Сядзібна-паркавыя комплексы Беларусі пасля 1991 года: узлёт ці падзенне?

Лёс сядзібна-паркавых комплексаў у постсавецкай Беларусі складваецца вельмі па-рознаму: адныя занепадаюць; другія квітнеюць. Чым вызначаецца такі роскід? З якіх крыніц фінансавалася аднаўленне і рэстаўрацыя сядзіб і што змяняецца? Як на сядзібна-паркавыя комплексы ўплывае прыватызацыя і якія новыя пагрозы ім узнікаюць? Разбор са мноствам прыкладаў і ілюстрацый.


 

Сядзібна-паркавыя комплексы Беларусі — важная частка культурнай спадчыны краіны. Яны маюць значны турыстычны патэнцыял, увасабляюць нашу багатую гісторыю, а многія з іх валодаюць і мемарыяльным значэннем. Але як складаўся лёс гэтых помнікаў пасля набыцця Беларуссю суверэнітэту?

Інтуітыўна можна прапанаваць гіпотэзу пра тое, што савецкая ўлада (для якой шляхецкая сядзіба была ідэалагічна варожай і непатрэбнай) руйнавала і перапрафілявала сядзібна-паркавыя комплексы, а ў незалежнай краіне яны рэстаўруюцца, аднаўляюцца і квітнеюць. А там, дзе не дае рады дзяржава, на дапамогу прыходзіць прыватнік з інвестпраектам. Аднак аналіз стану сядзібна-паркавых комплексаў Беларусі пасля 1991 г. паказаў, што насамрэч працэсы, якія адбываліся з гэтымі комплексамі, не такія простыя, а часам вельмі супярэчлівыя.

 

Феномен сядзібна-паркавых комплексаў

Cядзібна-паркавы комплекс — гэта своеасаблівы культурны ландшафт, дзе спалучаюцца помнікі сядзібнай архітэктуры і садова-паркавага мастацтва. Ён можа ўключаць у сябе гаспадарчыя, фартыфікацыйныя, рэлігійныя пабудовы, мець мемарыяльную ці гістарычную каштоўнасць.

На беларускіх землях ужо ў Сярэднявеччы жыллё прывілеяванага насельніцтва значна адрознівалася ад жытла простых людзей. Сядзібы князя і прадстаўнікоў яго дружыны адрозніваліся нават будаўнічымі матэрыяламі. Княскія сядзібы ўзводзіліся з цэглы і каменю, у некалькі ярусаў, з большымі вокнамі, багатым аздабленнем. Рэшткі аднаго з такіх княскіх палацаў даследаваліся археолагамі ў Гародні. З часам прадстаўнікі эліты занялі найлепшыя гарадскія тэрыторыі, а пасля пачалі аддаваць перавагу загараднаму размяшчэнню сваіх рэзідэнцый.

З ХVІ ст. пачалі з’яўляцца прыватнаўласніцкія замкі, фарміраваліся ардынацыі. Паступова сядзібы магнатаў і буйной шляхты ператвараліся ў адміністрацыйныя, эканамічныя і культурныя рэгіянальныя цэнтры. Для патрэб уладальнікаў сядзіб замаўляліся творы высокага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, прадметы мэблі. У сядзібах назапашваліся багатыя бібліятэчныя і архіўныя зборы, калекцыі прадметаў музейнага значэння.

У ХVІ ст. побач з сядзібамі ўзніклі першыя, галоўным чынам пладовыя, сады. З цягам часу пры сядзібах пачалі закладаць дэкаратыўныя сады, якія далі штуршок развіццю садова-паркавага мастацтва.

У ХVІІ-ХVІІІ стст. абарончая функцыя сядзібна-паркавых комплексаў ўсё больш саступала месца рэпрэзентатыўнай. Згадаем буйныя магнацкія комплексы Радзівілаў у Нясвіжы, Сапегаў у Ружанах, Храптовічаў у Шчорсах і г. д. Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай і далучэння беларускіх зямель да Расейскай імперыі (1772, 1793, 1795 гг.) для сядзібна-паркавых комплексаў надышоў новы этап. Прадстаўнікі расейскай эліты пачалі узводзіць на беларускіх землях свае рэзідэнцыі. Так узніклі палац Румянцавых і Паскевічаў у Гомелі, Пацёмкіных і Галынскіх у Крычаве, Талстых у в. Грудзінаўка (Быхаўскі раён), Раманавых пад Барысавам. Будаўніцтва палацаў напрыканцы ХVІІІ — у першай палове ХІХ стст. саступіла месца менш амбітнаму будаўніцтву сядзіб.

