Трансфармацыя гарадской прасторы ў Беларусі праз прызму (пост?)каланіяльнасці: кейс галоўнай плошчы Магілёва

Магілёўская плошча Славы, самая цэнтральная і самая старая ў горадзе, за прыблізна 500 гадоў свайго існавання змяніла як мінімум 6 назваў, заўсёды будучы ў віхуры гарадскіх падзей і трансфармуючыся пад патрэбы эпох. Як разам з тапонімамі змянялася яе канцэптуальнае напаўненне? І што гэты кейс можа распавесці пра гісторыю каланіялізму ў рэгіёне?


 

Мінула больш за тры дзесяцігоддзі з моманту, як Усходне-Цэнтральная Еўропа пазбавілася сацылістычных рэжымаў. Але адносіны паміж посткамуністычнымі краінамі і іх былым ідэалагічным і палітычным цэнтрам Расеяй (і Масквой як яе сталіцай) складваюцца вельмі па-рознаму. Поўнамаштабнае расейскае ўварванне ва Украіну ў 2022 г. чарговы раз прымушае задумацца пра ролю, якую РФ адыгрывала і адыгрывае ў рэгіёне, а таксама падкрэслівае каланіяльны характар разнастайных інструментаў гвалту з яе боку.

Гэтак, вуліцам акупаваных украінскіх гарадоў надаюцца імёны расейскіх/савецкіх дзеячаў (спадчына Расеі і СССР зліваецца тут у адно цэлае); аднаўляюцца помнікі савецкім правадырам, ад якіх украінскія гарады паспелі пазбавіцца падчас палітыкі дэкамунізацыі. Акрамя гэтага, адбываецца рабаванне культурнай спадчыны ўкраінскіх музеяў з перавозам іх багатых калекцый у расейскія музейныя сховішчы. Таксама падчас ваенных дзеянняў выпадкова ці наўмысна знішчаюцца культавыя і іншыя аб’екты архітэктурнай спадчыны (Mallard, 2023). Пры гэтым адбываецца мэтанакіраванае вынішчэнне артэфактаў, будынкаў і іх элементаў, прастораў (эрадыфікацыя), — іншымі словамі, свядомая трансфармацыя публічнай прасторы гарадоў для выбудовы новай ідэнтычнасці на заваяваных тэрыторыях (Чепайтене, 2010, с.244).

Фактычна, Расея сённяшняга дня кіруецца тымі ж падыходамі ў стаўленні да суседніх краін і іх культурнай спадчыны, што і Расейская імперыя ў 18-19 стст. ці Савецкі Саюз у 20 ст., разглядаючы сябе як цэнтр, метраполію, а гэтыя сумежныя краіны (найперш Беларусь, Украіну, Літву, Латвію, Эстонію, Казахстан) ці іх часткі як патэнцыйныя тэрыторыі для асваення, іншымі словамі, каланізацыі. Асобныя аўтары і аўтаркі з краін былога СССР, напрыклад: Ігар Бабкоў (Беларусь), Мадзіна Тластанава (Расея/Швецыя), Яніс Рыексціньш (Латвія) — актыўна выкарыстоўваюць у сваіх працах дэкаланіяльны падыход. Што гэта можа значыць для сімвалічна нагружаных месцаў гарадоў Беларусі, паспрабуем зразумець на прыкладзе галоўнай плошчы Магілёва.

 

Беларусь у абдымках «старэйшага брата»

Набор інструментаў расейскай экспансіі ў дачыненні да беларускіх гарадоў мае сваю ўласную спецыфіку і гісторыю. Працэс русіфікацыі Беларусі асабліва абвастрыўся пасля 2020 г., калі ў выніку недэмакратычных выбараў у краіне пачаліся масавыя рэпрэсіі, якія закранулі ўсе сферы беларускага грамадства, у тым ліку і сферу культуры, бо дзяржава пачала ўспрымаць беларускасць і свабоду думкі як сінонімы іншадумства і апазіцыйнасці да ўлады.

Разам з гэтым, наўмысна мяняецца і сімвалічнае поле горада, калі ўзводзяцца помнікі гістарычным дзеячам, якія дазваляюць глядзець на гісторыю Беларусі як частку гісторыі Расеі, або калі пры аднаўленні гістарычнай забудовы падсвядома абіраецца перыяд 19 ст. са стварэннем духу губернскага горада. Сённяшняе змяненне культурнага ландшафту Беларусі пад уплывам расейскай палітыкі неабходна разглядаць у больш шырокай храналагічнай перспектыве. Гістарычныя крыніцы дазваляюць казаць пра мэтанакіраванае змяненне беларускіх гарадоў (матэрыяльнае і нематэрыяльнае) пачынаючы з 18 ст., калі беларускія землі сталі часткай Расейскай імперыі, і пазней, у 20 ст., калі з БССР рабілі ўзорную рэспубліку СССР. Сучасныя дакументы і медыярэсурсы дазваляюць казаць пра працяг гэтай палітыкі. Выкарыстаўшы ідэю каланіяльнасці ўлады (coloniality of power), прапанаваную А. Кіхана (Quijano, 2007), можна сказаць, што Беларусь, нягледзячы на здабытую ў 1991 г. незалежнасць і фармальна перажыты перыяд каланіялізму, дагэтуль знаходзіцца пад уплывам каланіяльнай спадчыны, а беларускае грамадства дагэтуль жыве пад уплывам палітычных, сацыяльных і іерархічных парадкаў, усталяваных пры Расейскай імперыі і пасля развітых у СССР.

 

Беларускія землі пад расейскім культурным уплывам на працягу двух стагоддзяў (1772–1991 гг.)

Безумоўна, Беларусь да пачатку 20 ст. не існавала як адзінае і незалежнае нацыянальнае ўтварэнне. Тым не менш, беларуская культура, вытокі якой сягаюць у часы Полацкага і Тураўскага княстваў, праз аб’яднанне балцкіх і славянскіх зямель вакол беларускага Наваградка і ўтварэнне Вялікага Княства Літоўскага (ВКЛ), а пасля аб’яднанне з Польшчай у Рэч Паспалітую прайшла доўгі шлях, узбагачаючы народы суседніх Польшчы, Літвы і Украіны і атрымліваючы шмат узамен.

Напрыканцы 18 ст. унутры- і знешнепалітычныя абставіны ў Еўропе склаліся такім чынам, што Рэч Паспалітая аказалася падзеленая паміж трыма дзяржавамі, якія атачалі яе з усіх бакоў: Расейскай імперыяй, Прускім каралеўствам і Аўстра-Венгрыяй. У выніку гэтых падзелаў (1772 г., 1793 г., 1795 г.) уся этнічная тэрыторыя Беларусі патрапіла пад уладу Расейскай імперыі. Гэтыя падзеі перадвызначылі гістарычны лёс Беларусі, якая на стагоддзі апынулася пад уплывам Расеі.

