Адны больш уразлівыя за іншыя: якія часткі архітэктурнай спадчыны ў найбольшай небяспецы ў Беларусі?

Беларусь не адносіцца да краін з узорнай практыкай захавання архітэктурнай спадчыны. Хутчэй наадварот: мы рэгулярна даведваемся то пра чарговы знос унікальнага будынка, то пра безгустоўную рэстаўрацыю, у ходзе якой пад тынкам знікаюць дэкаратыўныя элементы і мастацкія творы папярэдніх эпох. Аднак не ўсе групы архітэктурных аб’ектаў у гэтай сітуацыі аднолькава безнадзейныя: некаторыя выратаваць шанцаў нават менш, чым звычайна. Што гэта за групы аб’ектаў, чаму менавіта яны рызыкуюць больш за іншыя і як з часам сітуацыя можа змяніцца? 


 

У дзейнасці па ахове культурнай спадчыны ў Беларусі з часам прыходзіць разуменне, што ў бліжэйшай будучыні яе знішчэнне працягнецца і  зберагчы многае не дапаможа ніводзін зварот ці прапанова пра наданне ахоўнага статусу. Аднак важна разумець, што не ўсе катэгорыі архітэктурнай і культурнай спадчыны ўразлівыя ў аднолькавай ступені. Гэты набор катэгорый з найменшымі шанцамі на захаванне − у тэксце мы называем іх «уразлівая спадчына» − з часам змяняецца, у гістарычнай перспектыве нават на адваротны. 

Уразлівая спадчына − гэта культурныя каштоўнасці, якія праз адсутнасць належнай аховы ці няправільную яе інтэрпрэтацыю могуць быць знішчаныя або рэканструяваныя так, што гэта прывядзе да страты імі гістарычных і мастацкіх вартасцей, аўтэнтычнасці задумы, матэрыялаў ці асяроддзя.

Шматгадовы багаты досвед абароны культурнай спадчыны ад навукова не абгрунтаваных змяненняў і фізічнага знішчэння дазваляе вычленіць пэўныя катэгорыі аб’ектаў, якія найбольш цярпяць ад адсутнасці належных прававых механізмаў аховы (і кантролю за гэтай аховай). 

 

Шараговая забудова як аснова гістарычнага асяроддзя

Найбольш масавыя непапраўныя страты мы цярпім у шараговай забудове як у гарадах, так і колішніх мястэчках. Людзі, якія займаюцца будаўніцтвам, вельмі далёкія ад архітэктуры і пагатоў ад разумення неабходнасці яе аховы. Яны забяспечваюць новае будаўніцтва, каб падтрымліваць непарыўную працу шматлікіх арганізацый у гэтай галіне, або зносы, каб, у першую чаргу, зняць з сябе адказнасць за магчымыя няшчасныя выпадкі. Знайсці месца ў такіх важных эканамічна-сацыяльных інтарэсах для аховы спадчыны − задача, так бы мовіць, з зорачкай. 

У беларускім грамадстве застаюцца завышаныя (відаць, разбэшчаныя даступнасцю заходніх краін) чаканні ад гістарычнай забудовы, маўляў, кожная камяніца мусіць быць палацам Пацаў ці хаця б асабняком буйнога прамыслоўца, аформленым, адпаведна, на самым высокім мастацкім узроўні. Але ў рэчаіснасці большая частка забудовы, нават у тых жа гістарычных цэнтрах еўрапейскіх гарадоў, якія бяруцца за  ўзор, складаецца з архітэктуры, на якой у нас ставяць таўро   «малакаштоўнай»; менавіта яна стварае тое асяроддзе, у якое ўпісваюцца ўнікальныя будынкі, яна падтрымлівае дух месца. І якраз гэтае разуменне функцыі захавання асяроддзя цалкам адсутнічае ў Беларусі. 

Часта спадзяванні ўскладаюцца на рэгламенты праекта зон аховы, што абавязкова распрацоўваецца для кожнай (ці некалькіх адразу) гісторыка-культурных каштоўнасцей. Так, многія праекты зон аховы па найбольш значных аб’ектах і па гістарычных цэнтрах вызначаюць «каштоўную забудову» ці «шараговую забудову», захаванне якой заклікана падтрымліваць агульнае ўспрыманне гісторыка-культурнай каштоўнасці. 

Але спадзяванні гэтыя марныя. Па-першае, не ўсе навуковыя кіраўнікі, якія распрацоўваюць гэтыя праекты зон аховы, падыходзяць да сваёй працы добрасумленна: многія проста фармальна адпрацоўваюць невялікія грошы, якія яны атрымліваюць за сваю працу, абсалютна не задумваючыся пра тое, каб «нацягнуць» зоны і рэгламенты на навакольныя культурныя каштоўнасці. Па-другое, фармулёўкі, якія часам выкарыстоўваюцца нават сумленнымі кіраўнікамі, не ідэальныя і маюць уразлівыя месцы, якімі карыстаюцца мясцовыя ўлады і забудоўшчыкі. Так, да прыкладу, на першы погляд добра распрацаваны праект зон аховы гістарычнага цэнтра Гародні, якія вызначае шматлікія будынкі ў горадзе як каштоўныя, не змяшчае для зоны рэгулявання забудовы ніякіх рэгламентаў датычна гэтых будынкаў. То-бок каштоўнасць ёсць, яе значнасць разумецца спецыялістамі, у праекце яна абазначаная, але што з ёй рабіць − не напісана. А калі не напісана, то рабіць можна што заўгодна, менавіта гэтым і скарысталіся пры распрацоўцы праекта рэканструкцыі казармаў па вуліцы Шчорса, якая цалкам знішчае ўсе адметнасці культурных каштоўнасцей.

