Кансультацыі для дваровых суполак з эксперткамі і экспертамі Платформы і вынік сумеснай працы

На працягу некалькіх месяцаў каманда Менскай урбаністычнай платформы кансультавала жыхарак і жыхароў беларускіх гарадоў па пытаннях, звязаных з дваровым добраўпарадкаваннем, суседскай камунікацыяй і самакіраваннем. Нашы эксперт з экспертамі індывідуальна разглядалі запыты і дзяліліся сваім досведам, ведамі ды кантактамі, каб дапамагчы разабрацца і зладзіць добрыя змены ў дваровых прасторах. Мы вырашылі падагульніць вынікі нашай сумеснай працы з гараджанкамі і гараджанамі і скласці невялікі артыкул, які дапаможа ў будучыні працягваць самастойную працу над рэалізацыяй вашых ідэй.

 

Што хвалюе гараджан і гараджанак у 2022 годзе?

Найбольш папулярныя тэмы сярод гарадскога насельніцтва зараз – трансфармацыя сваёй прасторы (двара ці жылога дома) і пытанні дарожна-транспартнай інфраструктуры (аптымізацыя аўтамабільных і роварных парковак і іх абмежавальнікі, усталяванне велагаражоў, рамонт бардзюраў і г.д.). Былі таксама пытанні ад усталявання святла да аднаўлення і ўсталявання дзіцячых і спартыўных пляцовак, ад дрэннага бягучага рамонту да навядзення чысціні каля пад’езда і ў двары. З найбольш нетыповага і адначасова прыемнага для нас былі пытанні пра прафесійную літаратуру і геаінфармацыйныя дыдзеныя пра раён, каб зрабіць зручную карту для мясцовых жыхароў. Неабходна адзначыць, што шмат запытаў уключалі ў сябе пытанні нарматыўна-прававога рэгулявання і афіцыйнай камунікацыі з дзяржаўнымі органамі. Акрамя таго, людзі прасілі дапамогі з састаўленнем афіцыйных запытаў, скарг і петыцый. 

Ці звярталіся да нас жыхары толькі сталіцы? Не! Паляпшэннем сваіх тэрыторый цікавяцца людзі з розных гарадоў і населеных пунктаў. У нас шмат іныцыятыўных людзей, здольных працаваць нават  атрымаўшы адну ці некалькі адмоў ад адміністрацыі свайго раёну. Таму галоўнай мэтай нашых экспертак і экспертаў было і застаецца распавядаць пра правы гараджанак і гараджан і як іх адстойваць з нарматыўнага пункту гледжання. Пра цяжкасці самастойнага пошуку неабходных нарматыўных актаў мы напісалі ніжэй, але спойлер: гэта магчыма, калі ў цябе ёсць алгарытм дзеянняў! 

 

З чаго пачынаць, калі вы жадаеце змен і гатовыя ладзіць іх самастойна?

Жыхары свайго двара/горада лепш ведаюць яго і свае патрабаванні да яго, чым працоўнікі раёнай адміністрацыі ці ЖЭСа. Таксама клапаціцца пра сваё лакальнае гарадское асяроддзе самастойна – гэта нармальная практыка. У пэўным сэнсе, можна лічыць турботу і ўдзел у паляпшэнні свайго асяродзя абавязкам жыхароў. Таму мы прапануем агульны алгарытм дзеяннеў, які дапаможа пачаць рухацца ў напрамку рэалізацыі свайго права на горад.

  1. Сфармулюйце праблему. Падумайце, што канкрэтна вас не задавальняе і каго яшчэ можа датычыцца гэтае пытанне. Напрыклад, вы хочаце ўсталяваць велагараж у сваім двары: колькі роварных месцаў неабходна ў ім? дзе на тэрыторыі двара будзе больш зручна яго размясціць, каб было зручна ўсім? 

  2. Сфармулюйце запыт ў Google і пашукайце прыклады вырашэння такой жа праблемы ў Беларусі і іншых краінах. Мусіць, вы знойдзеце гатовыя праекты, на падставе якіх атрымаецца хутчэй зрабіць свой. Можна знайсці прыклады гатовых петыцый ці ўзоры запытаў і скаргаў.

  3. Знайдзіце нарматыўна-прававыя дакументы, якія могуць рэгуляваць тое ці іншае пытанне вашай праблемы. Вам неабходна ведаць свае правы і абавязкі, калі вы плануеце пачынаць камунікацыю з дзяржаўнымі органамі.

  4. Даведайцесь, хто можа адказваць за вырашэнне той ці іншай праблемы, у чыёй яна кампетэнцыі. 

  5. Трэба даведацца, якія дзяржаўныя органы адказваюць за што канкрэтна ў вашым двары, каб звяртацца да патрэбных супрацоўнікаў з вашым запытам. Тэлефануйце і пытайце ў ЖЭС, ТС, ЖКХ, адміністрацыю раёна.

  6. Гараджане могуць пачынаць вырашаць праблемы самастойна, але кааперацыя з іншымі гараджанамі можа больш дапамагчы пры камунікацыі з дзяржаўнымі органамі. Каб было лягчэй, мы раім скласці каманду аднадумцаў і разам распачынаць камунікацыю з дзяржапаратам. Хутчэй за ўсё, вырашэнне праблемы цікавіць не толькі вас! 

  7. Усю камунікацыю з дзяржорганамі вядзіце праз афіцыйныя лісты, запыты і рэгістрацыі, каб стоадсоткава атрымаць афіцыйныя і абгрунтаваныя адказы. 

  8. Што рабіць, калі працэс зацягваецца? Не здавацца адразу! Трэба быць настойлівым і трывучым. Заўсёды нагадвайце пра сваю гатоўнасць разам паляпшаць гарадскую прастору. 

