Урбан-дайджэст №11: «Вынікі года»

снежань 2023

У апошнім дайджэсце прапануем нашым чытачам паглядзець на самыя яскравыя сусветныя і беларускія ўрбаністычныя падзеі года і наш асабісты ўнёсак у парадак дня. Сёлета мы надавалі шмат увагі тэмам разумных гарадоў, змены клімату і ўстойлівага развіцця, турызму і міграцыі, а таксама вывучалі разам з вамі каланізацыю гарадоў і спосабы іх дэкаланізаваць. Давайце прыгадаем, якія цікавыя праекты ў нас атрымаліся!


 

Разумны горад

Размовы пра разумныя гарады вядуцца ўжо не першы год, мы таксама раілі пазнаёміцца з гэтым канцэптам. Цікавы спецпраект распачаўся на Анлайнеры: у межах  праекта прапануецца агляд інавацыйных рашэнняў, якія з’явіліся дзякуючы інфармацыйна-тэхналагічным прыладам. Першай тэмай стала гарадская мабільнасць — адна з перадавых тэставых пляцовак разумнага горада. Так, у праекце ўзгадваецца экасістэма MaaS, або «мабільнасць як паслуга», якая на сённяшні момант бачыцца самым эфектыўным падыходам да планавання мабільнасці ў горадзе (мы разглядалі яе ў нашым восеньскім каментары на канале). Тут канцэпцыя Інтэрнэту рэчаў (Іnternet of things, IoT) дазваляе эфектыўна аб’яднаць розныя транспартныя паслугі на карысць карыстальні_ц. І хаця пакуль яшчэ рана казаць пра будаўніцтва комплексаў кіравання гарадской гаспадаркай нават па асобных напрамках, дзякуючы хуткасці развіцця тэхналогій чакаць давядзецца нядоўга. 

Але найбольшую цікавасць сёлета выклікаў, вядома ж, штучны інтэлект і асабліва ChatGPT. Размовы пра іх цяпер вядуцца паўсюль: ад прадпрыемстваў і школ да Галівуда, выбарчых кампаній і нават нацыянальных стратэгій. Пры гэтым вакол ШІ застаецца шмат нявырашаных пытанняў, а гонка сусветных краін-лідараў толькі падвышае градус канкурэнцыі і хуткасць развіцця навукі і саміх прыладаў. Адна з такіх істотных праблем  — заканадаўчае рэгуляванне сферы ШІ. На пачатку снежня краіны Еўразвяза і Еўрапарламент пагадзіліся прыняць правілы рэгулявання сферы ШІ. Але пакуль публічныя інстытуцыі лічаць гэта першаадкрыццём у галіне сусветных стандартаў і задаюць трэнды для іншых краін, бізнесы разглядаюць гэта як абмежаванне для развіцця навукі і эканомікі, што таксама мае месца ў нашым імкліва зменлівым свеце. Нагадаем, што мы ўжо пісалі, як можна ўжываць ChatGPT на карысць развіццю горада. Але пакуль усё гэта толькі першыя крокі на шляху да ўрбаністычнай тэхналагічнай будучыні. 

 

Устойлівы горад

Канферэнцыя Арганізацыі Аб’яднаных Нацый па змене клімату 2023 года, вядомая як COP28, завяршылася на мінулым тыдні ў Дубаі. Гэты COP быў не толькі найбуйнейшым, на канферэнцыі была заключаная гістарычная канчатковая ўгода і акрэсленыя кардынальныя змены ў тым, як міжнародная супольнасць будзе разглядаць альтэрнатыўныя крыніцы энергіі і гандаль як інструмент у барацьбе са зменамі клімату. Была праведзеная глабальная ацэнка прагрэсу працы з кліматычнымі зменамі, прадугледжаная Парыжскім пагадненнем 2015 года, якая паказала недастатковасць існых абавязкаў краін, каб абмежаваць пацяпленне да 1,5 градуса Цэльсія. Гэта не дзіўна (з нашым аглядам сувязяў паміж гарадамі і зменамі клімату можна азнаёміцца тут). Сярод важных дэбатаў пра чыстую энергію, што павінна стаць адным з вырашэнняў праблемы дэкарбанізацыі, адзначаецца істотная роля ядзернай энергетыкі. Каля 20 краін далучылася да Дэкларацыі аб патройным павелічэнні ядзернай энергіі да 2050 года, прапанаванай французскім прэзідэнтам. Прыхільнікі такога падыходу апелююць да вялікіх інавацыйных дасягненняў у дадзенай сферы, што можа быць і добрай навіной, але мы прыгадаем тое, што пісалі пра наступствы памылак у Дзень памяці Чарнобыльскай аварыі ў Беларусі.

