Што змянілася ў беларускім горадабудаўніцтве і архітэктурнай сферы за першую палову 2020-ых?
Беларускія гарады ў 2020-х працягваюць разбудоўвацца і расці. Аднак у працэсах планавання, дызайну і ўласна будаўніцтва адбываюцца змены. Змяняюцца рэферэнсы пры дызайне новых фасадаў, дарожак у парку і дзіцячых пляцовак; тое ж тычыцца матэрыяльнага забеспячэння іх будаўніцтва; у сферы з’яўляюцца новыя прафесіі. З дапамогай экспертаў і экспертак-інсайдараў аналізуем тэндэнцыі ў менскай будаўнічай сферы ў маштабах ад мікрараёна (групы дамоў) да элементаў добраўпарадкавання.
Уводзіны
У апошнія гады існавала нямала перадумоў для стагнацыі беларускіх гарадоў, аднак, зірнуўшы на сферу будаўніцтва, мы бачым больш складаную карціну, чым адназначны заняпад. Так, крызісныя з’явы ёсць: назіраецца адток эксперта_к, дэфіцыт некаторых матэрыялаў, устарэласць адукацыйнай базы. Пры гэтым цэны на нерухомасць растуць, раёны будуюцца, а эстэтычная планка насамрэч падвышаецца, хаця комплекснае бачанне жылога асяроддзя ўсё яшчэ адсутнічае. Ніжэй мы апішам асноўныя трэнды ў беларускім горадабудаўніцтве, планаванні і гарадскім дызайне 2020-х.
Асноўныя актары ў сферы
Вонкавы выгляд нашых гарадоў, будынкаў, гарадскіх прастор, прыдамавых тэрыторый вызначае мноства розных актараў. Роля архітэктара_к і горадабудаўні_ц у праектах, якія рэалізуюцца дзяржаўнымі і прыватнымі забудоўшчыкамі, значна адрозніваецца. У Беларусі вялікую ролю адыгрывае замоўца, які аплачвае праект. Калі больш дакладна, і ў выпадку дзяржаўных праектаў, і ў выпадку прыватных замоўца вызначае бюджэт, а таксама стварае тэхзаданне для архітэктара_к і іншых спецыяліста_к ці, прынамсі, удзельнічае ў яго стварэнні. За замоўцам застаецца апошняе слова ў тым, як будзе выглядаць аб’ект. Такая сітуацыя актуальная не толькі для Беларусі, але, падаецца, у нас яна можа быць у некаторых выпадках даведзеная да крайнасці, калі эксперт_кі цалкам трацяць уплыў на прыняцце некаторых рашэнняў.
Праект «4 сезоны» — чатыры 19-павярховыя будынкі каля прыватнага сектара (Крыніца)
Тым не менш звычайна эксперт_кі могуць у пэўнай ступені паўплываць на працэс праектавання. Пры гэтым дасведчаныя прафесіяналы патрабуюць вышэйшых заробкаў. Таму большасць з іх стараецца працаваць у прыватных арганізацыях, сярод якіх буйныя дэвелаперы са сваімі праектнымі камандамі і імёнамі («А100», «Айран», «Рыверсайд» і іншыя), прыватныя праектныя арганізацыі і інстытуты, архітэктурныя студыі і бюро, а таксама індывідуальныя прадпрымальні_цы.
Дзе і на каго працуюць беларускія архітэктар_кі
Прафесійныя архітэктурныя арганізацыі ў Беларусі залучаныя ў розныя этапы праектавання, сярод якіх найперш можна выдзеліць дызайн-праекты і распрацоўку праектнай дакументацыі для будаўніцтва (на слэнгу «рабочка»). Некаторыя арганізацыі займаюцца і тым, і тым, іншыя факусуюцца пераважна на дызайне. Ніжэй мы спачатку апішам сітуацыю з распрацоўкай дакументацыі, а потым — з дызайн-праектамі.
Зразумела, многія беларускія архітэктар_кі-праектант_кі і архітэктар_кі-дызайнер_кі працуюць на беларускі рынак. Калі казаць пра працоўную дакументацыю, то да 2020 года беларускія фірмы актыўна ўдзельнічалі ў распрацоўцы рознага кшталту праектаў за мяжой, напрыклад, паркінгаў у Маскве ці інжынерных і прамысловых збудаванняў на поўначы Расеі. Расеяй геаграфія беларускага аўтсорсу не абмяжоўвалася, але гэта быў самы вялікі кірунак супрацы, якому спрыялі моўны кантэкст і нарматыўныя дакументы, да якіх можна адносна хутка адаптавацца праз падабенства сістэм, нягледзячы на значныя адрозненні. Адны праектант_кі бралі «халтуры» для падпрацоўкі, іншыя — з’язджалі ў Расею працаваць.
