Ад паліцыі да дысідэнцтва: патэнцыял архітэктуры ў сітуацыі Беларусі
Падзеі апошніх трох гадоў, што зваліліся на рэгіён — сусветная пандэмія, пасля — беспрэцэдэнтныя па маштабе рэпрэсіі ў Беларусі і жахлівае паўнамаштабнае ўварванне Расіі ва Украіну — ужо здаюцца ледзьве выноснымі. Але сваім цяжарам і невырашальнасцю яны прымушаюць пераглядаць нашае стаўленне да звыклых працэсаў. Сярод іх і сфера архітэктуры, якая здранцвела на фоне інтэнсіўнасці падзей. Уключэнне палітычнай рэальнасці ў архітэктурны парадак дня дапаможа даць яму новае жыццё: крытычна паглядзець на працэсы ўнутры сферы і нават выявіць патэнцыял, які дазволіць яе прадстаўнікам і прадстаўніцам не толькі знайсці сваё месца ў свеце, што змяняецца, але і заняць актыўную пазіцыю праз удзел у палітычных працэсах.
Уводзіны
Нягледзячы на рэпрэсіі ў Беларусі, якія закранулі ўсе сферы дзейнасці — ад аховы здароўя і эканомікі да палітыкі і культуры, у гэтых сферах з’явіліся ініцыятывы, што змаглі адаптавацца да крызісных умоў і заняць актыўную палітычную пазіцыю. СМІ, змушаныя працаваць па-за межамі краіны, навучыліся новым фарматам працы з аўдыторыяй, медыцынскія работні_цы з дапамогай праграміста_к стварылі новыя сэрвісы ў іншых краінах, эканаміст_кі прапануюць альтэрнатыўныя эканамічныя стратэгіі, маста_чкі актыўна рэагуюць не толькі на беларускую, але і на ўкраінскую сітуацыю.
Але застаецца пытанне: як адрэагавалі прадстаўнікі і прадстаўніцы архітэктурнай супольнасці? Так — як і ўсе іншыя чальцы прафесійных суполак — архітэктар_кі ўдзельнічалі ў пратэстах і іншых формах палітычнай мабілізацыі, за што іх звальнялі і пераследавалі па палітычных матывах. Але гэтая актыўнасць звязаная хутчэй з грамадзянскай пазіцыяй і не мае непасрэднага дачынення да архітэктуры як такой — архітэктура застаецца па-за палітычным кантэкстам. Гэта пралівае святло на больш глыбокую праблему — адсутнасць палітычнага дыскурсу ў архітэктурнай павестцы Беларусі. Яна прыводзіць да таго, што архітэктары и архітэктаркі, маючы вельмі абмежаваную колькасць рычагоў уплыву яшчэ да 2020 года, з 2022 былі пазбаўленыя іх амаль цалкам.
Як я пакажу ў гэтым артыкуле, такая пазіцыя не абяцае светлай будучыні ні сферы архітэктуры як такой, ні беларускаму грамадству ў цэлым. Пры гэтым, нават у настолькі складанай сітуацыі як цяпер, поле для дзеянняў дастаткова шырокае, і размова тут ідзе не проста пра магчымасць дзейнічаць, а пра магчымасць дзейнічаць праактыўна, крытычна ўлічваючы правілы, вызначаныя рэпрэсіўнай дзяржавай. Актыўная палітычная пазіцыя, як мне бачыцца, дапаможа адкрыць акно магчымасцей для архітэктуры, і — можа так стацца — для ўсяго беларускага грамадства.
Спачатку я акрэслю прычыны і наступствы адсутнасці палітыкі ў архітэктурнай сферы ў Беларусі. Пасля апішу сітуацыю ў глабальным кантэксце, якая ў гэтым аспекце сугучная беларускай. Затым засяроджуся на аналізе сувязей паміж архітэктурай, накіраванай на пашырэнне правоў і магчымасцей людзей, і палітыкай ва ўмовах сацыяльных канфліктаў. Вызначаючы архітэктуру для беларускага кантэксту, я прапаную канцэпцыю палітычнага ўдзелу ў выглядзе дысідэнцтва, падмацаваўшы яе некалькімі кейсамі з архітэктурнай сферы.
Пасіўныя архітэктурныя суб’екты: ухіленне і прыняцце
З 2020 года сярод жыхароў Беларусі стаў папулярным удзел у палітыцы, прынамсі да таго моманту, пакуль адкрыты пратэст не быў спынены дзяржаўнымі рэпрэсіямі. Нягледзячы на папулярнасць у шырокіх слаёў насельніцтва і актыўную ўцягнутасць грамадзянскай супольнасці, палітыка наўрад ці пранікла ў архітэктурную сферу: яна амаль ніколі не была прадметам абмеркавання ні да, ні падчас сацыяльнай мабілізацыі, не абмяркоўваецца яна і цяпер, пасля катаклізмаў, што адбыліся ў рэгіёне. Можна зразумець, чаму ў аўтарытарнай дзяржаве падчас узмацнення рэпрэсій унікаюць абмеркавання палітычных тэм, аднак у сітуацыі палітычнага крызісу пазбягаць іх — значыць ігнараваць рэчаіснасць. На маю думку, адмаўляючыся ўспрымаць палітыку наўпрост, у большасці сітуацый архітэктары ўспрымаюць яе ці праз эканамічную прызму, ці са спасылкай на прафесійныя абмежаванні.
Успрымаючы палітыку праз эканоміку, архітэктары бачаць сябе найперш эканамічнымі суб’ектамі, і іх паводзіны нічым не адрозніваюцца ад паводзін у рэаліях іншых сфер бізнесу. Логіка тут прыкладна такая: палітычны крызіс правакуе эканамічны, што у сваю чаргу азначае зніжэнне колькасці праектаў, замоваў і кліентаў. Рэакцый можа быць некалькі: пошук працы і замоўцаў у іншых краінах, сыход у іншую прафесію, атрыманне адукацыі за мяжой. Пры тым, што ў шэрагу выпадкаў асобныя людзі і кампаніі знаходзяць для сябе рэалізацыю, сама сфера як такая ад гэтага практычна не змяняецца.
