«‎Дружба народаў»‎? Гісторыя аднаго міфу ў савецкай архітэктуры

Ідэалагема «Дружба народаў» аказалася эфектыўным інструментам знешняй і ўнутранай савецкай палітыкі. «Дружбу народаў» афіцыйна зафіксавалі ў Канстытуцыі 1936 года і ў савецкім гімне. Праявы дружбы можна было сустрэць практычна паўсюль: у гарадскім планаванні — паркі Дружбы народаў; у архітэктуры —  узведзены ў Варшаве гмах Палаца навукі і культуры і нерэалізаваны праект падобнага гмаху ў Менску; у тапаніміцы — вуліцы Дружбы і праспекты Міру; у літаратуры, музыцы, кіно. Натуральна, пра дружбу распавядалі і розныя манументальныя аб’екты, напрыклад: мемарыяльны комплекс у п. Леніна, арка Дружбы на Ваенна-Грузінскай дарозе, фантаны «Дружба народаў» на ВДНГ і на Майдане ў Кіеве.


 

Уводзіны: што такое «Дружба народаў»

Савецкая сістэма даволі паспяхова стварала ідэалагічныя канструкты і канструявала разнастайныя сацыяльныя міфы: дружба народаў, шчаслівае дзяцінства, космас, светлая будучыня, у якую немагчыма трапіць без пераадолення цяжкасцяў у сучаснасці. Цяжкасці рамантызаваліся, працоўныя і навуковыя дасягненні ператвараліся ў гераічны подзвіг. Канструкты і ідэалагемы змешваліся: так, космас мусіў стаць ідэальнай прасторай будучыні, дзе не будзе межаў, затое будуць мір, роўнасць і дружба.

«Дружба народаў», паводле філасофскай энцыклапедыі, — гэта «эканамічна-палітычнае і культурнае супрацоўніцтва і ўзаемадапамога народаў на раўнапраўных і добраахвотных пачатках… Паслядоўная і ўсебаковая дружба народаў складаецца і сцвярджаецца толькі на базе сацыялізму: унутры шматнацыянальных сацыялістычных дзяржаў, а таксама паміж народамі, якія ўваходзяць у сусветную сістэму сацыялізму. Існаваннем сацыялістычных дзяржаў абумоўленая таксама дружба народаў краін з розным сацыяльным ладам» [14].

Канцэпцыя «Дружба народаў» была палітычным інструментам і тэарэтычнай канструкцыяй, якая трансфармавалася ў моўную, літаратурную, мастацкую і архітэктурную экспансію. Але, разам з тым, «Дружба народаў» стала прычынай, няхай і ўскоснай, з’яўлення цікавых помнікаў, манументальных аб’ектаў, горадабудаўнічых рашэнняў і развіцця сувязяў на разнастайных узроўнях.

Ідэалагема ўзнікла на пачатку 1920-х гадоў як працяг ленінскай канцэпцыі аб роўнасці паміж нацыямі. Афіцыйнай датай можна лічыць 30 снежня 1922 — дзень утварэння СССР. У 1925 годзе было заснаванае Усесаюзнае таварыства культурнай сувязі з замежжам. У 1926 годзе Таварыства культурных сувязяў адкрылася ў Менску. Актыўна сябраваць можна было ў межах савецкай прасторы і ўплыву, з краінамі-саюзніцамі, з эканамічнымі і палітычнымі партнёрамі. Канцэпт «Дружба народаў» сфарміраваўся на пачатку 1930-х гадоў, быў зафіксаваны ў Канстытуцыі 1936 года і савецкім гімне 1943 года. Важным момантам стала ўключэнне ў склад СССР новых тэрыторый; у выпадку Беларусі — уз’яднанне заходняй і ўсходняй частак(1). У паваенны час ідэалагема трансфармавалася: да папярэдніх палітычных сэнсаў дадаўся агульны траўматычны ваенны досвед: трагедыя і гераізм сталі моцным аб’яднаўчым чыннікам.

Паняцце «дружба» пастаянна змянялася, звужалася і пашыралася, набываючы ў залежнасці ад палітычнага вектара дадатковыя значэнні. Унутрыпалітычныя працэсы адбіваліся на знешняй палітыцы і наадварот: падчас Вялікага тэрору практычна спыніла сваю дзейнасць УТКС (Усесаюзнае таварыства культурнай сувязі з замежжам) і зменшыўся ўдзел СССР у Камінтэрне. Унутраная барацьба з касмапалітызмам у пасляваенныя гады праходзіла перад фарміраваннем новых знешніх сяброўскіх сувязяў і выбудоўваннем пазітыўнага вобраза краіны.

У 1944 годзе з’явіліся першыя гарады-пабрацімы — ангельскі горад Канвентры і Сталінград, сённяшні Валгаград. Першапачаткова брацкія гарады ўзнікалі сярод краін-саюзніц, якія ўваходзілі ў антыгітлераўскую кааліцыю. У 1957 годзе была заснаваная Сусветная федэрацыя параднёных гарадоў. У яе ўваходзіла і Савецкая федэрацыя гарадоў, якая была адначасова часткай Савецкага саюза таварыстваў дружбы (ССТД) — так у 1958 годзе стала называцца Усесаюзнае таварыства культурнай сувязі з замежжам.

Пасля XX з’езда КПСС і выкрыцця культу асобы, разам са зменай палітычнага рэжыму быў узяты курс на адкрытасць. Важнай падзеяй хрушчоўскай адлігі стала амерыканская выстава і VI Сусветны фестываль моладзі і студэнтаў у 1957 годзе, самы масавы ў гісторыі фестывальнага руху. Лозунг фестывалю — «За мір і дружбу!».

З канца 1960-х гадоў і ў познесавецкі перыяд канцэпцыя «Дружба народаў» персаналізавалася, стаўшы часткай народнага фальклору, асабістага досведу, бытавой культуры і новых сацыяльных супольнасцяў. Часткова гэта было вынікам працы на камсамольскіх будоўлях, паездак на цаліну, дзе працавалі людзі з усяго СССР, службы ў войску, а значыць, шчыльных стасункаў з прадстаўнікамі розных нацыянальнасцяў(2).

«Працоўная перамога», мастак І. Гаўрылаў, Новаўрэнгойскі гарадскі музей выяўленчых мастацтваў, 1983 г. Спасылка

Вынікам удзелу і патраніравання рэгіёнаў і рэспублік ва ўдарных і камсамольскіх будоўлях у 1970-я гады сталі архітэктурныя і гарадскія праекты з нацыянальнымі рысамі. Самыя яркія прыклады падобнай дружбы — гэта БАМ (Байкала-Амурская магістраль), маладыя навукагарады і монагарады, напрыклад, Славуціч.

