Зялёная сталіца Еўропы. Валенсія як прыклад пераасэнсавання ролі прыроды ў горадзе
Каб крыху падоўжыць лета і цёплае надвор’е, якое сышло з надыходам восені, мы прапануем пазнаёміцца з паўднёвым горадам на ўзбярэжжы Міжземнага мора, які смела выкарыстоўвае «зялёныя» рашэнні на сваім шляху да ўстойлівай будучыні.
Уводзіны
У размовах пра водныя сістэмы гарадоў важна знаёміцца з сусветнымі прыкладамі, якія адлюстроўваюць складанае паходжанне водных сістэм і фарміраванне вакол іх гарадоў, а таксама прапануюць метады і практыкі падтрымкі, устойлівага развіцця і ўзаемадзеяння паміж горадам і прыроднымі сістэмамі. Адзін з такіх прыкладаў — горад Валенсія на міжземнаморскім узбярэжжы Іспаніі, «Зялёная сталіца Еўропы 2024», які сваім прыкладам паказвае радыкальныя і нюансныя рашэнні ў барацьбе і прыняцці прыроды водных аб’ектаў. Фокус на Іспаніі з’явіўся невыпадкова: яна паступова стала галоўным барацьбітом за клімат у Еўропе і нязменна прапануе добрыя ўзоры ўстойлівых «зялёных» практык [28].
Пры гэтым паглядзець на Валенсію важна і яшчэ з аднаго боку. У кастрычніку 2024 года горад трапіў у сусветныя навіны з нагоды катастрафічнай паводкі, у якой загінула шмат людзей, нават больш, чым пры іншай маштабнай паводцы 67 гадоў таму [29]. Зразумела, што прычыны паводкі заключаюцца ў зменах клімату, але ці можна было б прадухіліць такія катастрафічныя вынікі на мясцовым узроўні? Як суадносяцца роля глабальнага кліматычнага крызісу і адказнасць мясцовых гарадскіх службаў і кіруючых асоб?
Валенсія як горад
Валенсія — трэці за колькасці насельніцтва і сацыяльна-эканамічным статусе горад Іспаніі і сталіца аднайменнага рэгіёна [1]. Горад быў заснаваны як калонія ў часы Рымскай імперыі на тэрыторыі так званай прасторы абалон і лагун Альбуферы (прыроднага пейзажу рэгіёна), на рачным востраве ва ўтоку ракі Турыя [1, 2]. Паказальна тое, што горад пачаў фарміравацца не на ўзбярэжжы Міжземнага мора, што можа падавацца лагічным у кантэкце марскіх перасоўванняў рымлян, а ва ўтоку ракі «за 3000 крокаў ад мора» [2], на левым узбярэжжы, на скрыжаванні Турыі з рымскай дарогай з Італіі ў Андалусію. Горад фарміраваўся ўдалечыні ад мора яшчэ і таму, што тэрыторыі вакол ракі характарызаваліся надзвычай урадлівай для вядзення сельскай гаспадаркі глебай, пры гэтым заставалася добрая сувязь паміж ракой і морам [1,3].


Толькі напрыканцы XIX стагоддзя, у 1898 годзе, пасля разбурэння гарадскіх сцен і з’яўлення закона аб пашырэнні горада адбылася спроба наблізіць Валенсію да мора. Тады быў узгоднены праект будаўніцтва гарадской магістралі Avenida de Valencia al mar з ідэямі фарміравання горада-саду [2]. Ідэя існавала ў задумах і праектах амаль да канца XX стагоддзя, але не была рэалізаваная праз маштабнасць і неабходнасць знішчэння часткі жылога квартала [4].
Avenida de Valencia al mar, Крыніца
Пачатак XX стагоддзя ўсё яшчэ характарызаваўся перыядам інтэнсіўнай сельскагаспадарчай дзейнасці, якая дагэтуль застаецца культурнай і прыроднай спадчынай горада. Тым не менш горад працягваў расці і індустрыялізавацца, экалагічны аспект адыходзіў на другі план, а палітыка забеспячэння харчаваннем павялічвала нагрузку на ўрадлівыя тэрыторыі і водную інфраструктуру. Само ўзбярэжжа мора складана развіваць і ўключаць ў гарадское асяроддзе яшчэ і таму, што пабудаваная пры вялікай вадзе структура даволі аўтаномная, дэцэнтралізаваная ў развіцці і прыстасаваная пад абслугоўванне насельніцтва, якое працуе ў моры ды ў порце [5].