Па-трэцяе, злачынная халатнасць чыноўнікаў, якім зверху больш-менш данеслі пра гісторыка-культурныя каштоўнасці, але не данеслі пра рэгламенты і праекты зон аховы. Так, ва Уселюбе зруйнавана палова пабудоў сядзібы О’Руркаў, вынішчэнні пачаліся паралельна з зацвярджэннем праекта зоны аховы і працягваліся ў наступныя гады, хаця ў рэгламентах знос гэтых пабудоў быў забаронены. Мясцовыя ўлады, датычныя да знішчэння, аказаліся здольнымі толькі на здзеклівыя адказы на звароты, быццам нехта, акрамя іх, адказвае за захаванне гісторыка-культурнай спадчыны на тэрыторыі Навагрудскага раёна. На паток пастаўлена знішчэнне камяніц, таксама вызначаных як шараговая забудова, і ў Берасці, хаця дэталёва распісана, што з імі рабіць можна, а чаго − не. А ў Мсціславе знішчана сінагога, пры гэтым мясцовы выканкам, нягледзячы на наяўнасць нарматыўнага дакумента, дзе дакладна прапісана забарона на знішчэнне, заявіў, што нічога страшнага не адбылося і асаблівай каштоўнасці будынак не меў. Спіс можна працягваць бясконца. То-бок, дэ-факта ў Беларусі каштоўнасць культурнай спадчыны вызначаюць чыноўнікі, аднак яны не нясуць за гэтай ніякай адказнасці.

 

Незаўважнае драўлянае дойлідства і барацьба з нацыянальнымі комплексамі

Яшчэ больш непатрэбнай для беларусаў, ці то звычайнага абывацеля, ці то высокага чыноўніка ад культуры, з’яўляецца драўляная забудова. Многія звязваюць гэта з «калгаснай траўмай» большасці насельніцтва, якое перажыло агрэсіўныя працэсы ўрбанізацыі, масава перасяліўшыся з вёсак у гарады. Маўляў, не пераняўшы гарадской культуры, бо карэнныя гараджане былі занадта нешматлікімі, каб асіміляваць такую масу новапрыбылых сялян, экс-сяляне засвоілі толькі фармальныя адрозненні вёскі ад горада: мураваную архітэктуру і мала зеляніны. А драўляныя хаты − гэта непрыемны напамін пра ўласную нядаўнюю голую мінуўшчыну, гэтым жа тлумачыцца і нелюбоў чыноўнікаў да дрэваў у гарадах. Такі падыход мне здаецца надуманым, бо суседнія літоўцы і латышы − такія ж вясковыя нацыі, як і беларусы. Тым не менш яны не толькі захоўваюць велізарныя масівы драўлянай забудовы, але і рэстаўруюць, бяруць яе пад ахову: такім прыкладам з’яўляецца віленскі Звярынец, размешчаны літаральна праз раку ад гістарычнага цэнтра, унесенага ў спіс спадчыны ЮНЕСКА. Здавалася б, навошта ахоўваць яшчэ і гэтыя старыя хаты, калі ў вас гістарычны цэнтр прызнаны на міжнародным узроўні? Але такая хібная логіка літоўскімі спецыялістамі, як бачым, не ўжываецца.

У Беларусі ўзятая пад ахову мінімальная колькасць драўляных будынкаў. Так, напрыклад, Магілёў, які, паводле мастацтвазнаўчых крыніц, мае ўласную школу «магілёўскай разьбы», можа пахваліцца толькі адным драўляным (дакладней, драўляна-мураваным) домам з афіцыйным статусам гісторыка-культурнай каштоўнасці. Пры гэтым гістарычны цэнтр горада з усіх бакоў атачае шчыльная драўляная забудова, дзе захавалася нямала дамоў пачатку мінулага стагоддзя, багата дэкараваных архітэктурнай разьбой, але яе існаванне ігнаруецца. Рэгулярна адбываюцца зносы найбольш захаваных узораў мясцовага дойлідства. Раней, за часамі дырэктара Аляксея Бацюкова, спецыялісты Музея гісторыі Магілёва выносілі каштоўныя рэчы і забіралі фрагменты дэкору з будынкаў, якія падлягалі зносу, але нават гэта нельга лічыць захаваннем архітэктурнай спадчыны, бо страчваецца цэласнасць помніка, якую фрагменты ніколі не заменяць. 

Веткаўскі музей правёў у 2021 годзе ў Гомелі ратавальны дэмантаж унікальнага мадэрнавага кранштэйнавага ганка са стрэшкай лучковага абрысу. Сам дом па вуліцы Галіны Дакутовіч, 24 быў знесены. 

Цэлымі вуліцамі вынішчаецца драўляная забудова ў Гомелі. Пры гэтым мастацкія якасці гэтай забудовы настолькі высокія, што яна фігуруе ва ўсіх даследаваннях па беларускім народным дойлідстве, але ў ёй абсалютна не зацікаўлены горад, які лепіць на яе месцы шматкватэрныя жылыя будынкі. 

Паказальны прыклад гістарычнага цэнтра Бабруйска, абвешчанага гісторыка-культурнай каштоўнасцю зусім нядаўна: гэта адбылося ў лістападзе 2022 года пасля таго, як на гэтым пасля зваротаў свядомых грамадзян настаяла Міністэрства культуры. Мясцовыя ўлады за год да гэтага адказвалі, што нічога каштоўнага ў горадзе для ўзяцця пад ахову няма, а тут раптам цэлы гістарычны цэнтр назбіраўся. Аднак у гэты гістарычны цэнтр не ўключылі і паловы гістарычнай забудовы, якая была выяўлена і нанесена на гісторыка-архітэктурны план у складзе генплана Бабруйска за некалькі гадоў да гэтага. А з драўлянай забудовы не патрапіў ніводзін будынак, хоць збераглося іх нямала. Ужо ўлетку 2021 года пры фіксаванні забудовы ўласнымі сіламі не выявілі адзін з драўляных будынкаў мясцовай гімназіі, які яшчэ прысутнічаў на гэтым плане: ён не адрозніваўся нейкімі мастацкімі вартасцямі, але меў гістарычнае значэнне для горада, што, аднак, яго не ўратавала. 