Рэпрэзентатыўны характар савецкай улады вымагаў пастаяннага пацвярджэння ў разнастайных фарматах: мастацкім, літаратурным, музычным, архітэктурным, тапанімічным. «Дружбе народаў», найчасцей двух — рускага і «іншага» — прысвячаліся вершы, аповесці і раманы, фільмы. На другім месцы знаходзіўся ўкраінскі народ. У гарадской тапаніміцы дагэтуль захаваліся словы «Дружба», «Мір», эпітэт «савецкая», імёны гарадоў-пабрацімаў — падобная экспрапрыяцыя прасторы мае даўнюю гісторыю. Мабыць, самы цікавы тапанімічны прыклад — гэта нафтаправод «Дружба». Па ўсёй савецкай прасторы былі ўзведзеныя Дамы і Палацы дружбы (культур), кафэ «Дружба», помнікі, архітэктурныя і манументальныя аб’екты, якія сімвалізуюць дружбу народаў.

 

Тэарэтычнае і палітычнае: з’яўленне канцэпцыі

У савецкай тэорыі «Дружба народаў» мелася стаць наступным этапам развіцця пралетарскага нацыяналізму — апошні супрацьпастаўляўся буржуазнаму, такім лічыўся сярод іншых і нацыяналізм царскай Расеі. У гэтых рамках былі цалкам магчымыя нацыянальныя мова, культура, мастацтва — галоўнае, каб нязменнай заставалася савецкая ідэалогія. Не выключалася нават ідэя нацыянальнага суверэнітэту, аднак на VIII з’ездзе РКПб у сакавіку 1919 года на яе пачалі глядзець інакш. Адбіліся наступствы грамадзянскай вайны, нацыянальны досвед ва Украіне, Беларусі, Фінляндыі, краінах Балтыі, падзеі ў нямецкіх гарадах былой Аўстра-Венгерскай імперыі. Чаканай кансалідацыі з прагрэсіўным рускім пралетарыятам не атрымалася. Нацыяналізацыя ўсё адно ўспрымалася як непазбежная частка гістарычнага працэсу (3).

5 лютага 1919 года прэзідыум УЦВК прыняў пастанову «Аб прызнанні незалежнасці Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусь». У артыкуле ІІ Рыжскай дамовы прапісана, што «абодва бакі дамовы, згодна з прынцыпам самавызначэння народаў, прызнаюць незалежнасць Украіны і Беларусі»(4). У Менску дзейнічала консульства РСФСР, а сувязі паміж РСФСР і ССРБ (Сацыялістычная Савецкая Рэспубліка Беларусь) у перыяд «незалежнасці» рэгуляваліся міждзяржаўнымі дамовамі. 30 снежня 1922 года Беларуская Сацыялістычная Савецкая Рэспубліка разам з трыма астатнімі рэспублікамі(5) падпісала Дамову аб утварэнні СССР. 26-ы пункт дамовы пацвярджаў права на выхад з СССР. Дакумент стаў асновай для Канстытуцыі 1924 года. Канстытуцыя БССР была прынята ў 1927 годзе, у артыкулах №20–23 прапісвалася раўнапраўе нацыянальных меншасцяў і чатырох моў, галоўнай мовай прызнавалася беларуская.

 

Апошняя старонка Дамовы аб утварэнні СССР. Спасылка

 

Дату ўтварэння Савецкага Саюза можна лічыць датай з’яўлення паняцця «Дружба народаў». У першыя гады савецкай улады адносіны паміж рэспублікамі больш нагадвалі адносна роўнае братэрства, а не патранажную дружбу. Адна з заяўленых тэм першай Усебеларускай мастацкай выставы 1925 года гучала як «Братэрскае адзінства народаў». Стаўленне да БССР было адмысловым — лаяльным і адначасова дыстанцыраваным. Гэта пацвярджала партыйная ратацыя розных дзеячаў на пачатку 1920-х гадоў і роля Інбелкульта. У савецкай рыторыцы Беларусь апісвалася як дружалюбны памежны фарпост.

Стандартны знак на мяжы БССР, 1950-я гг., тэлеграм-канал «Спадчына». Спасылка

У 1920-я гады савецкія «дружалюбныя» палітычная дзеянні былі скіраваныя хутчэй у знешні свет. Савецкаму Саюзу патрэбныя былі паплечнікі і падтрымка на выпадак сусветнай рэвалюцыі. У 1925 годзе адкрылася Усесаюзнае таварыства культурнай сувязі з замежжам. Розныя таварыствы народнай дыпламатыі ўзнікалі яшчэ раней, напрыклад, Савецка-Германскае таварыства з’явілася ў 1922 годзе. Да 1927 года існавала каля 20 арганізацый у Аўстрыі, Вялікабрытаніі, Бельгіі, Даніі, Германіі, Чэхаславакіі, Японіі, Швецыі, Злучаных Штатах Амерыкі і «Франка-Савецкае таварыства» ў Францыі. 

Лагатып выдавецтва Усесаюзнага таварыства культурнай сувязі з замежжам, аўтар А. Краўчанка, 1928 г.

Вольга Каменева кіраўнік УТКСЗ 1925-1929 гг. Спасылка

7 сакавіка 1926 года было заснаванае Таварыства культурных сувязяў Савецкай Беларусі з заграніцай, з 1958 года яно называецца Беларускім таварыствам дружбы і культурнай сувязі з замежнымі краінамі. Ля вытокаў арганізацыі стаялі Янка Купала, Якуб Колас, Цішка Гартны, Міхась Чарот. Актыўная дзейнасць пачалася адразу ж: былі наладжаныя сувязі з Венскай нацыянальнай і Нью-Ёркскай публічнай бібліятэкамі, Парыжскім інстытутам славяназнаўства, Рымскім інстытутам вывучэння Усходняй Еўропы. На сайце таварыства ў раздзеле «Гісторыя» напісана: «Па запрашэнню Таварыства ў той час Беларусь наведалі індыйскі паэт і філосаф Рабіндранат Тагор, амерыканскія кінаакцёры Мэры Пікфард і Дуглас Фербенкс, дэлегацыі грамадскасці Бельгіі, Галандыі, Чэхіі, Фінляндыі. З нашай рэспублікай пачалі актыўна знаёміцца жыхары Аўстрыі, Германіі, Францыі, Нарвегіі, Швецыі, Кітая». Хутчэй за ўсё, у Менску ганаровыя візіцёры апынуліся па дарозе ў Маскву: чыгуначныя зносіны з краінамі Еўропы праходзілі праз беларускую станцыю Негарэлае.

У рэзалюцыі па нацыянальным пытанні, прынятай на XII з’ездзе партыі [11] у 1923 годзе, прама ўказвалася на неабходнасць выхавання лаяльных нацыянальных эліт і развіцця нацыянальных моў. Фарміраванне станоўчага вобраза савецкай улады стала мэтай палітыкі каранізацыі. Першапачаткова замест тэрміна «каранізацыя»(6) выкарыстоўвалася паняцце «нацыяналізацыя». У рэспубліках адпаведная палітыка называлася па імені тытульнай нацыі: «беларусізацыя», «украінізацыя», «айратызацыя» (у мясцовасці, сёння вядомай як Горны Алтай). Як абагульнены тэрмін «каранізацыя» ў бюракратычнай мове ўзнікла крыху пазней.