Спасылаючыся на прафесійныя абмежаванні, архітэктары і архітэктаркі лічаць за лепшае не заўважаць палітыкі наогул, аддаючы ўсе палітычныя працэсы на водкуп палітыкам і актывістам. Галоўным матывам тут служыць захаванне прафесійных кампетэнцый, якія будзе складана прымяняць у іншым месцы. Гэтая пазіцыя хоць і захоўвае арыентаванасць на «праблемны кантэкст», у многіх выпадках падтрымлівае яго status quo і прадугледжвае шэраг саступак, якія могуць ігнараваць больш складаныя этычныя пытанні. Якая ступень супрацоўніцтва з рэпрэсіўнай дзяржавай дапушчальная? Ці эфектыўна працаваць у дзяржаўных інстытутах? Ці этычна ўдзельнічаць у праектах з расійскімі інвестыцыямі пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне? Сфера пры гэтым працягвае існаваць, аднак без прасторы для рэфлексіі, часцей рэактыўна, падладжваючыся пад знешнія ўмовы.
Калі абагульніць, гэтыя дзве дыяметральна супрацьлеглыя пазіцыі — пазіцыя ўхілення і пазіцыя прыняцця — з’яўляюцца пасіўнымі як у плане пазітыўных змен у сферы, так і ў плане ўцягнутасці ў грамадска-палітычнае жыццё. Аднак у гэтых відах пасіўных рэакцый было б дзіўна вінаваціць архітэктараў. На гэта ёсць маса знешніх прычын. Частка з іх датычыцца асаблівасцяў палітыкі ў Беларусі, частка — узаемаадносін паміж архітэктурай і палітыкай як такімі.
Палітыка і архітэктура ў Беларусі
Палітыка ў Беларусі і да 2020 года не з’яўлялася часткай архітэктурнага дыскурсу — у адрозненне, напрыклад, ад сфер эканомікі ці мастацтва, што першымі рэагавалі на палітычныя змены. Дзяржаўная манаполія на адукацыю і высокая ступень яе ідэалагізаванасці не дазвалялі палітыцы з’явіцца ў адукацыйных праграмах. Хаця дыскусіі ў публічнай прасторы і закраналі палітычныя аспекты, у цяперашняй сітуацыі іх высновы застаюцца непрыдатнымі. На выключанасць палітыкі са сферы архітэктуры могуць указваць таксама адсутнасць інстытута архітэктурнай крытыкі і наогул яе непрадстаўленасць, арыентаванасць у абмеркаваннях на выключна архітэктурныя праблемы, і дастаткова высокая ступень уцягнутасці мясцовых архітэктараў у праекты з негатыўнай рэпутацыяй.
Інстытута крытыкі ў Беларусі ўвогуле не існуе, неінстытуцыйная крытыка абмяжоўваецца невялікім наборам артыкулаў у СМІ. У той жа час крытыка ў «кулуарах» застаецца пераважна «бяззубай»: у большасці выпадкаў праблемы бачацца ў састарэлых падыходах або агульнай нядбайнасці розных ведамстваў і інстытуцый. Калі паглядзець з палітычнай перспектывы, можа аказацца, што адсутнасць інстытута крытыкі і канстатацыя састарэласці палітычнай сістэмы — фактары, выгадныя дзяржаве. Можа стацца так, што бачная нядбайнасць інстытуцый па факце ўяўляе сабой «упарадкаваную расхлябанасць», якая дазваляе дзяржаве праводзіць змены выгадным для сябе чынам.
Праз забарону палітычных тэм і ізаляцыю ад іншых сфер большасць публічных і каляпублічных дыскусій у архітэктуры зводзіцца да абмеркавання ўнутрыпрафесійных пытанняў, што часта заканчваецца толькі канстатацыяй праблем у сферы. Аднак такія абмеркаванні не дазваляюць крытычна паглядзець на статус архітэктараў у грамадстве: у шэрагу выпадкаў архітэктура з’яўляецца інструментам для легалізацыі праектаў, якія пагаршаюць якасць гарадскога асяроддзя.
Той факт, што для абмеркавання палітыкі не было прасторы, не выключае яе існавання, і ігнараванне гэтага сёння ставіць пад пытанне будучыню архітэктуры ў Беларусі. Мяркую, уключэнне палітычнага дыскурсу ў архітэктурны дапаможа не толькі па-іншаму паглядзець на праблемы ўнутры архітэктурнай сферы, але і знайсці для архітэктараў сваё месца ў цяперашняй сітуацыі, стварыць умовы для магчымасці заняць актыўную пазіцыю ў прафесіі і грамадстве.
Архітэктура без палітыкі: не толькі ў Беларусі
За рэдкімі выняткамі палітыка сёння не з’яўляецца часткай архітэктурнага дыскурсу і ў іншых краінах. Як заўважае Чарльзуорт, нягледзячы на занепакоенасць архітэктараў, як людзей, праблемамі сацыяльнай і эканамічнай справядлівасці, у апошні час архітэктурная прафесія адышла ад зацікаўленасці ў вырашэнні сацыяльных канфліктаў і нават такіх базавых праблем, як бяздомнасць ці пагаршэнне якасці гарадскога асяроддзя. А паводле даследавання Фонду Карнегі 1996 года, толькі 22 адсоткі студэнтаў архітэктурных ВНУ абіралі спецыяльнасць з мэтай аказваць падтрымку супольнасцям [1: 44, 47].