 

З якімі цяжкасцямі пры вырашэнні запытаў жыхары і жыхаркі могуць сутыкнуцца ў самым пачатку?

На некаторыя пытанні, якія па логіцы павінны рэгулявацца, складана знайсці адпаведныя нарматыўныя акты. Напрыклад, на пакрыцце дзіцячых і спартыўных пляцовак можна знайсці тэхнічныя патрабаванні датычна базавай бяспекі пры выкарыстоўванні (напрыклад, наконт ударапаглынальных характарыстык пры падзенні), але не з мэты месцавання і зручнага ўжывання. Таму на практыцы можа здарыцца так, што фармальна парушэнняў на аб'екце няма, але ён не выкарыстоўваецца (напрыклад, спартыўная пляцоўка мае пакрыццё з пяска). Тады змяніць сітуацыю абапіраючыся на нарматыўнае рэгуляванне амаль немагчыма і трэба шукаць іншыя варыянты.

Шмат нарматыўна-прававых дакументаў адзначаюць даволі абагульнены погляд і маюць агульныя фармуляванні. З аднаго боку, для жыхароў есць магчымасць падвесці іх пытанні пад агульна напісаныя фармулёўкі пастаноў і абараняць свае правы на паляпшэнне асяроддзя. А з іншага боку, яны могуць трактавацца дзяржаўнымі органамі па-рознаму і не заўсёды ў бок жыхароў пры вырашэнні праблемы. Напрыклад, у пастанове Савета Міністраў № 668 «Аб навядзенні парадку на зямлі» ёсць пункт пра наяўнасць велапарковак, але ў адрозненні ад іншых пунктаў, там не адзначана прыдамавая тэрыторыя, як адно з магчымых месцаў пад такую паркоўку. Таму, з аднаго боку, жыхары могуць спасылацца на гэты дакумент, каб патрабаваць усталявання паркоўкі каля дома, а з іншага боку, дзяржаўныя органы могуць адказаць, што гэта датычыцца толькі публічных месцаў з вялікім патокам людзей.

Гараджанкі і гараджане не заўсёды ведаюць, што яны могуць абапірацца на «Закон аб абароне праў спажыўцоў», калі паслуга была выканана не ў поўным аб’ёме ці з недастатковым узроўнем якасці. Напрыклад, працы па капітальным рамонце вядуцца працоўнікамі ЖЭСа, але за кошт жыхароў. У такім выпадку, калі працы выконваюцца ці ўжо выкананы дрэнна, жыхары маюць правы напісаць скаргу, каб рамонт перарабілі за кошт працаўнікоў/ЖЭСа (як падраднай арганізацыі) ці зрабілі пераразлік канчатковай сметы і вярнулі грошы людзям.

Ці можна дамагчыся змен адразу пасля скарг? Нажаль, не. Шмат нарматыўна-прававой дакументацыі датычыцца змен, якія могуць быць унесены толькі праз разпрацоўку праекта (на новае будаўніцтва, рэканструкцыю ці мадэрнізацыю), што, канешне, патрабуе пэўнага часу. Больш таго, у скаргах можна спасылацца на нарматывы толькі тады, калі праца вялася на падставе праекта або была зроблена на падставе праекта, але з парушэннямі. Нарматывы абавязковыя толькі ў межах праекту, а ў іншых выпадках складана даказаць сваю правасць са спасылкай на нарматывы. Яны не могуць ужывацца як легальная падстава для працы, што не патрабуе распрацоўкі праекта і робіцца без яго (бягучы рамонт).

Ініцыятыўнасць — гэта добра, але гараджанкі з гараджанамі могуць пачынаць рабіць нешта самастойна ў сваім двары без ведання законаў. Заўсёды азнаёмцеся з нарматывамі і дакументамі на тэрыторыю, калі ёсць магчымасць і пачакайце ўзгаднення ад афіцыйных ўстаноў. Гэта патрэбна, як мінімум, для таго, каб былі вызначаны органы, адказныя за эксплуатацыю ўсталяваных у двары новых элементаў. Пры адсутнасці афіцыйнай дамовы, адміністрацыя можа легальна знішчаць тое, што жыхары зрабілі самастойна.

 

Дзе шукаць неабходныя нарматывы?

Прычыняць пэўныя турботы ў пошуку нарматыўна-прававых дакументаў можа сам працэс: даволі складана знайсці сярод вялізарнай колькасці паперак тое, чым не карыстаешся штодзённа. Гараджанкі і гараджане не заўсёды могуць ведаць, дзе шукаць нарматыўную базу і як дакладна карыстацца ёй. Нашыя экперткі і зксперты раюць пачынаць у першую чаргу з гэтага спісу:

Пра ЖКГ

Абмен вопытам:

Зносіны з дзяржапаратам:

  • Зносіны з дзяржапаратам — форум для абмену досведам па тэме працуючых схем і тыповых памылак, якія дапускаюць жыхары, якія не маюць вопыту работы з дзяржапаратам.

Тэрміны і нарматывы:


Калі ў вас застаюцца пытанні, як зладзіць ту ці іншую ініцыятыву, заўсёды магчыма звяртацца да каманды Менскай урбаністычнай платформы і тых матэрыялаў, што мы публікуем на старонках нашага сайта і сацыяльных сетках. Дзякуй усім, з кім паспелі папрацаваць сёлета! Хутка вернемся і пачнем новы сезон сумеснай працы.

 
Previous
Previous

Урбан-дайджэст №01: «Высновы мінулага году»

Next
Next

Дыскусія «Санаторыі як прасторы клопату»