Пра гарады, прафесію і будучыню. Размовы з урбаніст_камі
Гарады ствараюцца людзьмі. Гараджан_кі, прадстаўні_цы адміністрацый, дэвелаперы, праекціроўшчы_цы, прадпрымальні_цы — можна бясконца пералічваць тых, хто фарміруе навакольную прастору. Часта сярод усіх гэтых груп стэйкхолдараў губляюцца галасы адной вельмі важнай групы. Маладыя ўрбаніст_кі, найбольш амбітныя і смелыя, рэдка маюць магчымасць гучна выказаць сваё меркаванне, у той час як менавіта іх бачанне, іх унікальная перспектыва — гэта будучыня беларускай урбаністыкі. Дык пра што думаюць маладыя спецыяліст_кі?
Мы пагаварылі з маладымі ўрбаніст_камі з Беларусі пра гарады, прафесію і будучыню, а таксама папрасілі для іх парады ў дасведчаных прафесіянала_к з Еўропы.
— Як вы ацэньваеце цяперашні стан беларускіх гарадоў? Што вы б змянілі ў першую чаргу?
Аліса, студэнтка-архітэктарка: Беларускія гарады розныя, і складана казаць пра іх агулам. І праблемы ў іх розныя. У першую чаргу я б звяртала ўвагу на гарады не абласныя. У іх ёсць складанасці з транспартным абслугоўваннем, як гарадскім, так і міжгароднім, і праблемы магчымасцяў для насельніцтва (рэалізацыі ў творчасці, прафесіі, іншай дзейнасці). І пакуль у Менску усё больш зялёных кавалачкаў забудоўваецца неадпаведнымі чалавеку ЖК — у гэтых гарадах, «якія губляюць жыхароў», ёсць неймаверныя прыродныя, гістарычныя і культурныя багацці, якія неабходна берагчы, прасоўваць і ганарыцца. Гэта спадчына, якая нагадвае, хто мы, і раскрывае патэнцыял.
Ульяна, студэнтка-экалагіня: Беларускія гарады часта больш пасуюць для машын, чым для людзей. Па-першае, вузкія пешаходныя дарожкі і адсутнасць падзелу для пешаходаў і раварыстаў ствараюць калапсы. Па-другое, як спецыялістка па азеляненні, я бачу, што ў некаторых раёнах існуе праблема даступнасці для жыхар_ак азелянёных тэрыторый. Важна, каб гарады былі даступныя для людзей з інваліднасцю, каб былі ў наяўнасці пандусы з невялікімі вугламі нахілу.
Быць чалавекам з інваліднасцю па зроку ў беларускіх гарадах можа быць страшна і небяспечна. Тактыльныя і папераджальныя пліткі ў асноўным усталёўваюцца ў буйных гарадах і іх цэнтрах. На ўскраінах, у сярэдніх і дробных гарадах, а таксама ў маленькіх населеных пунктах такія захады практычна адсутнічаюць.
Валерыя і Міхаіл, студэнты-архітэктары: Для нас беларускія гарады — гэта не проста месца, гэта дом, у якім мы выраслі, дзе жывуць нашы бацькі і сябры. Мы з розных гарадоў Беларусі: Баранавічаў і Віцебска. За кошт таго, што ў Беларусі гарады невялікія, іх прасцей пераўтварыць у пешаходна арыентаванае асяроддзе, што істотна для сучаснага горада. Як нам здаецца, беларускія гарады знаходзяцца ў вартым жалю стане, і гэтаму ёсць шэраг прычын:
Адсутнасць у галоўных архітэктар_ак малых гарадоў адпаведнай адукацыі і зацікаўленасці ў зменах.
Знішчэнне гістарычнай забудовы і адсутнасць дызайн-кода і каларыстычнага кода для гарадоў.
Недахоп камунікацыі па працы над горадам паміж жыхар_камі і гарадской уладай.
Адсутнасць камунікацыі па бачанні горада і асяроддзя паміж старэйшым пакаленнем архітэктар_ак і маладымі архітэктар_камі.
