Водна-зялёныя дыяметры ў гарадах Беларусі: паміж засваеннем пойменных тэрыторый і стварэннем сацыяльна значнай прасторы

Найчасцей пры словах «водна-зялёны дыяметр» беларуская аўдыторыя прыгадае менскі ВЗД, які ўпісаў нашу сталіцу ў сусветны кантэкст водна-зялёных сістэм. Тым не менш традыцыя працы з ВЗД у Беларусі куды багацейшая і ахоплівае не толькі найбуйнейшыя гарады. У тэксце ніжэй чытайце, як жыла і трансфармавалася ідэя водна-зялёных дыяметраў у беларускіх гарадах па-за Менскам — з дэталямі пра кейс ВЗД у Магілёве.


 

Уводзіны

Водна-зялёны дыяметр (ВЗД) Менска ўжо даўно перастаў быць чыста прафесійнай дэфініцыяй вузкага кола спецыяліста_к ды актывіста_к. Дзякуючы намаганням розных НДА ў сферы экалогіі і ўрбаністыкі за апошнія дзесяцігоддзі гэты тэрмін праз сродкі масавай інфармацыі стаў шырока ўжывацца як гарадскімі ўладамі, так і простымі жыхарамі і жыхаркамі Менска, пагатоў яны так ці іначай на ўласным досведзе знаёмыя з паркавай сістэмай уздоўж Свіслачы, бо гэтыя тэрыторыі, безумоўна, сталі аднымі з самых любімых месцаў адпачынку гараджан_ак.

Стварэнне водна-зялёнага дыяметра Менска было часткай большага праекта Вілейска-Менскай воднай сістэмы. Перадпраектныя працы па ім пачаліся яшчэ на пачатку 1960-х гг. Асноўнай прычынай гэтай грандыёзнай у інжынерным плане задумы быў недахоп у сталіцы БССР водных рэсурсаў для прамысловасці. Спрыяў павышанаму попыту на водныя рэсурсы і беспрэцэдэнтны для еўрапейскіх гарадоў рост насельніцтва Менска [1]. Тым не менш Менская водна-зялёная сістэма і яе ВЗД выконвалі не толькі інжынерна-камунальную функцыю. З часам ВЗД стаў успрымацца беларускімі савецкімі архітэктар_камі як адна з асноўных горадабудаўнічых дамінантаў Менска, дзеля якой можна нават знесці ладную частку гістарычнага цэнтра, каб такім чынам забяспечыць разгортванне панарамных відаў, а на схілах Верхняга горада стварыць каскады фантанаў.

Водна-зялёныя дыяметры — як пэўны клас водна-зялёных сістэм — на праектным узроўні прапаноўваліся для рэалізацыі ў іншых гарадах Беларусі прыблізна з 1970-1980-х гг. Поспех менскага дыяметра, які быў у свой час адзначаны Сацыялістычнай прэміяй, натхніў беларускіх архітэктар_ак і інжынер_ак на пераасэнсаванне пойменных тэрыторый гарадоў і на ўключэнне іх у горадабудаўнічую структуру населеных пунктаў.

Водгулле тых спроб можна дагэтуль чуць і бачыць у прэзентацыях развіцця некаторых гарадоў Беларусі. Напрыклад, у Берасці ў 2020 г. была распрацаваная і зацверджаная стратэгія прасторавага развіцця да 2050 г. «Брэст — горад-сад», дзе была выбудаваная іерархія водна-зялёнага дыяметра (рака Мухавец) і трох зялёных кольцаў, звязаных паміж сабою эказонамі і роварна-пешаходнымі маршрутамі [2].

Гэты артыкул прысвечаны спробе разабрацца, як развівалася ідэя стварэння водна-зялёных дыяметраў у кантэксце засваення пойменных тэрыторый гарадоў Беларусі. Прыклад водна-зялёнага дыяметра Магілёва, горада на шыракапойменнай буйной рацэ Днепр, дазволіць на падставе некалькіх архітэктурных і горадабудаўнічых праектаў паказаць, у якім кірунку ў апошнія дзесяцігоддзі адбываецца фарміраванне водна-зялёных сістэм беларускіх гарадоў.

 

Як водна-зялёныя тэрыторыі ўспрымаліся ў БССР?

Савецкая горадабудаўнічая школа мае даволі доўгую гісторыю, якая пачынаецца ад першых даваенных генеральных планаў. З аднаго боку, яна абапіралася на кардынальную трансфармацыю існуючай гарадской забудовы, ад якой часцей за ўсё цярпелі гістарычныя цэнтры гарадоў, з другога — вялікая роля там надавалася зялёным зонам (сістэмам паркаў, бульвараў і сквераў), якія генетычна паходзяць ад канцэпцыі горада-саду Эбенізера Говарда.