Адным са сродкаў захавання драўлянай забудовы лічыцца стварэнне скансэнаў, музеяў пад адкрытым небам, куды перавозяць гістарычныя пабудовы, калі іх захаванне па ранейшым месцы знаходжання не ўяўляецца магчымым. У Беларусі дзейнічае некалькі невялікіх прыватных скансэнаў і толькі адзін дзяржаўны − гэта Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту, у аснову якога пакладзены рэгіянальны прынцып. Але праблема гэтага музея заключаецца ў тым, што праз адсутнасць фінансавання цэлыя рэгіёны: Усходняе і Заходняе Палессе, Панямонне (то-бок палова Беларусі) − не прадстаўлены зусім, а іншыя прадстаўлены толькі часткова. Найбольш поўна рэпрэзентуецца хіба што Цэнтральная Беларусь. Самі аб’екты за дзесяцігоддзі захоўвання ў разабраным выглядзе, хутчэй за ўсё, ператварыліся ў труху. Таксама гэты музей займаецца амаль выключна зборам сельскай архітэктуры, не надаючы ўвагі архітэктуры гарадской. У музея ёсць філія на Паўночным завулку ў Менску, але такіх філій няма ні ў Гомелі, ні ў Магілёве, ні ў Новым Свеце ў Гародні, дзе драўляная архітэктура куды больш каштоўная па сваіх вартасцях. 

Архітэктар Яўген Лакотка звяртае ўвагу на неабходнасць стварэння сеткі скансэнаў у рэгіёнах. Гэта сапраўды важна, бо дзіўнай выглядае  сітуацыя, калі пабачыць аўтэнтычную архітэктуру свайго рэгіёна можна толькі выехаўшы ў іншы. 

Не займаецца Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту і выратаваннем тых аб’ектаў, якім пагражае знос проста зараз. Так, ён адмовіўся перавозіць да сябе старасвецкі магілёўскі дом з Карабанаўскай вуліцы, а таксама сядзібу Арліцкіх з в. Двор-Гомель Полацкага раёна, прыкрываючыся нейкім зацверджаным генпланам.

З апошняй атрымалася асабліва паказальна. Фактычна навукоўцы з нацыянальнага запаведніка ў Полацку дамагліся надання гэтаму будынку статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці, але, калі прапанова патрапіла ў Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, адтуль прыйшоў адказ-заключэнне ў адзін радок(!), што, на іх думку, надаць сядзібе ахоўны статус праз дрэнны стан не ўяўляецца магчымым. Тут варта адзначыць, што стан культурнай спадчыны адсутнічае сярод крытэрыяў надання ахоўнага статусу. Але Віцебскі абласны савет па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны, абапіраючыся на гэтае заключэнне, адмовіў у прысваенні статусу, праўда, давёўшы да мясцовых уладаў меркаванне асобных членаў, што сядзібу трэба захаваць. Праз некалькі месяцаў сядзіба была знішчана мясцовымі ўладамі. 

Гэты выпадак яскрава паказвае, што дзве ўстановы, якія па сваёй сутнасці маглі б і мусілі паспрыяць захаванню драўлянага помніка, або не бачылі ў ім каштоўнасці, або не хацелі з ім важдацца. 

Мы не маем практычна ніякага ўяўлення, якія зносы адбываюцца ў вёсках і невялікіх гарадках. У большасці выпадкаў драўляная забудова застаецца па-за ўвагай падарожнікаў, не існуе нейкага руху за захаванне драўлянай спадчыны. За апошні час з’явілася толькі некалькі груп у фэйсбуку кшталту «Ліштвы», а таксама сайт «Дрэва.бай», але нельга сказаць, што яны займаюцца абаронай дойлідства і актыўнай яго папулярызацыяй. Хутчэй, гэта проста фіксатарства, хаця і з яго патэнцыйна можа вырасці ахоўніцкі рух.

 

Індустрыяльная спадчына

Трэцяй важнай уразлівай групай гістарычнай архітэктурнай спадчыны з’яўляецца індустрыяльная спадчына. Да яе варта адносіць як уласна прамысловыя будынкі (заводскія цэхі), так і спадарожныя тэхнічныя збудаванні, якія могуць быць наўпрост не звязанымі з вытворчасцю, але ў мінулым забяспечвалі індустрыяльнае развіццё: воданапорныя вежы пры чыгунцы, старыя слупы ліній электраперадач, шлюзы, дамбы і шмат чаго іншага.

Тое, што гэтыя будынкі і збудаванні могуць мець нейкую каштоўнасць, акрамя чыста ўтылітарнай, для многіх шакавальнае адкрыццё. З усёй пералічанай спадчыны менавіта індустрыяльная з’яўляецца, бадай, найбольш уразлівай. Гэтаму спрыяе некалькі фактараў, якія выводзяцца не столькі з сучаснага ўзроўню развіцця грамадства, колькі з самой сутнасці і першапачатковага прызначэння такой архітэктуры.

