Вынікі даследвання «Гараджанкі, гараджане і гарадское асяроддзе ў Беларусі: Эмацыйны стан і вырашэнне гарадскіх пытанняў у 2022»
Сацыяльны і палітычны ландшафт гарадоў Беларусі інтэнсіўна змяняўся апошнія тры гады: нязнаная дагэтуль актыўнасць гараджанак, гараджан і суседскіх супольнасцей у 2020 годзе змянілася страхам рэпрэсій за кожнае дзеянне ў гарадскім асяроддзі. Чым цяпер жывуць гараджанкі з гараджанамі ўнутры Беларусі? Якія трансфармацыі паводзінаў і адносінаў унутры суседскіх супольнасцяў адбываюцца? Якое стаўленне гараджанак і гараджан да самаадукацыі? Адказы на гэтыя пытанні дапамогуць зразумець стан беларускага грамадства ўнутры Беларусі. Дзелімся імі ў нашым новым даследаванні.
ЗМЕСТ
А. (Сама)адукацыя гараджанак і гараджан: актуальнасць, запыты, патрэбы
Матывацыя да самаадукацыі
Фарматы адукацыйных матэрыялаў
Што звычайна замінае займацца самаадукацыяй?
Крыніцы актуальных навінаў і інфармацыі пра тое, што адбываецца ў горадзе альбо раёне
Негатыўныя / станоўчыя навіны
Якіх навін бракуе?
Высновы на аснове досведа праходжання адукацыйных праграм
Б. Тэмы для аб’яднання суседзяў і суседак
Актуальнасць урбаністычных пытанняў сёння
Пошук інфармацыі пры спробах вырашэння гарадскіх пытанняў
На вырашэнне якіх гарадскіх ці дваравых праблем зараз хапае сілаў?
На вырашэнне якіх гарадскіх праблем можна паўплываць?
Змены ў адносінах з суседзямі і суседкамі за апошні час
В. Эмацыйны стан
Змены адчуванняў ад горада ці раёна за апошні год
Пра закрыццё любімых месцаў
Што дапамагае змагацца з негатыўнымі эмоцыямі?
Пра падтрымку ад грамадскіх ініцыятываў
Першыя змены, якія павінны адбыцца ў раёне ці горадзе
Сацыяльны і палітычны ландшафт гарадоў Беларусі інтэнсіўна змяняўся апошнія тры гады, што значна паўплывала на беларускія гарадскія супольнасці. Нязнаная дагэтуль актыўнасць гараджанак, гараджан і суседскіх супольнасцяў у 2020 годзе змянілася страхам рэпрэсій за кожнае дзеянне ў гарадскім асяроддзі. Разуменне трансфармацыі паводзінаў і адносінаў унутры гэтых супольнасцяў, а таксама змянення агульных запытаў гараджанак і гараджан з’яўляецца важным для разумення стану беларускага грамадства ўнутры Беларусі ў цэлым.
Чым цяпер жывуць гараджане і гараджанкі ўнутры Беларусі?
Ці застаецца ў Беларусі месца ўдзелу гараджанак з гараджанамі ў змяненні гарадскога асяроддзя і ўплыву на прыняцце рашэнняў?
Як жыхары і жыхаркі ўспрымаюць гарадскую прастору на фоне вайны, рэпрэсій і масавай эміграцыі?
Як грамадскія арганізацыі могуць дапамагаць гараджанкам і гараджанам унутры краіны? З якімі тэмамі важней працаваць, якія фарматы выкарыстоўваць і якія навыкі развіваць?
Мы даследавалі стан гарадскіх супольнасцяў, а таксама агульныя запыты і адчуванні гараджанак і гараджан з дапамогай дзвюх асноўных методык: сацыялагічнага апытання і праз серыю інтэрв’ю з асобнымі гараджанкамі, гараджанамі, прадстаўніцамі і прадстаўнікамі экспертных НДА, якія працуюць з беларускімі супольнасцямі цяпер.
У апытанні прынялі ўдзел 175 рэспандэнтак і рэспандэнтаў (157 абралі праходзіць апытанне на беларускай мове, 18 – на расійскай), 80 % з якіх на момант праходжання апытання знаходзіліся ў Беларусі.
У параўнанні з папярэднімі апытаннямі, катэгорыя людзей узростам 16-25 гадоў прымае найбольш актыўны ўдзел.
Сярод тых, хто прынялі ўдзел у апытанні, 68,2 % – жанчын, 31,8 % – мужчын. Гендарныя суадносіны застаюцца прыкладна нязменнымі ўва ўсіх нашых апытаннях.
А. (Сама)адукацыя гараджанак і гараджан: актуальнасць, запыты, патрэбы
Матывацыя да самаадукацыі
Перад правядзеннем даследавання нашая каманда ў сваёй працы прытрымлівалася наступнай гіпотэзы: зараз беларусы і беларускі ўспрымаюць (сама)адукацыю як спосаб запашвання ведаў дзеля будучага іх прымянення, калі гэтаму будзе спрыяць сацыяльна-палітычны стан краіны. Размовы з гараджанкамі, гараджанамі, прадстаўніцам і прадстаўнікамі грамадскіх ініцыятываў гэту гіпотэзу пацвердзілі: адукацыйныя праграмы ў самых розных накірунках – важныя і актуальныя зараз у якасці падмурка на будучыню. Падтрымвалі такую гіпотэзу выказванні як тых, хто знаходзіцца ў Беларусі, так і рэспандэнт_ак за мяжой, якія плануюць вяртацца і ажыццяўляць змены, як толькі гэта стане магчымым.
Важна адзначыць, што практычныя веды засвойваюць не толькі дзеля чаканых будучых зменаў. Унутры Беларусі застаюцца актыўныя гараджан_кі, якія бачаць гарадскія праблемы і праз адукацыю спрабуюць вынайсці інструменты рашэнняў.
Сярод асабістых матываў да самаадукацыі часцей за ўсё адзначалася агульнае жаданне самаразвіцця, а таксама задавальненне асабістай цікаўнасці і спосаб баўлення часу: «Чалавеку хочацца спаць, хочацца есці. А мне хочацца ведаць штосьці новае». Нават невялікія вынікі пасля ўжывання новых ведаў на практыцы надаюць адчуванне самарэалізацыі і матывуюць.
