Насустрач пластыку: як Менск пазбаўляўся адных шыльдаў і абрастаў іншымі

Вобраз Менска як горада з савецкай паштоўкі, і без таго крохкі, разбураецца яшчэ лягчэй, калі звярнуць увагу на шыльды і вонкавую рэкламу ў ім. Гэта той аспект гарадской прасторы, дзе гісторыя, асабліва савецкі яе перыяд, была грунтоўна дэмантаваная ў літаральным сэнсе. Праўда, разнастайнасць і дэрэгуляцыя, якія прыйшлі на змену стандартам, не заўсёды ўпрыгожваюць горад. Чаму так атрымалася і як сфарміраваўся сённяшні ландшафт інфармацыйных вонкавых паверхняў у Менску, чытайце ў тэксце ніжэй.


 

Гарадскія шыльды на гандлёвых цэнтрах, знакавых будынках, установах харчавання ці культуры рэдка выклікаюць рэзананс, супастаўны з тым, што ўзнікае вакол новых будынкаў, плошчаў, паркаў ці ліній метро. Яны меншага памеру, пераважна функцыянальныя і праз свае фармальныя параметры рэдка выразна транслююць ідэалогію. У той жа час шыльды — гэта важны элемент гарадской атмасферы. Часта яны ўздзейнічаюць на нас на больш інтуітыўным узроўні, выклікаючы асаблівыя асацыяцыі. Хто з нас не ўзгадае карцінку гнутага неону на брылях савецкіх кінатэатраў або рэкламу казіно ў Лас-Вегасе, складзеную з соцень каляровых лямпачак? Ці хаця б літару М на матавым фоне, што ўказвае на ўваход у метро?

У сённяшнім Менску вязьмо асацыяцый, безумоўна, змяняецца: на старыя слаі шыльдаў наклаліся новыя, недзе адбылося змешванне, недзе замяшчэнне, штосьці безнадзейна састарэла, але вісіць там жа. Сеткі супермаркетаў і ўстаноў харчавання, сацыяльная рэклама на білбордах, шыльды аптэк, школ, бальніц і вучэльняў, надпісы на прыпынках... У які ландшафт яны складваюцца ў беларускай сталіцы? І пра што кажа нам іх дызайн?

 

Гісторыя

Калі ўзніклі шыльды, дакладна невядома, аднак з пэўнасцю гэты працэс можна звязаць са з’яўленнем таварна-грашовых адносін. Рамеснікі ставілі каля сваіх майстэрняў сімвалічныя знакі: шаўцы — сандалі; пекары — гліняны хлеб; вінаробы — вінаградную гронку. Гэтыя выявы служылі зразумелай усім «мовай знакаў», бо ўменне чытаць тады не было ўсеагульным.

У Сярэднявечча шыльды сталі абавязковым атрыбутам еўрапейскага горада. З развіццём гандлю і ростам колькасці рамеснікаў узнікла патрэба вылучацца сярод канкурэнтаў, таму на фасадах незлічоных крам і гасцініц з’явіліся каваныя металічныя ці размаляваныя драўляныя шыльды. Шыльда ў выглядзе коткі часта азначала вінную краму, а тры молаты — кузню. Гістарычна, напрыклад, у Англіі менавіта знакі на шыльдах сталі падставай для назваў: найменні пабаў кшталту The Red Lion ці The White Horse паходзяць ад старых шыльдаў.

У Новы час, калі пачаў актыўна развівацца кнігадрук, шыльды набылі больш тэкставы характар. Замаўляючы шыльду для сваёй крамы, гандляр прасіў паказваць назву ўстановы, імя ўласніка і асартымент прапанаваных тавараў.

Да гэтага часу ў Англіі ўжо з’явіўся прародзіч сучаснага дызайн-кода гарадоў. Звязана гэта было з тым, што ў 1666 годзе ў Лондане здарыўся пажар, які знішчыў чвэрць гарадской забудовы. Пасля пажару архітэктар Крыстафер Рэн распрацаваў генеральны план новага горада з простымі шырокімі вуліцамі і пляцамі. Дамы па плане архітэктара трэба было будаваць з чырвонай цэглы на адлегласці адзін ад аднога, а новыя стандарты для шыльдаў прадугледжвалі адмову ад грувасткіх інфармацыйных канструкцый, каб у будучых пазаштатных сітуацыях зменшыць маштабы разбурэнняў.

