Без ракі, але сярод вады: планы, гараджан_кі і гідралогія ў Баранавічах
У гісторыі Беларусі гарады звычайна ўзнікалі на берагах рэк. Але з развіццём уяўленняў пра прыродныя працэсы, развіццём тэхналогій паселішчы пачалі аддаляцца ад «блакітных капіляраў» нашай зямлі. Гарады з’яўляліся там, дзе людзям было зручна з пункту гледжання транспартнага, а часам і ваеннага. Але чалавек вымушаны быў пашыраць свае паселішчы на балоты, забалочаныя поймы рэк і азёр, якія таксама даводзілася асвойваць. І чалавеку заўсёды патрэбная была вада! У цяперашні час падземныя запасы вады сталі асновай жыццезабеспячэння нашых гарадоў, але так было не заўсёды!
УЛАДЗІМІР ЗУЕЎ — магістр палітычных навук, эксперт у сферы экалогіі, устойлівага развіцця, гарадской гаспадаркі. Кіраўнік і эксперт грамадскіх і акадэмічных праектаў у сферы ўстойлівага развіцця, гідралогіі, урбаністыкі. У 2004–2023 гадах выкладчык Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта. У 1997–2022 гадах старшыня ЭКГА «Неруш». З 2023 года старшыня праўлення фонду «Неруш Натура».
Кантакт e-mail: nerush.ec@gmail.com
Уводзіны
Падчас катастрафічнай паводкі на паўднёвым захадзе Польшчы ў кастрычніку 2024 года на некалькі дзён былі затопленыя гарады, парушанае транспартнае злучэнне, а ліквідацыя наступстваў паводкі зойме шмат часу. Паводка нагадала, што вада можа быць не толькі рэсурсам, але і выклікам для гарадскіх тэрыторый, можа змяняць планы горадабудаўнікоў і жыццё гараджан_ак.
Беларускія гарады таксама ўсё часцей сутыкаюцца з анамальнымі колькасцямі ападкаў і падтапленнямі. Аднак узаемаадносіны вады і горада ў беларускім кантэксце абмяркоўваюцца нячаста, хоць гістарычна для гэтага шмат прычын, звязаных з кліматам, эканомікай, культурай, мабільнасцю і г. д.
У гэтым кантэксце я паспрабую разгледзець ролю вады ў развіцці маіх родных Баранавічаў. Гэты прыклад здаецца асабліва цікавым таму, што Баранавічы — найвялікшы горад Беларусі, што не стаіць на рацэ. Адначасова яго гісторыя непарыўна звязаная з вадой.
Баранавічы — горад нацыянальнага значэння з высокім сацыяльна-эканамічным патэнцыялам. Па колькасці насельніцтва ён займае 8-е месца пасля сталіцы, абласных цэнтраў і Бабруйска.
Гісторыя Баранавічаў пачынаецца са згадкі іх у 1706 годзе як маёнтка і вёскі, а ператварэнне ў горад звязанае з будаўніцтвам у 1871 годзе чыгуначнай станцыі, якая стала асновай яго развіцця. Напрыканцы XIX стагоддзя Старыя і Новыя Баранавічы аб’ядналіся ў адно паселішча. У 1960–1970-я гады горад перажыў прамысловы рост, уключаючы стварэнне баваўнянага камбіната.
Сёння Баранавічы — важны прамысловы і культурны цэнтр з насельніцтвам больш за 170 тыс. чалавек, размешчаны на транс’еўрапейскім калідоры Е-2. Горад знаходзіцца на Баранавіцкай раўніне з перападам вышынь ад 173 да 208 метраў і займае плошчу ў 84,96 кв. км.
Чыгунка аддаліла Баранавічы ад вады! Але чалавек — істота разумная!
Асаблівасць Баранавічаў — тое, што гэта адзін з нямногіх сярэдніх гарадоў Беларусі, у якім няма ракі! Так, побач працякаюць Шчара і Мышанка, але гістарычна паселішча развівалася ў іх міжрэччы, што ў розныя часы стварала цяжкасці з водазабеспячэннем.
Малюнак 1. Мапа 1916 года
Напрыклад, пабудаваная ў 1871 годзе станцыя Баранавічы Берасцейска-Маскоўскай чыгункі пастаянна адчувала недахоп у вадзе, а да станцыі Баранавічы Віленска—Ровенскай (Палескай) чыгункі (пачала функцыянаваць у 1884 годзе) ад найбліжэйшага возера Жлобінскага давялося пракласці водаправод працягласцю амаль 2 км.
