Урбан-дайджэст №01: «Высновы мінулага году»

студзень 2023

У новы год Платформа ўваходзіць з серыяй дайджэстаў, дзе мы будзем разгледзець актуальныя цікавыя навіны ўрбаністыкі ў Беларусі і за мяжой. У першым выпуску мы вырашылі падвесці высновы мінулага года, якія ўжо адбыліся ў краіне, але, вядома, звязаны і з насталым годам, і з блізкай будучыняй. 2022 год быў багаты на змены ў заканадаўстве, якое тым ці іншым бокам звязана з нашай сферай працы: камунікацыя паміж дзяржаўнымі органамі і жыхарамі краіны, ды развіццё гарадскіх прастораў. Іх мы і прапануем разглядзець.


 

Грамадскія абмеркаванні

Адной з апошніх галоўных прафесійных навінаў года для архітэктарак, архітэктараў, горадабудаўніц, горадабудаўнікоў ды будаўніц з будаўнікамі стала апублікаванне праекта для грамадскага абмеркавання Кодэкса аб архітэктурнай, горадабудаўнічай і будаўнічай дзейнасці, які прыйдзе на змену аднайменнаму закону. Дакумент з'яўляецца асновай ня толькі для адмыслоўцаў у пералічаных вышэй галінах, але таксама карысны для гараджанаў і гараджанак, якія цікавяцца развіццём беларускіх прастораў. Да выказвання сваіх заўваг і прапановаў запрашаліся ўсе неабыякавыя людзі, але абмеркаванне праходзіла пад пошум навагодніх святаў — ці то каб прыцягнуць менш увагі да дакумента, ці то каб зусім ужо зацягнуць працэс, які доўжыцца з 2019 года. Нажаль, такая практыка — хаваць важныя дакументы за святамі — праводзіцца не першы раз (тое ж адбылося ў мінулым годзе з дакументам па працэдурах грамадскіх абмеркаванняў). Тым не менш, актыўнасць на прававым партале пад тэкстам Кодэкса разгарнулася буйная, што азначае вялікую цікаўнасць людзей да зменаў у праекце. Вынікі яшчэ не падведзены, таму паглядзім пазней, ці ўлічылі ўлады меркаванне жыхароў і жыхарак краіны.

У працяг тэмы цікава зазірнуць у навіны Віцебска, дзе ў снежні праводзілася грамадскае абмеркаванне з публічнай прэзентацыяй Генеральнага плана. Горад ужо паспеў падвесці высновы на пачатку новага года, дзе пазначана шмат дыскусій і прапаноў ад гараджанаў наконт публічных прастораў ды камфортнага асяроддзя. Напрыклад, аднаўленне сквера каля Плошчы Перамогі, знішчанага 15 гадоў таму. Але з-за няведання іерархіі горадабудаўнічай дакументацыі і разумення нарматыўна-прававой дакументацыі для падтрымкі сваёй пазіцыі ў тых, хто звяртаецца, большасць заўваг не можа быць улічана распрацоўшчыкамі.

 

Інфармацыйна-камунікацыйныя сэрвісы

Адразу дзве навіны напрыканцы 2022 году датычацца сэрвісаў камунікацыі з дзяржаўнымі органамі. Вось дырэктар «Цэнтра інфармацыйных тэхналогій Мінгарвыканкама» кажа, што агульная колькасць запытаў і заўваг праз сэрвіс 115.бел, праз які вырашаецца шмат пытанняў жыллёва-камунальнай гаспадаркі ў краіне, за восень 2022, у параўнанні з 2021 годам, скарацілася на 16%, у тым ліку ў электронным выглядзе — на 11%.

Зніжэнне зваротаў праз лічбавыя сэрвісы можа быць звязана з праблемамі спампавання і абслугоўвання мабільнай прылады з гугл-сэрвісаў ды менш зручнай у параўнанні са смартфонам вэб-версіі. Але ці гэта галоўны аргумент? Працаўні_цы службы жыллёва-камунальных паслуг лічаць, што гэта вынікі добрай працы і павелічэння якасці звязаных з 115.бел сэрвісаў, а таксама кантролю дыспетчарак і дыспетчараў самой арганізацыі. А вось у летніх навінах Гародні, наадварот, кажуць, што сістэма працуе дрэнна. Змяншэнне камунікацыі можа быць звязана з незадаволенасцю жыхарак і жыхароў няпоўным разглядам запытаў ці іх закрыццём па фармальных нагодах. Ці тут таксама ёсць фактар страху з-за небяспекі і павялічанай за апошнія гады ўвагі да ініцыятыўных людзей?

Выдаткі на жыллёва-камунальныя паслугі ў дзяржаўным бюджэце зменшаны каласальна — у 14 разоў, з 96,3 млн руб у 2022 годзе да 6,7 млн рублёў у 2023 годзе.

Ці можа гэта паўплываць на якасць паслуг, да якіх ужо зараз ёсць пытанні? Ну пабачым…

З другога боку, з 2 студзеня 2023 года ўводзяцца змены ў Закон «Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асобаў». Зараз звярнуцца да дзяржаўных органаў патрэбна будзе толькі праз партал адзінай дзяржаўнай рэспубліканскай інфармацыйнай сістэмы ўліку і апрацоўкі зваротаў — замест шматлікіх электронных скрыняў ды формаў на афіцыйных сайтах арганізацый. Уся камунікацыя будзе праходзіць праз гэты сэрвіс, што, падаецца, спросціць будаванне зносінаў паміж грамадзянкамі, грамадзянамі і чыноўніцамі з чыноўнікамі. Але сістэма запрошвае даволі шмат персанальных дадзеных, у тым ліку абавязковую ідэнтыфікацыю праз мабільны тэлефон, хаця распрацоўшчыкі абяцаюць магчымасць налады SMS-паведамленняў аб стане апрацоўкі запыта. У сённяшніх рэаліях усё гэта выглядае як маштабнае лічбавае сховішча персанальных дадзеных неабыякавых жыхароў без разумення, у каго будзе доступ да гэтага, паколькі сэрвіс ніякай інфармацыі на гэты конт не тлумачыць, нават ва «умовах карыстальніцкага пагаднення».