У перыяд Расейскай імперыі шляхецкія сядзібы былі для цэнтральнай улады даволі варожым, праблемным асяроддзем. Мясцовая эліта зрабілася сацыяльнай асновай для антыцарскіх выступленняў. Шляхецкія сядзібы з іх эканамічным патэнцыялам станавіліся месцам падтрымкі паўстанцкіх атрадаў. Уладальнікі сядзіб атрымлівалі добрую адукацыю, у некаторых выпадках засноўвалі падпольныя школы, якія спрыялі патрыятычнаму выхаванню, адрознаму ад дзяржаўнага разумення. Прычым уплывала гэта не толькі на ўмацаванне «польскасці», але і на фарміраванне беларускасці. Адна з такіх школ прадвызначыла лёс Антона Іванавіча Лявіцкага. пра што ён згадвае ў сваіх «Лістах з дарогі».

За сваю гісторыю архітэктура Беларусі эвалюцыянавала, перажывала змену ўсіх еўрапейскіх стыляў: рэнесанс, барока, класіцызм, гістарызм, эклектыка, мадэрн. Да пачатку ХХ ст. сядзібна-паркавых комплексы ўяўлялі сабой стракатую мазаіку розных архітэктурных стыляў.

У ХХ ст. сядзібна-паркавыя комплексы Беларусі зазналі спусташэнне дзвюх сусветных войнаў і рэвалюцыі, канфіскацыю, перапрафілізацыю і проста запусценне. Незваротна знік цэлы пласт культуры і яго носьбіты — прадстаўнікі прывілеяванага саслоўя.

Савецкая ўлада адмаўляла дваранскую культуру і стыль жыцця, адпаведна, і сядзібна-паркавым комплексам знаходзілася новае прызначэнне. За рэдкім выключэнне Гомеля, дзе ў палацы размясціўся музей, сядзібы займалі новыя ўладальнікі. Там маглі размяшчацца школы (сядзіба Макрыцкіх у п. Высокае, Аршанскі раён), бальніцы (сядзіба Бутаўт-Андрэйкавічаў у п. Поразава, Свіслацкі раён), санаторыі (палац Радзівілаў у Нясвіжы, Нясвіжскі раён), праўленне калгаса (сядзіба Богуш-Шышкаў у Трокеніках, Астравецкі раён), заводы і вытворчасць (сядзіба Чарноцкіх «Нача Брындзоўская», Ляхавіцкі раён), турмы (сядзіба Халецкіх у в. Хальч, Веткаўскі раён), ваенныя аб’екты (палац Рдултоўскіх у аг. Сноў, Нясвіжскі раён) і інш.

Здавалася б, пасля набыцця Беларуссю суверэнітэту сядзібна-паркавыя комплексы чакае рэстаўрацыя і новае жыццё, але рэчаіснасць аказалася іншай.

 

Значныя рэстаўрацыйныя праекты

На пачатку 1990-х гг. павялічылася цікавасць да нацыянальнай гісторыі, культуры, спадчыны прывілеяваных саслоўяў. Расло і разуменне, што сядзібна-паркавым комплексам неабходныя кансервацыя, рэстаўрацыя і рэканструкцыя. У 1992 г. у Паўднёва-заходняй вежы Мірскага замка адкрылася першая музейная экспазіцыя, у 1993 г. створаны Нацыянальны гісторыка-культурны музей-запаведнік «Нясвіж». Але працы па аднаўленні сядзібна-паркавых комплексаў расцягнуліся на дзесяцігоддзі.

Рэстаўрацыя сядзібна-паркавых комплексаў выклікала вострую дыскусію ў прафесійных колах. Памылкі і поспехі рэстаўратараў, падыходы да рэалізацыі праектаў, першачарговасць работ, функцыянальнае прызначэнне адрэстаўраваных аб’ектаў — усё гэта спарадзіла шмат публікацый і абмеркаванняў на розных узроўнях.

Вынікі намаганняў па рэстаўрацыі ключавых сядзібна-паркавых комплексаў сталі бачнымі толькі ў новым тысячагоддзі. У табліцы ніжэй паказаны гады заканчэння рэстаўрацыйных работ або ўвядзення ў эксплуатацыю першай чаргі некаторых сядзібна-паркавых комплексаў Беларусі.

Да 2020 г. аднаўленне сядзібна-паркавых комплексаў Беларусі адбывалася не толькі за кошт рэспубліканскага бюджэту, але і пры міжнароднай фінансавай падтрымцы. Прычым памеры гэтай падтрымкі ў некаторых выпадках значна пераўзыходзілі ўнёсак беларускай дзяржавы. Так, у межах праекта «Аднаўленне агульнай культурнай спадчыны як асновы для развіцця трансгранічнага супрацоўніцтва моладзі і творчых калектываў Польшчы і Беларусі», які рэалізоўваўся адначасова ў Ляхавіцкім раёне і польскай гміне Пухачаў, на аднаўленне сядзібы Рэйтанаў ў Грушаўцы (Ляхавіцкі раён) Еўразвязам быў выдзелены 1 мільён 137,5 тысячы еўра, а доля мясцовага бюджэту склала ўсяго 140 тысяч еўра.