У мястэчку Развадава, што развівалася паміж чыгуначнымі станцыямі, прафесія вадавоза была адной з самых прыбытковых, а калодзежы там былі даволі глыбокімі. Праблема цэнтралізаванага забеспячэння Баранавічаў вадой пачала вырашацца толькі ў пасляваенны час. На пачатку 1950-х гадоў для гаспадарчага і пітнога водазабеспячэння насельніцтва выкарыстоўваліся шахтавыя калодзежы, прадпрыемстваў — ведамасныя артэзіянскія свідравіны. Шэраг вуліц і аб’ектаў наогул не меў вады, у тым ліку будынкі аблвыканкама, рамонтна-механічнага завода, швейнай фабрыкі, гарадскога харчовага гандлю, драмтэатра і інш.
У 1951 годзе насельніцтва горада складала 42 431 чалавек. Горад забяспечваўся пітной вадой з 1219 шахтавых калодзежаў, стан якіх не заўсёды адпавядаў санітарным нормам. У 65 калодзежах вада была непрыдатная для ўжывання, 43 калодзежы патрабавалі тэрміновай ачысткі і рамонту, большасць калодзежаў не мела вёдраў агульнага карыстання. Стан горада быў нездавальняльным і з супрацьпажарнага гледзішча.
Патрэба Баранавічаў у водаправодных камунікацыях была надзвычай адчувальнай. І толькі з 1958 года, калі быў створаны Водаканалтрэст, пачаўся паступовы рост цэнтралізаванага водазабеспячэння. З 1961 года распачалі будаўніцтва водазабору «Валахва», у 1975 — «Шчара-1» прадукцыйнасцю 24 тыс. куб. м/суткі, у 1988 годзе — «Шчара-2», першую чаргу якога здалі ў 1992 годзе, другую — у 1994-м. Пры гэтым праз дэфіцыт магутнасці вада падавалася спажыўцам па графіку. Мнагапрофільная нязграбная структура жыллёва-камунальнай гаспадаркі стрымлівала развіццё водаправоднай інфраструктуры горада. І толькі ў 1997 годзе, калі ўвялі трэцюю чаргу водазабору «Шчара-2», была вырашаная шматгадовая праблема кругласутачнай падачы вады жыхарам.
Пітная вада высокай спажывецкай якасці ў Баранавічах здабываецца з артэзіянскіх свідравін (цяпер іх 73) глыбінёй ад 230 да 280 метраў, якія пастаўляюць ваду з абароненых верхнепратэразойскіх гарызонтаў, узрост якіх складае сотні мільёнаў гадоў. Такія воды знаходзяцца пад больш маладымі шчыльнымі пародамі, напрыклад глінай, якія мінімізуюць пранікненне вады і забруджванняў з паверхні. Гэта робіць ваду з такіх гарызонтаў больш чыстай і стабільнай па хімічным складзе. Даўжыня магістральнай вулічнай сеткі баранавіцкага водаправода сёння складае 459 км!
Тэхнічнае водазабеспячэнне часткі прамысловых прадпрыемстваў горада ажыццяўляецца з паверхневых вод. У якасці крыніцы выкарыстоўваецца спецыяльна пабудаванае ў 1985 годзе вадасховішча на рацэ Шчара каля вёскі Мінічы Ляхавіцкага раёна, за 20 км ад горада. Асноўны спажывальнік — вытворчае баваўнянае аб’яднанне. Патрэбы іншых прадпрыемстваў у тэхнічнай вадзе таксама задавальняюцца гэтым водазаборам. Праектная магутнасць гэтага водазабору складала да 2,15 млн куб. м/год, аднак фактычнае спажыванне вады з 2000-х гадоў у сувязі са скарачэннем аб’ёмаў вытворчасці знізілася да 1 млн куб. м/год.
Нават беглы погляд на мапы Баранавічаў да сярэдзіны 1960-х гадоў паказвае, што асноўнае развіццё гарадской тэрыторыі адбывалася на поўдзень ад чыгункі Брэст — Масква і часткова на ўсход ад магістралі Лунінец — Ліда.