Цэх па вытворчасці святлоадбіўных шклашарыкаў, Рослаў, Расея (Крыніца)
Куды менш пашыранай была практыка, калі расейскія спецыяліст_кі нешта распрацоўвалі ў Менску. Аднак паступова ў Беларусі пачалі адкрывацца і працаваць на расейскі рынак расейскія фірмы са спецыялізацыяй на распрацоўцы дакументацыі. Гэты трэнд узнік даўно, але стаў асабліва заўважным з 2022-га года.
Спецыяліст_кі з беларускіх арганізацый сталі пераходзіць працаваць у расейскія. Раней, каб працаваць на расейскім рынку, беларускім эксперт_кам найчасцей трэба было пераязджаць у розныя гарады Расеі. Цяпер ім сталі прапаноўваць лепшыя заробкі без неабходасці пераезду. Да гэтага можна дадаць хвалю ад’езду спецыяліста_к у краіны Еўразвяза, што пачалася пасля 2020 года і якую немагчыма дакладна падлічыць. Нашы рэспандэнт_кі адзначаюць, што знайсці добрых, дасведчаных эксперт_ак было складана і раней, цяпер жа праблема ўзмацнілася.
Цікава, што заробкі ў беларускіх філіялах расейскіх кантор усё ж ніжэйшыя, чым у расейскіх гарадах. Пры гэтым на працу бяруць спецыяліста_к «для поўнага цыкла праектавання», то-бок працаўладкавацца могуць і інжынер_кі, і архітэктар_кі, і іншыя ўдзельні_цы цыкла праектавання, галоўнае — некалькі гадоў працоўнага досведу. Такім чынам, маладыя спецыяліст_кі пасля ўніверсітэта на гэтыя пазіцыі прэтэндаваць не могуць.
Сітуацыя з дызайн-праектамі заўсёды адрознівалася. Да 2020-га беларускія арт-бюро, творчыя майстэрні і студыі імкнуліся працаваць з праектамі па ўсім свеце. Частка бюро намагалася выйсці на рынак суседніх краін: Польшы, Украіны і Літвы. Некаторыя накіроўваліся адразу на конкурсы ў ЗША і іншыя далёкія краіны. Таксама вялася праца ў Расеі, у Казахстане ды ў іншых краінах на ўсход ад Беларусі.
1. «Вараб’ёў і партнёры», аб’ект у Фларыдзе, ЗША (Крыніца); 2. Бюро Level80, аб’ект у Астане, Казахстан (Крыніца); 3. Творчая майстэрня Барыса Школьнікава, Штутгард, Нямеччына (Крыніца)
У 2020 годзе ландшафт спецыяліста_к у Беларусі пачаў змяняцца. Распрацоўшчы_цы дызайн-праектаў пачалі рэлакавацца за мяжу, але ў кантэксце пандэміі COVID-19 аддаленая праца стала больш звыклай, і вялікая колькасць калектываў працягвала працаваць у тых жа самых праектах/кірунках.
З 2022 года працаваць з заходнімі праектамі, знаходзячыся ў Беларусі, стала вельмі складана ці амаль немагчыма. Частка фірмаў спрабавала дзяліцца, адкрываючы філіялы, да прыкладу, у Польшчы, але без вялікага поспеху. Адразу ўзнікала вялікая праблема з сінхранізацыяй арганізацый і супольнай працай, а таксама інтэграцыяй у рынак іншай краіны. Паўставала моўнае пытанне. І, вядома ж, беларускія заробкі не забяспечвалі адпаведнага ўзроўню жыцця ў Польшчы. Тым не менш такія спробы працягваюцца і некаторыя арганізацыі здолелі асвоіць такую канфігурацыю.
Калі браць праекты з Захаду стала вельмі складана, у Беларусі адбылася большая пераарыентацыя на Усход. Павялічылася колькасць праектаў у РФ, як і наогул арганізацыйная прывязка да яе, аднак беларускія праектныя арганізацыі асвойваюць і такія кірункі, як Казахстан і Узбекістан. Робяцца спробы працаваць на ААЭ і іншыя краіны.
Zrobim, аб’ект UGGE, добраўпарадкаванне жылога комплекса, Краснадар, Расея (Крыніца)
Варта адзначыць, што пэўныя беларускія дызайн-студыі і праектныя арганізацыі часта амаль не працуюць на Беларусь ці беларускія праекты. У якасці прычын эксперт_кі называлі дэфіцыт як грошай, так і творчай свабоды; адносна малы рынак; недастатковасць памеру беларускіх арганізацый у сферы гарадскога дызайну, каб забяспечыць праект для дэвелапера «пад ключ».
