Міграцыя ў беларускія гарады: новае поле кантрастаў і няроўнасці

Пакуль міграцыя беларуса_к за мяжу не збаўляе тэмпаў, сама краіна становіцца месцам прыцягнення розных замежні_ц. Адна хваля міграцыі — працаўні_цы сельскагаспадарчай і будаўнічай сфер з краін Цэнтральнай і Паўднёвай Азіі, што прыязджаюць па дзяржаўных праграмах пошуку працоўных рэсурсаў. Зусім іншая — прыезджыя з Расеі ў пошуках стабільнага інтэрнэту, бяспекі і культурнай блізкасці для спрашчэння ўласнага досведу міграцыі. Як і для каго беларускія гарады робяцца месцам доўгатэрміновага будавання жыцця або прасторай часовага гасцявання/знаходжання? І чаму мігрант_кі з розных краін у гарадах Беларусі знаходзяцца ў такіх кантрасных умовах?


 

Уводзіны

У медыйнай прасторы апошнія гады куды часцей абмякоўваўся ад’езд людзей з Беларусі, чым прыезд у яе. Асноўным сюжэтам, звязаным з прыезджымі, з’яўляецца міграцыя расейцаў, што інтэнсіфікавалася з 2022 года. Разам з тым, з 2025-га ўсё актыўней ідуць размовы пра арганізаваную міграцыю з Пакістана і Узбекістана ды іншых краін Цэнтральнай Азіі. У гэтым тэксце мы разгледзім разнастайнасць іміграцыі ў Беларусь, а таксама звязаныя з ёй змены ў буйным беларускім горадзе. Акрамя таго, мы прааналізуем узаемасувязь паміж мэтай прыезду людзей у Беларусь і іх становішчам у сацыяльнай і фізічнай прасторы краіны.

Людзі пераязджаюць у Беларусь рознымі шляхамі. І не ўсе з іх патрапляюць у гарады. Тым не менш, як і па ўсім свеце, менавіта гарады застаюцца асноўным пунктам прыцягнення замежні_ц у краіну.

Прыезд імігранта_к у горад уплывае на горад колькасна, але таксама стварае попыт на жыллё, транспарт, адукацыю і медыцынскае абслугоўванне. Ён можа стымуляваць бізнес, гандаль і новыя спосабы выкарыстоўваць публічную прастору. Для апісання першых этапаў асваення горада мігрант_камі даследні_цы выкарыстоўваюць тэрмін «інфраструктура прыбыцця» (arrival infrastructure Крыніца 1, Крыніца 2): месцы, арганізацыі і сувязі, што дапамагаюць прыезджым асталявацца ў горадзе, знаходзіць жыллё і працу, афармляць дакументы, атрымліваць розную карысную інфармацыю і заводзіць першыя кантакты. Гэтак, даследаванне ў Лондане, Брусэлі і Дортмундзе паказала, што вялікую ролю ў адаптацыі адыгрываюць нефармальная сетка нэтворкінгу з уладальні_цамі крам, іншымі мігрант_камі, якія ўжо даўно жывуць на гэтай тэрыторыі, працадаўцы, суседзі, валанцёрскія арганізацыі і нефармальныя супольнасці. Разам яны ствараюць сістэму, якая дапамагае навічкам зарыентавацца ў горадзе.

Адным з найбольш прыкметных наступстваў міграцыі ў доўгатэрміновай перспектыве становіцца заўважная прысутнасць прыязджых у гарадскім гандлі і сферы паслуг. Новыя групы насельніцтва ствараюць попыт на нязвыклыя прадукты, кухню і паслугі. У горадзе могуць з’яўляцца кавярні і рэстараны нацыянальнай кухні, харчовыя крамы, службы дастаўкі, цырульні, турыстычныя агенцтвы, сэрвісы грашовых пераводаў, моўныя курсы і пасярэдні_цы, якія дапамагаюць з афармленнем дакументаў. Даследаванні постсацыялістычных рынкаў Цэнтральнай і Усходняй Еўропы паказваюць, што месцы з мігранцкім гандлем могуць злучаць гарады з транснацыянальнымі таварнымі патокамі. Адначасова рынкі выступаюць месцамі, дзе культурная разнастайнасць набывае бачную форму. А больш сучасны прыклад дае Польшча пасля 2022 года. Украінскія мігрант_кі тут адкрылі салоны прыгажосці, рэстараны, крамы, каворкінгі, службы дастаўкі і іншыя прадпрыемствы. Даследаванне ўкраінскага прадпрымальніцтва ў Польшчы паказала, што новыя прадпрыемствы мігранта_к не выцяснялі мясцовы малы бізнес, а дапамаглі стымуляваць прадпрымальніцкую актыўнасць у цэлым.

Міграцыя знаходзіцца ў адносінах узаемнага ўплыву з рынкам арэнды і пакупкі жылля, гарадскімі інфраструктурамі, а таксама публічнай прасторай горада. Публічныя прасторы ў горадзе асабліва важныя для людзей, якія яшчэ не маюць тут устойлівых сацыяльных сувязяў, уласнага жылля ці доступу да камерцыйных формаў вольнага часу. Існуючыя паркі, плошчы, двары, гандлёвыя цэнтры, бібліятэкі і тэрыторыі каля транспартных вузлоў могуць выкарыстоўвацца для сустрэч, адпачынку, абмену інфармацыяй, пошуку працы, зносін з суайчынні_цамі і правядзення культурных мерапрыемстваў. Публічная прастора дазваляе мігрант_кам вывучаць горад, усталёўваць сувязі і паступова фарміраваць адчуванне прыналежнасці да новага месца. То-бок публічная прастора можа выступаць адным з механізмаў гарадской адаптацыі і інтэграцыі.