Расея, якая заўсёды мела цягу да цэнтралізаванай улады і адстайнасці на ўсёй сваёй неабдымнай тэрыторыі, пачала планамерную палітыку па ўніфікацыі новадалучаных тэрыторый з іншымі, уласна расейскімі рэгіёнамі. Часткай гэтага працэсу сталася і трансфармацыя гарадскіх і сельскіх ландшафтаў на тэрыторыі сучаснай Беларусі, якая выявілася ў некалькіх асноўных кірунках:

  • распрацоўка новых генеральных планаў з наступнай перабудовай гарадоў, часта без уліку іх гістарычнай планавальнай структуры;

  • пераўтварэнне мястэчак у вёскі, што пазбаўляла іх перспектыў далейшага развіцця;

  • змяненне тапанімікі гарадоў і мястэчак;

  • трансфармацыя каталіцкіх, уніяцкіх храмаў у праваслаўныя, карэннае змяненне іх стылістычных асаблівасцяў (зрэшты, як і адметнасцяў мясцовых праваслаўных цэркваў) у адпаведнасці са стылістыкай храмаў у Расеі.

Распрацоўка новых генеральных планаў у Расейскай імперыі ў 18 ст. у моднай тады класіцыстычнай манеры цалкам ігнаравала рэнесансавую, а дзесьці і сярэднявечную структуру беларускіх гарадоў. Новыя планы часта «маляваліся» ў цэнтры імперыі, Санкт-Пецярбургу, расейскімі архітэктарамі, якія не бралі пад увагу мясцовую тапаграфічную сітуацыю (Чарняўская, 1973, с. 31). Улічваючы размяшчэнне беларускіх зямель на захадзе імперыі і іх стратэгічны статус у выпадку ваенных дзеянняў з замежнымі дзяржавамі, у 19 ст. расейская дзяржава пачынае праектаванне і будаўніцтва крэпасцей у беларускіх гарадах. Асабліва «пашанцавала» Бабруйску (1811 г.) і Берасцю (1831 г.), сярэднявечныя цэнтры якіх былі мэтанакіравана знішчаныя, а на іх месцы з’явіліся цагляныя фарты. Мясцовыя жыхары былі расселеныя ў новых кварталах, запраектаваных воддаль ад старога горада (Лакотка, 1997, с. 132–135). Падобны лёс чакаў і гарадзенскі стары горад, але, на шчасце, быў абраны менш радыкальны варыянт з пабудовай абарончых фартоў не на месцы гістарычнай Гародні, а вакол яе.

Мястэчкі, якія традыцыйна былі апорным элементам сістэмы рассялення на беларускіх землях, пад уплывам палітыкі царызму былі выключаныя з горадаўтваральных працэсаў, бо, згодна з расейскім правам, не падпадалі пад катэгорыю гарадоў, таму не мелі юрыдычных падстаў на атрыманне гарадскога статусу. Адбывалася паступовае запрыгоньванне мяшчан мястэчак, якія ў новых расейскіх умовах не траплялі ў спіс гарадоў, а гэта, у сваю чаргу, стрымлівала тут «фарміраванне гарадскога абывацельства і пашырэнне культурна-асветніцкіх асяродкаў» (Соркіна, 2010, с. 88-89). Мястэчкі, якія б маглі стаць асновай для развіцця сеткі беларускіх гарадоў, гублялі свой патэнцыял горадаўтварэння, назапашаны за мінулыя стагоддзі (там жа).

Комплекс назваў вуліц беларускіх гарадоў і мястэчак сфарміраваўся натуральным чынам у перыяд 16–18 стст. Часцей за ўсё ўтварэнне назвы вуліцы было прывязанае да культавага аб’екта (напр., вул. Дамініканская) або кірунку, куды вуліца вяла (напр. вул. Віленская). Часам вуліцы называліся паводле прадстаўнікоў пэўнай сацыяльнай (вул. Татарская) ці прафесійнай (вул. Гарбарская) групы ў горадзе. Такім чынам, празрыстая сістэма назваў вуліц дапамагала жыхарам арыентавацца ў гарадской прасторы. У 19 ст., пасля далучэння беларускіх зямель да Расейскай імперыі, пачынаецца паступовы працэс перайменавання гарадскіх тапонімаў, які значна паскорыўся ў 1860-я гг., што можна звязаць з рэакцыяй на паўстанне 1863-1864 гг., якое выбухнула на землях былой Рэчы Паспалітай. Асабліва пацярпелі назвы, звязаныя з каталіцтвам (вул. Дамініканская => вул. Саборная). Новыя, узгодненыя дзяржавай урбонімы, пачалі атрымліваць сімвалічную ці адносна нейтральную сэнсавую афарбоўку. У 19-20 стст. у рэчышчы палітыкі мемарыялізацыі адбываецца новы этап перайменавання вуліц, і гарадская тапаніміка Беларусі робіцца цалкам адпаведнай расейскай культурнай традыцыі (вул. Кутузаўская, Аляксандраўская, Пушкінская) (Гардзееў, 2017, с. 214–219).

Акрамя змены назваў вуліц, звязаных з каталіцкай царквой, на Беларусі да непазнавальнасці змяняліся і самі будынкі культавых аб’ектаў. Незваротна страчваліся ўнікальныя здабыткі мясцовых архітэктурных школ, такія як арыгінальная інтэрпрэтацыя рэнесансавых і барочных матываў, архітэктурных стыляў, што прыйшлі на Беларусь з Заходняй Еўропы. Да таго ж распачалася масавая кампанія супраць каталіцкай і ўніяцкай цэркваў, якая патрабавала ім альтэрнатыўнай замены, што ў выніку паспрыяла пашырэнню будаўніцтва праваслаўных храмаў на галоўных плошчах гарадоў і вёсак. Пра новую рэлігійную палітыку царскіх уладаў тых часоў сведчаць радкі: «... Православные храмы Божие должны служить вековыми свидетелями великой эпохи возрождения православия и русской народности в Северо-Западном крае, искони русском, страдавшем так долго под гнетом Латино-польской пропаганды...» (Фірыновіч, 2010, с. 850).

У рэвалюцыйным вогнішчы 1917 г. Расейская імперыя трансфармуецца спачатку ў савецкую Расею, а пасля ў СССР (1922 г.). Беларусь, нягледзячы на спробы беларускага народа на развалінах імперыі стварыць незалежную рэспубліку, застаецца ў сферы ўплыву Расеі. Змена ідэалагічнага ладу з манархічнага на сацыялістычны не прыпыніла трансфармацыі гарадской прасторы, а наадварот, нават паскорыла гэтыя працэсы. У першую чаргу пацярпелі ўладанні вышэйшага саслоўя, якому не знайшлося месца ў новай дзяржаве пралетарыяту. У лепшым выпадку, будынкі былі абрабаваныя са змяненнем іх функцыянальнай прыналежнасці (напрыклад, пад школу, кантору калгаса), у горшым — пакінутыя без гаспадароў на дзесяцігоддзі, паступова ператвараліся ў руіны.