У пасляваенны перыяд, асабліва пачынаючы з 1960-х, гарадскія ўлады і праекціроўшчы_цы надавалі ўсё большае значэнне развіццю ў гарадах раёнаў жылога масавага будаўніцтва, а разам з імі і транспартнай інфраструктуры. У генеральных планах такія прыродныя кампаненты гарадскога ландшафту, як яры з малымі рачулкамі, разглядаліся як перашкоды для паўнавартаснага развіцця горада. Часам прапаноўваліся даволі арыгінальныя, але на сённяшні дзень праз іх неэкалагічнасць дастаткова спрэчныя ідэі па выкарыстанні поймаў рэк пад транспартныя калідоры.

Напрыклад, у генплане Магілёва 1961 г. зялёныя поймы рачулак Дзебры, Струшні, Дубравенкі прапаноўвалася выкарыстаць для пракладкі магістраляў грузавога транспарту [3]. Дарэчы, падобныя тэндэнцыі можна заўважыць не толькі ў магілёўскім генплане: так, генплан Гародні за 1973 г. (архітэктар Уладзімір Ісачанка) таксама прадугледжваў выкарыстанне даліны Гараднічанкі для пракладкі абхадной вуліцы вакол гістарычнага цэнтра, размешчанага на верхняй тэрасе [4].

Праектаванне водна-зялёных сістэм беларускіх гарадоў у 1970-1980-я гг. увязвалася не столькі з паляпшэннем доступу гараджан і гараджанак да зялёных тэрыторый, колькі з пераасэнсаваннем горадабудаўнічых падыходаў да развіцця населеных пунктаў. Раней асноўным кірункам развіцця гарадоў Беларусі быў экстэнсіўны — ад цэнтра на ўскраіны (найперш на сельскагаспадарчыя тэрыторыі). Цяпер жа адбыўся своеасаблівы разварот, і пойменныя тэрыторыі рэк пачалі разглядацца як рэзервовыя пляцоўкі засваення гарадской тэрыторыі.

Адным з першых тэму засваення пойменных тэрыторый развіў Гомель. Тут генплан ужо ў 1970-я гг. — упершыню ў рэспубліцы — даказваў мэтазгоднасць гарадскога будаўніцтва каля ракі Сож і акцэнтаваў пашырэнне доступу гараджан_ак да вады. Планавалася стварыць асноўную кампазіцыйную вось горада — водна-зялёны дыяметр уздоўж ракі Сож. Гомельскі ВЗД уключаў бы гарадскія і раённыя паркі, зоны адпачынку, агульнагарадскі спартыўны комплекс. Адметна тое, што генплан Гомеля быў створаны праектным інстытутам Гомельграмадзянпраект, а не спецыяліст_камі з Менска. Як тады, так і цяпер гэта хутчэй выключэнне з асноўнага правіла цэнтралізаванага падыходу да распрацоўкі горадабудаўнічых дакументаў [5]. Пазней, у 1980-я гг., той жа інстытут выканаў план дэталёвай планіроўкі ВЗД Гомеля, які прадугледжваў стварэнне васьмі планіровачна звязаных паміж сабой паркаў [6].

Мал. 1. Схема водна-зялёнага дыяметра Гомеля ў генплане 1972 г.

Таксама ў 1980-я на базе БелНІІПГрадабудаўніцтва разлічвалася мэтазгоднасць засваення пойменных тэрыторый на прыкладах Менска — як найбуйнейшага горада, Гомеля, Магілёва, Берасця — як буйных гарадоў, Бабруйска — як вялікага горада, Мазыра — як сярэдняга, Вілейкі — як малога. У даследаванні разглядаліся гарады менавіта Беларускага Палесся і Перадпалесся, бо рэкі гэтых рэгіёнаў, напрыклад Прыпяць, Днепр, Сож, вылучаюцца шырокімі пойменнымі, часам забалочанымі ўчасткамі.

Разлікі, заснаваныя на параўнанні будаўніцтва на сухадольных (то-бок з выхадам да вады) і на пойменных тэрыторыях, засведчылі, што выхад да вады сапраўды патрабуе большых фінансавых і праектных выдаткаў, найперш інжынернай падрыхтоўкі тэрыторыі. У той жа час такі падыход даказаў сваю сацыяльную эфектыўнасць, у тагачасных тэрмінах — «сацыяльна-эканамічны эфект ад скарачэння працягласці і павышэння камфартабельнасці перамяшчэння насельніцтва да грамадскіх цэнтраў гарадоў» [7].

Акрамя таго, аўтары даследавання прыйшлі да высновы, што ад памераў горада залежыць, ці апраўдае сябе комплекс падрыхтоўчых інжынерных мерапрыемстваў на засваенне пойменных тэрыторый. Такім чынам, такія гарады, як Берасце, Магілёў, Гомель і Бабруйск, вызначаліся ў якасці найбольш перспектыўных, для іншых, асабліва малых, гарадоў прапаноўвалася найперш зялёнае будаўніцтва, якое вымагала меншых грашовых выдаткаў.

