Рэвіталізацыя раёнаў драўлянай забудовы. Чаму ў Эстоніі атрымліваецца, а ў Беларусі — не?
У артыкуле разглядаюцца супрацьлеглыя падыходы да аднаўлення гістарычных раёнаў драўлянай забудовы ў Беларусі і Эстоніі ў больш шырокім кантэксце палітыкі горадабудаўніцтва Цэнтральнай і Усходняй Еўропы. Нягледзячы на тое, што абедзве краіны маюць шмат агульнага ў кантэксце гістарычнага мінулага, уключэнне Эстоніі ў Еўрапейскі Саюз прывяло да комплексных намаганняў па рэвіталізацыі гарадоў, якія характарызуюцца супрацоўніцтвам паміж мясцовымі органамі ўлады і супольнасцямі. У той жа час Беларусь дэманструе іншы падыход, які характарызуецца зносам гістарычных будынкаў і абмежаваным удзелам грамадзян у горадабудаўнічых працэсах, што абумоўлена ў тым ліку складанай палітычнай сітуацыяй у краіне. Дадзены артыкул падкрэслівае ўплыў палітычных і гістарычных фактараў на фарміраванне розных стратэгій аднаўлення гарадоў у гэтых дзвюх краінах Цэнтральнай і Усходняй Еўропы.
Рэвіталізацыя ў краінах Цэнтральнай і Усходняй Еўропы
Комплексна рэвіталізоўваць гарады ў Еўропе пачалі адносна нядаўна, пасля Другой cусветнай вайны. Першапачаткова рэвіталізацыя была звязаная з рэканструкцыяй і аднаўленнем парушаных горадабудаўнічых структур. З 1980-х і да сярэдзіны 1990-х гг. запускаюцца працэсы сацыяльнай інтэграцыі, да пачатку якіх спрычыніліся разнастайныя сацыяльныя рухі (феміністычныя, этнічных меншасцяў і г. д.), у выніку чаго пачалі ўлічваць і іх урбаністычныя патрэбы. А гарадскія ўлады ў сваёй дзейнасці паступова сталі выкарыстоўваць падыходы, што раней ужываліся прыватнымі кампаніямі. Нарэшце, з сярэдзіны 1990-х пад уплывам глабалізацыі і неаліберальных ідэй акрэсліваецца перыяд рынкавага кіравання гарадамі (Бранчыні ў Чепайтене, 2010, с. 143). Тады ж у многіх урбаністычных працэсах пашырылася прыватна-дзяржаўнае партнёрства. Больш за тое, паступова змянялася стаўленне да гараджан, якія раней успрымаліся дзяржаўнымі ўстановамі толькі ў якасці спажыўцоў, а цяпер сталіся ўдзельнікамі планавання.
У краінах Цэнтральнай і Усходняй Еўропы працэсы гарадскога аднаўлення пачаліся яшчэ пазней (не раней за пачатак 1990-х), што было абумоўлена доўгім часам іх знаходжання за «жалезнай заслонай» ад краін Заходняй Еўропы. Венгерская даследчыца К. Керэсцелі (Keresztély, 2016) вылучае тры тыпалогіі аднаўлення гарадской прасторы ў рэгіёне Цэнтральнай і Усходняй Еўропы: 1) рэвіталізацыя перыяду сацыялізму, 2) рэвіталізацыя, арыентаваная на рынак і 3) комплексная рэвіталізацыя.
У першы, т. зв. сацыялістычны, перыяд рэвіталізацыі гарадской прасторы як такой не існавала, бо прынцыпы аднаўлення самі па сабе супярэчылі прынцыпам індустрыі панэльнага будаўніцтва. Бадай, адзіным выключэннем была Венгрыя, дзе яшчэ ў 1978 г. быў запушчаны пілотны праект па рэвіталізацыі ўсяго гістарычнага цэнтра Будапешта. Магчыма, на гэта паўплывала блізкасць да Вены, дзе ў той жа час быў распрацаваны падобны праект. Другі перыяд рэвіталізацыі гарадской прасторы быў запушчаны пасля краху сацыялістычнай сістэмы. Галоўнымі складнікамі праектаў таго перыяду былі падначаленыя патрэбам рынку інтэрвенцыі з мэтай павышэння прывабнасці раёна, вынікам чаго стала джэнтрыфікацыя. Акрамя гэтага, амаль усе інтэрвенцыі выражаліся толькі ў фізічным абнаўленні раёнаў, а сацыяльны, культурны і прыродаахоўны кантэксты амаль не ўлічваліся. Нарэшце на пачатку 2010-х у многіх краінах Цэнтральнай і Усходняй Еўропы пачалі выкарыстоўваць т. зв. комплексную рэвіталізацыю гарадскіх цэнтраў, адным з галоўных элементаў якой стала ўвядзенне абавязковых партысіпатыўных практык з падключэннем у працэс праектавання ўсіх зацікаўленых бакоў: НДА, дваравых супольнасцяў, лакальных прадпрымальнікаў і г. д.