Прыклад дэградацыі гарадскога асяроддзя Полацка (1812, 1912, 2006). Усе культавыя будынкі разбураныя дзяржавай (РІ ці СССР) у 1865, 1912, 1940-я, 1964 гг. 1. Малюнак C. Faber du Faur, 1812 г. 2. Фота С. Пракудзіна-Горскага, 1912 г.. 3. Фота А. Зелянко, 2006 г. Спасылка

Яшчэ больш не пашанцавала культавым пабудовам, бо распачатая ў 1920-я гг. антырэлігійная кампанія ў СССР прывяла спачатку да закрыцця, а потым і да руйнавання рэлігійных святыняў на Беларусі. Заходняя Беларусь, якая знаходзілася тады (1921–1939 гг.) у складзе Польшчы, не спазнала такіх разбурэнняў. А гарады і мястэчкі ўсходніх рэгіёнаў сучаснай Рэспублікі Беларусь пад уплывам горадабудаўнічай ідэалогіі «будаўніцтва новага свету» як да вайны, так і падчас пасляваеннага аднаўлення перажылі комплекснае знішчэнне архітэктурна-гістарычных дамінант і цэлых гарадскіх комплексаў забудовы. «Такая дзяржаўная палітыка садзейнічала зніжэнню культурнага патэнцыялу паселішчаў усходняга рэгіёна, устойлівай тэндэнцыі поўнай змены гісторыка-архітэктурнага асяроддзя, якое фарміравалася стагоддзямі, на новае гарадское наваколле» (Габрусь і інш., 2003, с. 276).

Цягам Другой сусветнай вайны беларускія гарады спазналі ўвесь цяжар ваеннага часу. Тым не менш, комплексы гістарычнай забудовы многіх гарадскіх цэнтраў маглі б дачакацца свайго аднаўлення, бо за некаторыя пашкоджаныя помнікі архітэктуры Савецкі Саюз у пасляваенны час нават атрымліваў рэпарацыі. Аднак у пасляваенны перыяд (1940–50-я гг.) назіраўся працэс перакройвання гарадской тканіны (асабліва сталіцы, Менска, і буйных гарадоў). Разам з гэтым, каб адпавядаць канонам савецкай ідэалогіі, непазнавальна змянялася і тапанімічная сетка беларускіх гарадоў.. Напрыклад, у Менску у 1940-я гг. з’яўляецца некалькі дзясяткаў вуліц, названых у гонар рускіх пісьменнікаў, прадстаўнікоў культуры, военачальнікаў, якія ніяк не былі звязаныя з Беларуссю (Чэхава, Васняцова, Нахімава). Пазней, у 1960-я, пашыраецца комплекс назваў, звязаных з дзеячамі рэвалюцыі (Калінін, Пляханаў, Катоўскі) і героямі Вялікай Айчыннай вайны. У той жа час тапонімаў, звязаных з беларускай культурай, з’яўлялася няшмат, што часткова можа сведчыць пра ступень яе маргіналізацыі ў пасляваеннай Беларусі (Казакевич, 2011, с. 25). Прыклад Менска праз яго сталічны статус, безумоўна, найбольш яскрава адлюстроўвае гэты працэс, але адначасова ён рэпрэзентуе агульныя тэндэнцыі для ўсёй БССР.

 

(Не)залежная Беларусь

Пасля атрымання незалежнасці ў 1991 г. Рэспубліка Беларусь пачала праводзіць самастойную як знешнюю, так і ўнутраную палітыку. Больш не было неабходнасці азірацца на «старэйшага брата» і чакаць адабрэння з Масквы.

Тым не менш, на пачатку 1990-х, у адрозненне ад суседніх Літвы, Латвіі, Эстоніі, Польшчы і Украіны, у беларускім грамадстве і палітыцы не адбылося паўнавартаснага крытычнага пераасэнсавання гістарычнага багажу, назапашанага за больш як два стагоддзі, калі беларускія землі знаходзіліся ў складзе Расейскай імперыі, а пасля СССР.

Старэйшае пакаленне Беларусі, якую ў сацыялістычныя часы называлі «самай савецкай з усіх савецкіх» (Чернявская, 2011), захавала асаблівую настальгію па тых часах, што ў сярэдзіне 90-х у вялікай ступені паспрыяла падтрымцы курсу ўлады на збліжэнне з Расеяй. Беларускае грамадства, не паспеўшы нават як след нацешыцца ўласнай самастойнасцю, пачало збліжацца з расейскім. Культурнае поле Беларусі апынулася пад значным уплывам Расеі праз дзесяцігоддзі мэтанакіраванай русіфікацыі і проста з прычыны таго, што беларускаму рынку культуры цяжка было супернічаць з адпаведным, у дзясяткі разоў большым расейскім.

Безумоўна, у гарадской прасторы ў к. 20 — пач. 21 стст. такая экспансія не праяўлялася гэтак жа яскрава, як у прасторы інфармацыйнай, бо не трэба было зацвярджаць ці нават распрацоўваць праекты перапланіроўкі гарадоў без уліку іх гістарычнай структуры, як гэта часта адбывалася ў часы Расейскай імперыі. Ці называць вуліцы і плошчы ў гонар асоб, ніяк не звязаных з Беларуссю, што было распаўсюджанай практыкай у 20 ст. у СССР. Тым не менш, у некаторых кірунках развіцця гарадской прасторы беларускіх гарадоў дагэтуль назіраецца расейскі культурны ўплыў.

Найперш гэта тычыцца помнікаў і скульптур, звязаных з расейскай гісторыяй. Яны з’яўляюцца ў беларускіх гарадах у выглядзе падарункаў ад расейскіх культурных фондаў ці пры спрыянні з боку Беларускай праваслаўнай царквы — неад’емнай часткі Маскоўскага патрыярхату. Трэба адзначыць, што падобныя падыходы ў прасоўванні гістарычных асоб з падкрэслена расейскай імперскай пазіцыяй — даволі распаўсюджаная з’ява ў беларускім кантэксце. Можна прыгадаць гісторыю з Віцебска, калі пасля ўсталявання ў 2014 г. коннага помніка Альгерду, князю вялікалітоўскаму і пазней віцебскаму, у горадзе над Дзвіной ажывіліся прарасейскія актывісты і іх прыхільнікі з гарадской адміністрацыі і праваслаўнай царквы, у выніку чаго Віцебск атрымаў скульптуру Аляксандра Неўскага, які з вялікай нацяжкай звязаны з горадам, але ў сучаснай расейскай прапагандзе з’яўляецца выключнай гістарычнай асобай і сімвалам барацьбы з Захадам (КМ, 2016).

А ў Магілёве пры падтрымцы фонду з Кубані «Алея расейскай славы» ў 2015 г. каля бібліятэчнага каледжа, які носіць яго імя, адкрылі бюст Аляксандру Пушкіну. Тое, што гэта трэці помнік Пушкіну ў горадзе, які быў тут толькі праездам, пры амаль поўнай адсутнасці помнікаў беларускім гістарычным асобам яшчэ неяк можна было б патлумачыць (Лукашук, 2015). Але наяўнасць на пастаменце помніка радкоў з верша «Клеветникам России» — гэта абсалютнае няведанне гістарычнага кантэксту, бо верш быў напісаны акурат з нагоды паўстання 1830-1831 гг., якое ахапіла землі сучасных Беларусі, Польшчы і Літвы і было накіравана супраць расейскай імперскай улады:

Иль нам с Европой спорить ново?
Иль русский от побед отвык?..
...Стальной щетиною сверкая,
Не встанет русская земля?..
Так высылайте ж к нам, витии,
Своих озлобленных сынов:
Есть место им в полях России,
Среди нечуждых им гробов...

А магчыма, такі «траянскі конь» ад расейскага культурнага фонду — дадатковая магчымасць нагадаць беларускаму грамадству пра яго сапраўднае месца ў іерархічнай сістэме «метраполія — залежная тэрыторыя». Трэба адзначыць, што праз некаторы час супярэчлівыя радкі з пастамента прыбралі праз рэзка негатыўную рэакцыю шматлікіх гараджан.

