Гомель і клімат: праблемы адаптацыі

У Беларусі за апошнія трыццаць гадоў сярэдняя гадавая тэмпература павялічылася на 1,36°С — рост, утрая хутчэйшы, чым па планеце ў цэлым. А ў межах Беларусі глабальнае пацяпленне найяскравей выяўляецца на паўднёвым усходзе краіны як больш кантынентальнай частцы. Пры гэтым гарады як сістэмы, што канцэнтруюць у сабе насельніцтва і тэхнасферу, становяцца найбольш уразлівымі да прыродных катаклізмаў. Так, Гомель, другі па велічыні беларускі горад, адчувае на сабе ўздзеянне змены клімату асабліва востра. Якія меры па адаптацыі неабходныя?


ЗМІЦЕР ЯНКОЎ — эколаг, кірункі прафесійных інтарэсаў - урбаэкалогія, псіхагеаграфія, зялёная інфраструктура, устойлівыя гарады, адаптацыя гарадоў да змен клімату


 

Прыкладна да 1990-х гадоў у Беларусі вызначалася тры агракліматычныя вобласці: паўночная, цэнтральная і паўднёвая. Пасля з’явілася новая, дзе гадавая сума тэмператур вышэйшая на цэлых 10°C. У яе ўваходзяць Лельчыцкі, часткова Жыткавіцкі, Брагінскі, Нараўлянскі раёны Гомельскай вобласці, а таксама Маларыцкі, Драгічынскі, Лунінецкі і Столінскі раёны Брэсцкай вобласці. Умовы надвор’я ў гэтай вобласці параўнальныя з поўначчу Украіны. Пры гэтым, на думку спецыялістаў, да 2030 года паўночная агракліматычная вобласць знікне наогул. Новая паўднёвая кліматычная вобласць значна пашырыцца, а на яе месца прыйдзе яшчэ больш цёплая. А ўжо ў перыяд з 2040 па 2060 гады ад былой паўднёвай вобласці застанецца толькі маленькі астравок на поўначы (гл. фота 1).

Фота 1. Змена агракліматычных абласцей Беларусі

 

Асаблівасці негатыўных наступстваў ад змены клімату ў Гомелі

Асноўныя наступствы ад змены клімату для Беларусі — гэта, па-першае, павышэнне тэмпературы і павелічэнне колькасці хваль спякоты, па-другое, змена рэжыму выпадзення ападкаў пры захаванні іх сярэдняй гадавой колькасці. Ужо цяпер мы назіраем працяглыя засушлівыя перыяды і адначасовае выпадзенне вялікай колькасці ападкаў, якое суправаджаецца штормамі, ураганамі і спрычыняе істотную шкоду. Апустыньванне глебы павялічвае рызыкі ўзнікнення пылавых бур (асабліва ў засушлівыя вёсны), а лясныя пажары — смогаў.

Гомель, як і амаль усе буйныя гарады, стварае эфект цеплавой выспы, што ўзмацняе негатыўнае ўздзеянне ад хваль спякоты. Асабліва ноччу, калі нагрэтыя за дзень паверхні падтрымліваюць тэмпературу паветра звыш за +20°С.

Даведка: гарадская выспа цеплыні — метэаралагічная з’ява, якая праяўляецца ў павышэнні тэмпературы гарадской прасторы адносна навакольных сельскіх арэалаў. Выклікана яна ў асноўным істотнымі зменамі навакольнага асяроддзя ў гарадскіх умовах, што прывялі да трансфармацыі яго ўласцівасцяў: здольнасці да выпраменьвання (напрыклад, змяненне структуры каротка- і даўгахвалевага выпраменьвання), тэрмічных уласцівасцяў (напрыклад, павелічэнне цеплавой ёмістасці), аэрадынамічных (напрыклад, зніжэнне сярэдняй хуткасці ветру) або вільготнасці (напрыклад, зніжэнне адноснай вільготнасці). Найбольш значным індыкатарам інтэнсіўнасці цеплавой выспы выступае розніца тэмпературы паміж горадам і прадмесцямі.