Краіны былога СССР увайшлі ў этап рэформаў і змянення дзяржаўных структур і грамадства на самым пачатку 1990-х. Тым не менш мінулыя 30 гадоў паказваюць, што некаторыя краіны рэгіёна, напрыклад Эстонія, зрабілі вельмі шмат і наблізіліся па стандартах і падыходах у аднаўленні гарадской прасторы і гарадскога ладу жыцця да краін Заходняй Еўропы, а іншыя, напрыклад Беларусь, дагэтуль знаходзяцца ў працэсе доўгага пераходу. Дзве гэтыя краіны аб’ядноўвае не толькі агульнае камуністычнае мінулае, але і некаторае падабенства развіцця гарадскіх комплексаў забудовы, дзе пры наяўнасці значных лясных рэсурсаў асноўным матэрыялам будаўніцтва на працягу стагоддзяў была драўніна.
Раёны драўлянай забудовы Новы Свет (Гародня) і Карлова (Тарту)
Кароткая гісторыя
Для параўнання возьмем раёны драўлянай забудовы Новы Свет у Гародні (Беларусь), і Карлова ў Тарту (Эстонія). І Гародня, і Тарту — не сталічныя гарады, а значыць, і працэсы змен у іх праяўляліся не адразу і ў меншай ступені. Аднак абодва яны значныя культурныя і адукацыйныя цэнтры суадносных краін, да таго ж неаднародныя па сваім нацыянальным складзе: у Гародні значную частку гарадскога насельніцтва складаюць палякі, а ў Тарту — рускія. Больш за тое, у гарадах жылі і дзейнічалі гістарычныях фігуры, значныя для беларускай і эстонскай гісторыі адпаведна.
Беларускі Новы Свет ужо існаваў у другой палове 19 ст., стаўшы ў 1875 г. часткай Гародні. Пасля Рыжскай мірнай дамовы (1921 г.), калі Заходняя Беларусь і, адпаведна, Гародня сталі часткай капіталістычнай Польшчы, у раёне Новы Свет пачало жыць значна больш палякаў. Аднак і да таго ён вызначаўся сваёй мультыкультурнасцю, бо тут дзесяцігоддзямі разам жылі беларусы, палякі, рускія, габрэі, татары, украінцы і немцы, што, безумоўна, адбівалася на асаблівай атмасферы гэтага месца і на разнастайнасці архітэктурных стыляў, якія выкарыстоўваліся гаспадарамі для пабудовы сваіх дамоў. На адносна невялікай тэрыторыі з’явіліся будынкі ў неакласічным і закапанскім (польскі мадэрн) стылях, рускім мадэрне і нават такім экзатычным стылі, як драўляны канструктывізм (ці функцыяналізм). Апошні — арыгінальны прыклад адаптацыі канструктывізму на мясцовай глебе (то-бок з выкарыстаннем драўніны), быў распаўсюджаны ў 1920-30-я гг. на невялікай тэрыторыі ўсходу былой Рэчы Паспалітай (сучасныя Беларусь, Польшча, Літва) (Казак, Вашкевіч, 2008).





Тартускі раён Карлова крыху маладзейшы за Новы Свет. Ён з’явіўся пасля 1911 г. і не адразу афіцыйна стаў часткай Тарту. Першапачаткова ён прывабліваў з навакольных раёнаў эстонскіх сялян, якія станавіліся новым гарадскім рабочым класам. Пабудаваныя ў «залаты век драўлянай архітэктуры Тарту» (Siilivask, 2002, с. 2) дамы вылучаліся сціплай дэталіроўкай экстэр’ераў у стылі мадэрн, які ў Эстоніі традыцыйна называюць югендстылем. У міжваенны перыяд адбылося «добраўпарадкаванне» Карлова, у выніку чаго многія вуліцы атрымалі зялёнае аздабленне ў выглядзе клёнаў, бяроз, таполяў і ліп, што дагэтуль утвараюць асаблівую атмасферу раёна (Hess, 2011, с.112).





А галоўная ўнікальнасць Новага Свету, на думку С. Стурэйкі (2008, с. 10), палягае ў тым, што ён складаецца пераважна з гарадской драўлянай забудовы, то-бок гэта не ўключаная ў горад вёска. Тое ж самае можна сказаць і пра Карлова ў эстонскім Тарту.
