Паміж адкрытасцю і кантролем: як змяняецца Менск часоў турыстычнага буму?

Тое, колькі турыст_ак прыязджае ў Менск і адкуль яны, відавочна, змянілася ў апошнія гады. Пандэмія, палітычныя падзеі, змены ў міжнародных адносінах істотна паўплывалі на тое, якім чынам сталіца Беларусі ўспрымаецца і выкарыстоўваецца для турызму. Менск перажыў некалькі хваль турыстычнай актыўнасці — ад росту 2010-х і піку 2019-га да рэзкага спаду пасля 2020-га і паступовага аднаўлення з выразным зрухам у бок расейскага рынку. Гэтая трансфармацыя закранула і сам характар горада: яго прасторы, культурныя падзеі, ідэнтычнасць і спосабы самапрэзентацыі перад наведвальні_цамі.

Якая турыстычная ідэнтычнасць Менска ствараецца цягам апошніх гадоў? У артыкуле разглядаюцца асноўныя аспекты гэтага працэсу: дынаміка турыстычных патокаў, развіццё новых гарадскіх пляцовак, змена фармату культурных падзей і спецыфіка працы гідаў, якія сёння апынуліся паміж афіцыйнымі стандартамі і патрэбай у асабістай інтэрпрэтацыі.


 

Турыстычны бум апошніх гадоў

Падлічваць колькасць турыста_к агулам у Беларусі і канкрэтна ў Менску няпроста: фактычна можна весці ўлік толькі тых, хто звярнуўся ў турагенцтвы па арганізаваныя туры. Напрыклад, згодна з дадзенымі Нацыянальнага статыстычнага камітэта, у 2024 годзе колькасць арганізаваных замежных турыста_к і экскурсанта_к у краіне склала 366,7 тыс. чалавек. Большая частка з іх — расей_кі (больш за 355 тыс. чалавек), на другім месцы з вялікім адрывам ідуць латвій_кі (каля 4,1 тыс. чалавек), на трэцім — туркі і турчанкі (каля 1,5 тыс. чалавек). Таксама ў спісе прадстаўленыя турыст_кі з Кітая, Літвы, Эстоніі, Германіі, Казахстана і Азербайджана, але іх агульная колькасць не перавысіла і 3 тыс. чалавек [1]. Пры гэтым відавочна, што частка турыста_к не звяртаецца ў вялікія турыстычныя кампаніі, а падарожнічае па краіне сваім ходам і/або карыстаецца паслугамі індывідуальных гідаў. Прасачыць шлях такіх наведвальні_ц нашмат складаней.

Колькасць замежнікаў, якія наведалі Беларусь у 2022–2025 гг. (Крыніца)

Яшчэ ў 2022 годзе быў адноўлены бязвізавы парадак уезду ў Беларусь для грамадзян і грамадзянак Літвы, Латвіі (у красавіку) і Польшчы (у ліпені). Пазней, у 2024-м, ён быў пашыраны на яшчэ 35 еўрапейскіх краін. Паводле дадзеных Дзяржаўнага памежнага камітэта, за гэты перыяд у Беларусь 1,213,337 разоў заязджалі грамадзян_кі ЕЗ, больш паловы з уездаў здзейснілі грамадзян_кі Літвы. Таксама бязвізавым рэжымам скарысталіся каля 390 тыс. латвійцаў і латвіек і 120 тыс. палякаў і полек. Калі казаць выключна пра 2025 год, то са студзеня па верасень беларускую мяжу перасеклі каля 180 тыс. замежнікаў і замежніц [2]. Безумоўна, не ўсе яны прыехалі ў Беларусь з турыстычнымі мэтамі, але хутчэй за ўсё фінальная лічба замежных турыста_к будзе перавышаць паказчыкі, прадстаўленыя Белстатам.

У шырэйшай перспектыве пікавым па колькасці замежных турыста_к быў 2019 год, калі Беларусь наведала амаль 12 млн чалавек — больш за насельніцтва самой краіны. 2020 год паказаў маштабны абвал у 3 разы: у краіну прыехала крыху больш за 3,5 млн чалавек [3]. Спачатку эпідэмія COVID-19 звяла да мінімуму любую турыстычную актыўнасць у свеце. Пасля падзеі 2020 года радыкальна змянілі ўспрыняцце Беларусі ў свеце як месца, бяспечнага для падарожжаў. Потым здарылася прымусовая пасадка самалёта Ryanair у Менску і закрыццё Еўропай авіязлучэння з Беларуссю; міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і Еўразвяза, закрыццё большасці памежных пераходаў на межах Латвіі, Літвы і Польшчы з Беларуссю і пачатак расейскага ўварвання ва Украіну. Усе гэтыя падзеі спрыялі выключэнню Беларусі з турыстычных мап.