Аналізуючы спадарожнікавыя здымкі горада ў інфрачырвоным выпраменьванні ад 9 чэрвеня 2024 года (гл. фота 2, б)), можна адзначыць, што самымі перагрэтымі тэрыторыямі з’яўляюцца прамысловыя зоны. А з іх найбольш вылучаюцца буйныя вытворчыя прадпрыемствы: Цэнтраліт, ГЗЛіН, Хімзавод, Сельмаш, Завод самаходных камбайнаў. У цэнтры заўважаныя наступныя «гарачыя» кластары: СтанкаГомель—ГомельХлебПрам-Камінтэрн, 8 Сакавіка—Труд, Спартак—Суднарамонтны завод, Завод вымяральных прыбораў—ЦЭЦ-1, а таксама чыгуначны вакзал з вагонарамонтным заводам. Акрамя прадпрыемстваў, участкамі, якія моцна награваюцца, з’яўляюцца адносна новыя спальныя мікрараёны. Тлумачыцца гэта тым, што яны спрэс пазбаўленыя расліннасці. Гэта Мельнікаў Луг, Клёнкаўскі, Хутар, Шведская Горка.

Параўнаўшы той жа здымак са здымкам ад 6 чэрвеня 1985 года (гл. фота 2, а)), можна заўважыць, што планамернае знішчэнне дрэў на цэнтральных вуліцах зрабіла гэтую частку горада больш схільнай да награвання, чым гэта было ў 1985 годзе. Таксама вельмі яскрава вылучылася за гэты час вуліца Барыкіна, якая з другаснай вуліцы сярод сядзібнай забудовы ператварылася ў адну з найбуйнейшых транспартных артэрый з пабудаванымі паабапал шматпавярховымі будынкамі, што і адлюстравалася ў яе тэмпературных характарыстыках.

Калі параўнаць яго з мапай, якая дэманструе распаўсюджванне працэсу фотасінтэзу, то-бок наяўнасць расліннасці (гл. фота 2, в)), можна адзначыць непасрэдную сувязь адсутнасці азелянення з перагрэтасцю тэрыторыі.

Акрамя наяўнасці аб’ектаў прамысловасці і энергетыкі (якія самі па сабе з’яўляюцца непасрэднымі крыніцамі цеплавога забруджвання) і адсутнасці расліннасці, павышэнню тэмпературы ў горадзе спрыяюць таксама паверхні з нізкім узроўнем адбівальнай здольнасці (альбеда). Гэта найперш бітумныя дахі, дарожныя і ходнікавыя пакрыцці, цёмныя фасады будынкаў.

Што тычыцца анамальных залеў, то іх уздзеянне характарызуецца патопамі на асобных участках і суправаджаецца моцнымі вятрамі, што прыносіць матэрыяльныя страты і чалавечыя ахвяры. Трэба адзначыць адметны факт — падтапленні адбываюцца ў тых месцах горада, дзе некалі цяклі ручаі (перакрыжаванне вуліц Савецкай і Крылова), рэкі (вуліца Інтэрнацыянальная каля Камінтэрна — месца легендарнай рэчкі Гамяюк) ці было балота, як у выпадку з раёнам ўтавакзала, дзе яшчэ сто гадоў таму знаходзілася Гарэлае балота. Падтапленні на гэтых участках адбываюцца ў кожную анамальную залеву, то-бок 2-3 разы на год, але ніякіх значных мер для іх прадухілення гарадскія ўлады не прымаюць (гл. фота 3, а)).

Моцныя вятры ў сухія вёсны прыносяць пыл не толькі з навакольных сельгасугоддзяў (гл. фота 3, б)), але і праз адсутнасць належнага азелянення ствараюць лакальныя пылавыя буры ўнутры спальных мікрараёнаў (гл. фота 3, в)).