Да пачатку 1930-х гадоў палітыка каранізацыі пачала згортвацца. На фоне першай знешняй ваеннай пагрозы пачалося ўзмацненне рэпрэсіўнай палітыкі супраць нацыянальных кадраў[(7) Стала зразумела, што сусветная рэвалюцыя наўрад ці адбудзецца, а значыць, будаўніцтва сацыялізму магчымае толькі ў адной краіне. Такое рашэнне было прынятае яшчэ ў 1925 годзе. Заходнія краіны з патэнцыйных паплечнікаў ператварыліся ў ворагаў. На фоне ваеннай пагрозы, Шанхайскай разні, крызісу хлебанарыхтовак пачалося ўнутранае «закручванне гаек». Знешняя пагроза патрабавала ўнутранай кансалідацыі: былі ўведзеныя пяцігадовыя эканамічныя планы, пачалася індустрыялізацыя і калектывізацыя. Працэсы цэнтралізацыі адбываліся і ў мастацка-літаратурным асяроддзі. 24 красавіка 1932 года была прынятая пастанова «Аб перабудове літаратурна-мастацкіх арганізацый»: замест разнастайных аб’яднанняў былі заснаваныя саюзы і творчыя майстэрні. Замест ідэй роўнасці і братэрства паміж народамі з’явілася патранажная «дружба народаў» і «тытульная нацыя», якая, па словах Сталіна, была самай «савецкай і рэвалюцыйнай». Унутраныя нацыянальныя працэсы скончыліся, меркавалася, што савецкі народ перайшоў на наступны этап пралетарскага нацыяналізму — пралетарскі інтэрнацыяналізм, толькі ўнутры адной краіны.   

Адной з формаў узмацнення кантролю сталі рэпрэсіі супраць нацыянальных кадраў(8). Фарміраванне канцэпцыі «Дружба народаў» адбывалася на фоне сфальсіфікаваных спраў аб вызваленні: «Саюз вызвалення Беларусі» і Украіны(9), «Саюз вызвалення фінскіх народнасцяў», працэсы супраць «Миллий истиклол» («Нацыянальная незалежнасць») і «Миллий иттиход» («Нацыянальнае вызваленне») ва Узбекістане, справа «Праватрацкісцкага блока». Адно з абвінавачванняў у рамках справы гучала як «расчляненне СССР і адрыў ад яго Украіны, Беларусі, сярэднеазіяцкіх рэспублік, Грузіі, Арменіі, Азербайджана, Прымор’я на Далёкім Усходзе». Падчас Вялікага тэрору практычна спыніла сваю дзейнасць Усесаюзнае таварыства культурнай сувязі з замежжам, рэзка зменшыўся ўдзел СССР у дзейнасці Камінтэрна.

Канстытуцыя 1936 года, якая атрымала назву «Сталінскай», зафіксавала перамогу сацыялізму, курс на абарону нацыянальных інтарэсаў і дружбу народаў. У юрыдычнай кампаратывістыцы «Сталінская» Канстытуцыя прыводзіцца як прыклад неадпаведнасці зафіксаваных правоў і таго, што адбываецца ў рэальнасці. Сумным сведчаннем татальных рэпрэсій і адсутнасці права на выбар стала творчасць Якуба Коласа і Янкі Купалы ў другой палове 1930-х гадоў.

Пра ролю тытульнай нацыі і дружбу народаў як аснову савецкай дзяржаўнасці спявалася і ў савецкім гімне 1943 года аўтарства Сяргея Міхалкова і Эль-Рэгістана: «Славься, Отечество наше свободное, дружбы народов надежный оплот». Радкі пра адзінства народаў і ролю рускага народа прысутнічалі ў дзяржаўных гімнах большасці савецкіх рэспублік, за выключэннем Эстонскай ССР, Карэла-Фінскай і Грузінскай.

У 1939 годзе пачаў выходзіць часопіс «Дружба народаў», створаны спецыяльна для публікацый і папулярызацыі аўтараў саюзных рэспублік. Першы нумар быў прысвечаны Украіне і юбілею паэта Тараса Шаўчэнкі. УССР, відаць, была самай важнай савецкай рэспублікай: менавіта «сяброўскім» адносінам паміж украінскім і рускім народамі было прысвечана больш за ўсё аб’ектаў.

 

«Няхай жыве братэрскі саюз і дружба народаў!», П. Сакалоў-Скаля, 1941 г. Спасылка

 

Альманах «Дружба народаў», 1939 г. Спасылка

 

Палітычнае як эстэтычнае і этычнае

Нягледзячы на паступовае згортванне знешняй, у тым ліку культурнай, дзейнасці, СССР працягваў удзельнічаць у міжнародных выставах, расказваючы пра дасягненні савецкай краіны і дружбу паміж савецкімі народамі.

Пано Аляксандра Дэйнекі «Знатныя людзі краіны Саветаў» у павільёне СССР на Сусветнай выставе ў Парыжы ў 1937 г. Спасылка

Нацыянальныя выявы да самага пачатку 1950-х гадоў здаюцца асярэдненымі і падобнымі. Як быццам у сацыялістычным рэалізме не было выразнага разумення, як павінна выглядаць нацыянальнае, затое было зразумела, якім павінна быць савецкае: форма і змест супадаюць. Другая палова 1930-х гадоў у масавай культуры здаецца часам знарочыстай бравурнасці. Паказальна-радасныя мерапрыемствы заўсёды суправаджаюць таталітарныя сістэмы ўлады. Чым мацней разгортваўся механізм рэпрэсій, тым больш радасным паказвалася жыццё звычайных людзей.

У Маскве як у цэнтры савецкай дзяржавы пачынаючы з канца 1930-х гадоў праходзілі нацыянальныя дэкады, падчас якіх рэспублікі дэманстравалі свае «найлепшыя творчыя дасягненні». З 1930-х па 1960-я гады было праведзена 35 дэкад мастацтва і літаратуры саюзных і нацыянальных аўтаномных рэспублік СССР(10). Пачынаючы з 1950-х гадоў дэкады праходзілі ў рэспубліках і краінах сацблока. Беларускія дэкады ў Маскве праводзіліся ў 1940-м і ў 1955-м гадах (11).

 

Выступ артыстаў тэатра імя Янкі Купалы перад працоўнымі і служачымі станкабудаўнічага завода «Чырвоны пралетарый». Альманах «Белоруссия», артыкул, прысвечаны нацыянальнай дэкадзе ў Маскве

 

Апрача вялікіх мерапрыемстваў, ладзіліся бясконцыя агляды мастацкай самадзейнасці і алімпіяды. Магчыма, на адну з такіх алімпіяд прыехала гераіня фільма «Песня пра дружбу» 1941 года, рэжысёры Іосіф Шапіра і Сяргей Сплашноў. Кінакарціна здымалася на студыі «Беларусьфільм» у Ленінградзе, з беларускага ў фільме — мова і адзенне выступоўцаў.

