«‎Урбан-шпацыр»

Аўдыяэкскурсіі па гарадах Беларусі

Мухля. Менск


Маленькія трохпавярховыя дамы, яблыневыя І вішнёвыя сады, раён у цэнтры Менска з душой — такой мы ведаем Грушаўку. Але што мы ведаем пра больш аддаленыя куткі гэтага месца?

Напрыклад, пра самы нямецкі куток Менска, эксперыментальнае савецкае горадабудаўніцтва, цагляныя заводы, другую Асмалоўку і незвычайныя скульптуры з мазайкай? Усё гэта пра раён, куды мы адправімся з экскурсіяй сёння, — загадкавую Мухлю.

Каб прайсці экскурсію, вам спатрэбіцца ўсяго толькі зарадзіць з сабой мабільны тэлефон (мабыць, узяць з сабой павербанк) і навушнікі, каб слухаць экскурсію і глядзець фотаздымкі, і апынуцца ў фізічнай прасторы абранага горада. А далей - магія пераасэнсавання горада.



Кропка 0.
Станцыя метро “Грушаўка”

ст. м. “Грушаўка”

Прапануем адразу пасля выхаду са станцыі метро «Грушаўка» націснуць на плэй і пачаць з нулявога аўдыё. У ім мы падрыхтавалі агульныя дадзеныя пра раён, каб вы ўвайшлі ў рытм «Урбан-шпацыру» і настроіліся з намі на адну хвалю.


Падчас праслухоўвання аўдыё прапануем
:
Прагуляцца па вул. Шчорса да скрыжавання з вул. Р. Люксембург



Кропка 1.
Вуліца Розы Люксембург

вул. Р. Люксембург, 120-122

Амаль увесь раён, па якім мы будзем шпацыраваць, неафіцыйна называюць «Розачка», ад назвы вуліцы Розы Люксембург − палітычнай дзяячкі сацыялістычнага руху і антываеннай актывісткі. Але як гэтая вуліца называлася раней і што знаходзілася тут на месцы забудовы? 


Падчас праслухоўвання аўдыё прапануем
:
Пастаяць і паразглядаць дамы ўздоўж вуліцы Розы Люксембург


Кропка 2.
Двухпавярховыя хрушчоўкі

вул. Р. Люксембург, 124-132

У сярэдзіне 1950-х гадоў пачаўся новы этап савецкага жыллёвага будаўніцтва. Галоўнай каштоўнасцю стала не архітэктурнае аблічча будынка, а максімальнае патанненне яго вытворчасці. Пры разліку плошчы пакояў улічваліся такія паказчыкі, як колькасць крокаў для гатавання, прастора для камфортнага выцірання ручніком і месца, каб абуць чаравікі. А вы ведаеце, колькі метраў плошчы вам неабходна для прыгатавання баршчу?

Падчас праслухоўвання аўдыё прапануем:
Пагуляць і пранікнуцца атмасферай утульнай малапавярховай забудовы 1960-х гадоў


Кропка 3.
Дамы, пабудаваныя жыхарамі

вул. Р. Люксембург, 134 - вул. К. Лібкнехта, 113

Сувымернасць з чалавечым маштабам, а значыць, адчуванне камфорту, вялікая колькасць зеляніны і цішыня робяць квартал двухпавярховых хрушчовак вельмі ўтульным месцам. Самі жыхары і жыхаркі імкнуцца паляпшаць свае зялёныя і квітнеючыя двары, уладкоўваючы прастору. Для іх гэта важныя месцы, бо яны самі ці іх бацькі, хутчэй за ўсё, удзельнічалі ў будаўніцтве гэтых дамоў. А вы ведаеце пра «горкаўскі метад будаўніцтва»?


Падчас праслухоўвання аўдыё прапануем
:
Пагуляць унутры квартала і звярнуць увагу на добраўпарадкаванне ад жыхароў і жыхарак



Кропка 4.
Рэканструкцыя хрушчовак

Збочваем налева паміж дамамі 117-119
Выходзім на вул. К.Либкнехта, 129

Раней на месцы дома 129 было два асобныя двухпавярховыя будынкі тыпавога праекта БМ-2. Гэтыя дамы былі рэканструяваныя шляхам надбудовы трох паверхаў і новай забудовы, што злучае два дамы часткай у 6 паверхаў з мансардай. Звярніце ўвагу на карніз паміж другім і трэцім паверхамі — гэта адзінае, што намякае на надбудову.


Падчас праслухоўвання аўдыё прапануем:
Пастаяць і паглядзець на дом па вул.К.Лібкнехта, 129


Кропка 5.
Утульны квартал пад знос

вул. К. Лібкнехта, 89-107

Усе дамы ў квартале плануецца знесці пад будаўніцтва вышыннай жылой забудовы. Але мясцовыя супраць ушчыльнення раёна і хочуць захаваць унікальныя будынкі і раён з гісторыяй. За шмат гадоў жыхары і жыхаркі пасябравалі, сфарміравалі супольнасць, палюбілі свой раён і стварылі яго непаўторную атмасферу.


