На рагу Скарыны
і Каліноўскага.
Усход-1. Менск
Аудыяэкскурсія ад Urban.Legend
Прывітанне! Вельмі рады павітаць вас на экскурсіі ад UrbanLegend. Сёння мы пройдземся па мікрараёне Усход-1.
Першае, што заўважаеш, калі выходзіш з метро «Усход», гэта вялізныя мазаікі на тарцах 16-павярховікаў. Іх стварыў той самы Аляксандр Кішчанка, для чыйго “Габелена века” ў Беларусі не знайшлося залі дастатковай вышыні. А знаўцы кажуць, што ў праекце былі яшчэ сады на дахах!
Усе дамы мікрараёна маюць адрасы ці па вуліцы Каліноўскага, ці па праспекце Незалежнасці. Былі часы, калі праспект меў імя Францішка Скарыны, і жыхароў Усходу цешыла тое, што іх вуліцы маюць назвы ў гонар двух самых значных постацей беларускай гісторыі.
16-павярховікі стаяць на шумнай хуткай магістралі - праспекце Незалежнасці. Але варта адысці зусім трохі ад яго, і тут у дварах цячэ няспешнае жыццё, шмат дрэваў і нават можна сустрэць мамантаў. Заінтрыгаваныя? Хутчэй ідзіце на экскурсію па Усходзе, даведаецеся яшчэ шмат цікавінак!
Аўтар маршруту: Вольга Абразцова — гарадскі экскурсавод.
Агучка: Вольга Каралёнак
Кропка 0.
Уступ
Вандроўка пачынаецца ад дома №82/2 па вул. Каліноўскага на скрыжаванні з праспектам Незалежнасці
«Мы жывем на рагу Скарыны і Каліноўскага» — так маглі б сказаць пра сябе жыхары мікрараёна «Усход-1» 20 гадоў таму, і гэта было праўдай. І нашая вандроўка пачынаецца з гэтага адметнага скрыжавання, паяднаўшага дзве знакавыя постаці беларускай гісторыі.
«Нас кожны дзень паказваюць па тэлевізары» — так маглі б сказаць пра сябе мясцовыя 40 гадоў таму, і гэта таксама было праўдай. Новазбудаваны мікрараён быў візітоўкай Мінска для тых, хто прыязджаў у горад па Маскоўскай шашы. І дамы з мазаікамі кожны дзень паказвалі ў прагнозе надвор’я на ўвесь СССР.
А мы ідзем шукаць чыстую праўду, а таксама таямніцы, легенды і паданні раёна «Усход-1».
Кропка 1.
На рагу Скарыны і Каліноўскага
вул. Каліноўскага, 82, корп. 2
Гэта адна з чатырох велізарных, на 14 паверхаў, мазаікаў, аўтарам якіх з’яўляецца Аляксандр Кішчанка. Той самы Аляксандр Кішчанка, для чыйго «Габелена века» не знайшлося ў Беларусі залі дастатковай вышыні, а тут яшчэ больш агромністыя творы. Мазаікі «Горад-герой», «Горад навукі», «Горад-будаўнік» і «Горад Мастацтваў» у алегарычнай форме паказваюць розныя бакі жыцця Мінска. У цэнтры ўсіх чатырох мазаікаў постаць жанчыны з сынам-падлеткам. Хто ж гэта?
Магчыма, гэта абстрактны вобраз маці-Радзімы. Магчыма, гэта адсылка да герба Мінска, бо кампазіцыйна разам з фігурамі, якія знаходзяцца злева і справа, гэты вобраз вельмі падобны на Божую маці з анёламі і херувімамі, якія месцяцца на Мінскім гербе. Магчыма, гэта Рагнеда і Ізяслаў, хлопец затуляе сабой маці, як бы абараняючы яе, і трымае ў руках кнігу, а Ізяслава звалі князем-кніжнікам. Да таго ж, мазаікі ствараліся ў 1976-1979 гадах, за некалькі гадоў да святкавання тысячагоддзя Заслаўя.
А за два гады да стварэння мазаікаў Мінск атрымаў званне горад-герой, і мы бачым на мазаіцы ўверсе прадстаўнікоў розных родаў савецкіх войскаў, якія бралі ўдзел у Другой Сусветнай вайне: лётчыкаў, танкістаў, кавалерыстаў, а таксама партызанаў. Ніжэй — сцэна сустрэчы савецкіх войскаў жыхарамі вызваленага Мінска. І рукі, паміж якімі мы бачым найбольш адметныя будынкі Мінска: Абеліск Перамогі, Вароты ў горад, Тэатр оперы і балета і іншыя. Рукі трымаюць расток як сімвал шчаслівай будучыні ў адроджаным Мінску.