Кінаафіша фільма «Песня пра дружбу», 1941 г. Спасылка

Заключныя канцэрты дэкад праходзілі ў Вялікім тэатры оперы і балета. 

У 1938 годзе на Замаскварэцкай лініі Маскоўскага метрапалітэна адкрылася станцыя метро «Тэатральная». Перонная зала, па задумцы архітэктара Івана Фаміна, павінна была нагадваць тэатральны вестыбюль. Над афармленнем працавала мастачка з Ленінградскага фарфоравага завода Наталля Данько. Залу ўпрыгожваюць кесоны з фігурнымі ўстаўкамі — пары жанчын і мужчын, якія выконваюць нацыянальныя танцы або граюць на народных інструментах. З адзінаццаці савецкіх рэспублік было прадстаўлена сем. Магчыма, жанчына з беларускай пары танцуе «Лявоніху»(12), мужчына трымае басэтлю, беларускі музычны інструмент, ці скрыпку.

Кесон з беларусамі ў танцы, скульптар Н. Данько, ст. метро  «Тэатральная», Масква, 1938 г. Спасылка

Апафеозам даваеннай рэпрэзентатыўнай палітыкі, у дадзеным выпадку архітэктурнай, стала Усесаюзная сельскагаспадарчая выстава (УСГВ), якая павінна была расказваць пра поспехі калектывізацыі, сельскай гаспадаркі, дасягненні рэспублік і абласцей(13). Адным з прататыпаў УСГВ лічыцца каланіяльная выстава, арганізаваная ў Парыжы ў 1931 годзе пад патранажам Камінтэрна.

Галоўны архітэктар выставы Анатоль Жукаў так апісвае цэнтральную прастору: «Перад намі распасціраецца плошча Калгасаў. Яна большая за Чырвоную плошчу ў Маскве. У цэнтры плошчы сярод яркага абрамлення з кветак — вялікі водны басейн з магутнымі фантанамі. З надыходам цемры струмені фантана загараюцца прыгожымі агнямі. Вакол плошчы ўзвышаюцца павільёны саюзных рэспублік і абласцей РСФСР; лунаюць флагі, сцягі, штандары» [5, с. 16].

Павільён БССР пабудавалі ў 1937 годзе па праекце архітэктараў Васіля Сімбірцава і Рыгора Бархіна. Афармленнем займаліся мастакі з БССР: Андрэй Бембель — скульптурная кампазіцыя на ўваходзе, Валянцін Волкаў — роспіс у тэхніцы грызайлю «Грамадзянская вайна ў Беларусі», Ісак Давідовіч, Яўген Ціхановіч — пано «Свята ў калгасе». Першапачаткова павільёны былі драўлянымі і лічыліся часовымі пабудовамі. Рэспубліканскія павільёны праектавалі ў асноўным архітэктары з Масквы.

Павільён БССР на УСГВ у Маскве, 1939 г. Спасылка

«Фарпост заходніх межаў — ардэнаносная савецкая Беларусь  — прадстаўлена ў павільёне светлай, радаснай архітэктуры. На галоўным фасадзе народнай разьбой па дрэве ўпрыгожана вялізная партальная сцяна. За ёй шэраг залаў, дзе паказана, як асушаныя непраходныя дзікія багны Палесся, як на іх месцы квітнеюць калгасныя палі, раскінуліся новыя гарады, пасёлкі, электрастанцыі. Маладая сацыялістычная культура і мастацтва Беларусі запоўнілі прыгожа і годна светлыя залы» [5, с. 16].

6 красавіка 1949 года выйшла Пастанова Саўміна БССР «Аб праектаванні павільёна Беларускай ССР на УСГВ у г. Маскве». Папярэдні будынак быў знесены. Сітуацыя з архітэктарамі паўтарылася: у конкурсе перамог праект Рыгора Захарава і Зінаіды Чарнышовай, якія працавалі ў «Маспраекце». Манументальным афармленнем займаліся венгерскі мастак Бэла Уітца, які даўно эміграваў у СССР, і ўкраінская мастачка Аксана Паўленка(14). З беларускага боку ўдзельнічалі скульптар Андрэй Бембель і Ліпа Кроль, які адказваў за дэкор і інтэр’еры. 

Павільён БССР на УСГВ у Маскве. Крыніца: «Архітэктура Усесаюзнай сельскагаспадарчай выставы». Спасылка

У 1954 годзе на УСГВ быў адкрыты фантан «Дружба народаў». Па дыяметры чашы размешчаныя шаснаццаць жаночых скульптур у нацыянальных строях, якія ўвасабляюць савецкія рэспублікі. Для фігуры БССР, УССР і Карэла-Фінскай ССР пазіравала жонка мастака-пастаноўшчыка з «Масфільма».  

В. Алімава. Фантан «Дружба народаў». Каляровая літаграфія. 1950-я гг. Фота мадэлі Антаніны Гладнікавай. Спасылка

 

Паваенны варыянт і культурная экспансія

Канчаткова канцэпцыя «Дружба народаў» сфарміравалася ў паваенны час, але ўжо з новымі, дадатковымі ідэалагічнымі сэнсамі. Сумесны траўматычны досвед і роля СССР як дзяржавы-пераможцы фашызму накладалі пэўныя абавязацельствы. З новым бінарным падзелам свету значна пашырылася поле дзейнасці, у тым ліку культурнай.

Як піша Таццяна Шышкова, «канцэпцыя дружбы народаў прапаноўвала мадэль свету, у якім перадавую ролю адыгрывалі не развітыя заходнія краіны, а рускі народ. Перамога ў вайне даказала жыццяздольнасць гэтай мадэлі, і менавіта яна стала асновай паваеннай ідэалогіі. Савецкі Саюз прапаноўваў адстаючаму свету спосаб дагнаць і перагнаць Захад, не карыстаючыся яго падтрымкай. Для СССР было важна захаваць і замацаваць сферу ўплыву. Культурная экспансія была патрэбная, каб сфарміраваць станоўчы альтэрнатыўны вобраз, але ўжо для іншых дзяржаў; даказаць, што савецкія людзі «не варвары». Савецкі Саюз свядома выбудоўваў унутраную і знешнюю лінію, арыентуючыся на класічныя ўзоры, а значыць, савецкая культура была спадчынніцай сусветнай культуры. Калі канцэрты, то толькі класічнай музыкі; з гэтым спалучаюцца рэалістычны жывапіс, рускі балет і неакласічная архітэктура» [13]. Добра вядомая гісторыя савецкага архітэктурнага падарунка — Палаца культуры і навукі ў Варшаве — так званага восьмага сталінскага гмаху па праекце архітэктара Льва Рудзіна. Пра праект гмаху ў Менску практычна невядома. Цяжка сказаць, пашанцавала Менску ці не, але гмах па праекце Міхася Паруснікава на Кастрычніцкай плошчы так і не быў пабудаваны. Мяркуючы на матэрыялах, сабраных у музеі архітэктуры імя А. Шчусева французскім гісторыкам архітэктуры Фаб’енам Бэла, можна выказаць здагадку, што Менск успрымалі як пляцоўку для стылістычных і архітэктурных эксперыментаў сталінскага ампіру. У Варшаве архітэктары пастараліся зрабіць адсылкі да нацыянальных помнікаў, у праектах для Менска спасылаліся на сусветныя ўзоры.