Прамысловая архітэктура ўзнікла даволі позна, паколькі прамысловая рэвалюцыя, зарадзіўшыся ў апошняй траціне XVIII стагоддзя, ахапіла ўвесь свет толькі ў першай палове XIX стагоддзя. На Беларусі ёсць індустрыяльныя помнікі гэтага перыяду, але збольшага яны прадстаўлены рэдкімі будынкамі мануфактур ці броварамі ды млынамі пры панскіх сядзібах. Амаль на працягу ўсяго XIX стагоддзя беларускія землі заставаліся выключна аграрнымі, пазбаўленымі якога-кольвек значнага прамысловага развіцця, таму прамысловыя аб’екты гэтага перыяду складаюць нязначную частку агульнай спадчыны. Пагатоў балюча назіраць за стратамі ў гэтай катэгорыі.

Архітэктура прамысловых збудаванняў, не маючы ўласнай мовы выразнасці, доўгі час працягвала паўтараць архітэктуру жылых і грамадскіх збудаванняў, таму ўсе меркі каштоўнасці, якія прымяняюцца да апошніх, прымяняюцца і да прамысловай спадчыны. Праўда, з пачаткам XX стагоддзя прамысловая архітэктура пачынае ісці сваім шляхам, яе рысы становяцца менш дэкаратыўнымі, больш утылітарнымі, але пры гэтым выразнасці яна не страчвае, як не страчвае выразнасці канструктывізм у параўнанні з гістарызмам. Але ў свядомасці людзей застаецца лякала, што каштоўная толькі тая індустрыяльная спадчына, якая найбольш падобная да неіндустрыяльнай.

Каштоўнасць індустрыяльнай спадчыны зусім не толькі ў архітэктурным дэкоры, але і ў тым, што яна − важнае сведчанне індустрыяльнага развіцця горада, рэгіёна ці краіны. І гэтая ідэя пакуль не знайшла амаль ніякага водгуку ў грамадстве. Хіба што да назвы нейкага аб’екта можна дадаць «першы», напрыклад, першая электрастанцыя, тады яе каштоўнасць становіцца крыху больш відавочнай. Але гэты крытэрый таксама памылковы, бо другая, трэцяя, дзясятая могуць мець куды большае значэнне за першую. Знішчэнне сведчанняў індустрыяльнага развіцця краіны дапамагае замацаванню ўспрымання краіны выключна як сельскага, адсталага мядзведжага кута, адарванага ад сусветных тэндэнцый. 

Гэтаксама як масавае знішчэнне храмаў і цэлых кварталаў за савецкім часам пакінула нам комплекс другаснасці нашай культуры, знішчэнне індустрыяльнай спадчыны пакідае комплекс спрадвечнай эканамічнай адсталасці. 

Другім фактарам пасля неразумення каштоўнасці матэрыяльных сведчанняў індустрыяльнага развіцця з’яўляецца цяжкадаступнасць прамысловых аб’ектаў для наведвання і выключанасць з турыстычных шляхоў. Цяжкадаступнасць часткі індустрыяльных помнікаў, напрыклад гаспадарчых двароў пры былых сядзібах, тлумачыцца часта аддаленасцю ад асноўных дарог, з іншага боку − у большасці выпадкаў гэтыя аб’екты працягваюць выкарыстоўвацца па прызначэнні або знаходзяцца на тэрыторыі дзеючых прадпрыемстваў, доступ куды з вядомых прычын жорстка абмежаваны. 

Цікавы выпадак  комплексу цэментнага завода ў г.п. Краснасельскі Ваўкавыскага раёна. Краснасельскі найперш вядомы крэйдавымі кар’ерамі з незвычайным колерам вады, а зусім не сваёй гістарычнай спадчынай. Але ў апошнія гады вытворчасць была перанесеная на іншую пляцоўку, а на гістарычнай пачалася зачыстка. Тады ж знік і жорсткі кантроль за тэрыторыяй. Пасля зносу пасляваенных цэхаў выявілася, што ў аснове комплексу велізарная  «прамысловая базіліка» 1914 года, пабудаваная для патрэб фронту ў Першай сусветнай вайне, яе фасады выкананыя на высокім узроўні ў даволі рэдкім для Беларусі стылі паўночнага мадэрну. 

Аб’ект не быў уведзены ў навуковы абарот, ніколі не згадваўся ні ў адной навуковай публікацыі. Пра яго стала вядома толькі таму, што індустрыяльная спадчына валодае яшчэ адной важнай асаблівасцю − атракцыйнасцю, якая ў нас пакуль ігнаруецца, а ў заходніх краінах з’яўляецца крыніцай прыбытку для рэгіёнаў, якія зведалі моцную дэіндустрыялізацыю. Закінутыя будынкі заўсёды вабяць людзей, нават калі там няма анічога, акрамя прагнілых падлог і разводаў на сценах, але закінутыя прамысловыя будынкі − гэта зусім іншыя прасторы. Па-першае, яны звычайна большыя за чалавечы маштаб, што прадыктавана тэхналогіяй вытворчасці, і гэта само па сабе робіць моцнае ўражанне. Па-другое, прамысловая архітэктура насычаная рэшткамі тэхналагічнага начыння, пра прызначэнне якога наведвальнік можа толькі здагадвацца. І гэтае начынне, частковая рухомасць яго элементаў, незвычайны (футурыстычны) выгляд, фантазіі пра тое, як гэта ўсё выглядала ў часы, калі працавала, − моцны фактар прыцягнення. 

Задні фасад галоўнага будынка Краснасельскага завода, пабудаванага ў 1914 годзе.