Змяненне знешнепалітычнага вектара пасля выбараў 2020 г., санкцыйны ціск, амаль поўнае знікненне Беларусі з еўрапейскіх турыстычных мап адмоўна паўплывалі на перспектывы далейшага аднаўлення такой спадчыны. Існыя праекты, хутчэй за ўсё, будуць дафінансаваныя і рана ці позна завершаныя, а вось для рэалізацыі новых ініцыятыў магчымасці знікаюць амаль поўнасцю. І справа не толькі ў адсутнасці міжнароднага супрацоўніцтва і фінансавання.

Спадчына сядзібна-паркавых комплексаў, як і ў савецкі перыяд, пачынае ўспрымацца сучаснай уладай Рэспублікі Беларусь варожа. Гістарычная спадчына Рэчы Паспалітай становіцца непатрэбнай, бо сам гэты перыяд, з гледзішча дзяржаўнай ідэалогіі, быў польскім. Дзеячы нацыянальна-вызваленчага руху ХІХ ст., удзельнікі паўстанняў або прыхільнікі антырасейскай палітыкі робяцца непажаданымі, значыць, і аднаўленне іх сядзібна-паркавых комплексаў, у лепшым выпадку, будзе адкладзенае.

У той жа час зноў актуалізуецца спадчына Расейскай імперыі, прычым у самых нечаканых формах. Так, у 2023 г. анансавалі аднаўленне сядзібна-паркавага комплексу сям’і Раманавых у Стара-Барысаве (Барысаўскі раён) з мэтай адкрыцця там рэабілітацыйнага цэнтра для дзяцей, вывезеных з Данбаса. Хаця сядзіба была набытая ў прыватную ўласнасць, па словах ініцыятара гэтага праекта Аляксея Талая, мецэнаты добраахвотна перадалі будынак на дадзеныя патрэбы, а фінансаванне праекта будзе ажыццяўляцца ў межах праграм Саюзнай дзяржавы. Можна выказаць здагадку, што ў бліжэйшыя гады прыярытэт будзе аддавацца менавіта такім праектам.

 

Функцыянальнасць сядзібы як інструмент захавання

Не ўсе сядзібна-паркавыя комплексы вымагаюць маштабнай рэстаўрацыі і музеефікацыі. Частка такіх аб’ектаў, што не страцілі пэўнага функцыянальнага прызначэння пасля 1991 г., знаходзяцца ў даволі добрым стане або былі адрамантаваныя за кошт размешчаных там устаноў.

Напрыклад, сядзібна-паркавы дом Гутэн-Чапскіх у аг. Прылукі (Менскі раён) займае Рэспубліканскае навуковае даччынае ўнітарнае прадпрыемства «Беларускі навукова-даследчы інстытут аховы раслін». Установа ўтрымлівае ў добрым стане сядзібны дом, тэрыторыю, а па папярэднім запісе можна наведаць невялікі музей у будынку сядзібы. А вось нявыкарыстаныя гаспадарчыя пабудовы сядзібнага комплексу выглядаюць значна горш, тэрыторыя вакол іх не добраўпарадкаваная.

Цікавым прыкладам падаецца аднаўленне сядзібы Сухадольскіх у аг. Вялікая Рагозніца (Мастоўскі раён). Сядзібны дом і ўязную браму аднавілі за сродкі Камунальнага сельскагаспадарчага ўнітарнага прадпрыемства «Імя Адама Міцкевіча», праўленне якога і размешчанае на тэрыторыі сядзібна-паркавага комплексу. Прадпрыемства мае намер аднавіць гаспадарчыя пабудовы і паркавую тэрыторыю.

У добрым стане падтрымліваецца тэрыторыя сядзібы Ромераў у в. Мажэйкава (Лідскі раён). Сядзібны дом займае Мажэйкаўскі сельскі выканаўчы камітэт, Мажэйкаўскі сельскі Савет дэпутатаў і бібліятэка.

Калі сядзібу займаюць установы культуры, гэта падвышае яе шанцы не толькі на захаванне, але і на ўключэнне ў турыстычны прадукт. У такім выпадку з’яўляецца магчымасць знаёмства з інтэр’ерамі, атрымання экскурсійных ці кансультацыйных паслуг ад супрацоўнікаў установы. Удалы прыклад сядзіба Путкамераў у аг. Больценікі (Воранаўскі раён). У сядзібе працуе філіял «Больценіцкі культурна-турыстычны цэнтр» Дзяржаўнай установы культуры «Воранаўскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці». Установа ўтрымлівае ў добрым стане сядзібны дом, тэрыторыю парку. У працоўны час тут можна азнаёміцца з сядзібнымі інтэр’ерамі, для арганізаваных груп праводзяцца экскурсіі па сядзібным доме.

Падобны пазітыўны досвед дэманструе і філіял «Трокеніцкая сельская бібліятэка-клуб» Астравецкай раённай бібліятэкі, які размяшчаецца ў сядзібным доме Богуш-Шышкі (в. Трокенікі, Астравецкі раён). У працоўны час бібліятэкі можна пазнаёміцца з інтэр’ерамі сядзібнага дома, музейнымі экспазіцыямі, дзе прадстаўленая мясцовая этнаграфічная спадчына, а таксама жыццёвы і творчы шлях мастака Мар’яна Богуш-Шышкі.