Прычыну дэпалітызацыі архітэктуры сёння Ціл і Шнайдэр бачаць у разуменні архітэктурнай дзейнасці выключна як абмену паслугамі, дзе дыяпазон дзеянняў зводзіцца адно да праектавання будынкаў як аб’ектаў, якія ў далейшым могуць прыносіць прыбытак [2: 97]. Разам з тым, «многія школы архітэктуры і дызайну ўсё яшчэ вядомыя сучаснай апантанасцю тэхналагічным дэтэрмінізмам, эстэтычным фармалізмам і тэарэтычнай заблытанасцю» [1: 47]. У выніку яны канстатуюць: «Казаць, што архітэктура палітычная, — значыць выкарыстоўваць труізмы; казаць, што архітэктары ігнаруюць палітыку, — значыць сцвярджаць відавочнае» [3: 38].
Калі архітэктура як частка навакольнага асяроддзя асацыюецца з палітыкай, бо палітычныя рашэнні ўплываюць на архітэктуру і гарадское асяроддзе поруч з сацыяльнымі і эканамічнымі фактарамі, то архітэктура як прафесія і дысцыпліна, па словах Аўрэлі, заўсёды імкнулася быць апалітычнай. Лепш за ўсё гэта ілюструе знакамітае пытанне Ле Карбюзье «архітэктура ці рэвалюцыя?», дзе пад рэвалюцыяй маецца на ўвазе абсалютнае зло, якое можна прадухіліць толькі парадкам мадэрнісцкай архітэктуры [4]. Такую ж палітычную неразборлівасць можна прыпісаць і Чарльзу Джэнксу, які, абвінаваціўшы архітэктараў у няўдачах мадэрнізму, сам адмовіўся ад сацыяльнай адказнасці і звёў архітэктуру да яе камунікатыўнага складніка [3: 38]. Аднак такое становішча архітэктуры сягае далёка па-за межы XX стагоддзя.
Першапачатковы эскіз вокладкі кнігі Ле Карбюзье «Архітэктура ці рэвалюцыя». 1922-1923
Калі паглядзець на падзеі мінулага з сённяшняй перспектывы, акажацца, што самы першы вядомы тэарэтык архітэктуры Вітрувій з яго 10 кнігамі пра архітэктуру таксама не надта клапаціўся пра палітычную пазіцыю. Трактат быў напісаны падчас грамадзянскай вайны, якая сведчыла пераход ад рымскай рэспублікі да імперыі. А галоўнай мэтай яго напісання было жаданне будучага імператара Аўгуста ўціхамірыць насельніцтва падуладных яму тэрыторый. Адсюль Аўрэлі робіць выснову, што архітэктурную дысцыпліну першапачаткова вынайшлі і інстытуцыяналізавалі для таго, каб «дэпалітызаваць архітэктуру як адно з фундаментальных увасабленняў палітычнага ў горадзе». Такім чынам «дызайн замяшчае палітыку» [4].
Палітыка без архітэктуры
Пошук палітычнага ўнутры архітэктуры ўскладняецца тым, што палітычны дыскурс выключае архітэктуру са сваёй сферы і сёння. Як заўважае Янева, сувязь архітэктуры і палітыкі можна растлумачыць з перспектывы традыцыйных асноватворных палітычных тэорый. З такой пазіцыі архітэктура разглядаецца толькі ў сувязі з яе ідэалогіяй, дзяржавай, урадам, нацыяй, палітычнымі праграмамі. Так ствараецца ўяўленне, што «палітыка робіцца ўчынкамі людзей, надзеленых уладай, і дзякуючы інстытуцыям, якія вырашаюць палітычныя матэрыі, у той час як архітэктура — пасіўны халодны свет будынкаў і інфраструктуры; аб’ект прынятых рашэнняў» [5: 29]. Адсюль трактоўкі архітэктуры як «рэпрэзентацыі ўлады», «выяўлення імкненняў грамадства» або «арэны для палітычных дзеянняў».
Палітыка разумеецца тут як асобная сфера дзейнасці, яна «знаходзіцца па-за архітэктурнымі кампетэнцыямі, далёка ад працэсаў і аб’ектаў архітэктуры» [5: 5]. Такое ўяўленне не дазваляе архітэктарам і архітэктаркам быць палітычнымі агентамі, нават калі яны гэтага жадаюць. Ім заўсёды трэба чакаць «рашэння зверху» і далучацца на этапе, калі ўсе асноўныя рашэнні ўжо прынятыя. «Па адзін бок мы маем уладу, палітычныя перыяды і дамінаванне, па другі — архітэктурную форму, стылі і архітэктараў» [5: 15]. Янева сцвярджае, што такі дуалістычны погляд на архітэктуру і палітыку «мае ўплыў на нашы ўяўленні і на наша разуменне працэсу архітэктурнай вытворчасці» [5: 30]. Гэта не толькі абцяжарвае разблытванне сувязей паміж палітыкай і архітэктурай, але і, што больш важна, адмяжоўвае архітэктараў ад удзелу ў палітычных працэсах.
Такое традыцыйнае разуменне палітыкі выразна фіксуе ролю архітэктараў у грамадстве, што не дазваляе ім больш шырока ўдзельнічаць у яго жыцці і крытычна ставіцца да сваёй пазіцыі. Як быццам з архітэктарамі ўжо па змаўчанні ёсць кансэнсус наконт відаў і спосабаў іх удзелу. Але што адбываецца ў сітуацыі, калі агульнай згоды няма, калі кансэнсус з уладай у традыцыйным разуменні немагчымы? Ды і ўвогуле, на што варта абапірацца ў сферы палітыкі, калі няма традыцыйных палітычных інстытутаў і канкрэтных палітычных праграм?
