Генплан «на выраст». Чаму беларускія гарады працягваюць пашырацца (на паперы)

Тэма скарачэння гарадскога насельніцтва – актуальная для Беларусі, хаця на першы погляд здаецца, што доля гарадскога насельніцтва краіны расце. Існуюць групы гарадоў, якія губляюць агульную колькасць жыхароў ад аднаго перапісу насельніцтва да іншага. У той жа час новыя генеральныя планы гэтых населеных пунктаў прадугледжваюць рост колькасці жыхароў і гарадской тэрыторыі. У артыкуле раскрыты вытокі гэтай супярэчнасці, прыведзены канкрэтныя беларускія прыклады. У якасці рашэння праблемы прапанавана выкарыстанне канцэпцыі «разумнага змяншэння» (smart shrinkage).


 

Што адбываецца з гарадамі Беларусі з пункту гледжання дэмаграфіі? Вынікі перапісу насельніцтва 2019 г.

У верасні 2020 г. былі апублікаваныя дадзеныя перапісу насельніцтва, які праходзіў у 2019 г. Грамадзян Беларусі стала афіцыйна менш амаль на 90 тыс. чалавек (у параўнанні з перапісам 2009 г.). У цэлым жа насельніцтва краіны скарацілася на 630 тыс. чалавек за апошнія два дзесяцігоддзі. І калі разглядаць дэмаграфічныя змены ў разрэзе абласцей, то колькасць жыхароў памяншаецца прыкладна аднолькава ў пяці з іх (за выключэннем Мінскай вобласці і горада Менска). У той жа час пры аналізе дынамікі колькасці гарадскога насельніцтва высвятляецца, што колькасць жыхароў падае толькі ў Магілёўскай і Віцебскай абласцях (–40,7 тыс. і –46,4 тыс. чалавек адпаведна). Калі ж звярнуцца да больш разгорнутай статыстыкі па раёнах, то высветліцца, што гарадское насельніцтва за перыяд з 1999 да 2019 гг. прыбаўляецца толькі ў 15 раёнах (пераважна гэта раёны Брэсцкай і Гомельскай абласцей). Яшчэ ў 22 раёнах краіны назіраецца нязначны прырост у перыяд з 2009 да 2019 гг. (у асноўным, гэта раёны Віцебскай, Гарадзенскай і Менскай абласцей). У сваю чаргу, гэта азначае, што ў 81 раёне Беларусі (са 118) назіраецца працэс устойлівага падзення колькасці насельніцтва на працягу апошніх 20 гадоў. І гэта ўлічваючы той факт, што ў цэлым доля гарадскога насельніцтва рэспублікі працягвае расці (з 69,3 % да 77,5 % за 20 гадоў) [1] .

Пачынаючы з 2020 г. насельніцтва рэспублікі стала скарачацца яшчэ хутчэй пад уплывам некалькіх прычын, якія хвалямі накочваліся адна на адну. Да асноўных з іх адносяцца: высокая смяротнасць ад пандэміі COVID-19, а таксама дзве хвалі вымушанай міграцыі людзей у іншыя краіны: першая – масавыя рэпрэсіі і міліцэйскі гвалт пасля выбараў 2020 г., другая – наступствы пачатку расійскай агрэсіі ва Украіне. Паводле звестак Нацыянальнага статыстычнага камітэта (Белстат), насельніцтва краіны за гэтыя 3 гады скарацілася на 209,7 тыс. чалавек [2], што супастаўна з насельніцтвам цэлага Бабруйска, самага буйнога з не абласных цэнтраў (212,3 тыс. чалавек па выніках перапісу 2019 г. [3]). Тым не менш, і гэтыя звесткі могуць аказацца занадта аптымістычнымі, бо Белстат скрыў статыстыку смяротнасці і нараджальнасці за названыя гады. Што да міграцыі беларусаў у іншыя краіны пасля 2020 г., то, напрыклад, Польшча са жніўня 2020 г. па красавік 2022 г. выдала больш за 297 тыс. нетурыстычных віз (з іх больш за 32 тыс. – гуманітарныя) [4]. Больш за тое, згодна з дадзенымі Еўрастата, у 2021 г. 149 тыс. грамадзян Беларусі ўпершыню атрымалі від на жыхарства ў ЕЗ [5]. Яшчэ адным паказчыкам, што сведчыць аб вымушанай эміграцыі з Беларусі, з’яўляецца колькасць беларускіх бежанцаў, афіцыйна зарэгістраваных УВКБ (Упраўленнем Вярхоўнага камісара ААН па справах бежанцаў) за 2020-2021 гг., якая склала больш за 19 тыс. чалавек [6].