У частцы сядзібна-паркавых комплексаў па сённяшні дзень функцыянуюць установы сістэмы Міністэрства аховы здароўя. З аднаго боку, яны падтрымліваюць тэрыторыю сядзіб і самі будынкі ў належным стане, з другога — маюць спецыфічныя правілы і рэжым наведвання. Добрым прыкладам выступае дом-крэпасць Нонхартаў у в. Гайцюнішкі (Воранаўскі раён), дзе знаходзіцца адміністрацыйны корпус рэспубліканскай псіхіятрычнай бальніцы. Нягледзячы на рэжымны характар аб’екта, яго можна наведваць турыстычнымі групамі. Падобная магчымасць, але толькі ў працоўныя дні, прадугледжаная і ў сядзібе Ахраноўскіх у в. Лушчыкі (Мядзельскі раён), сядзібе Любамірскіх у в. Юрцава (Аршанскі раён), якія займаюць медыцынскія ўстановы.

У той жа час ансамбль сядзібы Іваноўскіх у в. Галавічполле, які добра захаваўся і выкарыстоўваецца цяпер домам-інтэрнатам, даступны толькі для агляду па перыметры тэрыторыі.

 

Запусценне і дэградацыя

Сядзібна-паркавыя комплексы, якія перажылі катаклізмы ХХ ст. і выкарыстоўваліся пад розныя патрэбы, пачалі руйнавацца і прыходзіць у поўны заняпад менавіта ў часы незалежнасці. Галоўная прычына бачыцца ў страце гэтымі аб’ектамі сваіх функцый. У выглядзе школ, бальніц, бібліятэк, дамоў культуры, крам сядзібы былі так ці інакш запатрабаваныя лакальнай супольнасцю. Адпаведна, яны падтрымліваліся без навуковага падыходу, але ў стане, які забяспечваў іх функцыянаванне і захаванне.

Змены ў сацыяльна-эканамічным развіцці, урбанізацыя, скарачэнне дзяржавай колькасці сацыяльных паслуг для вясковага насельніцтва (закрыццё бібліятэк, клубаў, школ, бальніц і г. д.) адмоўна адбіліся на стане сядзібна-паркавых комплексаў Беларусі.

Сядзібы, якія страцілі сваю функцыю і былі закінутыя, пачалі хутка дэградаваць, разрабоўвацца. Некалі прывабная тэрыторыя з узорамі садова-паркавага мастацтва і найцікавейшай архітэктуры ператварылася ў зарослую, засмечаную, небяспечную мясцовасць.

У суверэнны перыяд пажарам быў цалкам знішчаны сядзібны дом Плевакаў у гп. Івянец (Валожынскі раён). У 2012 г. цалкам згарэла сядзіба О’Руркаў ва Уселюбе (Наваградскі раён), у тым жа годзе агнём быў знішчаны дах сядзібы Умястоўскіх у Жамыслаўлі (Іўеўскі раён). У 2020 г. пажарам быў пашкоджаны дах сядзібы Гартынгаў у Снове (Нясвіжскі раён). А пералік проста закінутых і разрабаваных сядзіб заняў бы не адну старонку.

Варта адзначыць, што ў закінутым стане могуць знаходзіцца не толькі сядзібы ў аддаленай сельскай мясцовасці, але і ў раённых цэнтрах. Напрыклад, закінуты сядзібна-паркавы комплекс Дарыя-Дзерналовічаў у раённым цэнтры Карма. Сядзібны дом стаіць на балансе аддзела адукацыі, спорту і турызму Кармянскага райвыканкама, часткова закансерваваны. Некалькі аконных праёмаў забіта драўлянымі і шыфернымі шчытамі, частка вокнаў другога паверха без шклення. Страчаны фрагменты тынкоўкі, пашкоджаны і парослы дрэвамі дах.

Закансерваваная і закінутая сядзіба Чарнышэвых-Круглікавых у раённым цэнтры Чачэрску. Толькі ў 2022 г. быў прададзены палац Радзівілаў у раённым цэнтры Дзятлава, які да гэтага не выкарыстоўваўся на працягу 10 гадоў. Выстаўлены на продаж і не выкарыстоўваецца цікавы помнік архітэктуры пачатку ХХ ст. — сядзіба Глазко ў Расонах (Расонскі раён).

Акрамя запусцення і заняпаду сядзібна-паркавых комплексаў з прычыне іх невыкарыстання, над захавасцю комплексаў навісла яшчэ адна пагроза — узаконены дзяржавай знос. Імкненне дзяржаўных уладаў да навядзення парадку часта азначае барацьбу з так званай безгаспадарлівасцю, то-бок знос старых недагледжаных вясковых і сядзібных дамоў. Імкненне да «стэрыльнасці» ў мясцовым краявідзе вельмі часта прыводзіць да знішчэння помнікаў архітэктуры. Напрыклад, у 2010 г. на дровы быў разабраны драўляны будынак сядзібы Бохвіцаў у в. Ураджайная (Ляхавіцкі раён), у нашы дні была знесеная сядзіба Арліцкіх у в. Двор-Гомель (Полацкі раён).