 

Новая забудова ў гарадах

Адна з галоўных сфераў, якая прыцягвае больш за ўсё ўвагі ў беларускіх навінах архітэктуры, гарадскога планавання і будаўніцтва 2022 года — гэта, зразумела, будаўніцтва жылля ды аб’ектаў сэрвісу. Развіццё гарадскіх тэрыторый адзначаецца праз горадабудаўнічыя дэтальныя планы, падцвержаныя гарадскім выканаўчым камітэтам.

Менск

Па колькасці абвестак як заўсёды лідаруе Менск — яно і відавочна, усё ж сталіца. У гэтым годзе ўлады горада ўзяліся за планаванне буйнага развіцця перыферыі. Напрыклад, у буйны праект дэтальнага планавання «Паўночны бераг» на былых сельскагаспадарчых землях горада закладзена больш пяці мільёнаў квадратных метраў жылля, падаўжэнне трамвайных ветак, а незвычайная фішка раёна — размяшчэнне Інстытута штучнага інтэлекту. А тэлеграм-канал менскага выканкама са спасылкай на словы замоўцы ўпэўнівае: будаўніцтва пачнецца з арганізацыі парка вакол Цнянскага вадасховішча. Тэрмін працы прадугледжваецца да 2040 года, і тут галоўнае, каб гэтая тэрыторыя не пераўтварылася ў яшчэ адзін «Мінск-Свет (Minsk World)» горада.

Не такі маштабны, але не менш значны праект развіцця Сухарава зацверджаны ў верасні. Тут, акрамя жылля, робіцца акцэнт на будаўніцтва сацыяльнай інфраструктуры, якой заўсёды не хапае і якая будуецца не першачаргова. Ужо ў другім праекце запар адзначаецца развіццё трамвайнай інфраструктуры, якая была закладзена ў «Генеральную схему развіцця рэйкавага транспарту г. Мінска» у складзе Генеральнага плана, каб зрабіць перыферыю больш звязанай з цэнтрам і зменшыць нагрузку на метрапалітэн.   

Яшчэ адзін праект будучага года прыцягвае ўвагу сваім спрэчным размяшчэннем на месцы часткі леса каля Нацыянальнай бібліятэкі. Дзяржаўны забудоўшчык у межах рэалізацыі ўказа Лукашэнкі плануе пабудаваць вялікі жылы комплекс «Утульны», што значыць знішчэнне часткі прыроднага асяроддзя горада. Тым больш, прапанова канцэпцыі «зялёных кварталаў» у дадзеным кантэксце гучыць даволі іранічна.

Рэгіёны

Сярод навінаў рэгіёнаў вылучаецца Магілёў і яго бліжэйшы сусед – Бабруйск, у якім на будучы год запланавана збольшага толькі будаўніцтва сацыяльных і інфраструктурных аб'ектаў, а не жылля. Можа, невялікі інтарэс да будаўніцтва жылля звязаны з  зніжэннем колькасці насельніцтва ў горадзе, ужо пэўны час больш інтэнсіўным чым у астатніх гарадах.

Наадварот, у Берасцейскай вобласці аб'ёмы будаўніцтва нарошчваюцца. Жабінка, афіцыйна адзначаная як горад-спадарожнік Берасця, у паўтара раза павялічвае колькасць новых квадратных метраў у параўнанні з апошнім годам. Вялікі інтарэс берасцейцаў да жылля тут падтрымліваецца даволі лімітаванымі магчымасцямі абласнога горада ў пашырэнні тэрыторый для развіцця, вялікімі коштамі на свае кватэры і індывідуальную забудову, а таксама добрым транспартным спалучэннем паміж двума гарадамі. Таксама новая забудова ў горадзе прывядзе да развіцця сэрвісаў у Жабінцы і паспрыяе змяншэнню цэнтралізаванасці ў вобласці.

Не адстае і Гомель, дзе працягваюць асвойваць пляцоўку былой вёскі Давыдаўка, якая ўвайшла ў межы горада яшчэ ў 2007 годзе. Забудова тут ня толькі прапануе забяспечыць каля 1 000 сямей уласным жытлом, але і сфармаваць кампазіцыю вуліцы-заезда ў горад з боку Мазыра і Рэчыцы. Віцебск ў гэтым плане пакуль больш стратэгічна разглядае пытанні будаўніцтва жылля ў рамках таго ж новага Генеральнага плана, які ўзгадваўся вышэй. Замах на 11,4 млн кв. м (ці 30,7 %) да 2035 года выглядае шырока, але адказвае сучасным тэндэнцыям унутранай міграцыі насельніцтва з рэгіёна ў абласны цэнтр.

Відавочна, ахапіць увесь мінулы год даволі цяжка. Але, тым не менш, адзначыць нейкія тэндэнцыі, якія паўплываюць на ўрбаністыку ў новым годзе важна. Да сустрэчы ў новым выпуску!

 

Чытаць яшчэ:

Previous
Previous

Урбан-дайджэст №02: «Спадчына ў дзеянні»

Next
Next

Кансультацыі для дваровых суполак з эксперткамі і экспертамі Платформы і вынік сумеснай працы