Такім чынам, з аднаго боку, ёсць хвалі спякоты і анамальныя па інтэнсіўнасці залевы — кліматычныя прыродныя з’явы. З другога боку, ёсць мясцовыя ўнікальныя гарадскія характырыстыкі, якія ў той ці іншай ступені ў канкрэтных месцах горада павялічваюць негатыўнае ўздзеянне гэтых з’яў на здароўе гараджан і інфраструктуру. І калі з прыроднай з’явай у масштабах горада нічога зрабіць немагчыма, то гарадскія характырыстыкі можна змяніць, тым самым змякшыўшы негатыўныя наступствы.

 

Уплыў неспрыяльных з’яў надвор’я на здароўе гамяльчан і інфраструктуру

8 жніўня 2010 года ў Гомелі быў зафіксаваны абсалютны тэмпературны рэкорд Беларусі за ўвесь час назіранняў — +38,9°С. Менавіта хвалі спёкі найбольш негатыўна ўплываюць на здароўе гараджан і гараджанак. Асабліва моцна яны б’юць па самаадчуванні пажылых людзей, гіпертонікаў, людзей з залішняй вагой, дзяцей, людзей з сардэчна-сасудзістымі захворваннямі.

Напрыклад, у тым жа 2010-м годзе ў адной Маскве спёка забрала жыцці каля 11 тысячам чалавек. Гэта каля 320-340 чалавек штодня. А ў 2022-м годзе дадаткова памерла каля 62 000 еўрапейцаў у 35 краінах. Больш за ўсё пацярпелі Італія, Іспанія і Германія. Колькі грамадзян Беларусі сыходзіць з жыцця падчас хваль спякоты, сказаць немагчыма, бо адкрытай статыстыкі на гэтую тэму мы не маем. Але, параўноўваючы з дадзенымі іншых краін, дакладна можна дапусціць, што гэтыя лічбы на парадак вышэйшыя за лічбы гібелі людзей ад падзення дрэў.

Ад звышнатуральных тэмператур церпіць і інфраструктура. Вялікія нагрузкі праз кандыцыяніраванне паветра ў памяшканнях прымае на сябе энергетычная сістэма, плавіцца дарожнае асфальтавае пакрыццё, ствараючы «калейнасць». Каб гэтага пазбегнуць або ліквідаваць наступствы, выдаткоўваюцца дадатковыя сродкі.

Шкода ад залеў і ўраганаў мае сваю спецыфіку. Справа ў тым, што смерці і траўматызм людзей ад зламаных дрэў і канструкцый падчас ураганаў немагчыма схаваць ад грамадскасці. Напрыклад, вядома, што ад урагану 13-14 ліпеня 2024 года пацярпела 75 чалавек, 7 загінула. Большасць загінулых — ад падзення дрэў. Адсюль можа скласціся памылковае ўражанне, што, чым менш у горадзе будзе дрэў, тым менш будзе смерцяў. Яно ўзнікае праз адсутнасць звестак пра гібель людзей ад хваль спякоты і ад неразумення ўплыву дрэў на зніжэнне температуры ў горадзе. Але пра гэта ніжэй.

Што тычыцца матэрыяльнай шкоды, яна праяўляецца як у прамых стратах (пашкоджанні дарожнай і электрычнай інфраструктуры, жылога фонду, матэрыяльных стратах ад падтапленняў і г. д.), так і ва ўскосных (спыненне вытворчасці і пашкоджанне прадуктаў харчавання праз адсутнасць электрычнасці, перабоі ў руху транспарту і рэжыме працы прадпрыемстваў і многае іншае). Аднак, як і з хвалямі спякоты, афіцыйныя крыніцы не афішуюць шкоду ад падобных з’яў надвор’я ва ўніверсальных адзінках, то-бок у рублях. Прыводзяцца лічбы населеных пунктаў, пакінутых без электрычнасці, кіламетры абарваных правадоў, колькасць сарваных дахаў і г. д. Але агульнай лічбы страт у рублях знайсці немагчыма.