З аднаго боку, гэты аналіз сведчыць аб працэсе ўрбанізацыі, які працягваецца дагэтуль, з другога, ён падкрэслівае нераўнамерны яе характар, пры якім Мінск, абласныя цэнтры, некаторыя буйныя гарады (напрыклад, Баранавічы), і ў значна меншай ступені сярэднія (напрыклад, гарады-спадарожнікі) перацягваюць на сябе ўсё больш чалавечых рэсурсаў краіны.

Пры гэтым складана не адзначыць важную ролю менавіта гарадскіх населеных пунктаў у агульнай сістэме рассялення краіны ў святле назіраемых дэмаграфічных працэсаў. Відавочна, што працэсы ўрбанізацыі і надалей будуць узрастаць, а пытанні разумнага і збалансаванага гарадскога развіцця будуць станавіцца ўсё больш актуальнымі.

 

Прагнозная колькасць насельніцтва як аснова праектных прапаноў генеральнага плана

Генеральныя планы гарадоў, якія распрацоўваюцца «ў мэтах вызначэння прыярытэтаў, асноўных напрамкаў стратэгіі развіцця», «выкарыстання тэрыторый і ўстанаўлення абмежаванняў на іх выкарыстанне, а таксама развіцця сацыяльнай, вытворчай, транспартнай, інжынернай інфраструктуры», з’яўляюцца абавязковымі горадабудаўнічымі дакументамі і распрацоўваюцца на разліковы тэрмін з вылучэннем двух этапаў (звычайна 5–10 гадоў) [7].

Пры распрацоўцы генеральных планаў гарадоў улічваецца вялікі аб’ём матэрыялу: дадзеныя адпаведных аддзелаў і ведамстваў гарвыканкама, праектныя матэрыялы папярэдняга Генеральнага плана, горадабудаўнічыя дакументы вышэйшага ўзроўню (схемы комплекснай тэрытарыяльнай арганізацыі раёнаў, абласцей) і ніжэйшага ўзроўню (планы дэталёвага планавання), пажаданні замоўцы (гарвыканкам, міністэрства) і жыхароў (часцей за ўсё толькі ў фармаце грамадскага абмеркавання), асабісты досвед і так званае творчае бачанне архітэктара. Але, напэўна, адным з базавых паказчыкаў, ад якога адштурхоўваюцца праектанты, з’яўляецца праектная колькасць насельніцтва. Менавіта яна закладваецца ў тэхнічнае заданне на праектаванне, ад яе залежыць у першую чаргу кошт праекта і ўся логіка Генеральнага плана ў цэлым (рашэнні ў частцы жыллёвага будаўніцтва, развіцця сацыяльнай, інжынернай і транспартнай інфраструктуры і пашырэння тэрыторыі горада).

Пры ацэнцы магчымай колькасці насельніцтва на разліковы тэрмін праводзіцца рэтраспектыўны аналіз дынамікі колькасці насельніцтва, які грунтуецца на звестках Нацыянальнага статыстычнага камітэта Рэспублікі Беларусь, выніках перапісу насельніцтва. Таксама ўлічваюцца натуральны і міграцыйны рух насельніцтва і яго полаўзроставая структура.

У выніку выбудоўваюцца два варыянты прагнозу – інэрцыйны і мэтавы (аптымістычны). Інэрцыйны прагноз колькасці насельніцтва распрацоўваецца на базе тэндэнцый (звычайна за апошнія 20–25 гадоў) і іх экстрапаляцыі на разліковы тэрмін дзеяння генплана (на наступныя 5–10–15 гадоў). Безумоўна, пры перавазе смяротнасці насельніцтва над нараджальнасцю, наяўнасці міграцыйнага адтоку насельніцтва і іншых неспрыяльных фактараў інэрцыйны прагноз яшчэ больш падкрэслівае негатыўныя тэндэнцыі ў памяншэнні колькасці насельніцтва, аднак пры гэтым з’яўляецца больш рэалістычным.

Мэтавы прагноз, у сваю чаргу, грунтуецца на рэалізацыі сістэмы захадаў дзяржаўнага рэгулявання ў галіне дэмаграфічнай бяспекі, сям’і, паляпшэння здароўя нацыі, павышэння ўзроўню жыцця. Разлік будуецца на мэтавых устаноўках, якія прадугледжваюць: скарачэнне смяротнасці, павелічэнне нараджальнасці, скарачэнне натуральнага змяншэння насельніцтва горада, рэгуляванне ўнутранага міграцыйнага руху насельніцтва з мэтай прыцягнення маладых кваліфікаваных кадраў у горад.