У той жа час за апошнія 5 гадоў значна вырас прыток у Беларусь расейскіх турыста_к, для якіх патрапіць у краіны Еўразвяза пасля пачатку вайны стала значна складаней. Пры гэтым Беларусь апынулася для многіх усё ж такі больш еўрапейскай краінай у параўнанні з самой Расеяй, і турагенцтвы, у тым ліку расейскія, рэагуюць на такое ўспрыняцце (hhttps://www.mienskurban.space/chasopis/novy-vobraz-uschodniaj-jueropy-jak-praciah-staroha-aryjentalizmu-kiejs-architektury-sacbloku). Актыўнае прасоўванне на расейскім рынку Мірскага замка і Нясвіжскага палаца, старажытнай архітэктуры Гародні ў якасці дасяжнай еўрапейскай спадчыны зрабіла Беларусь прывабным напрамкам для многіх турыста_к. А магчымасць без перашкод карыстацца забароненымі ці абмежаванымі ў Расеі дадаткамі, напрыклад, інстаграмам, а таксама набываць прадукцыю замежных брэндаў, якія цяпер адсутнічаюць на расейскім рынку, дадае пазіцыянаванню Беларусі больш заходняга і свабоднага характару. Нават такія дробязі, як прысутнасць шыльдаў на беларускай мове ў горадзе або наяўнасць іншай валюты, беларускіх рублёў, падкрэсліваюць нярускасць і нейкую замежнасць Беларусі ў параўнанні нават еўрапейскай часткай Расеі, адкуль прыязджае большасць такіх турыста_к.

Праўда, наконт падліку колькасці турыста_к з Расеі існуюць пэўныя складанасці, што не ў апошнюю чаргу абумоўлена адсутнасцю паўнавартаснага памежнага кантролю паміж нашымі краінамі. Калі Белстат паказвае стабільны рост расейскіх турыста_к з прыблізна 52 тыс. у 2021 г. да 355 тыс. чалавек у 2024 г. [4], то Расейскі саюз туріндустрыі называе лічбы яшчэ большыя: 2,8 млн чалавек у 2021 г. і 4,8 млн чалавек у 2023 г. [5]. У любым выпадку можна з упэўненасцю сказаць, што колькасць турыста_к з Расеі так ці іначай значна перавышае колькасць гасцей з іншых краін, і гэты разрыў толькі павялічваецца.

Што тычыцца непасрэдна Менска, то, згодна з Галоўным статыстычным упраўленнем горада, паслугамі турыстычных арганізацый скарысталася 597 тыс. арганізаваных турыста_к і каля 295 тыс. экскурсанта_к [6]. Для многіх турыста_к Менск — абавязковая стартавая кропка маршруту падарожжа па Беларусі. Па досведзе гідаў, стандартам для турыста_к з Расеі стаў прыезд у Беларусь на 2-3 дні, з якіх адзін дзень адводзіцца на сам Менск і яшчэ адзін дзень на Мір і Нясвіж. Далей у залежнасці ад магчымасцяў, колькасці дзён і ўласных інтарэсаў звычайна дадаюцца Лінія Сталіна, Хатынь і Курган Славы, музейны комплекс старажытных народных рамёстваў і тэхналогій «Дудуткі», парк гісторыі «Вялікае княства Сула», Берасце з абавязковым наведваннем Брэсцкай крэпасці і Белавежскай пушчы, Гародня.

1. Парк гісторыі «Вялікае княства Сула» (Крыніца); 2. Гісторыка-культурны комплекс «Лінія Сталіна»; 3. Музейны комплекс «Дудуткі»

 

Аднаўленне гарадской прасторы: новыя месцы прыцягнення

У той час як агульныя лічбы сведчаць пра парадаксальную рэабілітацыю Менска як турыстычнага кірунку, унутры самога горада таксама адбываюцца працэсы, што ўплываюць на яго турыстычны патэнцыял: аднаўленне гістарычных прастор і стварэнне новых месцаў прыцягнення, якія змяняюць культурны клімат Менска.

Безумоўна, найбольш прывабнай для турыста_к зонай Менска з’яўляецца раён гістарычнага цэнтра, што ўключае Верхні горад і Траецкае прадмесце. А вось іншае прадмесце, Ракаўскае, нягледзячы на размяшчэнне ў цэнтры і багаты патэнцыял, доўгі час заставалася па-за ўвагай гарадскіх уладаў. Спрыяла гэтаму найперш яго штучная ізаляванасць, якая ўтварылася пры пракладцы праз цэнтр Паркавай магістралі (цяпер праспект Пераможцаў) і зносе гістарычнага раёна «Няміга». Акрамя таго, у раёне размяшчаліся прамысловыя будынкі «Хлебазавода № 1» і шпалернай фабрыкі, што перашкаджала комплекснай рэгенерацыі тэрыторыі. Нарэшце ў 2017 годзе пачалася трансфармацыя Ракаўскага прадмесця, якая афіцыйна скончылася ў 2024 годзе.

