ШТО (НЕ) ЗМЕНЯЦЬ ЭЛЕКТРАМАБІЛІ Ў БЕЛАРУСКІМ ГОРАДЗЕ

Насельніцтва беларускіх гарадоў не без поспехаў асвойвае электрамабілі. З розных прычын у Беларусі імкліва расце колькасць саміх электракараў і развіваецца інфраструктура для іх. Разбіраемся, як гэта адбываецца, якія лічбы вядомыя і што вызначае будучыню трэнду.


 

Уводзіны

За апошнія гады ў беларускіх гарадах значна вырасла колькасць электрамабіляў, а таксама прызначанай для іх інфраструктуры, найперш зарадных станцый. Электракары перасталі быць экзотыкай і занялі месца на аўтарынку. Па тэмпах росту іх колькасці Беларусь апярэджвае некаторых сваіх суседзяў. Як электрыфікацыя мабільнасці ў Беларусі выглядае на фоне найбліжэйшых краін? Якую ролю ў гэтым працэсе адыграў санкцыйны кантэкст? І што электрамабільнасць змяняе ў беларускіх гарадах?

Транспартныя сродкі, якія выкарыстоўваюць у якасці крыніцы энергіі электрычнасць, разглядаюцца сёння як высокатэхналагічны від транспарту, а электрычная цяга ў цэлым — як трэнд гарадской мабільнасці будучыні. Выраб аўтамабіляў з электрычнымі рухавікамі — адзін з кірункаў развіцця сусветнай аўтапрамысловасці. Да шматлікіх экалагічных і сацыяльных пераваг электратранспарту адносяцца энергаэфектыўнасць, энергетычная бяспека, змяншэнне забруджвання паветра, выкідаў парніковых газаў, шумападаўленне.

Як развіваўся і што сабой цяпер уяўляе электрычны транспарт у Беларусі, а таксама якім бачыцца яго будучыня, паспрабуем разабрацца ў гэтым тэксце.

 

Кароткая гісторыя электратранспарту ў Беларусі

Напрыканцы XIX стагоддзя ў якасці замены конным экіпажам у буйных гарадах свету тагачасныя вынаходнікі і навукоўцы ўсур’ёз разглядалі аўтамабілі з паравымі, бензінавымі і электрычнымі рухавікамі. Тады, як вядома, перамаглі бензінавыя рухавікі, але на мяжы XX і XXI стагоддзяў з улікам развіцця тэхналогій аўтамабілі з электрычнымі і гібрыднымі рухавікамі зноў сталі абуджаць да сябе цікавасць як амаль паўнавартасная замена аўтамабілям з рухавікамі ўнутранага згарання.

Першым легкавым аўтамабілем з рухавіком унутранага згарання, які з’явіўся ў 1895 годзе на тэрыторыі сучаснай Беларусі, лічыцца Panhard-Levassor французскай вытворчасці. Легкавікі з электрарухавікамі спрабавалі праектаваць і ў СССР, але без масавага выпуску. Асобныя крыніцы сцвярджаюць, што напрыканцы 1980-х — на пачатку 1990-х у Магілёве маглі пачаць выпускаць электрамабіль «Інэса​​», аднак з розных прычын праект не быў рэалізаваны.

Гісторыя грамадскага электрычнага транспарту заўважна адрозніваецца. Адной з найбольш важных яго характарыстык заўжды была максімальная колькасць пасажыраў, якія адначасова могуць перасоўвацца ў салоне. Таму грамадскі электратранспарт ужо на раннім этапе знайшоў для сябе сферы і месцы, дзе яго работа па розных крытэрыях была больш эфектыўнай за транспарт неэлектрычны.

У Беларусі на дадзены момант функцыянуе сем тралейбусных і чатыры трамвайныя сістэмы, адкрытыя ў розныя дзесяцігоддзі.