Арыенціры і рэферэнсы
Улічваючы змяненне геаграфіі супрацы беларускіх эксперта_к, у тым ліку змяншэнне магчымасці патрапіць за мяжу для абмену досведам, нас таксама зацікавіла, на якія прыклады арыентуюцца нашы спецыяліст_кі і чым натхняюцца для працы.
У пэўнай ступені гэтая прафесійная супольнасць сёння жыве ў свеце Інстаграма і Пінтэрэста. Практычна ў кожнага архітэктара і архітэктаркі ёсць свая дошка па канкрэтным праекце ці па канкрэтнай асобнай дэталі. У прэзентацыі для дэвелапера старонка «Прыклады/Реферэнсы» абавязковая.
Скрыншоты «дошак» з прыкладамі на Pinterest.com
Таксама ў многіх архітэктара_к і дызайнера_к прыблізна палова падпісак — гэта калегі і каляжанкі з адной сферы, якія часам працуюць у тым жа горадзе, але могуць быць і на іншым канцы свету. Гэтак, людзей, якія працуюць з азеляненнем, можа аб’ядноўваць тое, што ўсе яны ведаюць Піта Удальфа (Piet Oudolf) з яго захапляльнымі праектамі садоў і арыентуюцца на яго як на ўзор.
Прыклады рэалізаваных аб’ектаў Піта Удальфа (Крыніца)
Набор эксперта_к і старонак, за якімі сочаць беларускія спецыяліст_кі пасля 2020-га і 2022 года, застаўся геаграфічна шырокім і разнастайным. Знаходзячыся ў Беларусі, архітэктар_кі працягваюць адсочваць прыклады з краін Еўразвяза, ЗША, Расеі, Кітая, Аўстраліі і інш. У Сеціве можна знайсці будынкі ці прыклады добраўпарадкавання на любы густ. Самыя знакавыя і яскравыя прыклады стараюцца паўтараць і ў Беларусі. У кагосьці гэта атрымліваецца адносна добра, але часта якаснай адаптацыі ідэй замінае недахоп рэсурсаў і досведу саміх архітэктара_к.
Што змянілася больш, дык гэта магчымасць пабачыць праекты на ўласныя вочы, жыўцом. Праз візавую палітыку еўрапейскіх краін многім з тых, хто раней ездзілі натхніцца ў краіны Балтыі ці Скандынавіі, цяпер па кішэні хіба што паездка ў Маскву, дзе прыклады часта самі перанятыя і адаптаваныя з тых жа Паўночных краін ці Кітая.
Як гэта паўплывала на якасць праектавання ў Беларусі?
У экспертным асяроддзі, асабліва ў камерцыйным сегменце, цяпер пануе кансэнсус, што эстэтычна прывабны дызайн — гэта важны фактар для продажу. Тут у першую чаргу прыгадваецца «Новая Баравая» з яе яркімі і цікавымі элементамі. За апошнія 10 гадоў тэндэнцыя працы з добраўпарадкаваннем пашырылася амаль на ўсе камерцыйныя канторы і дабралася нават да праектанта_к у дзяржаўных праектных арганізацыях. У прафесійных колах гэты працэс часам называюць «эфектам „А100“». Але разварот да візуальнай прыгажосці ўпіраецца ў шэраг праблем.
Прыгажосць не заўсёды фарміруе камфортнае асяроддзе, бо гэта комплексна спраектаваная сістэма, што ўключае розныя элементы і адказвае на розныя патрэбы ў розных сітуацыях. Асобныя прыгожыя кропкі не складваюцца ў камфортнае асяроддзе аўтаматычна.
Прыгажосць не прыводзіць да комплексных змен у праектаванні. Прыгожыя, яркія і дарагія месцы могуць заставацца нефункцыянальнымі. Напрыклад, на прыгожай плошчы з узорам у бруку і нават цудоўнымі лавачкамі ў гарачыя дні можа быць немагчыма знаходзіцца праз спёку, а ў дажджлівыя яна можа сыходзіць пад ваду праз адсутнасць механізмаў паглынання вады (зялёных зон і ліўневай каналізацыі).
Нават за ўдалымі эстэтычнымі рашэннямі не наступаюць змены ў адукацыйнай практыцы. Стваральні_цы асобных эстэтычна зробленых аб’ектаў у любы момант могуць звольніцца, з’ехаць і г. д., і ў практыцы праектавання адбудзецца адкат да папярэдняй сітуацыі.