 

Галоўная плошча Магілёва: змена кантэкстаў, змена прасторы

Горад Магілёў — добры прыклад для больш дэталёвага разгляду расейскага культурнага ўплыву на прастору беларускіх гарадоў. Нягледзячы на тое, што цяпер гэта звычайны абласны цэнтр на ўсходзе Беларусі, у пэўныя моманты гісторыі ён адыгрываў вельмі значную ролю для рэгіёна, быў цэнтрам важных і лёсавырашальных падзей: у Магілёве адбылася сустрэча расейскай імператрыцы Кацярыны ІІ з імператарам Аўстра-Венгрыі Іосіфам, падчас якой была вырашаная будучыня Рэчы Паспалітай — падзел паміж трыма еўрапейскімі дзяржавамі (канец 18 ст.); тут размясцілася стаўка галоўнакамандуючага Расейскай імперыі Мікалая ІІ (пач. 20 ст.). На кароткі перыяд (у 1930-я гг.) савецкі Магілёў нават меў усе шанцы стаць сталіцай БССР. Усе гэтыя працэсы так ці іначай адбіваліся на змяненні яго архітэктурнага, горадабудаўнічага і нават тапанімічнага ландшафтаў, бо горад быў упісаны ў розныя палітычныя і, што нават больш важна, культурныя кантэксты.

Магілёўская плошча Славы, самая цэнтральная і самая старая ў горадзе, якая за прыблізна 500 гадоў свайго існавання змяніла як мінімум 6 назваў (Гандлёвая / Губернатарская / Думская / Свабоды / Савецкая / Славы), заўсёды была ў віхуры гарадскіх падзей, трансфармуючыся пад патрэбы эпохі.

 

Магілёў у складзе Вялікага Княства Літоўскага.
Гандлёвая плошча — цэнтр вольных майстроў і гандляроў

Гандлёвая плошча ўпершыню згадваецца ў 1526 г. з нагоды ўзвядзення з абароннымі мэтамі магілёўскага «вялікага замка» праз абвастрэнне адносін паміж ВКЛ і Маскоўскім княствам. Плошча размясцілася якраз паміж замкам і Нагорным пасадам, а ад яе разыходзіліся вуліцы, якія былі кірункамі на бліжэйшыя да Магілёва гарады — Шклоў, Быхаў, Мсціслаў і Вільню.

Адна з найстарэйшых выяў Магілёва (1765–1767 гг.). Фрэска з касцёла св. Станіслава з панарамай горада. Спасылка

У гэты ж перыяд, у 1577 г., Магілёў атрымаў магдэбургскае права, згодна з якім гараджане вызваляліся ад феадальных абавязкаў, атрымлівалі гарантыі вольнага гандлю і рамёстваў, стварэння цэхаў. Магдэбургскае права дазваляла стварыць у горадзе свае органы ўлады — магістрат і суд, для чаго на плошчы была ўзведзена гарадская ратуша, якая на доўгія гады стане яе галоўным сімвалам (Кишик, 2015, с. 48).

Першапачаткова ратуша была пабудаваная з дрэва і на працягу свайго існавання некалькі разоў змяняла сваё месцазнаходжанне. У 1679 г. на грошы заможных жыхароў горада была ўзведзеная каменная ратуша. Такім чынам, паступова фарміраваўся ансамбль галоўнай гандлёва-адміністратыўнай плошчы Магілёва.

Трэба адзначыць, што канец 16 — пачатак 17 стст. — залаты век Магілёва, калі горад стаў фактычна другім па значнасці і заможнасці цэнтрам ВКЛ пасля Вільні (у 1637 г. прыроўнены са сталіцай у правах), дасягнуўшы адзнакі ў 15 тыс. жыхароў. 17 ст. — гэта яшчэ і перыяд культурнага і рэлігійнага развіцця горада, калі ў Магілёве з’яўляецца адзіная ў Рэчы Паспалітай праваслаўная епархія, а таксама паўстае ўнікальная архітэктурная школа магілёўскага барока (Чарняўская, 1973, с. 13).

 

Магілёў у складзе Расейскай імперыі.
Губернатарская плошча як месца цэнтральнай улады

Канец 18 ст. беларускія гарады «сустракаюць» у складзе новай дзяржавы — Расейскай імперыі. Гэты працэс паглынання культурнай спадчыны беларускіх зямель быў паступовым, але ў 3 падыходы (1772 г., 1792 г., 1795 г.) усе землі сённяшняй Беларусі апынуліся ў складзе Расеі. Гэты перыяд супадае з грандыёзнымі па маштабе горадабудаўнічымі трансфармацыямі, абумоўленымі не толькі і не столькі ростам гарадоў Расейскай імперыі, колькі прычынамі «дзяржаўнага сацыяльна-эканамічнага і ідэйна-культурнага асваення вялізных тэрыторый, далучаных да Расеі — Наваросіі, Прычарнамор’я, Прыазоўя, Крыма і Прыбалтыкі, а таксама беларускага краю» (Чантурия, 2020, с. 177).

Праз некалькі гадоў пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772 г.), Магілёў становіцца цэнтрам губерні, што запусціла пэўныя горадабудаўнічыя працэсы. Трансфармацыя горада пачалася з галоўнай гандлёва-адміністратыўнай плошчы горада — Гандлёвай. Згодна з праектам, на клінавідным і плоскім участку рынку павінны былі размясціцца двухпавярховыя будынкі: дом віцэ-губернатара і саветнікаў, будынак, што сумяшчаў функцыі суда, медыцынскай управы і архіва, а таксама будынак прысутных месцаў. Гэты новы горадабудаўнічы ансамбль павінен быў падкрэсліць новы статус Магілёва як губернскага горада (Кишик, 2015, с. 150). Тады ж і адбылася змена назвы плошчы з Гандлёвай на Губернатарскую.

Галоўным кірункам пераўтварэння плошчы ў перыяд класіцызму стала дадаванне яе планавальнай структуры геаметрычнасці, а таксама выразных ансамблевых характарыстык. Але ж найважнейшым вынікам рэканструкцыі стала кардынальная змена функцыі плошчы і размешчаных на ёй будынкаў у адпаведнасці з унутрыпалітычнымі наладамі новай дзяржавы (Чантурия, 2020, с. 403).

Вольны горад Магілёў, цэнтрам якога доўгі час была ратуша з магістратам і гандлёвымі радамі, пераўтвараўся ў шараговы губернскі горад са стандартным спісам будынкаў, характэрных для любога іншага губернскага цэнтра Расейскай імперыі. Горадабудаўнічыя трансфармацыі, безумоўна, закранулі не толькі цэнтр горада, але і ўсю яго структуру: старадаўнія гарадскія вуліцы выпростваліся і пашыраліся. У выніку сярэднявечная структура горада паступова падпарадкоўвалася класіцыстычным ідэям, што ішлі з новага палітычнага цэнтра — Санкт-Пецярбурга.