На тэрыторыі былога хлебазавода і навакольных арыгінальных дамкоў канца 19 — пачатку 20 стст. быў створаны новы пешаходны раён з кавярнямі і рэстаранамі, яшчэ не дастаткова вядомы жыхарам і жыхаркам горада і пагатоў турыст_кам. Тым не менш тут ужо адкрылася новая зала Музея гісторыі горада Менска (Ракаўская, 17), а таксама ўжо трэцяя лакацыя «Мастацкага дома Угрыновіч», які пад адным дахам яднае майстэрню керамікі, краму і кавярню, дзе можна запісацца на майстар-клас, а таксама на экскурсію па вытворчасці керамічных вырабаў.

Новыя будынкі квартала ўзведзеныя з выкарыстаннем чырвонай цэглы і тынкоўкі тэракотавага колеру, каб падкрэсліць першапачатковы каларыт, які мела прадмесце ў 18–19 стст. На цэнтральнай пешаходнай плошчы Ракаўскага ўжо размясцілася тэатральная сцэна, а ў перспектыве плануецца адкрыццё джаз-клуба і музея хлеба, якія павінны стварыць дадатковыя кропкі прыцягнення для турыста_к.

Ракаўскае прадмесце пасля рэстаўрацыі (Крыніца)

За апошнія пяць гадоў у Менску з’явілася шмат новых пляцовак забаўляльнага і рэкрэацыйнага характару, адкрываюцца новыя рэстараны і кавярні. Безумоўна, гэта заўважна на фоне знікнення значнай часткі ўстаноў на пачатку 2020-х: нехта не перажыў кавідных часоў, некаторыя месцы былі вымушаныя закрыцца пад уплывам прэсінгу з боку ўладаў, эканамічных цяжкасцяў ды зніжэння падтрымкі культурніцкіх ініцыятыў. Асабліва праблема закранула культурныя пляцоўкі: за гэты перыяд зніклі арт-прастора ОК16, «Галерэя Ў», «Вершы», культурны цэнтр «Корпус».

У той жа час у Менску актыўна пашыраецца сетка стрытфуд-пляцовак на тэрыторыі былых прамысловых зон з фокусам на мультыфарматнасць і сацыяльны адпачынак. Першай падобнай пляцоўкай стала ўжо культавая «Пясочніца», якая з’явілася на тэрыторыі завода «Гарызонт» яшчэ ў 2018 годзе. Пазней дадаліся пляцоўкі LIDBEER DVOR (2021), «Лучшая улица» (2022) і «ЭХО Двор» (2025), якія працуюць у падобным фармаце. Гэтыя пляцоўкі карыстаюцца ў жыхар_ак і гасцей горада вялікай папулярнасцю, праўда, працуюць яны толькі ў летні сезон. Пляцоўкі кшталту «Пясочніцы» ці «Лучшей улицы» ствараюць дадатковыя кропкі прыцягнення і ў перспектыве могуць стаць альтэрнатыўнымі турыстычнымі зонамі па-за межамі «класічнага» гістарычнага цэнтра. Тая ж «Пясочніца» размешчаная побач з броварам і музеем «Аліварыя», а таксама гістарычным раёнам «Асмалоўка». Кавярні Асмалоўкі за апошнія некалькі гадоў палюбіліся гараджан_кам, але пакуль не так добра вядомыя турыст_кам. Тут жа, на тэрыторыі былой прамысловай зоны, актыўна развіваецца бізнес-квартал «М-15» з цікавымі барамі, рэстаранамі, салонамі прыгажосці і фотастудыямі, якія дапаўняюць шматслойнасць гэтага раёна і разам з вышэй акрэсленымі лакацыямі могуць прывабліваць турыста_к, што прыехалі ў Менск на некалькі дзён.

1. Стрытфуд-пляцоўка «Лучшая улица» (Крыніца); 2. «Пясочніца» (Крыніца); 3. LIDBEER DVOR (Крыніца); 4. «ЭХО Двор» (Крыніца); 5. Бізнес-квартал «М-15» (Крыніца)

Сярод тэндэнцый, якія можна звязаць з ростам колькасці турыста_к з Расеі, з’яўляецца развіццё сеткі аб’ектаў харчавання, якія прапаноўваюць стравы беларускай нацыянальнай кухні. Падобныя месцы існавалі і раней («Кухмістр», «Камяніца», «У Янкі», «Ракаўскі бровар», «Васількі», «Літвіны»), але ж апошнім часам з’яўляюцца і новыя папулярныя ўстановы, такія як «Бульбашы», «Мары», «Дранічная». Гэтыя рэстараны прадстаўляюць не толькі традыцыйныя і добра вядомыя стравы беларускай кухні, такія як дранікі ці мачанка, але намагаюцца ствараць і новыя інтэрпрэтацыі. Напрыклад, тыя ж «Літвіны» выкарыстоўваюць у якасці асновы рэцэпты часоў Вялікага Княства Літоўскага, але падладжаныя пад сучаснага госця, а вось фокус рэстаранаў сеткі «Бульбашы» — на выкарыстанні лакальных, сезонных прадуктаў, такіх як фермерскія сыры альбо нарачанскі вугор. Гэтыя і іншыя рэстараны беларускай кухні карыстаюцца агромністай папулярнасцю ў замежных турыста_к, найперш з Расеі, што можа ў перспектыве прывесці да развіцця гэтага сегмента аб’ектаў харчавання ў Менску.