Храналогія адкрыцця сістэм гарадскога электратранспарту ў Беларусі

Акрамя гэтага, мінімум тройчы абмяркоўвалася мажлівасць будаўніцтва трамвая ў Гомелі, існавалі планы будаўніцтва трамвайнай сістэмы ў Магілёве.

Сёння рэалізаваныя гарадскія электробусныя сістэмы ў Жодзіне, Шклове і Наваполацку, разглядаюцца для абслугоўвання толькі электробусамі Смалявічы і Фаніпаль. У абласных цэнтрах і буйных гарадах Беларусі разам з тэставай эксплуатацыяй асобных электробусаў вывучаецца мажлівасць замены электробусамі аўтобусаў на гарадскіх і прыгарадных маршрутах.

Былі ў гарадах Беларусі і выпадкі выкарыстання электратранспарту для перавозкі грузаў: у Менску і Віцебску, напрыклад, існавалі грузавыя трамваі, у Менску былі нават грузавыя тралейбусы, а як мінімум у двух беларускіх калгасах у савецкія часы выкарыстоўваліся тралейвозы.

Так ці іначай, свет электрычнага транспарту ўключае ў сябе мноства тэхналогій, адрозных па часе, прызначэнні і ступені пашыранасці. У гэтым тэксце мы сфакусуемся на легкавых электрамабілях — сродку мабільнасці, які ў апошнія гады перажывае рост.

 

Развіццё электратранспарту ў Беларусі на сучасным этапе

Можна сказаць, што сучасны этап развіцця беларускага электрычнага аўтатранспарту пачаўся ў 2013 годзе, калі ў Менску прэзентавалі першы ў краіне электрамабіль. Легкавік Nissan Leaf 2011 года выпуску набыла прыватная кампанія «А-100» у якасці экалагічнай ініцыятывы і для дэманстрацыйных мэт. Адначасова з прэзентацыяй першага электрамабіля кампанія адкрыла каля вёскі Баравая (на выездзе з Менска) першую электразапраўку так званага «павольнага» тыпу. Фактычна гэтая электразапраўка на момант адкрыцця прызначалася для адзінага ў Беларусі электрамабіля. І аўтамабіль, і запраўка належалі адной кампаніі. Ужо праз тыдзень пасля адкрыцця электразапраўкі кампаніяй «А-100» планы па стварэнні сеткі электразаправак агучылі ў дзяржаўнай «Беларуснафце». Журналістамі адзначалася, што кошт электрамабіляў у 2013 годзе «прыкладна ў 2,5-3 разы вышэйшы за аналагічныя бензінавыя мадэлі».

У кастрычніку 2014 года тая ж «А-100» адкрыла першую станцыю экспрэс-зарадкі для электрамабіляў. У гэты перыяд у Менску ўжо існавалі іншыя «павольныя» зарадныя станцыі (верагодна, адкрытыя «Беларуснафтай»), а ўсяго ў краіне эксплуатавалася не больш за 10 электрамабіляў (афіцыйна зарэгістравана было каля 5).

Першая станцыя экспрэс-зарадкі, Крыніца

Ужо ў красавіку 2015 года «Беларуснафта» таксама стала адкрываць зарадныя станцыі для хуткай зарадкі электрамабіляў. На канец 2015 года ў краіне налічвалася 27 электрамабіляў. Істотнаму росту колькасці такіх аўтамабіляў усё яшчэ заміналі высокія кошты і неразвітасць інфраструктуры.