Нарэшце, і Новы Свет, і Карлова яднае яшчэ і тое, што яны не ўваходзяць у тэрыторыю так званых гістарычных цэнтраў, аднак фактычна мяжуюць з імі. Менавіта такая «няўключанасць» раёнаў у структуру цэнтраў як у горадабудаўнічым, так і ў сімвалічным сэнсах доўгі час (асабліва ў сацыялістычны перыяд) адбівалася на стаўленні да іх з боку гарадскіх улад і жыхароў горада як да раёнаў, не вартых асаблівай увагі, якімі можна ахвяраваць у працэсе рэканструкцыі і стварэння «новага сацыялістычнага горада».
Перыяд стагнацыі і занядбання
Трэба адзначыць, што замяшчэнне драўлянай забудовы еўрапейскіх гарадоў цаглянай было вельмі пашыранай у 1960-70-я гг. з’явай. Драўляныя комплексы забудовы, традыцыйныя для краін Усходняй і Паўночнай Еўропы (Беларусь, Польшча, Расія, Украіна, Літва, Латвія, Нарвегія, Фінляндыя, Швецыя, Эстонія), паступова саступалі месца раёнам новага масавага будаўніцтва. Гэты працэс абумовіла пасляваенная міграцыя з вёскі ў горад, што стварала шырокі запыт на новае масавае жыллё, а таксама аўтамабілізацыя. Паступова кантраст паміж захаванымі раёнамі драўлянай забудовы і новымі шматпавярховымі раёнамі станавіўся ўсё больш выразным, у выніку чаго стаўленне да драўлянай архітэктуры пачало змяняцца (Kalakoski, Huuhka, Koponen, 2020, с. 795). Нарэшце ў 1972 г. у нарвежскім Сандыф’ёрдзе падчас канферэнцыі ICOMOS была прынятая першая Рэзалюцыя, прысвечаная «драўлянаму гораду ў Скандынаўскіх краінах» (ICOMOS, 1972).
У Беларусі і Эстоніі, якія былі часткамі Савецкага Саюза, адбываліся ў чымсьці падобныя працэсы замяшчэння традыцыйнай драўлянай забудовы на цагляна-бетонную. Аднак пры адсутнасці значных фінансавых рэсурсаў, калі асноўныя сродкі накіроўваліся на найбуйнейшыя гарады (у асноўным сталіцы), многія праекты перабудовы меншых гарадоў заставаліся на паперы. Можна сказаць, што савецкая сістэма нават у нейкай ступені паспрыяла захаванасці драўляных прадмесцяў, бо яны былі прызнаныя «гнілымі», то-бок бесперспектыўнымі і не вартымі рэканструкцыі раёнамі. Больш за тое, у жыллёвым пытанні перавага аддавалася новаму будаўніцтву, а правільная эксплуатацыя будынкаў фактычна не існавала як феномен (Siilivask, 2002, с. 5). Такім чынам, гістарычны выгляд раёнаў, а часам і іх унутранае і вонкавае аздабленне захоўваліся некранутымі на працягу дзесяцігоддзяў.
Што тычыцца Тарту і Гародні, то ў часы Другой сусветнай вайны іх гістарычныя цэнтры значна пацярпелі, аднак раёны драўлянай забудовы збольшага захаваліся. Тым не менш традыцыя будаўніцтва і, што нават важней, тэхнічнага абслугоўвання драўляных пабудоў паступова страчвалася, адыходзячы разам з іншымі праявамі мінулага стагоддзя ў нябыт.
Фрагменты генеральных планаў Тарту: 1963 г. — трасіроўка маста і вуліцы без улічвання існай сеткі вуліц, пашырэнне вуліц з разбурэннем дамоў (па вуліцах Tähe, Kalevi, Pargi); 1974 г. (па цэнтру)— вытрымка з мапы аналіза існуючага жытловага фонду (зялёны — 40 % зносу, фіялетавы — 41-80 %); 1974 г. (справа) — масту і вуліцы ад яго надаецца галоўнае значэнне ў структуры горада, што прадугледжвае яшчэ большы знос.
