Урбан-дайджэст №09: «Не Менскам адзіным паяднаныя»

верасень 2023

Вялікая канцэнтрацыя ўрбаністычных навін пра Менск адсоўвае ў цень усе астатнія тэрыторыі краіны і робіць урбаністычны вопыт вельмі сталіцацэнтрычным. Таму ў гэтым выпуску дайджэста мы паспрабавалі паглядзець збольшага на развіццё рэгіёнаў.


 

Дзень горада

Верасень у Беларусі багаты на Дні горада: цэлыя тры гарады – Менск, Гомель і Гародня – могуць пахваліцца святамі. Спіс актыўнасцяў не выглядае нечым незвычайным для беларускіх гарадоў: парады і прэзентацыі рэспубліканскай прадукцыі, канцэрты, спартыўныя мерапрыемствы, салюты…

Паўсюль у свеце сэнс у святкаванне дзён заснавання гарадоў укладаецца праз гістарычны кантэкст самога горада як самастойнай адзінкі. Пры гэтым відавочнае адрозненне нашых гарадоў ад іншых краін – гэта прывязка наратыву краіны (а не горада) да агульных падзей пасля Другой сусветнай вайны, дзе ідэнтычнасць горада размываецца на фоне разважанняў пра месца краіны ў свеце. Акрамя таго, дэманстрацыя агульных дасягненняў дзяржавы, а не фокус на горадзе як самастойнай культурнай, гістарычнай і эканамічнай адзінцы робіць свята больш рэспубліканска-прапагандысцкім, чым лакальна-культурніцкім. Нягледзячы на тое, што ў сёлетняй менскай праграме прысутнічала, напрыклад, пляцоўка для рэканструкцыі гістарычных падзей, якія ў тэорыі могуць адносіцца да мірных і істотных дасягненняў горада, асноўны акцэнт рабіўся на сімвалічнай барацьбе і ваенных дзеяннях з намёкам на кантэкст сучасных падзей у краіне (не ў горадзе). А ў Гомлі «тэматычная разнастайнасць» выставы да Дня горада ад адукацыйных устаноў і грамадскіх аб’яднанняў звялася выключна да «ваенных гадоў, савецкага перыяду ды сучаснасці». Гэта што тычыцца агульнагарадскіх, самых маштабных ідэй свята. Калі звярнуцца да лакальных актыўнасцяў у раёнах горада, бачна, што «сэнс» свята зусім згубіўся на фоне фэсту фарбаў і спявання сусветна вядомых хітоў, дзе нішто не нагадвала ні пра гісторыю раёна ці горада, ні пра мясцовых жыхар_ак.

А што і як у іншых гарадах? Напрыклад, Мюнхен, які звычайна святкуе свой дзень народзінаў у чэрвені, сёлета звярнуўся да тэмы экалогіі і ўсе мерапрыемствы прысвяціў вопыту ўзаемадзеяння горада з прыродай. Апрача таго, істотная рэч для горада ў дзень народзінаў − гэта вызначэнне жывога наступніка, які сімвалічна рэпрэзентуе герб і традыцыі горада на розных лакальных мерапрыемствах. А ў Рыме, народзіны якога святкуюцца ў красавіку, шмат мерапрыемстваў звязана з ушанаваннем вялікіх людзей горада, а таксама культуры і архітэктуры: у гэты час усе музеі расчыняюць для жыхар_ак свае дзверы, прэзентуюцца адрэстаўраваныя скарбы горада, а таксама дэманструюцца клопат і павага да мясцовай прыроды.

 

Беларуская прырода

У Беларусі на фоне тэмпературных рэкордаў апошніх сямідзесяці гадоў, звязаных са зменамі клімату, адбыліся некаторыя стратэгічныя новаўвядзенні ў экалагічнай сетцы краіны. Напрыканцы жніўня ў межах 17 Рэспубліканскага экалагічнага форуму, які праходзіў у горадзе Століне, на тэрыторыі Столінскага раёна адкрылі новы экалагічны заказнік – «Пойма Львы». Размовы пра важнасць тэрыторыі пачаліся яшчэ ў 2021 годзе пры ўдзеле навукоўцаў і прадстаўні_ц грамадскіх экалагічных арганізацый. Зруйнаваная ў савецкія часы дзеля сельскагаспадарчых патрэб экасістэма была забруджаная пасля Чарнобыльскай катастрофы. Але, як ні парадаксальна, аварыя на атамнай станцыі часткова паспрыяла аднаўленню прыроды, паколькі гаспадарчая дзейнасць там спынілася. Таму тэрыторыя ўсё яшчэ мае вялікі экалагічны патэнцыял. Так, яна з’яўляецца месцам пасялення рэдкіх жывёл і птушак, а таксама часткай сусветнай канвенцыі «Рамсарскія ўгоддзі» па захаванні водна-балотных мясцін. Таму надзяленне тэрыторыі статусам «заказніка» паспрыяе ўзмацненню экалагічнай сістэмы не толькі ў межах краіны, але і ўсяго рэгіёна.