Рэспандэнт_кі адзначалі, што для іх кола таксама характэрна імкненне падвысіць асабісты прафесійны ўзровень альбо ўвогуле змяніць прафесійную сферу дзейнасці праз самаадукацыю: для фінансавай стабільнасці, самарэалізацыі альбо з мэтай пераезду у больш бяспечнае месца. Падкрэслівалася, што спачатку людзі закрываюць свае базавыя патрэбы, толькі потым – самаразвіццё і вырашэнне грамадскіх праблем.
У нестабільныя часы самаадукацыя становіцца спробай разабрацца і знайсці тлумачэнні для нязвыклых і незразумелых новых абставінаў. Сутыкненне з незнаёмым выклікае пытанні, на якія рэспандэнт_кі шукаюць адказы.
У апытанні мы цікавіліся, якія тэмы адчуваюцца найважнейшымі для гараджан_ак, а таксама, якіх ведаў ім асабліва бракуе. Атрыманыя наступныя адказы:
Найбольш важнымі былі абраныя такія тэмы, на якія ў сённяшняй сітуацыі ў Беларусі немагчыма паўплываць. Выбраныя тэмы адлюстроўваюць працэсы, якія адбываюцца цяпер у беларускім грамадстве: палітычныя рэпрэсіі; парушэнне правоў чалавека; узмацненне кантролю над сферай культуры і мастацтва; пераслед прадстаўні_ц гэтай сферы; зніжэнне культурнай разнастайнасці; абмежаванні магчымасцяў для гараджан_ак і мясцовых супольнасцяў уплываць на рашэнні, якія прымаюцца, або выказваць сваю пазіцыю; пераслед незалежных грамадскіх арганізацый і ініцыятываў. Грамадства імкнецца да назапашвання ведаў па тэмах, на якія ў цяперашні час не можа паўплываць, спадзеючыся на будучыя магчымасці для зменаў.
Па некаторых тэмах склалася парадаксальная сітуацыя. Напрыклад, тэма камунікацыі і фасілітацыі была адзначаная як адна з найменей важных станам на сёння. Аднак пры гэтым рэспандэнт_кі адзначылі, што ведаў менавіта па камунікацыі і супольным прыняцці рашэнняў з сусед_камі ім бракуе асабліва. Магчыма, грамадскім арганізацыям варта пераасэнсаваць акцэнты пры прасоўванні дадзенай тэмы.
Фарматы адукацыйных матэрыялаў
Вынікі даследавання дазваляюць зрабіць наступнае агульнае назіранне па фарматах адукацыйных матэрыялаў: прынцыпова важна захоўваць іхную разнастайнасць. У кожнага і кожнай перавагі залежаць ад асабістых асаблівасцяў успрымання інфармацыі: тэксты, візуальныя фарматы, аудыя.
Паводле апытання, у суадносінах паміж тэкставай, аўдыё- і відэаінфармацыяй пераважае відэа (46,3 %). З тэкставай інфармацыі 53,7 % рэспандэнт_ак чытаюць доўгія артыкулы, 46,3 % — кароткую аналітыку.
Большасць рэспандэнт_ак аддаюць перавагу прагляду адукацыйных відэа ў сацыяльных медыя (YouTube, TikTok, Instagram і г. д.), чытанню доўгіх адукацыйных матэрыялаў і навінаў з кароткай аналітыкай, а таксама праслухоўванню падкастаў.
У пытанні наконт фарматаў інфармацыі была магчымасць выбраць некалькі варыянтаў адказу, аднак некаторыя рэспандэнткі абіраюць спажываць інфармацыю толькі праз пэўныя фарматы: толькі праз відэа (10), толькі праз чытанне (14), толькі ад экспертаў (2), толькі праз аўдыё (1).
Адзначаюць важнасць экспертнай аўтарытэтнасці і даверу да аўтара_к кантэнта. Паводле апытання, толькі 21,5 % рэспандэнт_ак выбіраюць атрымліваць адукацыйную інфармацыю ад эксперт_ак на лекцыях, трэнінгах і курсах, а 78,5 % аддаюць перавагу самастойным заняткам.
Расійскія крыніцы інфармацыі на ўрбаністычныя тэмы працягваюць узгадвацца ў адказах, але колькасць узгаданага беларускага кантэнта значна павялічылася ў параўнанні з мінулым даследаваннем 2021 года. Гэтаксама вырас і запыт на беларускі кантэкстны кантэнт. Заўважна, што колькасны і якасны рост беларускіх крыніц інфармацыі за апошнія тры гады прывёў да роста агульнага спажывання гараджан_камі беларускага кантэнта. Такім чынам можна сказаць, што ў гараджан_ак увесь час існуе запыт на беларускі кантэнт, а спажыванне расійскіх крыніц – хутчэй наступства недахопу беларускіх, а не асабісты свядомы выбар.
У апытанні суадносіны па паходжанні крыніц інфармацыі склаліся наступным чынам:
Варта адзначыць, што ў апытанні была згадана вялікая разнастайнасць беларускіх крыніц, у той час, як з расійскіх медыя называлі адны і тыя ж прозвішчы. У той жа момант, сярод беларускіх даволі часта рэспандэнт_кі называлі не чыста ўрбаністычныя ініцыятывы, а смежныя; таксама бракуе асобных персаналій і блогера_к ва ўрбаністычнай беларускай сферы. У любым выпадку, застаецца прыкметны вялікі ўплыў расійскага ўрбаністычнага руху і ўзровень яго спажывання, а таксама недахоп падобных праектаў пра беларускі кантэкст.
Што датычыцца адукацыйных праграм, тут чакана адзначаецца сімпатыя да офлайн-фарматаў, якія дазваляюць выбудоўваць больш моцныя гарызантальныя сувязі і цалкам паглыбіцца ў адукацыйны працэс і тэму.
Сярод крытэраў, што ўплываюць на выбар кантэнта, адзначалі:
Што звычайна замінае займацца самаадукацыяй?