Крыніца: Sild, R. (2019). Tartu puitlinnaosad nõukogude ajal. Rahvusvaheline kogemus versus linna generaalplaanid (Magistritöö, Tartu Ülikool)
У 1960–70-я гг. разам з развіццём ідэй савецкага горадабудаўніцтва ствараліся новыя генеральныя планы Гародні і Тарту. Яны прагназавалі значны прырост насельніцтва і прадугледжвалі стварэнне новых раёнаў жылой забудовы на ўскрайках гарадоў, развіццё грамадскіх цэнтраў з будаўніцтвам гіганцкіх комплексаў культуры (Палацы дзяцей і моладзі, Дамы піянераў, Палацы культуры і г. д.). У гэтым жа рэчышчы для сувязі раёнаў праектаваліся шматпалосныя магістралі, часта без уліку сфарміраванай гарадской сеткі вуліц і, адпаведна, структуры гістарычных кварталаў. Напрыклад, генпланы Тарту 1963 г. і іх наступная рэдакцыя 1974 г. прадугледжвалі знос дамоў у раёне Карлова для будаўніцтва новай вуліцы, што мелася па дыяганалі перарэзаць існуючыя кварталы і звязаць праз мост раёны горада па розныя бакі ад ракі Эмайыгі. Аднак з усіх прапанаваных мер па трансфармацыі раёна Карлова быў пабудаваны толькі мост праз раку і некалькі грамадскіх будынкаў у паўночнай частцы раёна. Гэта было абумоўлена адсутнасцю дастатковых сродкаў у бюджэце, а таксама зменай стаўлення да раёнаў гістарычнай драўлянай забудовы ў Эстоніі (Sild, 2019).
Спробы комплекснай рэвіталізацыі гарадской прасторы на прыкладзе раёна Карлова (Эстонія)
Пасля набыцця Эстоніяй незалежнасці ў 1991 г. і прыняцця лёсавызначальнага рашэння па ўступленні ў Еўрапейскі Саюз у краіне пачаліся поўнамасштабныя рэформы. Праведзеныя рэформы па рэстытуцыі маёмасці былым уласнікам, прыватызацыя сістэмы жыллёвай гаспадаркі і самога жылля, а таксама прыпыненне субсідый на будаўніцтва новага жылля паспрыялі таму, што дамы ў раёне Карлова атрымлівалі сталых гаспадароў, якія дбалі пра сваю ўласнасць.
Улічваючы такі аспект, як высокая доля рускага насельніцтва ў эстонскіх гарадах, трэба адзначыць, што раён Карлова на працягу дзесяцігоддзяў заставаўся амаль цалкам монаэтнічным — эстонскім. Гэтаму спрыяла тое, што рускія (ці рускамоўныя), якія траплялі ў Тарту ў савецкі перыяд, звычайна сяліліся ў новых панэльных мікрараёнах. Такім чынам, яшчэ ў сацыялістычны перыяд раён успрымаўся месцам з падкрэслена эстонскай ідэнтычнасцю. У гэтым і адна з прычын, чаму ў найноўшы час незалежнасці раён прываблівае новых жыхароў: ён абуджае ў эстонцаў пачуццё «эстонскасці» і дух даваеннай Эстоніі, калі краіна яшчэ не апынулася ў сферы ўплыву СССР (1939) (Hess, 2011, с.113). Такі погляд жыхароў Карлова на свой раён дазваляе меркаваць, што ён атаясамліваецца ў іх не толькі з матэрыяльнымі аспектамі, але і з нематэрыяльнай спадчынай.
Такое стаўленне да Карлова было зафіксавана і ў плане комплекснага развіцця (Tartu Linna Üldplaneering 2030+, 2017 г.) Тарту, які вызначыў гэты раён у якасці адной з «зон аховы асяроддзя» (‘milieu protection areas’). З аднаго боку, паводле плана, зона аховы асяроддзя Карлова вызначаецца пэўнымі матэрыяльнымі аспектамі: асаблівасцямі структуры зямельных участкаў, архітэктурным стылем, характэрнымі элементамі ландшафту, гісторыяй фарміравання кварталаў. Акрамя гэтага, прапісаныя ўмовы новага будаўніцтва і рэнавацыі існуючых пабудоў, сфармуляваныя ў межах супрацоўніцтва паміж муніцыпалітэтам і мясцовай супольнасцю, якая прадстаўляе раён. З іншага боку, даследчыца падобных раёнаў К. Каласт (Kallast, 2021, с. 917) заўважае, што дакумент абапіраецца на гісторыю будаўніцтва Карлова і вызначае неабходнасць захавання яго гістарычнага зместу, дзе пад «гістарычнасцю» разумеецца перыяд да акупацыі Эстоніі ў 1939 г. Такім чынам, можна меркаваць, што спадчына ў Карлова ўспрымаецца і ў нематэрыяльным кантэксце, а менавіта праз лакальную традыцыю будаўніцтва і арганізацыі гарадскога ландшафту да таго, як Эстонія стала часткаю СССР. Больш за тое, зоны аховы асяроддзя (усяго ў Тарту іх дзесяць) акрэсліваюць гарадскія мясцовасці, якія вызначаюцца адначасова і культурнымі, і навакольнымі каштоўнасцямі, вартымі захавання (Kallast, 2021, с. 908). Такім чынам, уводзіцца інтэгральны падыход, дзе культурныя і прыродныя асаблівасці ландшафтаў успрымаюцца як непарушнае цэлае, аднолькава важнае для захавання і інтэрпрэтацыі.
