«‎Урбан-шпацыр»

Аўдыяэкскурсіі па гарадах Беларусі

Наваполацк


Тыповы савецкі горад, які ўзнік літаральна ў полі побач са старажытным Полацкам  і сфарміраваўся вакол нафтаперапрацоўкі, — такім вы ўяўляеце Наваполацк? Што ж, тады прапануем зламаць стэрэатыпы і крыху па-іншаму паглядзець на гэты горад. 

Ці ведалі вы, што ў Наваполацку можна знайсці архітэктурны праект, натхнёны ідэямі Ле Карбюзье? А сам горад — гэта сапраўдная галерэя савецкіх мазаічных пано? І на галоўная гарадской плошчы вы не знойдзеце помніка самі ведаеце каму. Ну, хопіць спойлераў!

Алгарытм наступны:

  1. набываем квіткі да Наваполацка (а калі вы навапалачан_ка, проста выходзім на вуліцу),

  2. зараджаем тэлефон (на ўсялякі выпадак прыхапіце з сабой і паўэрбанк),

  3. прыязджаем і падлучаем слухаўкі,

  4. адкрываем для сябе нечаканыя бакі Наваполацка,

  5. натхняемся на далейшыя даследаванні беларускіх гарадоў.

Цудоўнага ўрбан-шпацыру!




Кропка 0.
Уводзіны

Скрыжаванне вул. А. Ктаторава і вул. Моладзевай

Сёння мы будзем шпацыраваць па маладым Наваполацку — горадзе з савецкай айдэнтыкай, але сваімі ўнікальнымі мазаічнымі аб’ектамі. Мы раскажам, як горад будаваўся і як сфарміраваў свой стыль. Давайце разам пройдземся па маршруце, прааналізуем, як працуе гарадское асяроддзе, і паразважаем пра будучыню Наваполацка.


Падчас праслухоўвання аўдыё прапануем
:
Настроіцца на натхняльны і цікавы шпацыр

Кропка 1.
Былы кінатэатр «Космас»

вул. А. Ктаторова, 3

Пачатак нашага шпацыру пагрузіць нас адразу ў 1970-ыя гады, калі ў публічнай прасторы панавалі ідэі пакарэння космасу. Давайце сустрэнемся з велізарным барэльефам і даведаемся пра яго насычаную гісторыю.


Падчас праслухоўвання аўдыё прапануем
:
Пастаяць і паразглядаць барэльеф на будынку



Кропка 2.
Вуліца Моладзевая

вул. Моладзевая, 5-72

Падчас шпацыру па гэтай вуліцы памятайце, што вы ідзяце па самай доўгай вуліцы Наваполацка! Больш за тое — па самай доўгай вуліцы Беларусі. Гэты шпацыр паглыбіць нас у гісторыю горада і дасць магчымасць зразумець, навошта ж гораду такая доўгая вуліца.

Падчас праслухоўвання аўдыё прапануем:
Прагуляцца па вуліцы Моладзевай да наступнай мазаікі і паўдзельнічаць у квэсце па пошуку рэштак аздаблення дамоў


Кропка 3.
Мазаіка на фасадзе крамы «Рубін»

вул. Моладзевая, 72

Давайце зірнём на комплекс самай старой гасцініцы ў Наваполацку, пабудаванай адмыслова для рассялення замежных спецыялістаў і спецыялістак. А таксама разгледзім дэкаратыўную мазаіку аўтарства галоўнага мастака Наваполацка канца 1960-х гадоў і даведаемся, чаму яго творчасць крытыкавалася савецкай уладай.


Падчас праслухоўвання аўдыё прапануем
:
Уважліва разгледзець мазаіку на фасадзе ювелірнай крамы



Кропка 4.
(Не)тыпавы жылы дом №45

вул. Моладзевая, 45/2

Натуральна, вы часта бачылі ў гарадах Беларусі тыпавыя праекты жылых дамоў і з лёгкасцю зможаце іх распазнаць. Аднак дом № 45 вас напэўна здзівіць: унікальнае аформленне фасадаў нараджае сумневы ў тым, што перад намі тыпавы праект №89, якіх па ўсёй Беларусі не менш за 1100.