 

Святы нацыянальных культур: ад міжнароднага прадстаўніцтва да расейскага рэгіяналізму

Пасля завяршэння рэгенерацыі тэрыторыі Верхняга горада плошча Свабоды стала адной з асноўных пляцовак для правядзення разнастайных культурных мерапрыемстваў агульнагарадскога маштабу. «Джазавыя вечары», музычны фестываль «Класіка каля Ратушы», дні і фестывалі нацыянальных культур паступова сталі неад’емнай часткай культурнай праграмы горада ў летні сезон і рабілі Менск больш разнастайным і ўключаным у агульнаеўрапейскі фестывальны рух. Пікавымі былі 2018 і 2019 гады, калі амаль кожныя выхадныя на плошчы Свабоды ладзіліся дні пэўнай краіны: Грузіі, Украіны, Эстоніі, Швецыі, Вялікабрытаніі, Паўднёвай Карэі, Арменіі, Малдовы, Грэцыі, Польшчы, Азербайджана, Італіі, Кітая і Расеі, а таксама дні яўрэйскай і індыйскай культур. Мерапрыемствы арганізоўваліся пры шырокай падтрымцы гарадскіх уладаў і амбасад згаданых краін.

1. Вялікі брытанскі фестываль, 2019 г. (Крыніца); 2. Свята індыйскай культуры, 2018 г. (Крыніца); 3. Свята ўкраінскай культуры, 2018 г. (Крыніца); 4. Свята эстонскай культуры, 2019 г. (Крыніца)

Эпідэмія COVID-19, а пазней і падзеі 2020 года на пэўны час прыпынілі добрую традыцыю летніх фестываляў у Менску. Пазней жа, пачынаючы з 2022 года, частка мерапрыемстваў была адноўленая, але ва ўрэзаным выглядзе. Непрызнанне прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі краінамі Еўразвяза прывяло да закрыцця некаторых амбасад ці, прынамсі, да скарачэння супрацоўніцтва паміж афіцыйным Менскам і прадстаўніцтвамі іншых краін. Пасля пачатку паўнамаштабнай вайны ва Украіне стала немагчымай арганізацыя дзён і ўкраінскай культуры ў Менску. Так, паступова горад страціў адну са сваіх яскравых рыс, якая ўзбагачала культурнае жыццё як жыхар_ак, так і гасцей горада.

Безумоўна, некаторыя «нацыянальныя» дні былі адноўленыя, напрыклад, у траўні 2025 года адбыўся кітайскі фестываль «Чай для гармоніі свету» [7], а ў верасні 2025-га — фестываль мексіканскай культуры «Hola, Мексіка!» [8]. А вось месца дзён культуры еўрапейскіх краін занялі дні рэгіёнаў Расеі. Так, у жніўні 2025-га ў Менску праходзілі дні Валагодскай вобласці, у планах зладзіць дні Пермі, Пензенскай і Тульскай абласцей. З аднаго боку, падобныя мерапрыемствы робяць свой унёсак у абагачэнне культурнага жыцця сталіцы Беларусі, але з другога — ператвараюць грамадскую прастору горада ў экспазіцыю дасягненняў менавіта расейскай культуры. Агулам жа трэба адзначыць, што ўсе асноўныя мерапрыемствы летняга сезона ў Менска прайшлі пад агульнай назвай «Мы светлай памяццю адзіны» і былі прысвечаныя 80-годдзю перамогі ў ВАВ [9].

1. Дні Пермі ў Менску, 2025 г. (Крыніца); 2. Кірмаш «Зроблена ў Тульскай вобласці», 2024 г. (Крыніца); 3.  Дні Валагодскай вобласці, 2025 г. (Крыніца)

 

Праца гідам у Менску. Як спалучыць афіцыйны наратыў і індывідуальнасць?

Своеасобны турыстычны бум у Менску патрабуе для яго абслугоўвання працы людзей розных прафесій. Адна з такіх прафесій — гіды-экскурсаводы, што ў апошнія гады апынуліся ў змененых умовах. Хаця фармальна многія патрабаванні засталіся старымі. Каб афіцыйна ладзіць экскурсіі ў Беларусі, неабходна атрымаць пасведчанне экскурсавода. Атэстацыя складаецца з дзвюх частак: камп’ютарнага тэставання, пры якім трэба набраць мінімум 60% правільных адказаў, і вуснага сумоўя. Другая частка фактычна ўяўляе сабою здачу фрагмента(ў) кантрольнага тэксту экскурсіі, на якую падаецца патэнцыйны гід. На гэты момант існуе 163 зацверджаныя кантрольныя тэксты, большасць з іх (каля 20), натуральна, прысвечаныя Менску [10].