Не пацвердзілася нашая гіпотэза, што галоўнай перашкодай да самаадукацыі з’яўляецца складаны эмацыйны стан апошніх гадоў. Гэты фактар агучваўся, але яго пераважылі іншыя перашкоды. Часцей за ўсё ўзгадваўся недахоп часу праз працу, вучобу, хатнія справы (і «неаплочваемую хатнюю працу» сярод рэспандэнтак).
Адзначаецца недахоп тэматычнай інфармацыі на беларускай мове. Агулам пошук крыніц часам займае шмат рэсурсаў: ініцыятывы малапапулізаваныя, а таксама бракуе ўзаемасувязяў паміж рознымі інфармацыйнымі крыніцамі і ініцыятывамі, што забяспечвала бы комплекснае разуменне тэматычнага інфаполя і доступ да болей разнастайнай тэматычнай інфармацыі. У апытанні многія адзначалі, што, нягледзячы на тое, што інфармацыі ў розных фарматах у адкрытым доступе дастаткова, выдаткоўваецца шмат часу, каб знайсці якасныя крыніцы.
Падкрэсліваюцца пытанні бяспечнасці ўдзелу ў адукацыйных праграмах, а таксама іх актуальнасці і практычнай каштоўнасці ў сучасных умовах.
Часам больш эфектыўнаму спажыванню атрыманых ведаў замінае адсутнасць магчымасці іх (пера)асэнсавання з іншымі людзьмі. Таксама апытаныя адзначаюць, што ім бракуе самадысцыпліны. Гэтыя складанасці патэнцыйна маглі бы вырашацца стварэннем тэматычных супольнасцяў для абмеркавання цікавых пытанняў і гарызантальнай арганізацыі адукацыйнага працэсу.
Крыніцы актуальных навінаў і інфармацыі пра тое, што адбываецца ў горадзе альбо раёне
Узгаданыя рэспандэнт_камі крыніцы інфармацыі пра горад ці раён можна падзяліць на тры віды:
онлайн-крыніцы,
гарызантальныя сувязі і камунікацыя з іншымі гараджан_камі,
фізічныя крыніцы інфармацыі ў гарадской прасторы, напрыклад, дошкі аб’яваў каля пад’ездаў.
Што датычыцца онлайн-крыніц, рэспандэнт_кі часцей падзяляюць іх на «афіцыйныя», якія транслююць навіны ад дзяржаўных органаў, і незалежныя медыя. Складваецца дысанансная сітуацыя, у якой:
да афіцыйных крыніц няма даверу з-за іх ідэалагізацыі і трансляцыі праўладных наратываў,
аднак рэспандэнт_кам бракуе альтэрнатыўнага асвятлення менавіта гарадскіх навінаў сярод незалежных медыя.
Сярод афіцыйных крыніц называліся: канал Minsknews, каналы мясцовых уладаў, напрыклад, канал мэра Берасця, 115.бел. Сярод незалежных крыніц часцей за ўсё ўзгадаваліся: Onliner (аднак адзначалася, што за апошнія гады давер да яго значна панізіўся), Zerkalo (былы Tut.by), Менская ўрбаністычная платформа, CityDog, Realt.by, Petitions.by, Спадчына.
У абласных і раённых гарадах жыхар_кі факусуюцца на мясцовых медыя і акаўнтах пра горад у сацсетках, аднак існуе праблема недахопу лакальнага кантэнту. Сярод крыніц інфармацыі таксама заўважна сталая праблема менскацэнтрычнасці: даволі часта адзначаўся недахоп крыніц мясцовых навінаў з малых гарадоў. Прычым гутарка не толькі пра навінныя каналы ці медыя, але і пра мясцовых блогераў і нефармальныя крыніцы.
Гарызантальныя сувязі – вельмі распаўсюджаны спосаб атрымання навінаў і інфармацыі пра гарады, які рэалізуецца праз «грамадскі маніторынг» і наўпроставы абмен назіраннямі і прачытаным ці пачутым. Такі спосаб інфармавання асабліва характэрны для гарадоў і мястэчак па-за межамі Менска як следства недахопа мясцовых крыніц інфармацыі. Таксама атрыманне навінаў праз гарызантальныя сувязі – адметная рыса гараджан_ак у вымушанай эміграцыі.
Негатыўныя / станоўчыя навіны
Падчас інтэрв’ю мы прапанавалі ўзгадаць і падзяліцца з намі адной негатыўнай і адной пазітыўнай навінай. Рэспандэнт_кам было складана ўзгадаць станоўчую навіну. У выніку колькасць прыгаданых негатыўных навінаў значна пераважае. Сярод адмоўных падзей, узгаданых рэспандэнт_камі, значная частка звязаная з сацыяльна-палітычным крызісам у краіне, напрыклад, закрыццё любімых месцаў, змена наратываў на карысць дэвелапераў у медыя, якія раней успрымаліся як незалежныя, павелічэнне абмежаванняў і ідэалагізаваных патрабаванняў да працы таварыстваў, абмежаванні да выкарыстання беларускай мовы ў публічнай прасторы і тапонімах. Нікуды не зніклі вечныя праблемы зносаў, барацьбы жыхара_к з прадстаўні_цамі ўлады з-за мясцовых праблем, пытанні дрэннай інфраструктуры, якія нясуць рызыкі для жыцця гараджана_к. Выявілася таксама, што апытаных хвалюе з’яўленне вялікай колькасці праваслаўных цэркваў без пажадання жыхара_к.
Станоўчыя навіны, прыгаданыя рэспандэнт_камі, – часта невялікія па маштабу і хутчэй звязаныя з асабістым досведам. Напрыклад, некалькі разоў узгадваецца з’яўленне сезонных кірмашоў і месцаў баўлення часу альбо пазітыўныя змены ў транспартнай інфраструктуры: запуск новых маршрутаў ці стварэнне роварных дарожак.
Якіх навін бракуе?
