Урбан-дайджэст №08: «Транспарт, жыллё і еўрапейскія гарады»

жнівень 2023

Апошні месяц лета адзначыўся змяненнем тарыфаў на грамадскі транспарт у сталіцы і новай стратэгіяй развіцця грамадскага транспарту ў рэгіянальных гарадах. Спадзяёмся, вам таксама будзе цікава даведацца пра планы аднаго з найбуйнейшых забудоўшчыкаў Менска, пазнаёміцца з незвычайнымі тыпавымі праектамі ў Жлобіне і паглядзець на еўрапейскія трэнды ў развіцці і кіраванні гарадамі.


 

Навіны транспарту

Адна з галоўных навін сталіцы — зацвярджэнне новага рашэння аб тарыфах на праезд у гарадскім транспарце. Для гэтага дайджэста мы зрабілі аналіз змен, якія адбудуцца для пасажыраў грамадскага транспарту Менска з 16 жніўня. 

  1. Тарыф 0,9 руб. за паездку будзе дзейнічаць менавіта на праезд у электрацягніках метрапалітэна (у дзейнай рэдакцыіі — у метрапалітэне), прычым згадку пра жэтоны як сродак аплаты праезду ў метро прыбралі. Ці значыць гэта, што жэтоны будуць выводзіць з ужытку?

  2. Асобныя білеты на экспрэсныя аўтобусныя маршруты «Мінсктранса» прадавацца больш не будуць. З дакумента прыбралі падтыпы злучэння рэгулярных аўтобусных маршрутаў.

  3. Працэдура прыняцца тарыфу на праезд у аўтобусах катэгорыі М2 у экспрэсным злучэнні (= маршруткі) не змянілася. Можна падсумаваць, што, умоўна, тарыф на гарадскія маршруткі можа быць любым, проста перавозчыкам у выпадку цікаўнасці кантралюючых органаў, напрыклад, Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю, трэба будзе пры неабходнасці патлумачыць абраную лічбу.

  4. На экспрэсныя маршруты «Мінсктранса» асобных білетаў не будзе, таму на экспрэсах можна будзе ездзіць па звычайных білетах за 85 капеек.

  5. Праязныя застануцца на 1, 2, 3, 10, 15, 30 сутак і каляндарны месяц, на 1, 3, 7, 10, 20, 25, 30, 40, 50, 60, 100 паездак. Пры гэтым у праязных на 10, 15, 30 сутак і месяц застанецца падзел на адзін і на ўсе віды транспарту (так званы адзіны білет). Пад усімі відамі маецца на ўвазе аўтобус, тралейбус, трамвай, метро. У праязных на 1, 2, 3 сутак так і не з'явіцца метро (застануцца, як і цяпер, аўтобус-тралейбус-трамвай). Знік праязны на 90 сутак.

  6. Тэрмін дзеяння праязнога на пэўную колькасць сутак, як і цяпер, будзе пачынаецца з 00:00 даты, з якой дзейнічае білет, і заканчвацца а 24:00 апошніх сутак дзеяння білета (каляндарных сутак). Але гэтую практыку распаўсюдзілі і на праязныя, у складзе якіх прысутнічае такі від транспарту, як "Гарадскія лініі".

  7. Кошт білетаў на 1 від транспарту не зменіцца, у той жа час праязны на ўсе віды транспарту стане таннейшым: напрыклад, білет на 4 віды на 10 сутак, які сёння каштуе 24,52 рубля, будзе каштаваць 17,93 рубля, на 30 сутак кошты складаюць  адпаведна 69,86 і 51,05 рубля.

  8. Кошт квіткоў на 1 від транспарту плюс «Гарадскія лініі» на 3, 5, 10, 30 сутак павялічыўся больш як на 50%, а вось праязныя на ўсе віды плюс «Гарадскія лініі» патаннеюць.

  9. Знікнуць з продажу праязныя, сумешчаныя з «Гарадскімі лініямі», на 20 сутак. 