Падрабязней можна пачытаць тут.

Знішчаюцца не толькі драўляныя пабудовы, але і каменныя сядзібы. Так, быў знесены сядзібны дом Хлюсціных у гп. Арэхаўск (Аршанскі раён). Верагодна, зроблена гэта было да 2021 г.

Яшчэ адна тэндэнцыя ў стэрылізацыі культурнага ландшафту сядзібна-паркавых комплексаў — гэта знос гаспадарчых пабудоў. Так, былі знесеныя гаспадарчыя пабудовы сядзібы Абуховічаў у в. Вялікая Ліпа (Нясвіжскі раён). Адбылося гэта пасля верасня 2022 г.; бо да таго знесены бровар і драўляны свіран існавалі.

Дадзены эпізод асвятляўся ў незалежных медыя, але гэта, хутчэй, выключэнне. Ліквідацыя незалежных СМІ, асабліва рэгіянальных, прывяла да фарміравання інфармацыйнага вакууму вакол праблемы захавання спадчыны. Адсутнасць інфармацыі і грамадскіх арганізацый, якія б маглі ўплываць на мясцовыя і рэспубліканскія ўлады ў пытаннях захавання і развіцця тэрыторыі сядзібна-паркавых комплексаў, дае поўны карт-бланш на знішчэнне і перабудову помнікаў.

Асабліва ўразлівымі застаюцца сядзібна-паркавыя комплексы і іх фрагменты, не ўключаныя ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь (далей Дзяржспіс). Праца гэтая вядзецца вельмі марудна, асабліва неахотна — у выпадку дрэннага стану прапанаванага ў Дзяржспіс аб’екта. У 2014 г. у ім налічвалася 173 аб’екты, якія прадстаўлялі сядзібна-паркавую спадчыну краіны. Аднак, паводле падлікаў вядомага даследчыка садова-паркавага мастацтва і беларускіх сядзібна-паркавых комплексаў А. Т. Федарука, толькі ў Берасцейскай, Менскай і Гарадзенскай абласцях знаходзіцца больш за 1000 такіх аб’ектаў. У даведніку «Сядзібы Віцебшчыны», падрыхтаваным М. В. Піваварам у 2020 г., толькі па Віцебскай вобласці падаецца інфармацыя пра 287 сядзіб.

Складана сабе ўявіць, але ў 2023 г. у Дзяржспіс была ўнесеная толькі добра захаваная сядзіба Бонч-Асмалоўскіх у аграгарадку Блонь. Ні мясцовыя ўлады, ні супрацоўнікі музея, размешчанага ў сядзібе, не былі зацікаўленыя ў наданні такога статусу. Зроблена гэта было па ініцыятыве грамадскасці.

Можа падацца, што аб’екты, якія страцілі сваю функцыю і не запатрабаваныя мясцовай супольнасцю, выратуе прыватны інвестар. Але і гэты шлях аказаўся ў суверэннай Беларусі няпростым і супярэчлівым.

 

Панацэя ў прыватызацыі?

Рэспубліка Беларусь не пайшла па шляху рэстытуцыі маёмасці яе папярэднім уласнікам, як гэта зроблена, напрыклад, у краінах Балтыі. Але з цягам часу ўзнікла ідэя продажу ці нават бясплатнай перадачы сядзібна-паркавых комплексаў у прыватную ўласнасць. З’явілася магчымасць папоўніць мясцовы бюджэт і пазбыцца, як правіла, праблемных аб’ектаў, што патрабавалі значных укладанняў.

У 2009 г. быў зацверджаны «План дзеянняў па перадачы сядзібаў, якія не выкарыстоўваюцца і знаходзяцца ў сельскай мясцовасці, суб’ектам аграэкатурызму». Планам было вызначана 46 сядзібна-паркавых комплексаў, якія павінны перайсці ў прыватную ўласнасць. Праз год да Плана былі распрацаваны Рэкамендацыі з такой жа назвай, якія размясцілі на вялікай колькасці сайтаў райвыканкамаў. Частка сядзіб перайшла ў прыватную ўласнасць, але далёка не ў кожным выпадку гэта прывяло да паляпшэння стану аб’ектаў.

Рэстаўрацыя сядзібна-паркавага комплексу па ўсіх нормах заканадаўства значна адрозніваецца ад простага рамонту будынкаў. Распрацоўка праектнай дакументацыі, праца кваліфікаваных рэстаўратараў, пошук гістарычных крыніц — усё гэта вымагае значных фінансавых сродкаў і расцягваецца ў часе. Не кожны інвестар разумеў гэтыя акалічнасці пры набыцці сядзіб.