Базавай лічыцца экскурсія «Менск — сталіца Рэспублікі Беларусь» — аглядавая аўтобусна-пешаходная 4-гадзінная экскурсія. Менавіта яе часцей за ўсё і здаюць патэнцыйныя экскурсавод_кі, бо яна ахоплівае асноўныя турыстычныя аб’екты і маршруты, найперш праспект Незалежнасці ад плошчы Незалежнасці да Нацыянальнай бібліятэкі, а таксама гістарычны цэнтр з Верхнім горадам і Траецкім прадмесцем. Цікава, што ў якасці пэўнай раўнавагі гістарычнай забудове горада, якая ўяўляе сабою архітэктуру ад 17 да сярэдзіны 20 ст., у маршрут таксама ўключаны праспект Пераможцаў, на якім размешчаны мадэрнісцкі комплекс былой Паркавай магістралі, а таксама знакавыя ідэалагічныя (музей Вялікай Айчыннай вайны са стэлай «Менск — горад-герой», плошча Дзяржаўнага Сцяга, Палац Незалежнасці), спартыўныя (СЗЦ Falcon-Club, Нацыянальны алімпійскі камітэт РБ, МКСК «Менск-Арэна») і гандлёва-забаўляльныя (ГЦ Galleria Minsk, ГЦ «Замак») аб’екты. Многія з іх у розныя гады былі лаўрэатамі архітэктурных конкурсаў, і таму цяпер павінны сімвалізаваць прагрэс і развіццё сталіцы Беларусі.

Сярод магчымых варыянтаў афіцыйна распрацаваных маршрутаў па Менску вылучаюцца тэматычныя: «Менск спартыўны», «Храмы помняць усё», «Менск тэатральны», «Менск архітэктурны», «Менск навагодні», «Вечаровы Менск» і г. д. Асобную катэгорыю складаюць маршруты, прысвечаныя падзеям Другой сусветнай вайны, напрыклад: «Няскораны Менск», «Ведаць і помніць: лагер „Малы Трасцянец“», «Палонная праўда. Гісторыя „Шталага-352“». Дзве апошнія экскурсіі былі распрацаваныя толькі ў 2020 годзе.

У той жа час з’яўляюцца і больш нетрывіяльныя маршруты, напрыклад «Духмяныя гісторыі: кава і шакалад у жыцці сталіцы», што расказвае пра гісторыю і культуру спажывання кавы і шакаладу ў Беларусі, спалучаючы агляд архітэктурных славутасцяў цэнтра з наведваннем гістарычных і сучасных кавярняў горада. Альбо экскурсія «Лэхаім! Сапраўдны яўрэйскі Менск», якая паказвае Менск як важны цэнтр яўрэйскай гісторыі і культуры на Беларусі.

Асобны пазітыўны трэнд, які можна заўважыць, — гэта стварэнне адмысловых экскурсій па важных турыстычных аб’ектах Менска «на яснай рускай мове» (для людзей з цяжкасцямі ў разуменні інфармацыі), а таксама экскурсіі для людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Агулам гэта робіць Менск больш даступным для розных катэгорый турыста_к.

Дзяржаўная інфармацыйная інфраструктура не паспявае за зменамі ў горадзе. Афіцыйны турыстычны партал Менска (https://minsktourism.by/), які мусіць быць адным з галоўных сайтаў з актуальнай інфармацыяй пра сталіцу, вельмі павольна абнаўляе інфармацыю: большасць артыкулаў пра тыя ж рэстараны была напісаная ў 2022 годзе і яўна састарэла. Больш-менш своечасова абнаўляецца толькі каляндар падзей, які збольшага прапануе гасцям і жыхар_кам горада канцэрты расейскіх зорак. Сам сайт працуе на 4 мовах: стандартныя беларуская, руская і англійская, а таксама кітайская.

Сайт таксама прапануе разнастайныя варыянты таго, што можна пабачыць турыст_цы ў Менску. Напрыклад, сярод славутасцяў, вартых наведвання, першых 10 пазіцый займаюць аб’екты, звязаныя з Другой сусветнай вайной (мемарыяльны комплекс «Курган Славы», архітэктурны комплекс «Менск — горад-герой», мемарыялы «Яма», «Малы Трасцянец», «Шталаг-352» — фашысцкі лагер ваеннапалонных). Таксама ў дзясятку ўваходзяць Палац Рэспублікі, стадыён «Дынама» і «Менск-Арэна» [11]. Безумоўна, сярод турыста_к знойдуцца ўдзельнікі і ўдзельніцы настальгічных тураў ці тыя, хто спецыяльна прыязджае ў сталіцу Беларусі, каб пазаўзець за любімую хакейную каманду. Але наколькі гэтыя аб’екты з’яўляюцца выбітнымі і выключнымі для горада ці Беларусі, наколькі яны цікавяць турыста_к? Хутчэй за ўсё спіс быў сфарміраваны пад уплывам абвешчанага ў краіне ў 2022 годзе Года гістарычнай памяці, які прапаноўваў яшчэ раз ушанаваць памяць ахвяр Другой сусветнай вайны, а таксама дадаў любым калядзяржаўным мерапрыемствам ідэалагічнай афарбоўкі.