Палітыка супраць паліцыі
Жак Рансьер, удзельнік травеньскіх пратэстаў 1968 года, сучасны філосаф, прыхільнік радыкальнай дэмакратыі, ставіць пад пытанне традыцыйнае разуменне палітыкі. Тое, што мы прывыклі лічыць палітыкай, то-бок замацаванне роляў і месцаў для суб’ектаў у грамадстве, выяўленае ў палітычных праграмах, выбарах і інстытутах, ён называе паліцыяй, або паліцэйскім парадкам (police order). А вось палітыкай Рансьер называе інтэрвенцыю суб’екта ў гэты існы палітычны парадак, спробу пераадолець аднойчы зададзенае размеркаванне роляў. Пры гэтым палітыка заўсёды эфемерная, і максімум, які мы можам атрымаць у выніку палітычных дзеянняў, — палепшаную канфігурацыю паліцэйскага парадку, якая дазволіць даць значна больш месца для дзеянняў суб’ектаў [6].
Здаецца, гэта вельмі адпаведнае вызначэнне палітыкі для беларускай сітуацыі, у якой існы паліцэйскі парадак належыць антыдэмакратычным сілам, а дэмакратычныя сілы яшчэ далёкія ад легітымацыі ўласнага. Як бы пацвярджаючы гэтую думку, Янева, спасылаючыся на глабальны кантэкст, піша: «У час, акрэслены як знікненне палітыкі, крызіс легітымацыі нацыянальнай палітыкі і палітыкі, заснаванай на партыйнай сістэме, прымаць, што будынкі і архітэктурныя праекты могуць чароўным чынам легітымаваць ці выяўляць уладу, — пэўны від анахранізму; лічыць, што просты ўдзел карыстальнікаў у працэсах праектавання дастатковы для дэмакратычнага дызайну, — значыць аддавацца павярхоўнай палітызаванасці» [5: 5].
Глабальная ж праблема архітэктуры заключаецца ў тым, што яна заўсёды ці амаль заўсёды была на баку «паліцыі», няважна, якія прыклады мы разгледзім: паноптыкан Джэрэмі Бентама або ўпарадкаванне парыжскіх вуліц баронам Асманам у 19 стагоддзі, ці будынак CCTV, узведзены ОМА ў Кітаі, — усе гэтыя прыклады лучыць той факт, што яны грунтуюцца на кансэнсусе з уладай.
Аднак разуменне палітыкі як супрацьстаяння паліцэйскаму парадку ставіць пад пытанне традыцыйную архітэктурную тэорыю і практыку. Як сцвярджаюць Бобік і Нагігі, «каб зразумець сувязі паміж палітыкай і прасторай, архітэктура і гарадское мусяць быць перавызначанымі. Без гэтай перафармулёўкі немагчыма зразумець палітычную ролю архітэктуры і гарадской прасторы, якая можа быць прыгнятальнай, сцвярджальнай, нейтральнай ці вызваляючай» [7: 4].
Архітэктура ў імя іншых
Каб вызначыць «вызваляючую» архітэктуру, варта разабрацца ў працэсе архітэктурнай вытворчасці, які, апрача прадукту дзейнасці і прафесіі, уключае ў сябе такія важныя складнікі, як экспертыза (што папярэднічае прафесіі) і практыка (неабходная для з’яўлення прадукту). Традыцыйна лічыцца, што архітэктар-эксперт, надзелены ведамі, ініцыюе гэты працэс і цалкам кантралюе яго: ён (і ў большасці выпадкаў гэта менавіта «ён») вызначае змест прафесіі, якая вызначае магчымыя віды практык, якія вызначаюць від прадукту, які, у рэшце рэшт, вяртаецца на праверку эксперту [8: 154].
Схема 1. Традыцыйнае разуменне працэсу архітэктурнай вытворчасці (паводле Ціла). Эксперт запускае працэс і кантралюе якасць прадукту. Сацыяльныя, эканамічныя і экалагічныя фактары, як і наступнае выкарыстанне прадуктаў (будынкаў), застаюцца без увагі.
На жаль, такое лінейнае разуменне працэсу можна пачуць толькі з вуснаў архітэктара, што спрабуе захаваць хоць нейкую аўтаномію ў свеце, які ўвесь час змяняецца. Непрадказальная сацыяльная і палітычная рэальнасць прымушае архітэктараў і архітэктарак спасылацца на непахісныя падставы іх дзейнасці, што пераважна зводзіцца да праектавання будынкаў. Галоўнай праблемай такога разумення Ціл бачыць закрытасць сістэмы [8: 155], якая, разам з палітычнымі фактарамі, выключае іншых людзей, непрафесіяналаў, з працэсаў архітэктурнай (ці, шырэй, прасторавай) вытворчасці, у той час як архітэктура — адна з самых залежных ад знешніх умоў прафесій.
Калі традыцыйныя асновы палітыкі выключаюць архітэктараў як прафесіяналаў з палітычных працэсаў, то традыцыйныя асновы архітэктуры выключаюць астатніх людзей, патэнцыйных палітычных актараў, з архітэктурнага дыскурсу і працэсу архітэктурнай вытворчасці ў цэлым. У выніку ўзнікае палітычная непадатлівасць, у якой архітэктары занятыя адшліфоўваннем трыяды Вітрувія — «карысці, трываласці і прыгажосці» (сёння гэта функцыя, тэктоніка і эстэтыка), а грамадзяне б’юцца аб сцены турмаў і ўчасткаў для галасавання, не ўспрымаючы прастору і архітэктуру як аб’екты палітычнага ўплыву.