З 2016 года рост колькасці электракараў і развіццё інфраструктуры для іх у Беларусі інтэнсіфікаваліся. У Менску з’явіліся электробусы беларускай вытворчасці: спачатку з перспектывай замены імі тралейбусаў, а пазней — як альтэрнатыва дызельным аўтобусам на гарадскіх маршрутах. У жніўні Нацыянальная акадэмія навук прэзентавала эксперыментальны экзэмпляр першага беларускага электрамабіля на базе Geely SC7 беларускай зборкі. У верасні пачалася распрацоўка дзяржаўнай праграмы развіцця электратранспарту. Дакумент прадугледжваў стварэнне 262 зарадных станцый і павелічэнне колькасці электрамабіляў да 10 000 да 2025 года. Цягам 2018 года НАН Беларусі агучвала бягучыя этапы распрацоўкі беларускіх электрамабіляў розных тыпаў і класаў, а ў ліпені быў прыняты указ «Аб стымуляванні выкарыстання электрамабіляў», які даў ВА «Беларуснафта» статус дзяржаўнага аператара па стварэнні і развіцці сеткі зарадных прыстасаванняў. У кастрычніку 2018-га была зацверджаная «Праграма развіцця зараднай інфраструктуры і электрамабільнага транспарту ў Беларусі на 2016–2025 гады». У 2018 годзе ў краіне налічвалася каля 200 электрамабіляў. У 2019 годзе — ужо каля 360 электракараў.

У сакавіку 2020 года была прынятая новая рэдакцыя ўказа «Аб стымуляванні выкарыстання электрамабіляў». Яго сутнасць, як і сутнасць квот, якія ён вызначаў, заключалася ў стымуляванні фізічных і юрыдычных асоб набываць электрамабілі (увезеныя з-за мяжы ці вырабленыя ў Беларусі) як транспарт больш танны за бензінавы ці дызельны, паралельна ствараючы ўмовы для пабудовы неабходнай інфраструктуры.

У чэрвені былі агучаныя планы аб пачатку продажу электракараў Geely. Колькасць электрамабіляў у краіне рэзка выраста — да больш як 1 600 адзінак. У наступныя гады гэты рост прадоўжыўся: колькасць электрамабіляў на канец 2021 года дасягнула 4 000.

З 2020-га беларускія вытворцы прадстаўлялі паралельна і ўласныя распрацоўкі электрагрузавікоў. У лістападзе 2020 года МАЗ выпусціў электрычны грузавы аўтамабіль МАЗ-4381Е0. У 2022-м — мадыфікаваную версію свайго электрагрузавіка МАЗ-43812ЕЕ, а «БКМ Холдынг» прадставіў свой электрагрузавік — Vitovt Truck Electro Prime. Гэтыя версіі электрычных грузавых аўтамабіляў, прадэманстраваныя беларускімі вытворцамі ў 2020 і 2022 гадах, з’яўляюцца адзінкавымі дэманстрацыйнымі экзэмплярамі. Пра серыйны выпуск такой тэхнікі нічога невядома. Грузавыя электрамабілі пакуль не займелі поспеху ў продажы і актыўнай эксплуатацыі ў Беларусі.

У красавіку 2022 года былі анансаваныя, а ў кастрычніку ўнесеныя змены ў Правілы дарожнага руху. У дакуменце сярод іншага ўпершыню прапісалі асаблівасці эксплуатацыі электрамабіляў. У верасні Аб’яднаны інстытут машынабудавання НАН Беларусі прадставіў першы спартыўны электрамабіль, сканструяваны для тэставання элементаў кампанентнай базы і электронікі ўласнай (беларускай) вытворчасці. У снежні ВА «Беларуснафта» прэзентавала інавацыйны для тэрыторыі СНД пілотны праект — суперхуткі зарадны комплекс, прызначаны для падзарадкі электробусаў, электрагрузавікоў і электрамабіляў.

Па выніках 2022 года продажы электрамабіляў у параўнанні з 2021 годам павялічыліся на 28%. Найбольш прадаванымі ў Беларусі сталі электрамабілі марак Geely Geometry C, Audi e-tron і Porsche Taycan. На канец 2023 года ў краіне было каля 7 700 электрамабіляў. А напрыканцы 2024 года электрааўтапарк Беларусі налічваў ужо больш за 21 000 адзінак.

