Урбан-дайджэст №03: «Транспартныя навіны і дзень жаночай салідарнасці»

сакавік 2023

Сакавік апынуўся багатым на навіны дарожна-транспартнай інфрастуктуры, частка якіх яшчэ звязаная і з зацягнуўшымся зімовым надворʼем у краіне. Акрамя гэтага, мы прапануем паглядзець на новую спробу дзяржаўных службоўцаў пабудаваць сумесную камунікацыю па мясцовых пытаннях добраўпарадкавання (і не толькі). Таксама ў новым дайджэсце з нагоды святкавання восьмага сакавіка Міжнароднага жаночага дня прапаноўваем вам пазнаёміцца з сусветным і беларускім поглядамі на ролю і месца жанчын у горадзе.


 

Свята кветак ці правоў?

Адной з галоўных падзеяў гэтага месяца, вядома, было святкаванне 8 сакавіка – Міжнароднага дня барацьбы жанчын за свае правы. Напярэдадні свята Міжнародная платформа па правах на горад (Global Platform for the Right to the City) перазапусціла Маніфест аб правах жанчын на горад, галоўная мэта якога – пацвердзіць грунтоўную ролю жанчын у будаўніцтве інклюзіўных і справядлівых сацыяльных ператварэнняў у гарадах. Створанае ў 2019 годзе абʼяднанне розных арганізацый свету пачало працаваць над пытаннямі правоў жанчын на горад – галоўнае места жыцця для большасці людзей – якія былі ўсталяваныя праз маніфест. Асноўныя тэмы тычацца змяншэння дыскрымінацыі і гвалту, удзелу ў прыняцці рашэнняў, абароны ад гвалту, правоў на жыллё, дасяжнасці сэрвісаў і эканамічнай незалежнасці. Сёлета, праз чатыры гады пасля першага абвяшчэння, склад галоўных напрамкаў удакладніўся з улікам мінулых выклікаў пандэміі і хуткай діджыталізацыі.

Сваю долю ў барацьбе за правы жанчын на горад унесла і Менская ўрбаністычная платформа. Можна ўспомніць лекцыі Мілоты Сідаравай пра справядлівы горад і Тані Сяцко пра горад і гендар, якія сталі аднымі з першых крокаў у беларускай дыскусіі пра роўнасць і дасяжнасць гарадской прасторы; а Лідзевій Тумерс распавядала пра інклюзію з больш практычнага кірунку – падыходаў праектавання і нарматыўнага рэгулявання. Акрамя гэтага, эксперткі Платформы ў далёкім 2017 годзе адчынілі дзверы для жаночага погляду на прафесію архітэктара і ўрбаніста ў Беларусі праз серыю інтэрвʼю «Жанчыны ў архітэктуры». А першы тыдзень вясны адзначыўся тэмай «нулявой дыскрымінацыі» (#ZeroDiscriminationWeek) ад беларускай моладзевай арганізацыі «Іншыя», у межах якой эксперты Платформы паразважалі на тэму прасторавай сегрэгацыі, дзе больш падрабязна разгледзелі гендарнае пытанне і сегрэгацыю па ўзросце і фізічным стане

Але збольшага ў беларускім грамадстве разважанне пра патрэбы і ролю жанчын у фармаванні і выкарыстанні гарадской прасторы пакуль не вельмі актыўнае, што суадносіцца з іншымі дадзенымі па гэндарнай няроўнасці ва ўсялякіх сферах жыцця. А каб уцяміць патрэбы і ролю, трэба разумець, чым займаюцца жанчыны ў горадзе. Далёка не ходзячы, можна паглядзець на партрэт, які Белстат падрыхтаваў да святочнай даты, апроч традыцыйных шматлікіх навінаў пра прыгажосць ды кветкі. Згодна са статыстыкай, важным момантам адзначаецца сумяшчэнне працы з нараджэннем і выхаваннем дзяцей, што ў рэальнасці азначае нашмат больш руху ў горадзе, у большай ступені карыстанне публічнай прасторай і сэрвісамі (у параўнанні з мужчынамі) у гарадах, запраектаваных па факце для мужчын.