Даволі высокая шчыльнасць забудовы ў Карлова (у параўнанні з раёнамі, пабудаванымі ў савецкі перыяд) паспрыяла стварэнню мясцовай актыўнай супольнасці, якая ў 2007 г. аформілася ў выглядзе суседскага таварыства (Karlova selts). Таварыства пазіцыянуе сябе як супольнасць жыхароў Карлова, адной з галоўных мэт якой з’яўляецца фарміраванне мясцовай ідэнтычнасці. Вядома, можна сказаць, што на станаўленне падобных таварыстваў паўплываў афіцыйны дыскурс спадчыны (authorised heritage discourse) у дачыненні да зон аховы асяроддзя, бо захаванне іх каштоўнасцяў (хоць яны дакладна і не акрэсліваюцца) — адна з галоўных мэт актыўнасці таварыстваў.
Зоны аховы асяроддзя г. Тарту, Крыніца
Так ці іначай, відавочна, што плённая супраца паміж мясцовымі жыхарамі Карлова і гарадскімі ўладамі, памножаная на адмысловае стаўленне да драўлянай архітэктуры як да часткі гарадскога ландшафту і ладу жыцця аўтэнтычнай (даваеннай) Эстоніі, паспрыялі захаванню раёна ў матэрыяльным і нематэрыяльным аспектах. Асобна трэба адзначыць стварэнне неабходнай адукацыйнай інфраструктуры ў Эстоніі наогул і ў Тарту ў прыватнасці. Яна абапіраецца на працяглае супрацоўніцтва мясцовых архітэктараў са скандынаўскімі калегамі, якія маюць даўнюю практыку і досвед працы з дрэвам. Тую ж адукацыйную функцыю, але ў меншым масштабе нясе і створаны Рэстаўрацыйны цэнтр у Тарту (Restaureerimiskeskus), які дазваляе жыхарам горада, уласнікам драўлянай спадчыны, авалодаць тэхнікамі догляду за драўнінай.
Рэвіталізацыя ці руйнаванне? Нявызначаны лёс Новага Свету
Калі параўноўваць Новы Свет з раёнам Карлова ў Тарту, які стаў сапраўдным увасабленнем традыцыйнага эстонскага гарадскога асяроддзя, то беларускі аналаг не ўспрымаецца гарадзенцамі па-сапраўднаму беларускім (Стурейко, 2013). І на тое ёсць некалькі прычын.
Па-першае, пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР (1939) многія этнічныя палякі, ды і беларусы каталіцкага веравызнання былі вымушаныя перабірацца ў Польшчу, бо прыход савецкай улады ў горад не абяцаў нічога добрага. Шмат з тых, хто не адважыўся з’язджаць, праз некаторы час былі высланыя. Самыя вялікія хвалі дэпартацыі ў Гародні прайшлі ў чэрвені 1940 г. і чэрвені 1941 г. Некаторыя дамы раёна (у асноўным цагляныя) прыйшліся даспадобы новым савецкім уладарам горада, таму былі канфіскаваныя на іх карысць (Гумянюк, 2008, с. 55-56). Пасля, у часы Другой сусветнай вайны, з вулачак раёна зніклі жыхары-габрэі, ды і не толькі яны. Такім чынам, можна казаць пра кардынальную змену насельніцтва Новага Свету паміж канцом 1930-х і канцом 1940-х. Гэта паўплывала і на адсутнасць пераемнасці паміж старымі і новымі жыхарамі раёна. Трэба дадаць, што дзяржаўнай праграмы рэстытуцыі былым уласнікам у Беларусі, у адрозненне ад Эстоніі, так і не адбылося.
Па-другое, у Беларусі афіцыйны дыскурс даволі адназначна разглядае перыяд да 1939 г. як час дыскрымінацыі беларусаў у міжваеннай Польшчы, а ўз’яднанне БССР з Заходняй Беларуссю — як адну з найважнейшых падзей сучаснай беларускай гісторыі. Асабліва такія аднабаковыя погляды ўзмацніліся ў дзяржаўнай прапагандзе пасля 2020 г., калі вялікая частка людзей была вымушаная выехаць за мяжу (большасць — у Польшчу). Беларускія ўлады доўга шукалі нейкі сімвал, які б, на іх думку, ідэалагічна аб’яднаў усіх беларусаў і ў той жа час падкрэсліў няскоранасць перад краінамі Захаду. У выніку было абвешчана новае дзяржаўнае свята — Дзень Народнага Адзінства, якое святкуецца 17 верасня, у дзень, калі савецкія войскі ўвайшлі ў даваенную Польшчу. Такім чынам, ніякага піетэту да перыяду да 1939 г., калі збольшага і фарміраваўся раён Новы Свет, у беларускім кантэксце няма.