У той жа час трэба разумець, што ў рэальнасці турыстычныя кампаніі і асобныя гіды зачастую выкарыстоўваюць кантрольныя тэксты і афіцыйна зацверджаныя маршруты ў якасці асновы, на якой можна распрацаваць індывідуальны і якасны прадукт. Узрослая колькасць турыста_к у Менску, у першую чаргу з Расеі, паспрыяла і росту на турыстычным рынку колькасці прапаноў, што таксама падштурхнула да разнастайнасці і дыверсіфікацыі. Некаторыя турыст_кі прыязджаюць у Менск ужо ў другі-трэці раз, і таму звычайная пешаходка па Верхнім горадзе і Траецкім прадмесці іх не цікавіць.

Найбольш папулярным рэсурсам для пошуку і замовы экскурсій у Менску з’яўляецца сайт https://experience.tripster.ru/, дзе на сёння прадстаўленыя 348 экскурсій па сталіцы Беларусі. Выбар тэматычных праграм на сайце значна шырэйшы за афіцыйна распрацаваныя маршруты. Турыст_кам прапаноўваецца даведацца пра Менск праз прызму стрыт-арта і нефармальнай культуры, традыцыйнай і сучаснай беларускай кухні з наведваннем і дэгустацыяй або нават у фармаце квэста-гульні без непасрэднага ўдзелу экскурсавод_кі. Існуюць таксама прапановы па канкрэтных мясцінах і раёнах горада: гістарычныя прадмесці, раён Трактарнага завода, фермерскі рынак «Валяр’янава» з гастратурам, кінапляцоўка «Беларусьфільма», а таксама гістарычныя могілкі горада.

Турыстычная справа і, адпаведна, праца экскурсавода_к маюць сезонны характар. Умоўна можна вылучыць высокі — з траўня па верасень, і нізкі — з кастрычніка па красавік — сезоны. Але нават у нізкі сезон ёсць пікавыя перыяды, калі на працягу некалькі дзён прыток турыста_к перавышае прапанову па рынку і гіды працуюць да знямогі. Найбольш загружанымі з’яўляюцца дні вакол наступных расейскіх свят: з Новага года па праваслаўнае Раство (1–7 студзеня), Дзень Працы (1 траўня), Дзень Перамогі (9 траўня), Дзень Расеі (12 чэрвеня) і Дзень народнага адзінства (4 лістапада).

Дзень Перамогі ў Менску, 2025 г. (Крыніца)

Як бачна, як мінімум два святы з пералічаных маюць выразную прыналежнасць да расейскай культуры, а Дзень Перамогі апошнія гады таксама набыў выразныя ідэалагічныя і прапагандысцкія рысы. Безумоўна, для (большай?) часткі турыста_к з Расеі гэтыя выхадныя з’яўляюцца проста магчымасцю спланаваць кароткатэрміновы адпачынак у іншай краіне і наведванне Беларусі, падаецца, не павінна выклікаць культурнага шоку і вялікіх фінансавых выдаткаў.

З досведу гідаў можна сказаць, што турыст_кі прыязджаюць з пэўным наборам сфарміраваных стэрэатыпаў, у большасці сваёй бяскрыўдных: смачныя і якасныя малочныя і мясныя прадукты, а таксама стравы з бульбы, чысціня і парадак на вуліцах. У гістарычным плане яны маюць цьмянае ўяўленне толькі пра час пасля 1917 года з вялікім фокусам на падзеях Другой сусветнай вайны. Вялікім шокам для некаторых гасцей сталіцы з’яўляецца гісторыя Менска эпохі Сярэднявечча і Новага часу з ратушай і традыцыяй самакіравання, не толькі праваслаўнымі манастырамі і ордэнамі; той факт, што гістарычны Менск быў разбураны не толькі падчас Вялікай Айчыннай вайны: шмат што знікла ў перыяд рэлігійнай барацьбы 1920–1930-х гг., а таксама ў ходзе пасляваеннай рэканструкцыі горада.