Гісторыя шыльдаў у Менску звязаная з імклівым развіццём горада ў 19 стагоддзі ў кантэксце прамысловай рэвалюцыі. Хоць Менск пасля падзелаў Рэчы Паспалітай і займаў пазіцыю правінцыйнага мястэчка, расейскія і мясцовыя прамыслоўцы разумелі яго выгадную пазіцыю на шляху паміж Масквой і Варшавай. У горадзе пачалі ўзнікаць вялікія камерцыйныя прадпрыемствы і арганізацыі, будынкі якіх часта знаходзіліся ў цэнтры.

Дом на плошчы Свабоды/Саборнай плошчы (Крыніца); Від з Саборнай плошчы на сінагогу (Крыніца); Кандытарская Ф. Венгржэцкага (Крыніца)

На здымках тагачаснага Менска можна пабачыць шыльды мануфактур і кандытарскіх, звычайна вырабленыя з металу, з тэкстам на рускай мове ў дарэформеннай арфаграфіі, размешчаныя акурат над уваходам у будынак.

У гарадскім будынку звычайна знаходзілася некалькі крам ці дзяржаўных арганізацый. Стылістыка шыльдаў была вытрыманая ў адной манеры з ужываннем прозвішчаў уласнікаў. У сённяшнім Менску такога не сустрэнеш.

 

Савецкі перыяд

Лепш зразумець і інтэрпрэтаваць сучасны дызайн-код вуліц сталіцы дапамагае вывучэнне перыяду савецкага мадэрнізму. Знакавым для 20-га стагоддзя стала з’яўленне шыльдаў з неонам. Яны ўзніклі ў Францыі і давандравалі да Савецкага Саюза ў сярэдзіне 1930-х. У Менску яны пашырыліся значна пазней — пасля вайны і святкавання 900-годдзя горада.

Стварэнне шыльдаў рэгламентавалася дзяржавай. У буйных гарадах гэтым займаліся фабрыкі светлавых мастацкіх работ (Масква), фабрыкі «Газосвет» (Ленінград) і «Ригасвет» (Рыга, Латвія). У Менску гэта не было сістэматызавана ў вытворчасць, таму шыльды доўгі час выраблялі невялікія майстэрні, што складаліся з маста_чак і канструктара_к. Толькі ў 1985 годзе ў Менску з’явілася арганізацыя, што займаецца мастацка-дэкаратыўным упрыгожаннем гарадской прасторы.

Рэкламныя шыльды замаўлялі не толькі дзяржаўныя службоўцы, што кіравалі гандлем і аказаннем сацыяльна-бытавых паслуг, але і вялікія прадпрыемствы, напрыклад, «Аэрафлот», «Інтурыст» і інш.

Характэрнай асаблівасцю буйных гарадоў Савецкага Саюза 1970-х гадоў, у тым ліку Менска, была вялікая колькасць замежнікаў, для якіх шыльды знакавых устаноў горада дубляваліся і на замежныя мовы. Яркім прыкладам служыць гасцініца «Турыст» на Партызанскім праспекце, пабудаваная ў 1973 годзе. На замову гасцініцы шыльды з назвай і з пазначэннем рэстарана былі прадубляваныя на трох мовах (беларускай, рускай і ангельскай), што нячаста сустрэнеш сёння. У цэлым прысутнасць беларускай мовы на шыльдах у БССР была невялікай, нават у параўнанні з Беларуссю сёння.

Гасцініца «Турыст» у Менску (Крыніца 1, Крыніца 2)

Рэстаран гасцініцы «Юбілейная» (Крыніца)

Дастаткова пашыранымі былі неонавыя шыльды ў выглядзе розных сілуэтаў, бо, каб пазначыць патрэбнае грамадскае месца, неабавязкова выкарыстоўваць літары і словазлучэнні. Дастаткова вывесці патрэбныя знакі для стварэння і замацавання асацыяцый з пэўнымі таварамі і паслугамі. Пры распрацоўцы эскізаў некаторыя мастакі імкнуліся дакладна паказаць патрэбны прадмет. Напрыклад, выява скрыпічнага ключа, некалькіх нот ці музычнага інструмента неадменна асацыюецца з музычнымі таварамі. Можна прыгадаць кінастужку 1965 года «Любимая», што здымалася ў Менску, дзе можна пабачыць, як загараецца газасветлавая ўстаноўка з выявай чалавека, што пераходзіць дарогу, і подпісам унізе «Водитель — осторожно, пешеход!». Хутчэй за ўсё, побач размяшчаўся дзіцячы садок ці школа. Цяпер такія шыльды не ўжываюцца ў рэгуляванні дарожнага руху. Большае пашырэнне ў прафілактыцы аварый паблізу дзіцячых устаноў атрымалі аўтамабільныя знакі з папярэджаннем «ШКОЛА», «АСЦЯРОЖНА, ДЗЕЦІ!».