 

Генеральныя планы

У Гомлі цягам другой паловы верасня праходзіць грамадскае абмеркаванне новага генеральнага плана горада, які апошнія два гады распрацоўвалі ў сталіцы. Паказальным момантам таго, наколькі сістэма тэрытарыяльнага развіцця ў краіне цэнтралізаваная і як працуюць горадабудаўнічыя праекты, служыць той факт, што горад не можа развівацца за кошт уласнага бюджэту (неабходна звяртацца да рэспубліканскага), а праектавальні_цы выпрацоўваюць свае прапановы без уліку гарадскога бюджэту і розных сцэнарыяў фінансавання. Але вернемся да самога грамадскага абмеркавання. Згодна з апошнімі зменамі ў заканадаўстве (дзесьці мы пра гэта пісалі, пашукаць ссылку), на абгрунтаванне і распрацоўку заўваг грамадскасці адведзена ўсяго 15 дзён, што ў прынцыпе мала, а з улікам маштабу праекта – экстрэмальна кароткі тэрмін. Магчыма, таму гарадскія органы пайшлі на тое, каб у кожным раёне горада арганізаваць «дыялогавыя пляцоўкі» і заклікаць гараджан_ак да ўдзелу. Такім чынам прадстаўні_цы адміністрацый паспрабавалі данесці сэнс існавання такога праекта, як генеральны план, сучасныя праблемы горада і магчымасці іх вырашэння. Таму з улікам абмежаваных ведаў гараджан_ак пра гарадское планаванне Гомель у будучыні можа стаць добрым прыкладам таго, як пашыраць веды пра тэрытарыяльнае планаванне і магчымасці ўдзелу ў ім.

Нагадаем таксама, што да сярэдзіны верасня праводзілася грамадскае абмеркаванне генеральнага плана горада Заслаўя, які ўваходзіць ў праграму развіцця гарадоў-спадарожнікаў сталіцы. Гэта ўжо не першы генплан горада ў такім статусе, які прадугледжвае маштабныя дзеянні па развіцці горада і перасяленні тых, хто жадае жыць бліжэй да Менска. Так, да 2035 года насельніцтва горада прапануюць павялічыць амаль у два разы, што мусіць пацягнуць за сабой і развіццё ўсіх элементаў інфраструктуры, якія павінны забяспечваць камфортнае гарадское жыццё. І хаця горад знаходзіцца вельмі блізка да сталіцы і мае добрую транспартную сувязь, за апошнія дзесяць гадоў у статусе «спадарожніка» папярэднія планы развіцця былі рэалізаваныя значна менш як напалову. Таму новыя прапановы ў генплане выглядаюць вельмі маштабна і мала рэалістычна.

 

Навіны мясцовага добраўпарадкавання

Гародня ўвайшла ў верасень з навіной пра адкрыццё самага вялікага не толькі ў горадзе, але і ў краіне мурала (насамрэч, не). І, як звычайна бывае, калі такія дзеянні падтрымлівае гарадская адміністрацыя, адкрыццё прымеркавалі да святкавання Дня горада. «Падарунак» гораду быў зроблены мясцовым бізнесоўцам, які займаецца прыладамі для палявання і халоднай зброяй, а аўтарам твора выступіў гарадзенскі  мастак. Сам мурал распавядае пра паляўнічыя традыцыі з гісторыі каралеўскай Гародні часоў ВКЛ і Рэчы Паспалітай, робячы акцэнт на мясцовую ідэнтычнасць. Паказальна і тое, што малюнак быў створаны на сцяне галерэі таго самага бізнесоўца-мецэната, які, відавочна, бачыць гэтае месца ў якасці рэкламнага аб’екта. Пры гэтым ідэя правесці вакол мурала яшчэ і невялічкае добраўпарадкаванне можа падтрымаць прастору і зрабіць яе жывой. Усё залежыць ад таго, які сэнс у гэта ўкласці – проста азеляніць ці даць магчымасць мясцовым жыхар_кам тут адпачываць і сузіраць арт-аб’ект. Дарэчы, нагадаем, што самы вялікі мурал краіны з выявай беларускіх жывёл знаходзіцца ў Менску на вуліцы Кастрычніцкай, ён быў створаны бразільскім мастаком у межах фестывалю «Вуліца Бразіл».

А вось Магілёў плануе прырасці яшчэ адным «расейскім» гарадскім дворыкам – Хабараўскім. У траўні 2023 года гарады сталі пабрацімамі, і цяпер адміністрацыя Хабараўскага краю (не адміністрацыя Магілёва) ладзіць конкурс на праект добраўпарадкавання ў адным з дворыкаў беларускага горада і плануе фінансаваць яго будаўніцтва. Гэта будзе ўжо трэці такі праект ад расейскай дзяржавы пасля «Маскоўскага» і «Тульскага». І хаця горад мае шмат іншых пабрацімаў па ўсім свеце, сусветныя адносіны пакуль выглядаюць выключна расейска арыентаванымі.

Менск заўсёды быў і застаецца ў топе ўрбаністычных навін як найбуйнейшы і цэнтральны горад краіны, куды сцякаецца большасць рэсурсаў на развіццё гарадской інфраструктуры. Пры гэтым у жыцці іншых гарадоў, а не толькі сталіцы, адбываецца шмат чаго цікавага.

 
 

Чытаць яшчэ:

Previous
Previous

Архітэктура Беларускай праваслаўнай царквы як інструмент расейскай культурнай экспансіі 1990 – 2020-х гадоў

Next
Next

Belarus' Endangered Buildings: Why Some Are More Vulnerable Than Others