Безумоўна, шмат залежыць ад асабістай інтэрпрэтацыі экскурсавод_кі, расстаўленых акцэнтаў, прапанаваных гістарычных прыкладаў і паралеляў. Напрыклад, ці трэба падчас экскурсіі акцэнтаваць увагу на зносе Менскай ратушы па загадзе расейскага імператара Мікалая І? Ці расказваць пра гвалтоўную перабудову ўніяцкіх і каталіцкіх манастыроў з перадачай іх праваслаўнай царкве? Як расказваць пра тры падзелы Рэчы Паспалітай, калі землі Беларусі цалкам апынуліся ў сферы расейскага ўплыву? Або ці трэба ўзгадваць бессэнсоўную для беларуса_к Афганскую вайну, бо нехта з турыста_к падчас шпацыру да Траецкага прадмесця абавязкова зверне ўвагу на каплічку на «Востраве слёз»?

Экскурсавод_ка аказваецца ў цяжкім становішчы, калі, з аднаго боку, трэба расказаць пра Менск і Беларусь нешта цікавае, тое, што адрознівае нашу краіну ад Расеі і суседзяў і што натхніць турыст_к наведаць Беларусь яшчэ раз, а з другога — «не траўмаваць» іх крытычнай інтэрпрэтацыяй ролі Расеі ў гістарычным развіцці Беларусі. Урэшце, любы госць прыязджае ў Беларусь для таго, каб адпачыць, набрацца пазітыўных уражанняў і эмоцый, да таго ж ён з’яўляецца кліентам, які плаціць за паслугу і можа ў выпадку незадаволенасці пакінуць негатыўны водгук на гіда. Гэта не толькі можа абрынуць рэйтынг экскурсавод_кі на згаданым сайце tripster.ru  і прывесці да абвалу патэнцыйных заявак на новыя экскурсіі, але, улічваючы ўнутрыпалітычную сітуацыю ў Беларусі, нават прыцягнуць увагу Нацыянальнага агенцтва па турызме і ў крайнім выпадку следчых органаў.

Сама экскурсія можа прывесці шмат нечаканасцяў, бо некаторыя турыст_кі абсалютна дабрадушна могуць пачаць распытваць пра падзеі 2020 года ў Беларусі. Да таго ж вядомыя выпадкі, калі проста падчас экскурсіі да гідаў падыходзілі прадстаўнікі праваахоўных органаў, зацікавіўшыся беларускай мовай, або падладжваліся людзі «ў цывільным», пры гэтым незаўважна здымаючы на тэлефон расповед экскурсавод_кі. У такой сітуацыі ў гіда застаецца ўсё менш магчымасцяў выказваць сваё ўласнае меркаванне; даводзіцца ўнікаць адказаў на небяспечныя тэмы і трансляваць інфармацыю, набліжаную да зацверджанага кантрольнага тэксту.

 

Заключэнне

Сёння Менск стаіць перад дылемай, якая выходзіць далёка за межы турызму ў вузкім сэнсе слова. Горад спрабуе адначасова захаваць прывабнасць для знешніх наведвальні_ц і пры гэтым існаваць ва ўмовах палітычнай і сацыяльнай ізаляцыі. Турызм становіцца своеасаблівым люстэркам гэтых працэсаў, праз яго можна ўбачыць, як горад шукае новыя формы самавыяўлення і ўнутраную гармонію паміж мінулым, сучаснасцю і жаданнем быць адкрытым свету.

Асноўная тэндэнцыя апошніх гадоў — выразная пераарыентацыя на расейскага турыста, што мае як эканамічны, так і культурны эфект. З аднаго боку, прыезд расейцаў падтрымлівае індустрыю, якая пасля 2020 года страціла значную частку заходняй аўдыторыі. З другога — гэта ўплывае на характар самога турыстычнага досведу, на яго сэнсавыя акцэнты і візуальную мову горада. Менск усё часцей паказваецца праз прызму «агульнай гісторыі», савецкай спадчыны, вайсковых і мемарыяльных аб’ектаў, што адлюстроўвае не столькі турыстычную стратэгію, колькі агульную ідэалагічную лінію дзяржавы. Можна нават сказаць, што патэнцыйна паспяховыя турыстычныя стратэгіі, у тым ліку па прыцягненні расейскіх турыста_к, часта ўваходзяць у канфлікт з гэтай ідэалагічнай лініяй: калі Беларусь роўна такая ж, як і Расея, то навошта туды ехаць расейцам?

Аднак за межамі афіцыйных маршрутаў і кантрольных тэкстаў працягвае існаваць іншы Менск — жывое гарадское цела, дзе фарміруюцца новыя прасторы і сэнсы. Развіццё Ракаўскага прадмесця, стрытфуд-пляцовак, прыватных ініцыятыў у сферы культуры і гастраноміі паказвае, што горад здольны на самарэгенерацыю. Гэта працэсы не столькі эканамічныя, колькі культурныя: яны адлюстроўваюць пошук балансу паміж савецкай спадчынай і сучаснай інтэрпрэтацыяй, паміж кантролем і самавыяўленнем.

Культурная праграма Менска апошніх гадоў сведчыць пра скарачэнне міжнародных сувязяў і рост «унутранай» культурнай прапановы, арыентаванай на ўласнага і расейскага гледача і глядачку. Замена «дзён нацыянальных культур» на «дні рэгіёнаў Расеі» сімвалізуе пераход ад дыялогу да аднабаковага культурнага ўплыву.