— Якіх праектаў і ініцыятыў не хапае для развіцця гарадоў Беларусі?
Аліса: Мне не хапае актуальнай горадабудаўнічай практыкі ва ўніверсітэце. Сюды ж — адсутнасць практыкі працы ў камандзе, кансультацый з дасведчанымі архітэктар_камі, якія працуюць непасрэдна з беларускім кантэкстам.
Бракуе кантакту з самімі гараджан_камі, чые галасы непасрэдна мусяць быць улічаныя, а таксама гарадскіх даследаванняў, дыскусій, грамадскіх абмеркаванняў і беражлівай працы з захаваннем гістарычнай спадчыны.
Ульяна: Мне б проста хацелася хаця б вярнуць старыя ініцыятывы, у першую чаргу прыродаахоўныя. Бракуе мясцовых ініцыятыў, якія б займаліся гарадскім азеляненнем, выступалі супраць касьбы газонаў, абаранялі паркі і іншыя азелянёныя тэрыторыі, уносілі змены ў заканадаўства і г. д.
Мне б хацелася больш актыўнага развіцця мясцовых супольнасцяў, ініцыятыўных груп па розных праблемных тэматыках. Як экалагіню, мяне хвалююць экаактывісцкія ініцыятывы, звязаныя з горадам: вызначэнне якасці водных аб’ектаў у горадзе, кантроль за станам азелянёных тэрыторый і акцыі па вяртанні ў горад біяразнастайнасці.
Хацелася б бачыць больш праектаў па мясцовым стрыт-арце, напрыклад, стварэнне муралаў і новых грамадскіх прастор, асабліва ў напаўзакінутых месцах горада. Мне вельмі не хапае супольнасцяў мастакоў і мастачак і творчых людзей, якія змяняюць прастору або ствараюць новыя аб’екты.
Валерыя і Міхаіл: Як нам здаецца, важна аб’ядноўвацца, каб разам ствараць крутыя праекты, якія будуць змяняць аблічча Беларусі. Бо калі нас многа, то шмат ідэй і шмат матывацыі. Хацелася б, каб ініцыятывы ператвараліся ў больш вузканакіраваныя кам’юніці, якія стасуюцца паміж сабой, кансультуюцца, абменьваюцца ідэямі, напрыклад, ініцыятывы па веларуху, транспартным рэгуляванні, азеляненні і г. д.
— Якія прафесійныя навыкі і кампетэнцыі, на ваш погляд, стануць найбольш запатрабаванымі ў сферы ўрбаністыкі ў найбліжэйшыя гады?
Аліса: Скіраванасць на чалавека, уменне слухаць, даносіць інфармацыю і крытычна яе ўспрымаць. Адстойваць сваю пазіцыю, але і не давяраць сабе слепа. Увогуле, быць адкрытым да новых меркаванняў і ідэй, умець аналізаваць і ўкладаць карыснае ў сябе, а таксама дзяліцца досведам.
Валодаць базавым архітэктурным софтам, ГІС-праграмамі, праводзіць даследаванні і дзейнічаць лагічна і аптымальна. І, вядома ж, любіць сябе, сваю справу, людзей і гарады.
Ульяна: Вельмі крута, што ў Брэсцкім універсітэце адкрылася спецыяльнасць па ўрбаністыцы. Цяпер у нас будуць прафесійныя ўрбаніст_кі, таму што пакуль гэтай тэмай займаюцца людзі іншых прафесій: архітэктар_кі, гарадскія эколагі і экалагіні, работні_цы ЖЭСа, адміністрацыі і транспартныя эксперт_кі. Прафесіі ўрбаніст_кі як такой у нас няма.
Міжнародны досвед паказвае, што важнае ўменне камбінаваць веды з розных сфер: сацыяльнай, экалагічнай, архітэктурнай. Гэта міждысцыплінарны падыход, які дапамагае ствараць нестандартныя рашэнні і развіваць гарады комплексна.