Напрыклад, сядзібна-паркавы комплекс Плятэраў у аг. Опса (Браслаўскі раён) перайшоў у прыватную ўласнасць у 2012 г. Быў распрацаваны амбітны праект гасцінічна-забаўляльнага комплексу на 52 месцы. У 2016 г. ён увайшоў у лік 14 найлепшых новых праектаў краін Балтыі і стаў пераможцам конкурсу Baltic Prix d’Excellence у катэгорыі «Спадчына: зона адпачынку». Але праект так і не быў рэалізаваны, тэрыторыя сядзібы ў запушчаным стане, будынак часткова закансерваваны.

Сядзібна-паркавы комплекс Яленскіх у аграгарадку Туча (Клецкі раён) першы раз прадалі інвестару ў 2011 г. Працы па аднаўленні сядзібы не вяліся, стан пагоршыўся. У 2021 г. сядзібу зноў выставілі на продаж, і яе набыў індывідуальны прадпрымальнік, які паабяцаў ператварыць аб’ект у базу адпачынку. Па стане на 2022 г. працы на аб’екце не вяліся. Падобным чынам разбураецца прыватызаваная сядзіба Макрыцкіх у п. Высокае (Аршанскі раён).

Не вядуцца працы па аднаўленні сядзібы Чацвярцінскіх у Жалудку (Шчучынскі раён), хаця ўласнік спаганяе плату за ўваход на тэрыторыю комплексу.

Набыццё сядзібы ў прыватную ўласнасць вельмі часта звязана з рызыкай грашовых страт. Гэта негатыўна ўплывае на цікавасць інвестараў да такога кшталту аб’ектаў. Так, сядзіба Умястоўскіх у Жамыслаўлі ў 2008 г. была набытая ў мясцовага калгаса, пасля пракуратура выявіла парушэнні і канфіскавала сядзібу. Новы ўласнік знайшоўся ў 2017 г., а накрыць знішчаны агнём дах сядзібнага дома змог толькі ў 2021 г.

У выніку грамадска-палітычных змен, што адбыліся ў Беларусі пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 г., судовым рашэннем была разарваная дамова ад 2013 г. з інвестарам, які аднаўляў сядзібу Бохвіцаў у аг. Падароск (Ваўкавыскі раён). Пад уздзеяннем тых жа змен вымушаны быў выехаць пісьменнік Андрусь Горват, які займаўся аднаўленнем сядзібна-паркавага комплексу Горватаў у г. Нароўля (Нараўлянскі раён).

Тым не менш, некаторыя праекты па аднаўленні сядзібна-паркавых комплексаў прыватным інвестарам працягваюць рэалізоўвацца. Так, вядуцца рэстаўрацыйныя работы на тэрыторыі сядзібы Бішэўскіх у гп. Лынтупы (Пастаўскі раён). Уласнік плануе развіваць тэрыторыю сядзібы як комплекс для адпачынку выхаднога дня. Частка памяшканняў будзе адведзеная пад аздараўленчыя і б’юці-працэдуры: масаж, салярый, спа-цэнтр. У самім палацы павінна размясціцца банкетная зала на 80–100 пасадачных месцаў, кавярня, некалькі гасцінічных нумароў прэміум-класа, канферэнц-зала.

У 2023 г. адкрылася першая чарга адрэстаўраванага інвестарам сядзібна-паркавага комплекса Валовічаў у в. Свяцк (Гарадзенскі раён).

Частка праектаў па аднаўленні сядзібна-паркавых комплексаў не толькі аднаўляе аб’екты спадчыны, але і прыцягвае да праблем яе захавання ўвагу грамадскасці.

Цікавы прыклад папулярызацыі ідэі захавання сядзібна-паркавых комплексаў дэманструе праца па аднаўленні палаца Радзівілаў у в. Паланечка (Баранавіцкі раён). Палац спрабавалі прадаць з 2013 г. Першы інвестар не справіўся з абавязкамі, і аб’ект у 2016 г. быў канфіскаваны. Новы ўладальнік у комплексу з’явіўся ў 2020 г. Былі створаныя сацыяльныя сеткі праекта па рэстаўрацыі палаца, пачалося іх прасоўванне і збор дабрачынных сродкаў. Для гэтага прыдумалі акцыю «Мяняю каву на палац», з ідэяй ахвяраваць на патрэбы палаца суму, зэканомленую на кубачку кавы. З дапамогай сацыяльных сетак была арганізаваная праца валанцёраў, некалькі разоў праводзіліся суботнікі па ачыстцы тэрыторыі. Для ўключэння палацава-паркавага комплексу ў культурнае жыццё на яго тэрыторыі арганізоўваліся выставы, майстар-класы па гістарычных танцах, трэніроўкі па бегу, праводзіліся канцэрты, святы, дэгустацыі, экскурсіі.