Генеральны план горада Валенсіі 1946 г., Крыніца
У 1957 годзе адбылася самая разбуральная падзея ў гісторыі Валенсіі — буйная паводка, якая значна паўплывала на далейшае планаванне горада. І хаця за сем стагоддзяў да гэтай трагічнай падзеі адбылося не менш за 75 іншых паводак [6], 1957-ы стаў найбольш трагічным. Гарадскія тэрыторыі, што да таго часу разрасліся паабапал ракі, праз моцны дождж, які ішоў цягам трох дзён, сышлі пад ваду. Некаторыя вуліцы аказаліся пад пяціметровай тоўшчай вады, а гістарычны партовы раён Nazaret увогуле быў адрэзаны ад астатняй часткі горада [6]. На той момант ужо існавала вялікая колькасць праблем, якія ў выніку павялічылі эфект паводкі. Напрыклад, гарадская каналізацыя мела выхад толькі ў рэчышча ракі, а актыўная ўрбанізацыя на ўсход, да мора, адбывалася на тэрыторыях фруктовых садоў і забагненых месцах, праз дрэнную папярочную пранікальнасць непрыдатных для гарадскога планавання і адыходу вады [7].


У выніку трагедыі горад прыйшоў да праекта Plan Sur, які прадугледжваў перанос першапачатковага рэчышча на поўдзень у абыход асноўнай забудаванай часткі горада. Праект не толькі дапамог зменшыць рызыкі будучых затапленняў, але і паспрыяў абмежаванню ўрбанізацыі на поўдні. Дзякуючы праекту было вырашанае пытанне транспартных сувязяў [7, 8] і захаваны ўнікальны прыродны ландшафт горада. Быў створаны вялікі лінейны парк, які прайшоў амаль праз увесь горад. Пытанне з былым рэчышчам ракі вырашылася на карысць гараджан_ак і экалагічнай устойлівасці, а не транспартнай інфраструктуры. Такім чынам, катастрофа паслужыла ўрокам для горада і паспрыяла пераасэнсаванню яго палітыкі ў адносінах да навакольнага асяроддзя.


Валенсія як водна-зялёная экасістэма
Унікальны ландшафт Валенсіі і навакольнага рэгіёна складаецца з некалькіх элементаў: рака Турыя, Альбуфера Валенсіі (Albufera de Valencia), алювіяльная раўніна, занятая гістарычнымі сельскагаспадарчымі актыўнасцямі (La Huerta), і Міжземнае мора. Чатыры пейзажы рознай культурнай і прыроднай каштоўнасці робяць акцэнт на вадзе як знакавым элеменце развіцця горада [9].

Рака Турыя і два яе рэчышчы — тая самая водная прастора, якая паспрыяла заснаванню горада Валенсія і якая амаль зруйнавала яго падчас паводкі ў мінулым стагоддзі. Рака пачынаецца ў горнай мясцовасці за 280 кіламетраў ад горада і Міжземнага мора, куды яна ўпадае, і значна адрозніваецца на розных участках свайго шляху. А горадам, дзе яна дасягае найбольшай буйнасці, яна якраз-такі спажываецца даволі інтэнсіўна для падтрымкі навакольных сельскагаспадарчых тэрыторый [10].
Інжынерная тэхніка паспрыяла змяненню рэчышча ракі і павелічэнню бяспекі горада ад будучых паводак. З іншага боку, горад фактычна страціў раку, на якой быў заснаваны. Пасля перамяшчэння воднай плыні ў Валенсіі вызвалілася каля 110 гектараў зямлі, што расцягнуліся на больш як дзевяць кіламетраў [11]. Улада Франсіска Франка, якая ў той час кіравала Іспаніяй, думала ў эканамічных катэгорыях і хацела спалучыць другі па велічыні порт ў краіне са сталіцай, таму тэрыторыя былога рэчышча бачылася выдатнай магчымасцю ўзвесці буйную транспартную інфраструктуру. Цікава, што гараджан_кі ў часы дыктатуры Франка былі здольныя выказваць сваю незадаволенасць і нават стварылі грамадскі рух па адстойванні тэрыторыі, каб зрабіць яе зялёнай і даступнай для людзей. Галоўным дэвіз таго руху — «El llit del Túria és nostri i el volem verd» («Рэчышча Турыі наша, і мы хочам, каб яно была зялёным») [11].