Губернатарская плошча з ратушай, палацам губернатара і руінамі магілёўскага замка на пярэднім плане (фрагмент). Малюнак М. Львова, 1800 г. Спасылка

 

Магілёў пад уладай Саветаў.
Стварэнне новай плошчы для новай сталіцы

На пачатку 20 ст. Магілёў стаў адным з цэнтраў Расейскай імперыі (пасля Петраграда і Масквы), дзе вырашаўся лёс рэвалюцыі. Рэч у тым, што ў гады Першай сусветнай вайны ў горадзе размяшчалася стаўка вярхоўнага галоўнакамандуючага і імператара Мікалая ІІ. У выніку распачатай барацьбы паміж прыхільнікамі старой і новай (савецкай) улады стаўцы не ўдалося эвакуявацца ў Кіеў, а ўжо ў лістападзе 1917 г. Магілёўскі Савет прызнаў савецкую ўладу. Пасля заканчэння Першай сусветнай вайны, у 1919 г., у Смаленску быў абвешчаны маніфест аб стварэнні ССРБ, у склад якой увайшла і Магілёўская губерня, а Губернатарская плошча атрымала новую назву — Савецкая.

У выніку доўгага працэсу станаўлення савецкай Беларусі ў 1920–1930-я гг., падчас якога адміністратыўныя межы раёнаў, абласцей і рэспублікі пастаянна перакройваліся, Магілёў некалькі разоў змяняў свой статус, пабыўшы спачатку цэнтрам павета Гомельскай губерні, пасля — цэнтрам Магілёўскага раёна, а пазней і акругі. Нарэшце, у 1938 г. Магілёў стаў цэнтрам вобласці, у склад якой увайшоў 21 раён (Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведні, 1993, с. 275).

Новы час і амбіцыі маладой савецкай дзяржавы патрабавалі для горада зусім іншых памераў і маштабаў. Да таго ж знешняя і ўнутраная палітычная абстаноўкі складваліся такім чынам, што ў Магілёва былі ўсе шанцы стаць наступнай сталіцай БССР. Заходняя мяжа рэспублікі пасля Рыжскай мірнай дамовы 1921 г. падзяліла этнічную тэрыторыю беларусаў на дзве часткі, дзяржаўная мяжа з Польшчай праходзіла вельмі блізка ад сталіцы, усяго за 30 км ад Менска. Улічваючы напружаныя адносіны з капіталістычнай Польшчай, 2 снежня 1937 г. Урад савецкай Беларусі звярнуўся ў Маскву па дазвол аб пераносе сталіцы з Менска ў Магілёў.

З гэтай нагоды на пачатку 1939 г. інстытутам «Белдзяржпраект» быў распрацаваны план сацыялістычнай рэканструкцыі Магілёва, які абапіраўся, у тым ліку, на пастанову СНК БССР ад 17 сакавіка 1938 г., згодна з якой новая планіроўка Магілёва павінна ўлічваць гістарычную структуру горада, але з улікам «карэннай перапланіроўкі яго шляхам рашучага ўпарадкавання сеткі гарадскіх вуліц і плошчаў» (Елізараў, 2011, с. 10). План прадугледжваў пракладку новай транспартнай восі ў шыротным кірунку (сёння праспект Міру), на поўнач ад гістарычнага цэнтра, і стварэнне новай плошчы Леніна, якой у будучай сталіцы адводзілася новая адміністратыўная роля. Старая Савецкая плошча была занадта малой для рэпрэзентацыі органаў новай улады і складалася з напластавання розных эпох, часам занадта супярэчлівых у дачыненні да новай сацыялістычнай ідэалогіі. Стварэнне новага цэнтра горада са шматпавярховым будынкам савецкай улады і помнікам Леніну азначала канец вядучай ролі плошчы каля замчышча, якая ў розныя стагоддзі была сімвалам эканамічнай паспяховасці горада, а пазней яго ўпісанасці ў новую палітычную сістэму Расейскай імперыі і падпарадкаванасці Санкт-Пецярбургу.

Тым не менш, гістарычны цэнтр згодна з праектам генеральнага плана мусіў быць перакроены, яго архітэктурныя дамінанты канца 16 — пач. 20 стст. — ансамбль Гандлёвай / Губернатарскай / Савецкай плошчы (ратуша, дамы губернатара, губернскае праўленне, гарадская ўправа і архіў), архіерэйскі палац, храмы (Богаяўленскі, Трох Свяціцеляў, Васкрасенская і Мікалаеўская цэрквы, касцёлы св. Антонія і св. Станіслава) — мусілі быць разбураныя, бо не адпавядалі «ўзорнаму сацыялістычнаму гораду — цэнтру БССР» (Елізараў, 2011, с. 10). Фактычна на месцы Савецкай плошчы павінен быў з’явіцца яе падвоены-патроены аналаг у духу гігантаманіі тых гадоў, са скразной магістраллю, якая б злучала новы цэнтр горада (плошчу Леніна) і раён забудовы па другі бок Дняпра (Лупалава / Задняпроўе).

Нягледзячы на падтрымку кіраўніцтва СССР, перанос сталіцы ў Магілёў адбываўся вельмі марудна праз недахоп рэсурсаў (напрыклад, з першапачаткова запытаных 350 млн рублёў Магілёў атрымаў крыху больш за 20), а таксама нежадання менскага чынавенства змяняць свой даволі наладжаны побыт (Елізараў, 2011, с. 6-7).

У 1939 г. пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР мяжа адсунулася на захад, а Менск апынуўся ў цэнтры рэспублікі. Такім чынам, пытанне пра перанос сталіцы ў Магілёў больш не было актуальным. Яшчэ да вайны зведаўшы сур’ёзныя разбурэнні гістарычнай, у першую чаргу культавай спадчыны ў працэсе трансфармацыі «правінцыйнага» горада ў «сталічны», Магілёў так і не стаў новай сталіцай БССР.

План Губернатарскай плошчы з прылеглымі кварталамі (рэканструкцыя), 1890 г., Крыніца

План Савецкай плошчы з генплана Магілёва, распрацаванага «Белдзяржпраектам», 1939 г., Крыніца

 

Магілёў пасляваенны.
Аднаўленне/разбурэнне плошчы і яе новы ідэалагічны сэнс

Пасля Другой сусветнай вайны, нягледзячы на тое, што горад ляжаў у руінах, аб’ёмы многіх гістарычных будынкаў цэнтра захаваліся. Спецыяльная камісія, створаная ў 1944 г., занатавала неабходнасць іх пасляваеннай рэканструкцыі.

Малюнак 6: Савецкая плошча ў 1950-я гг.. Ацалелыя падчас вайны будынкі хутка будуць знесеныя. Фота з архіва Ю. Чантурыі. Спасылка

Нягледзячы на тое, што Менск захаваў свой сталічны статус, некаторыя амбіцыйныя праекты ў Магілёве ўсё ж былі рэалізаваныя, напрыклад, ансамбль плошчы Леніна з Домам Саветаў (цяпер Магілёўскі аблвыканкам) і будынкам НКУС з унутранай турмой (цяпер Беларуска-Расейскі ўніверсітэт). Але самае галоўнае, што грандыёзны даваенны генеральны план Магілёва сфарміраваў тэндэнцыю абыякавага стаўлення да спадчыны гарадскога цэнтра на наступныя дзесяцігоддзі.