Утойванне колькасці дадатковых смерцяў падчас хваль спякоты і велічыні матэрыяльнай шкоды пасля неспрыяльных з’яў надвор’я вызваляе ўлады ад адказнасці за страты, якія ўжо здарыліся, і ад неабходнасці прымаць меры, каб падобныя страты не паўтараліся.

 

Зялёная інфраструктура, яе структура і магчымыя элементы на прыкладзе Гомеля

Стварэнне ўстойлівага да наступстваў змены клімату горада — гэта заўсёды комплексны шматгаліновы працэс, які пачынаецца з прыняцця самога факта змены клімату і неспрыяльнага ўздзеяння звязаных з гэтым з’яў надвор’я на маёмасць і здароўе гараджан. Ён уключае і праектную працу, і працы з мадэрнізацыяй ужо існуючых аб’ектаў інфраструктуры. Адаптацыю горада можна ўмоўна падзяліць на працу з «зялёнай» і «шэрай» інфраструктурамі.

Давайце падрабязней разгледзім, што такое «зялёная» інфраструктура і якімі асноўнымі рашэннямі, заснаванымі на прыродзе (nature-based solutions), карыстаюцца для змякчэння неспрыяльнага ўздзеяння кліматычных змен.

«Зялёная», або прыродная, інфраструктура — гэта стратэгічна спланаваная сетка інтэграваных у гарадскі ландшафт прыродных тэрыторый, якая выконвае наступныя функцыі: мікракліматастваральную, мітыгацыйную (змякчаць наступствы надзвычайных сітуацый прыроднага характару), аздараўленчую, адукацыйную, эканамічную. У спецыялістаў цяпер не ўзнікае сумненняў у тым, што «зялёная» інфраструктура настолькі ж неабходная гораду, як і «шэрая» — водаправоды, каналізацыі, энергасістэма.

Каб зразумець каласальнае значэнне прыроды ў межах горада, раскрыем яе функцыі для гараджан і іх камфорту.

Стварэнне мікраклімату. Дрэвы і іншыя расліны ствараюць камфортны для гараджан мікраклімат праз ахалоджанне і ўвільгатненне паветра летам, выдаленне з паветра шкодных рэчываў, сінтэз кіслароду, шумапаглынанне і купіраванне скразнякоў.

Мітыгацыя. Падчас хваль спякоты расліннасць ахалоджвае прастору не столькі за кошт свайго ценю, колькі праз выпарэнне вільгаці з паверхні сваёй лістоты. Вядома, што гарадскі парк ці сквер зніжае тэмпературу навакольных вуліц на некалькі градусаў. У час моцных залеў зялёныя зоны прымаюць на сябе значную частку ападкаў, прычым эксперыментальна даказана, што глеба без расліннасці ўбірае значна менш вады, чым густа пакрытая расліннасцю. Расліннасць зберагае глебу ад размывання, што захоўвае дарожную інфраструктуру, перашкаджае ўзнікненню пылавых бур і ўвогуле зніжае хуткасць ветру ў прыземных слаях.

Аздараўленне. Акрамя стварэння здаровага мікраклімату, прырода тэрапеўтычна ўздзейнічае на псіхіку чалавека, зніжаючы стрэсы і верагоднасць дэпрэсій, паляпшаючы настрой і працаздольнасць.

Адукацыя. Прырода спрыяе ўзбагачэнню ўяўлення пра свет, пашырае кругагляд, раскрывае сувязі і заканамернасці ў фізічных і біялагічных працэсах, развівае інтэлектуальныя здольнасці: кемлівасць, крытычнасць і самастойнасць мыслення, увагу, аналітычнае ўспрыманне, вобразную памяць, назіральнасць.

Эканамічная функцыя. Азелянёныя тэрыторыі павышаюць кошт нерухомасці, размешчанай паблізу.

Самай эфектыўнай формай гарадской «зялёнай» інфраструктуры лічыцца каркас, які яшчэ называюць зялёным або экалагічным (гл. фота 4).