Агулам жа гарады Палесся і Перадпалесся былі падзеленыя на чатыры групы ў залежнасці ад іх памеру, патэнцыйных магчымасцяў іх развіцця, тэмпаў росту, узроўню развіцця і характару сфарміраванай структуры, плошчы і размяшчэння саміх пойменных тэрыторый, іх прыродных якасцяў і асаблівасцяў.

Да першай групы адносіліся Гомель, Магілёў, Берасце, Бабруйск і Барысаў — вялікія і буйныя гарады з высокім патэнцыялам для развіцця, для якіх, паводле даследавання, засваенне пойменых тэрыторый было магчымым у найкарацейшыя тэрміны і магло б мець найвялікшае горадабудаўнічае значэнне. Другая група ўключала Мазыр, Пінск і Светлагорск: гэтыя гарады вызначаюцца лінейным развіццём уздоўж рэк, таму засваенне пойменных тэрыторый таксама было б магчымае ў кароткатэрміновай перспектыве. Да трэцяй групы былі аднесеныя Жлобін, Рагачоў, Слуцк, Крычаў і Вілейка, якія належалі да малых гарадоў з акрэслена прамысловай функцыяй. Гэтыя населеныя пункты вызначаюцца сваёй кампактнай планіровачнай структурай, і засваенне пойменных тэрыторый у іх мела б сэнс толькі ў аддаленай перспектыве. Чацвёртая група ўключала малыя гарады з невыразна акрэсленым функцыянальным заніраваннем і кампактнымі планіровачнымі структурамі ў атачэнні поймы: Жыткавічы, Лунінец, Добруш, Тураў.

 

Падыходы да фарміравання водна-зялёных дыяметраў у гарадах Беларусі

У 1987 г. праектным інстытутам БелНІІПГрадабудаўніцтва былі распрацаваныя адмысловыя рэкамендацыі па архітэктурна-планіровачнай арганізацыі водна-зялёных сістэм і рэкрэацыйных тэрыторый у гарадскіх паселішчах БССР. Пасля чыста прагматычнага падыходу да засваення пойменных тэрыторый гарадоў гэта быў свайго роду крок наперад у пераасэнсаванні ролі водных аб’ектаў (у першую чаргу рэк) і зялёных зон у гарадах.

У якасці аднаго з кірункаў засваення пойменных тэрыторый гарадоў прапаноўвалася фарміраванне водна-зялёных дыяметраў (ВЗД) — ландшафтна-кампазіцыйнай восі, якая праходзіць праз тэрыторыю горада ў цэнтральнай зоне і падзяляе яе на дзве прыблізна роўныя часткі [8].

Стварэнне ВЗД у гарадах, на думку аўтараў, спрыяла б фарміраванню эфектыўнага паветранага канала, які б насычаў цэнтральныя раёны горада свежым, багатым на кісларод паветрам з прыгарадных раёнаў. Да таго ж вызначаліся такія перавагі ВЗД, як добрыя мікракліматычныя ўмовы для фарміравання паркаў, а таксама паляпшэнне эстэтычных характарыстык горада. Трэба адзначыць, што ў 1980-я па-за ўвагай архітэктар_ак-горадабудаўні_ц ды іншых профільных спецыяліст_ак заставаўся такі важны аспект ВЗД і водна-зялёных сістэм у цэлым, як біялагічны. То-бок водна-зялёныя сістэмы ў горадабудаўнічай перспектыве не разглядаліся як паўнавартасныя экасістэмы са складанымі і ўзаемазалежнымі адносінамі іх жывёльных і раслінных элементаў.

Сярод фактараў, якія ўплываюць на шырыню ВЗД, былі вылучаныя ландшафтныя і горадабудаўнічыя. Да ландшафтных адносяцца звілістасць і шырыня рэчышча ракі, наяўнасць і размяшчэнне існуючых масіваў зеляніны, крутых і высокіх адхілаў карэннага берага і надпойменных тэрас, якія з’яўляюцца натуральнымі межамі зон засваення. Горадабудаўнічыя фактары ўключаюць размяшчэнне існуючай капітальнай забудовы, размяшчэнне і клас шкоднасці прамысловых і транспартна-складскіх аб’ектаў у прыбярэжнай зоне і іх санітарна-ахоўных зон, планаваныя маштабы засваення пойменных тэрыторый.

Было вызначана, што планіровачныя параметры водна-зялёных сістэм збольшага залежаць ад структуры рачных далін. На падставе гэтага для Беларусі вылучылі чатыры тыпы рачных далін і прапанавалі базавыя схемы па фарміраванні на іх аснове водна-зялёных сістэм у залежнасці ад памеру (колькасці насельніцтва) населенага пункта.

Напрыклад, для буйных гарадоў Беларускага Палесся і Перадпалесся (Магілёў, Гомель, Берасце) аптымальнай вызначалася шырыня ВЗД у 700–1500 м, а мінімальнай — 500–700 м.