Беларускі кантэкст

У апошнія дзесяцігоддзі Беларусь не была папулярным кірункам для міграцыі ў параўнанні не толькі з Заходняй ці Паўночнай Еўропай, але і з суседнімі краінамі. Адпаведна, і інфраструктура прыбыцця ў Беларусі мінімальная і не разлічаная на стварэнне камфорту для вялікай колькасці разнастайных замежнікаў і замежніц.

Разам з тым, з 2020 года Беларусь перажывае куды актыўнейшы, чым раней, адток насельніцтва, пераважна працоўнага ўзросту. Адначасовыя дэмаграфічны спад і дэфіцыт працоўных кадраў падштурхоўваюць дзяржаву шукаць шляхі арганізавана прыцягнуць замежных работні_ц, пераважна з краін Цэнтральнай і Паўднёвай Азіі, і спрасціць працэс іх працаўладкавання.

Паралельна спробам дзяржавы цэнтралізавана прыцягнуць працоўныя кадры развіваецца самастойная мабільнасць расейскіх грамадзян_ак, якім значна прасцей прыязджаць у Беларусь у межах Саюзнай дзяржавы, а з нядаўняй пары яшчэ і атрымліваць часовы і сталы дазволы на жыхарства. У 2025 годзе расейскія сацыяльныя сеткі і медыя пачалі актыўна абмяркоўваць нюансы пераезду ў нашу краіну ў адказ на абмежаванні інтэрнэту, наступствы вайны і пагаршэнне штодзённага жыцця ў Расеі. Беларусь у такім кантэксце паказваецца як найбольш блізкая культурна, рускамоўная і адносна танная краіна, куды можна пераехаць без доўгай і цяжкай культурнай адаптацыі. Людзі з Расеі часта захоўваюць сваю аддаленую занятасць, шукаюць мясцовую працу самастойна, пераязджаюць па сямейных прычынах або выкарыстоўваюць Беларусь як часовы прыстанак.


Не толькі расей_кі і не толькі ў гарадах: працоўныя мігрант_кі ў Беларусі ў рамках арганізаванага працаўладкавання

Прыцягненне працоўных мігранта_к у Беларусь звязана найперш з усё большым дэфіцытам працаўні_ц у краіне праз значную эміграцыю беларуса_к пасля 2020 года, натуральнае скарачэнне і старэнне насельніцтва, а таксама неаднолькавы попыт і прапанову працоўнай сілы ў розных кропках унутры Беларусі. Паводле незалежных даследні_ц, беларуская эканоміка страціла каля 7-8% працаўні_ц, прычым вялікая доля прыпадае менавіта на высокакваліфікаваных спецыяліста_к. Дэфіцыт кадраў афіцыйна адзначаецца ў Дзяржаўнай праграме “«Сбалансированный рынок труда» на 2026–2030 годы” (там жа знаходзіцца Падпраграма 2 «Міграцыя», дзе апісваецца міграцыйны стан у краіне і дзяржаўныя інтарэсы па прыцягненні замежні_ц працоўнага ўзросту). За апошнія дзесяць гадоў колькасць задзейнічаных у эканоміцы зменшылася прыкладна на 238,5 тысячы чалавек, у той час як попыт павялічыўся да 193,8 тысячы. Такім чынам, запрашэнне мігранта_к сапраўды патрэбнае беларускай эканоміцы, хоць яно і не здымае структурных прычын дэфіцыту (але гэта тэма для іншага артыкула).

Афіцыйная статыстыка па іміграцыі дэманструе павелічэнне колькасці прыбыццяў у Беларусь. У 2021 годзе было зарэгістравана каля 13 700 прыбылых, у 2024-м — ужо 42 250, а ў 2025-м — 46 897. Пры гэтым, у 2024 і 2025 гадах больш за палову прыбылых, 25 033 і 26 660 чалавек адпаведна, склалі грамадзян_кі краін СНД. Зрэшты, статыстыка фіксуе толькі замежні_ц, зарэгістраваных афіцыйна, а мабільнасць расейскіх грамадзян_ак ацаніць куды складаней праз іх свабоднае перасоўванне праз расейска-беларускую мяжу. Агулам на афіцыйныя дадзеныя па міграцыі трэба глядзець крытычна, паколькі метадалогія падліку публічна недаступная. Што характэрна, дадзеныя па міграцыі за 2022-2023 гады ў штогадовых статыстычных зборніках Белстата адсутнічаюць.

Дынаміка колькасці працоўных мігранта_к фарміруецца асобна ад агульнай статыстыкі. Яна ўлічвае замежні_ц і асоб без грамадзянства, якія прыехалі ў Беларусь з мэтай працы або на пэўную дату былі занятыя ў эканоміцы. Колькасць такіх замежні_ц пачала актыўна павялічвацца з 2024 года. Так, калі ў 2021–2023 гадах колькасць не перавышала 14 000 чалавек, то ў 2024 годзе іх было 33 800, а ў 2025-м больш за 48 000. У першым квартале 2026 года гэты паказчык склаў яшчэ 16 668 чалавек. Нават пры пэўных супярэчлівасцях у статыстыцы можна пабачыць, што асноўная частка прыбыццяў звязаная з працай.