 

Турыстычны горад

Напрыканцы кастрычніка прайшла наша штогадовая прафесійная канферэнцыя «SARDEČNA ZAPRAŠAJEM», на якой мы шмат размаўлялі пра інфраструктуру гасціннасці ад лакальнага турызму да буйных міграцыйных працэсаў. Нагадаем, што мы стараемся падтрымліваць развіццё мясцовых вандровак па Беларусі праз праект аўдыяшпацыраў (ужо выйшлі экскурсіі па Менску і Наваполацку). Паспрыяць больш устойліваму лакальнаму турызму не толькі ў Беларусі, але і ў свеце можа ўвядзенне прадмета, прысвечанага турызму, у школах: з такой прапановай на «Глабальным адукацыйным форуме» падчас  25-й Генеральнай асамблеі Сусветнай турыстычнай арганізацыі (UNWTO) выступіў яе генеральны сакратар. З аднаго боку, такая прапанова надасць больш увагі развіццю мясцовых рэсурсаў, паспрыяе фарміраванню адказнасці маленькіх гарадоў перад асяроддзем, культурай і соцыумам і зменшыць уплыў на і так ужо ўразлівы клімат. З другога  — калі дзецям будуць прышчапляць іншыя каштоўнасці, эфект можа быць катастрафічным як для самой сферы, так і для ўсяго сумежнага — экалогіі, прасторавага развіцця, мясцовай эканомікі і г.д.

На канферэнцыі мы закраналі пытанні міграцыі і межаў, а таксама ролю мігрантаў у фарміраванні гарадоў, звяртаючы асаблівую ўвагу на базавыя правы мігрантаў. Але такія правы могуць абмяжоўвацца яшчэ на этапе патрапляння ў горад. Так, напрыклад, 20 снежня паміж Еўракамісіяй, Еўрапарламентам і краінамі-членамі ЕЗ было падпісанае Пагадненне, якое закранае асноўныя часткі заканадаўства ЕЗ і тычыцца кіравання межамі, працэдур прадастаўлення прытулку і збору дадзеных. За тры гады, якія прайшлі пасля таго, як Еўракамісія прапанавала Пакт аб міграцыі, пакутлівыя перамовы зрабілі канчатковы дакумент горшым, чым можна было сабе ўявіць. Краіны-члены патрабуюць шырокіх паўнамоцтваў у кіраванні міграцыяй за кошт правоў людзей. Таму, вядома, распачынаць дыскусіі і разважанні наконт правоў мігрантаў у горадзе трэба з аналізу магчымасцяў доступу ў гэты самы горад.

 

Каланізаваны горад і працэсы дэкаланізацыі

Адным са скразных напрамкаў працы нашай каманды сёлета стала вывучэнне каланізацыйных працэсаў у беларускіх гарадах і ўсведамленне таго, што такое дэкаланізацыя. Паслухаць уводзіны ў гэтую тэму можна ў нашым падкасце «На скрыжаванні» (ці зірнуць кароткі пераказ першага эпізода ў нашых партнёраў), пра розныя формы каланізацыі гарадской прасторы і мыслення можна даведацца і ў нашым ютуб-праекце. Апрача таго, наш часопіс сёлета папоўніўся разнастайнымі матэрыяламі па дэкаланізацыі транспарту, манументальнага мастацтва, грамадскай і сакральнай архітэктуры.

З’явіліся і цікавыя прыклады таго, як гарады спрабуюць працаваць з дэкаланізацыяй не толькі праз паасобныя дзеянні, але і комплексна. Так, мэр Бруселя прапанаваў стратэгію дэкаланізацыі грамадскіх прастор бельгійскай сталіцы, якая складаецца з 14 пунктаў і накіраваная на барацьбу з расізмам у грамадскіх месцах. Слухачы падкастаў падзяліліся з намі добрай літаратурай па тэме, а на маркеце сацыяльных праектаў мы сабралі ад наведвальніц і наведвальнікаў цікавыя прапановы альтэрнатыўных назваў вуліц у Віцебску. Дыскусіі пра перайменаванне тапонімаў вядуцца даўно і патрабуюць шмат увагі: вярнуць гістарычную назву, прысвоіць вуліцы імя беларускага дзеяча дасавецкага перыяду або выбраць падзею з найноўшай гісторыі краіны — пытанне складанае. Каб адказаць на яго, патрэбная шырокая грамадская дыскусія. Адным з вялікіх выклікаў з’яўляецца і адраджэнне мовы як аднаго з асноўных элементаў фарміравання наратываў пра гарады. Такім жа пытаннем задаюцца нашы казахскія калегі, яны прапануюць паглядзець на прыклады некалі мёртвых ці амаль забытых моў свету (іўрыту, валійскай, малайскай і латышскай). Вядома, гісторыя каланізацыі і працэсы дэкаланізацыі няпростыя, іх разуменне патрабуе вялікай дасведчанасці, але добра, што гэтыя тэмы асвятляюцца ўсё больш і больш шырока.

Дзякуй, што былі з намі ўвесь год і сачылі за нашымі праектамі! Спадзяёмся, кожны і кожная з вас знайшлі для сябе штосьці карыснае і цікавае ў нашых матэрыялах і сустрэчах. З надыходзячымі святамі і да сустрэчы ў новым годзе з новымі праектамі!

Ваша Менская ўрбаністычная платформа.

 

Чытаць яшчэ:

Previous
Previous

«‎Дружба народаў»‎? Гісторыя аднаго міфу ў савецкай архітэктуры

Next
Next

Belarusian Transport: A Tale of Two Worlds — The Gap Between Urban and Non-Urban Services