У траўні 2025 года пачаў дзейнічаць дзяржаўны партал станцый для зарадкі электрамабіляў. У снежні былі ўнесены зменыя ва Указ № 428: працягнуты шэраг ільгот для электратранспарту, вызначаны яшчэ адзін аператар станцый зарадкі аўто, пры гэтым скасаваная бясплатная паркоўка для электрамабіляў.

Напрыканцы 2025 года колькасць электрамабіляў у Беларусі дасягнула 46 800 адзінак.

У 2026 годзе можна назіраць некалькі прыкмет выхаду электрамабільнасці ў Беларусі на новы ўзровень. У траўні сетка зарадных станцый для электрамабіляў Zaryadka запусціла ў эксплуатацыю першы ў краіне «зарадны дыскаўнтар». У студзені была створаная Беларуская асацыяцыя электратранспарту («БЭТА»). Запрацаваў асобны партал «адно акно» для дзейных і будучых уладальні_ц электрамабіляў. У верасні сетка зарадных станцый для электрамабіляў Malanka запусціла пілотны праект па разліку за паслугу за наяўныя грошы (дагэтуль усе станцыі прымалі аплату толькі банкаўскімі карткамі). У верасні «Белпошта» падзялілася станоўчым досведам эксплуатацыі чатырох электрамабіляў у Брэсцкім філіяле арганізацыі. Адметна, што тут эксплуатуюцца электрамабілі, вырабленыя ў Смалявіцкім раёне на прадпрыемстве «Аўтамабільныя канструкцыі». Паводле дадзеных на пачатак верасня, у Беларусі ўжо 70 000 электрамабіляў.

Колькасць зарадных станцый для электрамабіляў з кожным годам павялічваецца. У Беларусі дзейнічаюць восем прыватных і два дзяржаўныя правайдары інфраструктуры зарадных станцый Malanka («Беларуснафта») і Evika! («Белтэлекам»). На верасень 2026 года правайдары агулам забяспечваюць работу каля 2000 зарадных станцый.

Пры гэтым на пачатку верасня 2026 года была вычарпаная квота па безмытным увозе электрамабіляў для фізічных асоб (для юрасоб квота вычарпаная яшчэ ў ліпені), а ўжо ў сярэдзіне месяца з’явіліся звесткі, што дадатковая квота можа быць уведзеная да канца 2026 года. З пачатку года за электрамабілі трэба плаціць транспартны падатак.

Такім чынам, па стане на верасень 2026 года электратранспарт Беларусі развіваецца неаднастайна ў некалькіх кірунках:

  • легкавыя аўтамабілі;

  • грузавыя аўтамабілі;

  • грамадскі транспарт;

  • інфраструктура для зарадкі электратранспарту;

  • сродкі персанальнай мабільнасці.

Найбольш заўважным паводле адкрытых крыніц з’яўляецца павелічэнне долі легкавых электрамабіляў. Гэта звязана найперш з іх фінансавай даступнасцю дзякуючы льготам на ўвоз з-за мяжы, ільготным крэдытам на электрамабілі беларускай вытворчасці, а таксама хуткаму (хаця з улікам інтэнсіўнасці росту колькасці аўто і недастатковаму) развіццю інфраструктуры па-за межамі Менска і абласных цэнтраў ды адноснай эканамічнасці эксплуатацыі. Дадатковым фактарам, які спрыяе росту папулярнасці электрамабіляў, могуць быць таксама санкцыі, якія абмяжоўваюць вываз з Еўропы ў Беларусь транспарту з пэўнымі тэхнічнымі ці цанавымі характарыстыкамі. Відавочна, што пры наяўнасці забарон кампаніі-імпарцёры прапануюць альтэрнатыўныя шляхі дастаўкі новых аўто, натуральна, больш доўгія і дарагія.