За прыклад можна ўзяць пляж № 1 на Менскім моры. На фотаздымках у артыкулах і ў публікацыях у Інстаграме мы можам пабачыць, як добра ён выглядае. І сапраўды, тое, што мы звыклі бачыць ад дзяржаўных праектанта_к у нас асацыюецца хутчэй з нечым кшталту парку Уга Чавэса. Тут жа мы бачым зусім іншы дызайн, што адзначаюць і эксперт_кі, з якімі мы размаўлялі. Але яны ж выказваюць і крытыку:
" ... пляж № 1 ніяк не адзанаваны, там нейкія прыгожыя асобныя фоткі атрымліваюцца, але агулам — там проста пяском засыпаная пустэча і ўсё. На ёй стаіць адзін караблік, недзе побач збоку дзіцячая пляцоўка, з другога боку — альтанкі і каля вады нейкія лаўкі і ўсё. Таму не змянілася нічога. Яны дадалі нейкіх інстаграмных месцаў, якія можна пафоткаць. Калі да гэтага прафесійна падысці, як да асяродзя, то [яго] як не было, так і не з’явілася.
... то-бок яны [архітэктар_кі] Пінтэрэст і Інстаграм для сабе адкрылі і нейкія вобразы адтуль бяруць, але асэнсавання, што [...] асяроддзе [...] — не з’явілася. Тое, што засталося ад Савецкага Саюза, напрыклад, успрымаецца больш цэльным і прадуманым, чым тое, што робіцца цяпер..."
Пляж № 1 на Менскім моры (Крыніца)
Безумоўна, мы можам казаць пра заўважны трэнд, бо пляж № 1 не адзіны аб’ект апошніх гадоў, дзе праявіліся новыя падыходы да эстэтыкі. Таксама можна ўзгадаць набярэжную на Нарачы ці клумбы на праспекце Незалежнасці. Аднак у гэтым заслуга канкрэтных спецыяліста_к, а не інстытуцыйнага развіцця.
Тут варта вярнуцца да таго, дзе якія спецыяліст_кі працуюць. Мы ўжо згадвалі, што частка сапраўды добрых беларускіх спецыяліста_к працуе ў архітэктурных студыях, хутчэй на сусветны рынак, чым на беларускі. Сюды дадаецца тэндэнцыя адкрыцця аддзяленняў расейскіх кантор у Беларусі. А што застаецца? Рэшта рынку працы складаецца пераважна з прыватных і дзяржаўных праектных інстытутаў, а таксама архітэктурных аддзелаў пры дэвелаперах. Фактычна праектныя інстытуты з’яўляюцца «кузнямі кадраў», асабліва што да працы з гарадскім асяроддзем. У абсалютнай большасці дэвелаперы працаўладкоўваюць архітэктара_к з ужо атрыманым недзе досведам і напрацаванымі партфоліа. Як вынік, з грамадскімі прасторамі горада працуюць дзяржаўныя праектныя інстытуты, адкуль маладыя спецыяліст_кі з новымі свежымі ідэямі ды канцэпцыямі стараюцца сысці, як толькі атрымліваюць мінімальна дастатковыя навыкі.
Супраца з замежнымі эксперт_камі
Сярод заходніх бюро лічыцца вельмі важным прасоўваць аб’екты і асвятляць факт удзелу ў іх стварэнні канкрэтных эксперта_к. У Беларусі мы, як спажывальні_цы гарадскога асяроддзя, не вельмі часта чуем пра тое, хто распрацаваў той ці іншы аб’ект або пра супрацу беларускіх і замежных архітэктара_к. У нас не склалася практыка публікаваць звесткі пра праектанта_к.
Між тым супраца з замежнымі, у тым ліку заходнімі, студыямі вядзецца. І хаця па некалькіх размовах з эксперт_камі не скласці цэласнай карціны, можна сказаць, што супрацоўніцтва не спынілі ні 2020, ні 2022 гады. Заходнім студыям не забаронена працаваць з беларускімі кампаніямі. Але звычайна тут вядзецца пра менш тыпавыя праекты ці канцэпцыі, накіраваныя на вырашэнне асобнай задачы. З еўрапейскімі бюро часцей супрацоўнічаюць па канцэпцыях забудовы, каб натхніцца новымі ідэямі і падыходамі, але архітэктар_кі на месцы ўсё адно потым дапрацоўваюць праекты, каб яны адпавядалі беларускім нормам і стандартам. На праекты добраўпарадкавання заходнія студыі не запрашаюць, бо надта складана данесці да іх беларускую нарматыўную базу, на якую трэба абапірацца. Яны супрацоўнічаюць толькі з прыватнымі кампаніямі. Да 2020 года дзяржаўныя інстытуцыі рабілі невялікія спробы працаваць з замежнымі кампаніямі і замаўляць у іх дызайн-праекты, а таксама прымаць замовы з-за мяжы. Гэтак, «МАПІД» паспеў пабыць падрадчыкам на некалькіх будоўлях у Вільнюсе.