Варта адзначыць, што пры выбары варыянта прагнозу перспектыўнай колькасці насельніцтва горада часцей за ўсё звяртаюцца менавіта да мэтавага, у крайнім выпадку паказваючы калі не падзенне, то хаця б стабілізацыю насельніцтва.

 

Прычыны, па якіх у генеральных планах часцей за ўсё выкарыстоўваецца мэтавы прагноз

Асноўным матывам тут з’яўляецца нежаданне прызнаваць дэпапуляцыю населенага пункта найперш самімі гарадскімі ўладамі. Часцяком яно тлумачыцца сляпой верай у тое, што праблема носіць часовы характар, і дэмаграфічныя праблемы нават самага дэпрэсіўнага рэгіёна можна вырашыць мэтавымі ўстаноўкамі і праграмамі па падтрымцы нараджальнасці, пры гэтым не ўлічваюцца натуральныя працэсы старэння насельніцтва. З іншага боку, сустракаецца і дыяметральна супрацьлеглая сітуацыя, калі гарадскія ўлады, прызнаўшы наяўнасць працяглага падзення насельніцтва ў горадзе, увогуле не бачаць перспектывы ў далейшым існаванні і развіцці населенага пункта.

Яшчэ адным фактарам выбару аптымістычнага прагнозу выступае жаданне горада атрымаць доступ да праграм фінансавай дапамогі абласнога і рэспубліканскага бюджэтаў. А гэта сведчыць ужо аб сістэмнай праблеме, бо на практыцы гарады, якія паказваюць прырост насельніцтва, сапраўды маюць больш шанцаў на атрыманне дадатковага фінансавання, што асабліва актуальна для малых населеных пунктаў, чыя бюджэтная база не дае магчымасці спраўляцца з фінансавымі цяжкасцямі самастойна.

Ды і ў цэлым варта прызнаць, што існуючая методыка праектавання, якая дасталася ў спадчыну ад савецкага горадабудаўніцтва, арыентаваная менавіта на экстэнсіўны характар развіцця, калі больш значыць лепш. У асноўных палажэннях генеральнага плана ў першую чаргу адлюстроўваюцца такія параметры развіцця, як колькасць насельніцтва, жыллёвы фонд, новае будаўніцтва, забяспечанасць жыллём, патрэбнасць у жылых тэрыторыях. Гэтыя тэхніка-эканамічныя паказчыкі, у сваю чаргу, адпавядаюць запытам упраўленняў капітальнага будаўніцтва (УКБ) і аддзелаў архітэктуры, будаўніцтва і горадабудаўніцтва пры гарвыканкамах па рэкамендаваных параметрах увядзення жылля (будаўніцтва) у квадратных метрах у год, якія ў ідэале павінны быць не менш за паказчыкі ўвядзення жылля за апошнія 10–15 гадоў. Такім чынам, менавіта будаўніцтва новага жылля для новага насельніцтва (ці пераразмеркавання старога) бачыцца асноўным драйверам развіцця горада. А абгрунтаваць такі падыход магчыма толькі пры наяўнасці станоўчай дынамікі колькасці насельніцтва, або пры выкарыстанні мэтавага прагнозу для перспектыўнага разліку насельніцтва.

Тым не менш, змяненне колькасці насельніцтва ў бок памяншэння ўсё ж характэрна для малых (да 20 тыс. чалавек) і сярэдніх (да 75 тыс. чалавек) гарадоў Беларусі. Вялікія (да 250 тыс. чалавек) і буйныя гарады (да 700 тыс. чалавек) у сілу сваёй шматфункцыянальнасці і звязанай з гэтым прывабнасці для жыхароў праяўляюць большую стрэсаўстойлівасць у плане дэпапуляцыі. Нават пры наяўнасці праблем з натуральным прыростам насельніцтва такія гарады маюць тэндэнцыю да павелічэння за кошт міграцыйных патокаў на рэгіянальным узроўні з бліжэйшых сельскіх і гарадскіх населеных пунктаў, тым самым уплываючы на перафарматаванне сістэмы рассялення.

Аднак нават для некаторых вялікіх гарадоў характэрна дэпапуляцыя, у першую чаргу гэта гарады з ярка выяўленай прамысловай функцыяй – Бабруйск, Барысаў, Наваполацк і Орша. Нягледзячы на гэта, у генеральных планах па-ранейшаму ў разлік прымаецца аптымістычны прагноз развіцця.

Табліца 1. Параўнанне колькасці насельніцтва Бабруйска

Табліца 2. Параўнанне колькасці насельніцтва Пінска

Асобна хочацца разгледзець прыклад Магілёва, акцэнтаваўшы ўвагу на прагнознай колькасці насельніцтва ў параўнанні з рэальнай статыстыкай паводле вынікаў перапісаў насельніцтва. Варта адзначыць, што Магілёў у апошнія гады стабільна губляе насельніцтва, хаця падобныя тэндэнцыі праяўляюцца і ў іншых абласных цэнтрах (выключэнні – Брэст і Гародня) [2].