Магчыма, замест таго, каб марыць пра запрашэнні разбурыць пастамент палітыкаў, архітэктарам варта пачаць пазбаўляцца ад уласнага, указаўшы ўсім астатнім на недахопы яго канструкцыі. Ціл прапануе перамясціць цэнтр увагі з архітэктурнай экспертызы і прафесіі на прасторавую — не абавязкова архітэктурную! — практыку як месца першага перасячэння з рэальнасцю ў звыклым лінейным працэсе архітэктурнай вытворчасці. У такім выпадку практыка будзе прамым адказам на сацыяльную, палітычную або экалагічную сітуацыю, а не простым выкарыстаннем засвоеных інструментальных навыкаў ці тэарэтычных прынцыпаў. Практыка, якая трактуецца шырока, у такім выпадку будзе вызначаць экспертызу, а прадукт будзе з’яўляцца як кампраміс паміж практыкай і яго магчымым выкарыстаннем у будучыні. Пры гэтым экспертыза ўсё яшчэ застаецца важным звяном: тэарэтычны дыскурс неабходны для прыдумвання новых практык. Знаходзячыся ў такой пазіцыі, архітэктар зможа стаць «саўдзельнікам стварэння эмансіпуючых (empowering) прасторавых, і, такім чынам, сацыяльных адносін у імя іншых» [8: 178].
Схема 2. Версія працэсу архітэктурнай вытворчасці, дзе практыка займае зыходнае становішча. На пачатковым этапе ўлічваюцца сацыяльныя і палітычныя фактары як зыходныя дадзеныя, што фарміруюць практыку, а таксама наступнае выкарыстанне прадуктаў. Прафесія і прадукт не вызначаны першапачаткова.
Можна сказаць, што прапанаваная Цілам новая схема дазваляе разумець архітэктуру менш кансэнсусна, факусуючыся не на свабодным рынку (звычайна вызначае прадукт) або дзяржаве (звычайна сцвярджае прафесійныя нормы), а на патрэбах людзей ды іх сацыяльных і палітычных умовах. Але пра якія сацыяльныя адносіны, што пашыраюць правы і магчымасці іншых людзей, можа ісці гаворка ў сітуацыі, калі фактычна гэтыя правы памяншаюцца з кожным днём? Варта ўдакладніць умовы, у якіх знаходзіцца беларускае грамадства сёння, каб зразумець, якія менавіта віды практык неабходна вынайсці палітычна матываваным архітэктарам з мэтай адказаць на яго запыты.
Архітэктура і патэнцыял дысідэнцтва
Працяг палітычнага крызісу і ўзмацненне рэпрэсій, апасродкаваны ўдзел у вайне ва Украіне і пагрозы незалежнасці з боку Расіі змяшчаюць Беларусь сёння ў спецыфічны кантэкст. Калі перамены адкладаюцца на нявызначаны час, а аўтарытарны рэжым упэўнена «рухаецца ў бок таталітарызму», актуальным застаецца пытанне даступных формаў палітычнага ўдзелу. Да таго ж гэтае пытанне стаіць не менш востра і ў глабальным свеце, дзе галоўнымі пагрозамі з’яўляюцца неаліберальная эканоміка і глабальнае пацяпленне.
Інэс Вайцман, даследчыца архітэктуры, бачыць вялікі патэнцыял у канцэпцыі дысідэнцтва: яна прапануе вынесці гэтае паняцце з кантэксту краін Усходняга блока канца 60-х — канца 80-х гадоў і змясціць яго ў сучасны глабальны кантэкст архітэктуры [9: 2]. Аказваецца, што дысідэнцтва як від нязгоды з таталізуючымі сіламі можа быць аднолькава карысным як у сітуацыі сучаснага глабальнага капіталізму, так і ў сітуацыі аўтарытарнага рэжыму беларускага тыпу. Апрача таго, дысідэнцкая пазіцыя змяшчае ў сабе «парадокс» (арыгінальная назва кнігі пад рэдакцыяй Вайцман — «Архітэктура і парадокс дысідэнцтва») — для пазіцыі адмовы ёй неабходна пазіцыя супрацоўніцтва. Гэта месца, у якім архітэктура з яе залежнасцю і імкненнем да згоды, кансэнсусу, выяўляе сваё выгаднае становішча.
Што калі архітэктура, якая з выгляду з’яўляецца часткай сістэмы, на справе аказваецца траянскім канём, што даўно стаіць пры адчыненай браме палітыкаў, якія нічога не заўважаюць? А архітэктары — схаваныя ў ім дысідэнты, якія чакаюць спрыяльнага моманту ў сваёй зацягнутай «рэвалюцыі цярпення»? Толькі, у адрозненне ад рэвалюцыянераў ці актывістаў, як сапраўдныя дысідэнты і дысідэнткі, яны не ставяць сабе за мэту атрыманне ўлады або поўнае рэфармаванне сістэмы, іх задача — пастаянна ставіць пад сумнеў яе асновы, разам з прафесійнымі, культурнымі і палітычнымі ўстаноўкамі [9: 4]. У такім кантэксце архітэктура з яе ўяўнай палітычнай нявіннасцю як мінімум застаецца адным з нямногіх «незаплямленых» палітычнай мабілізацыяй месцаў. А як максімум — нішай, якая валодае вялікім патэнцыялам для напаўнення мабілізуючым сэнсам як для саміх архітэктараў, так і для іншых людзей.
Такім чынам, архітэктурная практыка ў Беларусі, якая вынікае з умоў палітычнага крызісу, гэта найперш дысідэнцкая практыка. Архітэктурнае дысідэнцтва адкрывае шырокі дыяпазон формаў удзелу, на адным краі якога будзе адкрытае супрацьстаянне, а на другім — ціхія і ледзь заўважныя формы непадпарадкавання, якія мяжуюць з канфармізмам. Каб уявіць больш канкрэтныя віды дзеянняў, варта згадаць выпадкі, у якіх дысідэнцтва стала вызначальнай рысай архітэктуры.