  10. Тэрмін дзеяння білетаў на 10, 20, 30, 40, 50, 60, 100 паездак будзе складаць 120 дзён.

  11. Для разліку кошту праязнога на суткі выкарыстоўваецца паказчык "Разліковая колькасць паездак аднаго пасажыра". У новым рашэнні колькасць паездак зменшылася ў праязных на 1, 2, 3 сутак на 10%, у праязных на 10, 15, 30 сутак (адпаведна, адзіны ў новым рашэнні і на ўсе віды ў дзейным) — на 16-20%.

  12. Яшчэ цікавосткі: праязныя без «Гарадскіх ліній» можна будзе набыць з любой даты цягам 30 сутак з дня набыцця, напрыклад, 15 жніўня можна будзе набыць праязны на 30 сутак з пачаткам дзеяння не пазней за 14 верасня, а вось калі набываць праязны, у складзе якога будуць «Гарадскія лініі», такому дакументу дату актывацыі гіпатэтычна можна папрасіць пазначыць любую, хоць 25 сакавіка 2027 года (дакумент гэтага рабіць не забараняе).

І яшчэ крыху лічбаў: 

  • сёння дзейнічае 4 квіткі на адну паездку, 88 відаў квіткоў на суткі без «Гарадскіх ліній», 28 відаў на колькасць паездак, 65 відаў на суткі з «Гарадскімі лініямі» — агулам 185 відаў білетаў;

  • з 16 жніўня застанецца 3 віды білетаў на адну паездку, 23 віды білетаў на суткі без «Гарадскіх ліній», 17 відаў на колькасць паездак, 20 відаў на суткі з «Гарадскімі лініямі» — агулам 63 віды білетаў.

Такім чынам, адбылося новае ператасаванне відаў квіткоў і іх коштаў. І хаця колькасць відаў дае нам магчымасць выбару, гэта працуе не так зручна, як працаваў бы адзіны для ўсіх відаў транспарту агульны квіток па часе. 

Што да рэгіёнаў, улады гарадоў Жодзіна і Шклоў плануюць перавесці наземны пасажырскі транспарт цалкам на электрычны ход. Гарады апрабіруюць пілотны праект, каб ацаніць рацыянальнасць гэтай ідэі. Хаця рэспубліканскія і мясцовыя ўлады прызнаюць, што праект дарагі, ад ідэі яны не адмаўляюцца, аргументуючы яе ўкараненне як мэтамі ўзмацнення сацыяльна-эканамічнага і экалагічнага развіцця, так і знешнім маркетынгам. Пры гэтым рэальныя прычыны ніхто не агучвае. Былыя планы па продажы электрычнасці ад атамнай электрастанцыі так і не былі рэалізаваныя, таму яе трэба выкарыстоўваць у межах краіны, што і робіцца, у тым ліку і праз трансфармацыю транспартнай сістэмы.

 

Раёны, кварталы

Нядаўнія навіны пра змену гендырэктара групы кампаній «А-100 Дэвэлапмент» даюць таксама ўяўленне пра планаў забудоўшчыка па развіцці сваіх праектаў у межах Менска і яго прыгарадаў. Перш за ўсё, кампанія і далей плануе акцэнтаваць сваю працу на развіцці сацыяльнай інфраструктуры — падтрыманні тых каштоўнасцяў, на якіх кампанія зрабіла сабе імя. Вядомыя праекты не застануцца ў мінулым: «Новая Баравая» вырасце ўдвая і яшчэ больш павялічыць нагрузку на прылеглую інфраструктуру сталіцы. «Depo», якое праз кошты на нерухомасць і прыватызацыю публічнай прасторы ўжо сёння сее зерне няроўнасці і закрытасці ўсталяваннем платоў на сваёй тэрыторыі, пабудуе яшчэ 18 дамоў і рызыкуе стварыць вельмі прывілеяванае закрытае кам’юніці.