У найлепшых традыцыях паказальнага сацыялістычнага рэалізму былі зробленыя роспісы для новага памяшкання Беларускага таварыства дружбы і сувязі паміж народамі і Тэатра юнага гледача. Новы будынак Дома дружбы адкрыўся ў 1956 годзе, архітэктар Яўген Заслаўскі. Роспіс называўся «Народныя таленты» (іншая назва — «Народныя майстры»), мастакі Іван Ахрэмчык і Ісак Давідовіч, і мусіў нагадваць шпалеру або тэатральную заслону. Мастакі адлюстравалі ўвесь сімвалічны набор асацыяцый з Беларуссю. Роспіс у Тэатры юнага гледача на тэму дружбы народаў атрымаўся такім жа стылізаваным і радасным. Асноўныя кампазіцыі — «Парад народаў свету»  і «Дружба народаў СССР». Роспіс быў зафарбаваны падчас чарговага рамонту.

«Дружба народаў СССР», мастакі І. Ахрэмчык, І. Давідовіч, ТЮГ, Менск, 1955 г. Ляўкас, тэмпера

 

Дружба новага часу

У лютым 1956 года прайшоў XX з’езд КПСС, падчас якога Мікіта Хрушчоў на закрытым пасяджэнні зачытаў даклад «Аб кульце асобы і яго наступствах». Гэтая падзея лічыцца завяршэннем палітычнай эпохі сталінізму. Аднак адліга, якая пачалася з прыходам да ўлады Хрушчова, мела свае межы: у 1956 годзе ў краінах сацыялістычнага блока здарыўся першы палітычны крызіс — паўстанне ў Венгрыі.     

Новы час знаходзіць адлюстраванне ў горадабудаўніцтве, архітэктуры, тапаніміцы(15), выяўленчым мастацтве. Як прыклад можна прывесці знакамітую пастанову Хрушчова аб празмернасцях у архітэктуры. Архітэктура павінна быць адкрытай, зразумелай і функцыянальнай. Разам з палітычнай сітуацыяй напрыканцы 1950-х гадоў зноў змяняецца мастацкая манера і тэматыка. Дэталёвы савецкі рэалізм застаўся ў мінулым. Новы час асацыяваўся з лаканізмам, прастатой, адкрытасцю. Пра дружбу не абавязкова расказваць з захапленнем, гэта нармальныя чалавечыя адносіны. Асабліва лёгка і проста сябраваць у дзяцінстве. Адначасова дружба ператвараецца ў адзін з ідэалагічных выхаваўчых момантаў.

Будаўніцтва Палаца піянераў на Вараб’ёвых гарах у Маскве пачалося адразу ж пасля Сусветнага фестывалю моладзі і студэнтаў. Будынак стаў архітэктурным сімвалам новага часу. Аказваецца, палацы не абавязкова павінны быць падобныя да палацаў у звыклым, ранейшым разуменні гэтага слова.

Фрэска «Піянерскае свята ў Савецкім Саюзе». Фрагмент. Фае канцэртнай залы. Мастакі: Я. Аблін, А. Губараў, Р. Дэрвіз, І. Дэрвіз, І. Пчэльнікаў. Спасылка

Фрэска «Гульні і танцы дзяцей свету». Фрагмент. Фае канцэртнай залы. Мастакі:  Я. Аблін, А. Губараў, Р. Дэрвіз, І. Дэрвіз, І. Пчэльнікаў. Спасылка

У 1958 годзе ў распараджэнне УЛКСМ перайшоў піянерскі лагер «Артэк», з гэтага моманту ён стаў афіцыйна лічыцца міжнародным лагерам. Знаходжанне замежных дзяцей аплачвалася савецкім бокам. Да 1969 года «Артэк» прыняў 13 тысяч дзяцей з 17 замежных краін. Архітэктура лагера, рэканструкцыя якога пачалася ў 1960 годзе па праекце архітэктара Анатоля Палянскага, стала яшчэ адным яскравым прыкладам архітэктуры новага часу. У 1961 годзе ў лагеры была адкрытая плошча Дружбы. У 1965 годзе на плошчы з’явілася мазаічнае пано з аналагічнай назвай, яго аўтары — мастакі Дзяніс Мерперт і Якаў Скрыпкоў.

Мазаіка «Дружба», мастакі Д. Мерперт, Я. Скрыпкоў, 1965 г. Спасылка

У 1968 годзе ў Менску адкрыўся кінатэатр «Піянер» і Беларускі дзяржаўны тэатр лялек, абедзве культурныя ўстановы дагэтуль знаходзяцца ў адным будынку. Візуальна дзве розныя прасторы падзяляюцца вітражом. У холе мастакі Іван Ціханаў і Яўген Зайцаў выклалі вялікі мазаічны фрыз «Шчаслівае дзяцінства». Суцэльнае шкленне дазваляе ўбачыць мазаічны фрыз проста з вуліцы. На мазаіцы — піянеры з розных краін, голуб міру і вобраз маці, які больш нагадвае старажытнагрэчаскую багіню Дэметру.

Тэма шчаслівага дзяцінства — яшчэ адзін савецкі ідэалагічны канструкт. Магчыма, менавіта савецкія дзеці апынуцца ў нейкім ідэальным савецкім космасе. На габелене, які знаходзіцца ў былым Палацы піянераў у Берасці, адлюстраваная інтэрнацыянальная каманда юных касманаўтаў, што выпраўляецца ў космас на касмічным караблі. 

Знакавымі, паказальнымі падзеямі новага палітычнага часу можна лічыць VI Сусветны фестываль моладзі і студэнтаў і амерыканскую выставу ў маскоўскім парку «Сакольнікі» ў 1959 годзе. Відаць, іншай, супастаўнай па значнасці падзеяй можна назваць толькі Алімпійскія гульні 1980 года. У гонар фестывалю быў закладзены парк Дружбы народаў у левабярэжным раёне Масквы. У наступныя гады паркі з аналагічнай назвай з’явіліся і ў іншых савецкіх гарадах. У 1967 годзе парк Дружбы народаў адкрываецца ва Ульянаўску (праект архітэктара Аляксандра Бросмана). Верхняя частка парка была разбітая на 15 пляцовак па колькасці савецкіх рэспублік. Ад кожнай савецкай рэспублікі было прадстаўленае нешта характэрнае. Напрыклад, ад БССР — скульптура зубра. У 1990-я гады зубр быў скрадзены на металалом.