Валерыя і Міхаіл: Як нам здаецца, у Беларусі варта змяніць падыход да выкладання горадабудаўніцтва і ўрбаністыкі. Для таго каб навучыць урбаніст_ку будучыні, трэба даць магчымасць атрымліваць веды не толькі ў тэорыі, але і на практыцы. Урбаніст_ка будучыні мусіць умець пераасэнсоўваць сучасныя падыходы, ствараць новыя рашэнні і крэатывіць, таму што ўжо нікога не здзівіш класічнымі ідэямі і рашэннямі. У hard skills цяпер важна ўмець хутка адаптавацца да новых праграм, ведаць іх і ўмець у іх працаваць, каб найбольш эфектыўна выкарыстоўваць іх для рэалізацыі сваіх ідэй.
— Якім вы ўяўляеце ідэальны беларускі горад будучыні?
Аліса: Ідэальны беларускі горад разнастайны, ён захоўвае і транслюе гісторыю, беражэ прыроду і прапануе магчымасці. Горад, дзе рашэнні прымаюцца прафесіянал_камі ва ўзаемадзеянні з гараджан_камі, дзе ты можаш давяраць прасторы і не трывожыцца, ці прыйдзе твой аўтобус. Дзе ёсць альтэрнатыва перамяшчэння і дзейнасці. Дзе камфортна і ў дождж, і ў спякоту: ты не будзеш плаваць у лужынах і схаваешся ад сонца ў цені дрэў, перамяшчаючыся ўздоўж лакальных кавярняў і галерэй. Зможаш адчуць сябе вольн_ай, але часткай, каштоўным элементам. Горад, дзе добра людзям рознага ўзросту і гендару, дзе бяспечна. Дзе можна быць актыўным, ствараць новае ці рэфлексаваць і назіраць. Дзе мясцовыя ініцыятывы падтрымліваюцца і прасоўваюцца і супольнасці па інтарэсах складваюцца і развіваюцца.
Ульяна: Праз маю прызму геаэкалагіні ідэальны беларускі горад уяўляецца мне неверагодна экалагічным і экапрыязным. Хочацца бачыць павелічэнне зялёных прастор, выкарыстанне ўсіх прастор горада максімальна эфектыўна: стварэнне вертыкальнага азелянення, зялёных дахаў. Яшчэ мне вельмі хацелася б праз сферу прыроды, прыроднай тэматыкі развіваць гарадскія супольнасці, напрыклад, праз стварэнне гарадскіх агародаў. Мне б хацелася, каб горад быў больш інклюзіўным і прыязным, каб у ім можна было больш бавіць свой вольны час на вуліцы: пасядзець на ўтульнай лавачцы, пачытаць кнігу з буккросінгу, пагутарыць з кімсьці, паглядзець на прыгожы від. Мне б яшчэ вельмі хацелася, каб у нас была развітая і зручная сетка грамадскага транспарту, каб было рэгуляванне рамонту ці абнаўлення будынкаў.
Валерыя і Міхаіл: Ідэальныя беларускія гарады маюць добрае злучэнне паміж сабой, напрыклад, як у Галандыі. Таксама высокая шчыльнасць на невялікіх тэрыторыях. Вуліцы створаныя для пешаходаў і раварыстаў. Шмат зеляніны. Развіццё інфраструктуры ў малых гарадах. Каб усё гэта рэалізаваць, трэба развіваць усвядомленасць і нагледжанасць грамадзян_ак і эксперт_ак.
— Як вы бачыце сваю ролю ў развіцці беларускіх гарадоў?
Аліса: Я хачу зразумець, як працуе наш горад, як размяркоўваюцца рэсурсы. Хачу знайсці майстэрню, дзе гэты досвед атрымаю і зразумею магчымасці архітэктар_кі.