А мы таксама ідзем шукаць шчасце.
Дадатак
У цэнтры усіх чатырох мазаікаў постаць жанчыны з сынам-падлеткам. Магчыма, гэта адсылка да герба Мінска, бо кампазіцыйна гэты вобраз вельмі падобны на Божую маці з анёламі і херувімамі, якія месцяцца на Мінскім гербе.
Кропка 2.
Шчасце
Праспект Незалежнасці, 155, корп. 1 (двухпавярховая прыбудова)
Гэта крама вядомая ўсім менчукам, хто браў шлюб у канцы 70-х — пачатку 80-х гадоў. Час татальнага дэфіцыту. Маладым, якія падалі заяву ў ЗАГС, выдавалі талоны на набыццё шлюбных убораў, заручальных пярсцёнкаў, якія куплялі побач у краме «Самацветы». Таксама былі і талоны на добрую вопратку і абутак, якія нельга было знайсці ў іншых крамах, каб маладыя мелі магчымасць лепей апрануцца. Частка гандлёвага цэнтра і зараз мае назву «Шчасце».
Вось у такіх двухпавярховых прыбудовах і на першых паверхах шматпавярховікаў месцяцца аб’екты соцкультбыта, як сказалі б у часы праектавання мікрараёна: крамы, цырульня, рэстаран «Арбат», банк, пошта.
А цяпер давайце звернем увагу на самы верх 16-павярховікаў. Бачыце, што гэтыя дамы як бы складаюцца з 2 паловаў — 14-павярховай і 16-павярховай. І над 14-павярховай ёсць ці то балкончык, ці то казырок. Першапачаткова тут былі спраектаваныя рэкрэацыйныя зоны з садамі на даху, што было наватарскім рашэннем па тым часе. Ці было гэта рэалізаванае — пытанне. Мясцовыя жыхары кажуць, што калі і было, то праіснавала нядоўга, бо вакол мікрараёна, ды і ў дварах было шмат месца для шпацыраў і адпачынку. Але, прынамсі, фотаздымкі гэтых садоў ёсць.
Яшчэ адной наватарскай ідэяй мікрараёна «Усход-1» была задума збудаваць прыгожа з тыпавых бетонных панэляў. І галоўным упрыгожаннем раёну зрабіліся мазаікі на тарцах высотак. Пра наватараў і вынаходнікаў нам распавядзе наступная мазаіка «Горад навукі».
Дадатак
На самым версе шматпавярховікаў першапачаткова былі спраектаваныя рэкрэацыйныя зоны з садамі на даху, што было наватарскім рашэннем па тым часе. Паіснавала гэта нядоўга, але засталіся фотаздымкі гэтых садоў.
Кропка 3.
Ад Еўфрасінні, ад Скарыны, ад Полацка пачаўся свет
Праспект Незалежнасці, 155, корп. 1
Мы перад мазаікай «Горад навукі».
Яна, як і астатнія мазаікі, скампанаваная такім чынам, што мы рухаемся знізу ўверх па восі часу. Унізе сівая даўніна, а ўверсе — дасягненні сучаснасці, якімі яны былі ў канцы 70-х гадоў.
Хто ж нас сустракае ў сівой даўніне? Гэта наш герой, Францішак Скарына. Яму аддаюць належнае як пачынальніку беларускай навукі. Кажучы словамі народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна, «Ад Еўфрасінні, ад Скарыны, ... ад Полацка пачаўся свет». І ў гэтым праўда: Францішак Скарына той чалавек, які сцвердзіў прыналежнасць Беларусі да еўрапейскай кніжнай і навуковай традыцыі.
Без кніжнай навукі былі б немагчымымі дасягненні палётаў у космас, якія мы бачым уверсе мазаікі.
Скарына стаіць у адным шэрагу дзеячоў еўрапейскага Адраджэння з Леанарда да Вінчы, чый вітрувіанскі чалавек выяўлены на мазаіцы.
Яшчэ адзін добра вядомы вобраз — гэта «Мысляр» Радэна. Вось людзі каля цэнтральнага вобраза жанчыны і вітрувіянскага чалавека занятыя справамі — трымаюць мірны атам, робяць чарцяжы. А чым жа заняты малады чалавек злева ад вітрувіянскага чалавека? Проста стаіць, падпершы рукой бараду? Ён робіць самую важную справу ў навуцы — думае.