Фотаздымкі аб’ектаў «МАПІДа» ў Вільнюсе (Крыніца)
У праектаванне гарадскіх прастор і асяроддзяў у Беларусі заходнія кампаніі зусім не залучаліся. Глабальна пашыраная практыка прыцягваць розныя кампаніі для праектавання гарадскога асяроддзя праз адкрытыя конкурсы. Аднак у беларускім выпадку амаль заўсёды праектавалі і праектуюць дзяржаўныя архітэктар_кі.
Калі казаць пра прыватныя праекты, то беларускія архітэктар_кі і планіроўшчы_цы як супрацоўнічалі з імі да пачатку 2020-х, так і працягваюць, хаця змены адбываюцца.
Дызайн добраўпарадкавання часцей замаўляюць у Расеі. І гэта толькі часткова тлумачыцца жаданнем знайсці свежы погляд і зрабіць замову ў больш знакавых бюро. Куды важнейшы чыннік — адсутнасць у Беларусі дастаткова вялікіх студый са спецыялізацыяй менавіта на добраўпарадкаванні. Ёсць архітэктурныя ці дызайн-студыі, якія могуць займацца добраўпарадкаваннем, але не ў якасці сваёй асноўнай дзейнасці. Існуюць індывідуальныя прадпрымальні_цы, якія спецыялізуюцца на добраўпарадкаванні, аднак жорсткія дэдлайны замоўцаў ставяць тых, хто працуе сам, у вельмі неспрыяльныя ўмовы.
Змены прафесійнага рынку апошніх гадоў
Можна сказаць, што аформілася ці працягвае сваё развіццё некалькі новых спецыяльнасцяў, звязаных з гарадскім планаваннем, гарадскім дызайнам і праектаваннем.
Гарадскі дызайнер/дызайнер гарадскога асяроддзя/спецыяліст па добраўпарадкаванні
Гэтая прафесія з’явілася як адказ на запыт рынку. У яе пакуль няма стандартызаванай назвы, ёй не навучаюць ва ўніверсітэтах. У Беларусі ўсіх выпускні_ц архітэктурнага факультэта называюць архітэктар_камі, што прыводзіць да вялікай блытаніны ў наборах навыкаў людзей з розных спецыялізацый. Выпускні_цы часта абіраюць кірунак, прыходзячы на першае месца працы. Некаторыя архітэктар_кі ідуць у аддзелы генплана ў праектныя інстытуты, дзе пачынаюць працаваць над праектамі ў маштабах забудовы, планаў добраўпарадкавання, малых архітэктурных формаў і г. д. 15–20 гадоў праца над добраўпарадкаваннем была вельмі схематычнай і найчасцей зводзілася да пракладання сцежкі паміж пад’ездам і дзіцячай пляцоўкай. Сённяшняя практыка ўключае куды больш складанае і разнастайнае планаванне на тых жа прыдамавых тэрыторыях асобных сегментаў для актыўнасцяў розных узроставых груп, публічных прастор, элементаў азелянення і г. д.
З ростам попыту на добры гарадскі дызайн спецыяліст_кі пачалі імкнуцца падвысіць сваю кваліфікацыю на заходніх ці расейскіх курсах, цяпер разглядаючы «добраўпарадкаванне» як паўнавартасную сферу экспертызы. Аднак у навучальных установах за гэты час адмысловых праграм, якія б рыхтавалі спецыяліста_к па працы з добраўпарадкаваннем, не з’явілася. Архітэктар_кі працягваюць атрымліваць дадатковую адукацыю па-за ўніверсітэтам ці нават наўпрост у практыцы, гледзячы на прыклады за мяжой і ў Беларусі. Мы чакаем, калі навучальныя ўстановы звернуць увагу на адпаведны прагал у сваіх праграмах.
Урбанолагі
Нядаўна ў Берасцейскім універсітэце з’явілася навучальная праграма «Урбаналогія і сіці-менеджмент». У 2026 годзе будзе яе першы выпуск. Паводле сайта праграмы, яна дае комплексныя веды пра функцыянаванне розных гарадскіх сістэм (дзяржаўнае кіраванне, горадабудаўніцтва і архітэктура, транспарт і лагістыка, навакольнае асяроддзе і іншае). (Крыніца) Але пакуль невядома, як і куды новыя спецыяліст_кі ўладкуюцца на працу.