Мал. 2. Рэкамендаваныя параметры водна-зялёных сістэм буйных гарадоў

Мал. 3. і Мал 4. Функцыянальна-планіровачная арганізацыя водна-зялёнай сістэмы ўздоўж асноўнай ракі ў буйным горадзе

Напрыклад, для Магілёва прапаноўвалася ў цэнтральнай зоне пашырэнне азелянёных тэрыторый за кошт зносу старой малакаштоўнай забудовы, вынасу транспартнага руху і арганізацыі пешаходных набярэжных. У адрозненне ад горадабудаўнічых планаў 1960-х, малыя рэкі, ручаі і яры цяпер прапаноўвалася ўключаць у водна-зялёныя сістэмы гарадоў. Акрамя таго, рэкамендацыі засяроджвалі ўвагу на арганізацыі азелянёных сувязяў (пешаходных вуліц, бульвараў), якія б вялі з глыбіні жылых раёнаў да водна-зялёных сістэм.

 

Кароткая гісторыя засваення магілёўскай поймы Дняпра

У апошнія дзесяцігоддзі Магілёў — цікавы прыклад узаемаадносін антрапагеннай (гарадской забудовы) і водна-зялёнай сістэм горада. Таксама горад вылучаецца сваімі вялікімі пойменнымі тэрыторыямі ракі Днепр.

Мал. 5. Схема-рэканструкцыя старога горада Магілёва і яго пасадаў на канец XVII ст.

Як і многія беларускія гарады, Магілёў узнік ва ўтоку адной невялічкай рачулкі Дубравенкі ў большую — Днепр — і першапачаткова развіваўся па правы бок ад яго. Ужо ў Новы час пачынае фарміравацца забудова на левым беразе — так званае прадмесце Лупалава, хаця некаторыя даследчыкі, напрыклад Юрый Кішык, мяркуюць, што Лупалава ўвогуле фарміравалася як незалежнае паселішча. У адрозненне ад старога горада і цэнтра, размешчанага на высокай правай броўцы Дняпра, Лупалава разам з Задняпроўскім і Пакроўскім пасадамі знаходзілася фактычна ў пойме Дняпра, таму перыядычна цярпела ад паводак. Катастрафічнай лічыцца паводка 1931 г., калі Днепр падняўся на 8,5 м, буйнымі таксама былі паводкі 1908 і 1956 гг. [9]. Тым не менш блізкасць да вады была цалкам абгрунтаванай: у тым жа Пакроўскім пасадзе (у ХІХ — пачатку ХХ стст. месца называлася Школішча ад размешчаных тут Халоднай сінагогі і ешывы; пазней раён займеў назву Падміколле — ад Свята-Мікольскага манастыра) амаль да сярэдзіны ХХ ст. знаходзіўся гарадскі порт.

Мал. 6. Паводка ў Магілёве на пачатку ХХ ст.

У 1930-я гг., калі з ужо савецкага Магілёва спрабавалі зрабіць новую сталіцу БССР, быў распрацаваны дэталёвы план цэнтра, які, апрача іншага, прадугледжваў знос забудовы былога Пакроўскага пасада і стварэнне агромністага парку адпачынку з трыумфальнай лесвіцай, якая мелася весці з цэнтра горада ўніз да Дняпра. Можна лічыць, што гэта была першая спроба пераасэнсаваць значэнне ракі для горада і пераўтварыць яе ў аб’ект прыцягнення і адпачынку для жыхароў і жыхарак. Ідэі дэталёвага плана з многіх прычын не былі рэалізаваныя, а шараговая забудова Школішча значна пацярпела ў гады Другой сусветнай вайны.

Мал. 7. Фрагмент дэталёвага плана цэнтра г. Магілёва 1938 г. У верхнім левым куце паказаныя прапановы па трансфармацыі гістарычнага цэнтра, у ніжнім левым — р. Днепр, ніжняя частка — прапановы па парку

У 1950-я ў духу часу кварталы Школішча расчысцілі ад пасляваенных руін, знеслі таксама і рэшткі касцёла Святога Антонія, кляштар бернардзінцаў, Пакроўскую царкву са званіцай. Тады ж перанеслі і грузавую прыстань, а месца былога пасада пераўтварылі ў магілёўскі водазабор [10].

У 1980-я гг. расчышчаная пляцоўка зноў пачала ўспрымацца архітэктар_камі ў якасці патэнцыйнага парку «Падміколле», пад стварэнне якога быў распрацаваны праект. Ён уключаў стварэнне лодачных станцый, басейнаў і пляжаў на частцы, што затапляецца, а на пальдэрнай — асушанай частцы — дзіцячай, спартыўнай, шпацырнай зон, а таксама зоны масавых мерапрыемстваў. Планавалася, што ўвесь парк зойме тэрыторыю ў 280 га [7]. Тым не менш і ў 1980-я гг. амаль нічога з задуманага не было рэалізавана.

Мал. 8. Праект парку «Падміколле» (1980-я гг.)