Такая грамадская актыўнасць журналіст_ак, архітэктар_ак, студэнт_ак, гандляр_ак і звычайных гараджан_ак [12] паспрыяла не толькі зменам ў гарадскім асяроддзі таго часу, але і фарміраванню ўстойлівай пазіцыі жыхар_ак горада ў прыняцці рашэнняў пра такія змены. Падобная сітуацыя захоўваецца дагэтуль. У 1979 годзе, пасля падзення дыктатуры, новая дэмакратычная адміністрацыя краіны ўзгадніла змены ў генеральным плане горада на карысць азелянёнай грамадскай зоны, кіраванне якой перайшло да мясцовай, гарадской, адміністрацыі. А ў 1986 годзе ў Валенсіі распачалася праца над лінейным горадам-садам — самым працяглым паркам у Еўропе, які звязвае гістарычны цэнтр горада з портам [12].
Будаўніцтва лінейнага парку ў былым рэчышчы ракі Турыя, Крыніца
Альбуфера Валенсіі — вялікая водна-балотная тэрыторыя за дзесяць кіламетраў ад горада Валенсія, дзе знаходзіцца самая вялікае прыроднае возера Іспаніі. Рэгіён валодае найвялікшым экалагічным багаццем дзякуючы балоцістай мясцовасці, што на працягу ўсяго года выконвае транзітную функцыю для вялікай колькасці птушак і з’яўляецца домам для шматлікіх відаў раслін [13]. Адна з найбольшых прыродных зон Іспаніі [14] Альбуфера займае каля 21 тысячы гектар, большасць з якіх — гэта рысавыя палі. Водна-балотнае ўгоддзе ўключае цэнтральную лагуну, вялікую сістэму ірыгацыйных каналаў для абслугоўвання сельскагаспадарчых патрэб, адасобленую ад мора пясчанай паласой і звязаную з ім дрэнажнымі каналамі [15, 16]. Пры тым што вырошчванне рысу з’яўляецца даволі вялікай антрапагеннай нагрузкай на тэрыторыю, сама наяўнасць рысу як расліны стварае важнае асяроддзе для функцыянавання экалагічнай сістэмы Альбуферы і традыцыйнай эканамічнай дзейнасці насельніцтва гэтага рэгіёна [17].
Значнасць гэтага прыроднага комплексу таксама пацвярджаецца сусветнымі канвенцыямі, напрыклад Рамсарскай, што дапамагае захоўваць і абараняць лёгка разбуральныя тэрыторыі [15]. Як адзначаюць даследчыкі, возера зменшылася прыкладна на дзве трэція ад таго, якім яно было ў XIX стагоддзі, калі сягала Валенсіі [17]. Акрамя таго, сучасны стан Альбуферы пагаршаецца з некалькіх прычын: забруджванне вады і парушэнне воднага рэжыму праз вялікі ўплыў урбанізацыі; дэмаграфічны ўсплёск; развіццё транспартнай і партовай інфраструктуры; сельскагаспадарчая і прамысловая дзейнасць, а апошнім часам яшчэ і праз павялічаную нагрузку ад турыстычнай і рэкрэацыйнай дзейнасці [15, 18].
La Huerta — унікальны культурны ландшафт, які адлюстроўвае гісторыю і ідэнтычнасць як горада, так і ўсяго рэгіёна. Гэта зона адыгрывае вялікую ролю ва ўстойлівым развіцці Валенсіі, бо праз сваю сельскагаспадарчую функцыю гарантуе мясцоваму насельніцтву харчовую бяспеку. Да таго ж яна дапамагае прадухіляць прыродныя катаклізмы, стрымлівае негатыўныя наступствы ўрбанізацыі і змены клімату, пры гэтым выступаючы зялёнай прасторай для рэкрэацыі і сацыялізацыі мясцовых жыхар_ак і гасцей рэгіёна [9]. Гістарычная сувязь гідраўлічных сістэм ірыгацыі з ракой Турыя з XII стагоддзя забяспечвала добрую працу сельскай гаспадаркі і з’яўляецца важнай часткай воднай спадчыны Валенсіі [9].