Дысідэнцкія практыкі ў дзеянні
Некаторыя аўтары прапануюць наборы роляў для архітэктараў ва ўмовах канфліктаў, дзе яны выступаюць гісторыкамі, адвакатамі, пісьменнікамі, настаўнікамі, палітыкамі і інш. [1: 37; 10: 24]. Аднак мэта гэтага артыкула не ў тым, каб даказаць важнасць архітэктурнай прафесіі і зафіксаваць этычна правільныя формы яе рэалізацыі. Важней заахвоціць архітэктараў і архітэктарак на стварэнне новых практык, здольных адказаць на сітуацыі, у якіх прафесія здаецца бяссільнай. Я апішу толькі тры прыклады дысідэнцкіх практык з розных месцаў і рознага часу так, каб у іх праглядаліся знаёмыя рысы, але заставалася прастора для ўяўлення.
Školka
Školka (чэшск. ‘дзіцячы садок’) — архітэктурная студыя-інкубатар, ідэя стварэння якой узнікла ў перыяд уварвання савецкіх войскаў у Чэхаславакію ў 1968 годзе, і якая паспяхова праіснавала як аддзяленне Асацыяцыі інжынераў і архітэктараў Ліберэца (SIAL) у перыяд «нармалізацыі» — адмены дэмакратычных дасягненняў «Пражскай вясны» — да 1982 года. Студыя на перыферыі Ліберэца, удалечыні ад дзяржаўнага праектнага інстытута «Ставапраект», што яе спарадзіў, дазволіла маладым архітэктарам і іх цьютарам стварыць прастору, якая прапаноўвала «пэўную свабоду для ідэй і працы, <...> і, што больш важна, дазваляла гульню» [9: 65]. Гэта кантраставала з астатнімі архітэктурнымі інстытуцыямі, якія ў той час займаліся распрацоўкай схем для дамоў зборных канструкцый.
Хаця многія ўдзельнікі Школкі былі дысідэнтамі ў звычайным разуменні, сама практыка з’явілася ў адказ не на палітычныя падзеі непасрэдна, а на незадаволенасць існай сістэмай архітэктурнай вытворчасці. Ініцыятар стварэння студыі Міраслаў Масак у праграме ўказваў на незадаволенасць умовамі і вынікамі дзейнасці архітэктараў: «У віры хуткіх рашэнняў архітэктары губляюць магчымасць крэатыўнай дзейнасці. Яны не адказваюць за тое, што яны вырабляюць, але толькі за тое, як яны гэта робяць» [9: 65]. У адказ ім удалося стварыць архітэктурную студыю з унікальным падыходам да арганізацыі працы і атмасферай, дзе гульня была «ўмовай для акта творчасці» [9: 65].
Маладыя ўдзельнікі і ўдзельніцы, крытычна ставячыся да стандартнай логікі прадпісаных метадычных указанняў, разам з настаўнікамі ладзілі ўнутраныя конкурсы. Гэтыя конкурсы, з аднаго боку, былі прасторай для адкрытых дыскусій, шырокага абмеркавання праблем і рашэнняў, а з другога — давалі магчымасць удзельнічаць у рэальных дзяржаўных конкурсах, што служыла алібі для атрымання фінансавай падтрымкі ад мясцовага Саюза архітэктараў. Некаторыя з праектаў студыі былі пабудаваныя, але, што больш важна, іх конкурсныя праекты сталі вядомымі ў Чэхаславакіі і па-за яе межамі.
Праект ніжняга Цэнтра Ліберэца, як мяркуецца, 1970-я. Крыніца.
Само з’яўленне гэтай адукацыйнай ініцыятывы сведчыць пра абазнанасць яе стваральнікаў у прынцыпах функцыянавання палітычнай сістэмы ў цэлым. Тое, што яна праіснавала 14 гадоў у перыяд рэпрэсій, гаворыць пра ўменне яе ўдзельнікаў і ўдзельніц абараняць уласныя інтарэсы праз крытычнае перапісванне праграмы студыі пад афіцыйную рыторыку ўладаў. Няхай практыка студыі не ставіла пад сумнеў палітычную сістэму, але гарызантальная структура сяброў-энтузіястаў з уласнымі каштоўнасцямі і логікай дазволіла не толькі супрацьстаяць дамінуючай у той час мадэлі архітэктурнай практыкі звычайных праектных інстытутаў, але і стварыць прастору для рэфлексіі, якую можна лічыць паралельнай публічнай сферай.
Талінская школа
Талінская школа — група архітэктараў, мастакоў і дызайнераў, якая з’явілася ў Эстонскай ССР на пачатку 70-х гадоў. На выставе, арганізаванай Саюзам архітэктараў, яны змаглі прадставіць крытыку існых на той момант архітэктурных нормаў і ўмоў жыцця гараджан, што стала прэцэдэнтам для змен у самой дзяржаўнай структуры. Дзеянні ўдзельнікаў групы паказваюць від дысідэнцкай практыкі, якая ўзнікла адначасова дзякуючы і насуперак сродкам, прапанаваным дзяржаўнымі інстытутамі [9: 19].
Група была зацікаўленая ў сацыяльнай ролі архітэктуры і адкрытая да кааперацыі з іншымі культурнымі сферамі. У часы тэхналагічнага аптымізму прадстаўнік групы Леанард Лапін бачыў патэнцыял архітэктуры не ў яе вытворчасці машынамі, але як машыну, якая зможа абслугоўваць жаданні і запыты карыстальнікаў. Для іншага ўдзельніка, Гары Шэйна, архітэктура ўяўляла сабой спектр дзейнасці ад «праектавання асобных аб’ектаў да праектавання чалавечых адносін» [9: 27]. Больш за тое, у 1972 годзе ў савецкай Эстоніі ён бачыў неабходнасць перадаць архітэктурныя паўнамоцтвы жыхарам гарадоў, каб яны маглі ўдзельнічаць у стварэнні свайго асяроддзя пражывання: «Мы можам выжыць без архітэктараў, больш за тое, людзі самі могуць быць архітэктарамі» [9: 27].