У перыяд паляпшэння эканамічнай сітуацыі ў Беларусі ў канцы 2000-х і на пачатку 2010-х гг. гарадскія ўлады вярнуліся да тэмы тэрыторыі Падміколля. Прапаноўваліся самыя разнастайныя праекты: ад стварэння пачварных памераў гандлёва-забаўляльнага цэнтра, быццам прылепленага да верхняй броўкі плато гістарычнага цэнтра, да стварэння тут амфітэатра, безумоўна, натхнёнага віцебскім аналагам. Рэалізацыі гэтых і іншых праектаў перашкодзілі ў тым ліку пратэсты рэлігійнай грамадскасці і непасрэдна Свята-Мікольскага манастыра, што лічылі ўсю гэтую тэрыторыю месцам свайго ўплыву.

Мал. 9. Праект гандлёва-забаўляльнага цэнтра ў пойме р. Днепр (2000-я гг.)

Новы час — новыя амбітныя праекты

На пачатку 2010-х гг. разглядаліся два асноўныя варыянты развіцця тэрыторыі раёна Падміколля: або рэгенерацыя гістарычнай забудовы Пакроўскага пасада, або стварэнне вялікай паркавай зоны.

Канцэпцыя рэгенерацыі Пакроўскага пасада (Школішча) у Магілёве была распрацаваная Беларускім добраахвотным таварыствам аховы помнікаў гісторыі і культуры ў 2011 г. На падставе гістарычных дакументаў архітэктар_камі таварыства быў распрацаваны гісторыка-архітэктурны апорны план, а пазней і эскізны праект пасада, заснаваны на аднаўленні страчанай планіровачнай структуры вуліц і дамінантных архітэктурных аб’ектаў [10]. Можна сказаць, што нейкія прапановы, напрыклад аднаўленне будынкаў Пакроўскай царквы і званіцы ў стылі магілёўскага барока, былі рэалізаваныя. Пры гэтым агулам перавагу аддалі больш кансерватыўнаму і менш складанаму ў рэалізацыі варыянту — стварыць парк адпачынку «Падміколле».

Мал. 10. Канцэпцыя рэгенерацыі Пакроўскага пасада (Школішча) у Магілёве (2011 г.)

У 2014 г. пачалася рэалізацыя праекта, які па сутнасці быў рэінкарнацыяй як даваеннай ідэі, так і праекта 1980-х. На працягу некалькіх гадоў адбывалася маштабная зачыстка тэрыторыі ад самасеўных дрэваў і кустоўя, што выклікала заклапочанасць эколагаў і неабыякавых гараджан_ак. Нягледзячы на прысутнасць на пляцоўцы археолагаў Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта, ад працы спецтэхнікі пацярпеў і культурны слой. З’явілася і трыумфальная лесвіца, якая малявалася яшчэ ў даваенных планах і якая звязала гістарычны цэнтр на верхнім плато з «Падміколлем». Трэба адзначыць, што, нягледзячы на сур’ёзную падрыхтоўчую інжынерную працу, парк перыядычна сыходзіць пад ваду падчас вясновых паводак, як адбылося, напрыклад, у 2023 г.

Тое, што адбываецца з паркам «Падміколле» ўвесну, падсвечвае яшчэ адну праблему архітэктурна-горадабудаўнічых праектаў у поймах беларускіх гарадоў. Да ракі і яе наваколля часта ставяцца як да статычнага аб’екта, а на змены поймы цягам года глядзяць у парадыгме 1970–1980-х гг., калі асноўнымі інструментамі архітэктар_ак і інжынер_ак была падсыпка тэрыторыі і будаўніцтва дамбаў. Сусветная практыка апошніх дзесяцігоддзяў паказвае, што гарадскія ландшафты будуць больш устойлівымі і падрыхтаванымі да прыродных з’яў, калі акцэнт у іх праектаванні змесціцца у бок адаптацыі да кліматычных змен. У выпадку парку «Падміколле» выкарыстанне такога варыянта, як, напрыклад, стварэнне дажджавых садоў у межах падыходаў Water Sensitive Urban Design (праектаванне гарадскога асяроддзя, чуллівага да вады), дапамагло б улічыць сезонную дынаміку прыродных працэсаў у пойме і значна сэканоміць грошы гарадскому бюджэту — пазбавіць ад неабходнасці штогадовага рамонту паркавай інфраструктуры (больш падрабязна ў артыкуле Платформы «Гомель і клімат: праблемы адаптацыі»).

Мал. 11. Паводка на Дняпры ў Магілёве. Затоплены парк «Падміколле» (2023 г.)