Мне цікава даследаваць нашы гарады, шукаць іх «фішкі» і пашыраць гэтую цікавасць. Хачу падарожнічаць па свеце і прывозіць станоўчы вопыт, падарожнічаць па Беларусі і шанаваць наш вопыт. Хачу працаваць са студэнт_камі і рабіць гэтую сферу больш зразумелай і прыцягальнай для сябе і для моладзі, раптам праз пару гадоў атрымаецца правесці некаторыя рэформы ў адукацыі і ствараць прасторы для практыкі, абмену думкамі. Хачу, каб з’явіўся мост паміж існуючымі стандартамі, зменлівым жыццём і патрэбамі чалавека, мост паміж пакаленнямі архітэктар_ак. Я ведаю, што мне цікавы ўрбанізм і Беларусь, але куды занясе — час пакажа.
Ульяна: Як экалагіні, часам мне хочацца заняцца прыродай, з’ехаць далёка-далёка ў запаведнік і жыць у лесе, але ўсё ж я разумею, што хацелася б рабіць гарады больш прыязнымі для людзей, прыўносіць прыроду ў горад, паказваць людзям праз гарадскую прызму, што прырода не наш вораг, што яе не трэба скараць, што яе не трэба змяняць, што з ёй можна сябраваць і быць партнёрамі.
Я лічу, што прырода — гэта ключ да ўсяго, мы можам вучыцца ў прыроды і таму, як ствараць камфортныя гарады. Напрыклад, мы можам карыстацца прынцыпамі біямімікрыі — ствараць будынкі, якія будуць мець сістэмы вентыляцыі, падобныя да механізма фільтрацыі ў марскіх губак.
Ці мы маглі б ствараць трывалыя каркасы будынкаў, якія будуць паўтараць мядовыя соты або ракавінку слімака.
Мне б хацелася зрабіць унёсак у адаптацыю гарадоў да змены клімату, напрыклад, вырашаць пытанні рэгулявання сцёкаў, выкарыстання раслін, адаптаваных да змененых умоў клімату, нерэгулярных ападкаў, працяглых засух і г. д. Я б хацела атрымаць вучоную ступень і працаваць у навуковых установах, распрацоўваць розныя стратэгіі і канцэпцыі развіцця горада з гледзішча глабальных стратэгій змены клімату і захавання біяразнастайнасці.
Акрамя таго, мне хацелася б падтрымліваць мясцовыя супольнасці, калі яны будуць бараніць свае правы, напрыклад, змагацца за азелянёныя тэрыторыі і за стварэнне сваіх месцаў гарадской зеляніны.
Валерыя і Міхаіл: Нас матывуе агульная ідэя ўносіць сваё бачанне ў архітэктуру і ўрбаністыку. Ствараць новае, шукаць цікавы падыход, праводзіць даследаванні і г. д. Таму мы не імкнёмся працаваць у офісе, а імкнёмся прабівацца самі, захоўваючы тую самую магчымасць уплываць, прыўносіць свае погляды ў архітэктуру і ўрбаністыку. Мы марым заснаваць сваю студыю, аб’яднаць аднадумцаў і, вядома ж, калі-небудзь зрабіць свой унёсак у Беларусь.
— Якія выклікі, на вашу думку, будуць стаяць перад гарадамі ў найбліжэйшых 50 гадоў і як яны могуць падрыхтавацца да іх?
Саафа Харафі, архітэктарка-урбаністка: На мой погляд, асноўныя выклікі, з якімі будуць сутыкацца гарады, — гэта змены клімату, рост насельніцтва і паглыбленне сацыяльнай няроўнасці. Змены клімату прынясуць больш экстрэмальнае надвор’е і недахоп рэсурсаў, у той час як рост насельніцтва створыць ціск на жыллё і паслугі, такія як транспарт, ахова здароўя і г. д. Сацыяльная няроўнасць можа пагоршыцца, найбольш уплываючы на маргіналізаваныя групы. Каб быць гатовымі, гарады мусяць укладацца ў трывалую інфраструктуру, інклюзіўную палітыку і сапраўды ўстойлівыя практыкі праз супрацоўніцтва паміж урадамі, прыватнымі сектарамі і грамадзянскай супольнасцю.