Мерапрыемствы, якія праводзяцца для збору сродкаў і аднаўлення палаца ў Паланечцы, важныя як прыклад практык саўдзелу, уключэння лакальнай супольнасці і валанцёраў у працэс аднаўлення комплексу. Праз саўдзел супольнасць больш даведваецца пра спадчыну і разумее значнасць яе захавання.

Адваротны прыклад — гэта прыватызацыя сядзібна-паркавага комплексу Сегеняў у в. Краскі (Ваўкавыскі раён). Сядзібна-паркавы комплекс у 2009 г. прадалі расейскаму прадпрымальніку. На тэрыторыі сядзібы праходзілі рамонтныя і рэстаўрацыйныя работы, добраўпарадкаванне парку. Але комплекс цалкам абгароджаны і, за рэдкім выключэннем, недаступны для наведвання турыстамі, бо знаходзіцца ў прыватнай уласнасці. Сядзіба апынулася цалкам выключаная з культурнага кантэксту рэгіёна.

 

Царква як новая пагроза

Апрача прыватнага інвестара, у перыяд незалежнасці сядзібна-паркавыя комплексы пачалі пераходзіць ва ўласнасць царквы. З аднаго боку, гэта дазваляе выкарыстоўваць апусцелыя сядзябы ў адпаведнасці з інтарэсамі лакальнай супольнасці. Так, у адной частцы сядзібнага дома Любецкіх у аг. Межава (Аршанскі раён) размясціўся праваслаўны храм св. Серафіма Сароўскага, які магчыма наведаць па папярэдняй дамоўленасці. Значных рамонтных работ у сядзібе не праводзілася, на балконе быў усталяваны крыж і званы, частка аконных праёмаў закрытая сінімі шчытамі.

Падобная сітуацыя назіраецца і ў выпадку сядзібнага дом Іваноўскіх у в. Галавічполле (Шчучынскі раён), які выкарыстоўваецца ў якасці каталіцкай капліцы. Рамонтныя работы не праводзіліся, будынак у савецкі перыяд быў значна зменены і дэградаваў. З інтэр’ерамі сядзібы, адаптаванымі для мэт набажэнства, можна пазнаёміцца ў святы і па папярэднім запісе.

Цалкам процілеглы прыклад паказвае дзейнасць царквы на тэрыторыі сядзібна-паркавага комплексу Азнабішыных у аг. Масты Правыя (Мастоўскі раён). Сядзіба ў 2013 г. была перададзеная Гарадзенкай епархіі Беларускай праваслаўнай царквы. У былой сядзібе размясціўся праваслаўны маладзёжны цэнтр і храм абраза Божай маці «Усіх тужлівых Радасць». Падчас рамонту была страчаная частка дэкаратыўных элементаў, змянілі канструкцыю даху над круглай верандай, уставілі пластыкавыя вокны, дадалі нехарактэрныя для сядзібнага дойлідства элементы. Пры правядзенні работ высеклі стараўзроставыя дрэвы.

Падрабязней можна прачытаць тут.

 

Культурны ландшафт і яго захаванне

У савецкі перыяд тэрыторыя сядзібна-паркавых комплексаў, за рэдкімі выняткамі, не ўспрымалася як нешта каштоўнае і вартае захавання. У лепшым выпадку сядзібныя паркі ператвараліся ў агульнадаступныя грамадскія і амаль не даглядаліся. У горшым — тэрыторыя кардынальна мадыфікавалася: узводзіліся новыя будынкі, высякаліся старыя дрэвы, размяшчаліся прамысловыя ці сельскагаспадарчыя прадпрыемствы. Напрыклад, культурны ландшафт сядзібна-паркавага комплексу Свентажэцкіх у в. Малінаўшчына (Маладзечанскі раён) быў цалкам зменены ў пасляваенны перыяд. Сёння рэшткі гаспадарчага двара і тэрыторыю ацалелай капліцы-пахавальні займае СТАА «Малінаўшчызненскі спіртагарэлачны завод — «АКВАДЗІЎ».

Рэканструкцыя і аднаўленне паркавых тэрыторый сядзібных комплексаў адбывалася ў выпадку рэалізацыі буйных рэстаўрацыйных праектаў (гп. Мір, г. Нясвіж), міжнароднай падтрымкі (гп. Варапаева, Пастаўскі раён), знаходжання паркаў у гарадскім асяроддзі (г. Свіслач, г. Нароўля). У іншым выпадку паркавая тэрыторыя або не даглядалася, або яе добраўпарадкаванне абмяжоўвалася сезонным пакосам травы.

Фактычна і ў нашыя дні працуе савецкая практыка — не бачыць каштоўнасці ў культурным ландшафце сядзібна-паркавага комплексу. Побач з сядзібай «Воранаў» у в. Воранаўка (Воранаўскі раён) быў узведзены жылы шматкватэрны дом, а ў 2012 г. высеклі паркавую алею. Тэрыторыя перад галоўным фасадам сядзібы ператварылася ў паркоўку і дзіцячую пляцоўку. Падобная сітуацыя склалася і ў сядзібе «Жэрна» ў в. Аляксандраўшчына (Зэльвенскі раён), дзе за некалькі метраў ад добра захаванага будынка сядзібы быў узведзены прыватны жылы дом.