Новы генеральны план аднаўлення і рэканструкцыі Магілёва 1947–50 гг., распрацаваны інстытутам «Белдзяржпраект», прадугледжваў, у тым ліку, рэканструкцыю плошчы Савецкай і размешчаных на ёй будынкаў, уключэнне яе ў зону адпачынку горада і спыненне транспартнага руху. На жаль, пад рэканструкцыяй разумеўся і знос гістарычных будынкаў, напрыклад, Богаяўленскага брацкага манастыра, які, хоць і быў пашкоджаны ў часе вайны, падлягаў рэстаўрацыі. У рэшце рэшт, манастыр быў зруйнаваны ў 1957 г. Магілёўская ратуша, нягледзячы на прынятае рашэнне пра наданне ёй статусу помніка архітэктуры і планы па аднаўленні да 1953 г., была знесеная за 10 тыс. рублёў у мэтах «расчысткі Савецкай плошчы ад паўразбураных пабудоў, што не ўяўляюць каштоўнасці» (Решение № 469, 1956). На месцы зруйнаваных будынкаў у пасляваенны час яшчэ праектавалі прэзентабельныя высоткі ў модным тады неакласічным стылі, але замест іх у 1952–55 гг. з’явіліся тыповыя пяціпавярховікі. А на месцы знесенай ратушы праз некаторы час зрабілі гарадское кола агляду, якое магілёўцы празвалі «чортавым».

Такім чынам, пад бульдозерамі пасляваеннага аднаўлення Магілёў паступова страчваў свой старадаўні выгляд, не атрымліваючы нічога выбітнага наўзамен і паступова пераўтвараючыся ў шараговы абласны цэнтр СССР.

У 1982 г. на месцы гандлёвых радоў былога сярэднявечнага рынку, а таксама ансамбля грамадскіх будынкаў Губернатарскай плошчы, які ўзнік пазней і быў зруйнаваны ў часе вайны, з’яўляецца мемарыяльны комплекс «Змагарам за Савецкую ўладу» — «мастацкае ўвасабленне тэмы рэвалюцыйных, баявых, працоўных подзвігаў народа на ўсіх этапах барацьбы за Савецкую ўладу» (Збор помнiкаў гiсторыi i культуры Беларусі. Магілёўская вобласць, 1986, с. 39). Высотнай і сэнсавай дамінантай комплекса была абраная фігура жанчыны, якая сімвалізуе Перамогу. Узвядзенне такога ідэалагічна ярка акрэсленага манумента на плошчы, названай Савецкай, стварыла «... каштоўна адзіны „вузел сімвалаў“, які перадаваў наведвальніку даволі яснае, аднабаковае паведамленне з дапамогай візуальных, эстэтычных, тэхнічных, дыскурсіўных і іншых сродкаў» (Чепайтене, 2010, с. 245).

Выбар пляцоўкі для новага сімвала Магілёва, безумоўна, не быў выпадковым: мемарыяльны комплекс, размешчаны на высокім беразе Дняпра, стаў важнай вузлавой кропкай на мапе горада як у сімвалічным плане, так і ў якасці новага прасторавага арыенціра.

Пытанне пра адраджэнне іншага сімвала плошчы — магілёўскай ратушы — упершыню было ўзнятае менш як праз 20 гадоў пасля зруйнавання архітэктурнага помніка. А ўжо ў канцы 1970-х — пачатку 1980-х гг. археолагамі А. Трусавым і І. Чарняўскім праводзіліся археалагічныя даследаванні падмуркаў і тэрыторыі вакол іх, каб напрацаваць неабходную базу для архітэктурнага аднаўлення сімвала горада. На падставе гэтых і іншых даследаванняў быў распрацаваны праект гістарычнай рэканструкцыі магілёўскай ратушы.

Ідэя аднаўлення ратушы дзіўным чынам перагукалася з настроямі ў грамадстве, што луналі ў другой палове 1980-х. Гэта быў перыяд прадчування свабоды і хуткага надыходу перамен. Нездарма, месцам несанкцыянаваных мітынгаў у Магілёве ў той час сталі падмуркі ратушы. Мары пра адраджэнне гарадскога сімвала супадалі ў часе і прасторы з марай пра нацыянальнае адраджэнне. А Савецкая плошча ізноў стала месцам, дзе вырашаліся важныя пытанні гарадскога і рэспубліканскага маштабаў, прычым з удзелам гараджан.

Не санкцыянаваны ўладамі мітынг у 1990-я на Савецкай плошчы. Крыніца: скрыншот дакументальнага фільма Белсат «Магілёўскія дэмакраты»

 

Магілёў у незалежнай Беларусі.
Пошук новай ідэнтычнасці

У 1992 г. пасля атрымання Беларуссю незалежнасці ідэя аднаўлення ратушы была падтрыманая першым дэмакратычным старшынёй Магілёўскага гарвыканкама С. Габрусёвым, у тым жа годзе адбылася сімвалічная закладка першага каменя будынка. На жаль, праз недахоп сродкаў у дзяржаве справы далей за нулявы цыкл не пайшлі. Да таго ж змянілася кіраўніцтва ў гарвыканкаме, спакваля мянялася ўлада і ў краіне, і праект аднаўлення ратушы, які звязваўся з дзейнасцю С. Габрусёва, аказаўся не запатрабаваным і нават небяспечным для новай наменклатуры.

Тым не менш, дзякуючы неабыякавым гараджанам, а таксама культурнай супольнасці Магілёва, гарадская адміністрацыя падтрымала ідэю аднаўлення ратушы, і ў 2004-2005 гг. пачаліся праектныя работы па гістарычнай рэканструкцыі будынка. Нарэшце, у ліпені 2008 г. адбылося ўрачыстае адкрыццё адноўленага сімвала горада (Пушкін, Агееў, 2017, с. 158–165).

Цікава, што ў той жа перыяд, калі горад «даў дабро» на аднаўленне аднаго з галоўных архітэктурных сімвалаў Савецкай плошчы, быў запушчаны працэс яе больш глыбокага пераасэнсавання. Так, у 2005 г. па ініцыятыве гарадскіх уладаў пачынаецца абмеркаванне перайменавання Савецкай плошчы ў плошчу Герояў. Прадстаўнікамі Магілёўскага аблвыканкама выказвалася думка, што назва «Савецкая» больш не адпавядае сучаснасці, таму яе неабходна замяніць. Але прыхаванай прычынай такой ініцыятывы насамрэч было тое, што ў 2005 г. планавалася маштабнае святкаванне перамогі Савецкага Саюза (і, адпаведна, Беларусі) у Вялікай Айчыннай вайне. У асяроддзі ветэранаў-актывістаў зарадзілася ідэя, што Магілёву неабходна надаць званне горада-героя за абарону горада ў 1941 г. Вядома, узнікала пытанне, хто мог бы прыняць такое рашэнне і ад чыйго імя трэба было ўзнагароджваць горад, бо Савецкі Саюз не існаваў ужо больш за два дзесяцігоддзі. Ці магла гэта быць Масква як мінулы цэнтр савецкай дзяржавы? Але гэта б толькі падкрэсліла і без таго дамінуючую ролю Расеі ў культурна-ідэалагічным полі Беларусі (Усьціновіч, 2005).