І хоць задумы праекціроўшчыкаў генеральнага плана горада 1952 года не былі рэалізаваныя, выразна прасочваецца ўплыў на развіццё Баранавічаў умоў гідралагічных і гідрагеалагічных — звязаных з вадой на паверхні зямлі і пад ёю. Так, на поўнач ад горада, у раёне вёсак Свяцілавічы, Анісімавічы, Антонава (якія цяпер увайшлі ў межы горада) знаходзіўся балотны масіў з невялікімі азёрамі, якія мелі сцёк у раку Мышанка ў напрамку вёскі Казлякевічы. Мясцовыя жыхары да 1960-х гадоў здабывалі тут торф на паліва. Гэтая тэрыторыя практычна да 1970-х гадоў не разглядалася для пашырэння горада.
Тэрыторыя ў раёне сучасных вуліц Прамысловая — Кірава — Пралетарская (сталыя жыхары часта называюць яе Балота) уяўляла сабой балотны масіў, звязаны з далінай ракі Шчара ў раёне вёсак Новы Свет і Скарчава. У пасляваенны перыяд гэты раён хутчэй выкарыстоўваўся не для жылля, а як сметнік.
Генеральны план 1952 года прадугледжваў асваенне балотнага вадазбору возера Жлобінскага пад лесапарк плошчай 65 гектараў: праекціроўшчыкі таго часу разумелі, што будаўніцтва шматпавярховых дамоў ці прамысловых аб’ектаў тут было б складаным ці нават немагчымым. Нягледзячы на размяшчэнне на ўскрайку ад асноўнай часткі тагачаснага горада, праекціроўшчыкі праз стварэнне лесапарку спрабавалі кампенсаваць страчаныя прыродныя зоны і стабілізаваць гарадскі мікраклімат.
Але планы савецкіх часоў змяняліся!
Малюнак 2. Генеральны план Баранавічаў 1952 года
Баранавічы ў савецкі час і ў часе незалежнасці
У 1960 годзе ў паўночна-ўсходняй частцы горада распачалося будаўніцтва Баранавіцкага баваўнянага камбіната, вакол якога ўжо да 1969 года быў узведзены цэлы вытворча-жылы пасёлак з адпаведнай інфраструктурай. Аднак вады не хапала як камбінату, так і жыхарам, якія вымушаныя былі карыстацца вадой па графіку. Пэўны час крыніцай вады для прадпрыемства было Жлобінскае возера, якое паступова мялела, пакуль не пабудавалі водаправод ад вадасховішча Мінічы.
У 1971 годзе на поўнач ад горада пачалося будаўніцтва завода аўтаматычных ліній, вакол якога на тэрыторыі на поўнач ад возера Свяцілаўскага сталі з’яўляцца жылыя дамы. Частку жылых дамоў у мікрараёне, які пазней атрымаў назву «Паўночны», у межах пойменнай тэрыторыі возера Свяцілаўскага давялося будаваць на палях, каб забеспечыць устойлівасць канструкцый. Сама вадазборная тэрыторыя істотна змянілася: былі пракладзеныя дарогі з цвёрдым пакрыццём, а першапачатковы рэльеф згладжаны.
Малюнак 3. Від на мікрараён «Паўночны»
У наш час плошча возера Свяцілаўскага складае каля 9 га. У другой палове мінулага стагоддзя яно пачало інтэнсіўна зарастаць, таму, з улікам пачатку жыллёвай забудовы на пясчаным узвышшы на поўнач ад яго, у 1980-х гадах катлавіну возера расчысцілі ад глеістых адкладаў і змянілі берагавую лінію.
Малюнак 4. Працы па ачыстцы возера Свяцілаўскага ў 1980-я гг.
Пазней, ужо ў 2000-я гады, стварылі два штучныя «астравы». Па сутнасці, вадаём цяпер стаў азёрападобнай сажалкай. Возера складаецца з дзвюх несумежных частак, паміж якімі праходзіць канал, таксама ізаляваны ад возера праз паніжэнне ўзроўню вады.
Вадазборная тэрыторыя возера — практычна ўвесь «Паўночны» мікрараён горада, дзе пражывае каля 45 тыс. чалавек. Сцёк вады ў возера з вадазборнай тэрыторыі прыносіць у яго біягенныя і забруджвальныя рэчывы, што рэзка зніжае якасць вады, а збор дажджавых ападкаў у сетку ліўневай каналізацыі на вуліцы Жукава адсякае ад возера частку вады, накіроўваючы яе на гарадскія ачышчальныя збудаванні.