На гэтым фоне праца гідаў выглядае як тонкае мастацтва балансу. Яны мусяць трымацца ў рамках афіцыйна зацверджаных наратываў, але адначасова захоўваць аўтэнтычнасць і цікавасць для слухач_ак. І ўсё ж нават у гэтай складанай прасторы з’яўляюцца прыкметы руху — невялікія, але істотныя сігналы таго, што дыялог усё яшчэ магчымы. Так, у 2024 годзе супольны праект музея гісторыі Менска, Беларускага саюза архітэктараў, амбасады Францыі і амбасады Швейцарыі ў Беларусі — выстава «Ле Карбюзье: Менскае рэха» — стаў прыкладам таго, як культурная ініцыятыва можа пераадольваць межы ізаляцыі. Праз прызму архітэктурнай спадчыны Ле Карбюзье праект не толькі нагадаў пра еўрапейскія карані сучаснай урбаністычнай думкі, але і паказаў гатоўнасць прафесійнай супольнасці Менска да адкрытага дыялогу, асэнсавання і супрацоўніцтва.

Выстава «Ле Карбюзье: Менскае рэха», 2025 г. (Крыніца)

Такім чынам, турыстычная гісторыя Менска апошніх гадоў — гэта гісторыя адаптацыі і выжывання, але таксама і ціхага супраціву праз культуру, кавярні, экскурсіі, новыя вуліцы і кварталы. І, магчыма, менавіта ў гэтых дробных праявах «неафіцыйнага» жыцця, у жаданні ствараць і супрацоўнічаць, у праектах, якія ўзнікаюць насуперак агульнай тэндэнцыі ізаляцыі, і ёсць сапраўдная прывабнасць горада.

 

Спасылкі на крыніцы

  1. Организованный туризм в 2024 году. Рэжым доступу: https://www.belstat.gov.by/ofitsialnaya-statistika/realny-sector-ekonomiki/turizm/godovye-dannye/press-reliz-organizovannyy-turizm/ Дата доступу: 16 лістапада 2025.

  2. С начала года свыше 181 тысячи иностранцев посетили Беларусь без виз. Рэжым доступу: https://gpk.gov.by/news/gpk/169144/ Дата доступу: 16 лістапада 2025.

  3. International tourism, number of arrivals — Belarus. Рэжым доступу: https://data.worldbank.org/indicator/ST.INT.ARVL?locations=BY Дата доступу: 16 лістапада 2025.

  4. Туристический бум в Союзном государстве: Беларусь и Россия развивают индустрию путешествий. Рэжым доступу: https://e-cis.info/news/566/129291/ Дата доступу: 16 лістапада 2025.

  5. РСТ: Россияне занимают первое место по турпотоку в Белоруссию. Рэжым доступу: https://rst.ru/novosti/novosti-turizma/rst-rossiyane-zanimayut-pervoe-mesto-po-turpotoku-v-belorussiyu.html Дата доступу: 16 лістапада 2025.

  6. Организованный туризм в 2024 году. Рэжым доступу: https://minsk-city.belstat.gov.by/ofitsialnaya-statistika/ekonomicheskaya-statistika/turizm/godovye-dannye/organizovannyy-turizm-v-g-minske-v-2024-godu-/ Дата доступу: 16 лістапада 2025.

  7. «Чай для гармонии мира»: масштабный китайский фестиваль пройдет в Минске 31 мая. Рэжым доступу: https://belta.by/regions/view/chaj-dlja-garmonii-mira-masshtabnyj-kitajskij-festival-projdet-v-minske-31-maja-716681-2025/ Дата доступу: 16 лістапада 2025.

  8. «Hola, Мексика!» Как в Минске прошел фестиваль мексиканской культуры. Рэжым доступу: https://people.onliner.by/2025/09/28/hola-meksika-kak-v-minske Дата доступу: 16 лістапада 2025.

  9. Календарь событий в Беларуси: АВГУСТ 2025. Рэжым доступу: https://www.belarus.by/ru/press-center/press-release/kalendar-sobytij-v-belarusi-avgust-2025_i_196708.html Дата доступу: 16 лістапада 2025.

  10. Рэжым доступу: https://belarustourism.by/ekskursovodam-i-gidam/perechen-kontrolnykh-tekstov-ekskursiy-na-russkom-belorusskom-i-inostrannykh-yazykakh/ Дата доступу: 16 лістапада 2025.

  11. Рэжым доступу: https://minsktourism.by/objects/see-do/lions/ Дата доступу: 16 лістапада 2025.

 

Чытаць яшчэ:

Next
Next

Водна-зялёныя дыяметры ў гарадах Беларусі: паміж засваеннем пойменных тэрыторый і стварэннем сацыяльна значнай прасторы