Калі з амбіцыйным планам па ўзнагароджанні Магілёва нічога не атрымалася, савет ветэранаў выступіў з іншай ініцыятывай — пераназову Савецкай плошчы ў плошчу Герояў і ўсталявання 115 бюстаў Герояў Савецкага Саюза. Гэтая ідэя таксама не атрымала вялікай падтрымкі ў горадзе як з боку гарадскіх уладаў, так і з боку гарадскіх актывістаў. На «суд» шырокай грамадскасці гэтае пытанне нават не выносілася, як і шматлікія іншыя пытанні, звязаныя з тапанімічнай спадчынай у горадзе.

Разам з урбанімічным пераасэнсаваннем плошчы ішло і яе канцэптуальнае напаўненне. Так, у 2009 г. па ініцыятыве раёна Сакаліная Гара г. Масквы (з Магілёвам знаходзіцца ў т. зв. пабрацімскіх адносінах) быў адліты і падораны бюст апошняга імператара Расейскай імперыі Мікалая ІІ. Магілёўскія ўлады прапаноўвалі ўсталяваць яго ў раёне Савецкай плошчы, дзе знаходзілася яго стаўка ў часе Першай сусветнай вайны, але, як высветлілася з апытанняў грамадскасці, стаўленне магіляўчан да расейскага самадзержца было неадназначным, таму бюст давялося прыхаваць у музеі, «каб пазбегнуць вандалізму» (У Магілёве зноў... 2013).

«Жарсці па Раманавых» сціхлі толькі на некаторы час, бо ў 2017 г. да ідэі ўшанаваць месца, дзе ў нейкім сэнсе вырашаўся лёс Расейскай імперыі, вярнуліся ізноў. На адной са старэйшых плошчаў горада, насупраць будынка ратушы, усталявалі памятны знак стаўцы. Можна меркаваць, што гэта быў своеасаблівы кампрамісны варыят устаноўцы помніка Мікалаю ІІ. Варта адзначыць, што асоба апошняга імператара ўжо прысутнічала ў сімвалічным ландшафце плошчы, бо яшчэ ў 2008 г. на замчышчы, што стварае агульную зону з Савецкай плошчай, быў асвечаны храм Святых Царскіх Пакутнікаў і ўсіх Навамучанікаў XX стагоддзя. Гэты храм-помнік Мікалаю ІІ і яго сям’і насамрэч мае доўгую гісторыю рэалізацыі і адлюстроўвае ідэалагічнае супрацьстаянне паміж прыхільнікамі розных поглядаў на гісторыю Магілёва — горада, які быў часткай еўрапейскай і/або часткай рускай гісторыі.

Упершыню ідэю будаўніцтва храма ў раёне Савецкай плошчы агучыў ужо згаданы першы старшыня Магілёўскага гарвыканкама С. Габрусёў, праўда, прысвечаны ён мусіў быць ахвярам сталінізму, што цалкам адпавядала жаданню грамадства 1990-х пераасэнсаваць сваё драматычнае мінулае. Некаторымі святарамі нават агучвалася ідэя пабудаваць храм-сімвал на месцы мемарыяла «Змагарам за Савецкую ўладу». Безумоўна, для многіх гараджан, у першую чаргу ветэранаў, гэта быў занадта радыкальны крок, таму падабралі іншую пляцоўку — замчышча. Праўда, цяпер узбунтаваліся тыя, хто добра ведаў гісторыю места і разумеў, што сярэднявечнае замчышча з багатым культурным слоем не найлепшае месца для пабудовы новага будынка, і паступова на ідэю забыліся.

Але на пачатку 2000-х, калі аднавіліся размовы пра адбудову магілёўскай святыні іншага кшталту — ратушы, сярод праваслаўных актывістаў ізноў залунала ідэя пабудовы храма на тэрыторыі замчышча, праўда, цяпер у новай канцэпцыі — у гонар Мікалая ІІ і бязвінна забітай царскай сям’і. Цяжка сказаць, ці было ў гэтым жаданне стратэгічна завалодаць тэрыторыяй гістарычнага цэнтра і перахапіць ініцыятыву, але, як бачна, гэта не першы раз у гісторыі развіцця Савецкай плошчы, калі кантэксты з розных эпох — старадаўні еўрапейскі, расейска-імперскі, савецка-настальгічны — спрачаюцца за валоданне горадам. Тым не менш, у 2004 г. Дэпартамент аховы гісторыка-культурнай спадчыны дазволіў будаўніцтва царквы на Замкавай гары, але пры ўмове абавязковых археалагічных даследаванняў.

На жаль, паразумення і канструктыўнай супрацы паміж археалагічнай групай, будаўнікамі храма і іх заступнікамі з боку царквы не атрымалася, і праз шматлікія парушэнні падчас будаўніцтва быў незваротна парушаны культурны слой адной з самых старадаўніх частак Магілёва, у выніку чаго была нават заведзеная крымінальная справа (Няўрыда, 2007). У 2014 г., пасля некалькіх гадоў будаўніцтва, храм быў асвечаны.

У тым жа годзе Магілёўскі гарвыканкам у рэчышчы рэканструкцыі Савецкай плошчы агучвае ідэю перайменаваць яе ў плошчу Славы. Скарыстаўшыся магчымасцю быць пачутымі, магілёўская грамадская суполка «Грамадскі магістрат» звярнулася ў выканкам са сваёй прапановай — не спяшацца са зменай назвы, а правесці мясцовы рэферэндум, каб жыхары Магілёва выказалі сваё меркаванне наконт будучай назвы. Болей за тое, «Грамадскі магістрат» прапанаваў свой варыянт — Ратушная. Тым не менш, без уліку меркаванняў жыхароў горада, Савецкая плошча была перайменаваная ў плошчу Славы. Гэта было агучана старшынёй Магілёўскага гарвыканкама Ул. Цумаравым падчас афіцыйнага святкавання Дня Незалежнасці. Новая/старая плошча займела не толькі новую назву, але і новае сімвалічнае атачэнне: у выніку рэканструкцыі на ёй з’явілася некалькі дзясяткаў чырвона-зялёных сцягоў, тым самым дзяржаўная ўлада замацавала за сабою права на плошчу.

Што праўда, гэтае права аспрэчвалася яшчэ не аднойчы, напрыклад, падчас пратэстаў 2020—г., калі галоўная плошча Магілёва зноў, як і ў 1990-я—гг., стала месцам праяўлення грамадскай актыўнасці магіляўчан і на ёй залуналі сотні бела-чырвона-белых сцягоў.

 

Заключэнне

Разгледжаны прыклад найстарэйшай магілёўскай плошчы паказвае дынаміку змяненняў яе матэрыяльнага ўвасаблення і сімвалічнага напаўнення ў звязку з гістарычнай эпохай (Сярэднявечча, Новы час, Навейшы час) і ў залежнасці ад прыналежнасці да дзяржавы (ВКЛ/Рэч Паспалітая, Расейская імперыя, БССР/СССР, Беларусь). Прыведзеныя прыклады даказваюць не толькі змяненне горадабудаўнічага, архітэктурнага і ўрбанімічнага ландшафтаў плошчы пад уплывам дзяржаўнай палітыкі з боку Расейскай імперыі і Савецкага Саюза, але і дэманструюць незавершаныя працэсы яе пераасэнсавання ў незалежнай/залежнай Рэспубліцы Беларусь, калі дагэтуль адчуваецца рэха даўніх сузалежных адносін з былой метраполіяй і яе палітычна-ідэалагічным цэнтрам Масквой.