Сцэна з фільма «Любимая», выпушчанага «Беларусьфільмам» у 1965 годзе (Крыніца)

З гледзішча гарадскога дызайну такія эмблемы стваралі шматпланавую прасторавую перспектыву, горад рабіўся яшчэ больш жывым і энергічным.

Найбольшае развіццё шрыфтавая гісторыя шыльдаў у Менску атрымала ў 1960-я гады. Маста_чкі займелі магчымасць эксперыментаваць і пачалі натхняцца досведам калег і каляжанак з іншых буйных гарадоў Саюза. 1960-м уласцівая ажурнасць, а 1970-м — графічнасць і строгасць. У 1980-я гады інфармацыйныя і рэкламныя шыльды запоўнілі ўвесь горад, таму стылістыка шрыфтоў была разнастайнай.

Пры гэтым у савецкі перыяд гісторыі Менска існавала жорсткая рэгламентацыя літаральна ўсяго. Гэта датычылася і дэкаратыўнага афармлення фасадаў і будынкаў горада. Выпускаліся цэлыя дапаможнікі і рэкамендацыі на тэму таго, як вырабляць і мантаваць шыльды. У архіве Нацыянальнай бібліятэкі можна знайсці рэгламент светлавых шыльдаў, праўда, для РСФСР (цяжка сказаць дакладна, ці існаваў такі асобна для БССР). Сёння такая практыка адсутнічае, і мы можам назіраць, як горад захапілі ўзоры гарадскога дызайну, ніяк не ўзгодненыя адпаведнымі спецыяліст_камі.

Цікава, што ў многіх гарадах Еўразвяза сфера шыльдаў і вонкавай рэкламы досыць моцна адрэгуляваная: і на мясцовым, і на дзяржаўным узроўнях замацаваныя нормы ўпрыгожання горада. Так, у Зальцбургу ўся вонкавая рэклама падначальваецца закону бургамістра, які забараняе шыльды сучаснага выгляду. Замест іх — металічныя. Гэта абумоўлена архітэктурнымі асаблівасцямі горада, бо метал значна больш пасуе для афармлення фасадаў даўнейшых будынкаў. Адна з самых старых вуліц горада славіцца сярэдневечнымі дамамі, у якіх сёння размешчаныя модныя канцэпт-сторы і культурныя інстытуцыі. Для таго каб запусціцца ў Зальцбургу, рэстаран хуткага харчавання McDonald’s рашуча змяніў канцэпцыю сваёй фірмовай шыльды, выкананай з пластыку, і аздобіў свой лагатып каванымі жалезнымі кветкамі з пялёсткамі.

Фота шыльды McDonald's у Зальцбургу (Крыніца)

 

Перыяд незалежнасці

Постсавецкі перыяд у Беларусі быў для шыльдаў зусім неаднародным. Змяніліся як мінімум рэгламентацыйныя рамкі (хто і як дазваляе канкрэтную шыльду), тэхналогія (новыя матэрыялы, спосабы друку і г. д.), моўныя практыкі (хвалі беларусізацыі перамяжаюцца хвалямі русіфікацыі і барацьбы з лацінкай).

Чым сёння характарызуецца ландшафт шыльдаў у Менску? Верагодна, акурат няцэласнасцю, неадрэгуляванасцю і незапамінальнасцю. Многія адмыслоўцы адзначаць найперш яго непрывабныя рысы: вялікая колькасць лапезных рэкламных і інфармацыйных аб’ектаў, бязладна раскіданых на фасадах жылых і грамадскіх будынкаў, праз якія горад часта нагадвае арганізм, пакрыты выпадковымі нарасцямі. Назавуць маральна састарэлы дызайн, няякасныя матэрыялы, зношанасць. Часцяком на дызайн шыльды не закладаюць належнай колькасці часу і грошай, не прадумваюць, як прафесійна ўпісаць яе ў агульную карціну будынка. Пры гэтым аб’екты такога характару нярэдка вісяць на галоўных магістралях горада.