Трэба сказаць, што кватэры ў мікрараёне «Усход-1» атрымлівалі ці будавалі ў кааператывах шмат навукоўцаў, інжынераў НВА «Агат», якое месціцца побач, выкладчыкаў. Але ёсць сярод мясцовых жыхароў і творцы. Памятка пра аднаго з іх месціцца на суседнім доме № 145 па праспекце Незалежнасці.
Дадатак
Скарына стаіць у адным шэрагу дзеячоў еўрапейскага Адраджэння з Леанарда да Вінчы, чый вітрувіанскі чалавек выяўлены на мазаіке.
Яшчэ адзін добра вядомы вобраз — гэта «Мысляр» Радэна.
Кропка 4.
І пры чым тут людзі на балоце і шляхціц Завальня
Праспект Незалежнасці, 145
У гэтым доме 21 год пражыў рэжысёр Віктар Тураў, адзін з тых творцаў, дзякуючы якім кінастудыю «Беларусьфільм» жартам называлі партызанфільмам. І для Віктара Турава выбар ваеннай тэмы невыпадковы, бо яго бацька ў вайну быў расстраляны як партызан, а сам Віктар з маці і сястрой былі вязнямі нямецкага канцлагера.
Але экранізаваў Віктар Тураў і беларускую класіку: «Людзі на балоце» Івана Мележа і «Шляхціц Завальня» Яна Баршчэўскага.
«Шляхціц Завальня» быў апошнім фільмам Віктара Турава, здымаўся ў 1994 годзе, гэта быў такі дзіўны час, калі не хапала грошай на кіно, але быў вялікі ўздым нацыянальнай культуры, цікавасць да сваіх каранёў. І ў падзяках да фільма «Шляхціц Завальня» упамінаюцца «Беларуськалій» (менавіта ў шахтах здымалі пекла) і ўсе знакамітыя замкі Беларусі — Мірскі, Нясвіжскі і Косаўскі. У фільме можна ўбачыць стан Косаўскага замка да рэстаўрацыі, якім ён прастаяў ад Другой сусветнай вайны да 90-х гадоў. Але зараз Косаўскі замак адрэстаўраваны. Будзем спадзявацца, што будуць адбудаваныя яшчэ шмат якія сядзібы ды палацы ў Беларусі.
А мы ідзем да мазаікі «Горад-будаўнік».
Дадатак
У гэтым доме 21 год пражыў рэжысёр Віктар Тураў.
Кропка 5.
Горад Сонца
Праспект Незалежнасці, 143, корп. 1
Перад намi мазаiка «Горад-Будаўнік».
I размова тут не толькi пра будоўлю дамоў, але i пра дасягненнi прамысловасцi. Самай актуальнай галiной у 70-80-х гадах была электронiка, Беларусь называлi зборачным цэхам СССР, i мы бачым уверсе каля сонца выявы мiкрасхемаў, промнi самаго сонейка падобныя да плоскiх стужкавых кабеляў, а адзiн з людзей, справа ад выявы жанчыны, паяе.
Каля «вiтрувiянскага чалавека» — гендэрная роўнасць па-савецку: рабочы i калгаснiца.
А цяпер давайце звернем увагу на самую нiжнюю фiгуру. Нiбыта гэта будзёнавец. Адкуль раптам ён тут? Але давайце ўзгадаем самую першую мазаiку «Горад-герой», дзе на такiм жа месцы сейбiт. Аўтар пераблытаў? Цi тут закладзены больш глыбокi сэнс: калi трэба абаранiць сваю зямлю, сейбiт робiцца ваяром?
Наш будзёнавец грае на трубе, i тут можна ўзгадаць пра больш старажытны духавы iнструмент — дуду. У яблыневым садзе праз дарогу, там дзе зараз Дана Мол, каля вялізнага пня («карча») збiралася моладзь, якая цікавілася народнымі традыцыямі, танчылі народныя танцы, музыкі аднаўлялі традыцыю ігры на дудзе. У 80-я гады фалькларысты казалі, што дуда аджыла сваё, няма ўжо музыкаў, але зараз мы смела можам сказаць, што дуда адрадзілася і дудары ёсць. А ў нашым раёне было яшчэ адно месца прыцягнення нефармальнай моладзі — клуб «Салтайм» і мы зараз падыдзем да яго.
Кропка 6.
Крэатыўчык
Праспект Незалежнасці, 131, корп. 1 (двухпавярховая прыбудова)
Горад Сонца. Перад намi мазаiка «Горад-Будаўнік».