Нягледзячы на тое, што Краснасельскі завод не мае патрэбы ў забудове старога ўчастка, на нашыя довады пра яго гістарычнае значэнне, звязанае з дзвюма сусветнымі войнамі і пасляваенным развіццём рэспублікі, унікальнасць па маштабе, часе пабудовы і архітэктурных вартасцях і вялікі патэнцыял у індустрыяльным турызме, які б прынёс рэгіёну дадатковы прыбытак, абласныя чыноўнікі і савет па пытаннях спадчыны не знайшлі прычын браць уласнасць дзяржаўнага прадпрыемства пад ахову. Працягваецца або ўжо завершаны яго знос. 

Паабяцалі захаваць толькі воданапорную вежу, то-бок сотую частку ўсяго комплексу. Дарэчы, воданапорныя вежы сапраўды займаюць асобнае месца ў катэгорыі прамысловых збудаванняў, што, на маю думку, звязана з «рамантызацыяй» вежаў. Пры агульнай бескарыснасці ў наш час (яны больш не выкарыстоўваюцца па прызначэнні, а рэканструяваць іх даволі цяжка), яны займаюць малую плошчу і застаюцца запамінальнай дамінантай на пэўнай тэрыторыі, да якой маюць прыязныя пачуцці мясцовыя жыхары, таму іх рэдка чапаюць.

Дакладней так: мы бачым мала прыкладаў зносу такіх збудаванняў, бо, як адзначалася вышэй, прамысловыя тэрыторыя звычайна закрытыя для наведвальнікаў, часта ўвогуле ахоўваюцца ваеннай таямніцай, таму іх нельга нават фатаграфаваць. Да такіх належыць чыгуначная інфраструктура, дзе захавалася вельмі шмат цікавых аб’ектаў, але кантроль за імі, не кажучы пра ахову, абцяжараны юрыдычнымі абмежаваннямі. Нагадаю, што для падрыхтоўкі на наданне статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці патрэбная фотафіксацыя будынка з усіх бакоў. Відавочна, справа ператвараецца ў безнадзейную, калі для фотафіксацыі вам неабходна дамовіцца з уласнікам прадпрыемства, які не зацікаўлены ў статусе і бачыць у вас дзівака ці шпіёна, або з сілавымі ведамствамі. Такім чынам, прамысловая спадчына ў пераважнай большасці пазбаўлена юрыдычных магчымасцей быць узятай пад ахову.

 

Савецкі мадэрнізм

Апошняй, чацвёртай катэгорыяй уразлівай спадчыны можна назваць савецкі мадэрнізм, які ахоплівае дастаткова працяглы час з 1960-х па 1990-я гады. Праблема гэтага архітэктурнага перыяду палягае ў дзвюх рэчах: ён яшчэ занадта малады, каб пачаць адназначна ўспрымацца як спадчына, якая падлягае ахове, а таксама нясе цяжкае таўро палітызаванасці, якая выражаецца адзіным ёмістым тэрмінам − «савок». 

Нягледзячы на тое, што такая ж архітэктура з’яўлялася ў краінах Захаду, а шмат дзе помнікі гэтага кірунку ўжо ўзятыя пад ахову, для беларускага абывацеля савецкая мадэрніцская архітэктура застаецца таталітарнай, тыпавой, пазбаўленай індывідуальнасці, вартай толькі знішчэння і перабудовы. Сапраўды, за доўгі час панавання мадэрнізму як стылю, які заказвала савецкая дзяржава (адзіны заказчык, што не дзіўна), насельніцтва ад яго вельмі стамілася. Таму адразу пасля развалу СССР людзі кінуліся ў крайнасці, няўмела выкарыстоўваючы даўно забыты дэкор, яркія колеры і будуючы нефункцыянальную, перагружаную архітэктуру, якую мы цяпер называем постмадэрнізмам. 

Адзін з найлепшых прыкладаў (пост)савецкага мадэрнізму, Палац Рэспублікі, стаў ахвярай усеагульнай нянавісці праз нясвоечасовасць узвядзення і палітычную барацьбу. 

Ахвярай гэтага развароту стаў, напрыклад, Палац Рэспублікі ў Менску − вельмі ўдалае па сваіх габарытах і архітэктуры збудаванне, якое дагэтуль застаецца ненавісным, у тым ліку сярод прафесіяналаў-архітэктараў. Справа ў тым, што палац быў савецкім праектам у духу старога мадэрнізму, які з развалам СССР ператварыўся ў даўгабуд і быў завершаны Лукашэнкам насуперак меркаванню тады яшчэ моцнай апазіцыі, якая прапаноўвала проста засыпаць падмуркі. 

Вось паказальны памфлет 1989 года ад мастацтвазнаўцы Валерыя Буйвала, які тут выступае хутчэй як член БНФ «Адраджэнне», а не як навуковец. Буйвал не толькі накідвае на «галоўную новабудоўлю Рэспублікі» трагедыю з паштамтам у Кіеве, называючы іх братамі і ссоўваючы акцэнт на сталінскую архітэктуру, што «працягвае забіваць», але і прамаўляе сакральныя для менчукоў: пачварнасць, чужароднасць, антыгуманнасць, «саркафаг». Такое дзіўнае слова, як саркафаг (чаму не маўзалей?), можна патлумачыць аналогіяй з бетонным збудаваннем над чацвёртым энергаблокам Чарнобыльскай АЭС, узведзеным у 1986 года пасля ўзрыву 4-га рэактара. Ізноў жа, яно носіць ідэалагічны, антысавецкі сэнс, а не проста акцэнтуецца на хібах архітэктуры.