Крыніцы: Office Life, БЕЛТА са спасылкай на Дэпартамент па грамадзянстве і міграцыі МУС, Дзяржаўная праграма “«Сбалансированный рынок труда» на 2026–2030 годы”

Каля 70% працоўных мігранта_к занятыя ў прамысловасці, транспарце, гандлі, гасцінічным і рэстаранным сектары. Пры гэтым яны таксама працаўладкоўваюцца на дзяржаўныя прадпрыемствы ў будаўніцтве, сельскай гаспадарцы і жыллёва-камунальнай гаспадарцы, паколькі такія сферы заўсёды маюць высокую патрэбу ў працаўні_цах праз цяжкія умовы працы, зменныя графікі і размяшчэнне па-за межамі гарадскіх цэнтраў. Сярод краін, адкуль прыязджаюць у Беларусь, лідзіруюць Туркменістан, Узбекістан і Кітай, а таксама Расея і Украіна, хаця гэтыя прыбыцці, у прыватнасці з Расеі, неабавязкова маюць працоўны характар.

Крыніца: Tochka.by са спасылкай на Дэпартамент па грамадзянстве і міграцыі МУС

Верагодна, вышэйпамянёныя лічбы ў бліжэйшай будучыні вырастуць. У 2025 годзе ў публічным полі абмяркоўвалася магчымасць прыцягнення ад 100 да 150 тысяч спецыяліста_к з Пакістана. У 2026-м пачалося арганізаванае запрашэнне працаўні_ц з Узбекістана. Аднак гэта не абавязкова азначае, што такая міграцыя стане бачнай для жыхароў ды жыхарак буйных беларускіх гарадоў. Гэтак, на Віцебшчыне працаўні_цы з Узбекістана размяркоўваюцца ў аграпрамысловых комплексах, а таксама ў раёнах вобласці, дзе нават райцэнтры маюць невялікае насельніцтва.

Пра рэальныя ўмовы працы і жыцця гэтых людзей даведацца з руска- ці беларускамоўнай медыйнай прасторы нялёгка. Рэпартажы ў дзяржаўных СМІ не раскрываюць падрабязнасцяў пра эканамічнае становішча і сацыяльны досвед прыезджых. У незалежных медыя летам 2026-га асвятлялася некалькі сітуацый, дзе чаканні мігранта_к датычна побыту і заробкаў не апраўдваліся. Паказальна, што ва ўсіх такіх матэрыялах мы бачым мігранта_к у закрытых памяшканнях прадпрыемстваў, інтэрнатаў, у сельскіх населенных пунктах, але не ў адкрытай гарадской прасторы. Апрача гэтага, як з афіцыйных дакументаў, так і з рэпартажаў робіцца відавочнай асіметрыя ўзаемаадносін паміж працадаўцамі і работні_цамі, дзе працадаўцы нярэдка сваволяць.

Арганізаваная працоўная міграцыя мае важнае значэнне для малых гарадоў і сельскіх раёнаў, дзе прадпрыемствам складаней знаходзіць работні_ц сярод мясцовага насельніцтва. Сярод рэгіёнаў для арганізаванага пераезду мігрантаў узгадваліся, напрыклад, Глыбоцкі, Мёрскі і Бешанковіцкі раёны Віцебскай вобласці. Працаўні_ца атрымлівае базавы пакет: кантракт, жыллё, харчаванне або доступ да яго, транспарт і працоўную форму. Гэта зніжае выдаткі на пераезд і дапамагае кампаніі хутка інтэграваць работні_цу ў вытворчы працэс. Гэта асабліва важна ў сельскай мясцовасці, дзе рынак арэнды невялікі, а грамадскі транспарт можа не забяспечваць зручнай сувязі паміж жыллём і месцам працы.

У той жа час штодзённае жыццё аказваецца структураваным вакол працы і працадаўцы. Маршрут паміж домам і працай загадзя вызначаны, доступ да іншых працоўных месцаў абмежаваны, а магчымасць застацца ў гэтай мясцовасці пасля заканчэння кантракта няпэўная. Работні_ца моцна залежыць ад працадаўца, а страта працоўнага месца можа адначасова азначаць страту жылля і магчымасці заставацца ў гэтым населеным пункце. Чалавеку таксама складаней шукаць іншую працу, калі ён жыве далёка ад гарадскога цэнтра і залежыць ад арганізаванага падвозу.

Асобным пытаннем застаецца магчымасць сямейнага пераезду. У рэгіянальных публікацыях адзначалася, што некаторыя ўзбекскія працаўнікі гатовы перавезці сем’і, калі іх задаволяць умовы працы, заробак і побыт. Аднак інфраструктура арганізаванага набору пакуль арыентаваная пераважна на асобнага працаўніка-мужчыну, якому для часовага знаходжання дастаткова месца ў інтэрнаце і дастаўкі на прадпрыемства. Для доўгатэрміновага пасялення сям’і патрэбныя асобнае жыллё, дзіцячыя садкі, школы, медыцынская дапамога і зразумелы прававы статус чальцоў сям’і. Для малых населеных пунктаў сямейнае перасяленне магло б мець больш доўгатэрміновае значэнне, чым часовае прыцягненне асобных працаўні_ц. Новыя жыхары і жыхаркі здольны падтрымліваць попыт на паслугі, карыстацца мясцовым жытлом і часткова кампенсаваць скарачэнне насельніцтва. Але гэта магчыма толькі ў тым выпадку, калі мігрант_ка звязвае з пэўнай тэрыторыяй сваю будучыню, а не разглядае яе як часовае месца заробку.