Даведка: экалагічны каркас горада — гэта сістэма азелянёных тэрыторый, якая складаецца з так званых «ядраў» — буйных масіваў азелянёных тэрыторый (лесапаркаў, паркаў, сквераў), злучаных паміж сабой «калідорамі» — рэчышчамі гарадскіх рэк, азелянёнымі алеямі, вуліцамі з азеляненнем, максімальна набліжаным да натуральнага.

Фота 4. Экалагічны каркас Берліна

Стварэнне экалагічнага каркаса — комплексны маштабны праект, які патрабуе сумеснай працы экспертаў з розных галін гаспадаркі і навукі. Але для нагляднасці можна прывесці колькі прыкладаў стварэння некаторых яго элементаў.

Так, Фестывальны парк і Ляшчынскі лес можна злучыць калідорам па вуліцы Касмічнай, калі яе правільна азеляніць. Сквер каля гасцініцы «Турыст» і сквер Старога Аэрадрома ўжо цяпер маюць агульны калідор — лінейна выцягнуты сквер Будаўнікоў па вуліцы Кожара. Засталося дадаткова азеляніць яго ягаднымі хмызнякамі і мнагалетнім квітнеючым разнатраўем. Сквер імя Грамыкі і масіў Цэнтральнага парку можна звязаць па вуліцы Пушкіна, калі зрабіць яе пешаходнай і вылучыць прастору для азелянення.

Пры стварэнні зялёнай інфраструктуры з мэтай змякчыць неспрыяльныя з’явы надвор’я ў асноўным карыстаюцца наступнымі інструментамі:

«Зялёная дахі» — гэта дахі будынкаў, якія цалкам або часткова пакрытыя раслінамі, высаджанымі ў грунт. Расліны ў кадках, скрынях і вазонах зялёным дахам не з’яўляюцца. На зялёных стылабатах можна высаджваць нават дрэвы, а таўшчыня грунту можа дасягаць 1,2 м (гл. фота 5).

Фота 5. Прыклад «зялёнага даху»

Такія дахі зніжаюць нагрузку на ліўневую каналізацыю, істотна затрымліваючы дажджавыя воды. Акрамя таго, яны працуюць добрым цеплаізалятарам, астуджаючы будынак і навакольную тэрыторыю ў гадзіны спякоты і ўтрымліваючы цяпло памяшканняў зімой. Зялёныя дахі выконваюць цэлы шэраг іншых карысных функцый, напрыклад, шумаахоўную і сацыяльную. Зялёны дах — гэта заўсёды прывабнае месца для баўлення часу гараджанамі, а значыць, і для развіцця малога бізнесу. У Англіі падлічылі, што 1 фунт, выдаткаваны на зялёныя дахі, вяртае 15 фунтаў у выглядзе падаткаў з бізнесаў, якія там узнікаюць. Дарэчы, у паўмільённым Гомелі дагэтуль няма ніводнага зялёнага даху. Збольшага гэта звязана з няведаннем тэхналогій з боку архітэктараў і дэвэлапераў.

«Дажджавыя сады» — гэта адзін з элементаў гарадской зялёнай інфраструктуры і інструментаў устойлівага кіравання гарадскімі ліўневымі сцёкамі. Такі сад — гэта паніжаны ўчастак тэрыторыі, які прымае на сябе ліўневыя воды з дахаў, вуліц і дарог. Дзякуючы правільна арганізаванаму дрэнажу і падбору вільгацелюбівых раслін з мясцовай флоры такія сады здольныя не толькі эфектыўна зніжаць рызыку затапленняў у горадзе, але і ачышчаць забруджаныя на гарадскіх вуліцах ападкі. Вільготныя, густа азелянёныя ўчасткі ў горадзе ўтрымліваюць прахалоду летам і з’яўляюцца прывабным месцам адпачынку гараджан, што вельмі важна пры рэгулярных хвалях спякоты. У той жа час дажджавы сад — гэта заўсёды гарадскі астравок біяразнастайнасці, які прываблівае насякомых і птушак (гл. фота 6).