Нягледзячы на гэта, мясцовымі краязнаўцамі, гісторыкамі, проста неабыякавымі людзьмі неаднойчы рабіліся спробы прыцягнуць увагу да праблем Новага Свету. Асабліва актыўным быў перыяд пасля 2006 г., калі пад бульдозерамі назаўжды знікла неад’емная частка раёна — Залатая Горка. Тады ж «Гроднаграмадзянпраектам» з улікам жаданняў гарадзенскіх улад і расейскіх інвестараў быў распрацаваны дэталёвы план «рэканструкцыі» раёна са зносам больш за паўсотні гістарычных будынкаў і заменай іх на двух- ці трохпавярховую блочную забудову. Праект не быў рэалізаваны, але інтарэс улады да кардынальнай перабудовы раёна падштурхнуў зацікаўленых у захаванні Новага Свету да больш актыўных дзеянняў. Так, за некалькі гадоў актывістамі была выдадзеная кніга «Гродзенскі Новы Свет і ваколіцы», адбыліся мастацкі і фотаплэнеры, былі сабраныя ўспаміны жыхароў і нават зняты дакументальны фільм «Новы Свет». Кульмінацыйнай кропкай працы стала стварэнне канцэптуальнага праекта «Гродзенскі Новы Свет. Перспектывы рэнавацыі і выкарыстання», які на падставе гістарычных крыніц і сусветных аналагаў прапаноўваў канкрэтныя падыходы па захаванні ўнікальнага раёна з вылучэннем першасных крокаў рэалізацыі. Дакумент быў накіраваны ў Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, але да змены сітуацыі гэта не прывяло (Руселік, 2014, с. 42–54). Гістарычныя будынкі знікалі і знікаюць у Новым Свеце адзін за адным: два апошнія выпадкі адбыліся ў 2019 г. і 2022 г.





Нягледзячы на высокі ўзровень зробленай працы і цікавыя прапановы распрацаванага энтузіястамі праекта, ён мае адну вялікую праблему: у яго распрацоўцы, відавочна, не ўдзельнічалі мясцовыя жыхары, хаця ўсе сучасныя методыкі рэвіталізацыі гістарычных кварталаў абапіраюцца на ўключэнне ў гэты складаны працэс мясцовых супольнасцяў. Часткова прычыны гэтага палягаюць у вышэйапісаных перадумовах «аддаленасці» жыхароў ад раёна і Гародні ад Новага Свету. Яшчэ адной прычынай стала агульная праблема ў фарміраванні дваравых супольнасцяў у Беларусі, бо гарадскія і рэспубліканскія ўлады вельмі насцярожана ставяцца да любога роду «недзяржаўных» суполак людзей, якія адстойваюць свае інтарэсы. Беспрэцэдэнтны ціск на грамадзянскі сектар і рознага кшталту недзяржаўныя арганізацыі і ініцыятывы пачаўся пасля 2020 г. як рэакцыя на патрабаванне перамен.
Схема аналізу раёна “Новы Свет”, выкананая актывістамі ў межах праекта “Гродзенскі Новы Свет. Перспектывы рэнавацыі і выкарыстання” (2009), Крыніца
Што тычыцца статусу раёна ў рэчышчы захавання культурнай спадчыны на дзяржаўным узроўні, то трэба адзначыць, што пры зацвярджэнні ў 2019 г. «Праекта зон аховы гісторыка-культурнай каштоўнасці „Гістарычны цэнтр г. Гродна“» з усяго Новага Свету ў межы зоны аховы патрапіла толькі забудова па адзін бок вуліцы Міцкевіча, што абараняе (тэарэтычна) размешчаныя там будынкі ад «знішчэння, прычынення шкоды, пагаршэння тэхнічнага стану» (с. 3). Яшчэ некалькі кварталаў Новага Свету, які пад гэтай гістарычнай назвай, дарэчы, у дакуменце нідзе не згадваецца, уваходзяць у склад зоны рэгулявання забудовы, што на практыцы азначае толькі пэўныя абмежаванні ва «ўзвядзенні будынкаў... і рэканструкцыі існуючай забудовы без выкарыстання гістарычнага модуля... і вышэй за 2 паверхі з мансардай» (с. 6). З усяго комплексу гістарычных будынкаў Новага Свету толькі 4 помнікі драўлянага канструктывізму па вуліцы Мядовай патрапілі ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь. Аналагічны будынак той жа эпохі без статусу «каштоўнасці» (Асіпенка, 3) мясцовыя ўлады прапануюць знесці з прычыны адсутнасці гаспадароў, а потым аднавіць пры дапамозе інвестараў. (Венский, 2022) Падобная сітуацыя вельмі красамоўна сведчыць пра падыходы гарадзенскіх улад да гістарычнай спадчыны Новага Свету і пра поўную адсутнасць супрацы з мясцовымі жыхарамі.