Без гэтага штодзённы маршрут мігрант_кі часта абмяжоўваецца перамяшчэннем паміж жыллём і прадпрыемствам. Фармальна ён ці яна жыве ў Беларусі, але ўзаемадзейнічае з рэштай грамадства мінімальна. Гэтаксама да мінімуму зводзіцца яго ці яе спажыванне, выкарыстанне грамадскіх прастор і інфраструктуры, а таксама бачнасць для іншых гараджан_ак.



Беларусь як лічбавы прытулак і краіна лёгкага пераезду з Расеі

Расейскія грамадзян_кі ў Беларусі знаходзяцца ў прынцыпова іншым інстытуцыянальным і прасторавым кантэксце, чым мігрант_кі з Цэнтральнай і Паўднёвай Азіі. Ім не трэба праходзіць арганізаваныя адборы для пэўнага працадаўцы, а амаль поўная адсутнасць моўнага бар’еру, транспартнае злучэнне і спрыяльныя для мабільнасці нормы Саюзнай дзяржавы значна спрашчаюць пераезд. З ліпеня 2026 года грамадзян_кі Расеі і Беларусі могуць лягчэй, чым раней, атрымліваць дазволы на пражыванне ў другой краіне на падставе грамадзянства, а час разгляду заявак скарочаны з трох да двух месяцаў.

Заўважыць рост зацікаўленасці расейскіх грамадзян_ак у пераездзе ў Беларусь нескладана, асабліва праз лічбавую прастору. Паводле дадзеных «Яндэкс. Слоўніка», на якія спасылаюцца і беларускія СМІ, колькасць расейскіх пошукавых запытаў адносна пераезду за мяжу вырасла з 19 600 у студзені 2026 года да 22 900 у лютым і 40 000 у сакавіку. А больш за 20 000 пошукавых запытаў былі непасрэдна звязаныя з Беларуссю, у тым ліку пра кошт жыцця, дакументы і атрыманне дазволу на пастаяннае пражыванне. І хаця пошук інфармацыі не азначае фактычнага пераезду, ёсць і іншыя індыкатары, напрыклад, дадзеныя Нацыянальнага кадастравага агенцтва Беларусі па здзелках з нерухомасцю з удзелам расейскіх грамадзян_ак. Паводле іх, у першым квартале 2026 года расейскія грамадзян_кі склалі 60% усіх замежных пакупні_ц нерухомасці ў Беларусі. У сакавіку 2026 года грамадзян_кі Расеі набылі амаль кожную дзясятую кватэру. Для параўнання ў 2019 годзе частка расейскіх пакупні_ц складала 1,5%, у 2021-м — 3%, а ў 2022-м — 2%.

Гэта адбываецца на фоне фарміравання новага, гістарычна нетыповага вобраза Беларусі як краіны для міграцыі. Расейскія СМІ называюць Беларусь «лічбавым прытулкам» і «запасным аэрадромам», дзе надзейна працуе інтэрнэт і дасяжныя міжнародныя платформы. Сярод пераваг таксама называюць пашыранасць рускай мовы, больш спакойны, чым ў Расеі, лад жыцця, магчымасць плаціць расейскай картай «Мір», ніжэйшыя кошты на жыццё і арэнду ў параўнанні з Масквой і Санкт-Пецярбургам і агулам магчымасць «пераседзець цяжкія часы». Такі наратыў накіраваны ў першую чаргу на дыстанцыйных супрацоўні_ц і жыхар_ак буйных расейскіх гарадоў.

Пры гэтым спіс матывацый для пераезду з Расеі ў Беларусь, відавочна, больш складаны і глыбокі. Суразмоўцы незалежных расейскіх медыя звязваюць свой ад’езд не толькі з праблемамі з інтэрнэтам, але і з мабілізацыяй, атакамі беспілотнікаў, эканамічнай нестабільнасцю, немагчымасцю падтрымліваць міжнародныя прафесійныя кантакты і псіхалагічным выгараннем праз вайну. Хаця ў нас няма дакладных дадзеных пра гендарны склад расейскай міграцыі ў Беларусь, незалежныя інтэрв’ю з расейскімі грамадзянамі паказваюць, што яна часцей, чым у выпадку мігранта_к з Цэнтральнай Азіі, уключае іншых чальцоў сям’і альбо толькі жанчын. Для некаторых Беларусь — гэта краіна для часовай перадышкі, якая дазваляе аднавіцца або падрыхтавацца для далейшага пераезду. Для іншых — гэта патэнцыйнае месца для сталага жыцця.

 

Геаграфічнае размеркаванне мігранта_к і гарадское асяроддзе

Міграцыйныя плыні ў Беларусі маюць выразную геаграфію. Розныя групы прыезджых няроўным чынам размеркаваныя паміж Менскам, абласнымі цэнтрамі, невялікімі гарадамі і сельскай мясцовасцю. Выбар месца жыхарства ў значнай ступені залежыць ад мэт пераезду і спосабу перасялення.