Калі мы паглядзім управа ад дзвярэй кніжнай крамы «Кнігачэй», то заўважым невялікія дзверцы, якія на жаль зараз зачыненыя, але яны вядуць у вялікі падземны бар «Салтайм», у якім у 2000-2010-я гады выступалі пачынаючыя і нефарматныя гурты і спевакі, напрыклад, у стылях стымпанк, панк-рок, фьюжн, праводзіліся акцыі «Штомесяц 13-га па-беларуску». Са знакамітых спевакоў і гуртоў тут выступалі Рокаш, Паліна Рэспубліка, Кашлаты Вох, Нейра Дзюбель. Тут запачаткаваўся беларускі стэндап, пачынаў сваю кар’еру Ідрак Мірзалізадэ.
У гэтым жа будынку ёсць і яшчэ адна цікавостка, пра якую нават не ўсе мясцовыя ведаюць. І знаходзіцца яна ў холе цырульні са шматабяцальнай назвай «Фантазія».
Дадатак
У клубе "Салтайм" выступалі Рокаш, Паліна Рэспубліка, Кашлаты Вох, Нейра Дзюбель. Тут запачаткаваўся беларускі стэндап, пачынаў сваю кар'еру Ідрак Мірзалізадэ.
Кропка 7.
Забытыя цені мінуўшчыны
Праспект Незалежнасці, 131, корп. 1 (двухпавярховая прыбудова).
Мы перад уваходам у цырульню «Фантазія». Давайце звернем увагу на аздобу гэтага будынка. На ім ёсць белыя кафляныя хвалі і жоўтыя мазаічныя палосы. То бок гэтыя двухпавярховыя прыбудовы былі зробленыя ў адным стылі з 16-павярховікамі, хоць зараз гэтае адзінства ўжо часткова з часам ды з рамонтамі страцілася. Вось гэты будыначак захаваўся ў найбольш некранутым выглядзе з усіх трох падобных. І ўнутры таксама захавалася цікавая дэталь — вялікае шкляное пано, зробленае ў 70-80 гады.
Давайце зойдзем унутр і пабачым яго над лесвіцай. На ім прадстаўленыя стылізаваныя віды пабытовых паслугаў. Калі «Усход-1» будаваўся, дык для ўсіх аб’ектаў сацкультбыта замовілі вялікія творы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Тады гэта было модна, але захаваўся толькі гэты, прычым ён так прыхаваны, што нават з мясцовых жыхароў далёка не ўсе пра яго ведаюць.
А мастацтва, якое заўжды бачнае — на мазаіцы «Горад мастацтваў».
Дадатак
Шкляныя пано ў інтэр'еры цырульні "Фантазія".
Кропка 8.
Паміж пустак, балот беларускай зямлі
Праспект Незалежнасці, 131, корп. 1
Мы перад мазаікай «Горад мастацтваў». Унізе гэтай мазаікі (у «сівой даўніне») вобраз гусляра. Таго самага творцы з паэмы Янкі Купалы «Курган», які не скарыўся перад грозным князем.
Паміж пустак, балот беларускай зямлі,
На ўзбярэжжы ракі шумнацечнай,
Дрэмле памятка дзён, што ў нябыт уцяклі, —
Ўдзірванелы курган векавечны.
Над гусляром — рукі, якія трымаюць Скарынаў знак — «Сонца маладзіковае». І сам Скарына стаіць у нас за спінай каля будынка Нацыянальнай бібліятэкі.
Кажуць, што для сцэны народных танцаў на мазаіцы Аляксандру Кішчанку пазіраваў ансамбль «Харошкі». Вышэй, побач з цэнтральнай фігурай жанчыны — прадстаўнікі творчых прафесій: мастак, скульптар, актор. На самым версе мазаічнай кампазіцыі — муза на фоне Опернага тэатра.
Звернем увагу на будынак Нацыянальнай бібліятэкі. Сёння гэта архітэктурная дамінанта мікрараёна. Гэтая геаметрычная фігура называецца ромбакубаактаэдр, вышыня Нацыянальнай бібліятэкі больш за 70 метраў і ў ёй захоўваецца каля 10 мільёнаў кніг. А яшчэ ў канцы 90-х гадоў на месцы бібліятэкі былі вясковыя пейзажы: яблынавы сад, апошнія дамы вёскі Вялікая Слепня, проста каля ўваходаў у метро пасвіліся каровы.
Вёска Вялікая Слепня вядома з 1582 года, як уласнасць самага знакамітага магнацкага роду Беларусі — Радзівілаў. З сярэдзіны XVIII стагоддзя належала роду Ваньковічаў, з якога паходзіць знакаміты мастак Валенці Ваньковіч.
