Канспект лекцыі «Саўндскейп і зручнасць горада для жыцця»

Нягледзячы на ​​тое, што ў спрыняцці людзьмі свету дамінуе візуальная мадальнасць, наш вопыт мультысенсорны (і ў даследаваннях нават кажуць пра «мультысэнсорны паварот»). Адпаведна, людзям, якія займаюцца вывучэннем, планаваннем, праектаваннем гарадскога асяроддзя, варта зважаць не толькі на візуальны складнік. Для апісання невізуальных ландшафтаў выкарыстоўваюць назоўнікі з часткай -скейп (ад ангельскага -scape): smellscape (пахавы ландшафт), foodscape (ландшафт смакаў, або харчавання) і, канешне, гукавы «саўндскейп». На лекцыі Андрэй расказаў пра гарадскі саўндскэйп, сацыяльныя і фізічныя фактары ў перажыванні гараджанамі шуму горада, а таксама пра ролю абзелянення, планавальных развязкаў і трафіка ў гучанні горада.


АНДРЭЙ ВАЗЬЯНАЎ — антраполаг, саўнд-дызайнер, даследчык Менскай урбаністычнай платформы. PhD Універсітэта Рэгенсбург і выкладчык Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта.

 

 

Саўндскейп: не толькі фізіка гуку

Значэнне тэрміна «саўндскейп» паступова трансфармуецца і дапаўняецца: сёння гэта не проста сукупнасць гукаў, якія можна пачуць у нейкай прасторы. Цяпер саўндскейп разумеюць складаней у залежнасці ад сферы: экалогіі, фізікі, акустыкі, сацыялогіі, антрапалогіі (ці любой іншай). У сацыяльных навуках панятак саўндскейпа ўключае ў сябе і сацыяльныя адносіны з нагоды і вакол гуку, напрыклад, правілы цішыні і штрафы за шум у неналежны час.

Функцыі саўндскейпа

 

Гукавы рэжым — тэрмін, сінанімічны слову «саўндскейп»

Тэрмін «гукавы рэжым» зручна выкарыстоўваць, калі мы гаворым пра гукі ў нейкай канкрэтнай прасторы. Некаторыя месцы з'яўляюцца прасторамі з вельмі насычанымі гукавымі рэжымамі. Але ў той жа час гэтыя месцы з'яўляюцца для нас лёгка вядомымі. Прыклады прастор з асаблівымі гукавымі рэжымамі: рынак, чыгуначны вакзал, барная вуліца.

Аспекты гукавога рэжыму

 

Шум як сацыяльны канструкт

Важна разумець, што, з пункту гледжання чалавечага досведу, у шуму ёсць не толькі дэцыбелы, якія можна вымераць, але таксама і сацыяльныя характарыстыкі. Тут мы сутыкаемся з паняццем шуму як сацыяльнага канструкта.

Грамадства не ўсім аднолькава «дазваляе» шумець. Нейкі шум лічыцца апраўданым, а іншы — недапушчальным. Напрыклад, ва ўсходнееўрапейскім грамадстве шум ад дзіцячых актыўнасцей сацыяльна прымаецца лягчэй, чым музыкі з бара.

 

Сацыяльныя эфекты саўндскейпа звязаны з кантэкстам

Coughscape — саўндскейп з гукам кашлю. Мы ніколі не звярталі столькі ўвагі на гук кашля і іншыя гукі хварэючага цела, як пасля сакавіка 2020 года. Людзі хварэлі і кашлялі і раней, але ў сувязі з тым, які статус набыла для нас пандэмія і яе наступствы, кашаль стаў нашмат важнейшай часткай гарадскога саўндскейпа. Мы пачалі больш задумвацца пра тое, ці можна пакашляць там, дзе гэта пачуюць. Шмат якія гукі набываюць важнасць у залежнасці ад кантэксту. Яны неабавязкова звязаны з пандэміяй, але і з нейкімі культурнымі, грамадскімі, сацыяльнымі ды іншымі зменамі.