Грамадзян_кі Расеі звычайна самастойна выбіраюць горад і жыллё, кіруючыся асабістымі сувязямі, коштам жыцця, станам гарадской інфраструктуры і магчымасцямі працаўладкавання або дыстанцыйнай працы. Мігрант_кі з іншых краін, якія прыбываюць у межах арганізаваных праграм працаўладкавання, часцей накіроўваюцца ў пэўныя рэгіёны і на прадпрыемствы, што сутыкнуліся з дэфіцытам працоўнай сілы.

Пры гэтым афіцыйныя дадзеныя рэдка паказваюць, дзе менавіта жывуць імігрант_кі, якое жыллё яны выкарыстоўваюць або як доўга яны застаюцца ў адным месцы. Часткова атрымаць такія дэталі можна з рэгіянальных публікацый, заяў адміністрацыйных працаўні_ц, звестак рынку нерухомасці і індывідуальных інтэрв’ю з самімі імігрант_камі. Хоць такія крыніцы не даюць поўнага бачання сітуацыі, яны ўсё ж выяўляюць некалькі адрозных мадэляў рассялення.


Менск як асноўны цэнтр самастойнай міграцыі

У дадзеных пра пераезд расейскіх грамадзян_ак цэнтральнае месца займае Менск. Сталіца прыцягвае прыезджых развітай інфраструктурай, вялікім рынкам арэнды, канцэнтрацыяй працоўных месцаў і паслуг, а таксама транспартнай даступнасцю. У расейскіх медыя Менск часта апісваецца як чысты, спакойны, бяспечны і адносна недарагі горад. Яго параўноўваюць перш за ўсё з Масквой і Санкт-Пецярбургам, на фоне якіх мясцовы кошт арэнды і бытавых паслуг можа здавацца даступным. Аднак такая ацэнка залежыць ад даходу прыезджага. Чалавек, які працягвае атрымліваць маскоўскі заробак або працуе з замежнымі кліент_камі, знаходзіцца ў больш выгадным становішчы, чым імігрант_ка, што перайш_ла на беларускую аплату працы. Таму ўяўленне пра Менск як пра танны горад адлюстроўвае перш за ўсё досвед пэўнай групы расейскіх грамадзян_ак і амаль не ўлічвае таго, што мясцовыя заробкі ніжэйшыя і для мясцовых кошт жыцця можа быць высокім у параўнанні з іх даходамі.

Адначасова менавіта ў Менску найверагодней могуць выявіцца наступствы часовай міграцыі для рынку жылля. Нават калі чалавек прыязджае толькі на некалькі месяцаў, яму патрэбныя кватэра, доступ да транспарту, сацыяльных, медыцынскіх і адміністрацыйных паслуг. Павелічэнне колькасці арандатара_к з больш высокімі знешнімі даходамі патэнцыйна можа ўплываць на кошт жылля і ўзмацняць канкурэнцыю з мясцовымі жыхар_камі. У беларускіх сацыяльных сетках ужо выказваліся перасцярогі, што цікавасць грамадзян_ак Расеі да Менска прывядзе да росту цэн на куплю і арэнду кватэр. Пакуль існуючыя крыніцы не дазваляюць пацвердзіць існаванне масавага ўздзеяння на рынак, аднак гэты трэнд варта адсочваць.

Інтэрв’ю з тымі, хто пераехаў, паказваюць, што фармальная простасць уезду не заўсёды азначае лёгкасць уладкавання ў горадзе. Некаторыя ўласні_цы адмаўляюцца здаваць кватэры замежні_цам без беларускіх дакументаў. Прыезджыя з Расеі таксама сутыкаюцца з неабходнасцю часовай рэгістрацыі, складанасцямі афармлення дазволу на жыхарства і адсутнасцю зразумелай інфармацыі пра паслядоўнасць адміністрацыйных працэдур. Такім чынам, фізічна патрапіць у Менск адносна проста, але для доўгатэрміновага пражывання неабходна ўвайсці ў мясцовую сістэму жылля, рэгістрацыі і занятасці.


Не толькі Менск

Расейская іміграцыя не абмяжоўваецца Менскам. У інтэрв’ю і журналісцкіх матэрыялах сустракаюцца прыклады пераезду ў Гародню і Берасце — гарады на захадзе краіны, крыху «лепшыя» па сваіх дэмаграфічных і эканамічных паказчыках за абласныя цэнтры на ўсходзе Беларусі. Выбар рэгіянальнага горада можа быць звязаны са сваякамі і знаёмымі, ранейшым турыстычным досведам або імкненнем пазбегнуць больш высокага кошту сталічнага жыцця. Для некаторых мігранта_к важную ролю адыгрывае сам вобраз горада — яго маштаб, гістарычнае асяроддзе і спакойны рытм.

Напрыклад, Берасце з’яўляецца ў крыніцах як магчымае месца пераезду расейскіх ІТ-спецыяліста_к. Такі выбар паказвае, што аддаленая праца аслабляе залежнасць мігрант_кі ад сталічнага рынку працы. Калі даход не звязаны з мясцовым працадаўцам, чалавек можа выбраць горад на падставе кошту жылля, памеру, транспартнага становішча і асабістых пераваг. Аднак гэты варыянт даступны перш за ўсё тым, хто ўжо валодае запатрабаванай прафесіяй і стабільным знешнім даходам.