Падчас праслухоўвання аўдыё прапануем
:
Рухацца ўгару па вул. К. Лібкнехта



Кропка 6.
Нямецкая тапаніміка раёна

вул. К. Лібкнехта, 89 - 106А

Зробім кароткую паўзу ад архітэктурна-горадабудаўнічых праблем і асаблівасцяў раёна. Прапануем пераключыцца на мясцовую тапаніміку! Ці ведаеце вы, у гонар якіх нямецкіх дзеячаў названыя вуліцы раёна?


Падчас праслухоўвання аўдыё прапануем
:
Перайсці вул. М. Лермантава і вул. К. Лібнехта


Кропка 7.
Савецкі курданэр і бібліятэка

вул. К. Лібкнехта, 106А - 92Б

Пройдземся праз сквер, даведаемся пра архітэктурныя асаблівасці раёна і вывучым яшчэ больш горадабудаўнічых тэрмінаў. Зазірнём у гісторыю раёна, каб пасля паглыбіцца ў думкі пра патэнцыял гэтага месца. У скверы раім трошкі запаволіцца.


Падчас праслухоўвання аўдыё прапануем:
Запаволіцца ў скверы, прайсці праз сквер ад К. Лібнехта,106А да 92Б


Кропка 8.
Вуліца Хмялеўскага і медычны квартал

вул. Хмялеўскага, 40 - 32

Працягваем наш шпацыр нібыта па самай звычайнай вуліцы К. Хмялеўскага. Аднак не ўсё так проста. Гэтая вуліца пабачыла ўсе этапы забудовы медычнага квартала, што месціцца побач. Тут нават захаваўся фрагмент арыгінальнай савецкай шыльды. А калі вам пашанцуе, зможаце пабачыць тралейбус на аднапалоснай вуліцы!


Падчас праслухоўвання аўдыё прапануем:
Ісці па вуліцы К. Хмялеўскага



Кропка 9.
Двор дома 106

вул. Р. Люксембург, 106

Асцярожна завітаем на прыватную дваравую прастору, каб нямоцна турбаваць мясцовых жыхароў і жыхарак. Тут мы занурымся ў дзіцячыя ўспаміны з 80-х гадоў, каб параўнаць жыццё двара тады і сёння.


Падчас праслухоўвання аўдыё прапануем:
Пагуляць унутры двара дамоў 106 і 108


Кропка 10.
грамадская прастора ці нічыйная зеляніна?

вул. Хмялеўскага 36, вул. Каржа 5

Самая неадназначная ў нашым шпацыры кропка. Прастора як бы ёсць, але ці ведаем мы або жыхарах і жыхарках, навошта яна і як ёй карыстацца? Там нас чакае маленькі брэйнсторм, каб сумесна з вамі паспрабаваць знайсці патэнцыял гэтага зялёнага сквера.


Падчас праслухоўвання аўдыё прапануем:
Пагуляць па скверы

Кропка 11.
Хрушчоўкі і раскоша

вул. В. Каржа, 3, 5, 6, 7, 8, 10

Разгледзім адну з самых папулярных серый будынкаў, прыдуманых беларускім савецкім архітэктарам для развіцця масавай жылой забудовы. Даведаемся, ці сапраўды ў хрушчоўскія часы пазбавіліся ўсіх архітэктурных празмернасцяў. 

Але спачатку падумайце, якія асацыяцыі ў вас выклікае прозвішча Корж? Можа, малочны коржык са школьнага буфета ці радкі з трэка беларускага рэпера Макса Каржа? На шпацыры даведаецеся пра сапраўднае паходжанне назвы вуліцы.


Падчас праслухоўвання аўдыё прапануем:
Ісці па вуліцы В. Каржа


Кропка 12.
Кнігарня «Эрудыт»

вул. К. Лібкнехта, 88

Гуляем па фірмовай кнігарні паліграфкамбіната імя Я. Коласа. Тут можна знайсці рарытэтныя выданні і кнігі на беларускай мове. Прапануем разам даведацца, ці сапраўды ў «Эрудыце» можна адшукаць нешта цікавае і рэдкае. Наша каманда будзе чакаць аповеду пра знаходкі!


Падчас праслухоўвання аўдыё прапануем:
Пастаяць і паглядзець на кнігарню



Дадатковы маршрут

Кропкі 13 і 14 кропкі нашага першага дадатковага маршруту.

Калі вы ідзяце па асноўным маршруце, то пераходзьце адразу на кропку 15 “Дамы з вокладак савецкіх часопісаў”.