Аднак сітуацыя з імклівым ростам колькасці і, адпаведна, долі электрамабіляў можа рэзка змяніцца ў выпадку адмены падатковых і/або мытных прэферэнцый для электрамабіляў ці, наадварот, распаўсюду падобных прэферэнцый на аўтамабілі з рухавікамі ўнутранага згарання. Патэнцыйнымі праблемамі для існых і патэнцыйных карыстальнікаў электрамабіляў у будучыні стане паступовая прававое прыраўноўванне іх да транспарту з рухавікамі ўнутранага згарання, мажлівае павышэнне кошту абавязковага і добраахвотнага страхавання такога транспарту, запаволенае развіццё інфраструктуры пры рэзкім росце колькасці электрамабіляў у краіне.

Адсачыць дакладную колькасць электрамабіляў у Беларусі сёння нялёгка, бо афіцыйныя і неафіцыйныя крыніцы даюць розныя лічбы. Паводле дадзеных Асацыяцыі развіцця электратранспарту «БЭТА», у пачатку верасня 2026 года ў Беларусі зарэгістравана больш за 20 000 электрамабіляў, што можа быць звязана з чаканым заканчэннем квоты на льготу па ўвозе такога транспарту з-за мяжы. Згодна з дадзенымі ДАІ, з пачатку года толькі ў Менску колькасць электрамабіляў павялічылася на 8 000. На 1 кастрычніка, паводле інфармацыі прэс-службы Міністэрства энэргетыкі, у Беларусі зарэгістравана больш за 73 000 электрамабіляў.

Сярод зарэгістраваных у 2026 годзе электракараў лідзіруюць BelGee і Geely, а доля вырабленых у Беларусі складае 27%.

На верасень 2026 года ў Беларусі працуе больш за 2 400 зарадных станцый. Афіцыйныя асобы называюць крыху большую іх колькасць: 2 700 на пачатак верасня, а на канец года іх чакаецца ўжо 3 000.

Мапа зарадных станцый для электрамабіляў у Беларусі, Крыніца

Агульная колькасць аўтамабіляў у Беларусі за перыяд 2021–2025 павялічвалася менш як на 10% у год. Доля электрамабіляў у агульнай масе, адпаведна, вырасла са статыстычна нязначнай да некалькіх адсоткаў.

Пры гэтым электрамабілі наўрад ці прыводзяць да істотных прасторавых змен у горадзе: па габарытах яны падобныя да дызельных аўто і ўліваюцца ва ўжо існы на вуліцах беларускіх гарадоў паток персанальнага транспарту. Разам з тым, электразарадныя станцыі ў перспектыве могуць стаць элементам інфраструктуры кшталту велапарковак, без якога ўявіць ключавыя кропкі прыцягнення ў горадзе будзе цяжка. У гэтым плане персанальная электрамабільнасць можа быць больш візуальна бачнай, чым дызельная.

Асноўныя вехі распаўсюду электрамабіляў у Беларусі

 

А якія перспектывы?

Значная колькасць мерапрыемстваў па развіцці электратранспарту была запланаваная з тэрмінам рэалізацыі да 2025 года. Напрыклад, указам № 292 ад 29.07.2021 (у апошняй рэдакцыі дакумента) апісваліся планы рознай ступені канкрэтыкі, якія датычыліся развіцця іншых кірункаў электрамабільнасці, апроч легкавых электракараў: стварэнне новых вытворчасцяў грузавога і пасажырскага электратранспарту; павелічэнне выпуску электробусаў; павелічэнне долі электратранспарту ў агульным аб’ёме вытворчасці пасажырскіх транспартных сродкаў да не менш як 30% у 2025 годзе і г. д.

Справаздач, дзе б апісваліся рэальныя фактычныя параметры, згодна з якімі былі рэалізаваныя дзяржаўныя праграмы, нам знайсці не ўдалося. Таму па многіх параметрах ацэньваць развіццё электратранспарту без адкрытых дадзеных можна толькі з часам, праз эмпірычнае назіранне.