Міграцыя ў Віцебск і Наваполацк на ўсходзе Беларусі значна адрозніваецца. Сюды, у рэгіён з найбольш хуткім памяншэннем насельніцтва, накіроўваюцца замежныя работні_цы, арганізавана прыцягнутыя для працы ў жыллёва-камунальнай гаспадарцы і іншых дэфіцытных сферах. Збольшага гэта мігрант_кі не з Расеі. У дадзеным выпадку выбар робіць не столькі сам_а мігрант_ка, колькі сістэма падбору і размеркавання працоўнай сілы. У ёй імігрант_ка прыязджае не столькі ў канкрэтны Віцебск ці Наваполацк, а на канкрэтнае працоўнае месца. Узнікае парадокс: такія мігрант_кі абслугоўваюць матэрыяльнае асяроддзе горада і падтрымліваюць функцыянаванне гарадской інфраструктуры, але мы нічога не ведаем пра іх уласнае жыццё ў горадзе: дзе яны размяшчаюцца, ці карыстаюцца грамадскім транспартам, ці могуць самастойна арандаваць жыллё і наколькі даступныя ім медыцына, гандаль, вольны час і грамадскія прасторы.

У рэгіёнах Беларусі досвед міграцыі таксама можа значна адрознівацца ад медыйнай карцінкі: цяжка знайсці даступнае па коштах жыллё і зняць яго без беларускіх дакументаў, невысокія абласныя заробкі не адпавядаюць арэндным коштам, беларускія працадаўцы не жадаюць наймаць замежных грамадзян_ак (у выпадку асабістага, а не арганізавана працоўнага пераезду), немагчыма атрымаць жыллё ў інтэрнатах для жанчын (яго прапаноўваюць толькі работнікам-мужчынам) і г. д. Для жанчын, якія шукаюць працу ў сферы паслуг, адукацыі ці кіравання, жыллёвая інфраструктура можа быць менш даступнай. Такім чынам, магчымасці ўладкавання залежаць не толькі ад грамадзянства мігрант_ак, але і ад іх полу, прафесіі і тыпу занятасці.


Розныя спосабы ўключэння ў тэрыторыю і межы міграцыйнай палітыкі

Прыклады паказваюць, што міграцыя ў Беларусь уключае шырокі спектр кейсаў, дзе бачныя кантрасты ў становішчы людзей у залежнасці ад іх грамадзянства, схемы працаўладкавання, галіны эканамічнай дзейнасці і мэты прыезду. Асноўны кантраст можна назіраць паміж прыбылымі ў індывідуальным парадку грамадзян_камі Расеі з адносна высокім даходам і арганізавана працаўладкаванымі людзьмі з краін Азіі (перадусім Цэнтральнай). Безумоўна, гэты кантраст узмацняецца расіялізацыяй не-белых людзей у беларускім грамадстве, няроўнымі бюракратычнымі патрабаваннямі да людзей з гэтых дзвюх груп, а таксама іх перспектывамі застацца ў Беларусі пры жаданні гэта зрабіць.

Адсюль вырастае зазор паміж прысутнасцю мігрант_ак як работні_ц і іх уключэннем як жыхар_ак. Чалавек можа быць цалкам уключаны ў мясцовую эканоміку, штодня працаваць на прадпрыемстве ці абслугоўваць гарадскую інфраструктуру, але заставацца слаба звязаным з сацыяльным жыццём населенага пункта. І наадварот, аддален_ая працаўні_ца можа актыўна карыстацца жыллём, транспартам, кавярнямі і іншымі гарадскімі паслугамі, практычна не ўдзельнічаючы ў мясцовым рынку працы.

Асобнай праблемай з’яўляецца ўспрыманне мігранта_к у беларускім грамадстве. Паводле незалежных апытанняў, жыхар_кі беларускіх гарадоў прызнаюць існаванне кадравага дэфіцыту, аднак не разглядаюць запрашэнне замежні_ц як асноўны спосаб яго пераадолець. Большасць рэспандэнта_к аддалі прыярытэт павышэнню сацыяльных гарантый, развіццю гнуткіх формаў занятасці і стварэнню ўмоў для вяртання беларуса_к, якія з’ехалі. Нават інфармацыя пра дэмаграфічны крызіс не прывяла да значнага павелічэння падтрымкі працоўнай іміграцыі.

Стаўленне да мігранта_к у Беларусі таксама залежыць ад краіны іх паходжання. Паводле незалежных апытанняў, найбольш станоўча рэспандэнт_кі ўспрымалі ў якасці мігранта_к грамадзян_ак Расеі, Германіі і Кітая. У выпадку расейскіх імігранта_к моўная і побытавая блізкасць можа ствараць уяўленне, што ніякай асаблівай адаптацыі не патрабуецца. У расейскіх публікацыях Беларусь часта апісваецца як прастора з практычна ідэнтычным культурным кодам. Некаторыя патэнцыйныя мігрант_кі мяркуюць, што мясцовае грамадства амаль не адрозніваецца ад расейскага і не лічаць неабходным вывучаць беларускую мову або ўлічваць асаблівасці беларускай ідэнтычнасці.