Кропка 13.
Лютэранскі сквер


Дадатковы маршрут

вул. К. Лібкнехта, 80

Даследуем самае «нямецкае» месца Менска. Падчас шпацыру даведаемся, адкуль у Менску нямецкія могілкі, як у Беларусі з’явілася падзяленне могілак па канфесіях і якой была савецкая палітыка датычна могілак. Разам парэфлексуем над патэнцыялам могілак як грамадскіх прастор! 


Падчас праслухоўвання аўдыё прапануем:
Пагуляць па скверы


Кропка 14.
Дом, у якім…


Дадатковы маршрут

вул. К. Лібкнехта, 51

Даведаемся пра «сталінку» з незвычайнай архітэктурнай дэталлю і пра гісторыю яе з’яўлення. А таксама падчас шпацыру пагутарым пра гісторыю будынкаў серыі 1-414.


Падчас праслухоўвання аўдыё прапануем:
Паглядзець на незвычайны архітэктурны аб’ект



Кропка 15.
Дамы з вокладак савецкіх часопісаў

вул. П. Купрыянава, 17-19, вул. А. Волаха, 12

Справа ад сквера пабачым тры 9-павярховыя дамы, якія ўзвышаюцца і замыкаюць кампазіцыю сквера ўнутры раёна. Дадзеная серыя цагляных дамоў масава ўзводзілася ў 1960-1970-х гадах, у перыяд вельмі высокіх тэмпаў будаўніцтва. Як вы думаеце, за колькі дзён будаваўся адзін такі дом?


Падчас праслухоўвання аўдыё прапануем:
Пагуляць па скверы і паглядзець на 9-павярховыя дамы


Кропка 16.
Нарэшце Мухля

Маламядзведжынскі сквер

Калі вы ўжо бывалі на Мухлі ў іншай частцы Менска і сумняваецеся, ці не пераблыталі вы нешта, то не хвалюйцеся! У Менску ёсць як мінімум 5 месцаў з назвай Мухля. З чым гэта звязана?


Падчас праслухоўвання аўдыё прапануем:
Прагуляцца, паглядзець на вадаём з качкамі і адчуць атмасферу сквера



Кропка 17.
Сквер Тучынка


Дадатковы маршрут

вул. Харкаўская, 70А

Гуляем па месцы з насычаным мінулым і статычным, амаль заняпалым сучасным. Некалі тут стаяў маёнтак, развівалася вытворчасць, планаваўся вялікі архітэктурны праект. Але цяпер пра гэта практычна нішто не нагадвае. Таксама як і не захавалася памяці пра масавыя расстрэлы габрэяў падчас вайны.


Падчас праслухоўвання аўдыё прапануем:
Пагуляць па скверы


Кропка 18.
Зніклы кінатэатр


Дадатковы маршрут

Тучынскі сквер

Кінатэатр «Современник» стаў другой часткай вялікага рэалізаванага праекта па ўпарадкаванні раёна Тучынка. Будынак у стылі савецкага мадэрнізму быў цэнтрам культурнага жыцця раёна, але цяпер на яго месцы – пустка. Падумайце, як можна было б выкарыстоўваць будынак кінатэатра ў наш час?


Падчас праслухоўвання аўдыё прапануем:
Пагуляць па скверы


Кропка 19.
Эксперыментальная мазаіка

Дадатковы маршрут

Пейзажная алея 2.0, савецкія бетонныя монстры, Гаўдзі-парк – усё гэта пра парк скульптур у Тучынскім скверы. Здаецца, цёплыя дзіцячыя ўспаміны шмат у каго звязаныя з гэтымі мудрагелістымі марскімі фігуркамі. Але ці ёсць будучае ў парку скульптур? Давайце паразважаем разам.


Падчас праслухоўвання аўдыё прапануем:
Пагуляць па выставе скульптур



Кропка 20.
Час для гарадскіх дзеянняў

Дадатковы маршрут

Разам разважаем пра патэнцыял месца. У Тучынскага сквера вялікі патэнцыял. Няхай у савецкі час тут не змаглі рэалізаваць паўнавартасны горадабудаўнічы праект і выкарыстаць патэнцыял месца па максімуме, гэта не значыць, што сёння мы самі не зможам нічога зрабіць. Мы – гэта актыўныя і неабыякавыя гараджане і гараджанкі.


Мы шчыра спадзяемся, што сённяшняя прагулка па раёне Мухлі змагла вас здзівіць і дапамагла па-іншаму паглядзець на аддалёныя куткі Грушаўкі. Натхняйцеся на вывучэнне новых месцаў у сваім горадзе, знаходзьце сілы на іх развіццё і паляпшэнне ды заставайцеся на хвалі Менскай урбаністычнай платформы. Да сустрэчы!