Урбан-дайджэст №10: «Па слядах канферэнцыі»

кастрычнік 2023

На мінулым тыдні ў нас прайшла штогадовая канферэнцыя «Інфраструктура гасціннасці ад лакальнага турызму да буйных міграцыйных працэсаў», матэрыялы якой неўзабаве з’явяцца на нашым ютуб-канале. У працяг тэмы згадаем некаторыя навіны беларускага і сусветнага турызму і міграцыйных працэсаў. А таксама даведаемся пра вынікі грамадскіх абмеркаванняў у Гомелі, пра якія мы распавядалі ў мінулы раз.


 

Унутраны і знешні турыстычны вопыт беларусаў

На канферэнцыі мы шмат размаўлялі пра ўнутраны турызм — падарожжы беларуса_к па Беларусі, яго важнасць і развіццё ў апошнія гады. Адзін з такіх напрамкаў — экалагічны турызм, які ў тэорыі разглядаецца як асэнсаваны ўстойлівы падыход да вандравання без вялікага шкоднага ўплыву на прыроднае асяроддзе. Адным з прыкладаў экалагічнага турызму можна лічыць пешыя вандроўкі па Блакітных азёрах у Мядзельскім раёне. Гаспадары аграсядзібы пачыналі з традыцыйнага сэрвісу, але выстраліў менавіта экалагічны, што адпавядае росту экасвядомасці і пашаны да прыроды. Другі такі напрамак — роварныя вандроўкі, якія робяцца добрай альтэрнатывай аўтамабільным. Гісторыя велатурыста-фатографа з Пінска, які аб’ездзіў 118 раёнаў, яшчэ раз нагадвае, якое багацце можна знайсці зусім побач, на абшарах нашай краіны. На жаль, неразвітая роварная інфраструктура часта замінае жаданню адкрыць для сябе нешта новае. Яшчэ адну забаўку прыдумалі ў Гародні — вечаровыя сплавы на байдарках па Нёмане ў межах горада. І хаця такая прагулка выглядае менш актыўнай у спартыўным плане, сваёй экалагічнай значнасці яна не губляе. Байдаркі — добрая «зялёная» замена прагулкам па рацэ на катарах, якім патрэбнае паліва для ходу.

З’явілася таксама навіна, што ў 2022 годзе беларускія турысты пачалі часцей выбіраць Расію ў якасці турыстычнага напрамку. Але ўсё не так адназначна, як сцвярджаецца ў загалоўку. Па-першае, прычыны такога выбару, вядома, звязаныя са шматлікімі санкцыямі, накладзенымі праз палітычную нестабільнасць у краіне і пачатак вайны ва Украіне. Складанасці з атрыманнем візы, кароткі тэрмін яе дзеяння істотна змяншаюць выбар турыстычных напрамкаў для адпачынку.  Пры гэтым парадаксальна, што краіна, якая распачала вайну, усё яшчэ з’яўляецца для беларускіх турыста_к мастком-сувяззю са знешнім светам, які дазваляе атрымаць візу ў амбасадзе ў Маскве ці патрапіць у іншыя краіны праз тэрыторыю Расеі. Другая прычына хаваецца ў афіцыйнай статыстыцы. Як абмяркоўвалася на адной з сустрэч канферэнцыі, падыходы да ацэнкі турыстычных напрамкаў у апошні час змяняліся. Да таго ж відавочна, што многія вандроўкі ладзяцца самастойна, без звароту ў турыстычныя агенцтвы, гэта можа значна ўплываць на рэальную карціну. Таму варта крытычна ставіцца да афіцыйных дадзеных і пашыраць досвед падарожжаў унутры нашай краіны.