Хоць мікрараён «Усход-1» даволі малады па мінскіх мерках, ён ужо зазнаў і страты. На месцы даўгабуда, які бачны праз дарогу ад Нацыянальнай Бібліятэкі, раней быў Маскоўскі аўтавакзал. Прыгожы, падобны да лятаючай талеркі аўтавакзал, названы самым постмадэрнісцкім будынкам Беларусі, праіснаваў усяго 15 гадоў і ў 2014-м быў знесены дзеля пабудовы Газпрам-цэнтра.
Мы прайшлі ўздоўж праспекта Незалежнасці, які раней называўся ў гонар Скарыны, а цяпер партызанскімі тропамі паглыбляемся ўнутр мікрараёна, як сапраўдныя паўстанцы Каліноўскага.
Дадатак
Геаметрычная фігура будынку Нацыянальнай бібліятэкі называецца ромбакубаактаэдр, яго вышыня больш за 70 метраў. А яшчэ ў канцы 90-х гадоў на месцы бібліятэкі былі вясковыя пейзажы: яблынавы сад, апошнія дамы вёскі Вялікая Слепня, проста каля уваходаў у метро пасвіліся каровы.
На месцы даўгабуда, які бачны праз дарогу ад Нацыянальнай Бібліятэкі, раней быў Маскоўскі аўтавакзал. Прыгожы, падобны да лятаючай талеркі аўтавакзал, названы самым постмадэрнісцкім будынкам Беларусі, праіснаваў усяго 15 гадоў і ў 2014-м быў знесены дзеля пабудовы Газпрам-цэнтра.
Кропка 9.
Парыж, Парыж
Праспект Незалежнасці, за домам 131, корп. 2
На дзіцячай пляцоўцы стаяў яшчэ адзін страчаны сімвал «Усходу-1» — Эйфелева вежа. Трохметровая копія знакамітай парыжскай вежы нават была ў TripAdviser-ы сярод турыстычных адметнасцяў Мінска. На жаль адной восеньскай нядзельнай раніцай 2020-га года камунальнікі спілавалі яе. Побач стаіць альтанка над крыніцай, у якой мясцовыя любяць набіраць прыродную ваду.
Але ў мікрараёна застаўся яшчэ адзін неафіцыйны сімвал — маманты, да іх мы і кіруемся.
Кропка 10.
Алея Арт-Лавак
Алея Арт-Лавак
Парыж, Парыж. На дзіцячай пляцоўцы стаяў страчаны сімвал Усходу-1 — Эйфелева вежа.
Мы ідзем праз бульвар, на якім некалькі гадоў таму была зроблена выстава лавачак ад прадпрыемстваў і ўстаноў Першамайскага раёна. Сярод іх ёсць вельмі фантазійныя, як, напрыклад, газавай службы, звараная з балонаў і труб, ёсць высокамастацкія, ёсць мінімалістычныя. Наш маршрут яшчэ выведзе нас да гэтага бульвара, а зараз мы пройдзем уздоўж канала Сляпянскай воднай сістэмы да мамантаў.
Падчас праслухоўвання аўдыё прапануем:
Зрабіць фота для вашай Instagram-стужкі. Падзяліцеся фота ў сторыс і пазначце @ulegendapp. Ведаеце цікавае месца ў Мінску? Раскажыце нам і мы зробім маршрут!
Кропка 11.
Канал Сляпянскай воднай сістэмы
Праз мікрараён праходзіць Сляпянская водная сістэма
Вілейска-Мінскую водную сістэму называюць водна-зялёным дыяметрам Мінска. А Сляпянская сістэма — гэта яшчэ дадатковае паўкола ад Цнянскага да Чыжоўскага вадасховішча, уключаючы невялікую рэчку Сляпянку.
Спачатку гэтыя штучныя водныя сістэмы мелі ўтылітарную функцыю — забеспячэнне вадой мінскіх прадпрыемстваў, аднак пры праектаванні дадалася і рэкрэацыйная функцыя. І цяпер мінчукі маюць прыгожыя месцы для адпачынку з паркамі, скверамі, фантанамі і штучнымі вадаспадамі.
Гэта быў самы маштабны праект ландшафтнага дызайна ў былым СССР. У 1989 годзе аўтарскі калектыў на чале з Мікалаем Жлобам атрымаў Дзяржаўную прэмію СССР у галіне архітэктуры за «Архітэктурна-ландшафтныя комплексы ўсходніх раёнаў горада Мінска».
Варта адзначыць, што калектыў архітэктараў мікрараёна «Усход-1» таксама намінаваўся на Дзяржаўную прэмію, але іх апярэдзілі архітэктары з Вільнюса.
А мы ідзем далей, да мамантаў — нефармальнага сімвала «Усхода-1».