З савецкага мінулага ў Менску засталіся розныя сацыяльна-бытавыя ўстановы, якія на працягу многіх гадоў аказваюць насельніцтву паслугі. Аднак шыльды на іх часта змяняюцца нават пры захавані архітэктурнага аблічча будынка. Прыкладам з’яўляецца крама «1000 дробязяў», што месціцца на вуліцы Калініна з 1967 года. На архіўным фота можна бачыць шыльду, характэрную па сваім дэкаратыўна-мастацкім афармленні для Менска канца 1960-х гадоў.

Шыльда крамы «1000 дробязяў» (фотаздымкі прадастаўлены аўтарам)

Шыльда арганічна глядзіцца на агульным архітэктурным плане, яна непарыўна злучаная са шкленнем крамы і сваім шрыфтавым афармленнем адпавядае характэрнаму антуражу свайго часу. Варта адзначыць, што шыльда свяцілася па вечарах і эксплуатавалася яшчэ досыць доўга.

Метамарфозы гарадской прасторы непарыўна звязаныя з палітычнымі і эканамічнымі аспектамі развіцця краіны ў цэлым. Савецкія шыльды не перажылі 1990-х, і шыльда «1000 дробязяў» не выключэнне. У 2025 годзе шыльда ўяўляе сабою нейкі амаж на мінулае: тут бачная спроба гульні са шрыфтам, якая выклікае дысананс з суседняй шыльдай «Гаспадарчыя тавары», выкананай звычайным спосабам без мастацкіх задум.

Шыльда крамы «1000 дробязяў» (Крыніца)

Цэнтралізаванае дэкаратыўнае афармленне Менска пасля распаду Саюза перастала практыкавацца. Працуе дзяржаўная арганізацыя КУП «Мінскрэклама», што займаецца афармленнем горада да святочных і ўрачыстых дат, аднак не існуе асобнага рэгламенту «ўпрыгожання» фасадаў для малога бізнесу. Гэта такі сабе адбітак 1990-х, калі дзяржаўнае рэгуляванне ў многіх сферах мінімізавалася, затое прадпрымальні_цы атрымалі шмат новых магчымасцяў. У Менску шыльду, якая заявіць пра бізнес ці справу, можна зрабіць на любы густ і кашалёк. Масавыя шыльды вырабляюць невялікія прыватныя майстэрні, што паралельна займаюцца, напрыклад, друкам і дызайнам. Нехта наймае асобна дызайнера, замаўляе шыльду на дарагой вытворчасці і імкнецца ўпісаць яе ў агульны кантэкст гістарычнай забудовы. Вонкавая шыльда — гэта складаны тэхнічны выраб, што патрабуе ведаў электратэхнікі, а таксама фізічных і хімічных уласцівасцяў сучасных матэрыялаў. Для разумення задумкі шыльды патрэбны эскіз з папярэдне знятымі памерамі фасада, а таксама канцэпцыя таго, што хоча замоўца. Шыльды, што абіраюцца замоўцамі, часцей за ўсё не адпавядаюць стылістычным параметрам, прынятым, напрыклад, у большасці іншых краін Цэнтральнай і Усходняй Еўропы. Пластыкавая аснова дрэннай якасці, лапезная тыпаграфіка, спалучэнні колераў насуперак прынятым у дызайне прынцыпам нясуць у сабе візуальны шум, ад якога хочацца хутчэй схавацца ў спакойным месцы без рэкламы.

Вядома, ландшафт шыльдаў Менск адрозніваецца ў залежнасці ад раёна. Возьмем, напрыклад, жылыя раёны, уключна з савецкімі спальнікамі і вялікімі ЖК у працэсе разбудовы, як, напрыклад, «Мінск-Мір». У гэтых раёнах горада знаходзіцца вялікая канцэнтрацыя грамадска-бытавых устаноў, што прапануюць паслугі на любы запыт. Для таго каб заявіць пра свае паслугі, уласнікі гэтых прадпрыемстваў карыстаюцца рознымі спосабы камунікацыі з грамадзян_камі: сацыяльнымі сеткамі, рэкламай у грамадскім транспарце і друкаваных выданнях, рэкламнымі шыльдамі на фасадзе будынка. Пры гэтым розныя раёны паміж сабой візуальна аб’яноўваюць сеткавыя бізнесы. Уявіце сеткавую краму, філіялы якой размешчаныя па ўсёй краіне. Вось класічная ілюстрацыя крыклівай рэкламнай шыльды ў Менску: вялікі знак, выкананы ў чорна-бела-бэжавым стылі, прадстаўлены на рандомным фоне, па суседстве з надпісам, які губляецца ў фоне. Каб мінак дакладна спыніў свой позірк, крама заляпіла шчыльнай паперай вокны і дзверы з такімі ж надпісамі, нібыта з усведамленнем, што з першага разу яе ў гэтым месцы не запомняць.