Па назіраннях рэспандэнта_к, у інфаполі асабліва бракуе станоўчых навінаў. Людзі разумеюць, што здараецца мала пазітыўнага, але асвятленне нават маленькіх «перамог» і вынікаў будзе моцным матыватарам. Станоўчага бракуе як у праўладных, так і ў незалежных медыя:
Зноўку вяртаемся да праблемы сталіцацэнтрычнасці і недахопу інфармацыі пра іншыя гарады. Адзін з рэспандэнтаў падзяліўся ідэяй, што асвятленне пазітыўных невялікіх кейсаў з іншых беларускіх гарадоў можа матываваць жахара_к на змяненні ў сваім асяроддзі па прынцыпу «калі ў іншых атрымалася, чаму б і нам не паспрабаваць». Таксама рэспандэнт_кі бачаць важным прасоўваць ідэю самастойнай адказнасці гараджан_ак за паляпшэнне асяроддзя і кіраванне сваім горадам. Пазітыўныя замежныя кейсы важна асвятляць праз прызму беларускага кантэкста.
Таксама рэспандэнт_кі адзначаюць немагчымасць праблематызацыі штодзённых пытанняў у гарадскім асяроддзі, іх агучвання і калектыўнага пошуку рашэнняў. Выказваецца меркаванне, што часам праблемы замоўчваюцца, таму што «людзі радуюцца таму, што ёсць, у тым ліку праз страх».
Рэспандэнт_кам бракуе базавай інфармацыі пра практычныя інструменты і магчымасці ўплываць на гарадское асяроддзе. Адчуваецца недастатковасць распаўсюду інфармацыі: нават базавыя інструменты падаюцца больш дасяжнымі актывіст_кам, чым проста зацікаўленым жыхар_кам.
Вялікая праблема, якая ўзмацнілася за апошнія некалькі гадоў, – недасяжнасць афіцыйных дадзеных і статыстыкі па розных сферах.
Сярод гарадскіх тэматык, асвятленне якіх недастатковае, варта выдзяліць тэму роварнай і транспартнай інфраструктуры, жывёлаў у горадзе, інклюзіўнасці і экалагічнага ладу жыцця.
Паводле апытання, самы вялікі попыт ёсць на тэмы беларускай культуры і гісторыі; за імі ідзе інфармацыя пра тое, што цяпер бяспечна рабіць у горадзе, а таксама веды па камунікацыі і прыняцці рашэнняў сумесна з іншымі жыхарамі горада.
Было адзначана, што і паспяховыя прыклады, у тым ліку з-за мяжы, і тэарэтычныя веды цяпер часта фрустрыруюць: «пакуль няма магчымасці выкарыстаць веды на практыцы [у Беларусі], не адчуваю сэнс іх увогуле атрымліваць :(».
Па выніках апытання відаць, што людзі хацелі б прымаць удзел у зменах у горадзе і гатовыя шукаць розныя формы і магчымасці такога ўдзелу.
Высновы на аснове досведу праходжання адукацыйных праграм
Даволі часта галоўная каштоўнасць адукацыйных праграм – гэта пабудова гарызантальных сувязяў і пошук аднадумцаў. Гэта важна і для абмену досведам з магчымасцю разгледзець тэму рознымі вачыма, і для маральнай падтрымкі, і для валідацыі і матывацыі. Важна адзначыць вялікую ролю ментара_к ці адукатара_к праграм, прычым важаць як іх прафесійныя якасці, так і персанальныя. Часам рэспандэнт_кі былі гатовыя ісці на праграмы не дзеля тэмы, а праз рэпутацыю адукатара_к.
Таксама важную ролю грае практычная каштоўнасць ведаў: удзельні_цам важна разумець, як дакладна яны зараз ці ў будучыні могуць ужываць атрыманую інфармацыю.
Што датычыцца канкрэтных заўвагаў рэспандэнта_к, якія могуць быць карыснымі для арганізатара_к курсаў і праграм, можна адзначыць наступнае:
ёсць важным момантам зручная і зразумелая інфраструктура праграмы, уключна з тэхнічным і арганізацыйным складнікамі;
неабходна высвятляць матывацыю і мэты ўдзельні_ц праграмы, каб сумяшчаць розныя падыходы і задавальніць больш патрэбаў навучэнцаў;
у некаторых рэспандэнта_к больш адказнасці, калі курс платны;
звычайна ўдзельні_цы праграм маюць паўсядзённую загрузку (праца, вучоба, хатнія справы), што важна ўлічваць пры складанні графіка праграмы;
падчас онлайн-праграм важна захоўваць па магчымасці асабісты кантакт з усімі ўдзельні_цамі і стала падпітваць іхную матывацыю.
Б. Тэмы для аб’яднання суседзяў і суседак
Актуальнасць урбаністычных пытанняў сёння
Рэспандэнт_кі заўважаюць, што паўсядзённыя праблемы гарадскога асяроддзя нікуды не знікаюць, таму іх вырашэнне заўсёды застаецца актуальным. Гэта датычыцца не толькі бытавых пытанняў (святло, вада, двор), але і агульнай (не)камфортнасці беларускіх гарадоў і магчымасцяў іх паляпшэння.
Урбаністыка і змены гарадскога асяроддзя часам становяцца інструментам эскапізму ад негатыўнага агульнага навінавага фону і месцам эмацыянальнай бяспекі: «людзі нават у такія цёмныя часы хочуць што-небудзь паляпшаць». Для рэспандэнта_к горад - гэта непасрэдная частка сучаснага жыцця, таму паляпшэнне яго асяроддзя вядзе і да агульнага паляпшэння якасці жыцця.
У адказах адзначалі неабходнасць працягваць адукацыю ва ўрбаністычнай сферы з арыентырам на будучыя перспектывы, бо гэта можа стаць матыватарам і эмацыянальнай падтрымкай: «людзі жывуць мінулым, ім трэба паказаць, што жыццё працягваецца». Аднак у большасці практычнае ўжыванне гарадскіх інструментаў асацыюецца з небяспекай.
Запыт на паляпшэнне асяроддзя і гарадскія змены суіснуе з немагчымасцю іх бяспечнай рэалізацыі.
Аднак у малых гарадах мясцовая ўлада меней закрытая ад гараджан_ак, і таму гарадская актыўнасць і вырашэнне праблемаў падаюцца больш магчымымі і меней небяспечнымі.