Шон Бурлісан, гарадскі планіроўшчык: Я лічу, што змена клімату працягне аказваць на гарады значны ўплыў. Думаю, гэта прывядзе да дэфіцыту вады (і, магчыма, ежы) у раёнах з высокай рызыкай засухі. Каб падрыхтавацца да гэтых праблем, гарады павінны стаць больш устойлівымі, выкарыстоўваючы як падыходы адаптацыі, так і змякчэння. Добрыя практыкі планавання павінны быць інтэграваныя ў розныя сектары. Гэта дапаможа абмежаваць разрастанне гарадоў, працяглае пашырэнне аўтамабільных дарог і выключную зонінгавую палітыку.
— Што прывабіла вас працаваць з гарадамі і што найбольш натхняе вас у іх?
Саафа Харафі: Да працы з гарадамі мяне прывяло маё імкненне да фемінізму і «прасторавай справядлівасці». Я лічу, што ўрбаністычныя асяроддзі — гэта месцы, дзе барацьба за (гендарную) роўнасць і сацыяльную інклюзію можа мець найбольш значны ўплыў. Гарады — гэта мікракосмы нашых грамадстваў, яны адлюстроўваюць як няроўнасці, так і магчымасці для змен. Найбольш мяне натхняе магчымасць пераўтварыць гарадскія прасторы ў больш справядлівыя і роўныя. Я веру, што кожны чалавек, незалежна ад гендару, класа або паходжання, мусіць мець роўны доступ да магчымасцяў і рэсурсаў, якія прапануюць гарады, гэта тое, што называецца правам на горад (па Анры Лефеўру). Для мяне без прасторавай справядлівасці няма справядлівасці сацыяльнай. Мая праца кіруецца бачаннем гарадоў як прастор, дзе кожны і кожная можа квітнець, удзельнічаць напоўніцу і пачувацца бяспечна; і гэтая вера ў роўнасць і сацыяльную справядлівасць матывуе мяне ствараць інклюзіўныя гарадскія асяроддзі, якія прапануюць магчымасці ўсім жыхар_кам.
Шон Бурлісан: Урбаністыка прывабіла мяне магчымасцю палепшыць паўсядзённае жыццё людзей і ствараць устойлівыя, жывыя супольнасці. Я, як былы супрацоўнік пажарнай службы, глыбока цаню важнасць здароўя, дабрабыту і бяспекі. Гарады прапануюць унікальную магчымасць палепшыць грамадскае здароўе праз актыўную мабільнасць, ствараючы асяроддзі, якія стымулююць хадзьбу, перамяшчэнне роварам і іншыя формы фізічнай актыўнасці. Таксама ў гарадах адбываецца пастаянная эвалюцыя, стала ўзнікаюць выклікі — як збалансаваць розныя патрэбы грамадзян_ак — ад жылля і транспарту да культурных і экалагічных патрэб.
— Якую галоўную параду вы далі б маладым спецыяліст_кам, якія пачынаюць сваю кар’еру ў гарадской сферы?
Саафа Харафі: Зразумець складанасці гарадскіх праблем праз міждысцыплінарны падыход. Узаемадзейнічайце з супольнасцямі, каб даведацца іх патрэбы і перспектывы. Стварайце сеткі і заставайцеся гнуткімі, бо сфера пастаянна развіваецца. І, паколькі гэта мая галіна экспертызы, ва ўсіх аспектах вашай працы прымайце на сябе абавязацельства сацыяльнай інклюзіі і гендарнай роўнасці.
Шон Бурлісан: Я лічу, што важна развіваць міждысцыплінарныя веды. Так шмат гарадскіх праблем узаемазвязаныя, таму важна атрымаць разуменне розных галін ці падгалін урбаністычнага планавання. Гэтыя падгаліны могуць быць сувяззю паміж жыллём і транспартам або больш шырокімі катэгорыямі, такімі як інжынерыя, эканоміка ці сацыялогія. Гэтыя «галіны» розных ведаў робяць вас больш усебаковай асобай, кандыдат_кай або супрацоўні_цай.