 

Крыху сусветнага турыстычнага і міграцыйнага крынжу

Сусветная турыстычная павестка можа пахваліцца вельмі палярызаванымі навінамі. З аднаго боку, на пачатку восені пасля трохгадовай пандэмічнай блакады пачаліся размовы пра магчымае адкрыццё межаў Паўночнай Карэі для невялікай колькасці турыстаў. А некалькі дзён таму высветлілася, што гэта ўжо рэальнасць: двухдзённы каранцін — і «сардэчна запрашаем». Цікава, што да кавіду запыт на такі турызм няхай і невялікі, але існаваў, нягледзячы нават на тое, што ў некаторых выпадках гэта заканчвалася смерцю наведвальнікаў. А галоўным аматарам развіцця дадзенага турыстычнага напрамку дагэтуль з’яўляецца Кітай. Але асноўны інтарэс у адкрыцці межаў звязаны з эканамічнай міграцыяй жыхар_ак памежных раёнаў Карэі, якія не змаглі вярнуцца дамоў пасля пачатку пандэміі (нагадаем, гаворка пра тры гады), паколькі гэтая краіна, адзіная ў свеце, не дазваляла сваім грамадзян_кам вярнуцца дамоў. Сёння, калі такая магчымасць з’явілася, узнікаюць пытанні пра бяспеку тых, хто думае пра вяртанне: не надта зразумела, як тры гады за мяжой могуць быць успрынятыя рэжымам.

З другога боку —  камерцыйныя касмічныя палёты ў ЗША, якія нагадваюць пра экстрэмальную эксклюзіўнасць гэтай падзеі. Адзін такі палёт каштуе амаль паўмільёны долараў: відавочна, забаўка далёка не для ўсіх. Пры гэтым доўжыцца палёт усяго паўтары гадзіны з некалькімі хвілінамі знаходжання ў бязважкасці. А вось планы па запуску сэрвісу штомесяц сведчаць пра тое, што попыт на такі эксклюзіў ёсць: у чарзе ўжо амаль тысяча ахвочых. І гэта толькі пачатак. А значыць, выкіды забруджванняў будуць павялічвацца і пагаршаць экалагічны стан Зямлі. Такім чынам, бесклапотнасць і забаўкі некалькі тысяч людзей могуць прывесці да вялікіх зменаў. Хаця, магчыма, такія палёты можна разглядаць як першыя тэставыя спробы —  маленечкія крокі па будучай каланізацыі касмічнай прасторы?

 

Нешта не тое з грамадскімі абмеркаваннямі

У мінулым дайджэсце мы згадвалі правядзенне грамадскага абмеркавання генеральнага плана горада Гомеля і хвалілі гарадскую адміністрацыю, якая зладзіла абмеркаванні і кансультацыі ў кожным раёне, каб растлумачыць жыхар_кам неабходнасць такога дакумента і прапанаваныя на будучыню рашэнні. Дык вось, некалькі дзён таму апублікавалі пратакол вынікаў абмеркавання. Што там? Нічога. Пазначана, што фізічныя і юрыдычныя асобы — жыхар_кі і кампаніі —  даслалі агулам 42 звароты, але камісія вырашыла зацвердзіць праект, а адказы на каментары і прапановы скласці потым. З гэтага вынікае, што, на думку ўладаў і праекціроўшчыкаў, непрааналізаваныя прапановы апрыёры ці некарэктныя з заканадаўчага боку, ці неістотныя для ўнясення зменаў у генплан. Заўважым, што такі падыход парушае нарматыўна-прававы акт аб грамадскіх абмеркаваннях, які быў зацверджаны Пастановай Савета Міністраў і мае юрыдычную сілу. Паводле закона, спіс запытаў разам з афіцыйнымі адказамі на іх павінен уносіцца ў пратакол грамадскага абмеркавання (што не было зроблена). Такія дзеянні чарговы раз нагадваюць пра фармальнасць практыкі ўліку грамадскага меркавання, а такія паводзіны гомельскіх уладаў выглядаюць нелагічна, бо дагэтуль яны спрабавалі як мага падрабязней растлумачыць гэты дакумент у розных раёнах горада.

 
 

Чытаць яшчэ:

Previous
Previous

Еўразвяз і гарадское планаванне ў Беларусі: спарадычная «еўрапеізацыя на запыт»?

Next
Next

The Hidden Message of the Belarusian Orthodox Church's Architecture: A Case of Russian Cultural Influence in the 1990-2020s