Пошук інфармацыі пры спробах вырашэння гарадскіх пытанняў
Калі рэспандэнт_кі спрабавалі вырашаць хвалюючыя іх гарадскія праблемы, яны самастойна шукалі неабходную інфармацыю альбо засноўваліся на асабістым досведзе, сваім альбо знаёмых. Па кансультацыі амаль ніхто не звяртаўся: па-першае, з-за неразумення, да каго можна звярнуцца пасля ліквідацыі вялікай колькасці грамадскіх ініцыятываў; па-другое, з прычыны страху камунікацыі з прадстаўні_цамі ўлады. Для эфектыўнага ўзаемадзеяння са службоўцамі важна папярэдняя падрыхтоўка і камунікацыя «па прынцыпу “дзяўбсці”».
На вырашэнне якіх гарадскіх ці дваравых праблем зараз хапае сілаў?
Агулам сёння рэспандэнт_кам хапае рэсурсаў толькі на вырашэнне крытычных пытанняў альбо невялікіх мясцовых праблем (хутчэй дваравых), якія непакояць. Асноўным інструментам праз бяспечнасць выкарыстання застаецца 115.бел. Аднак з зацягваннем крызіснага стану ўсёй сістэмы рэспандэнт_кі заўважаюць зніжэнне эфектыўнасці сэрвісу і сваё расчараванне ў ім. Дваравыя альбо дамавыя чаты захоўваюцца як камунікацыйныя пляцоўкі для абмеркавання бытавых пытанняў.
Некаторыя рэспандэнт_кі маюць больш маштабныя ідэі праектаў паляпшэння асяроддзя і жаданне іх ажыццяўляць, але зараз не бачуць спрыяльнага асяроддзя. Складнікі, якіх бракуе для рэалізацыі буйных гарадскіх праектаў: супольнасць, адчуванне бяспекі, экспертная падтрымка ад грамадскіх арганізацый і канструктыўнае ўзаемадзеянне з уладамі.
У параўнанні з апытаннем 2021 года, колькасць гараджан_ок, гатовых прасоўваць значныя змены, скарацілася ў 2,5 разы, пры гэтым практычна ў 3 разы скарацілася і колькасць респондент_ок у цяперашнім апытанні. Аднак практычна на тым жа ўзроўні застаецца колькасць гараджан_ок, гатовых быць часткай актыўнай групы па прасоўванні гарадскіх зменаў і гатовых займацца невялікімі фізічнымі зменамі гарадской прасторы.
На вырашэнне якіх гарадскіх праблем можна паўплываць?
У размове пра агульную магчымасць уплыву на гарадскія пытанні амаль усе рэспандэнт_кі адзначылі, што ўплываць можна амаль на ўсё, але ў рознай ступені і з выкарыстаннем рознага часавога рэсурсу (бывае, што і некалькі гадоў). Галоўнае пытанне застаецца ва ўзаемадзеяннях з мясцовымі ўладамі, без пагаджэння якіх маштабныя змены немагчымыя. Асабліва складанай стала сітуацыя з самакіраваннем, магчымасці і правы якога ўсё больш абмяжоўваюцца ўладамі.
Адна з рэспандэнта_к так апісала эвалюцыю адносінаў з уладамі: «2 гады таму мерапрыемствы маглі праходзіць пры падтрымцы ўладаў. Потым усё рабілі сваімі асабістымі (калектыўнымі) сіламі. Зараз на ўсё, нават на сходы кааператыву, патрэбныя афіцыйныя дазволы».
Сярод адносна бяспечных тэм, з якімі гараджан_кі могуць працаваць зараз, выдзяляюць:
пытанні, звязаныя з дзецьмі (пляцоўкі, інфраструктура)
транспартная інфраструктура,
бяспека навакольнага асяроддзя, экалогія,
камунальная гаспадарка і кіраванне адходамі,
тэма жывёлаў у горадзе.
Нягледзячы на складаную і небяспечную сітуацыю, некаторыя гараджан_кі працягваюць удзельнічаць у гарадскіх працэсах і спрабуюць уплываць на гарадскія рашэнні праз:
115. бел,
грамадскія абмеркаванні (але гэта ўспрымаецца хутчэй як спосаб агучыць сваю пазіцыю, чым сапраўды дамагчыся вынікаў),
петыцыі і звароты (гэты інструмент паступова становіца меней бяспечным),
суды з забудоўшчыкамі,
супрацоўніцтва з «Робім гуд»,
індывідуальныя прыёмы ў гарвыканкамах і іншых інстанцыях мясцовай улады са сваімі прапановамі, дакладнымі пытаннямі альбо для абмеркавання канкрэтных праектаў.
«Проста скардзіцца малаэфектыўна. А хадзіць і рабіць нейкія свае прапановы і абмяркоўваць з кіраўніцтвам сумесную працу - праз гэта можа быць вынік», – адзначае рэспандэнтка.
Гараджан_кі адаптуюцца да нязручнасцей, якія мэтанакіравана ствараюцца дзяржаўнай сістэмай. Напрыклад, на грамадскія абмеркаванні, якія звычайна адбываюцца ў працоўныя гадзіны, нязручныя для наведвання, прыходзяць сусед_кі на пенсіі, якія загаддзя збіраюць запыты ад жыхара_к праз чат.
Змены ў адносінах з суседзямі і суседкамі за апошні час
Інтэнсіўнасць камунікацыі з сусед_камі вельмі залежыць ад тыпу забудовы і маштабаў горада. У малых гарадах, а таксама ў малапавярховых будынках адносіны паміж суседзямі і суседкамі — гэта звыклая з'ява, якая існавала і да 2020 года: «усе адзін аднаго ведаюць». У шматпавярховай забудове і ў буйных гарадах гарызантальныя сувязі выбудоўваць складаней, асабліва зараз, у сітуацыі крызісу даверу. Адзначаецца, што хваля новых чатаў у 2020 годзе дапамагла ўзмацніць суседскія супольнасці і ўзаемадапамогу паміж жыхар_камі. Варта адзначыць, што не ўсе рэспандэнт_кі маюць суседскія чаты (розных маштабаў, ад дома да двара і раёна). Пры гэтым адсутнасць чата не кажа пра адсутнасць супольнасці ці адносінаў паміж сусед_камі: некаторыя супольнасці пачалі фармавацца і да 2020 года праз калектыўныя праекты зменаў. Чаты, якія захаваліся, нягледзячы на рэпрэсіі і спад актыўнасці, у асноўным выкарыстоўваюцца для абмеркавання бытавых кропкавых пытанняў, пошуку дапамогі і кантактаў, абмену досведам вырашэння невялікіх бытавых праблем. Таксама часам чаты становяцца пляцоўкамі збору калектыўных запытаў да дзяржаўных установаў перад грамадскімі абмеркаваннямі і іншымі афіцыйнымі сустрэчамі.