— Якія прафесійныя навыкі і кампетэнцыі, на вашу думку, будуць найбольш запатрабаваныя для гарадскіх прац у найбліжэйшыя гады?
Саафа Харафі: У найбліжэйшыя гады, на маю думку, гарадскія працы ўсё больш будуць вымагаць навыкаў аналізу дадзеных, устойлівага дызайну і ўзаемадзеяння з супольнасцямі. Уменне працаваць з геаграфічнымі інфармацыйнымі сістэмамі (ГІС), гарадской аналітыкай і вялікімі дадзенымі будзе неабходным для планавання і прыняцця рашэнняў на падставе дадзеных. Як я заўсёды кажу, без дадзеных — гэта проста меркаванне. Навыкі ўстойлівага дызайну, уключаючы веды пра зялёнае будаўніцтва, узнаўляльную энергію і трывалую інфраструктуру, будуць важнымі, паколькі гарады будуць вымушаныя вучыцца змякчаць змены клімату і адаптавацца да іх.
Шон Бурлісан: Я думаю, што ў найбліжэйшыя гады будуць запатрабаваныя навыкі ў сістэмах геаграфічнай інфармацыі і іншых інструментах картаграфіі. Таксама лічу, што будуць карыснымі навыкі візуалізацыі дадзеных. Візуалізацыя дадзеных працягвае развівацца вакол розных тыпаў праграмнага забеспячэння, але здольнасць эфектыўна паведамляць пра дадзеныя будзе вырашальнай у інфармаванні грамадзян_ак і палітыкаў. Я лічу, што будзе неабходная і базавая кампетэнцыя ва ўстойлівасці. Гэтыя навыкі павінны ўключаць веды пра сістэмы ўзнаўляльнай энергетыкі, стратэгіі па змене клімату і практыкі/тэхнікі зялёнага будаўніцтва.
— Якія сучасныя тэндэнцыі і інавацыі вы лічыце найбольш значнымі для будучага развіцця гарадоў?
Саафа Харафі: Некалькі тэндэнцый і інавацый вылучаюцца сваім патэнцыялам пры фарміраванні стратэгіі будучага развіцця гарадоў. Тэхналогіі разумных гарадоў, у тым ліку IoT, штучны інтэлект і аналіз дадзеных, кардынальна зменяць кіраванне гарадамі, павысіўшы эфектыўнасць і рэактыўнасць у такіх сферах, як транспарт, энергетыка і грамадскія паслугі. Вырашальнае значэнне мае і акцэнт на ўстойлівае гарадское развіццё, з зялёнай інфраструктурай, прынцыпамі цыркулярнай эканомікі і прыроднымі рашэннямі, якія набываюць важнасць у гарадскім планаванні. Акрамя таго, змяняе палітыку і практыкі і акцэнт на інклюзіўныя гарады — стварэнне больш прыдатных для жыцця і справядлівых гарадскіх асяроддзяў. Гэтыя тэндэнцыі, падмацаваныя міждысцыплінарным падыходам і падыходам супрацоўніцтва, будуць мець ключавое значэнне для вырашэння складаных праблем, з якімі гарады сутыкаюцца і будуць сутыкацца ў будучыні.
Шон Бурлісан: Я думаю, што будзе пашырацца канцэпцыя 15-хвіліннага горада. Гэта павінна спрыяць хадзе пешшу, разам з многімі іншымі перавагамі. Для ўрбаніст_кі і планіроўшчы_цы яна закрывае столькі патрэб. Перспектыўная сфера даследаванняў — цыркулярная эканоміка для адходаў, і гарады эксперыментуюць з гэтымі канцэпцыямі. Маштабаванасць гэтага павінна павялічыцца, каб стаць шырока распаўсюджанай.