Арганізаваная моладзевай секцыяй Саюза архітэктараў Эстонскай ССР выстава з някідкай назвай «Архітэктурная выстава 78» сталася платформай дыялогу пра архітэктуру як частку культурнай сферы і крытыку масавага жылога будаўніцтва. Пры гэтым крытыка ажыццяўлялася праз іронію і не давала практычных адказаў на пастаўленыя пытанні. Выстава выклікала незадаволенасць старэйшага пакалення архітэктараў, што праз год дало магчымасць звольніць кіраўніка стагніруючага Саюза архітэктараў Марціна Порта, які займаў гэтую пасаду 24 гады запар. Нягледзячы на тое, што новым кіраўніком саюза стаў партыйны функцыянер, самі ўдзельнікі групы змаглі заняць у гэтай інстытуцыі пазіцыі, якія дазволілі ім уплываць на сітуацыю ў сферы.
Леанард Лапін. Горад жывых — горад мёртвых. 1978. Іранічны каментар да монафункцыянальных спальных раёнаў. Ён змясціў у цэнтр двара могілкі, якія адначасова з’яўляліся дзіцячай пляцоўкай: такім чынам, меркаваў ён, людзі будуць лепш клапаціцца пра свой двор, а бацькі не дазволяць сваім дзецям псаваць абсталяванне. [9: 23]. Цэнтральны абеліск прызначаўся кіраўніку Саюза архітэктараў. Крыніца.
Дысідэнцтва ў гэтым выпадку выявілася ў дзвюх формах: 1) самой выставы, дзе архітэктары ў межах сваёй сферы змаглі стварыць альтэрнатыўны дыскурс; 2) дзеянняў архітэктараў аб’яднання ў ролі палітычных актараў праз «выкарыстанне мерапрыемства для арганізацыі адкрытага дыялогу» [9: 29]. Няхай абедзве гэтыя практыкі не выходзілі па-за межы прафесіі, дзеянні групы спарадзілі новую публіку, якая працягнула абмяркоўваць падобныя тэмы ў колах пісьменнікаў і іншых інтэлектуалаў. У гэтым выпадку рэсурсы, прапанаваныя сістэмай, дзякуючы зладжаным групавым дзеянням, з’явіліся падставай, якая дапамагла змяніць саму сістэму.
Forensic Architecture
Forensic Architecture — гэта даследчае агенцтва, якое паўстала дзякуючы жаданню архітэктараў займацца расследаваннем спраў, звязаных з парушэннем правоў чалавека. Яго практыка выварочвае працэс архітэктурнай вытворчасці навыварат. Заснаванае ў 2010 годзе ў Лондане палесцінцам, які нарадзіўся ў Ізраілі, агенцтва з моманту заснавання займаецца зборам доказаў розных фактаў паліцэйскага, ваеннага і іншых відаў дзяржаўнага гвалту. Яго чальцы называюць сябе «контркрыміналістамі» [11], бо часта ім даводзіцца «расследаваць следчых» [11], асабліва калі апошнія здзяйсняюць злачынствы ў працэсе або ў выніку ўласнага расследавання.
Хаця мэта FA — знайсці праўду, яны не прызнаюць сябе аб’ектыўнымі вучонымі ўжо толькі таму, што ў любым кейсе абіраюць бок ахвяры. Менавіта людзі і супольнасці, пацярпелыя ад гвалту, ініцыююць працэс расследавання. FA, як шырокае кола адмыслоўцаў, сярод якіх архітэктары, мастакі, кінематаграфісты, адвакаты і журналісты, адно дапамагае арганізаваць інфармацыю ў форме сітуацыйнага (прасторавага) сведчання, каб пасля яе можна было прадставіць у судзе. Пры гэтым асноўную ўвагу яны надаюць пашырэнню правоў і магчымасцей супольнасцей, якія імкнуцца да палітычных перамен і/або знаходзяцца ў стадыі супрацьстаяння. Такім чынам, яны ставяць патрабаванні людзей у цэнтр працэсу, у дадзеным выпадку — крыміналістычнай вытворчасці.
Прадукты даследаванняў яны прэзентуюць у судзе ці, калі такой магчымасці няма, у мастацкіх галерэях, якія дазваляюць паказаць справу шырокай публіцы. Параўноўваючы інстытуцыі, Вайцман называе працэс абароны сведчанняў у судзе відам куратарства, дзе рытарычнымі прыёмамі служаць выявы, гук і іх камбінацыя. Эстэтыка ў гэтым працэсе выступае сродкам пабудовы аргументацыі, вызначэння «следу на паверхні» [11], а не спосабам дасягнуць прыгажосці.
Расследаванне FA. З дапамогай візуальнага аналізу адкрытых крыніц і сімуляцыі яны здолелі вымераць канцэнтрацыю слезацечнага газу ў паветры, каб вызначыць узровень пагрозы здароўю ўдзельнікаў мірнага пратэсту 20 снежня 2019 года ў Чылі.
FA адносіцца да адкрытага віду дысідэнцтва, адначасова накіраванага супраць усіх дзяржаў, супраць усёй паліцыі ў абодвух сэнсах: і як кантралюючай інстытуцыі, і як працэсу, што выключае палітыку. Гэтая практыка робіць ледзь адрозныя галасы чутнымі ва ўсім свеце. Важны кантэкст, з якога гэтая практыка з’явілася. Нягледзячы на запал да архітэктуры, захопленасць ёй і нязгаслае жаданне займацца дызайнам і праектаваннем, Вайцман кажа пра абавязацельствы, якія накладвае «асобны гістарычны збег абставінаў» [11] — факт яго нараджэння ў Ізраілі ў 1970 годзе:
«Я думаю, было б неэтычна займацца дызайнам [у звыклым разуменні]. [...Але] тое, што мы робім, — таксама архітэктура. Мы не кажам, што ўсе архітэктары павінны займацца гэтым, але мы можам сказаць “зараз архітэктура стала нечым большым, чым яна была”. І гэта дазваляе маладым архітэктарам і мусіць даць ім здольнасць, матывацыю выйсці ў свет і зразумець, што яны могуць быць публічнымі інтэлектуаламі і палітычнымі суб’ектамі ці актывістамі. І інструментарый, які яны маюць у іх лэптопах, праграмы, рэчы, якія мы вучылі амаль у любой архітэктурнай школе свету, — вельмі, вельмі магутныя інструменты, палітычна, калі вы ведаеце, як іх выкарыстоўваць. І гэта можа дапамагчы вам умяшацца ў вельмі складаныя сітуацыі» [11].