Падчас праслухоўвання аўдыё прапануем:
Паглядзець на незвычайны архітэктурны аб’ект


Дадатковы маршрут

Кропка 5 — гэта дадатковая кропка нашага шпацыру.
Калі вы рухаецеся па асноўным маршруце, то пераходзьце адразу на кропку 6 — «Інтэрнат №2 “Бастылія”».


Кропка 5.
Музей горада і парк


Дадатковы маршрут

вул. Моладзевая, 45/3 - Парк

Ці часта вам даводзілася бываць у гарадскім музеі, дзе знаходзяцца не чарапкі, а сапраўдны макет горада і фота з інтэрв’ю аўтараў праекта? А ці бачылі вы прыладу, з дапамогай якой будавалі горад? Калі не — вам на дадатковую кропку! І гэта не ўсё! Мы таксама абмяркуем парк, яго перавагі і моманты, якія можна палепшыць.


Падчас праслухоўвання аўдыё прапануем:
Падысці пасузіраць музей і помнік каля яго, прагуляцца да берага Дзвіны


Кропка 6.
Інтэрнат №2 «Бастылія»

вул. Моладзевая, 49Б

Мясцовыя жыхары і жыхаркі называюць інтэрнат Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта Бастыліяй. Магчыма, таму, што звонку будынак выглядае непрыступным. Але ён дакладна варты вашай увагі, калі вы яшчэ не бачылі інтэрната з двухпавярховымі блокамі-кватэрамі, у аснове якіх ляжыць канцэпцыя Villen-Blocks архітэктара Ле Карбюзье.


Падчас праслухоўвання аўдыё прапануем
:
Паглядзець на незвычайны архітэктурны аб’ект



Кропка 7.
Плошча Будаўнікоў. Частка 1

пл. Будаўнікоў

Як вы лічыце, колькі ў плошчы можа быць частак? У наваполацкай мы налічылі ажно дзве. Чаму так? Пабачым, калі пройдзем праз сквер з таталітарнай клумбай. А яшчэ тыя, хто наведае гэтую кропку, даведаюцца пра месцазнаходжанне падатковай.


Падчас праслухоўвання аўдыё прапануем:
Прайсці праз сквер да плошчы і пачаць рух да іншай яе часткі


Кропка 8.
Плошча Будаўнікоў. Частка 2

пл. Будаўнікоў

Вы калі-небудзь ацэньвалі гарадскую прастору, абапіраючыся на 12 крытэраў якасці гарадскога асяроддзя, прапанаваных Янам Гейлам? Калі не — далучайцеся, будзе цікава! Калі так — гэта цудоўная магчымасць замацаваць навык на прыкладзе наваполацкай плошчы.


Падчас праслухоўвання аўдыё прапануем:
Прагуляцца да плошчы Будаўнікоў, ацаніць плошчу, падысці да мазаікі



Кропка 9.
Прастору – пешаходам!

бул. С. Кірава, 1-3

Падчас прагулкі па гэтай кропцы мы даведаемся пра асаблівасці бульвараў як урбаністычнага феномена і пра тое, як у Наваполацка атрымалася стаць горадам, больш прыязным для пешаходаў. Разам з аўдыё ўключайце і даследчы настрой!


Падчас праслухоўвання аўдыё прапануем:
Шпацыр па бул. С. Кірава да Дома быту


Кропка 10.
Мазаіка Дома быту

бул. С. Кірава, 3

На гэтай кропцы прапануем вам паглядзець на комплекс Дома быту і Дома гандлю ў стылі савецкага мадэрнізму. Разам даведаемся, якім будынак быў да рэканструкцыі і паглядзім на мазаіку, якая засталася ад першаснага выгляду будынка.


