання:

1. Добраўпарадкаванне — гэта не абавязкова «бяспека». Далёка не заўсёды можна знайсьці прамую залежнасць паміж добраўпарадкаванасцю жылога двара/гарадской вуліцы і суб'ектыўным адчуваннем камфорту і бяспекі гараджанак і гараджан, якія там знаходзяцца. Часта менш добраўпарадкаваныя гарадскія лакацыі ўспрымаюцца як больш бяспечныя, таму што яны адпавядаюць нейкім іншым крытэрыям бяспекі.

2. Бяспека ўключае не толькі аб'ектыўныя, але і суб'ектыўныя крытэрыі. Часам суб'ектыўныя крытэрыі больш уплываюць на адчуванне бяспекі, чым аб'ектыўныя. У інтэрв'ю даследчыцы і даследчыкі сустракаліся з сітуацыямі, калі інфарманткі з інфармантамі ацэньвалі гарадское асяроддзе як бяспечнае, нягледзячы на ​​наяўнасць аб'ектыўна існуючых экалагічных праблем. Напрыклад, яны адзначалі, што ў іх вельмі дружныя суседзі і суседкі, цесная суседская супольнасць, што яны могуць давяраць адзін аднаму і заўсёды ведаць, што яму/ёй дапамогуць.


Манаграфія па рэзультатах даследавання: ссылка.

Previous
Previous

Канспект лекцыі «Саўндскейп і зручнасць горада для жыцця»

Next
Next

Канспект лекцыі «Гендар і бяспека ў горадзе»