Фрагмент схемы зон аховы нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці «Гістарычны цэнтр г. Гродна» (2019).
Будынкі: бардовы — гісторыка-культурная каштоўнасць, шэры — шэраговая забудова. Раён «Новы Свет» часткова ўключаны ў т. зв. зону рэгулявання забудовы. Крыніца


Заключэнне
Рэвіталізацыя — комплексная і часам супярэчлівая канцэпцыя трансфармацыі гарадской прасторы. Пад уплывам глабалізацыі і неаліберальных ідэй на працягу дзесяцігоддзяў яна рухалася ў бок большага ўключэння ў горадабудаўнічыя практыкі ўсіх зацікаўленых бакоў і надання большай увагі не толькі фізічным, але і культурным, сацыяльным і прыродаахоўным аспектам гэтага працэсу. Краіны Усходняй і Цэнтральнай Еўропы таксама, няхай і з некаторым спазненнем, прайшлі гэтыя стадыі.
Эстонія, уступіўшы ў Еўрапейскі Саюз на пачатку 2000-х, прайшла доўгі шлях рэформаў і змен у сваёй горадабудаўнічай палітыцы і пачала рухацца ў бок комплекснай рэвіталізацыі гарадской забудовы. Адным з наступстваў гэтага стала большая ўключанасць гараджан і ўсіх зацікаўленых бакоў ва ўрбаністычныя праекты. Супрацоўніцтва паміж гарадскімі ўладамі і дваравой супольнасцю Карлова вылілася ў фарміраванне палітыкі па захаванні раёна ў якасці зоны аховы асяроддзя; пры гэтым яно адпавядала і афіцыйнаму дыскурсу спадчыны. Паспрыяла збалансаванаму падыходу ў развіцці раёна Карлова і адмысловае стаўленне жыхароў Тарту да гэтай часткі горада, які асацыяваўся з напраўду эстонскім ладам жыцця і гарадскога ландшафту.
Прыклад гарадзенскага Новага Свету дэманструе зусім іншы падыход да рэвіталізацыі гарадской забудовы, калі асноўным тыпам інтэрвенцыі выступае знішчэнне нерэнтабельных (з гледзішча рынкавых адносін) гістарычных будынкаў і стварэнне новых комплексаў без уліку меркавання гараджан. Складаная палітычная абстаноўка не спрыяе фарміраванню ўстойлівых гарадскіх супольнасцяў, якія б маглі даносіць да гарадскіх улад сваю пазіцыю. Безумоўна, беларускі кантэкст адрозніваецца і меншай рэфлексіяй над перыядам знаходжання краіны ў складзе Савецкага Саюза, а таксама аднабаковым поглядам на далучэнне Заходняй Беларусі да БССР. У кантэксце пераасэнсавання гэта пазбаўляе Новы Свет важнага складніка гістарычнай пераемнасці паміж сённяшнімі ўласнікамі і мінулымі жыхарамі раёна.
Крыніцы:
Hess, D. (2011). Early 20th-century wooden tenement buildings in Estonia: building blocks for neighborhood longevity. Urbanistika ir architektūra. 35(2), с. 110–116. Рэжым доступу: https://journals.vilniustech.lt/index.php/JAU/article/view/5620/4877. Дата доступу: 15 чэрвеня 2023.
ICOMOS (1972). Wooden Town in Scandinavian Countries. Resolution adopted by the Sandefjord Symposium. Рэжым доступу: https://www.icomos.org/public/publications/93towns7f.pdf. Дата доступу: 2 верасня 2023.
Kalakoski, I., Huuhka, S., Koponen, O. (2020). From obscurity to heritage: Canonisation of the Nordic Wooden Town. International Journal of Heritage Studies. 26:8, с. 790–805. Рэжым доступу: https://www.tandfonline.com/doi/full/10.1080/13527258.2019.1693417. Дата доступу: 5 верасня 2023.