 

Генеральныя планы Магілёва. Дадзеныя статыстыкі і перапісы насельніцтва не паспяваюць за прагнозамі праектантаў

Тры апошнія генеральныя планы Магілёва, уключна з актуальным зацверджаным, выпускаліся ў 2003, 2012 і 2016 гг. Пры гэтым распрацоўка генплана 2003 г. расцягнулася амаль на 10 гадоў з-за адсутнасці паўнавартаснага фінансавання, што было характэрнай сітуацыяй у горадабудаўнічай галіне канца 90-х – пачатку 2000-х гг. Той генплан, з аднаго боку, быў найбольш радыкальным з пункту гледжання прапанаваных горадабудаўнічых пераўтварэнняў: новыя транспартныя кольцы, стварэнне новага грамадскага цэнтра на левабярэжжы ракі Дзебра са зносам існуючай сядзібнай забудовы і г. д. А з іншага боку – найбольш аптымістычным у плане прыросту насельніцтва (больш за 30 тыс. чалавек да 2020 г.) і звязанага з гэтым тэрытарыяльнага прыросту – на 36 % да разліковага тэрміну – за кошт жылых раёнаў шматкватэрнай і сядзібнай забудовы: Саломінка, Мікалаеўка, Спадарожнік, Казіміраўка, Гарадшчына, Прысна. Генплан, распрацоўка якога пачалася ў 1993 г., у рэтраспектыўным аналізе ўлічваў рост колькасці насельніцтва, у тым ліку на базе перапісаў 1979 г. (290,4 тыс. чалавек) і 1989 гг. (359,2 тыс. чалавек) [11 , 12]. У 1999 г. прайшоў першы ў незалежнай Рэспубліцы Беларусь перапіс насельніцтва, які зафіксаваў змены ў станоўчай дынаміцы: горад Магілёў не далічыўся амаль 2,7 тыс. чалавек. Змяншэнне нараджальнасці, павелічэнне смяротнасці, падзенне ўзроўню жыцця насельніцтва, абумоўленыя сацыяльна-эканамічнымі ўзрушэннямі ў сувязі з распадам Савецкага Саюза, паўплывалі на трэнд па росце насельніцтва краіны. Аднак у канцы 90-х – пачатку 2000-х гэта ўспрымалася хутчэй як часавая з’ява, чаму не надавалася належнай увагі пры разліках.

Схема генеральнага плана Магілёва 2012 г.
http://www.ljplus.ru/img4/v/i/viktuss/genplan.jpg 

«Генеральны план у рэдакцыі 2012 г. таксама прадугледжваў значны тэрытарыяльны прырост нараўне з павелічэннем колькасці насельніцтва. Існуючае насельніцтва на той момант (2012 г.), паводле афіцыйных дадзеных, было нават крыху менш у параўнанні з генпланам 2003 г. – 360,9 тыс. замест 362,6 тыс. чалавек. Істотную карэкціроўку ў статыстыку ўнёс перапіс насельніцтва 2009 г. Аднак прагнозныя паказчыкі па прыросце насельніцтва і гарадской тэрыторыі засталіся прыкладна тымі ж, толькі са зрухам у этапах рэалізацыі генеральнага плана: 1 этап – 2020 г., 2 этап – 2030 г.

У генеральным плане 2012 г. асаблівая ўвага была надзелена эканоміі сельскагаспадарчых зямель, у сувязі з чым былі распрацаваны два варыянты тэхніка-эканамічнага абгрунтавання развіцця г. Магілёва. Першы дапускаў выкарыстанне пад забудову тэрыторый, якія знаходзяцца ў межах гарадской рысы, адабранне неабходнай колькасці сельгасзямель, прылеглых да гарадской рысы, а таксама знос і рэканструкцыю лядашчай забудовы ўнутры горада, у асноўным у цэнтральным раёне. Другі варыянт быў распрацаваны на запланаваных пад рэканструкцыю тэрыторыях са зносам існуючага сядзібнага жыллёвага фонду ў цэнтральнай і сярэдняй частках горада. Горад у выніку заставаўся ў межах сваёй забудаванай тэрыторыі. Нават землі, якія знаходзяцца ў межах існуючай гарадской рысы, па другім варыянце не забудоўваліся, нягледзячы на тое, што на гэтыя тэрыторыі былі распрацаваны дэталёвыя планы. У выніку разгляду і параўнання варыянтаў быў прыняты больш кампактны варыянт развіцця Магілёва [12, с. 24]».