Зубр у парку Дружбы народаў ва Ульянаўску. Спасылка

Менскі парк Дружбы народаў па праекце архітэктараў Людмілы Гафо і Людмілы Ларынай адкрыўся ў 1978 годзе на месцы вопытнай балотнай станцыі. У 1988 годзе побач з паркам з’явілася плошча Бангалор, названая так у гонар індыйскага горада-пабраціма Менска.

 Цэнтральная частка парку Дружбы народаў, 1980 г.

«Сяброўскімі» маглі быць не толькі паркі, але і кафэ (першае кафэ, якое адкрылася ў горадзе Магілёве ў 1957 годзе, называлася «Дружба»), нават цэлыя гарады. Такім спрабавалі зрабіць горад Сочы — узорную здраўніцу Савецкага Саюза.

 

Культурныя сувязі

Савецкая мадэль пазіцыянавалася і ўяўляла цікавасць для краін сацблока і краін, якія развіваюцца, як прыклад паспяховага эканамічнага росту. Культурныя сувязі з замежнымі краінамі ператварыліся ў эфектыўны інструмент уплыву ў часе халоднай вайны, а таксама канвертаваліся ў дапамогу і супрацоўніцтва. У лютым 1960 года было абвешчана пра адкрыццё Універсітэта дружбы народаў — патранажны жэст для краін трэцяга свету і былых калоній. Да 1 траўня савецкія амбасады атрымалі каля 44 тысяч заяў з просьбай аб залічэнні.

«Свята дружбы народаў», В. Рыжых, 1966 г. Спасылка

У 1972 годзе ў гонар пяцідзесяцігоддзя ўтварэння СССР з’явіўся ордэн Дружбы народаў, які ўручаўся «за вялікія заслугі ва ўмацаванні дружбы і брацкага супрацоўніцтва сацыялістычных нацый і народнасцей, за значны ўклад у эканамічнае, сацыяльна-палітычнае і культурнае развіццё Саюза ССР і саюзных рэспублік».

Паводле «Вялікай Савецкай энцыклапедыі», у 1972 годзе ў дзейнасці Саюза савецкіх таварыстваў дружбы і культурнай сувязі брала ўдзел каля 50 мільёнаў чалавек. Нават калі ставіць гэтую лічбу пад пытанне, колькасць мерапрыемстваў і ўдзельнікаў, аддзяленняў і падраздзяленняў, геаграфічны размах, а таксама памер бюджэту арганізацыі ўражваюць.

Рэклама запалак. Спасылка

На рэспубліканскім узроўні адбывалася практычна тое ж самае. Адзінае адрозненне — першыя міжнародныя адносіны наладжваліся з найбліжэйшымі суседзямі. У выпадку Беларусі гэта была Польская Народная Рэспубліка, потым дадаліся астатнія краіны Варшаўскай дамовы. З аднаго боку, актыўная палітыка таварыстваў дружбы адлюстроўвала новы геапалітычны падзел свету і барацьбу за ўплыў, у тым ліку культурны. З другога — рознага кшталту сувязі з рознымі краінамі перарасталі ў цікавае супрацоўніцтва, у тым ліку мастацкае і архітэктурнае. Так, напрыклад, адбылося пры будаўніцтве рэстаранаў «Патсдам» у Менску і  «Мінск» у Патсдаме. За архітэктурную частку рэстарана «Мінск» адказваў нямецкі бок — архітэктар Карл-Хайнц Біркхольц. Афармленнем займаўся беларускі бок — «Мінскпраект» і архітэктар Яўген Дзятлаў, дэкаратыўным афармленнем — Аляксандра Дзятлава, Валянцін Прыешкін, Мікалай Байрачны, а таксама старэйшае па рангу пакаленне — Уладзімір Стальмашонак, Іван Харламаў, Валерый Даўгала. Уся гісторыя расказаная ў цудоўным праекце тут.

У 1985 годзе ў Ялце быў адкрыты пансіянат  «Дружба», пабудаваны па ініцыятыве Чэхаславакіі і СССР для сумеснага адпачынку «працоўных дзвюх краін Чэхаславакіі і СССР». Усяго падрадчыкамі пры будаўніцтве было амаль 50 замежных краін. 

Пансіянат «Дружба», 1968 г. Спасылка

Архітэктурная дружба і супрацоўніцтва адбываліся не толькі паміж краінамі сацблока, але і ўнутры СССР, бадай, самыя цікавыя прыклады — гэта станцыйныя гарады Байкала-Амурскай магістралі (БАМ) і ўкраінскі горад Прыпяць. БАМ будавалі брыгады з усяго СССР, над кожным населеным пунктам было арганізаванае шэфства ад буйнога горада, вобласці ці савецкай рэспублікі. Нядзіўна, што ў архітэктуры вакзалаў і будынкаў паўтараюцца нацыянальныя рысы. 

Вакзал Таксіма. У будаўніцтве Таксіма і пасёлка бралі ўдзел рабочыя з Латвіі, таму ў абліччы вакзала і іншых будынкаў ёсць прыбалтыйскія рысы. Спасылка

 

Працяг сімвалічнага

Як гэта часта здаралася з савецкімі мастацкімі аб’ектамі, асабліва з канца 1960-х гадоў, першасная ідэалагічная прычына была толькі нагодай для «творчай» працы. Мастакі выдатна навучыліся працаваць з сімволікай, ствараючы сапраўды цікавыя рэчы. Ідэалогія стала другаснай, нейкім фармальным патрабаваннем, якога пажадана прытрымлівацца, але не абавязкова рабіць гэта яўна. Адначасова тэматыка дружбы спарадзіла вялікую колькасць кан’юнктурных работ, створаных дзеля ганарараў. Планавая сістэма савецкай эканомікі распаўсюджвалася ў тым ліку і на мастацкую частку: шматлікія юбілейныя даты рабіліся  яшчэ адной нагодай для серыі заказаў і асваення бюджэту. Юбілейныя помнікі маюць агульныя мастацкія элементы, напрыклад, звязаныя з колькасцю рэспублік СССР.

 

Помнік «Дружба народаў» у гонар 50-годдзя СССР, архітэктар А. Выпаў, Новакузнецк,1972 г. Спасылка

 

Фантан «Дружба народаў» быў устаноўлены на Майдане ў Кіеве ў 1982 годзе ў гонар 60-годдзя СССР. Ад цэнтра разыходзілася «шаснаццаць прамянёў», фантан упрыгожвалі, праўда, часова, тры скульптуры дзяўчат, якія нагадвалі скульптуры з ВДНГ і ўвасаблялі Украіну, Беларусь, Расею.

Манументы, прысвечаныя дружбе народаў, аказаліся самымі запатрабаванымі. Помнікі дружбе маглі ўстанаўлівацца ў гонар чаго заўгодна, каго заўгодна і дзе заўгодна. Дружба стала абагульняльным найменнем для абсалютна розных падзей.