 

Падыходы ў рабоце з гарадскімі саўндскейпамі

Даследаванне гарадскіх саўндскейпаў — даволі касмапалітычная вобласць. Тут шмат даследаванняў пра гарады за межамі Еўропы, пра глабальны поўдзень. Абагульніўшы, можна вылучыць тры асноўныя падыходы ў рабоце з гарадскімі саўндскейпамі.

  1. Ігнараванне сацыяльных эфектаў саўндскейпа — самы распаўсюджаны падыход. У многіх краінах, у тым ліку ў Беларусі, не прынята казаць аб сацыяльных эфектах шуму, нягледзячы на ​​тое, што ў беларускім грамадстве апошнім часам уплыў і эфект гуку сталі вельмі важнымі. Напрыклад, у нас гук часта выкарыстоўваўся для таго, каб выклікаць салідарнасць, аб'яднаць людзей. Ігнаравальны падыход характэрны для гарадоў з нізкай якасцю жыцця ці гарадоў з нізкім узроўнем увагі да асяроддзя.

  2. Кансервацыя і ахова ўнікальных гукавых асяроддзяў. Падыход больш тыповы для гарадоў і месцаў з турыстычным рэсурсам (гарады, арыентаваныя на тое, каб іх успрымалі «з боку» незнаёмыя людзі). Напрыклад, у Лхасе (сталіца Тыбета) абмяркоўваецца захаванне рэлігійнага сакральнага саўндскейпа, пэўных тэрыторый, на якія не будуць уздзейнічаць знешнія гукі ўрбанізаванага асяроддзя. Таксама шмат дзе ставіцца пытанне аб захаванні прыродных саўндскейпаў.

  3. Мэнэджмэнт і дызайн саўндскейпаў. У гарадах Усходняй Еўропы гэты падыход характэрны хутчэй для камерцыйных прастор (напрыклад, супермаркетаў). У гарадах жа з запытам на больш высокую якасць гарадскога асяроддзя спрабуюць мадыфікаваць знешні гарадскі саўндскейп: напрыклад, у шумных месцах ствараюць менш адназначныя і менш стрэсавыя фоны. Напрыклад, у некаторых гарадах Нідэрландаў, у месцах, прылеглых да транспартнай інфраструктуры, дадаюць прыямнейшыя гукі: так, рыпанні і шум ад прыбываючых цягнікоў «змешваюць» з чымсьці больш мілагучным накшталт птушыных спеваў. 

Скрыншот з артыкула кітайскага даследавання

На скрыншоце ілюстравана частка вынікаў даследавання ў Кітаі, дзе насельніцтва спыталі, якія саўндскейпы яны лічаць годнымі кансервацыі. Гэта ўдалы прыклад таго, як можна даведацца, што для гараджан і гараджанак каштоўнае ў саўндскейпе. Цікава, што больш за палову адказаў былі пра прыватныя саўндскейпы, але 15% саўндскейпаў былі звязаныя з камерцыйнымі месцамі і прасторамі спажывання.

 

Саўндскейп, клопат і зручнасць горада для жыцця: як яны звязаны?

З аднаго боку, саўндскейп можа ўказваць на наяўнасць або адсутнасць клопату, а зручнасць у горадзе для жыцця, у сваю чаргу, безумоўна патрабуе клопату. З іншага боку, сам саўндскейп можа выступаць формай клопату, у тым ліку, на мікраўзроўні: напрыклад, у двары ці іншай маленькай тэрыторыі. Асабліва гэты «самаклопат» праз гук актуальны, калі клопату пра гараджан бракуе на структурным узроўні, і саўндскейпам горада ніхто не займаецца.

 
 
 

Чытаць яшчэ:

Previous
Previous

Суседскія супольнасці і якасць гарадскога асяроддзя ў Беларусі: запыты і іх дынаміка ў 2021

Next
Next

Канспект лекцыі «Бяспечнае гарадское асяроддзе: інтэрпрэтацыя і вымярэнне»