У статыстыцы таксама адзначаны цікавы момант наконт розніцы заробкаў – як у цэлым, так і ў прафесіях, звязаных з горадам. Заробкі жанчын у сферы архітэктуры і праектавання амаль у два разы менш. Гэта пры тым, што за апошнія 10 гадоў асноўныя выпускнікі архітэктурных факультэтаў у Беларусі – жанчыны. Між іншым, згодна са статыстыкай ARCHITECTS’ COUNCIL OF EUROPE, што ў 2020 праводзіў даследванне прафесіі ў Еўразвязе, архітэктура, планаванне і праектаванне ўсё яшчэ зʼяўляюцца мужчынскімі прафесіямі, хаця заробкавы разрыў у дачыненні да гендара зменшыўся за апошнія 10 гадоў на 4 % і зараз складае 21 %. Вяртаючыся да беларускага кантэксту, у рэальнасці вялікая розніца ў зарплатах значыць не толькі тое, што прафесія ў краіне зняцэньваецца ў прынцыпе, але і што жанчыны павінны ў першую чаргу адстойваць свае базавыя фінансавыя патрэбы, каб падтрымліваць устойлівае жыццё, і толькі потым клапаціцца пра асяроддзе навокал. Афіцыйныя навіны жа на ўзроўні ЕАЭС з захапленнем кажуць пра першае месца Беларусі ў гендарным балансе сярод рэгіёна, піша Магілёў Online са спасылкай на Еўрапейскі банк развіцця, хаця ў сусветным рэйтынгу краіна знаходзіцца толькі на 36-м месцы сярод 146 са страчваннем трох пазіцый у параўнанні з мінулым годам.

 

Дапамога з вырашэннем лакальных праблемаў

Пераходзячы да размоваў пра якасць гарадскога асяроддзя, у лакальным поле гарадзенскі тэлеграм-канал адзначыў для сябе цікавы сэрвіс ад менскай дэпутаткі – з паметкай, што яны таксама жадалі бы бачыць яго ў сваім рэгіёне. На сайце платформы «Это наш город» пазначана, што можна звярнуцца да прадстаўніцы Савета дэпутатаў 28-а склікання з запытам на дапамогу па пытаннях гарадскога развіцця, ці праз чат-бот платформы. 

Здавалася б, зараз нам вельмі цяжка давяраць нечаму, што ідзе з боку дзяржавы: нідзе не пазначана, якія асабістыя дадзеныя збірае чат-бот гэтай ініцыятывы. Але адна відавочная карыснасць ад гэтай платформы ўсё ж ёсць: у раздзеле «Как написать обращение» можна знайсці прыклады ў тэкставым фармаце зваротаў па пытаннях добраўпарадкавання, дарожнай інфраструктуры, капітальнага рамонту і КОТэГСаў («КОТОС» па-руску); а таксама на старонке «бібліятэкі» можна азнаёміцца з нарматывамі і законамі, неабходнымі для падрыхтоўкі запытаў ды скаргаў. Усё гэта можа быць карысным для неабыякавых гараджанаў і гараджанак.

 

Гарадскія вуліцы і мабільнасць

Пакуль яшчэ ў Беларусі зіма давала пра сябе ведаць, шмат навінаў за апошні месяц выпадала на вуліцы і барацьбу са снегам. Так, напрыклад, у Гародне 10 сакавіка снег на праязной частцы прывеў да 10-бальных пробак ды аварый у цэнтры горада, хаця гэтую падзею цяжка назваць незвычайнай на пачатку вясны. Між тым працягваюцца размовы пра рэагенты, якія дапамагаюць у барацьбе з абледзяненнем, але цяпер па новай тэхналогіі яны павінны «менш» сапсаваць усё навокал. Але гэтае рашэнне не адмяняе той праблемы, якая штозіму падымаецца экалагічнымі арганізацыямі і жыхарамі беларускіх гарадоў: ужыванне галіта (тэхнічная соль) вядзе да забруджвання навакольнага асяроддзя, пагаршае экалогію горада, здароўе і маёмасць людзей. Таму эканомія на рэагентах зараз адгукнецца вялікімі коштамі на ліквідацыю наступстваў усіх гэтых момантаў у будучыні.