Прыклад шыльдаў (Крыніца)

Ці, да прыкладу, як выглядае шараговы будынак з некалькімі бізнесамі ў практычна кожным мікрараёне сталіцы? Вядома, важную ролю адыгрывае архітэктура будынка, у якім размяшчаецца малы бізнес. Тут нас звычайна будуць чакаць «дзяжурныя» рашэнні: вентфасады, шыбы вычварных колераў (напрыклад, блакітнага ці залацістага) і пластык у вялікай колькасці. Прадказальна, на гэтым не самым спрыяльным для ўвагі фоне разгорнутыя грувасткія надпісы вялікіх маркетплэйсаў і сеткавых крам. Адначасна малы бізнес таксама імкнецца заявіць пра сябе і змяшчае на фасад будынка шыльды, у некаторых выпадках значных памераў, з выкарыстаннем розных дэкаратыўных элементаў пераважна з пластмасы з невялікім тэрмінам эксплуатацыі. Хутчэй за ўсё, яны будуць максімальна разнастайных і яскравых колераў, дзе задача кожнай шыльды — прыцягнуць да сябе ўвагу. Сярод іх будуць і чырвоныя, і фіялетавыя, і белыя, і зялёныя, і любыя іншыя, абраныя самім бізнесам. І за гэтай разнастайнасцю не будзе бачна будынка. Шыльды рознага ўзросту суіснуюць побач, але ў цэласную карціну не складваюцца: па іх не прасачыць гістарычную пераемнасць; у іх няма і зададзенай на ўзроўні горада айдэнтыкі.

Прыклад шыльдаў (Крыніца)

Тым не менш справа тут не толькі ў спецыфіцы забудовы ці дзяржаўнага рэгулявання. Не дзіўна, што гораду звычайна ўсё роўна, каму здаваць у арэнду камерцыйнае памяшканне, а ў арандатар_кў часта няма ні профільнай адукацыі, ні дэтальнага ўяўлення пра гісторыю горада. Але як так атрымліваецца, што агулам, нягледзячы на дзесяцігоддзі масавых паездак за мяжу і шматлікіх запазычанняў у галінах эканомікі, інфраструктуры і маркетынгу, менавіта слой шыльдаў застаецца такім рэзістэнтным да змен?

Здаецца, тут накладаецца некалькі фактараў: роля дызайну і дызайнера_к у планавальнай практыцы ў Беларусі; практыкі адміністравання будынкаў, што ўжо эксплуатуюцца; а магчыма, і імклівы пераход камерцыі ў анлайн.

 

Станоўчыя выключэнні

Ёсць у Менску і прыклады цікавых шыльдаў, аўтары якіх яўна натхняліся дзелавымі і культурнымі кварталамі, у якіх вытрыманы адзіны візуальны стыль. Гэтак, лёгка заўважыць адрозную афарміцельскую практыку ў такіх месцах, як вуліца Карла Маркса, Інтэрнацыянальная, Энгельса, раён плошчы Перамогі і той самы праспект Незалежнасці.

Вось кавярня, якая, мяркуючы па назве, спецыялізуецца на італьянскай кухні. Вонкавая шыльда ззяе цёплым жоўтым неонам, нагадваючы пра ўтульныя вулачкі Італіі. Яе лаканічны дызайн і мяккае свячэнне ствараюць атмасферу міланскага вечара — стылёвага, спакойнага і гасціннага. Праз акно, упрыгожанае зелянінай, святло шыльды быццам запрашае зазірнуць усярэдзіну і пацешыцца водарам свежай італьянскай кавы. Шыльда не вычварная і цалкам упісваецца ў агульны антураж вуліцы, не адцяняючы іншых устаноў, шыльды якіх знаходзяцца на палове занятага фасада будынку.