Будучыня электранспарту ў Беларусі актыўна абмяркоўваецца як спецыялістамі, так і ў СМІ. Агучваюцца амбітныя планы: да 2030 года павялічыць колькасць электракараў у Беларусі да 300 000, а колькасць зарадных станцый — да 16 000. Аднак любыя прагнозы развіцця электрамабільнасці ў Беларусі, хутчэй за ўсё, крытычна залежаць ад ільгот для гэтага тыпу транспарту.

 

А як у суседзяў?

Ва ўсіх суседніх краінах можна адсачыць рост колькасці электрамабіляў за апошнія гады. Тым не менш, тэмпы гэтага росту істотна адрозніваюцца. Ды і калі палічыць суадносіны паміж колькасцю электрамабіляў і насельніцтвам, мы ўбачым непараўнальныя сітуацыі.

У Латвіі з 2021 па 2025 год колькасць электрамабіляў вырасла амаль у 5 разоў і на канец 2025 года складала крыху меней як 15 000 адзінак.

У Літве дынаміка падобная: рост у 5 разоў з 2022 па 2026 гады, аднак з іншымі стартавай і фінальнай лічбамі — 6 000 і больш за 28 000 адпаведна.

Польшча дэманструе яшчэ хутчэйшы рост: з амаль 19 000 у 2021-м да 121 000 электрамабіляў у канцы 2025 года.

Колькасць электрамабіляў у Расеі за 2021-2025 гады таксама імкліва павялічвалася, праўда, крыху павольней, чым у Польшчы, Украіне і Беларусі: з прыблізна 16 500 электрамабіляў у 2021 годзе да прыблізна 80 000 у 2025-м. Пры гэтым першыя месяцы 2026-га таксама прадэманстравалі сур’ёзны рост.

Найбольш хуткі рост колькасці электракараў з суседзяў Беларусі паказвае Украіна — больш як у 10 разоў: з 9 000 у 2021 годзе да 107 000 у 2025 і больш як удвая — да 260 000 — за першае паўгоддзе 2026 года. Варта ўлічваць, што частка электрамабіляў можа эксплуатавацца без украінскай рэгістрацыі, то-бок рэальныя лічбы могуць быць яшчэ вышэйшымі.

У Беларусі, такім чынам, колькасць электрамабіляў за перыяд 2021–2025 расла ўдвая хутчэй, чым у РФ, Латвіі і Літве, а таксама крыху хутчэй, чым у Польшчы. У пераліку на насельніцтва колькасць электрамабіляў у Беларусі вышэйшая за некаторыя краіны Еўразвяза, напрыклад, Грэцыю, Славакію, Італію. Аднак тут трэба мець на ўвазе, што і стартавае значэнне ў Беларусі было невялікім — 4 000 адзінак.

Колькасць электрамабіляў на 100 тыс. чалавек

 

Заключэнне

Вялікую ролю ў стымуляванні вытворчасці і выкарыстання электратранспарту з боку дзяржавы адыгрывае фінансаванне гэтай галіны на нацыянальным узроўні, скіраванае на змяншэнне кошту такога транспарту і стварэнне для яго патрэбнай інфраструктуры, якую звычайна не могуць фінансава адужаць паасобныя арганізацыі. Масавыя продажы электрамабіляў праходзяць з фінансавымі стымуламі для змяншэння кошту транспартных сродкаў: зніжкі, прэміяльныя выплаты ці льготы па транспартным падатку. Праграмы стымулявання часцей за ўсё рэалізуюцца на нацыянальным узроўні, аднак ёсць і выпадкі ініцыятыў з боку рэгіянальных і мясцовых улад. Сітуацыя ў Беларусі, як паказала практыка развіцця электратранспарту, у гэтым сэнсе не выключэнне.

Электратрамабільнасць — трэнд апошніх гадоў з розных прычын, але, відаць, асноўнымі з іх выступаюць фінансавыя (звязаныя як з набыццём, так і з эксплуатацыяй) і ў меншай ступені экалагічныя складнікі.