Адзначаецца агульны спад калектыўнай актыўнасці: сустрэчы і мерапрыемствы засталіся ў мінулым. Агульны стан супольнасцеяў хутчэй успрымаецца рэспандэнт_камі як безыніцыятыўны ў выніку рэпрэсій, эміграцыі вялікай колькасці актыўных гараджан_ак і агульнага выгарання. У такіх умовах нават невялікія вынікі і «перамогі», напрыклад, калектыўна знойдзены новы гаспадар для дваравой кошкі, надаюць натхненне і матывацыю. Актыўнасць асобных суседзяў і суседак, нават невялікая, выклікае пачуццё гонару і захаплення.
Большая частка рэспандэнт_ак або не падтрымлівае адносіны з суседзямі (45,1 %), або мае адносіны толькі пры выпадковай асабістай сустрэчы (48%). Адказы на пытанне: «Чым вам дапамагае добрасуседства?» падобныя да даследавання ў 2021 годзе. Колькасць гараджан_ак, якім не дапамагае добрасуседства, павялічылася толькі на 5 %. Калі добрасуседства ўсё ж ёсць, яно ў такой жа ступені дапамагае спраўляцца са стрэсам, даведвацца новае і дамаўляцца на змены ў двары.
Агулам можна выдзяліць наступныя групы гарадскіх праблем, што хвалююць гараджан_ак :
вулічнае асвятленне;
камунальная гаспадарка, у асаблівасці інфраструктура збора смецця і смеццевыя пляцоўкі;
дарожна-транспартная інфраструктура, у тым ліку бяспека пешаходаў, пабудовы новых дарог, паркоўкі, якасць дарожнага пакрыцця, роварная інфраструктура;
азеляненне і экалагічная бяспека, у тым ліку знікненне дрэваў, кепскі дагляд за новай зелянінай, адсутнасць разнастайнасці;
адносіны з сусед_камі: шум, безыніцыятыўнасць, фінансавыя складанасці, датычныя калектыўных пытанняў;
праблемы самакіравання;
агульнае добраўпарадкаванне, асабліва дваравой прасторы;
пытанне жывёлаў у горадзе, у тым ліку бяздомныя жывёлы, выгул сабак;
грамадскія прасторы, пляцоўкі для баўлення часу;
захаванне культурнай спадчыны.
В. Эмацыйны стан
У апытанні мы цікавілся ў рэспандэнт_ак «Якімі эмоцыямі найчасцей абменьваюцца людзі ў вашым лакальным асяроддзі?». Зыходзячы з эмацыйнай афарбоўкі адказаў, мы вылучылі асноўныя 6 катэгорый (пры аднясенні адказу да пэўнай катэгорыі мы стараліся не дадумваць нічога за рэспандэнтамі, часцей за ўсё ў самым адказе была прапісаная тая эмоцыя, па якой мы яго пазней аднеслі да катэгорыі).
трывога і страх — перажыванні з-за небяспечнасці адкрытага абмеркавання таго, што адбываецца;
сум — апісанне эмоцыі смутку, маркоты;
змешаныя эмоцыі — складаныя, комплексныя эмоцыі, якія залежаць і змяняюцца ад таго, што адбываецца;
негатыўныя эмоцыі — сюды ставяцца адказы, у якіх ёсць непасрэдная фармулёўка «негатыў», часта ёсць згадка «незадаволенасці»;
нейтральныя эмоцыі — сюды ставяцца адказы, у якія ёсць непасрэдная фармулёўка «нейтральныя ці ніякія»;
станоўчыя эмоцыі — адчуванні «пазітыву», эмпатыі, падтрымкі, надзеі.
Нягледзячы на тое, што у асяроддзі нашых рэспандэнт_ак абменьваюцца негатыўнымі (31,4 %), сумнымі (14,7 %) і трывожнымі (9,4 %) эмоцыямі, адчуваецца высокі узровень падтрымкі і эмпатыі (20,9 %) (станоўчыя эмоцыі). У 17,3 % людзей эмацыйны фон змяняецца ў залежнасці ад таго, што адбываецца (змешаныя эмоцыі).
Некаторыя рэспандэнты адзначалі, што людзі цяпер больш прыхоўваюць свае эмоцыі і не дзеляцца сваімі перажываннямі.
У апытанні мы прасілі рэспандэнт_ак апісаць сваё ўспрыманне горада зараз і таксама апісаць, якім яны яго бачаць праз 10 гадоў, з дапамогай 3 слоў. Так, сярод адказаў аб тым, як гараджан_кі бачаць горад зараз, мы вылучылі 6 катэгорый:
утульнасць - пачуццё эмацыйнай сувязі з горадам і эмацыйна-псіхалагічнага камфорту ў гарадской прасторы;
камфорт - пераважна пачуццё фізічнага камфорту ў гарадской прасторы;
застой - пачуццё, што горад не развіваецца і застыў у часе;
негатыў - мы не прыраўноўвалі нейкія эмоцыі да простага негатыву, сюды ставяцца адказы, у якія ёсць непасрэдная фармулёўка «негатыў»;
надзея - пачуццё, што горад вось-вось ажыве;
змешаныя эмоцыі - калі гараджанкі адчуваюць сябе супярэчліва ў гарадской прасторы і адчуваюць моцна кантрасную палітру эмоцый.
Так, большая частка беларускіх гараджанак адчувае пачуццё застою (33 %) і негатыву (34 %). Адчуванне камфорту і ўтульнасці знаходзіцца на прыблізна аднолькавым узроўні - 12 % і 14 % адпаведна.