Сярод тыпавой панэльнай аднастайнасці жылых кварталаў у беларускіх гарадах знайшліся нетыповыя праекты латвійскага паходжання  — жылыя дамы мікрараёна 19 і школа ў Жлобіне. Аўтар адзначае, што, хаця непрафесіяналу цяжка будзе па невялічкіх, не вельмі адметных дэталях ідэнтыфікаваць жылыя дамы як замежныя, пра школу такога не скажаш: надта яна адрозніваецца ад тыпавой сацыяльнай інфраструктуры беларускіх гарадоў. Пры гэтым, як адзначае сайт адукацыйнай установы, на з’яўленне інфраструктуры паўплыў металургічны завод, які з’яўляецца горадаўтваральным прадпрыемствам. Такім чынам, бачна, што, калі ў горадзе існуе магутны актар, які клапоціцца пра асяроддзе, дзе ён знаходзіцца, ён можа ўплываць на развіццё гэтага асяроддзя і прыцягваць у горад інавацыі.

 

Еўрапейскія трэнды ў развіцці гарадоў

Звяртаючыся да сусветных навін, хочам акцэнтаваць вашу ўвагу на Вільнюсе, які прэтэндуе на званне «Зялёнай сталіцы Еўропы 2025», намінацыю, якой у Еўразвязе адзначаюцца сучасныя трэнды ў развіцці гарадоў. Што гэта за ўзнагарода? Яна прысуджаецца гарадам, якія вылучаюцца сваім экалагічным і адказным падыходам да жыцця сваіх жахыроў. У конкурсе ўлічваюцца любыя актыўнасці горада, так ці інакш звязныя з устойлівымі гарадскімі практыкамі — ад сартавання смецця да ўкаранення экалагічнага транспарту і стратэгічнага планавання развіцця зялёных тэрыторый; ацэнка адбываецца па цэлых дванаццаці паказчыках. З аднаго боку, такая ўзнагарода прыцягвае ўвагу да горада, добра ўплывае на папулярызацыю ўстойлівых практык па падтрымцы і развіцці прастораў, на брэндзінг і прыцягненне капіталу. З другога боку, гэта спрыяе павышэнню спажывання прасторы праз турыстычны і камерцыйны досвед, што выступае процілегласцю паняццю ўстойлівага развіцця.

Цікавыя навіны прыходзяць і з Балгарыі. Для Сафіі, сталіцы краіны, распрацоўваецца лічбавы двайнік, які дапаможа больш эфектыўна планаваць гарадскую забудову. Распрацоўшчыкі бачаць такую мадэль як інструмент, які ў першую чаргу паспрыяе змяншэнню для гарадскіх жыхароў негатыўных наступстваў змены клімату. Больш за тое, для самога горада, яго адміністрацыйных патрэбаў, кіравання і адсочвання дынамікі развіцця такая прылада праз збор і аналіз карысных гарадскіх дадзеных значна спросціць жыццё і выкарыстанне гарадскіх рэсурсаў. Пры гэтым, зразумела, трэба ўлічваць, што рэалізацыя ідэі вымагае шмат дадатковай інфраструктуры — лічбавай (сховішча, мадэльная прастора, электронныя дадзеныя і г. д.) і фізічнай, якая забяспечвае працу лічбавай, што робіць такія прылады вельмі дарагімі. Акрамя таго, пэўнае прававое рэгуляванне ў розных сферах патрабуе шмат ведаў, чалавечых рэсурсаў і дасяжнасці дадзеных. Таму для беларускіх гарадоў стварэнне такой прылады пакуль не з’яўляецца прыярытэтным.

 

Чытаць яшчэ:

Previous
Previous

Новы вобраз Усходняй Еўропы як працяг старога арыенталізму: Кейс архітэктуры «сацблоку»

Next
Next

Недзяржаўная экспертная дапамога гарадскім суполкам у Беларусі: даследаванне 2022-2023