Схема генеральнага плана Магілёва 2016 г.
https://urbanistic.by/2016/10/10/generalnyj-plan-goroda-mogilyova-korrektirovka/ 

«Генеральны план Магілёва 2016 г. “зменшыў свае апетыты” з-за негалоснай забароны на выхад на сельскагаспадарчыя землі. Тэрытарыяльны прырост меркаваўся “ўсяго” на 11 % у параўнанні з папярэднімі генпланамі, у якіх гэты ж паказчык быў 36 %. З іншага боку, быў паказаны значны прырост насельніцтва з 374,7 тыс. (2015) да 402,0 тыс. чалавек (2025) да канца другога этапа рэалізацыі генеральнага плана. Праўда, трэба ўлічыць, што этапы рэалізацыі генеральных планаў 2003 і 2012 гг. былі разлічаны на больш далёкую перспектыву – кожны этап па 10 гадоў. У той жа час генплан 2016 г. прапанаваў рашэнні для развіцця горада на кароткатэрміновую перспектыву з этапамі рэалізацыі на 2020 і 2025 гг. [13, с. 25]».

Табліца 3. Плошча ў межах гарадской рысы і Табліца 4. Колькасць насельніцтва

У працэсе праектавання было распрацавана некалькі прамежкавых варыянтаў, якія ў асноўным абапіраліся на экстэнсіўнае развіццё горада з выхадам на сельскагаспадарчыя землі: тэрыторыя ўздоўж так званага Мінскага ўезду (заходняя частка горада), тэрыторыя ў раёне населеных пунктаў Мікалаеўка-2, Мікалаеўка-3, Краснаполле-2 ва ўсходняй частцы горада і тэрыторыі ўздоўж поймы ракі Дняпра. Асобна прапрацоўвалася магчымасць зносу сядзібнай забудовы ў цэнтральнай зоне Магілёва, аднак папярэднія разлікі паказалі падаражэнне будаўніцтва пры такім варыянце на 60 %.

Па выніку ў праекце былі ўлічаны ўсе добрыя якасці і недахопы кожнага з варыянтаў, а таксама жаданне гарадскіх уладаў выкарыстоўваць распрацаваныя раней, але не рэалізаваныя праекты дэталёвага планавання для розных частак горада. Больш за тое, негалосная забарона на будаўніцтва на сельскагаспадарчых землях паўплывала на гатоўнасць гарадской адміністрацыі да зносу прыватнага сектара ў цэнтры горада, праўда, без папярэдняга абмеркавання з уладальнікамі дамоў, якія падпадали пад знос.

Тым не менш, варта адзначыць, што генеральны план у рэдакцыі 2016 г. атрымаўся найбольш рэалістычным з пункту гледжання ўліку рэальных магчымасцяў горада, і больш кампактным у параўнанні са сваімі папярэднімі версіямі. Пры гэтым многія ідэі, якія былі закладзеныя генетычна з часоў першых пасляваенных генеральных планаў, так ці інакш страцілі сэнс, або сталі вельмі цяжкімі ў рэалізацыі ва ўмовах непланавай эканомікі. У першую чаргу, размова ідзе аб фарміраванні сістэмы кольцаў у транспартнай структуры горада.

Акрамя адыходу ад мадэлі «горада Сонца» (назва паходзіць ад працы Тамаза Кампанэлы «Горад Сонца», а ў дадзеным кантэксце маецца на ўвазе горад з выразнай горадабудаўніча-планіровачнай структурай), праз 6 гадоў бачная яшчэ адна сістэмная праблема, звязаная зноў-такі з прагнознай колькасцю насельніцтва. «Пасля абнародавання вынікаў перапісу насельніцтва 2019 г. стала зразумела, што разлікі, якія абапіраліся на афіцыйную статыстыку 2015 г., аказаліся неактуальныя. Розніца паміж прагнозным насельніцтвам на 2020 г. і рэальнымі лічбамі пасля перапісу склала 32,8 тыс. чалавек. Пасля былі скарэктаваныя і дадзеныя з 2010 па 2019 год з улікам вынікаў перапісу. Пералік паказаў разыходжанне ў зыходных дадзеных, на якіх грунтаваліся праектныя рашэнні генеральнага плана. Разбежка ў лічбах склала 19,4 тыс. [13, с. 25-26]»

Табліца 4. Параўнанне колькасці насельніцтва Магілёва

Генеральны план Магілёва добра ілюструе даўно наспелую праблему ў горадабудаўнічым праектаванні – метадалогія распрацоўкі генеральных планаў мае патрэбу ў пераасэнсаванні, бо не можа абапірацца толькі на рост колькасці насельніцтва і асваенне новых тэрыторый. І калі за будучыню абласных гарадоў і гарадоў-стотысячнікаў як шматфункцыянальных цэнтраў рэгіянальнага і рэспубліканскага ўзроўняў усё-ткі не варта хвалявацца, то ці трэба заплюшчваць вочы на цалкам відавочнае падзенне насельніцтва ў малых і сярэдніх гарадах Беларусі? Але ці ёсць альтэрнатыва экстэнсіўнаму развіццю і якія падыходы ў горадабудаўнічым праектаванні могуць быць скарыстаны?