Акрамя вышэйзгаданай праблемы паводак, так званаму «выхаду» на пойменныя тэрыторыі перашкаджае яшчэ і адсутнасць трывалых сувязяў паміж берагамі. Магілёў дзеліцца Дняпром амаль напалам на Кастрычніцкі (левы бераг) і Ленінскі (правы бераг) раёны. Жыхары і жыхаркі зрэдку выкарыстоўваюць такія найменні, часцей называючы ўсё левабярэжжа Задняпроўем, з асобным вылучэннем прыватнага сектара Лупалава. Абодва берагі ў гарадскіх межах злучаюцца трыма мастамі, з якіх самым загружаным з’яўляецца Пушкінскі, бо ён трапляе з галоўнага праспекта Задняпроўя — Пушкінскага — адразу ў цэнтр горада на супрацьлеглым баку ад Дняпра. Тым не менш для пешаходаў гэта не самы зручны варыянт, асабліва для тых, хто жыве ў раёне шматпавярховай забудовы каля дняпроўскага заліва. Менавіта таму многія гады абмяркоўваецца неабходнасць стварэння яшчэ аднаго моста, але гэтым разам менавіта пешаходнага. Згодна з планамі праекціроўшчы_ц, пешаходны мост павінен з’явіцца як працяг алеі парку з выхадам на супрацьлеглы бок Дняпра побач з Цэнтрам алімпійскага рэзерву па грэбельных відах спорту [11].

Мал. 12. Сітуацыйная схема з прапанаванымі 2 мастамі. Канцэпцыя развіцця парку «Падміколле». 2023 г.

Дадатковы (або альтэрнатыўны) мост таксама перыядычна «ўсплывае» ў СМІ. Ён мусіць быць размешчаны бліжэй да раёнаў шматпавярховай забудовы па вуліцах Златавустаўскага, Фаціна, Цярохіна, каб даць магчымасць жыхарам і жыхаркам гэтых раёнаў хутчэй трапляць на другі бераг прыблізна там, дзе рачулка Дзебра ўпадае ў Днепр. Праўда, на дадзены момант у гэтым месцы на правабярэжжы знаходзіцца толькі дняпроўскі поплаў. У той жа час за апошнія гады тэма будаўніцтва, у тым ліку жылля, у магілёўскай пойме стала вельмі актуальнай, напрыклад, у раёне вуліцы Падгорнай, для чаго быў распрацаваны адмысловы праект.

Мал. 13. Дэталёвы план жылой забудовы ў раёне вул. Падгорнай у Магілёве

Таксама ў 2024 годзе на гэтай жа пляцоўцы пачалося будаўніцтва таямнічага «Шматфункцыянальнага спартыўнага комплексу» (згодна з пашпартам аб’екта). Аднак знайсці нейкую пацверджаную інфармацыю па гэтым праекце вельмі складана, а ў Магілёве ходзяць чуткі, што гэта будзе доўгачаканы аквапарк, які за апошнія 30 гадоў паспеў змяніць ужо каля 10 патэнцыйных пляцовак, у тым ліку ў межах дняпроўскай поймы. З улікам усяго згаданага, можна спрагназаваць, што новы мост займеў больш шанцаў на рэалізацыю, але хутчэй ужо не ў выключна пешаходна-роварным варыянце. На дадзены момант патрапіць на гэтую тэрыторыю з боку цэнтра вельмі складана найперш праз вялікі перапад вышыняў паміж цэнтрам і поймай, а таксама з прычыны даволі шчыльнай сядзібнай забудовы раёна вуліцы Падгорнай. У любым разе рэалізацыя гэтага праекта будзе патрабаваць сур’ёзнай інжынернай падрыхтоўкі, бо, як паказваюць паводкі апошніх гадоў, Днепр усё яшчэ напоўніцу выкарыстоўвае пойменныя тэрыторыі.

 

Заключэнне

Водна-зялёныя сістэмы і ў асобных выпадках водна-зялёныя дыяметры з’яўляюцца важнай і неад’емнай часткай стабільнага развіцця і функцыянавання любога горада. У беларускім кантэксце найбольш удалым і вядомым прыкладам з’яўляецца ВЗД у Менску.

Паспяховы прыклад водна-зялёнага дыяметра ў Менску спарадзіў цэлы кірунак у пераасэнсаванні водна-зялёных рэсурсаў беларускіх гарадоў. На працягу 1970-1980-х гг. адбываўся паступовы разварот ад успрымання гарадскімі праекціроўшчы_цамі водных рэсурсаў гарадоў у выключна прагматычным інжынерна-камунальным вымярэнні да ўсведамлення важнасці гэтага элемента ў структуры горада ў экалагічным і аздараўленчым аспектах для гарадскіх жыхароў і жыхарак. Былі распрацаваныя адмысловыя рэкамендацыі па фарміраванні водна-зялёных сістэм, якія знайшлі сваё адлюстраванне ў генпланах і планах дэталёвага планавання розных гарадоў рэспублікі.

Тым не менш сучасныя выклікі, такія як змена клімату, патрабуюць дадатковага зруху ў разуменні ролі водна-зялёных сістэм у гарадах. Маючы экалагічную, аздараўленча-рэкрэацыйную і эстэтычную вартасць, водна-зялёныя сістэмы гарадоў адыгрываюць усё большую ролю ў адаптацыі населеных пунктаў да прыродных катаклізмаў, якія асабліва пашырыліся за апошняе дзесяцігоддзе.