У 1985 годзе быў распрацаваны праект забудовы чацвёртага «Усходняга» раёна. Па назве галоўнай вуліцы — Паркавая — ён дагэтуль так і называецца. Пад забудову трапіла і тэрыторыя поймы рачулкі, якая раней забяспечвала сцёк з возера Жлобінскага да ракі Шчара. Ужо ў 1986 годзе пачалася забудова пустуючай тэрыторыі каля возера. Будаўніцтва вялося выключна з выкарыстаннем свайных фундаментаў.
Частка гэтай тэрыторыі — былое змененае рэчышча поймы, грунты якой дрэнна вытрымліваюць нагрузку ад жылых будынкаў. Выкарыстанне свайных фундаментаў дазваляе перадаць вагу будынка на больш цвёрдыя, апорныя пласты, размешчаныя глыбей пад паверхняй. Асушэнне поймы не змяняе яе грунтавой структуры цалкам, пакідаючы высокі ўзровень вільготнасці і нестабільнасць грунтоў, што патрабуе дадатковых мер для ўстойлівасці пабудоў. Будаўніцтва на сваях робіцца з улікам гэтых абставін і асаблівасцяў мясцовага грунту.
Будаўніцтва гэтага мікрараёна прывяло да ізаляцыі вадазборнай плошчы возера Жлобінскага і ператварэння яго ў бяссцёкавы вадаём.
Горад рос, з’яўляліся новыя раёны індывідуальнай забудовы. І ў генеральных планах гарадскіх улад з’явілася ідэя перадаць тэрыторыю былога балота, якое лічылася асушаным, тым, хто мае патрэбу ў жыллі. Так пачалася забудова сучаснай вуліцы Развадоўскай. Але ў дажджлівыя і снежныя гады былое балота «ўспамінала» сваю прыродную ролю і напаўнялася вадой, затапляючы падвалы новаўзведзеных дамоў. Ліставанне пацярпелых гараджан_ак і гарадскіх улад цягнулася доўга, пакуль не было прынятае рашэнне аб рэканструкцыі меліярацыйнай сеткі і будаўніцтве помпавай станцыі, якая забяспечыла паніжэнне ўзроўню грунтавых вод.
Малюнак 5. Агульны від раёна вуліцы Развадоўскай
Гідрагеалагічная спадчыннасць праяўляецца і ў новым мікрараёне індывідуальнай забудовы «Дубава», часткова размешчаным на месцы асушанай поймы рачулкі, па якой да 1980-х гадоў ішоў сцёк з возера Жлобінскага. У большасці тутэйшых калонак і калодзежаў вада мае павышанае ўтрыманне жалеза, што не дазваляе выкарыстоўваць яе без спецыяльнай ачысткі.
Вада — адзін з найважнейшых фактараў, якія ўплываюць на гарадское будаўніцтва і жыццё гараджан_ак, што асабліва заўважна на прыкладзе Баранавічаў. Хоць у гэтым горадзе няма буйной ракі, яго развіццё і планаванне наўпрост залежалі ад водных рэсурсаў і іх даступнасці. Гістарычная праблема забеспячэння горада пітной вадой патрабавала комплексных рашэнняў, такіх як стварэнне водазабораў і пракладка водаправодных сістэм. Умовы водазабеспячэння ўплывалі на размяшчэнне прамысловых аб’ектаў, жылых раёнаў і нават на прынцыпы забудовы.
Недахоп вады запавольваў развіццё прамысловых прадпрыемстваў, а праблемы з водазабеспячэннем насельніцтва захоўваліся да канца ХХ стагоддзя, пакуль новыя тэхналогіі не дазволілі павялічыць аб’ёмы здабыванай вады.
Балотныя і пойменныя ўчасткі горада раней часта рабіліся праблемнымі зонамі забудовы, ствараючы цяжкасці з дрэнажом і затапленнямі, што патрабавала дадатковых рэсурсаў і інфраструктурных рашэнняў.
Такім чынам, вада, нават пры яе адсутнасці ў выглядзе буйных рэк, можа значна ўплываць на планы гарадскіх забудоўшчыкаў. Яна становіцца не проста важным прыродным рэсурсам, але і вызначальным фактарам, які фарміруе інфраструктуру, прыроднае асяроддзе і ўмовы жыцця ў горадзе. Баранавічы — гэта прыклад таго, як гідралагічныя і гідрагеалагічныя ўмовы ўплываюць на развіццё гарадоў, змяняючы іх выгляд і патрабуючы пастаяннага ўзаемадзеяння чалавека з навакольным асяроддзем і ўліку магчымасці ўзнікнення новых сітуацый.