Фота 6. Прыклад «дажджавога саду»

Дажджавыя сады — сусветная практыка з 40-гадовай гісторыяй. У ЗША яна мае назву «экалагічнае кіраванне ліўневымі сцёкамі» (Ecological Stormwater Management-ESM), а таксама — Low Impact Design-LID (Тэхналогія экалагічна ашчаднага падыходу да дызайну тэрыторыі, мэта якога — кіраванне гарадскімі ліўневымі сцёкамі; больш літаральны пераклад — «развіццё з нізкім уплывам на асяроддзе»). У Вялікабрытаніі аналагічная праграма называецца «Устойлівыя дрэнажныя сістэмы» (Sustainable Drainage Systems SuDS), у Аўстраліі — Water Sensitive Urban Design — WSUD. Распаўсюджаныя такія сады і ў краінах Скандынавіі.

У Гомелі, каб пазбегнуць затапленняў вуліцы Савецкай у раёне ўніверсітэта імя Скарыны, было б мэтазгодна спланаваць дажджавы сад у ніжняй частцы сквера паміж вуліцамі Ландышава і Крылова. Яшчэ адзін сад быў бы дарэчным пасярод аўтавакзальнай плошчы, якая рэгулярна затапляецца і цяпер змяшчае толькі маленькую і нефункцыянальную зялёную зону.

Наступны інструмент — «квітнеючыя газоны», засаджаныя мнагалетнімі травамі мясцовай флоры, якія ў пэўнай меры павінны замяніць стрыжаныя ангельскія газоны (гл. фота 7).

Фота 7. Прыклад «квітнеючых газонаў»

Газоны, якія не скошваюць, больш эфектыўна затрымліваюць вільгаць, астуджаюць паверхню і не патрабуюць такіх каласальных выдаткаў, як газоны, якія косяцца штотыдзень. Горад у значнай ступені пазбаўляецца ад выхлапных газаў і шуму бензакасілак, эканоміць на паліве і аплаце працы. Квітнеючыя газоны прыцягваюць насякомых-апыляльнікаў, а за імі і птушак. У рэшце рэшт, гэта неймаверна прыгожа і мае тэрапеўтычнае ўздзеянне на гараджан.

Вялікі патэнцыял мае аднаўленне рэк, які таксама называюць рэвайлдынгам — «вяртаннем дзікасці». У большасці выпадкаў малыя рэкі і ручаі, трапляючы пад гарадскую «акупацыю», каналізуюцца і/або па трубах адводзяцца пад зямлю, вызваляючы людзям зямлю для дарог і будынкаў. Аднак у апошні час змяненне разумення камфорту і стаўлення да здароўя гараджан прывяло да таго, што наяўнасць у горадзе звілістай ракі з зарослымі берагамі стала больш каштоўнай, чым шасціпалосная дарога. У многіх гарадах Еўропы гарадскія рэкі атрымліваюць новае жыццё. Іх ачышчаюць ад смецця, вызваляюць берагі ад бетону і засаджваюць каляводнай расліннасцю. Такія рэкі лепш змякчаюць тэмпературныя анамаліі і становяцца любімым месцам адпачынку гараджан, якія ратуюцца ад спёкі.

Мала каму вядома, але ў Гомелі, акрамя Сожа, ёсць яшчэ адна гарадская рака — Дзеўка. Цяпер гэта засмечаны канал, які выцякае з Валатаўскога канала і ўпадае ў возера Дзедна каля суднарамонтнага завода. Калі надаць яе рэчышчу звілістую форму, падабраць і высадзіць адпаведную расліннасць, а ўздоўж пракласці бегавыя, пешаходныя і веладарожкі, гэтае месца можа стаць прывабным для адпачынку мясцовых жыхароў, а сама рака — экалагічным калідорам, які злучае Валатаўскі каскад азёр і раку Сож.