Яшчэ адна тэндэнцыя апошніх гадоў у працы з сядзібным культурным ландшафтам — гэта своеасаблівая дыснэйлэндызацыя. Так адбылося пры стварэнні турыстычных комплексаў «Сула» і «Дукорскі маёнтак». Сядзібна-паркавы комплекс Ленскіх у в. Сула (Стаўбцоўскі раён) сёння актыўна выкарыстоўваецца ў турыстычнай дзейнасці, бо на яго тэрыторыі дзейнічае парк-музей інтэрактыўнай гісторыі «Сула». Стваральнікамі аб’екта быў адноўлены сядзібны дом, капліца-пахавальня, гаспадарчыя пабудовы. Комплекс спрыяе папулярызацыі і актуалізацыі спадчыны роду Ленскіх і гісторыі Беларусі. Пры фарміраванні тэрыторыі парку-музея быў выбраны падыход максімальнага насычэння яе новымі аб’ектамі. Падобны падыход выкарыстаны і ў сядзібе Оштарпаў у в. Дукора (Пухавіцкі раён).

Па-іншаму працуюць з сядзібна-паркавым комплексам у сядзібе Сулістроўскіх у в. Камарова (Мядзельскі раён). Гаспадарчыя пабудовы і тэрыторыя сядзібы сталі месцам функцыянавання Цэнтра развіцця сельскага турызму, кавярні, крамы, бізнес-інкубатара, пякарні, сыраварні. Хоць будынак самой сядзібы не выкарыстоўваецца, паркавая тэрыторыя падтрымліваецца ў выдатным стане: выкашаная расліннасць, пракладзеныя дарожкі, устаноўленыя лаўкі і урны, абсталяваныя альтанкі і месцы адпачынку, адноўленая водная сістэма (ачышчаны вадаёмы, умацаваныя плаціна, мост). Без музеефікацыі будынка сядзібы (які цяпер пустуе) парк робіцца аб’ектам наведвання індывідуальных турыстаў, месцам адпачынку арганізаваных груп.

 

Высновы

Шлях сядзібна-паркавых комплексаў Беларусі пасля набыцця незалежнасці няпросты і пакручасты. Побач з рэалізацыяй буйных рэстаўрацыйных праектаў на адных сядзібна-паркавых комплексах адбываецца мэтанакіраваны знос ці выпадковая страта іншых. Адноўленыя сядзібы ператвараюцца ў важныя турыстычныя аб’екты, становяцца вітрынай дзяржаўнай палітыкі па захаванні гісторыка-культурнай спадчыны. А за гэтай вітрынай схаваныя сотні аб’ектаў, не ўзятых дзяржавай нават пад улік і ахову, не закансерваваных і разрабаваных.

Добрыя прыклады функцыянальнага выкарыстання сядзібна-паркавых комплексаў у інтарэсах лакальнай супольнасці спалучаюцца са спробамі прыватызацыі, якія цалкам выводзяць аб’ект з культурнага кантэксту рэгіёна.

Прыватныя ініцыятывы па аднаўленні сядзіб, якія прыцягваюць да гэтага працэсу грамадскасць, адукоўваюць, аднаўляюць культурнае жыццё на апусцелых будынках, сутыкаюцца з канфіскацыяй аб’ектаў ва ўласнікаў і ціскам на актывістаў.

Змены ў грамадска-палітычным жыцці краіны выкрышталізоўваюць наступныя тэндэнцыі ў лёсе сядзібна-паркавых комплексаў Беларусі:

  • спыненне міжнароднай фінанасавай дапамогі і міжнароднага супрацоўніцтва па дадзеных пытаннях;

  • выключэнне з афіцыйнага дыскурсу непажаданай і непрыемнай спадчыны, пераключэнне ўвагі на іншыя, больш прымальныя праекты;

  • адсутнасць грамадскага кантролю і механізмаў уплыву на працэсы прыняцця рашэнняў па пытаннях захавання сядзібна-паркавых комплексаў.

Супярэчлівымі застаюцца і падыходы па працы з тэрыторыямі сядзібна-паркавых комплексаў, якія ў адных выпадках аднаўляюцца і ахоўваюцца дзяржавай, а ў іншых — моцна дэградуюць.

Разнапланавая і багатая спадчына сядзібна-паркавых комплексаў Беларусі, безумоўна, можа быць рэсурсам для развіцця турызму, лакальных культурных і эканамічных ініцыятыў. Поўнае выкарыстанне культурнага і прыроднага патэнцыялу большасці аб’ектаў яшчэ наперадзе.

 

Чытаць яшчэ:

Previous
Previous

Пра гарады, прафесію і будучыню. Размовы з урбаніст_камі

Next
Next

Mahiloŭ's Main Square: A Belarusian Urban Metamorphosis Through Post-Colonial Lenses