Галоўная плошча Магілёва, як і грамадства Беларусі, знаходзіцца ў працяглым перыядзе трансфармацыі і пераходу, у спробе пераасэнсаваць сваё мінулае і зрабіць няпросты выбар паміж еўрапейскім, расейскім, савецкім і ўласна беларускім.

 

Дадатак

 

Крыніцы:

  1. Mallard, T. (2023, 7 верасня). Damaged cultural sites in Ukraine verified by UNESCO. UNESCO.

    Рэжым доступу: https://www.unesco.org/en/articles/damaged-cultural-sites-ukraine-verified-unesco
    Дата доступу: 10 верасня 2023

  2. Todorova, M. (2009). Imagining the Balkans. Oxford: Oxford University Press. 

    Рэжым доступу: https://amper.ped.muni.cz/~jonas/knihy/03_globalni_svet_umeni_a_politika_identity/Maria%20Todorova,%20Imagining%20the%20Balkans.pdf
    Дата доступу: 1 верасня 2023

  3. Quijano, A. (2007). Coloniality and Modernity/Rationality. Cultural Studies, 21:2, сс. 168-178.

    Рэжым доступу: https://pybarra.weebly.com/uploads/6/8/7/0/687099/__quijano_coloniality_and_modernity_rationality.pdf
    Дата доступу: 1 верасня 2023

  4. Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік (1993). Мінск: Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі. Рэд. кал.: Воінаў, А. і інш. 

  5. Габрусь, Т., Кулагін, А., Чантурыя, Ю., Ткачоў, М. (2003). Страчаная спадчына. Мінск: Беларусь.

  6. Гардзееў, Ю. [Gordziejew, J.] (2017). Урбананімічны дыскурс у постсавецкай Беларусі. Acta Baltico Slavica. Polska – Litwa – Białoruś. Historia, która dzieli i łączy. Vol. 41, сс. 212-250.

    Рэжым доступу: https://www.academia.edu/37861791/%D0%A3%D1%80%D0%B1%D0%B0%D0%BD%D0%B0%D0%BD%D1%96%D0%BC%D1%96%D1%87%D0%BD%D1%8B_%D0%B4%D1%8B%D1%81%D0%BA%D1%83%D1%80%D1%81_%D1%83_%D0%BF%D0%BE%D1%81%D1%82%D1%81%D0%B0%D0%B2%D0%B5%D1%86%D0%BA%D0%B0%D0%B9_%D0%91%D0%B5%D0%BB%D0%B0%D1%80%D1%83%D1%81%D1%96
    Дата доступу: 30 жніўня 2023

  7. Елізараў, С. (2011). Магілёў — сталіца БССР: нерэалізаваны праект. Беларускі гістарычны часопіс. № 5, сс. 6-10.

    Рэжым доступу: https://elib.gstu.by/bitstream/handle/220612/27122/6-10.pdf?sequence=4&isAllowed=y
    Дата доступу: 1 верасня 2023

  8. Збор помнiкаў гiсторыi i культуры Беларусі. Магілёўская вобласць (1986). АН БССР, Інстытут мастацтва, этнаграфіі і фальклору. Рэд. кал.: Марцэлеў, С. (гал. рэд.) і інш. Мінск: Беларуская савецкая энцыклапедыя імя Петруся Броўкі.

  9. Казакевич, А. (2011). Символика места: Забывание и фрагментация «советского» в ландшафте Минска. Неприкосновенный запас: Дебаты о политике и культуре. № 6(80).

    Рэжым доступу: https://www.nlobooks.ru/magazines/neprikosnovennyy_zapas/80_nz_6_2011/article/18467/
    Дата доступу: 3 верасня 2023

  10. Кишик, Ю. (2015). Белорусский город. Минск: Беларусь. 

  11. КМ (2016, 20 чэрвеня). Краўцэвіч, А.: Помнік Аляксандру Неўскаму ў Віцебску — гэта экспансія «русского мира». Радыё Свабода.

  12. Лакотка, А. (1997). Беларусы. Том 2: Дойлідства. Інстытут мастацтва, этнаграфіі і фальклору. Мінск: Тэхналогія.

  13. Лукашук, З. (2015, 8 чэрвеня). Скандальны верш на бюсце Пушкіна зацверджаны магілёўскімі чыноўнікамі. Еўрарадыё.

  14. Няўрыда, В. (2007, ліпень). Бульдозерам па гісторыі. Наш Магілёў.

    Рэжым доступу: https://pdf.kamunikat.org/download.php?item=12399-1.pdf
    Дата доступу: 7 верасня 2023

  15. Пушкін, І., Агееў, А. (2017). Грамадзянская супольнасць і дзяржава. Станаўленне беларускага самакіравання. Магілёў: МДУХ.

    Рэжым доступу: https://www.bgut.by/sites/default/files/userfiles/EF/GD/files/85-2017_ageeu_a_r_pushkin_i_a_gram_supolnasc_2017_03.pdf
    Дата доступу: 5 верасня 2023

  16. Радыё Свабода (2013, 1 лістапада). У Магілёве зноў дыскутуюць: ці варта ўшаноўваць памяць пра цара Мікалая ІІ.

  17. Решение № 469 (1956, 20 ліпеня). Исполнительного Комитета Могилёвского городского Совета депутатов трудящихся о сносе каланчи ратуши на Советской площади. Архіў гісторыі Магілёва.

    Рэжым доступу: https://mogilev-history.blogspot.com/p/blog-page.html
    Дата доступу: 1 верасня 2023

  18. Соркіна, І. (2010). Мястэчкі Беларусі ў канцы XVIII – першай палове ХІХ ст. Вільня: ЕГУ. 

  19. Усьціновіч, М. (2005, 25 снежня). Савецкай плошчы ў Магілёве дадуць новую назву, але не гістарычную. Радыё Свабода.

  20. Фірыновіч, А. (2010). Нарматыўная база адносін урада Расійскай імперыі да Рымска-Каталіцкай Царквы ў 60-я гг. 19 ст. Історія релігій в Україні: науковий щорічник. Книга I, сс. 845-852.

    Рэжым доступу: https://www.religio.org.ua/index.php/religio/article/view/1359/1359
    Дата доступу: 5 верасня 2023

  21. Чантурия, Ю. (2020). Белорусское градостроительное искусство: средневековое наследие, ренессанс, барокко, классицизм в системе европейского зодчества. Минск: Беларуская навука.

  22. Чарняўская, Т. (1973). Архітэктура Магілёва. З гісторыі планіроўкі і забудовы горада. Мінск: Навука і Тэхналогія.

  23. Чепайтене, Р. (2010). Культурное наследие в глобальном мире. Вильнюс: ЕГУ.

  24. Чернявская, Ю. (2011). Самая советская из всех советских… Неприкосновенный запас, №4.

    Рэжым доступу: http://www.intelros.ru/readroom/nz/neprikosnovennyj-zapas-78-42011/11235-samaya-sovetskaya-iz-vsex-sovetskix.html
    Дата доступу: 10 верасня 2023

 

Чытаць яшчэ:

Previous
Previous

Mahiloŭ's Main Square: A Belarusian Urban Metamorphosis Through Post-Colonial Lenses

Next
Next

«‎Дружба народаў»‎? Гісторыя аднаго міфу ў савецкай архітэктуры