Міжземнае мора — прастора, найбольш зразумелая для ўзаемадзеяння з горадам і пры гэтым найменш звязаная з ім. Горад, які знаходзіцца на міжземнаморскім ўзбярэжжы і з’яўляецца партовым, пры гэтым не ёсць марскім [19]. Разварот Валенсіі спінай да мора звязаны з гісторыяй яе заснавання і развіцця, але праца з марскім узбярэжжам усё яшчэ не пераасэнсаваная [19]. Адсутнасць марской набярэжнай і лёгкага падыходу да вады не толькі ўплывае на жыццё мясцовых жыхар_ак, якія могуць месяцамі ці нават гадамі не бачыць мора [19], але і хавае іншы патэнцыял горада.
Яшчэ адна праблема недастатковай працы з морам — гэта павышэнне ўзроўню вады і неадаптаванасць горада да магчымых падтапленняў [27], але ўжо з боку мора, а не ракі, як гэта было ў мінулым стагоддзі. Па прагнозах, ужо ў 2030 годзе вада можа актыўна падступіць да горада і заняць значную частку порта, вялікай прамысловай зоны, а таксама бліжэйшых раёнаў.
Такім чынам, чатыры ўнікальныя ландшафты Валенсіі ствараюць адзіную экасістэму рэгіёна і патрабуюць значнага клопату ў інтарэсах будучых пакаленняў. Экалагічны дыскурс стаў часткай лакальнага мэйнстрыму напрыканцы мінулага стагоддзя пасля прыходу дэмакратычнай улады і замацаваўся ў стратэгіях устойлівага развіцця будучыні горада і рэгіёна, што адзначыла журы пры наданні Валенсіі тытула «Зялёная сталіца Еўропы 2024».
Валенсія як Зялёная сталіца Еўропы 2024
Не сакрэт, што хуткі рост гарадоў — гэта крыніца вялікіх экалагічных праблем. Мясцовыя органы ўлады маюць дастаткова інструментаў для падтрымкі інавацыйных падыходаў да іх вырашэння ці змяншэння ўплыву. У 2008 годзе была заснаваная спецыяльная прэмія, якая адзначае найлепшыя спробы гарадоў і мясцовых улад на шляху да ўстойлівага развіцця — «Зялёная сталіца Еўропы». Звычайна ў конкурсе ўдзельнічае дзве катэгорыі гарадоў у залежнасці ад колькасці насельніцтва, якое там пражывае: больш за 100 тысяч гараджан_ак і ад 20 да 100 тысяч [20]. Сёлета віншаванні прымала Валенсія.
Узнагарода, якая па выніках экалагічных паказчыкаў прысуджаецца Еўракамісіяй пэўнаму гораду Еўразвяза, улічвае шмат крытэрыяў, якія спрыяюць паляпшэнню экалагічнага стану горада: ад тэхнічных і навуковых змен да змен сацыяльна-эканамічных, напрыклад удзелу гараджан_ак у прыняцці рашэнняў і ажыццяўленні змен у гарадское асяроддзе. Яшчэ адна мэта гэтай узнагароды — павысіць абазнанасць розных актараў гарадскіх палітык і звычайных гараджан_ак у кліматычных зменах, экалагічных праблемах, а таксама паказаць ім інструменты для працы над гэтымі выклікамі. Узнагарода таксама з’яўляецца адной са стратэгій па рэалізацыі Еўрапейскай зялёнай угоды Green Deal [21].