Трэба адзначыць, што за 2010-я гады нашыя гарады ў адзін момант страцілі большую частку грамадскай і жылой мадэрнісцкай архітэктуры, бо гэтыя будынкі дагэтуль актыўна выкарыстоўваюцца па сваім першапачатковым прызначэнні, але ўжо патрабуюць капітальнага рамонту. І такія рамонты робяцца па прынцыпе найбольшай энергетычнай эфектыўнасці і найменшых затрат. Да гэтага далучаецца той факт, што рамонтамі займаюцца звычайна менш адораныя і адукаваныя спецыялісты (якія, адпаведна, бяруць найменш грошай, што важна для дзяржаўнага заказчыка), чым тыя, якім кампаніі ці буйныя арганізацыі давяраюць будаўніцтва з нуля. У выніку, не маючы ні бачання, ні разумення, ні абмежаванняў аніякімі рэгламентамі, праектанты проста нявечаць якасную савецкую архітэктуру, пакідаючы ў цэнтры гарадоў таннае «страхоцце». Так, у Мінску былі фактычна страчаны мастацкія вартасці (дарагое аздабленне фасадаў з натуральнага каменю, кантраст фактуры шкла і бетону, вітражы, мазаічныя падлогі і інш.) будынкаў Інстытута меліярацыі, Белпрампраекта, Інжынернага корпуса Мінскага завода халадзільнікаў, комплексу Беларускага інстытута фізкультуры, «Дом кіно», быў знесены павільён ВДНГ БССР.

Рэканструкцыі закранаюць не толькі фасады, якія абшываюцца аднатыпнымі вентфасадамі і зашкляюцца глухімі каляровымі вітражамі, але і інтэр’еры, на сметнікі вывозяцца творы дэкаратыўна-манументальнага мастацтва, што, як пісалася вышэй, парушае заканадаўства. 

Пагроза навісла нават над кінатэатрам «Масква», які ўваходзіць у ансамбль праспекта Пераможцаў, калі ў 2019 годзе яго выразны фасад з залай, што кансольна выступае наперад, прапанавалі ў рамках рэканструкцыі «апрануць» у прыгожы шкляны куб. Па маім уласным адчуванні, менавіта ў гэты момант намеціўся пералом у грамадскай думцы наконт савецкай спадчыны. Калі раней усе рэканструкцыі праходзілі незаўважна і іх вынік прымаўся па факце, у гэтым выпадку грамадскасць выступіла рэзка супраць. 

Відавочна, шмат у чым на грамадскую думку ўплывае некалькі фактараў:

Па-першае, змянілася насельніцтва, на пярэдні план выйшлі пакаленні, якія не засталі СССР і не асацыююць савецкі мадэрнізм з уласным досведам галечы і дэфіцыту  савецкіх часоў. Новае пакаленне разглядае архітэктуру з гледжання яе эстэтычных вартасцей, а не праз ідэалагічную прызму. У людзей, якія засталі савецкую імперыю ў маладым узросце, але не адчулі на сабе яе ідэалогіі, ужо пачала з’яўляцца настальгія па былых часах, якая праяўляецца як у кінематографе, так і ў звароце да тагачаснай архітэктуры.

Па-другое, у гэтай справе вельмі дапамагла пазіцыя заходніх грамадзян, якія лічаць гэтую архітэктуру адной з найбольш цікавых частак нашай спадчыны. Шматлікія публікацыі, блогі і якасныя фотаздымкі «саўмада» (савецкага мадэрнізму) даходзяць да мясцовых абывацеляў, якія пранікаюцца гонарам за тое, на што раней зусім не зважалі.

Самі людзі сталі больш падарожнічаць па іншых краінах і, да свайго здзіўлення, знаходзіць аналагічную мадэрнісцкую архітэктуру, якая можа суседнічаць з гістарычнай архітэктурай, што моцна ўплывае на прыязнасць да ўласнага «саўка», які выглядае ўжо не так жудасна, напрыклад, у параўнанні з недарэчнымі ружовымі вежачкамі банка, пабудаванага ў 1990-2000-х, нават эстэтычна дасканала.

Прыклад «саўмада» паказвае, наколькі пластычнымі з’яўляюцца нашы ўяўленні пра тое, што такое культурная каштоўнасць і як гэтае азначэнне павольна, але няспынна працягвае пашырацца. Гэтая эластычнасць дае шанец пры правільных захадах, папулярызацыі архітэктурнай спадчыны, пераламаць тое неразуменне, якое ўзнікае ў дачыненні да шараговай архітэктуры, драўлянага дойлідства, індустрыяльнай і іншай уразлівай спадчыны. Паказальна, як маргіналізавалася тое, што было ў сярэдзіне XX стагоддзя для грамадства нармальным: знішчэнне храмаў, у тым ліку лічаных помнікаў старажытнарускай архітэктуры, ці пераабсталяванне іх у свінарнікі, знос цэлых кварталаў для новых праектаў, спальванне сядзібных дамоў і г.д. Храмы, напрыклад, здабылі пасля аднаўлення рэлігійнага жыцця ў краіне дадатковую сакральную каштоўнасць, што забяспечвае ім захаванасць пры любым, нават самым руінаваным стане. Гэтак жа перавярнуцца можа і стаўленне да іншых катэгорый спадчыны, на якія сёння грэбліва не звяртаюць увагі.

 

Праблема вызначэння каштоўнасці спадчыны ў Беларусі

У Беларусі існуе толькі адна ступень аховы помнікаў − статус гісторыка-культурнай каштоўнасці. Паводле Кодэкса аб культуры Беларусі, гісторыка-культурная каштоўнасць − гэта культурная каштоўнасць, якая мае адметныя духоўныя, мастацкія, дакументальныя, архітэктурныя і (або) канструктыўныя вартасці і якой нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці. А ахова гісторыка-культурнай спадчыны ўключае сістэму мер, «накіраваных на вылучэнне культурных каштоўнасцей для надання статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці, наданне ім статусу, улік, захаванне, аднаўленне, утрыманне і выкарыстанне [...] у мэтах зберажэння і памнажэння гісторыка-культурнай спадчыны і стварэння ўмоў для яе перадачы наступным пакаленням».