 

Разумнае змяншэнне. Спроба прызнаць праблему памяншэння насельніцтва і навучыцца з ёй працаваць на карысць горада і яго жыхароў

Найперш варта адзначыць, што дэпапуляцыйныя працэсы характэрныя не толькі для Беларусі. Па прыблізных падліках, каля 40 % еўрапейскіх малых і сярэдніх гарадоў сутыкаюцца з праблемай скарачэння колькасці жыхароў, пры гэтым у гэтых населеных пунктах пражывае трэцяя частка ўсяго насельніцтва Еўропы [14].

Вядома ж, прычыны памяншэння колькасці гарадскога насельніцтва вельмі разнастайныя і могуць адрознівацца ад рэгіёна да рэгіёна. Субурбанізацыя, якая праяўляецца ў разрастанні прыгараднай зоны з наступным стварэннем агламерацыі і запаволеннем тэмпаў росту гарадскога ядра, усё ж больш характэрная для буйных гарадоў Амерыкі, хоць і праяўляецца ў некаторым зменшаным маштабе ў Мінску і абласных цэнтрах Беларусі. А вось, напрыклад, працэсы старэння насельніцтва і міграцыі з дробных у буйныя населеныя пункты (у пошуках працы, магчымасцей атрымання адукацыі, больш высокай якасці паслуг і ў цэлым павышэння ўзроўню якасці жыцця) з’яўляюцца асноўнымі прычынамі дэпапуляцыі ў гарадах як Еўропы, так і Беларусі.

У Еўропе феномен змяншэння гарадоў (shrinking cities) пачалі асабліва актыўна вывучаць і абмяркоўваць у канцы 80-х – пачатку 90-х гг. 20 стагоддзя, калі многія постсацыялістычныя краіны сутыкнуліся з праблемамі дэіндустрыялізацыі і адтокам насельніцтва ў больш развітыя заходнія гарады і краіны. З тых часоў пачалі распрацоўвацца разнастайныя падыходы і метады, якія можна абагульнена пазначыць разумным ці кіраваным змяншэннем.

Так ці інакш метады працы з гарадамі ў стане змяншэння можна падзяліць на дзве асноўныя катэгорыі: top-down (зверху-ўніз) і bottom-up (знізу-ўверх).

Першая катэгорыя ўключае падыходы, якія ініцыююцца ў першую чаргу гарадскімі адміністрацыямі, якія «ўсвядомілі» і «прынялі» скарачэнне насельніцтва. Да іх можна аднесці дастаткова радыкальныя крокі гарадскіх уладаў па кіраваным пераразмеркаванні жыхароў у горадзе з менш заселеных раёнаў/кварталаў/дамоў у дастаткова шчыльнае асяроддзе гарадскога цэнтра з наступным магчымым зносам жылля, якое не выкарыстоўваецца. Расійскі горад Варкута ў сувязі з закрыццём шахт у 90-я гг. і наступным адтокам насельніцтва прытрымліваецца менавіта такой стратэгіі [15]. Цікавы прыклад нямецкага Лайнефельда, у якім з-за скарачэння працоўных месцаў у горадзе і звязанай з гэтым працоўнай эміграцыяй стала павялічвацца колькасць пустых кватэр, пачалася маргіналізацыя некаторых раёнаў горада. Горад прыняў праграму разушчыльнення, якая прадугледжвала рэканструкцыю існуючай 5-павярховай панэльнай забудовы [16]. Варта адзначыць, што абодва гэтыя прыклады абапіраліся на досыць вялікае дзяржаўнае фінансаванне рэалізацыі праграм.

Дом пасля рэнавацыі ў Лайнефельдзе, крыніца фота:
https://strelkamag.com/be/article/tri-sposob-modernizirovat-panelnyi-dom

Да другой катэгорыі можна аднесці падыходы, звязаныя з культурным адраджэннем і пераасэнсаваннем той спадчыны, якой валодае горад, раскрыццём турыстычнага патэнцыялу. Часцей за ўсё адраджэнне немагчымае без уключэння мясцовых жыхароў у працэс дыялогу (у ідэале ён імі ж і ініцыюецца). Менавіта раскрыццё чалавечага патэнцыялу і адсутнасць доўгага бюракратычнага шляху вырашэння таго ці іншага пытання пры кааперацыі мясцовых жыхароў з’яўляюцца галоўнымі перавагамі такога падыходу, і ў выніку садзейнічаюць фарміраванню грамадзянскай супольнасці, зацікаўленай у развіцці свайго роднага месца.