Прыклад Магілёва дазваляе зразумець, што беларускія гарады дагэтуль жывуць у парадыгме «засваення» свайго прыроднага ландшафту, а часам і барацьбы са сваім прыродным асяроддзем. Часта архітэктар_кам, горадабудаўнікам, інжынер_кам і гарадскім уладам не хапае разумення таго, як антрапагенныя кампаненты горада (гарадская забудова і вуліцы) могуць і павінны супрацоўнічаць з прыродным асяроддзем. І ў такіх выпадках мы атрымліваем візуальна прывабныя, але няўстойлівыя і небяспечныя дадатковымі выдаткамі праекты, такія як парк адпачынку «Падміколле» ў Магілёве, які пры першай жа моцнай залеве ці вясновай паводцы сыходзіць пад ваду. Як здаецца нам з улікам гістарычнага экскурсу, багатая і амбітная беларуская традыцыя працы з водна-зялёнымі рэсурсамі ў гарадах здольная дапамагчы планіроўшчы_цам у Беларусі і сёння трымаць куды больш высокую планку якасці, устойлівасці і эфектыўнасці.

 

Крыніцы:

  1. Вилейско-Минская водная система / В.Н. Плужников, Р.А. Станкевич, М.И. Малижонок, Д.Ф. Жуков. — Минск : «Университетское», 1987. — 63 с.

  2. Брест одним из первых в стране разработал стратегию озеленения. Рэжым доступу: https://www.sb.by/articles/peyzazh-v-zelenykh-tonakh.html. Дата доступу: 16.12.2024.

  3. Горб, А. Могилев: Конечного результата в развитии города не бывает. Рэжым доступу: https://ais.by/story/59. Дата доступу: 16.12.2024. 

  4. Кишик, Ю.Н. Белорусский город в ретроспективе XX в. — Минск : «Беларуская навука», 2019. — 417 с.

  5. Генеральные планы разных лет. ОАО «Институт Гомельгражданпроект». Рэжым доступу: http://iggp.by/istoricheskie-proekty/generalnye-plany-raznykh-let.html. Дата доступу: 16.12.2024. 

  6. Гомель. Энциклопедический справочник. — Минск : Белорусская Советская Энциклопедия, 1991. — 528 с.

  7. Лысенко, А.В. Градостроительное освоение пойменных территорий Белорусской ССР: [монография] / А. В. Лысенко [и др.]; под ред. А. В. Лысенко. — Минск : Вышэйшая школа, 1986. – 122 с.

  8. Архитектурно-планировочная организация водно-зеленых систем и рекреационных территорий в городских поселениях БССР: рекомендации по совершенствованию территориальных организаций Белорусской ССР/ БЕЛНИИПградостроительства; рук. Г.А. Потаев. — Минск : Полымя, 1987. — 31 с.

  9. О наводнениях в Беларуси. Рэжым доступу: https://www.belgidromet.by/ru/news-ru/view/o-navodnenijax-v-belarusi-6852/. Дата доступу: 16.12.2024. 

  10. Астаповіч, А.А. Канцэпцыя рэгенерацыі Пакроўскага пасаду (Школішча) у г. Магілёве. Аб’ект 2011 – 6 – 6. Архіўна-бібліяграфічныя вышуканні. (Тлумачальная запіска).  Рэжым доступу: https://www.academia.edu/36350677/%D0%9A%D0%B0%D0%BD%D1%86%D1%8D%D0%BF%D1%86%D1%8B%D1%8F_%D1%80%D1%8D%D0%B3%D0%B5%D0%BD%D0%B5%D1%80%D0%B0%D1%86%D1%8B%D1%96_%D0%9F%D0%B0%D0%BA%D1%80%D0%BE%D1%9E%D1%81%D0%BA%D0%B0%D0%B3%D0%B0_%D0%BF%D0%B0%D1%81%D0%B0%D0%B4%D1%83_%D0%A8%D0%BA%D0%BE%D0%BB%D1%96%D1%88%D1%87%D0%B0_%D1%9E_%D0%B3_%D0%9C%D0%B0%D0%B3%D1%96%D0%BB%D1%91%D0%B2%D0%B5_%D0%90%D0%B1_%D0%B5%D0%BA%D1%82_2011_6_6_%D0%90%D1%80%D1%85%D1%96%D1%9E%D0%BD%D0%B0_%D0%B1%D1%96%D0%B1%D0%BB%D1%96%D1%8F%D0%B3%D1%80%D0%B0%D1%84%D1%96%D1%87%D0%BD%D1%8B%D1%8F_%D0%B2%D1%8B%D1%88%D1%83%D0%BA%D0%B0%D0%BD%D0%BD%D1%96_%D0%A2%D0%BB%D1%83%D0%BC%D0%B0%D1%87%D0%B0%D0%BB%D1%8C%D0%BD%D0%B0%D1%8F_%D0%B7%D0%B0%D0%BF%D1%96%D1%81%D0%BA%D0%B0_. Дата доступу: 16.12.2024.