Ёсць вызначэнне культурнай каштоўнасці як створаных (пераўтвораных) чалавекам або цесна звязаных з яго дзейнасцю матэрыяльных аб’ектаў і нематэрыяльных праяўленняў творчасці чалавека, якія маюць гістарычнае, мастацкае, навуковае або іншае значэнне. Але ў Кодэксе няма паняцця «аховы культурнай спадчыны», нягледзячы на тое, што па вышэй прыведзеным вызначэнні такія аб’екты маюць значэнне для грамадства.

Фактычна аховай гісторыка-культурнай спадчыны называецца выцягванне значных для грамадства аб’ектаў з бяспраўнага поля «проста» культурных каштоўнасцей у рэгламентаванае тым жа Кодэксам поле гісторыка-культурных каштоўнасцей. Але адсутнічае прававая аснова для сістэматычнай працы з культурнымі каштоўнасцямі, якая б дазволіла вызначыць іх адметнасць і вылучыць іх для надання ахоўнага статусу. Усе культурныя каштоўнасці без статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці ўразлівыя.

У рэгіёне працэс вызначэння гісторыка-культурнай каштоўнасці і яе аховы рэгулююць па-рознаму. Ва Украіне ёсць заканадаўчае вызначэнне аховы культурнай спадчыны і досыць дэталёвае апісанне таго, што можа ёй быць, а таксама таго, хто ініцыюе ды ажыццяўляе наданне аб’ектам дадзенага статусу. У Літве пэўны пералік нерухомых аб’ектаў (напрыклад, старажытныя паселішчы або могілкі) мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасці аўтаматычна, а прысваенне такога статусу астатнім аб’ектам патрабуе згоды ўласніка (калі толькі аб’екту не пагражае знішчэнне). У Расіі, напрыклад, існуе такое паняцце, як «выяўлены аб’ект культурнай спадчыны», які бярэцца пад ахову да ўсталявання яго сапраўднай каштоўнасці і надання (ці ненадання) яму афіцыйнага статусу. З такім статусам помнік можа існаваць дзесяцігоддзямі. 

Само паняцце культурных каштоўнасцей вельмі шырокае, і межы яго чыста суб’ектыўныя, у кожнага чалавека яны будуць рознымі. Напрыклад, хтосьці з палітычных меркаванняў не лічыць культурнымі каштоўнасцямі бетонных Леніных на плошчах кожнага першага райцэнтра, а нехта не бачыць каштоўнасці ў сялянскай культуры, бо рос па-за гэтым кантэкстам. 

Відавочная праблема тут − у адсутнасці прамежкавага звяна, якое б вызначалася  больш аб’ектыўнымі параметрамі і мела мінімальную абарону з боку дзяржавы, каб можна было дыктаваць уласнікам неабходнасць зберажэння тых ці іншых вартасцей, калі гаворка не ідзе пра навуковую рэстаўрацыю.  Надзіва, у Беларусі існуе цэлая катэгорыя аб’ектаў з такім статусам − гэта творы дэкаратыўна-манументальнага мастацтва. Заканадаўства датычна гэтай катэгорыі культурнай спадчыны было быццам бы наноў выяўлена ахоўнікамі спадчыны ў чэрвені 2022 года, калі была затынкаваная мазаіка на гімназіі № 15 па вуліцы Максіма Багдановіча ў Менску. Фактычнае знішчэнне савецкай мазаікі 1973 года, якая, відаць, адлюстроўвала палёт касманаўта, выклікала надзвычай вострую рэакцыю ў грамадстве. За абурэннем уласніка і ініцыятара прац («будзе шэранька») пайшлі няўцямныя апраўданні сканфужаных мясцовых уладаў: ім не прыйшло ў галаву, што для некага мазаіка можа быць каштоўнасцю. Яшчэ больш трагічны выпадак адбыўся з мазаікамі «Прыгажосць уратуе свет», створанымі ў 1989-1990 гадах мастаком Рыгорам Кірдзеем на тарцах будынка ў Бярозе: іх проста збілі. Тут таксама мясцовым уладам давялося няёмка апраўдвацца і ціснуць на бацькоўскія пачуцці, маўляў, праз дрэнны стан мазаікі маглі абрынуцца дзеткам на галовы.

Незаконнае знішчэнне мазаікі «Прыгажосць уратуе свет» у Бярозе. 

Прычым у абодвух выпадках чыноўнікі ігнаравалі той факт, што на гэтыя творы распаўсюджваецца дзеянне палажэнняў Пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь № 1374 ад 19 верасня 2008 года «Аб некаторых пытаннях стварэння (рэканструкцыі) і прыёмкі твораў манументальнага і манументальна-дэкаратыўнага мастацтва», паводле якой рэканструкцыя твораў дэкаратыўна-манументальнага мастацтва можа праводзіцца толькі на падставе экспертнага заключэння. Пры гэтым пад рэканструкцыяй разумеецца ў тым ліку перамяшчэнне на іншае месца, а знішчэнне не прадугледжана ўвогуле, бо гэта вандалізм па прамым яго вызначэнні і ён караецца паводле зусім іншых законаў. Справу ў абодвух выпадках замялі, бо ў Беларусі дзяржаўныя органы не ідуць супраць дзяржаўных органаў, калі справа тычыцца такіх дробязяў, як знішчэнне культурных каштоўнасцей і духу месца. 