Па словах аднога са старшынь камісіі Віргініюса Сінкявічуса, Валенсія атрымала званне «Зялёнай сталіцы» дзякуючы сваёй амбітнай стратэгіі ўстройлівага развіцця, у якой яна прадэманстравала, як засвойваць урокі мінулага. Апрача таго, на працягу многіх дзесяцігоддзяў горад рухаўся наперад дзякуючы адважнаму грамадскаму руху, які падтрымліваў рэальныя і важныя для саміх гараджан_ак змены ў горадзе. Людзі — гэта вялікі скарб Валенсіі. Таму горад яшчэ больш падтрымае сваіх гараджан_ак у рэалізацыі змен, патрэбных для будаўніцтва лепшай будучыні. [22]
Стратэгія развіцця прадугледжвае, што гарадскія ўлады разам з жыхар_камі працуюць над дасягненнем мэт кліматычнай нейтральнасці і аховай навакольнага асяроддзя [21, 23]. Такім чынам, удзельніцкі падыход эфектыўна ўключае і спалучае працу як над экалагічнымі праблемамі, так і над сацыяльна-грамадскімі.
Валенсія — Зялёная сталіца Еўропы, Крыніца
Урокі Валенсіі
Чаму можа навучыць досвед Валенсіі ў пераходзе ад прысваення прыроднага асяроддя да клопату і ўзаемадзеяння з ім?
Па-першае, у працы над сучаснымі мясцовымі і глабальнымі праблемамі горада і яго наваколля мае сэнс абапірацца на шматузроўневае ўзаемадзеянне. Адзін з вельмі яскравых у гэтым сэнсе прыкладаў — рух па дасягненні кліматычных мэт [24]. У Валенсіі ўлады ствараюць шматузроўневую «прастору ўзаемадзеяння», каб забяспечыць каардынацыю, а таксама комплексную і дэцэнтралізаваную рэалізацыю мэт горадам, краінай і Еўразвязам. Кліматычная місія Валенсіі-2030 прасоўваецца праз канцэпцыю «пяцікратнай спіральнай сістэмы» (Quintuple Helix framework), пабудаванай на супрацы пяці элементаў: прыватнага сектара, дзяржаўнага сектара, акадэмічнага кола, гараджан_ак і СМІ [24].
Рэалізацыю такой мадэлі кіравання можна разгледзець на прыкладзе La Huerta, гістарычнага сельскагаспадарчага ландшафту. La Huerta знаходзіцца пад юрысдыкцыяй 40 мясцовых органаў улады, у тым ліку кіруючай улады самога горада, і лічыцца стратэгічным месцам для барацьбы са зменай клімату ў рэгіёне. Тут змякчыць наступствы змены клімату дапамагло прасоўванне мясцовых і ўстойлівых харчовых сістэм. Гэта дазволіла скараціць выкіды і дало жыхар_кам рэгіёна сацыяльную падтрымку. Патэнцыял гэтага раёна для захоўвання вугляроду забяспечвае дадатковыя перавагі. Далучэнне ландшафту да сеткі прыгараднай водна-зялёнай інфраструктуры дазваляе знізіць эфект цеплавых выспаў і прадухіліць паводкі [24].
Прастора ўзаемадзеяння, Крыніца
Па-другое, мае сэнс захоўваць сельскагаспадарчую спадчыну праз дызайн гарадскіх водна-зялёных прастор. Вада — дэфіцытны і каштоўны рэсурс, асабліва ў Міжземнаморскім рэгіёне. Апошнім часам дзякуючы павышэнню экалагічнай свядомасці стратэгія водакарыстання ўлічвае і якасныя аспекты, злучаючы іх з адпаведнасцю ландшафту і інтэграцыяй гарадскіх і прыродных працэсаў.
Каналы, равы, ірыгацыйныя сажалкі, а таксама мадэляванне рэльефу з дапамогай падпорных сценак для стварэння тэрас і ўтрымання дажджавой вады — вось некаторыя з архетыповых элементаў, традыцыйна звязаных з выкарыстаннем вады ў сельскагаспадарчых мэтах у Міжземнаморскім рэгіёне [26]. Яны спрыяюць водапранікальнасці і інфільтрацыі, змяншэнню забруджання рэк праз мінімізацыю гарадскога сцёку і, дзе гэта магчыма, аднаўленню гідралагічных умоў да даўрбанізацыйнага становішча. Гэтыя гістарычна правераныя рашэнні для эфектыўнага кіравання воднымі рэсурсамі ўтвараюць аўтэнтычны антрапагенны ландшафт мясцовасці [25].