BIM-спецыяліст
За абрэвіятурай BIM хаваецца англійскі тэрмін Building Information Modeling, што можна перакласці як «Інфармацыйнае мадэляванне будынкаў». Насамперш ён азначае стварэнне інтэлектуальных 3D-мадэляў для больш дакладнага планавання, праектавання і будаўніцтва, а таксама больш эфектыўнай эксплуатацыі будынкаў і аб’ектаў інфраструктуры. У адрозненне ад звычайных трохмерных мадэляў, BIM-мадэлі змяшчаюць не толькі графіку, але і поўную інфармацыю пра характарыстыкі канструкцый, інжынерныя сістэмы і ўсё абсталяванне. Гэта паўнавартасны лічбавы двайнік аб’екта, дзе прапісаная кожная дэталь. (Крыніца) У ідэале гэтая мадэль патрэбна для працы з аб’ектамі на працягу ўсяго цыкла іх існавання — да ўтылізацыі.
BIM-мадэляванне пачало выкарыстоўвацца ў праектных інстытутах ужо даўно. Аднак тэхналогія без аніякіх знешніх стымулаў засвойваецца вельмі марудна, на энтузіязме канкрэтных людзей ці арганізацый. Як вынік, у межах адной арганізацыі могуць існаваць архітэктурныя групы, дзе працуюць толькі з 2D-чарцяжамі, выкананымі асобна рознымі аддзеламі, і групы, дзе працуюць з дапамогай праграм, разлічаных на сумесную працу паміж аддзеламі. Уявіце, што кабінет А робіць уручную фасады і планы для дамоў. І, калі рухаецца акно на фасадзе, чалавек ідзе і рукамі перасоўвае акно на плане. Асобна прамалёўваецца кожны канструктыўны блок — уручную, у разрэзе. Пры гэтым кабінет Б працуе ў трохмернай мадэльцы, дзе пры перасоўванні акна на мадэльцы або прывязаным да яе плане, акно рухаецца ва ўсіх астатніх планах аўтаматычна. Пры гэтым для праходжання экспертызы патрабуюцца раздрукаваныя версіі чарцяжоў, і ў некаторых выпадках дробныя змены могуць уносіцца толькі фізічна на паперы.
Расейская нарматыўная база абавязвае мець лічбавую мадэль аб’екта. Таму ўсе беларускія эксперт_кі, што працуюць з расейскімі арганізацыямі, абавязаныя ўмець працаваць з дапамогай адмысловых праграм. Гэта паступова матывуе большую колькасць спецыяліста_к вучыцца імі карыстацца. Аднак для поўнага функцыянавання BIM-сістэмы ўнутры арганізацыі мусіць быць BIM-спецыяліст_ка, што будзе дапамагаць наладжваць сістэму. Гэта можа быць чалавек, які сумяшчае сваю пасаду з пасадай інжынер_кі ці архітэктар_кі, але ў буйных арганізацыях гэта можа быць і некалькі спецыяліста_к, якія адказваюць за розныя часткі (напрыклад: BIM-каардынатар_ка, BIM-менеджар_ка, BIM-інжынер_ка і г. д.). За апошнія гады гэтая прафесія пачала больш актыўна займаць сваё месца на рынку працы праектавання і дзяліцца на розныя падпрафесіі.
Пры вельмі марудным развіцці тэхналогіі і прафесій гэты кірунак паступова развіваецца ў тым ліку пад знешнім уплывам. Аднак рэалізуецца толькі малая частка патэнцыялу; BIM пакуль выкарыстоўваецца для планавання, але не для ўсяго цыкла эксплуатацыі аб’екта.
Прадуктолаг
Апошнім часам у сферы дэвелапменту набрала значнасць (не новая) прафесія маркетолага. Тыя ж «А100» з іх «Новай Баравой» інтэнсіўна працуюць над сваёй маркетынгавай стратэгіяй, якая пачынаецца са знешняй камунікацыі, прадуманага візуальнага вобраза і арт-аб’ектаў.
Прыклад камунікацыі з афіцыйнага сайта «Новай Баравой» (Крыніца)
Маркетолагі_ні сталі ўплываць на прыняцце рашэнняў пра неабходныя для лепшага продажу змены. На думку праектанта_к, такая супраца можа быць як вельмі карыснай, так і шкоднай. Маркетолагі і маркеталагіні рэагуюць на запыт сённяшняга дня, але праектаванне займае час, і да яго рэалізацыі запыт можа істотна змяніцца.