Падчас праслухоўвання аўдыё прапануем:
Агледзець будынак і мазаіку з дваравога фасада Дома быту



Кропка 11.
Савецкая мадонна на будынку паліклінікі

вул. П. Блахіна, 27

Якая яна, ідэальная савецкая жанчына? Паспрабуем зразумець гэта з дапамогай аналізу манументальнага савецкага мастацтва на будынку наваполацкай паліклінікі. Пастарайцеся дэталёва разгледзець савецкую мадонну і сканцэнтравацца на эмоцыях і асацыяцыях, выкліканых гэтым вобразам. Паспрабуйце параўнаць з арыгінальнай Мадоннай.


Падчас праслухоўвання аўдыё прапануем:
У дэталях разгледзець скульптуру на будынку


Кропка 12.
Наваполацкі трамвай

вул. П. Блахіна, 27 -41

Гатовыя да шпацыру па яшчэ адной доўгай вуліцы? Хадзем разбірацца, як у Наваполацку з’явіўся трамвай і як ён паўплываў на развіццё горада. Абмяркуем таксама, што рабіць далей: ці варта злучаць Полацк і Наваполацк трамвайнай лініяй.


Падчас праслухоўвання аўдыё прапануем:
Прагулку па вуліцы П. Блахіна



Кропка 13.
City Farming па-беларуску

вул. М. Калініна, 12

Сёння тэмай гарадскіх агародаў мала каго здзівіш. Гэты ўрбаністычны напрамак рэалізоўваюць у розных гарадах свету. Але ці задумваліся вы, што ў Беларусі гэтую практыку актыўна сталі выкарыстоўваць ужо на пачатку нулявых у дзіцячых садках? Давайце даведвацца разам.


Падчас праслухоўвання аўдыё прапануем:
Агледзець дзіцячы садок, пры магчымасці зайсці і паназіраць за градкамі і тым, што там расце


Кропка 14.
Фантан «Нептун»

вул. Моладзевая, 92А

Фантан на плошчы перад гандлёвым цэнтрам «Пралеска» з’явіўся амаль паўстагоддзя таму, і за гэты час яго выгляд тройчы змяняўся. Давайце разам даведаемся, як элементы гарадскога асяроддзя могуць рабіць прастору кропкай прыцягнення.


Падчас праслухоўвання аўдыё прапануем:
Шпацыр па плошчы перад гандлёвым цэнтрам «Пралеска» і агляд фантана



Кропка 15.
Прыпынак з мазаікай

Па дарозе на мост з боку будынка на вул. М. Калініна, 3, прыпынак «Вуліца Калініна»

Ці задумваліся вы калі-небудзь пра альтэрнатыўныя сімвалы беларускіх гарадоў? Пры любым адказе прапануем разам разгледзець ідэю беларускіх мастакоў адносна гербаў беларускіх гарадоў. Як думаеце, ці варта беларускім гарадам мяняць свае гербы? Фантан на плошчы перад гандлёвым цэнтрам «Пралеска» з’явіўся амаль паўстагоддзя таму, і за гэты час яго выгляд тройчы змяняўся. Давайце разам даведаемся, як элементы гарадскога асяроддзя могуць рабіць прастору кропкай прыцягнення.


Падчас праслухоўвання аўдыё прапануем:
У дэталях разгледзець мазаіку на прыпынку


Кропка 16.
Знішчаць нельга клапаціцца: дзе ставім коску?

Прыпынак «Вуліца Калініна»

Мазаічнай ніткай можна звязаць мінулае і сучаснае Наваполацка, паказаць унікальнасць горада ў сучаснасці і памарыць пра будучыню.

Спадзяёмся, наша экскурсія вас натхніла, а ідэі, народжаныя ёй, змогуць быць рэалізаваныя актыўнымі гараджанамі і гараджанкамі.


Падчас праслухоўвання аўдыё прапануем:
Парэфлексаваць пра эмоцыі, якія ў часе шпацыру выклікаў у вас Наваполацк


Дзякуй, што прабавілі час разам з намі!

Мы шчыра спадзяёмся, што сённяшні шпацыр па Наваполацку натхніў вас на вывучэнне новых мясцін у Беларусі, а таксама на іх развіццё і паляпшэнне. Заставайцеся на хвалі Менскай урбаністычнай платформы. Да сустрэчы!