  11. Разработка концепции благоустройства части городского парка в Подниколье ISTOK. ОАО «Институт Могилевгражданпроект». Рэжым доступу: https://mogilev.gov.by/downloads/investments/ISTOK.pdf. Дата доступу: 16.12.2024.

 

Крыніцы малюнкаў:

  1. Мал 1. Схема водна-зялёнага дыяметра Гомеля ў генплане 1972 г.

    Крыніца: https://iggp.by/istoricheskie-proekty/generalnye-plany-raznykh-let.html

  2. Мал 2. Рэкамендаваныя параметры водна-зялёных сістэм буйных гарадоў

    Крыніца: Архитектурно-планировочная организация водно-зеленых систем и рекреационных территорий в городских поселениях БССР: рекомендации по совершенствованию территориальных организаций Белорусской ССР/ БЕЛНИИПградостроительства; рук. Г.А. Потаев. — Минск : Полымя, 1987, с. 10.

  3. Мал 3. Функцыянальна-планіровачная арганізацыя водна-зялёнай сістэмы ўздоўж асноўнай ракі ў буйным горадзе.

    Крыніца: Архитектурно-планировочная организация водно-зеленых систем и рекреационных территорий в городских поселениях БССР: рекомендации по совершенствованию территориальных организаций Белорусской ССР/ БЕЛНИИПградостроительства; рук. Г.А. Потаев. — Минск : Полымя, 1987, с. 17.

  4. Мал 4. Функцыянальна-планіровачная арганізацыя водна-зялёнай сістэмы ўздоўж малой ракі ў буйным горадзе.

    Крыніца: Архитектурно-планировочная организация водно-зеленых систем и рекреационных территорий в городских поселениях БССР: рекомендации по совершенствованию территориальных организаций Белорусской ССР/ БЕЛНИИПградостроительства; рук. Г.А. Потаев. — Минск : Полымя, 1987, с. 18.

  5. Мал 5. Схема-рэканструкцыя старога горада Магілёва і яго пасадаў на канец XVII ст.

    Крыніца:https://karty.by/%D0%B2%D0%B7%D0%B3%D0%BB%D1%8F%D0%B4-%D0%B8%D0%B7-%D0%BD%D0%B0%D1%81%D1%82%D0%BE%D1%8F%D1%89%D0%B5%D0%B3%D0%BE/mohilew-17-vek%D0%B5/

  6. Мал 6. Паводка ў Магілёве на пачатку ХХ ст.

    Крыніца:https://commons.wikimedia.org/wiki/File:Mahilo%C5%AD,_Rynak-Dniapro._%D0%9C%D0%B0%D0%B3%D1%96%D0%BB%D1%91%D1%9E,_%D0%A0%D1%8B%D0%BD%D0%B0%D0%BA-%D0%94%D0%BD%D1%8F%D0%BF%D1%80%D0%BE_(1904).jpg

  7. Мал 7. Фрагмент дэталёвага плана цэнтра г. Магілёва 1938 г. У верхнім левым куце паказаныя прапановы па трансфармацыі гістарычнага цэнтра, у ніжнім левым —  р. Днепр, ніжняя частка — прапановы па парку 

    Крыніца: https://www.etomesto.ru/img_map.php?id=7815

  8. Мал 8. Праект парку «Падміколле» (1980-я гг.)

    Крыніца: Лысенко, А.В. Градостроительное освоение пойменных территорий Белорусской ССР: [монография] / А. В. Лысенко [и др.]; под ред. А. В. Лысенко. — Минск : Вышэйшая школа, 1986., с. 60.

  9. Мал 9. Праект гандлёва-забаўляльнага цэнтра ў пойме р. Днепр (2000-я гг.)

    Спампавана з адкрытых крыніц у 2024 годзе

  10. Мал 10. Канцэпцыя рэгенерацыі Пакроўскага пасада (Школішча) у Магілёве (2011 г.)

    Крыніца: https://planetabelarus.by/publications/raspratsavana-kantseptsyya-adradzhennya-adnago-z-gistarychnykh-pradmestsya-magilyeva/

  11. Мал 11. Паводка на Дняпры ў Магілёве. Затоплены парк «Падміколле» (2023 г.)

    Крыніца: https://www.facebook.com/photo?fbid=234883249208778&set=pcb.23488333920876

  12. Мал 12. Сітуацыйная схема з прапанаванымі 2 мастамі. Канцэпцыя развіцця парку «Падміколле». 2023 г.

    Крыніца: Разработка концепции благоустройства части городского парка в Подниколье ISTOK. ОАО «Институт Могилевгражданпроект». Рэжым доступу: https://mogilev.gov.by/downloads/investments/ISTOK.pdf, с. 31.

  13. Мал 13. Дэталёвы план жылой забудовы ў раёне вул. Падгорнай у Магілёве.

    Крыніца: https://mogilev.gov.by/downloads/archit/Podgornaia-25.23-Ekspozitciia.pdf

 

Чытаць яшчэ:

Next
Next

Зялёная сталіца Еўропы. Валенсія як прыклад пераасэнсавання ролі прыроды ў горадзе