Панарама вёскі Хускар, крыніца фота:
https://espanarusa.com/be/news/article/635297 

Прыкладам можа служыць фестываль «Справа» і звязаныя з ім іншыя культурныя праекты, якія вярнулі жыццё ў аграгарадок Чарэя на Віцебшчыне, ці ідэя кампаніі Sony перафарбаваць усе дамы невялікай састарэлай андалузскай вёскі Хускар у блакітны колер у сувязі з прасоўваннем мультфільма «Смурфікі», што прывяло да небывалага турыстычнага ажыятажу і адпаведнага росту дабрабыту мясцовых жыхароў, падобнага роду ініцыятывы толькі на першы погляд могуць падацца нязначнымі і выпадковымі [17, 18].

Уладкаваныя камандай фестывалю SPRAVA аб'екты у а. г. Чарэя, крыніца фота: http://downshifter.by/sprava_fest

Безумоўна, прыведзеныя вышэй прыклады ўяўляюць сабой у чымсьці дыяметральна супрацьлеглыя падыходы ў рабоце з населенымі пунктамі, што знаходзяцца ў стане змяншэння. Найбольшых вынікаў усё ж магчыма дасягнуць толькі пры супрацоўніцтве гарадскіх адміністрацый, мясцовых жыхароў і прафесійнай супольнасці (праектанты, архітэктары і інш.)

Добры прыклад у гэтым сэнсе прадстаўляе Ляйпцыг, які знаходзіўся ў зоне савецкай юрысдыкцыі, і пасля аб’яднання Нямеччыны ў 1989 г. стаў адчуваць сур’ёзныя праблемы з адтокам насельніцтва ў больш шчасныя раёны краіны. У 2000-я гады пры падтрымцы гарадскіх уладаў мясцовымі праектантамі, архітэктарамі і жыхарамі была створана грамадская арганізацыя, якая садзейнічала заключэнню гнуткіх дагавораў паміж уладальнікамі нерухомасці і арандатарамі. Ідэя палягала ў тым, што арандатар, абавязваючыся падтрымліваць інфраструктуру будынка ў працоўным стане і ажыццяўляючы пры неабходнасці дробны рамонт, вызваляўся на працяглы перыяд ад выплаты падаткаў і самога кошту арэнды. Такія будынкі атрымалі назву Wächterhaus (дом пад наглядам). Акрамя таго, улады Ляйпцыга ўсяляк падтрымлівалі ініцыятывы нават па часовым выкарыстанні муніцыпальнай і прыватнай уласнасці ў якасці пляцоўкі для мерапрыемстваў, трансфармацыі іх у гарадскія грамадскія прасторы [19].

Дом пад наглядам у Ляйпцыгу, крыніца фота:
https://www.leipzig.de/bauen-und-wohnen/stadterneuerung-in-leipzig/stadterneuerungsproje k te/waechterhaeuser 

 

Высновы

Такім чынам, нягледзячы на дэбаты аб прычынах, індыкатарах і самой прыродзе дэпапуляцыйных працэсаў, напэўна, найбольш важным на дадзеным этапе з’яўляецца прызнанне самога факту змяншэння колькасці жыхароў у беларускіх гарадах і наступным выбудоўваннем логікі, сцэнарыя развіцця населеных пунктаў, зыходзячы з патрэб і магчымасцей ягоных жыхароў, а не гіпатэтычнага прыросту.

Пры распрацоўцы апошніх генеральных планаў ужо азначаецца пераход ад перспектыўных ідэй развіцця гарадоў з маштабнымі інфраструктурнымі праектамі да больш кампактных і рэалістычных варыянтаў. Адмова ад экстэнсіўных метадаў развіцця населеных пунктаў дасць магчымасць перавесці генеральныя планы з катэгорыі папяровай архітэктуры ў больш карысныя стратэгічныя дакументы. Аднак для гэтага неабходны як уцягнутасць і палітычная воля гарадскіх адміністрацый, так і прадастаўленне пляцоўкі для дыялогу для найбольш ініцыятыўных жыхароў, якім неабыякавая будучыня іх родных гарадоў. Архітэктарам-горадабудаўнікам, а таксама ўсім уцягнутым у працэс праектавання сумежным спецыялістам давядзецца выбудоўваць новую метадалогію сваёй працы, грунтуючыся на досведзе сваіх замежных калег, звяртаючы асаблівую ўвагу на праблемы малых і сярэдніх гарадоў.