Разам з маркетолаг_інямі ў праектаванні з’явілася і зусім новая прафесія — прадуктолаг. Па-беларуску назва гучыць даволі дзіўна, бо яе запазычылі і адаптавалі з ангельскага product designer. Можна сказаць, што гэтая прафесія ў архітэктуру прыйшла з IT-сектара. Дызайн прадукту (Product design) — гэта працэс стварэння новых прадуктаў для бізнесу з мэтай прадаваць іх кліент_кам. Ён заключаецца ў генерацыі і развіцці ідэй, якія потым прапануюцца для рэалізацыі архітэктар_кам, праектант_кам ці гарадскім дызайнер_кам. Для сферы архітэктуры і праектавання гэта азначае яшчэ адно дадатковае звяно, якое дапамагае зразумець патрэбы карыстальні_ц, узмацняе агульнае бачанне прадукту (дома, мікрараёна і г. д.). Нашы суразмоўцы адзначылі, што агулам з’яўленне гэтых дзвюх прафесій разам вельмі дапамагае ім як архітэктар_кам разумець рэальныя патрэбы людзей і менш «адрывацца ад рэчаіснасці».
Падобны падыход, вядома, нельга назваць партысіпатыўным, нават нягледзячы на шырокае выкарыстанне апытанняў карыстальні_ц. Аднак ва ўмовах дэвелапменту гэта ўжо нешта падобнае да праектавання, якое базуецца на карыстальніцкім досведзе (user experience). Пакуль што якасць праекта вельмі залежыць ад асобы маркетолаг_іні і прадуктолаг_іні. Да таго ж гэтыя пазіцыі з’яўляюцца толькі ў буйных дэвелапераў; некаторыя залучаюць такіх спецыяліста_к толькі як старонніх кансультанта_к. На жаль, для дзяржаўных праектанта_к супраца з такімі спецыяліст_камі застаецца раскошай.
Будаўнічыя матэрыялы і санкцыі
Апошнія гады прынеслі змены ў даступнасці матэрыялаў, з якіх будуюцца новыя раёны. Яны пачаліся не з 2020-га, а з 2022-га, калі было накладзена шмат санкцыйных абмежаванняў на розныя віды тавараў.
Першай ад санкцый пацярпела тэхніка, пачынаючы ад такой буйной, як ліфты, да такой дробнай бытавой, як кава-машыны. Гэта важныя элементы для забудоўшчыкаў, асабліва тых, што прадаюць кватэры з абсталяваннем, якое цяпер збольшага замяняецца аналагамі з Расеі, Кітая і часам з іншых краін на ўсход ад Беларусі.
Санкцыі ўдарылі і па высокатэхналагічных матэрыялах, напрыклад, аздабленні або элементах для дзіцячай пляцоўкі. Раней яны былі лёгкадаступныя з краін Еўразвяза, і замяніць іх цяпер без страты ў якасці асабліва складана. Часта ад гэтых элементаў увогуле адмаўляюцца.
Таксама санкцыі паўплывалі на малыя архітэктурныя формы для дзіцячых пляцовак, якія яшчэ ў 2020-2021 гадах замаўлялі збольшага ў Польшчы і часткова ў Даніі. У 2022 годзе гэты тавар быў забаронены для ўвозу, пэўны час нават сайты вытворцаў у Беларусі былі заблакаваныя. Праз нейкі час вялікая колькасць расейскіх вытворцаў засвоіла выраб якасных дзіцячых арэляў і горак, пазней у сегмент пачалі прыходзіць і беларускія вытворцы.
Калі казаць пра элементы добраўпарадкавання, то ступень уплыву санкцый моцна вар’іруецца. Напрыклад, пакрыццё сцежак з пліткі пацярпела найменш. У Беларусі і раней амаль заўсёды выкарыстоўвалі толькі беларускую плітку, эканомілі менавіта на ёй і дакуплялі хіба што асобныя дэкаратыўныя элементы. Аднак пліткі шырынёй у метр на новых аб’ектах зараз ужо не пабачыць.
Такія элементы, як лаўкі, сметніцы і ліхтары таксама пацярпелі не асабліва. Невялічкія беларускія вытворчасці яшчэ да 2020 года пачалі працаваць у гэтым кірунку і выконваць большасць элементаў, акрамя самых экстравагантных. Збольшага цяпер замаўляюць ліхтары даволі простых формаў, якія па сілах вырабіць беларускім вытворцам. Большы выклік — гэта элементы з фібрабетону, але і тут мясцовыя вытворцы паступова ўдасканальваюцца.