Сельская гаспадарка як культурны ландшафт прадугледжвае геаметрычную арганізацыю тэрыторыі. Раўкі ўяўляюць сабою паралельныя простыя лініі, дрэвы высаджаныя на адной лініі ці сетцы, а сельскагаспадарчыя ўгоддзі — гэта прастакутнікі ці трапецыі. Усё гэта ў тэрытарыяльным маштабе складаецца ў мазаіку. Падпорныя сценкі, басейны, арашальныя каналы — таксама элементы, геаметрыя якіх дэманструе штучную прыроду чалавечай працы. Фермеры імкнуцца не імітаваць прыроду, а рацыянальна ператвараць яе для атрымання ежы і энергіі. Гэтыя два аспекты — эфектыўнае кіраванне воднымі рэсурсамі і характар культурнага ландшафту, сфарміраванага геаметрыяй, — робяць міжземнаморскі сельскагаспадарчы ландшафт фундаментальным эталонам, здольным прапанаваць набор марфалагічных мадэляў для новых водна-зялёных гарадскіх ландшафтаў [25, 26].



Нягледзячы на тое, што прыклады ўстойлівых практык адносяцца да горада ў Міжземнамор’і, беларускім гарадам таксама ёсць чаму павучыцца. Паколькі кіраванне і менеджмент рэсурсаў, а таксама элементы лакальнай спадчыны ў культурнай, эканамічнай і сацыяльнай дзейнасці могуць эфектыўна распрацоўвацца ў самым розным кантэксце, досвед Валенсіі можна лічыць добрым інструментам у працы і кіраванні прыроднымі рэсурсамі горада ў комплекснай сістэме прыродных гарадскіх і рэгіянальных рэсурсаў.
Паводка ў кастрычніку 2024
На момант фінальнай падрыхтоўкі публікацыі ў Валенсіі адбылася катастрафічная паводка, якая па колькасці ахвяр і разбурэнняў пераўзышла паводку 1957 года. Па ўсім свеце пранеслася навіна пра тое, што ў Валенсійскім рэгіёне за восем гадзін выпала гадавая норма дажджавых ападкаў, што і прывяло да катастрафічных наступстваў [30]. Відавочна, што такія экстрэмальныя з’явы звязаныя з кліматычнымі зменамі, асабліва з павышэннем тэмпературы Міжземнага мора. Пасля двух гадоў працяглай засухі па ўсёй Іспаніі прайшлі DANA (скарот ад Depresion Aislada en Niveles Altos) — характэрныя для прыбярэжнага рэгіёна Іспаніі і Францыі спецыфічныя атмасферныя з’явы, якія суправаджаюцца экстрэмальнымі па інтэнсіўнасці ападкамі [30].
Паводка ў Валенсіі ў кастрычніку 2024 г., Крыніца — іншыя выявы «да і пасля» таксама можна паглядзець па спасылцы
Ведаючы пра такія з’явы, гарадскія службы, каб мінімізаваць пагрозу для людзей, павінны рэагаваць аператыўна. Гэтым разам гарадскія ўлады Валенсіі ацанілі крызісную сітуацыю на два балы з трох, а апавяшчэнні пра паводку былі разасланыя толькі праз 10 гадзін пасля давядзення прагнозаў да кіруючых службаў горада, што стала крытычным для многіх людзей [29, 30]. Такім чынам, не было зроблена ўсё магчымае, каб пазбегнуць чалавечых ахвяр. Гараджан_кі скардзіліся, што адчувалі сябе пакінутымі дзяржавай і самаарганізоўваліся праз валанцёрскія групы [30].
Варта адзначыць, што ў Беларусі таксама існуе сістэма смс-апавяшчэння пра экстрэмальныя ўмовы надвор’я. Наколькі беларусы звыклі давяраць такім апавяшчэнням, пытанне адкрытае, але мясцовыя навіны ўсё роўна расказваюць пра ахвяры. Самі гарадскія службы лічаць, што адных смс недастаткова, і плануюць задзейнічаць сірэны, каб нагадаць пра магчымыя наступствы экстрэмальных з’яў надвор’я [31]. Здольнасць самаарганізоўвацца дзеля мінімізацыі наступстваў розных катаклізмаў беларускае грамадства даказвала неаднойчы, аднак, на жаль, рабіла гэта не дзякуючы дзяржаўнай падтрымцы, а насуперак штучна створаным уладамі перашкодам.
