Канспект лекцыі «Чаму трэба праектаваць вуліцы з улікам патрэб дзяцей?»
Лекцыя Ганны Сіпрыкавай праходзіла ў рамках сімпозіума «Клопат без выключэння». На выступе спікерка расказала, чаму праектаванне горада з улікам інтарэсаў дзяцей значыць праектаванне горада, зручнага для ўсіх, і патлумачыла, чаму набірае абароты глабальны рух за горад, прыязны да дзіцяці. Ганна апавяла пра элементы і асаблівасці гарадскога асяроддзя, якія важна ўлічваць пры правядзенні падобных змен. Таксама мы разгледзелі канкрэтныя прыклады падобных зменаў з практыкі, якія пры гэтым не патрабавалі вялікіх бюджэтаў для іх правядзення.
ГАННА СІПРЫКАВА — гарадская планавальніца і спецыялістка па плэйсмейкінгу, суаўтарка кнігі Designing Streets for Kids, кіраўніца праграмы «Горад — дзецям» у рамках Global Designing Cities Initiative (ЗША).
Горад для ўсіх
На ўласным досведзе я ведаю, што значыць перасоўвацца па горадзе з маленькім дзіцём, і якія цяжкасці пры гэтым узнікаюць. Прычым, як правіла, гэтыя цяжкасці не відавочныя людзям, якія ніколі не перасоўваліся па горадзе з дзецьмі.
Праектаваць горад з улікам інтарэсаў дзяцей — значыць праектаваць горад, які будзе зручны для ўсіх. Канцэпцыя не ў тым, каб з горада зрабіць дзіцячую пляцоўку, зручную толькі для дзяцей. Ідэя ў тым, каб з дапамогай бачання, абмежаванняў і праблем, з якімі сутыкаюцца дзеці, падсвятліць слабыя месцы і паспрабаваць зрабіць горад максімальна інклюзіўным, даступным і сумленным для ўсіх гараджанак і гараджан.
За апошнія 50 гадоў ва ўсіх гарадах свету склалася пэўная піраміда каштоўнасцяў, якая аддае прыярытэт прыватнаму аўтатранспарту. Так, работа ў гарадскім асяроддзі ў асноўным вядзецца над тым, каб зменшыць заторы, павялічыць хуткасць, павялічыць прапускную здольнасць, але не над тым, як зрабіць лепш пешаходам.
Насамрэч большасць карыстальніц і карыстальнікаў горада вялікую частку часу перасоўваецца па горадзе пешшу, на вазку ці на грамадскім транспарце. Наша задача — перавярнуць піраміду прыярытызацыі і на інстытуцыйным узроўні змяніць кіраўніцтва, формы, гайдлайны для праектавання гарадоў. Аддаючы прыярытэт пешаходкам і пешаходам, мы зробім гарады значна больш камфортнымі, а таксама эканамічна і кліматычна ўстойлівымі.
Чаму трэба праектаваць з улікам патрэб дзяцей?
Гарадское асяроддзе цесна звязана са здароўем, асабліва ў першыя гады жыцця. Калі мы хочам, каб нашыя дзеці былі здаровымі і каб з будучым пакаленнем усё было добра, вельмі важна праектаваць гарадское асяроддзе правільна ўжо зараз. У адваротным выпадку гэта нясе незваротныя наступствы: у першую чаргу — гэта дарожна-транспартны траўматызм.
Дарожна-транспартны траўматызм — першая ў свеце прычына смяротнасці сярод людзей ад 5 да 29 гадоў. І гэта можна было б прадухіліць пры дапамозе правільнага праектавання, дызайну, маніторынгу і іншых комплексных мер.
Важна адзначыць прамую залежнасць паміж шырынёй дарожнай паласы і смяротнасцю. Чым шырэйшая паласа, тым большую хуткасць развівае кіроўца. У гарадскім асяроддзі, дзе жыве і перасоўваецца пешшу велізарная колькасць людзей, дапушчальная хуткасць не павінна перавышаць 30 км у гадзіну. Гэта неабходна рэгуляваць не толькі з дапамогай дарожных знакаў, але і з дапамогай праектавання: так, каб аўтамабіль фізічна не мог разагнацца да большай хуткасці.
Таксама перавага аўтамабіляў у гарадах вядзе да таго, што бацькі баяцца адпускаць сваіх дзяцей гуляць на вуліцу. З-за гэтага зніжаецца фізічная актыўнасць. Акрамя таго, адбываецца моцнае забруджванне паветра — асабліва ля дзіцячых пляцовак і школ. Гэта вядзе да росту захворванняў на астму, праблем з дыхальнымі шляхамі, лёгкімі і г.д. Псіхалагічная нагрузка і стрэс, якія дзеці «пераймаюць» ад знэрваваных, устурбаваных бацькоў, а таксама шумнае асяроддзе негатыўна адбіваюцца на здароўі і развіцці дзяцей.
Што мы можам зрабіць?
Пачаць неабходна з базавага ўзроўню:
праверыць наяўнасць ходнікаў
праверыць, ці можна па іх каціць вазок і бацьку з дзіцем ісці побач, прыняць пад увагу шырыню
пераканацца, каб ходнік быў абаронены ад дарогі (напрыклад, дрэвамі, кустамі)
праверыць наяўнасць з'ездаў, пандусаў, пешаходных пераходаў
звярнуць увагу, ці прамаркіраваны пешаходныя пераходы, ці ёсць святлафоры
зменшыць хуткасць руху да мінімальна дапушчальнай
Наступная ступень — зрабіць гарадскую вуліцу максімальна камфортнай. Камфорт прадугледжвае:
наяўнасць вулічнай мэблі (напрыклад, лавак)
дастатковую колькасць зеляніны, якая стварае цень і абараняе ад непагадзі
наяўнасць элементаў гульні і дзіцячых пляцовак
падсветленыя фасады, прыязныя да пешаходаў.
Найвышэйшы ўзровень — гэта прадуманасць тэкстур і ўсіх дробязяў на вуліцах. На гэтым этапе неабходна дадаць нейкія элементы, якія робяць прыемнейшым і безбар’ерным досвед чалавека па дарозе кудысьці.
Як гэтага дабіцца?
У рэальнасці ў гарадоў вельмі рэдка бываюць вялікія бюджэты на падобныя змены ў гарадскім асяроддзі. Але вось некалькі прыкладаў з нашай практыкі, якія можна рэалізаваць і з не вельмі вялікім бюджэтам.





Часта пры праектаванні мы не ўлічваем рэальныя асаблівасці людзей з рознымі запытамі: дарослых, дзяцей, людзей з абмежаванымі магчымасцямі, сем'яў. На практыцы чалавек рухаецца не па маршруце «дом-праца», а па значна больш складаных траекторыях, і гэта трэба мець на ўвазе.