Дадатак
Гэта быў самы маштабны праект ландшафтнага дызайна ў былым СССР. У 1989 годзе аўтарскі калектыў на чале з Мікалаем Жлобам атрымаў Дзяржаўную прэмію СССР у галіне архітэктуры за «Архітэктурна-ландшафтныя комплексы усходніх раёнаў горада Мінска».
Кропка 12.
А вось і маманты
Паміж школай №137 імя Машэрава (вул.Каліноўскага, 50 корп. 2) і домам вул.Каліноўскага, 40, корп. 3
Вось такія мілыя скульптуры мамантаў з’яўляюцца нефармальным сімвалам мікрараёна «Усход-1». Чаму ж маманты? Падчас будаўніцтва мікрараёна знайшлі косткі гэтых гіганцкіх дагістарычных жывёлаў.
Дарэчы, косткі мамантаў і лясных сланоў знаходзілі і пры будаўніцтве Уручча, а на вуліцы Машынабудаўнікоў у 2008 годзе знайшлі косткі цэлага стада мамантаў — 19 жывёлаў.
Зуб маманта з’яўляецца экспанатам у музеі школы № 137, што побач з намі.
Сама школа была пабудаваная разам з мікрараёнам, адкрыта ў 1976 годзе. Яна будавалася па эксперыментальным праекце. Асобны корпус для малодшых класаў, асобны — для старэйшых і свой басейн. Курыраваў будаўніцтва тагачасны кіраўнік БССР — першы сакратар ЦК КПБ Пётр Міронавіч Машэраў. Таму школа названая ў ягоны гонар і ў школьным музеі ёсць экспанаты, прысвечаныя яму.
Гандлёвы цэнтр за мастом праз канал Сляпянскай воднай сістэмы насіў прыгожую беларускую назву «Верас».
А зараз мы вяртаемся на алею лавачак і пройдзем па ёй уздоўж стадыёна за суседнюю 121-ую школу.
Дадатак
Нефармальны сімвал мікрараёна «Усход-1».
Кропка 13.
ЖЭС-арт здаровага чалавека
Пляцоўка паміж дамамі па вул. Каліноўскага, 64, 66а (крама Суседзі, гандлёвы цэнтр Усход), сярэдняй школай №121 (вул. Каліноўскага, 50А) і лесвіцай да дамоў-хмарачосаў, вул. Каліноўскага, 54, корп. 1, 2 і 3
Усходу-1 пашанцавала на свайго добрага анёла, які робіць двары нашага раёна адметнымі. Бачыце россып адметных драўляных скульптур? Іх робіць вельмі крэатыўны чалавек Сяргей Астапенка, які працуе плотнікам у мясцовым ЖЭСе. Як Вы можаце пабачыць, тут і ўсходнія матывы, і рыцары, і хатка Бабы Ягі, і шмат-шмат што яшчэ. Мясцовыя жыхары прыносяць Сяргею непатрэбныя ім рэчы, а ён робіць вось такія цікавыя і часам іранічныя штукі. Дарэчы, на многіх скульптурах пазначаны тэлефон Сяргея. Ён адкрыты да замоваў, а таксама вы можаце аддаць яму непатрэбную палічку ці люстэрка. Гэта пойдзе на добрую справу.
З савецкіх часоў і да 1999 года ў раёна была яшчэ адна цікавостка. Проста на гэтым месцы, за гандлёвым цэнтрам «Усход» стаяў чатырохматорны самалёт АН-12. У ім у розны час былі пнеўматычны цір і відэасалон. З выхаду спускалася горка, а побач была дзіцячая кавярня.
А зараз мы і без самалёта падымемся на самы высокі пункт мікрараёна «Усход-1». Лесвіцы вядуць нас да трох дамоў-высотак.
Дадатак
За гандлёвым цэнтрам "Усход" стаяў чатырохматорны самалёт АН-12. У ім у розны час былі пнеўматычны цір і відэасалон.
Кропка 14.
Максімава горка
Каля дома Вул.Каліноўскага, 54, корп. 1
Мы знаходзімся каля самага высокага, дваццаціпавярховага дома раёна, калі паглядзім ад яго з горкі, то ўбачым канал Сляпянскай воднай сістэмы, спартовы цэнтр «Працоўныя рэзервы», на даляглядзе — МКАД і Усіхсвяцкую царкву.
Мы зноў выйшлі на вуліцу Каліноўскага.
Мы на самым высокім пункце мікрараёна «Усход-1». Узвышша, якое цягнецца ад мамантаў і дасюль, мае мясцовую назву «Максімава горка» ці «Максімава гара».