Сярод рандомна выбраных прыкладаў «дружбы» ёсць і такія: далучэнне Башкірыі і Удмуртыі(16) да Расеі, далучэнне Крыма (у гэтым выпадку працягвалася імперская традыцыя — савецкі помнік быў зроблены з дарэвалюцыйнага манумента Кацярыне ІІ(17)); помнік у Грозным, прысвечаны сумеснай рэвалюцыйнай барацьбе на Каўказе чачэнскага, інгушскага і ўкраінскага рэвалюцыянераў.

Помнік Мікалаю Гікала, Асланбеку Шэрыпаву і Гапуру Архіеву. Скульптар І. Бекічаў, архітэктар З. Бярковіч, Грозны, 1973 г. Спасылка

Манумент «Дружба», скульптары М. Бабурын і Г. Лявіцкая, архітэктары Я. Кутыраў і Г. Гаўрылаў, Уфа, 1965 г. Спасылка

У 1983 годзе ў гонар 200-годдзя Георгіеўскага трактата на Ваенна-Грузінскай дарозе з’явілася арка Дружбы, з унутранага боку манумента выкладзена вялікая мазаіка (мастакі Зураб Капанадзэ, Зураб Лежавы і Надар Малазонія, архітэктар Георгій Чахава). Два іншыя вядомыя праекты архітэктара — гэта Міністэрства транспарту ў Тбілісі і кафэ «Фантазія» ў Батумі.

 Арка Дружбы на Ваенна-Грузінскай дарозе, 1982 г. Спасылка

Помнікі станавіліся сімвалічным прызнаннем за разнастайную дапамогу. Напрыклад, Балгарыі за дапамогу ў будаўніцтве металургічных заводаў і жылых кварталаў у горадзе Стары Аскол Белгарадскай вобласці Расеі. Або СССР за ўдзел у будаўніцтве плаціны ў егіпецкім горадзе Асуан у 1971 годзе. Манумент у Асуане быў зроблены па эскізах Эрнста Невядомага(18), лотас з пяццю пялёсткамі — гэта адначасова і пяціканцовая зорка. Вышыня скульптуры 75 метраў.

Часцей за ўсё ўнутры і па-за межамі СССР сябравалі з рускім народам. Аднак адзін з самых цікавых аб’ектаў мадэрнізму на тэрыторыі Беларусі — мемарыяльны комплекс у Леніна — гэта Музей савецка-польскай баявой садружнасці. Ён быў адкрыты 15 кастрычніка 1968 года ў гонар 25-й гадавіны бітвы пад вёскай Леніна (цяпер пасёлак Леніна). Тут у баях удзельнічала «1-я польская пяхотная дывізія імя Тадэвуша Касцюшкі». Комплекс спраектавала па-сапраўднаму зорная каманда: архітэктары Якаў Белапольскі і Уладзімір Хавін, скульптар Уладзімір Цыгаль, аўтар дыярамы ўнутры музея ўкраінскі мастак Мікалай Авечкін, мастак-манументаліст Аркадзь Інтэзараў. Вітраж унутры рабіў магілёўскі мастак Юрый Несцярук. Музей мае форму перавернутай салдацкай каскі — важнага ваеннага сімвала. Магчыма, дата адкрыцця комплексу была выбраная невыпадкова: з 1968 года ў краінах сацблока пачаўся востры палітычны крызіс.

Значок кургана Дружбы на мяжы Латвіі, Беларусі, Расіі. Спасылка

З часам канцэпцыя «Дружба народаў», як і большасць савецкіх ідэалагем, канчаткова ператварылася ў пустую фармулёўку. Пасля развалу СССР «сімвалы» дружбы сталі ўспрымацца як навязаныя абавязацельствы. Дэмантаж помнікаў ператварыўся ва ўсвядомлены і зразумелы палітычны жэст. У выніку палітычнае выказванне аказалася мацнейшым за мастацкі складнік.

На мяжы Украіны, Расеі і Беларусі ўкраінскім бокам была дэмантаваная частка помніка «Тры сястры». Напрыканцы красавіка 2022 года знеслі скульптурную частку кампазіцыі «Арка Дружбы народаў» у Кіеве — украінскага і рускага рабочага. Сама арка была перайменаваная ў арку Свабоды.

Падобны дэмантаж і перайменаванне адбываюцца і ў іншых рэгіёнах: так, па загадзе прэзідэнта Турцыі Эрдагана быў знесены помнік армяна-турэцкай дружбе ў Карсе; іншая яго назва «Манумент чалавечнасці», аўтар — турэцкі мастак Мехмет Аксоя. Помнік быў устаноўлены пасля Цюрыхскіх пагадненняў — падпісання дыпламатычных пагадненняў паміж Арменіяй і Турцыяй у 2009 годзе.

Аналіз «Дружбы народаў» у манументальным мастацтве ў будучыні дапаможа зразумець працу гістарычных і палітычных ідэалагем у архітэктуры, пазбегнуць паўтарэння ранейшых памылак, захаваць цікавыя архітэктурныя і мастацкія аб’екты і ўмець адрозніваць сапраўдную дружбу і супрацоўніцтва ад патранажных адносін і імперскіх прэтэнзій.

 

Манумент «Тры сястры», Добрушскі раён, Гомельская вобласць, архітэктар Л. Стукачоў, 1975 г.

Крыніца: камплект паштовак «Масква–Кіеў–Менск». Кіеў, выд. «Мистецтво», 1982 г. Аўтары фатаграфій: Я.І. Арыстаў, Р.Э. Беніямінсон, Б.Д. Градаў, І.А. Крапіўніцкі, В.Н. Крцукі, Б.А Міндэль, У.І. Паўлаў, Р.Т. Папік’ян, Т.М. Шаблоўскі

 
 

Арка «Дружба народаў», скульптар А. Скоблікаў, архітэктары І. Іваноў, С. Міргародскі, Кіеў, 1982 г. Спасылка

 
 

Заўвагі

(1) Пакт Молатава-Рыбентропа і савецкае ўварванне на тэрыторыю Польшчы ў верасні 1939 г. прывяло да далучэння да СССР часткі Віленшчыны, Заходняй Украіны і Заходняй Беларусі. У 1940 годзе ў склад СССР увайшла Літва (3 жніўня), Латвія, Эстонія (5, 6 жніўня), а 2 жніўня 1945 г. — тэрыторыя, якая стала Калінінградскай вобласцю.

(2) Такія стасункі — адна з улюбёных тэм успамінаў для старэйшай узроставай групы ў Каўказскім рэгіёне.

(3) На думку Сталіна, усе «рускія гарады на Украіне і ў Беларусі» павінны былі быць нацыяналізаваныя, гэтак сама як нямецкія гарады сталі венгерскімі ў Аўстра-Венгерскай імперыі.

(4) Рыжская дамова была падпісаная 18 сакавіка 1921 г., пад абодвума бакамі меліся на ўвазе Польская рэспубліка і Расея, якая прадстаўляла паўнамоцтвы «Урада Беларускай Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі, Урад Украінскай Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі». Цыт. паводле інтэрнэт-крыніцы: https://inosmi.by/2015/05/26/rizhskij-traktat-polnyj-tekst

(5) РСФСР, УССР і ЗСФСР.