Нарэшце, згадаем і гарадскія фермы. Як і любая іншая расліннасць, сельскагаспадарчыя культуры часткова паглынаюць дажджавыя воды і ахаладжаюць паветра. Аднак больш істотным іх укладам ва ўстойлівасць гарадоў з’яўляецца зніжэнне выдаткаў на транспарціроўку ў горад прадуктаў харчавання.

 

Тэхнічныя інструменты адаптацыі

Каб больш эфектыўна адаптаваць горад да новых кліматычных умоў, акрамя заснаваных на прыродзе рашэнняў, неабходныя і тэхнічныя. Супраць падтапленняў могуць быць задзейнічаныя заглыбленыя рэзервуары, якія ў пікавыя гадзіны прымаюць у сябе ліўневыя воды: потым ваду з іх можна выкарыстоўваць для паліву раслін у засушлівы час. Таксама там, дзе гэта дарэчна, выкарыстоўваюць водапранікальныя дарожныя пакрыцці: ажурную плітку на ходніках, грунтавыя сцежкі на дваравых тэрыторыях. Існуюць тэхналогіі збору ападкаў з дахаў будынкаў з выкарыстаннем іх у якасці тэхнічнай вады ў гэтых самых будынках.

Ад хваль спёкі часткова дапаможа выкарыстанне светлых тонаў на дахах і фасадах будынкаў, тэнты над люднымі прасторамі, выкарыстанне святлоадбівальных фарбаў для дарожных пакрыццяў, усталёўка ў горадзе фантанчыкаў з пітной вадой, рамак з аэразольным душам і інш. (гл. фота 8, а) б)).

Першыя крокі да кліматычнай устоўлівасці

Для падрыхтоўкі горада да новых кліматычных умоў перш за ўсё неабходна прыняць сам факт змены клімату. І тут маюцца на ўвазе не столькі размовы пра глабальныя змены на планеце, а агучваннне фактычных лакалізаваных дадзеных (рост тэмператур, пачашчэнне хваль спякоты і анамальных залеў і інш.) канкрэтна для Гомеля. Прааналізаваўшы метэастатыстыку і ацаніўшы рызыкі, трэба вызначыць слабыя месцы ў інфраструктуры або сістэме рэагавання горада на кліматычныя змены. Такі аналіз зноў-такі немагчымы без адкрытай статыстыкі матэрыяльных і чалавечых страт падчас надзвычайных сітуацый прыроднага характару.

Неабходным крокам мае стаць стварэнне міжгаліновай працоўнай групы са спецыялістаў камунальных службаў, воднай гаспадаркі, архітэктуры, транспарту, экалогіі, медыцыны. Менавіта яны здольныя ацаніць слабыя месцы ў сваіх галінах, там, дзе здараюцца страты, выражаная ў рублях і чалавечых жыццях.

Добра, калі меры па адаптацыі будуць мець комплексны характар, спалучаючы і рашэнні, заснаваныя на прыродзе, і некалькі тэхнічных інструментаў, звязанных з мадэрнізацыяй шэрай інфраструктуры.

Вельмі важна яшчэ раз адзначыць, што выявіць найбольш эфектыўныя метады адаптацыі дазволяць толькі дбайны маніторынг, адкрытая статыстыка і публічная дыскусія.

Кожнае загубленае ад наступстваў надвор’я чалавечае жыццё ўздымае пытанні, ці можна было яго захаваць і што рабіць, каб падобных смерцяў у будучыні было менш. Пры гэтым трэба ўсведамляць, што кліматычныя ўмовы будуць толькі пагаршацца. Шлях да ўстойлівасці нашага горада няпросты, але непазбежны. І чым хутчэй гэта зразумее большасць гамяльчан, тым хутчэй мы пойдзем па гэтым шляху.

 

Чытаць яшчэ:

Previous
Previous

Homiel and the Climate: Navigating the Challenges of Adaptation

Next
Next

Belarusian Manor and Park Complexes Post-1991: Flourishing or Fading?