Спецыфічная сітуацыя склалася з азеляненнем. Раней большасць саджанцаў у Беларусь прывозілі з Польшы. Яны выйгравалі ў якасці, прыгажосці і памеры, а таксама былі прадстаўленыя ў шырэйшым асартыменце. Цяпер якасць саджанцаў, якія прыязджаюць на пляцоўку, заўважна пагоршылася. Але, у адрозненне ад абсталявання на дзіцячыя пляцоўкі, вялікія дрэвы працягваюць вазіць з Польшчы.
Перспектыва забудовы Менска
Як бачна, урбаністычнае развіццё Менска працягваецца незалежна ад сусветнай сітуацыі і стасункаў з суседнімі дзяржавамі, хоць часам не так, як нам бы хацелася, і не там, дзе варта было бы трансфармаваць сістэму. З’явіліся новыя прафесіі, і пад уплывам рынку, які ствараюць прыватныя дэвелаперы, падвышаецца агульная якасць асяроддзя. Аднак прагноз даць складана.
Яшчэ да 2020 года прыватныя кампаніі страцілі магчымасць набыць у Менску тэрыторыю пад забудову. Некаторыя з іх, напрыклад «СвитХоум», што пабудаваў жылы комплекс «D3», праз гэта сышлі з Беларусі.
Фармальна ў Менску «заканчваецца глеба». Але каго гэта закране ў першую чаргу? Натуральна, у горадзе больш няма такіх пляцовак, якія адышлі пад аб’екты «Даны», «Каменную горку», «Лошыцу» ці «Паўночны бераг». Тым не менш упраўленні камунальнага будаўніцтва («УКСы») раёнаў працягваюць атрымліваць участкі і будаваць новыя дамы. Напрыклад, нядаўна з’явілася навіна пра праект квартала з панэлек на вуліцы Гурскага.
Праект квартала на вуліцы Гурскага (Крыніца)
Таксама застаецца даволі шмат тэрыторый, забраніраваных за «МАПІДам», напрыклад, квартал у межах вуліц Янкоўскага—Гарэцкага ці недабудаваны «Сонечны». Дзяржаўным забудоўшчыкам адышлі тэрыторыі «МотаВелаЗавода», ЖК «Андрэеўскі» і, канечне, «Вялікі камень». У дадатак існуе купа дробных праектаў, дзе ўзводзіцца адзін будынак. То-бок тым ці іншым чынам нагрузка для дзяржаўных забудоўшчыкаў і праектанта_к у межах Мінска забяспечваецца. Дый не ўсе прамысловыя і складскія тэрыторыі забудаваныя.
Але для прыватных бізнесаў даволі хутка паўстане пытанне, дзе будаваць далей. Забудоўшчык «Айран», напэўна, адзін з найбліжэйшых да гэтага пытання. У яго апошнім аб’екце «Левада» засталося пабудаваць 5-6 груп дамоў. Таму мы неўзабаве пабачым, як будзе адбывацца адаптацыя і пошук новых тэрыторый. Магчыма, новыя пляцоўкі знойдуцца ў Берасці, Гародні ці Магілёве або ў меншых гарадах. Магчыма, будзе пашырацца Менская агламерацыя, па прыкладзе той жа «Новай Баравой».
Цяпер агульныя трэнды добраўпарадкавання і якасці асяроддзя задаюць забудоўшчыкі, якія змагаюцца за кліента_к і месца пад сонцам. У тым ліку таму яны вытрымліваюць свае негалосныя стандарты. Ці пачнуць дзяржаўныя забудоўшчыкі рабіць тое ж самае, мы не ведаем.
Двор у квартале «Лошыца-8» (Крыніца); двор у квартале «Новай Баравой» (Крыніца)
Аднак сыход прыватных забудоўшчыкаў з Менска не азначае, што ў горадзе не з’явяцца новыя прыгожыя і зручныя месцы. У дзяржаўных кампаніях таксама ёсць амбіцыя развівацца, прыкладам таму новыя клумбы каля кінатэатра «Масква».
Афармленне клумбаў на праспекце Пераможцаў у Менску каля кінатэатра «Масква» (Крыніца)
Прагноз ускладняецца тым, што нядаўнія змены не сістэмныя. У Беларусі няма вызначанага мінімуму якасці, які б вытрымлівалі ўсе прыватныя і дзяржаўныя дэвелаперы. Адукацыйныя праграмы не абнаўляюцца следам за рэальнымі зменамі ў прафесійнай практыцы. Для новых набораў кампетэнцый — дэ-факта новых прафесій — няма агульнапрынятай назвы і адукацыйных праграм; адпаведна, няма і фармальных патрабаванняў да людзей, якім даручаць распрацоўку праекта. Час пакажа, у якой ступені напрацоўкі апошніх гадоў захаваюцца і разаўюцца.