За кошт эканамічнага стымулявання электрычны транспарт становіцца больш танным пры набыцці і выкарыстанні новай тэхнікі ў параўнанні з транспартам з рухавікамі ўнутранага згарання. У 2026 годзе кожная з краін прапануе уладальні_цам электрамабіляў шэраг бонусаў, напрыклад:

  • субсідыі на набыццё электратранспарту;

  • ільготы ці падатковыя вылікі для фізічных і юрыдычных асоб на набыццё электрамабіляў і стварэнне інфраструктуры для электратранспарту;

  • меншыя кошты за паркоўку ў гарадах;

  • выкарыстанне інфраструктуры грамадскага транспарту (аўтобусных палос) для руху электрамабіляў.

На дзяржаўным узроўні развіццё электратранспарту з павышэннем яго долі ў дарожным руху патэнцыйна вядзе да скарачэння шкодных выкідаў у гарадах, змяншэння шумавой нагрузкі і ў пэўным сэнсе да змяншэння патрэбы ў паліўных рэсурсах і больш актыўнага выкарыстання электраэнергіі, у тым ліку з аднаўляльных крыніц (што актуальна для ўсіх суседзяў Беларусі, апошнім часам нават для Расеі), а таксама «лішняй» энэргіі БелАЭС у выпадку Беларусі. Мажлівым ідэалам на ўзроўні краін можа стаць імкненне настолькі павялічыць долю электратранспарту, каб дасяжных беспраблемных энергарэсурсаў хапала для паўнавартаснага функцыянавання цэлых галін транспарту.

Імклівае развіццё электрамабільнасці ў краінах могуць запавольваць наступныя фактары:

  • адставанне развіцця інфраструктуры для электратранспарту;

  • нявырашаныя пытанні ўтылізацыі ці перапрацоўкі акумулятарных батарэй пасля вычарпання іх рэсурсу;

  • адносна невялікі запас ходу паміж зараднымі станцыямі (электрамабілі добра эксплуатуюцца ў гарадах з вялікай колькасцю паездак на малыя адлегласці, але паездкі на вялікія адлегласці, напрыклад, паміж гарадамі, могуць быць менш зручнымі ў параўнанні з традыцыйным транспартам з рухавікамі ўнутранага згарання);

  • непрадказальнасць дзяржаўнай палітыкі датычна электрамабільных «бонусаў»;

  • асаблівасці эксплуатацыі батарэй пры нізкіх тэмпературах.

Здаецца, пакуль ад бонусаў пры набыцці электратранспарту ёсць пэўная эйфарыя, таму яго колькасць заўважна павялічваецца. Аднак пры гэтым на сёння няма адназначных адказаў на шэраг пытанняў:

  • Калі гэтыя бонусы будуць скасаваныя, ці застанецца электрамабільнасць настолькі ж папулярнай?

  • Ці не створыць электрамабільнасць новых экалагічны праблем, часткова вырашыўшы старыя?

  • Ці не давядзецца праз некалькі гадоў разбірацца з утылізацыяй электратранспарту, на які не знойдуцца новыя батарэі патрэбнага тыпу?

  • Ці будзе існаваць другасны рынак электратранспарту або фактычна ён стане транспартам адн_ой уладальні_цы, які пазней, як ужываны, не будзе патрэбны нікому іншаму?

Пакуль што ў анлайн-прасторы людзі абмяркоўваюць пераважна плюсы і мінусы на момант набыцця такога транспарту, але амаль не разважаюць пра тое, што будзе з машынай праз некалькі гадоў пасля пакупкі. Хаця і новая інфраструктура электрамабільнасці ў беларускім горадзе, і попыт гараджан_ак на яе развіваюцца адносна паспяхова, будучыня гэтага трэнду застаецца досыць непрадказальнай.

 

Чытаць яшчэ:

Next
Next

Міграцыя ў беларускія гарады: новае поле кантрастаў і няроўнасці