Пасля дысідэнцтва
Безумоўна, спіс дысідэнцкіх архітэктурных практык можна працягнуць: гэта і зыход з архітэктуры Альгрыдаса Каўшпедаса для непасрэднага ўдзелу ў палітычных падзеях у Літве канца 80-х; і няпростае жыццё Вілановы Артыгаса, які трываў умовы дыктатуры ў Мексіцы, лічачы найважнейшай мэтай барацьбу з каланіяльнай палітыкай ЗША ў 60-х [9: 74]; гэта дзейнасць Марты Станы ў савецкай Эстоніі і практыкі талінскай Групы Т, якая займалася архітэктурнымі перфомансамі напрыканцы 80-х. Варта згадаць і Богдана Богдановіча ў тагачаснай Югаславіі, які змушаны быў практыкаваць архітэктуру праз манументальнае мастацтва; і ўкраінскі The Center for Spatial Technologies, які ў дадзены момант фіксуе злачынствы расійскіх вайскоўцаў ва Украіне. Наяўнасць гэтых практык разам з многімі іншымі даказвае гатоўнасць архітэктараў актыўна рэагаваць на складаныя палітычныя ўмовы, у якіх яны знаходзяцца.
Так, неадменнасць глабальных праблем у выглядзе экалагічнага крызісу і неаліберальнай эканомікі не робіць сітуацыю Беларусі менш складанай. Але аказваецца, што палітычна розніца з глабальным светам не настолькі ашаламляльная: мяркуючы па даследаваннях інстытута Varieties of Democracy, у 2022 годзе ўзровень дэмакратыі для сярэднестатыстычнага жыхара планеты адкаціўся да ўзроўню 1986 года. Магчыма, менавіта грамадствы і суполкі, змушаныя быць удзельнікамі палітычных крызісаў і перавынаходзіць сябе палітычна, могуць з большай верагоднасцю стварыць новыя парасткі на полі, якое так упарта дэпалітызуецца. Калі дысідэнты краін Усходняга блока завяршылі гэты этап калапсам таталітарнага савецкага рэжыму, ад чаго зможа вызваліць сённяшняе архітэктурнае дысідэнцтва? Магчыма, вырашаючы актуальныя праблемы ў беларускай сітуацыі, мы ўбачым на даляглядзе і сусветныя праблемы ці, як мінімум, скарыстаем гэты час для трэніроўкі ўважлівасці да палітычных працэсаў.
Сацыяльныя канфлікты, ваенныя і экалагічныя катастрофы забіраюць і нявечаць тысячы жыццяў па ўсім свеце. Усе гэтыя сітуацыі ставяць перад архітэктарамі няпростыя пытанні. Сітуацыя Беларусі, у якой гаворка ідзе пра выбарачныя забойствы, рэпрэсіі і рост колькасці палітычных зняволеных, робіць пытанне для архітэктараў больш складаным — прынамсі, будынкі стаяць. У рэшце рэшт, пытанне можа гучаць наступным чынам: калі вольная архітэктурная майстэрня ў Чэхаславакіі ўзнікла падчас узмацнення рэпрэсій, а дзейнасць Forensic Architecture, ужо амаль крышталізаваная ў асобную прафесію, распачалася з сітуацыі ізраільска-палесцінскага канфлікту, то якія прасторавыя практыкі маглі б з’явіцца у адказ на сітуацыю ў Беларусі? Магчыма, гэта пытанне, якое дапаможа нам усім, удзельнікам і ўдзельніцам шматлікіх канфліктаў, знайсці і прапанаваць іншым новыя сэнсы для актыўнай дзейнасці.
Крыніцы
Esther Charlesworth. Architects without frontiers: War, Reconstruction and Design Responsibility. London: Architectural Press, 2006.
Tatiana Schneider, Jeremy Till. Beyond Discourse. Footprint Issue # 4: Agency in Architecture: Reframing Criticality in Theory and Practice, 2009.
Nishat A., Schneider T., Till J. Spatial Agency. Other Ways of Doing Architecture. Routledge, 2011.
Pier Vittorio Aureli. Can Architecture be Political? Discussion ‘The Architecture Exchange – How is Architecture Political?’. AA School of Architecture, 2014, [1:01:44]. Link
Albena Yaneva. Five Ways to Make Architecture Political: An Introduction to the Politics of Design Practice. Bloomsbury Academic, 2017.
Gabriel Rockhill, «Rancière and His Legacy: Contributions and Limitations». Critical Theory Workshop, 2019. Link
Nikolina Bobic, Farzaneh Haghighi. The Routledge Handbook of Architecture, Urban Space and Politics, Volume I: Violence, Spectacle and Data. Routledge, 2023
Jeremy Till. Architecture Depends. The MIT Press, 2009.
Ines Weizman. Architecture and the Paradox of Dissidence. Routledge, 2014.
Wilhelmus Elskamp. History Thesis: Architecture Through Conflict. TU Delft, 2021.
Eyal Weizman. Forensic Architecture is Looking at the Past to Transform the Future. Interview. Louisiana Channel, 2022. Link
Viktorija Šiaulytė, Marija Drėmaitė. Maištaujantis Oportunizmas / Subversive Opportunism. Vilnius University, Architecture Fund, 2014. Link