Крыніцы
Serra Albert N. Escuela técnica superior de arquitectura de valencia, Máster Universitario en Arquitectura, Curso 2019-2020.
History of the city. (n.d.). unesco.org. Рэжым доступу: https://whc.unesco.org/archive/websites/valencia/us/city/pgs/cit.history.htm Дата доступу: 26 лістапада 2024
Durá-Aras, M., Gielen, E., Palencia-Jiménez, J., & Miralles-García, J. L. (2023). Bridges over the River Turia: Genesis of the Urban History of Valencia. Land, 12(12), 2175. Рэжым доступу: https://doi.org/10.3390/land12122175 Дата доступу: 26 лістапада 2024
Goerlich, F. (n.d.). Valencia: Paseo Valencia al Mar. Рэжым доступу: https://fundaciongoerlich.blogspot.com/2021/02/valencia-paseo-valencia-al-mar.htm Дата доступу: 26 лістапада 2024
Valencia de espaldas al mar. La ciudad sin Waterfront. (2020, December 2). Arquitectura. Рэжым доступу: https://arquitecturayempresa.es/noticia/valencia-de-espaldas-al-mar-la-ciudad-sin-waterfront Дата доступу: 26 лістапада 2024
Las cosas del clima. (n.d.) Рэжым доступу: http://eltiempo.lasprovincias.es/las-cosas-del-clima/riada-valencia-del-14-octubre-1957 Дата доступу: 26 лістапада 2024
Levante-Emv. (2007, October 12). La importancia hidráulica y urbanística del Plan Sur. Levante-EMV. Рэжым доступу: https://www.levante-emv.com/valencia/2007/10/12/importancia-hidraulica-urbanistica-plan-sur-13527727.html Дата доступу: 26 лістапада 2024
Hispagua. OP28. Río y ciudad: el caso de Valencia. (n.d.). Рэжым доступу: https://hispagua.cedex.es/sites/default/files/hispagua_articulo/op/28/op28_4.htm Дата доступу: 26 лістапада 2024
Generalitat Valenciana. (n.d.). La Huerta de Valencia: una oportunidad histórica. Un lugar central: el Área Metropolitana de Valencia. In www.upv.es. Рэжым доступу: https://www.upv.es/contenidos/CAMUNISO/info/U0550137.pdf Дата доступу: 26 лістапада 2024
El río Turia, el río escultor. (n.d.). Рэжым доступу: https://www.uv.es/charco/documentos/turia.htm Дата доступу: 26 лістапада 2024
I giardini del Turia di Valencia: storia di un parco che doveva essere un’autostrada. (2018, March 6). https://www.bikeitalia.it/. https://www.bikeitalia.it/2018/03/06/giardini-turia-valencia-storia-un-parco-doveva-unautostrada/ Дата доступу: 26 лістапада 2024
Il Turia, fiume “verde” di Valencia: da problema a risorsa. (n.d.). Azioniquotidiane. Рэжым доступу: https://www.azioniquotidiane.info/articoli/progettare-la-citt%C3%A0-paesaggi-urbani-politiche/il-turia-fiume-%E2%80%9Cverde%E2%80%9D-di-valencia-da Дата доступу: 26 лістапада 2024
Barceló Hotel Group. (2024, October 22). La Albufera de Valencia, un tesoro de la naturaleza. Barceló Experiences. Рэжым доступу: https://www.barcelo.com/guia-turismo/es/espana/valencia/que-ver/albufera-valencia/ Дата доступу: 26 лістапада 2024
Generalitat Valenciana. (2006). Parcs Naturals de la Comunitat Valenciana. Verción Castellano. Рэжым доступу: https://ecoturismo.comunitatvalenciana.com/sites/default/files/2019-09/guia_parques_CAST.pdf Дата доступу: 26 лістапада 2024
Presentación Albufera. (n.d.). Рэжым доступу: https://www.chj.es/es-es/medioambiente/albufera/Paginas/PresentacionAlbufera.aspx Дата доступу: 26 лістапада 2024
Soria J. M., Sauquillo M. & Miracle R. (n.d.). Río Júcar. Albufera de Valencia. Relaciones entre las aportaciones a la zona regable del Río Júcar y la conductividad de la Albufera de Valencia. Рэжым доступу: https://www.mediterranea.org/cae/jucar_articul_soria.htm Дата доступу: 26 лістапада 2024