Вось другая рэстарацыя, што спецыялізуецца на міжземнаморскай кухні. Дэкаратыўны надпіс настолькі вялікі і нетыповы для горада, быццам пераносіць нас у раёны Міжземнамор’я, прымушаючы звярнуць сваю ўвагу на гэтае месца і зайсці ўнутр. Важна, што шыльда не імкнецца выйграць коштам памеру. У адрозненне ад іншай вонкавай рэкламы ў розных частках горада, яна зробленая не з таннага пластыку, а з гнуткіх неонавых трубак і з відавочна прадуманай канцэпцыяй.

Прыклады шыльдаў: рэстаран Amo (Крыніца) і кавярня Milano (Крыніца)

Аднак такіх прыкладаў у агульным ландшафце няшмат. У Менску адсутнічае як такі «дызайн-код», распрацаваны з адмыслоўцамі, што даследуюць урбаністыку і гісторыю горада. Шыльды ў беларускай сталіцы 2020-х адсылаюць нас пераважна да нулявых, калі ў краіну лінулі першыя вялікія грошы і ў маленькіх бізнесаў з’явіліся рэсурсы.

Вонкавая шыльда — гэта частка візуальнай культуры горада, адлюстраванне часу, густаў і тэхналогій. Калі ў Менск прыязджаюць турыст_кі (не толькі замежныя, але і беларускія), яны адчуваюць эстэтыку горада, разважаючы, ці хочуць яны вяртацца сюды зноў і пакідаць свае грошы ў мясцовых кавярнях. І калі беларуская аўдыторыя, верагодна, мае звычку і ведае не так шмат візуальных альтэрнатыў, то для замежні_ц недарэчныя нарасці на не заўсёды якасна адрэстаўраваных гістарычных будынках — гэта чарговая дэталь у вобразе беларускай сталіцы як кропкі экзатычнай і эксцэнтрычнай, але цікавай толькі «на адзін раз».

Зрабіць абагульненні і высновы што да сучаснага ландшафту шыльдаў у Менску наўрад ці магчыма. Калі ў 19 і 20 стагоддзях вонкавая рэклама цэнтралізавана рэгулявалася дзяржавай, патэрны былі больш выразнымі і паказвалі, як эксперт_кі разумеюць эстэтыку ў адпаведны гістарычны перыяд. У постсавецкі перыяд пры дэрэгуляцыі прасторы малога і сярэдняга бізнесу шыльды і вонкавая рэклама паказваюць рознагалоссе, у якім з экспертнай пазіцыі цяжка ўбачыць прыгожае ці густоўнае. Як унутры, так і звонку беларуская гарадская прастора можа ўспрымацца як добраўпарадкаваная, чыстая, дагледжаная, і гэта маніфестуецца праз пафарбаваныя і патынкаваныя паверхні ды падмеценыя ходнікі. Але эстэтызацыя, нагледжанасць і адпаведнасць візуальным трэндам не ўваходзіць у гэты брэнд: гэтага ад Менска быццам бы і не чакаюць. Чакаюць адваротнага — адсылак да дзяцінства (не абавязкова таго, па якім настальгуюць) і шыльдаў, «як у Савецкім Саюзе».

Аднак і чаканні «рэтра» ці «вінтажнасці» Менск задавальняе толькі часткова. Нягледзячы на растыражаваны вобраз Менска як горада з савецкай паштоўкі, старых шыльдаў тут амаль не засталося, за рэдкімі выключэннямі, такімі як гасцініцы «Арбіта» на «Пушкінскай» ці «Турыст» на «Партызанскай». Славутае беларускае захаванне савецкай спадчыны тычыца пераважна сталінскай архітэктуры і куды менш адносіцца да мадэрнізму, асабліва калі казаць пра дзверы, вокны, і г. д. — для іх вельмі часта выкарыстоўваюць пластык. За адрэстаўраваным фасадам хаваецца столь армстронг і керамаграніт, а захаванне шыльдаў на фасадзе рэдка робіцца нават аб’ектам дыскусіі. Канкурэнцыя за ўвагу праз шыльды сёння куды часцей сустракаецца сярод моладзевых бараў, кавярняў і шоўрумаў, асабліва калі яны належаць буйным сеткам. Але тут шыльда — гэта зусім не адсылка да гісторыі месца, а частка маркетынгавай, часта карпаратыўнай стратэгіі.

 

Чытаць яшчэ:

Next
Next

Паміж адкрытасцю і кантролем: як змяняецца Менск часоў турыстычнага буму?