Разумнае змяншэнне, як адзін з магчымых падыходаў, па-першае, прадугледжвае стараннае вывучэнне знешніх і ўнутраных перадумоў, якія прывялі да памяншэння насельніцтва, а па-другое, выпрацоўку індывідуальнага плана дзеянняў для далейшага развіцця населенага пункта, галоўнай мэтай якога будзе паляпшэнне якасці жыцця пазасталых жыхароў.

 

Спасылкі

  1. Итоги переписи населения Республики Беларусь 2019 г. Статистический сборник. Том 2 // Национальный статистический комитет Республики Беларусь (Белстат). – belstat.gov.by – Дата доступа: 07.01.2022

  2. Беларусь сокращающаяся или что происходит с беларусской демографией в 2023 году // Цэнтр Новых Ідэй. – newbelarus.vision – Дата доступа: 16.04.2023

  3. Численность населения по городам и районам // Главное статистическое управление Могилевской области. – mogilev.belstat.gov.by – Дата доступа: 08.01.2022

  4. Амаль 300 тысячаў нетурыстычных візаў Польшча выдала беларусам са жніўня 2020 г. // Белсат. – belsat.eu – Дата доступа: 16.04.2023.

  5. Ukrainians, Moroccans & Belarusians Were Main Recipients for First Residence Permits in 2021 // Schengen Visa. – schengenvisainfo.com – Дата доступа: 27.04.2023.

  6. Belarus: New Laws Target Critics in Exile. Arbitrary Deprivation of Citizenship; Politically Motivated Trials in Absentia // Human Rights Watch. – hrw.org – Дата доступа: 16.04.2023.

  7. Закон Республики Беларусь об архитектурной, градостроительной и строительной деятельности в Республике Беларусь // Национальный правовой Интернет-портал Республики Беларусь. – pravo.by – Дата доступа: 07.01.2022.

  8. Постановление Совета Министров Республики Беларусь 24 октября 2018 г. № 761 о внесении изменений и дополнений в постановление Совета Министров Республики Беларусь от 9 февраля 2006 г. № 185 – ilex-private.ilex.by – Дата доступа: 08.01.2022.

  9. Численность населения по городам и районам // Главное статистическое управление Брестской области. – brest.belstat.gov.by – Дата доступа: 08.01.2022.

  10. Постановление Совета Министров Республики Беларусь 21 апреля 2020 г. № 247 об утверждении генерального плана г. Пинска – ilex-private.ilex.by – Дата доступа: 08.01.2022.

  11. Всесоюзная перепись населения 1979 г. Численность городского населения союзных республик (кроме РСФСР), их территориальных единиц, городских поселений и городских районов по полу // Демоскоп Weekly. – demoscope.ru – Дата доступа: 07.01.2022.

  12. Всесоюзная перепись населения 1989 г. Численность городского населения союзных республик, их территориальных единиц, городских поселений и городских районов по полу [Электронны рэсурс] // Демоскоп Weekly. – demoscope.ru – Дата доступа: 07.01.2022.

  13. Петрухин А. А. Нужен ли городу Могилеву генеральный план // Архитектура и строительство. 2021. №3. С. 22-27.

  14. Re-grow City: turning disadvantage into opportunity // URBACT. – urbact.eu – Date of access: 09.01.2022.

  15. Управляемое сжатие. Как российские города приспосабливаются к новой жизни после того, как оттуда массово уезжают люди. Объясняем на примере Воркуты – lr.7x7-journal.ru – Дата доступа: 06.01.2022.

  16. Сжатие городов – естественный процесс, и в этом его главная сложность. – ion.ranepa.ru – Дата доступа: 06.01.2022.

  17. «Я точно проживу в любом месте. Но мне хотелось бы жить здесь». Новейшая история Белой Церкви. // 34travel. – 34travel.me – Дата доступа: 11.01.2022.

  18. Хускар – голубая деревня или город смурфиков в Испании. // Cameralabs. – cameralabs.org – Дата доступа: 11.01.2022.

  19. The Wächterhaus concept // From crisis to choice: re-imagining the future in shrinking cities. – urbact.eu – Дата доступа: 09.01.2022.

 

Чытаць яшчэ:

Previous
Previous

"A Size Too Big" Approach to Master Planning: Why Belarusian Cities Continue to Grow (at Least on Paper)

Next
Next

Вынікі даследвання «‎Гараджанкі, гараджане і гарадское асяроддзе ў Беларусі: Эмацыйны стан і вырашэнне гарадскіх пытанняў у 2022»