Parque natural de la Albufera de Valencia (2002). Рэжым доступу: https://web.archive.org/web/20090724021333/http://www.albufera.com/portal/modules.php?name=Content&pa=showpage&pid=14 Дата доступу: 26 лістапада 2024
Rambla del Royo. (2003, Abril 5). Cuenca Hidrográfica de la Albufera de Valencia “Rambla o Barranco del Poyo”. Рэжым доступу: https://www.mediterranea.org/cae/fervasa.htm Дата доступу: 26 лістапада 2024
Valencia de espaldas al mar. La ciudad sin Waterfront. (2020b, December 2). Arquitectura.Рэжым доступу: https://arquitecturayempresa.es/noticia/valencia-de-espaldas-al-mar-la-ciudad-sin-waterfront Дата доступу: 26 лістапада 2024
European Green Capital Award. (2028, June 26). Environment. Рэжым доступу:https://environment.ec.europa.eu/topics/urban-environment/european-green-capital-award_en Дата доступу: 26 лістапада 2024
Valencia kicks off 2024 as a new European Green Capital. (2024, January 11). Environment. Рэжым доступу: https://environment.ec.europa.eu/news/valencia-kicks-2024-new-european-green-capital-2024-01-11_en Дата доступу: 26 лістапада 2024
Invest in Valencia. (2024, January 16). Keys to Valencia as European Green Capital 2024 - Invest VLC. Invest VLC. Рэжым доступу: https://investinvlc.com/valencia-european-green-capital/ Дата доступу: 26 лістапада 2024
Valencia, Capitale Verde Europea 2024: il ruolo delle città nella transizione ecologica. (2024, January 25). ESG360. Рэжым доступу: https://www.esg360.it/digital-for-esg/valencia-capitale-verde-europea-2024-il-ruolo-delle-citta-nella-transizione-ecologica/ Дата доступу: 26 лістапада 2024
Valencian Collaboration Space. (n.d.). Towards multi-level governance in support of the EU Climate Missions. Рэжым доступу: https://climate-adapt.eea.europa.eu/en/mission/solutions/mission-case-studies/valencian-multi-level-collaboration-space Дата доступу: 26 лістапада 2024
Igualada J. P. (2016). Water-sensitive strategies in the new urban parks in Valencia: the agricultural Mediterranean paradigm as a pattern for landscape management and design. Int. J. Sus. Dev. Plann. Vol. 11, No. 2 (2016) 97–106. Рэжым доступу: https://www.witpress.com/Secure/ejournals/papers/SDP110201f.pdf Дата доступу: 26 лістапада 2024
Navés, F., Arosamena, G., Ruiz, B., Martínez, C., García, R. & Sampere, L. (2005) Arquitectura del paisaje rural de la Península Ibérica, Islas Baleares y Canarias, Omega: Barcelona.
Valencia, Spain Flood Map: Water level Elevation map. (n.d.). Рэжым доступу: https://www.floodmap.net/?gi=2509954 Дата доступу: 26 лістапада 2024
Morgan S. (2024, September 24). Spain goes after its moment in the sun. The Brussels Times. Рэжым доступу: https://www.brusselstimes.com/column/1242928/spain-goes-after-its-moment-in-the-sun Дата доступу: 26 лістапада 2024
Associated Press. (2024, November 5). What to know about the unprecedented floods that killed more than 200 in Spain. TIME. Рэжым доступу: https://time.com/7171889/spain-valencia-deadly-flash-floods/ Дата доступу: 26 лістапада 2024
Frost, R. (2024, November 1). Why was Valencia flooding so deadly, did warning texts come too late, and what’s the climate link? Euronews. Рэжым доступу: https://www.euronews.com/green/2024/10/31/why-was-valencia-flooding-so-deadly-did-warning-texts-come-too-late-and-whats-the-climate- Дата доступу: 26 лістапада 2024
В Беларуси планируют оповещать об ураганах сиренами | СмартПресс. (2024, July 20). Smartpress. Рэжым доступу: https://smartpress.by/news/71537/ Дата доступу: 26 лістапада 2024