Ёсць легенда пра волата Максіма. Спрадвеку ў наваколлі Вялікай Слепні былі вытокі рэчкі Сляпянкі, з вялікай колькасці крыніц і крынічак збірала яна сваю ваду. Кавалак зямлі тут атрымаў ад пана Максім — дужы хлопец, добры гаспадар. І вось увесну рака разлілася, разбурыла дом, пашкодзіла ўсю Максімаву маёмасць. Узяўся Максім закідваць крыніцы, насыпаў цэлую гару. Але ж нездарма ў народзе кажуць, што кепская гэта справа, крынічкі шанаваць і ахоўваць трэба! Старыя адгаворвалі хлопца ад гэтай нядобрай справы, пужалі вадзянікамі і крынічнымі духамі, але Максім упарціўся. Як згінуў Максім, ніхто і не ведае, памяццю пра яго стала тая самая горка, якую ён насыпаў. Вось такая таямнічая гісторыя.
Ёсць не меней таямнічая карціна Гаўрылы Вашчанкі. Праўда, яна называецца «Зялёны луг», але ж на ёй яўна бачныя тыя высоткі, каля якіх мы стаім. На пярэднім плане людзі сабраліся ў кола вакол двух хлябоў. А што ж робіцца наверсе? Ці гэта жоўтае і ружовае воблака ці гэта нейкае прадбачанне атакі на вежы-блізняты, бо карціна была напісаная ў 1978 годзе? Дарэчы, Гаўрыла Вашчанка быў настаўнікам Аляксандра Кішчанкі, аўтара мазаік.
Што ж да саміх высотак, то гэта 16-, 18- і 20-павярховыя дамы, пабудаваныя па перадавой на той час маналітнай тэхналогіі. Дваццаціпавярховік быў самым высокім домам Мінска. Нядзіўна, што гэтыя дамы любілі здымаць для фотаальбомаў і паштовак. Менавіта ў гэтым 20-павярховым доме жылі героі папулярнай у 80-я гады дзіцячай кнігі «Как я был вундеркиндом» і аднайменнага фільма. У канцы там ёсць такі эпізод, калі хлопчыкі з 20-га паверха разглядалі ў бінокль штыкі на Кургане Славы.
Зараз мы не пабачым штыкі на Кургане Славы, але на даляглядзе бачны кавалак Мінскай кальцавой аўтадарогі, а злева ад яго — спарткомплекс «Працоўныя рэзервы». Менавіта з гэтым спарткомплексам звязанае самае маштабнае здарэнне ў раёне. 24 лютага 1985 года, у дзень выбараў у Вярхоўны Савет БССР і мясцовыя саветы, загарэўся легкаатлетычны манеж. Пажарныя прыехалі праз 8 хвілін пасля выкліку, але полымя было такім моцным, што нічога ўжо зрабіць было немагчыма. На шчасце, ніхто не пацярпеў. «Дыверсія» — папаўзлі чуткі па горадзе. Але, як высветлілася пазней, падлеткі-лучнікі, якія трэніраваліся ў манежы, падсмальвалі стрэлы і не заўважылі, як запалка трапіла паміж матамі. Потым, спалохаўшыся, паспрабавалі затушыць полымя самі, а калі ўсё ж выклікалі пажарных, было ўжо запозна. Аднавілі манеж толькі праз 10 гадоў.
Ад вуліцы Каліноўскага да МКАД вядзе вуліца Усіхсвяцкая. Гісторыю яе ўзнікнення даведаемся каля Усіхсвяцкай царквы.
Дадатак
Таямнічая карціна Гаўрылы Вашчанкі. Праўда, яна называецца «Зялёны луг», але ж на ёй яўна бачныя тыя высоткі, каля якіх мы стаім. На пярэднім плане людзі сабраліся ў кола вакол двух хлябоў. А што ж робіцца наверсе? Ці гэта жоўтае і ружовае воблака ці гэта нейкае прадбачанне атакі на вежы-блізняты, бо карціна была напісаная ў 1978 годзе?
Cпарткомплекс «Працоўныя рэзервы». Менавіта з гэтым спорткомплексам звязанае самае маштабнае здарэнне ў раёне. 24 лютага 1985 года, у дзень выбараў у Вярхоўны Савет БССР і мясцовыя саветы, загарэўся легкаатлетычны манеж. Пажарныя прыхалі праз 8 хвілін пасля выкліку, але полымя было такім моцным, што нічога ўжо зрабіць было немагчыма. На шчасце, ніхто не пацярпеў.
Кропка 15.