Пры гэтым у беларускіх гараджа_нак захоўваецца шмат аптымізму і вера ў развіццё беларускіх гарадоў у будучыні. Ёсць адчуванне, што наперадзе – значныя інфраструктурныя змены. У адказах пра горад праз 10 гадоў таксама з’яўляецца новая катэгорыя – свабода, што падкрэслівае веру ў свабодную гарадскую прастору ў будучыні, у тым ліку праз умацаванне мясцовага самакіравання і аднаўленне ўсіх гарадскіх ініцыятываў, якія былі ліквідаваныя ў 2021 годзе.
Таксама цікава адзначыць, што прагрэс у будучыні ў рэспандэнт_ак звязаны з прыналежнасцю да еўрапейскай прасторы (на эмацыйным узроўні), а застой, наадварот, звязаны са страхам застацца ў цеснай сувязі з расійскім кантэкстам.
Змены адчуванняў ад горада ці раёна за апошні год
За рэдкім выключэннем, адчуванне горада значна пагоршылася па розных, але ўзаемазвязаных прычынах. Для некаторых горад пачаў адчувацца чужым з-за страты ўлюбёных месцаў альбо ад’езду блізкіх людзей і закрыцця значных ініцыятываў: «Быццам гэта чужы горад, у якім я нічога не ведаю». Некаторыя рэспандэнт_кі звязваюць пагаршэнне адчуванняў з застоем і нават дэградацыяй сістэмы гарадскога кіравання і, як вынік, пагаршэннем якасці асяроддзя. То бок размова не толькі пра эмацыйны складнік, але і пра фізічнае пагаршэнне прасторы, гэта тычыцца як забудаванага асяроддзя, так і прыродных кропак прыцягнення і зялёных зон. Таксама адзначаецца страта сувязі з горадам праз ідэалагізацыю горада і «захоп» прасторы прапагандай і афіцыйнымі дзяржаўнымі сымбалямі. Заўважная агульная стома ад негатыўнага змянення прасторы і ад гарадскога асяроддзя агулам: «хочацца далей у лес сысці». Варта асобна адзначыць адчуванне стану малых гарадоў па словах адной з рэспандэнт_ак: «тут няма і ходніка, і нават надзеі яго ўвогуле займець».
Агульнае назіранне: для рэспандэнта_к характэрна несвядомая менскацэнтрычнасць альбо фокус на буйных абласных гарадах. На пытанне пра змяненне стаўлення да свайго горада гараджан_кі выказваліся пра змены ў Менску ці ў абласным цэнтры, тлумачачы гэта тым, што «у нашым населеным пункце нічога няма».
Гараджан_кі, якія былі вымушаныя пакінуць свае гарады, апісваюць адчуванні як застылыя ў моманце развітання: «Проста гуляў па роднаму гораду і развітваўся. У тым горадзе я і сёння жыву».
Адзначым, што і сярод агульна негатыўнага адчування зменаў у гарадах за апошнія два гады, рэспандэнт_кі дзеляцца нагодамі і для радасці. Гэта асабліва характэрна для гарадоў сярэдняга маштабу, дзе магчымыя некаторыя формы канструктыўнага ўзаемадзеяння з дзржаўнымі органамі. Альбо адбываюцца невялікія станоўчыя змены высілкамі гараджан_ак без удзелу ўлады і без публічнага асвятлення падзей: «Людзі жывуць невялікімі добрымі момантамі, якія яны самі сабе робяць і нікому не паказваюць».
Пра закрыццё любімых месцаў
У размове пра закрыццё любімых месцаў у горадзе даволі часта рэспандэнт_кам было складана называць дакладныя месцы, яны хутчэй спасылаліся на абагуленыя адчуванні ад горада. Можна казаць, што для некаторых гараджан_ак агульнае адчуванне бяспекі, наяўнасці жыцця ў гарадской прасторы пераважвае прывязку да дакладных месцаў.
Таксама большасць рэспандэнт_ак адзначалі агульнае зніжэнне актыўнасці свайго ўзаемадзеяння з гарадской прасторай, за апошні час жыхар_кі значна радзей наведвалі якіясьці ўстановы ў горадзе.
Шмат хто ўзгадваў культавыя культурныя прасторы ці, назавем іх, гарадскія кластары кшталту вуліцы Кастрычніцкай, якая значна змяніла свой вобраз і склад месцаў за апошнія годы. Таксама адзначаецца змяншэнне колькасці наведвальні_ц у месцах, якія захаваліся. Адзін з рэспандэнтаў адзначыў з’яўленне ў горадзе гандлёвага цэнтра як месца баўлення часу.
Што дапамагае змагацца з негатыўнымі эмоцыямі?
Асноўным спосабам самападтрымкі і барацьбы з негатыўнымі эмоцыямі для гараджан_ак стала ўзаемадзеянне з прыродай: шпацыры, у тым ліку на роварах, прабежкі ў гарадскіх зялёных зонах і парках, жыццё за межамі горада пры магчымасці, наведванне запаведнікаў і іншых прыродных месцаў па ўсёй краіне. Шпацыры па асабістых «месцах сілы» ў горадзе таксама дапамагаюць схавацца ад агульнага негатыўнага фону. Акрамя таго, дапамагае пабудова новых і аднаўленне былых сувязяў з людзьмі, баўленне часу з сям’ёй і сябрамі.
Для некаторых гараджан_ак спосабам эскапізму і месцам бяспекі становіцца самаадукацыя ў новых сферах, напрыклад, псіхалогіі – як спроба разабрацца ў падзеях навокал, альбо ўрбаністыкі – дзеля фіксацыі рэчаіснасці і як спроба вяртання адчування кантролю праз інструменты гарадскіх зменаў.
Пра падтрымку ад грамадскіх ініцыятываў
У развагах пра формы падтрымкі ад грамадскіх ініцыятываў акцэнтавалася ўвага на гарызантальных сувязях, стварэнні супольнасцяў, пошуках аднадумцаў. Сярод рэспандэнт_ак ёсць вялікі запыт на камунікацыйную пляцоўку з іншымі зацікаўленымі гараджана_камі і эксперт_камі для абмену досведам, калектыўнага пошуку вырашэнняў гарадскіх пытанняў «з месца», для падтрымкі і агульнага развіцця ў гарадской сферы. Аднак адкрытым застаецца пытанне бяспекі. Таксама ў разважаннях заўважана ўсведамленне ўзаемасувязі паміж гарадской актыўнасцю і развіццём грамадскай супольнасці.