(6) Амерыканскі гісторык Тэры Марцін назваў СССР імперыяй станоўчай дзейнасці.

(7) У красавіку 1927 года адбылася Шанхайская разня, і кітайскія камуністы былі вымушаныя сысці ў падполле.

(8) Да 1927 года ў партыйнай палітыцы было яшчэ магчымае нешта накшталт дыскусіі. У 1928 годзе пачынаюцца чысткі, якія праводзіць кантрольная камісія УКП(б), у 1929 годзе Уладзімір Затонскі, член Цэнтральнай кантрольнай камісіі УКП(б), праводзіць інспекцыю ў УССР і БССР, вынікам якой стануць справы СВУ і СВБ.

(9) Спілка визволення України (укр.)

(10) БАССР, ТАССР, ЯАССР і іншых.

(11) Першыя дэкады нацыянальнага мастацтва ў Маскве ў 1930-я гады, інтэрнэт-крыніца: https://www.winstein.org/publ/36-1-0-3488

(12) Аналагічная гісторыя паўторыцца на станцыі метро «Беларуская кальцавая». Мастацкім афармленнем займаўся мастак Рыгор Апрышка, на станцыі 12 пано з фларэнтыйскай мазаікі на сюжэты сучаснага жыцця БССР. Людзі і сцэны падобныя да любога іншага твора сацыялістычнага рэалізму. Сацыялістычны змест захаваны, нацыянальная форма адсутнічае.

(13) Першым галоўным архітэктарам быў Вячаслаў Алтаржэўскі, пасля таго, як яго знялі з пасады і выслалі ў Варкуту, яго месца занялі Сяргей Чарнышоў і Анатоль Жукаў.

(14) Мастачка Аксана Паўленка — была вучаніцай вядомага ўкраінскага мастака Міхаіла Байчука. Яна аказалася адзінай са школы байкучыстаў, хто не быў рэпрэсаваны. 

(15) Паводле п.1 Указа Прэзідыума Вярхоўнага Савета ад 11 верасня 1957 года  «Аб упарадкаванні справы прысваення імёнаў дзяржаўных і грамадскіх дзеячаў адміністрацыйна-тэрытарыяльным адзінкам, населеным пунктам, прадпрыемствам, установам, арганізацыям і іншым аб’ектам», забаранялася прысвойваць гарадам і заводам імёны партыйных дзеячаў пры іх жыцці.

(16) Помнік «Дружба народаў» (іншая назва «Навек з Расеяй») у Іжэўску праектаваў Канстанцін Тапурыдзэ, які калісьці працаваў над фантанам «Дружба народаў» на ВДНГ.

(17) У 2016 г. быў адноўлены першасны выгляд помніка.

(18) Удзел у конкурсе Эрнст Невядомы браў інкогніта.

 

Літаратура:

  1. Багаутдинов, А. Дворец пионеров на Воробьевых горах. Как оттепель в архитектуре привела к появлению советского модернизма. – https://arzamas.academy/materials/2365

  2. Белла, Ф.  Минск. Архитектура столицы 1917–1956. – [пер. с фр. Веры Устинович]. – М: Кучково поле Музеон, 2020.

  3. Виноградов, И.  Жизнь и смерть советского понятия «Дружба народов» // Cahiers du Monde russe. 1995. № 4 (36). P. 455–462.

  4. Верюжский, А. Дворец мечты. Документальная повесть // Молодая гвардия. – 1963. – № 11. – С. 124–180.

  5. Жуков, А.Ф.  Архитектура Всесоюзной сельскохозяйственной выставки. – М.: Издательство Всесоюзной академии архитектуры, 1939. 

  6. Жуков, А.Ф.  Архитектура Всесоюзной сельскохозяйственной выставки. – М.: Издательство Всесоюзной академии архитектуры, 1955.

  7. Ленин, В.И.  Полное собрание сочинений: в 55 т. / В. И. Ленин ; Ин-т марксизма-ленинизма при ЦК КПСС – 5-е изд. – М.: Гос. изд-во полит. лит., 1969. – Т. 25. Март ~ июль 1914. – С. 255–320.

  8. Лопаткина, К. Бастарды культурных связей. Интернациональные художественные контакты СССР в 1920–1950-e годы. – М.: Garage, 2019.

  9. Мартин, Т. Империя «положительной деятельности». Нации и национализм в СССР, 1923–1939. – [пер. с англ. О. Р Щёлоковой]. – М.: Российская политическая энциклопедия (РОССПЭН) ; Фонд «Президентский центр Б. Н. Ельцина», 2011.

  10. Миксюк, А. С.  Культурная дипломатия Белоруссии. История и современность //  Беларусь в современном мире = Беларусь у сучасным свеце: материалы XX Междунар. науч. конф., посвящ. 100-летию образования Белорус. гос. ун-та, Минск, 29 окт. 2021 г. / Белорус. гос. ун-т ; редкол.: Е. А. Достанко (гл. ред.) [и др.]. – Минск : БГУ, 2021. – С. 807–812. 

  11. Сталин, И.В. Сочинения. – М.: ОГИЗ; Государственное издательство политической литературы, 1947. – Т. 5. – С. 313–326.

  12. Советская культурная дипломатия в условиях Холодной войны, 1945–1989: коллективная монография. / Науч. ред. Нагорная О.; Южно-Уральский гос. ун-т. – М.: «Росспэн», 2018.

  13. Шишкова, Т. Внеждановщина. Советская послевоенная политика в области культуры как диалог с воображаемым Западом. – М.:НЛО, 2023.

  14. Царян, И. Дружба народов // Философская энциклопедия. В 5-х т. / под редакцией Ф. В. Константинова.  – М.: Советская энциклопедия. 1962. – Т. 2.   – С. 78.

  15. Огрызко, В. Открыть душу каждого народа. Как создавался журнал «Дружба народов» // Жизнь национальностей: в поисках гармонии, № 2020 / 7, 27.02.2020. –https://litrossia.ru/item/otkryt-dushu-kazhdogo-naroda-chast-3/

  16. Кречетников, А. Символ дружбы или «рука Москвы». – https://www.bbc.com/russian/russia/2010/02/100127_russia_rudn_history

  17. Рижский трактат. Мирный договор между Россией и Украиной с одной стороны и Польшей — с другой. – https://inosmi.by/2015/05/26/rizhskij-traktat-polnyj-tekst/

  18. Первые декады национального искусства в Москве в 30-е годы. – https://www.winstein.org/publ/36-1-0-3488

  19. Cahiers du Monde russe.Vol. 36, No. 4, L'ukraine ancienne et nouvelle, Réflexions sur le passé culturel et le présent politique de l'Ukraine (Oct. - Dec., 1995), pp. 455-462 (8 pages). Published By: EHESS. 

 

Чытаць яшчэ:

Next
Next

Урбан-дайджэст №11: «Вынікі года»