Усіхсвяцкая царква
Вул. Каліноўскага, 119
УВАГА! Для таго, каб патрапіць да дзвярэй крыпты, трэба выйсці з храма і абысці яго, патрапіўшы на супрацьлеглы ад галоўнага ўваходу бок. Крыпта знаходзіцца пад алтаром.
Мы знаходзімся каля Усіхсвяцкай царквы. Будавалася яна з 1996 да 2018 года. Гэта адзіны будынак на Усіхсвяцкай вуліцы. Так атрымалася праз тое, што чалавек, які першапачаткова ахвяраваў грошы на пабудову царквы, вырашыў, што гэта неяк няёмка, што царква будзе стаяць на вуліцы нібыта «польскага паўстанца». Нават стаяла пытанне аб перайменаванні вуліцы Каліноўскага. Аднак, наш Кастусь з намі. А наконт адраса царквы было прынята кампраміснае рашэнне: безыменны праезд, які злучаў вуліцу Каліноўскага з МКАД зрабіўся Усіхсвяцкай вуліцай.
Тут прайшло развітанне з журналістам і грамадскім дзеячом Паўлам Шараметам, забітым у выніку тэракта ў Кіеве ў 2016 годзе.
Гэта самы высокі храм Беларусі. Храм адносіцца да беларускага экзархата Рускай праваслаўнай царквы і пабудаваны ў рускіх традыцыях шатровых храмаў. Але можна ў ім знайсці некаторыя рысы беларускага дойлідства. Можна пабачыць звонку выявы святых, быццам бы вонкавы іканастас. А такая рыса характэрна для Магілёўскай школы дойлідства, прыкладам якой ёсць Свята-Мікольскі храм Магілёва 17-га стагоддзя.
Зойдзем унутр храма. У трапезнай на сценах і на столі змешчаны выявы старых цэркваў Беларусі, а таксама беларускіх святых, пачынаючы ад Еўфрасінні Полацкай і Кірылы Тураўскага і заканчваючы новапакутнікамі. Новапакутнікі — гэта святары, якія былі забітыя ці закатаваныя падчас ганенняў на царкву ў 20-40 гады 20-га стагоддзя. Яны былі кананізаваныя царквой.
Адметнасцю Усіхсвяцкай царквы з’яўляецца ружовы фаянсавы іканастас.
Поўная назва Усіхсвяцкай царквы «Мінскі храм-помнік у гонар Усіх святых і ў памяць аб ахвярах, якія паслужылі выратаванню Айчыны нашай». Пра тое, што гэта храм-помнік, сведчыць наяўнасць крыпты, да дзвярэй якой мы зараз падыдзем.
Кропка 16.
Здагадайцеся хто
Паміж мураванай і драўлянай цэрквамі стаіць скульптура чалавека з кійком над фантанам ці басейнам для хрышчэння. Хто ж гэта?
Паміж мураванай і драўлянай цэрквамі стаіць скульптура чалавека з кійком над фантанам ці басейнам для хрышчэння. Хто ж гэта? Гугл-мапы кажуць, што гэта Ной. Але ж гэта не ён.
Тут экскурсаводы чуюць варыянты:
гэта Язэп Драздовіч — падобны на помнік Вечнаму Вандроўніку ў Траецкім прадмесці;
гэта Адам Міцкевіч — апрануты па модзе тых часоў і ўскалмачаны;
гэта Іаан Хрысціцель — бо стаіць над басейнам для хрышчэння;
Вашы версіі?
Насамрэч, гэта прарок Майсей — каля яго скрыжалі з дзесяццю запаведзямі і сам ён паказаны ў момант, калі перад ім расступілася мора.
Кропка 17.
Хай хутка спраўдзіцца!
Побач з мураваная Усіхсвяцкай царквой ёсць невялікая драўляная царква Святой Тройцы
Побач з мураванай Усіхсвяцкай царквой ёсць невялікая драўляная царква Святой Тройцы. Яны абедзве пабудаваныя ў адзіным стылі. У царкве Святой Тройцы ёсць абраз Божай маці «Скорапаслушніца». Гэта значыць, што шчырая малітва перад гэтым абразом будзе хутка пачутая і тое, што чалавек прасіў, будзе яму дадзена.
Напрыканцы нашай вандроўкі каманда Urban Legend зычыць Вам хуткага спаўнення найлепшых мар і спадзеваў.
Дзякуй, што прабавілі час разам з намі!
Мы шчыра спадзяёмся, што сённяшні шпацыр па Мікрараёне Усход-1 натхніў вас на вывучэнне новых мясцін у Беларусі, а таксама на іх развіццё і паляпшэнне. Заставайцеся на хвалі Менскай урбаністычнай платформы і Urban.Legend. Да сустрэчы!