Яшчэ адну навінку тэсціруюць у Менску — альтэрнатыўнае пакрыццё прыпынкаў грамадскага транспарта на гарадскіх вуліцах, каб пазбавіцца ад калейнасці (дэфект дарожнага пакрыцця), якая руйнуе праязную частку. Аб выніках эксперыментаў казаць яшчэ рана, але ў перспектыве ўстойлівае пакрыццё дапаможа зменшыць выдаткі гарадскога бюджэту на рамонт. Пра іншыя спробы паляпшэння дарожнага палатна можна пачытаць тут.

Пачаліся працы па будаўніцтве другой часткі трэцяй лініі метро ў бок Зялёнага Луга ў Менску. Паколькі лінія праходзіць праз Камароўскі рынак і плошчу Бангалор, змяняецца рух грамадскага і індывідуальнага транспарта на гэтых лакацыях. У тым ліку закранаюцца трамвайныя маршруты ў бок Возера на частцы праспекта Машэрава, адзначаюць у канале «Транспорт Минска», але альтэрнатывы для пасажыраў пакуль не агучаныя. Пры гэтым транспартны рух на плошчы Бангалор яшчэ да пачатку будаўніцтва метро лічыўся сваеасаблівым пеклам, таму будаўнічыя працы толькі пагоршаць сітуацыю.

 

Шэрынгавыя сэрвісы самакатаў дажываюць апошнія дні?

Адной з гучных сусветных навінаў пачатку вясны стала абгрунтаванне прысутнасці электрычных самакатаў на вуліцах Парыжа. Мясцовыя ўлады прапаноўваюць гараджанам і гараджанкам прыйсці на рэферэндум і выказаць сваё меркаванне, пакінуць ці прыбраць гэты shared mobility сэрвіс у грамадскіх прасторах горада. Ужо не першы год ідуць размовы пра бяспечную прысутнасць усіх карыстальнікаў у агульнай прасторы вуліцы, і кіраўнікі некаторых еўрапейскіх гарадоў ужо настроеныя на радыкальныя меры. Таму калі гараджане Парыжа выкажуцца станоўча за зыход электрычных дэвайсаў персанальнай мабільнасці з вуліц, гэта можа стаць прэцэдэнтам для іншых гарадоў перагледзець іх бачанне наконт магчымасцяў персанальнага руху ў гарадскіх публічных прасторах. 

 

На шляху да ўстойлівага горада

З вясной пачынаюцца штогадовыя актыўнасці па высадцы раслінаў у беларускіх гарадах. Таму, калі ёсць жаданне паўдзельнічаць у азеляненні гарадскіх прастораў, аб якіх вы дбаеце, і зрабіць іх больш устойлівымі да кліматычных змяненняў, можна звярнуцца да сваіх мясцовых ЖЭСаў з прапановай пляцовак, дзе не хапае раслінаў, каб не пабачыць гэты маладняк змярцвелым недзе вакол МКАДА (у Менску) ці вялікіх дарожных развязак. А мы са свайго боку будзем сачыць за навінамі, каб аператыўна інфармаваць вас наконт дзяржаўных планаў добраўпарадкавання.

 

Чытаць яшчэ:

Previous
Previous

Ад паліцыі да дысідэнцтва: патэнцыял архітэктуры ў сітуацыі Беларусі

Next
Next

Урбан-дайджэст №02: «Спадчына ў дзеянні»