Kallast, K. (2021). So Close and Yet So Far: The Distant Heritage of the Historical Urban Landscapes of Residential Districts of Tartu, Estonia. Int J Semiot Law 34, с. 907–928. Рэжым доступу: https://doi.org/10.1007/s11196-020-09738-1. Дата доступу: 1 верасня 2023.
Karlova selts (супольнасць Карлова). Рэжым доступу: https://www.karlova.ee/et. Дата доступу: 18 чэрвеня 2023.
Keresztély, K. (2016). Delayed Processes and Specific Challenges: Urban renewal in East-Central European cities. CITEGO. Рэжым доступу: https://www.citego.org/bdf_fiche-document-533_en.html. Дата доступу: 1 верасня 2023.
Restaureerimiskeskus. Рэжым доступу: https://www.restaureerimiskeskus.ee/et. Дата доступу: 17 чэрвеня 2023.
Siilivask, M. (2002). The Historic Town Structures of Tartu — The Historical Overview and Main Preservation Problems Today. Presented at the Workshop on Historic Structures, Advanced Research Initiation Assisting and Developing Networks in Europe. Рэжым доступу: https://www.itam.cas.cz/miranda2/export/sitesavcr/utam/ARCCHIP/w11/w11_siilivask.pdf. Дата доступу: 17 чэрвеня 2023.
Sild, R.(2019). Tartu puitlinnaosad nõukogude ajal. Rahvusvaheline kogemus versus linna generaalplaanid (Magistritöö, Tartu Ülikool). Рэжым доступу: https://dspace.ut.ee/bitstream/handle/10062/72036/Reesi_Sild_MA_2019.pdf?sequence=1&isAllowed=y. Дата доступу: 18 чэрвеня 2023.
Tartu Linna Üldplaneering 2030+ (2017). Tartu Linnavalitsus. Linnaplaneerimise ja maakorralduse osakond. Рэжым доступу: https://info.raad.tartu.ee/dhs.nsf/fc7763c017c9f110c22568cd004625d4/3e3cafd0e5700e31c2587c400184dff/$FILE/Tartu%20linna%20%C3%BCldplaneeringu%20seletuskiri.pdf. Дата доступу: 5 верасня 2023.
Гродзенскі Новы Свет. Перспектывы рэнавацыі і выкарыстання (2009). Рэжым доступу: https://harodnia.com/images/articles/06/697.pdf. Дата доступу: 1 верасня 2023.
Венский, В. (2022). В центре Гродно восстановят одно из зданий «Учительской колонии» — что за оно и где находится // Вечерний Гродно. Рэжым доступу: https://vgr.by/2022/12/21/v-czentre-grodno-vosstanovyat-odno-iz-zdanij-uchitelskoj-kolonii-chto-za-ono-i-gde-nahoditsya/. Дата доступу: 26 ліпеня 2024.
Гумянюк, Ю. (2008). Прывід даўніх крэсаў (урыўкі з аповесці) // Горад святога Губерта. Краязнаўчы альманах. Выпуск IV [Edition IV]. Вільня: Інстытут гістарычных даследаванняў Беларусі ЕГУ, с. 49–68. Рэжым доступу: https://kamunikat.org/?pubid=11224. Дата доступу: 17 чэрвеня 2023.
Казак, Т., Вашкевіч, А. (2008). «Новы свет» Горадні // Горад святога Губерта. Краязнаўчы альманах. Выпуск IV. Вільня: Інстытут гістарычных даследаванняў Беларусі ЕГУ, с. 5–9. Рэжым доступу: https://kamunikat.org/?pubid=11224. Дата доступу: 17 чэрвеня 2023.
Праект зон аховы нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці «Гістарычны цэнтр г. Гродна». Рэжым доступу: https://pravo.by/document/?guid=12551&p0=W21934852p&p1=1&p5=0. Дата доступу: 1 верасня 2023.
Руселік, В. (2014). Гісторыя руйнаваньня аднаго места. Гістарычная прастора Горадні ў 2008–2013 гг. // ARCHE Пачатак. Мінск: Беларускі дом друку. Volume 4, с. 32–72.
Стурэйка, С. (2008). Перспектывы драўлянага гістарычнага цэнтру Горадні // Горад святога Губерта. Краязнаўчы альманах. Выпуск IV. Вільня: Інстытут гістарычных даследаванняў Беларусі ЕГУ, с. 10–23. Рэжым доступу: https://kamunikat.org/?pubid=11224. Дата доступу: 17 чэрвеня 2023.
Стурейко, С. (2013). Восприятие архитектурного наследия жителями Гродно и Львова. Сравнительный анализ // Перекрестки. Vilnius, 2013. Nr 1-2. с. 209–223.
Чепайтене, Р. (2010). Культурное наследие в глобальном мире. Вильнюс: ЕГУ.