Некаторыя гараджан_кі адзначаюць, што сам «працяг працы грамадскіх ініцыятываў – гэта ўжо вялікая падтрымка, за якую хочацца сказаць “дзякуй”». А таксама гатовы ўключацца ў працу ці валанцёрскую дапамогу арганізацыям і ініцыятывам: «Такія арганізацыі даюць штуршкі для росту, для разважанняў». Актыўнаму ўключэнню перашкаджае неразуменне, у якія ініцыятывы можна ўключацца зараз.
Першыя змены, якія павінны адбыцца ў раёне ці горадзе
Мы запытваліся пра першыя змены, якія, на думку рэспандэнта_к, мусяць адбыцца ў горадзе ці раёне пры спрыяльных умовах. Іх можна ўмоўна падзяліць на дзве групы:
сістэмныя змены (напрыклад, кіраванне горадам, адукацыя, камунальная гаспадарка і кіраванне адходамі, транспартная сістэма),
вырашэнне дакладных праблемных пытанняў.
Вялікі акцэнт рэспандэнт_кі робяць на змены ў сістэме кіравання горадам праз павелічэнне ўдзелу гараджан_ак у прыняцці рашэнняў, у тым ліку ўзгадваецца партысіпаторнае бюджэтаванне. Меркаванні наконт адказнасці за гарадское асяроддзе раздзяляюцца. У некаторых рэспандэнт_ак захоўваецца меркаванне, што гараджан_кі – гэта дапаможны элемент у сістэме гарадскога кіравання, а асноўнымі носьбітамі адказнасці за гарадское асяроддзе і змены ёсць прадстаўні_цы ўлады. Частка рэспандэнт_ак, наадварот, выступае за маштабную папулярызацыю сярод гараджан_ак ідэі права на горад і адказнасці за асяроддзе, у тым ліку праз школьную адукацыю, каб адукоўваць новае пакаленне свядомых гараджан_ак.
Рэспандэнт_кі падкрэсліваюць неабходнасць кадравых зменаў у органах гарадскога кіравання: зацікаўленыя людзі, якія маюць сувязь з горадам, экспертызу і жаданне выбудоўваць кантакт з гараджан_камі.
Што тычыцца юрыдычнага рэгулявання гарадской сістэмы, то тут рэспандэнт_кі адзначаюць неабходнасць павялічыць даступнасць заканадаўчых дакументаў праз агульнае спрашчэнне фармулёвак і папулярызатарскія кампаніі, каб кожны і кожная маглі разабрацца ў законах пры здзяйсненні гарадскіх зменаў.
Вялікая частка рэспандэнт_ак узгадваюць праблемы машына-арыентаванасці беларускіх гарадоў і падкрэсліваюць неабходнасць іх трансфармацыі «у гарады для людзей», а таксама развіццё і пашырэнне роварнай інфраструктуры.
ВЫСНОВЫ
Нават нягледзячы на палітычныя і сацыяльныя цяжкасці, у беларускіх гараджан_ак застаюцца сілы і жаданне на працу з гарадскім асяроддзем для яго паляпшэння. Таксама (сама)адукацыя зараз дапамагае запашваць веды для іх выкарыстання ў новых спрыяльных умовах і фармавання такім чынам падмурка на будучыню.
Пры гэтым па ініцыятыве знізу ажыццяўляюцца толькі невялікія змены ў гарадах і вырашаюцца толькі самыя крытычныя праблемы. Гэта звязана з абмежаванымі эмацыйнымі рэсурсамі гараджан_ак і наборам інструментаў, з дапамогай якіх можна ажыццяўляць змены. Магчыма, экспертным суполкам варта разгледзець у якасці дадатковага кірунку працы пошук новых інструментаў для прасоўвання зменаў у беларускіх гарадах.
Патэнцыял удзелу і прасоўвання зменаў у малых гарадах вышэйшы, чым у абласных цэнтрах і Менску. У раённых цэнтрах гарадская адміністрацыя крыху больш адкрытая да дыялогу і сама камунікацыя паміж гараджан_камі адбываецца больш інтэнсіўна. Магчыма, экспертным супольнасцям таксама варта звярнуць на гэта ўвагу і падумаць аб стварэнні кантэнта і экспертнай падтрымкі для жыхар_ак малых гарадоў.
У агульна негатыўным інфармацыйным фоне гараджан_кам бракуе станоўчых навінаў. Нават невялікія пазітыўныя змены і поспехі ў вырашэнні грамадскіх і гарадскіх праблем з’яўляюцца значным фактарам матывацыі і захавання надзеі. Мы бачым важным для медыя і грамадскіх ініцыятываў вышукваць і асвятляць добрыя навіны і станоўчыя змены, каб падтрымліваць грамадскую заангажаванасць і матывацыю.
Таксама важна працаваць над стварэннем «чыстаўрбаністычнага» беларускага кантэнта. Беларускія гараджан_кі часта адносяць экалагічны і актывістскі кантэнт да урбаністычнага, а на пытанне аб аўтарскіх урбаністычных блогах і каналах, асабліва ў фармаце відэа на YouTube, згадваюць толькі расійскіх урбаніст_ак. Стварэнне аўтарскага экспертнага кантэнта па беларускай урбаністыцы здаецца нам цяпер асабліва важнай задачай. Агулам бачна, што з’яўленне большай колькасці якаснага беларускага кантэнта павышае яго спажыванне і спазнаванне беларускіх інфармацыйных крыніц і ініцыятываў.
Многія моманты з назіранняў гэтага тэксту пра суседства ў горадзе – атамізацыя, замарожванне супольнасцяў, апатыя – хутчэй за ўсё будуць вернымі і для іншых сфераў сацыяльнага жыцця ў Беларусі. У кантэксце экстрэмальнага ўзроўню рэпрэсій яны могуць выглядаць банальнымі. У той жа час, і сёння ландшафт добрасуседства ў Беларусі застаецца неаднародным, а інфармацыйнае асяроддзе, у якім ён існуе, працягвае змяняцца. Гэта адзін са складнікаў непрадказальнасці будучыні беларускіх гарадоў.