Канспект лекцыі “Гісторыя аднаго тактыльнага сада”

Тактыльны сад — маленькі лакальны праект Менскай урбаністычнай платформы, але яго гісторыя правакуе развагі аб тым, да чаго ўвасобленыя ў ім ідэі маглі б прывесці пры выкарыстанні ў вялікіх маштабах.


ІЛОНА ЭЛЬЯШЭВІЧ — урбаністка, мэнаджарка праектаў Менскай урбаністычнай платформы

 

 

Кейс пачаўся з куратарства ўрбаністычнага напрамку ў рамках фестывалю Урбан-арта Vulica Brasil у 2019.

У пошуку лепшых кропак і формаў для будучых інтэрвенцый быў праведзены воркшоп з удзелам урбаністаў, дызайнераў, стэйкхолдэраў і актывістаў. Разам удзельнікі шукалі патэнцыйныя кропкі Кастрычніцкай, якія можна палепшыць з дапамогай невялікіх аб'ектаў, каб вуліца стала больш адкрытай, камфортнай і жывой не толькі па начах. На адной з кропак быў выяўлены запыт ад стэйкхолдэраў на дзіцячую пляцоўку, а палявое даследаванне вуліцы паказала, што Кастрычніцкай відавочна не хапае зеляніны. Такім чынам у нас нарадзілася формула ідэальнага аб'екта для ўнутранага дворыка былой «Галерыі Ў»: дзіцячая пляцоўка+азеляненне = дзіцячы садок. Дзіцячы сад – поўнае зеляніны месца, дзе можна пакінуць дзяцей пагуляць. Але камандзе падалося гэта нудным: проста набор абсталявання для дзяцей – не зусім тое, чым хацелася б напоўніць гэтую крэатыўную прастору. Так з'явіўся яшчэ адзін сэнсавы ўзровень інсталяцыі – тактыльнасць. Большасць аб'ектаў навакольнага асяроддзя ўспрымаюцца ў асноўным візуальна, і нашу каманду даўно хвалявала гэтае абмежаванне вопыту ўспрымання. Такім чынам вырашылі паэксперыментаваць з адчуваннямі і пабудаваць будучы аб'ект вакол тактыльнасці.

Першы праектны канцэпт уяўляў сабой разнавысокія модулі з рознымі напаўненнямі і раслінамі, якія можна мацаць, каб эксперыментаваць з рознымі тактыльнымі адчуваннямі, а таксама лаўкамі.

Праект быў падтрыманы «БелАПДІіМІ» (арганізацыяй, якая падтрымлівае інклюзіўнасць дзяцінства) і мы пачалі дапрацоўваць канцэпцыю ў бок большай інклюзіўнасці. Аказалася, тактыльнасць гэта не толькі эксперымент – яна дазваляе ўключыць як мага больш карыстальнікаў у паўнацэнную гульню.

Да восені 2019 года аб'ект быў скончаны і акрамя пляцоўкі для гульні і рэкрэацыі атрымаў новую функцыю – стаў сцэнай.

 

Кампаненты

У адпаведнасці з канцэпцыяй тактыльнасці былі падабраны напаўненні для модуляў з засыпак і раслін.

Засыпкі:

  • рачны пясок як у пясочніцы – звыклы элемент гульні для дзіцячай пляцоўкі;

  • кварцавы каляровы (жоўты, блакітны, чырвоны) пясок-напаўняльнік са звыклымі тактыльнымі адчуваннямі, але іншы па колеры;

  • буйныя напаўняльнікі (галька і друз) – напаўняльнікі для развіцця дробнай маторыкі;

  • натуральныя засыпанні (мульча і шышкі);

  • цацкі – напаўняльнік, які на здзіўленне не быў такі папулярны для гульні, як натуральныя засыпанні.

Расліны з цікавымі тактыльнымі верхавінамі, якія цікава мацаць:

  • астыльба (Avalanche / Purpurkerze);

  • верас звычайны (Silver Knight / Athene);

  • крывасмокі, звычайны і лекавы (Officinalis Pink Tanna / Little Angel);

  • дзярбеннік вярбалісты (Lady Sackville);

  • пяроўскія лебядолістыя (Lacey Blue).

Трава – расліны, якія прыемныя навобмацак і паказваюць магчымасці гарадскога азелянення:

  • Аўсяніца шызая (Zwergenkonig);

  • Асака Пятры (Milk Chokolate);

  • Міскантус кітайскі (Purple Fall).

Духмяныя расліны – расліны, якія адказваюць на дотык цікавым пахам:

  • мацярдушка звычайная;

  • блюшчык плюшчападобны (Variegata);

  • чабор (Silver Queen);

  • лаванда.

 

Жыццё аб'екта

Так выйшла, што аб'ект, які быў закліканы клапаціцца аб людзях, сам меў патрэбу ў клопаце. Мяняліся ўмовы на пляцоўцы – той, хто павінен быў клапаціцца пра яго, не мог гэта рабіць. Аб'ект пачаў старэць, хоць і адпрацаваў паўнавартасна цэлы сезон. Цяпер аб'ект разабраны і раскіданы па розных частках вуліцы. Расліны выжылі, засыпкі змяшаліся, за чым таксама было цікава назіраць. Такім чынам да формулы дадаўся яшчэ адзін узровень – час.

 

Высновы

Пасля рэалізацыі гэтага невялікага аб'екта мы сталі больш зважаць на тактыльнасць, гук і пах – змянілася ўспрыманне навакольнага асяроддзя і змяніўся погляд на праектаванне ў прынцыпе. Нам, праектавальні_цам, пры працы варта звяртацца да поўнага спектру перцэпцыі, і тады вырашэнні будуць больш паўнавартаснымі і цікавымі. Адчуванні – гэта прызма для складання ансамбляў гуку і тактыльнасці, а не толькі візуальнасці ў праектах.

 
Previous
Previous

Дыскусія «Санаторыі як прасторы клопату»

Next
Next

Канспект лекцыі «Гарады, дзе не ўсе дома»