Пры гэтым толькі 5% гарадскіх рэспандэнта_к хацелі б «у першую чаргу» бачыць сярод працоўных мігранта_к грамадзян_ак Пакістана, пры гэтым 79% не хацелі б іх бачыць увогуле. Да мігранта_к з арабскіх і афрыканскіх краін адмоўна ставяцца 71% апытаных беларуса_к. Для грамадзян_ак Узбекістана гэты адсотак хоць і меншы, але таксама важкі — 47%. Пры гэтым расейскіх грамадзян_ак у якасці працоўных мігранта_к хацелі б бачыць «у першую чаргу» 69% беларуса_к і толькі 11% не згодныя прымаць іх зусім. Такім чынам, нават фармальна аднолькавы статус замежных работні_ц не азначаў бы аднолькавага стаўлення да іх у беларускім грамадстве.

Пры гэтым успрыняцце мігранта_к рабілася менш негатыўным, калі размова ішла не пра абстрактны прыезд, а пра працу на вытворчасці, у будаўніцтве, ЖКГ або сферы абслугоўвання. Практычная эканамічная роля робіць прысутнасць замежні_цы больш зразумелай і прымальнай. Аднак гэта ж дэманструе, што беларускае грамадства ўяўляе мігранта_к як работні_ц у дэфіцытнай галіне, але значна менш гатовае бачыць іх кіраўні_цамі, выкладчы_цамі або ўдзельні_цамі грамадскага і гарадскога жыцця.

Адрозніваюцца і адносіны мігранта_к да самой Беларусі. Для арганізавана прыцягнутых працаўні_ц наша краіна можа быць найперш месцам заробку. Іх рашэнне залежыць ад памеру аплаты, умоў пражывання і магчымасці падтрымліваць сям’ю, якая засталася на радзіме. Для часткі расейскіх грамадзян_ак Беларусь выступае як бяспечная і зручная альтэрнатыва штодзённасці, што пагаршаецца ў Расеі. Пры гэтым некаторыя з іх гатовыя карыстацца перавагамі беларускага асяроддзя, не праяўляючы цікавасці да палітычнай сітуацыі і досведу мясцовага грамадства.

Гэтыя адрозненні паказваюць межы існуючай міграцыйнай палітыкі. Дзяржава стварае механізмы допуску і кантролю замежных работні_ц, але значна менш увагі надае іх доўгатэрміновай інтэграцыі. Расейскім грамадзян_кам спрашчаюць пераезд асаблівыя прававыя ўмовы, аднак іх сацыяльнае і культурнае ўключэнне амаль не рэгулюецца. У выніку адны мігрант_кі аказваюцца занадта залежнымі ад працадаўцы, а іншыя могуць заставацца слаба звязанымі з грамадствам, якое іх прымае, нягледзячы на ​​моўную і культурную блізкасць. Пры гэтым і тыя, і тыя мігрант_кі ў Беларусі застаюцца нябачнымі, кожная група па-свойму: расей_кі праз бесперашкодны доступ да публічнай прасторы пры адсутнасці візуальных маркераў, што адрознівалі б іх ад мясцовага беларускага насельніцтва; большасць іншых мігранта_к — праз гарадскую геаграфію іх занятасці і ладу жыцця «на заробках».

 

Міграцыя і гарадская прастора

На сёння можна канстатаваць, што беларускія гарады не маюць паўнавартаснай «інфраструктуры прыбыцця» для ўсіх тых працаўнікоў і працаўніц, якіх імкнецца прыцягнуць беларуская дзяржава. Для мігранта_к не з Расеі беларускія гарады застаюцца прасторай, поўнай бытавых, моўных і бюракратычных бар’ераў. У выпадку людзей з Азіі прынцыповае значэнне мае пераход ад часовай індывідуальнай міграцыі да сямейнай і доўгатэрміновай. Працаўніку, які прыехаў на некалькі месяцаў, дастаткова месца ў інтэрнаце і транспарту да прадпрыемства. Сям’і, якая плануе застацца надоўга, неабходныя асобная кватэра, дзіцячы садок, школа, педыятрычная дапамога, пляцоўкі і сямейныя формы вольнага часу. Менавіта сямейная міграцыя звычайна робіць прысутнасць новай групы больш устойлівай, але пры гэтым патрабуе больш увагі да інтэграцыі і адаптацыі паслуг.

Рэлігія, якая можа быць часткай ідэнтычнасці імігрант_кі, таксама праяўляецца ў гарадской прасторы. У кароткатэрміновай перспектыве, пакуль групы верні_ц іншых, не хрысціянскіх канфесій малыя па памерах, рэлігійная інфраструктура і мерапрыемствы могуць праходзіць у існуючых рэлігійных цэнтрах або арандаваных памяшканнях, прыватных кватэрах і пакоях пры інтэрнатах. То-бок попыт на халяльныя прадукты, магчымасць захоўваць час малітвы, адзначаць рэлігійныя святы або праводзіць пахавальныя абрады можа з’явіцца раней, чым новая рэлігійная ўстанова ці культурны цэнтр. Магчымасць узнікнення буйнейшых устаноў будзе залежаць ад колькасці групы, працягласці яе пражывання і стаўлення дзяржавы да самастойнай рэлігійнай арганізацыі імігранта_к.