Але менавіта гэтыя выпадкі дазволілі выявіць у Пастанове Савета Міністраў карысныя палажэнні, якія дазваляюць аргументавана змагацца з легалізаваным вандалізмам. Пастанова называе досыць канкрэтныя, даволі аб’ектыўныя крытэрыі, паводле якіх нейкі аб’ект можа быць аднесены да твораў манументальна-дэкаратыўнага мастацтва. Да іх аднесены творы, прысвечаныя важнай гістарычнай ці іншай падзеі, знамянальнай даце або вядомай асобе, знакамітаму дзяржаўнаму, палітычнаму, грамадскаму, ваеннаму дзеячу, дзеячу навукі, літаратуры, культуры і мастацтва, а таксама статуі, рэльефы, дэкаратыўна-аздабленчыя формы, мемарыяльныя (інфармацыйныя) пліты, скульптурная арнаментацыя будынкаў і іншыя скульптурныя формы, што маюць самастойнае значэнне ці выконваюць ролю архітэктурных элементаў, якія прызначаны для аздаблення фасадаў і інтэр’ераў, збудаванняў, ландшафтна-прыроднага асяроддзя, плошчаў, вуліц, маюць дэкаратыўны характар, канкрэтызуюць архітэктурны вобраз. А яшчэ − вітражы, роспісы, манументальна-дэкаратыўныя тканіны, мазаікі і іншыя творы, якія ствараюцца ў арганічнай узаемасувязі з прадметна-прасторавым, у першую чаргу архітэктурным, асяроддзем для аздаблення інтэр’ера і экстэр’ера будынка.

То-бок канкрэтна напісана, што вось такія і такія аб’екты мы лічым каштоўнымі апрыёры, таму вы павінны кіравацца палажэннямі дадзенай Пастановы. Пры гэтым відавочна, што да апошняга часу яна заставалася чыста дэкларатыўнай і ніколі не прымянялася на практыцы, за выключэннем палажэнняў, што тычацца стварэння новых манументальных твораў. 

Нізкая прававая культура вельмі характэрная для бюракратычнага апарата амаль на ўсіх узроўнях, яна часам мяжуе з поўнай некампетэнтнасцю ў нейкай галіне тых, хто адказвае за гэтую галіну па сваіх прамых абавязках. Ёсць прэцэдэнты, калі аддзел культуры мясцовага выканкама піша ў адказе на зварот, што мазаіка не з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю і ні ў якія пералікі твораў манументальнага мастацтва яна не ўнесена. Аднак пазней Мінкультуры тлумачыць, што ніякіх пералікаў твораў манументальнага мастацтва не існуе, а палажэнні Пастановы мусяць выконвацца для ўсіх твораў у тэхніцы мазаікі. Апошні прыклад − на пытанне пра знікненне памятнага знака ў гонар паўстання 1863 года з чыгуначнага вакзала ў Гародні гарадскія чыноўнікі не змаглі адказаць нічога: ні куды, ні навошта, ні хто ўзгадніў, толькі, што «не валодаюць інфармацыяй аб тым, што знак аднесены да твораў дэкаратыўна-манументальнага мастацтва». Калі чыноўнікі ад культуры ў буйным абласным цэнтры ніколі не адкрывалі заканадаўства, па якім маюць працаваць, не выпадае чакаць кампетэнтнасці ад чыноўнікаў узроўнем ніжэй.

Але існуе магчымасць паўплываць на захаванне культурных каштоўнасцей нават праз тры інстанцыі. Так, Міністэрства культуры ўсё ж абавязала пасля зваротаў захаваць першую ў Бабруйску мазаіку, створаную ў 1972 годзе мясцовым мастаком Сямёнам Абрамавым на будынку хірургічнага корпуса Гарадской бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі імя У. В. Марзона, які падлягае зносу. Невядома, як выканаюць гэтае даручэнне мясцовыя ўлады, якія раней сцвярджалі, што зняць мазаіку з будынка немагчыма, але адназначнасць вызначэнняў у Пастанове дае магчымасць пераламіць супраціў на месцах і зрабіць уважлівае стаўленне да сваёй манументальнай спадчыны нормай, а не адзінкавым прэцэдэнтам.

Мазаіка на бабруйскай бальніцы, якую пасля некалькіх зваротаў паабяцалі захаваць.

З іншай культурнай спадчынай справа нашмат больш складаная. Можна толькі ўявіць, які б плён дала аналагічная пастанова па нерухомых матэрыяльных каштоўнасцях, у першую чаргу архітэктурных. Калі б было выразна акрэслена, як з творамі манументальна-дэкаратыўнага мастацтва, што панскія сядзібы, гаспадарчыя двары пры іх, камяніцы канца XIX −  першай паловы XX стагоддзя, найбольш важныя грамадскія збудаванні савецкага мадэрнізму, драўляныя хаты з разьбяным дэкорам і іншае мы лічым «творамі архітэктуры» (бо «помнікамі архітэктуры» паводле Кодэкса аб культуры могуць называцца толькі гісторыка-культурныя каштоўнасці) і ў дзейнасці на іх і іхнай тэрыторыі трэба кіравацца нейкімі правіламі, гэта карэнным чынам змяніла б усю практыку аховы культурнай спадчыны ў Беларусі. 

Пакуль жа мы маем сітуацыю, калі савецкі вітраж фармальна ахоўваецца па факце свайго існавання, а местачковая сінагога ў цагляным стылі −  не. 

 

Чытаць яшчэ:

Previous
Previous

Belarus' Endangered Buildings: Why Some Are More Vulnerable Than Others

Next
Next

A New Image with an Old Twist: The Orientalist Implications of Eastern Europe's Social Block Architecture