Для мігранта_к з Расеі інфраструктура прыбыцця даступная фрагментарна. Прысутнасць кансультанта_к-пасярэдні_ц для расейскіх імігранта_к пакуль больш заўважная ў самой Расеі, чым у Беларусі. У Менску і другіх буйных беларускіх гарадах расейскія мігрант_кі могуць карыстацца многімі магчымасцямі нароўні з беларус_камі, жывучы і камунікуючы ў тых жа кавярнях, барах, гандлёвых цэнтрах, фітнэс-залах, што і мясцовыя. Убачыць у гэтых прасторах іншых людзей з ліку прыбылых у Беларусь пакуль складана. І справа тут не толькі ў іх колькасці, але і ў тым, што Беларусь узнаўляе патэрн, характэрны для многіх буйных краін з бэкграўндам імперскай гегемоніі, дзе ад мігранта_к чакаецца нябачнасць, калі толькі яны не здольныя візуальна растварыцца ў мясцовай большасці. Расейскія імігрант_кі могуць заставацца амаль незаўважнымі, бо гавораць на мове, якая пераважае ў паўсядзённай гарадской камунікацыі, і без складанасцяў карыстаюцца ўжо існуючымі паслугамі. Куды меншая па колькасці група мігранта_к з Пакістана ці Узбекістана можа быць больш заўважнай праз адрозненні ў асноўнай мове камунікацыі, адзенне, рэлігійныя практыкі, кухню або спосабы баўлення вольнага часу. У выніку ўзнікае парадокс: адна буйная група мігранта_к здольная аказваць значны эканамічны і палітычны ўплыў, застаючыся візуальна незаўважнай, а меншая група з больш відавочным знешнім адрозненнем становіцца аб’ектам падвышанай грамадскай увагі.

У гэты ж час Беларусь — невялікая краіна, якая сама стала грамадствам эміграцыі, а сярод мігранта_к пераважаюць выхадцы з Расеі, якая, у сваю чаргу, сама застаецца кірункам міграцыі беларуса_к. І хаця мабільнасць паміж дзвюма краінамі працуе ў абодва кірункі, яе нельга назваць сіметрычнай: у той час як беларуская міграцыя ледзьве здольная змяняць лад жыцця ў Расеі, расейская міграцыя па многіх прычынах пры пэўных умовах можа карэнным чынам трансфармаваць беларускія гарады. Ад таго, наколькі беларускія гарады змогуць прыняць больш разнастайную і інтэнсіўную міграцыю ды стварыць камфортныя ўмовы для сумеснага пражывання не падобных адно да аднога людзей, залежыць якасць жыцця і саміх беларуса_к. Ці стане Менск дзякуючы мігрантам касмапалітычным цэнтрам на перасячэнні культур, якім ён ужо не аднойчы бываў у гісторыі?

 

ЗАКЛЮЧЭННЕ

Сучасная іміграцыя ў беларускія гарады не ўтварае адзінай плыні. Беларусь адначасова выступае рынкам працы, часовым прытулкам і магчымым месцам сталага жыхарства. Далейшыя эфекты міграцыі будуць залежаць не толькі ад колькасці прыбылых, але і ад іх магчымасцяў у Беларусі. Дзяржава можа атрымаць як часовую рабочую ці спажывецкую прысутнасць, так і доўгатэрміновую міграцыю, здольную падтрымліваць насельніцтва і развіццё беларускіх гарадоў.

Разам з гэтым, ужо сёння міграцыя ў беларускія гарады мае прасторавыя і эканамічныя асаблівасці. Па-першае, яе вылучае этнічны падзел працы: мігранта_к, візуальна не падобных да беларуса_к, гатовыя бачыць толькі на прамысловых прадпрыемствах і фабрыках, аднак не ў якасці суседзяў па лесвічнай пляцоўцы. Медыцынская і адукацыйная інфраструктуры беларускага горада не прыстасаваныя для людзей, што дасканала не валодаюць рускай мовай. Рынак жылля мае шмат бар’ераў для любых замежні_ц. Культурныя прасторы для людзей з іншых культур і не хрысціянскіх рэлігійных канфесій застаюцца ўскрай нешматлікімі і нябачнымі. І нават калі Менск у апошнія гады перажывае бум этнічнай кухні, яна не заўсёды даступна самім мігрант_кам.

Можна сказаць, што беларуская гарадская прастора сёння спрыяе адно максімальнаму прыстасаванню мігранта_к да мясцовых нормаў без прэтэнзій на ўласную бачнасць і роўнае стаўленне. Хоць некаторая колькасць мігранта_к пагаджаецца нават на такія ўмовы, на захад ад Беларусі павялічваецца колькасць прывабных альтэрнатыў, і статыстыка адлюстроўвае хуткі рост працоўнай міграцыі з краін Цэнтральнай і Паўднёвай Азіі ды Паўднёвага Каўказа ў Польшчу і Літву.

На агульным фоне ў беларускім горадзе вылучаецца адна група мігранта_к — прыезджыя з Расеі. Візуальна зліваючыся з беларускім грамадствам, яна, тым не менш, захоўвае недаступныя беларус_кам узроўні мабільнасці і даходаў, міжнародны ўплыў і культурны статус. Акрамя таго, у адрозненне ад іншых груп мігранта_к, гэтая група мае магчымасці не падладжвацца, а наадварот, змяняць лад жыцця саміх беларуса_к у самых розных сферах — ад спажывання і жыллёвых умоў да сістэмы адукацыі і культурніцкіх устаноў. Доўгатэрміновыя наступствы такой сітуацыі для беларускіх гарадоў непрадказальныя.

 

Чытаць яшчэ:

Next
Next

Вада, мастацтва, прастора: беларускі досвед у сусветным кантэксце