Еўразвяз і гарадское планаванне ў Беларусі: спарадычная «еўрапеізацыя на запыт»?
Пра еўрапеізацыю Беларусі няшмат гаварылі нават перад 2020 годам: афіцыйна дзяржава не імкнулася інтэгравацца ў еўрапейскую прастору, хоць і была з ёй шчыльна звязаная. Гэтым яна адрозніваецца ад большасці тых еўрапейскіх дзяржаў, што не ўваходзяць у Еўразвяз. Знаходзячыся паміж ЕЗ і Расеяй ды зазнаючы моцны ўплыў савецкага мінулага, Беларусь сапраўды з’яўляецца ўнікальным прыкладам у сэнсе палітыкі, эканамічнай сістэмы, грамадскага ўдзелу і прасторавага ды тэрытарыяльнага планавання як часткі гарадской культуры і палітыкі. Тым не менш, прысутнасць Еўропы — і як ідэі, і як мноства інстытутаў — на тэрыторыі Беларусі можна заўважыць; такая прысутнасць матэрыяльная і дастаткова разнастайная. У тэксце прыводзяцца прыклады розных элементаў «еўрапейскасці», якія можна знайсці ў Беларусі і якія паказваюць, што, нягледзячы на рэзкае згортванне супрацы з еўрапейскімі партнёрамі і адпаведнага ёй дыскурсу на высокім узроўні, матэрыяльныя сляды нядаўніх працэсаў знікаюць не так хутка. Пры гэтым мы імкнёмся апісваць такую прысутнасць безацэначна, з фокусам на механізмы еўрапеізацыі, бо яе перадумовы і патэнцыйныя наступствы для насельніцтва Беларусі патрабуюць асобных даследаванняў.
Працэс еўрапеізацыі ў краінах па-за межамі ЕЗ
Еўрапеізацыя — успрынятая крытычна ці, наадварот, станоўча — не ўваходзіць у шэраг першых асацыяцый, звязаных з трансфармацыямі Беларусі, нават калі гаворка ідзе пра перыяд перад 2020 годам. У гэтым тэксце мы пакажам, што, нягледзячы на рэзкае згортванне супрацы з еўрапейскімі партнёрамі і адпаведнага ёй дыскурсу на высокім узроўні, матэрыяльныя сляды нядаўніх працэсаў знікаюць не так хутка. Сістэмныя рысы гарадскога планавання будуць разгледжаныя ў агульнабеларускім кантэксце. Рэгіянальныя рысы і адметнасці маюць асаблівую цікавасць з пункту гледжання жорсткай іерархіі і ўніфікацыі. Мы таксама паспрабуем ацаніць маштабы еўрапеізацыі беларускіх гарадоў, яе праблемы і наступствы.
Канцэпцыя еўрапеізацыі паступова становіцца важнай рамкай у даследаваннях прасторавага планавання. Яна прапануе звязны спосаб разумення вынікаў некалькіх дзесяцігоддзяў еўрапеізацыі планавання прасторы (Faludi, 2010; Dühr et al., 2010). Тэрмін «еўрапеізацыя» звычайна датычыцца працэсу пабудовы, дыфузіі і інстытуцыяналізацыі фармальных і нефармальных правілаў, палітык, парадыгмаў і агульных перакананняў, што паходзяць з палітычнага працэсу ЕЗ і пазней уключаюцца ў лакальныя дыскурсы, палітычныя структуры і публічныя палітыкі (Radaelli, 2004). У такой парадыгме еўрапеізацыя горада — гэта шматлікія і складаныя спосабы, якімі ЕЗ і яго дзеянні, палітыкі і праграмы змянілі кантэкст і практыкі гарадскога планавання і палітыкі тэрытарыяльнага развіцця.
Даследаванні еўрапеізацыі гарадоў больш за ўсё факусуюцца на тым, як палітыка ЕЗ уплывае на сістэмы гарадскога планавання краін-удзельніц ЕЗ і краін-суседак. Вывучаецца ўзаемадзеянне на этапе падрыхтоўкі да ўступлення ў ЕЗ і ў рамках палітыкі добрасуседства або пры добраахвотным уключэнні ў пэўныя ініцыятывы ЕЗ (Berisha, 2019). Аднак еўрапеізацыя не зводзіцца да афіцыйнай дзейнасці ЕЗ: у матэрыяльнай прасторы яна можа разглядацца і як шырэйшы працэс культурнага абмену. Нягледзячы на хуткае палітычнае згортванне дэбатаў пра дэмакратызацыю/еўрапеізацыю, у Беларусі можна пабачыць нямала зробленага, падтрыманага, натхнёнага ЕЗ ці запазычанага адтуль.
Лакальны кантэкст глабальнага працэсу
Панятак «еўрапеізацыя» ў сэнсе больш шырокім, чым адаптацыя да патрабаванняў Еўрапейскага Звяза, для беларускіх гарадоў не з’яўляецца нечым незнаёмым. На тэрыторыя Беларусі гістарычна рэалізоўвалася мноства еўрапейскіх практык. Паказальна, напрыклад, што тут дамінавалі такія элементы, як гарадское самакіраванне ў гарадах і мястэчках (магдэбургскае права), гарадское планаванне, архітэктурныя стылі, сістэмы заканадаўства і стандарты. Адпаведна, кейс сучаснай «еўрапеізацыі» Беларусі, які разглядаецца ў вузкім сэнсе кантэксту ЕЗ або ў шырокім еўрапейскім кантэксце, не з’яўляецца нечым новым, гэта, хутчэй, працяг даўніх традыцый і інстытуцый. Варта таксама адзначыць, што пэўныя савецкія падыходы да гарадскога планавання і тэхналогіі, напрыклад, панэльнае будаўніцтва дамоў, архітэктура канструктывізму і «гарады-сады», заснаваныя пераважна на еўрапейскіх узорах.
Фота 1. Карта мікрараёна Серабранка. Фота: П.Н.
Тэрмін «еўрапеізацыя» мае значныя палітычныя канатацыі, асабліва для дзейнага палітычнага рэжыму, які ўспрымае еўрапейскі ўплыў як чужародны. Такі ж погляд мае і расейскі рэжым, які лічыць Еўропу чужой і варожай. Дамінантны ўплыў расейскага рэжыму на беларускую палітыку і культурнае асяроддзе, у тым ліку на сферу гарадскога планавання, прыводзіць да таго, што панятак «еўрапеізацыя» выклікае пэўнае напружанне. Яно можа праяўляцца або як адкрытая варожасць да таго, што ўспрымаецца як навязаная звонку еўрапеізацыя, або як няшчырая прыхільнасць і выкарыстанне рэсурсаў ЕЗ без рэальнага клопату пра вынікі.
Беларусь, не будучы ані ўдзельніцай Еўрапейскага Звяза, ані кандыдаткай на далучэнне, мяжуе з трыма краінамі ЕЗ, а таксама з Расеяй і Украінай. Такое геаграфічнае і геапалітычнае становішча азначае, што на краіну ўплывае і Захад, і Усход. Але, калі правы чалавека хаця б фігуруюць у рыторыцы ЕЗ адносна Беларусі (Shaw, 2013), пра сферу гарадскога планавання аналагічных выказванняў пры павярхоўным пошуку не знайсці.
Да таго ж неабходна прыняць да ўвагі такія важныя фактары ўплыву на сістэму планавання ў Беларусі, як сістэма тэрытарыяльнай арганізацыі і адміністрацыі, што дасталася краіне ў спадчыну, а таксама яе палітычны і эканамічны стан. Аляксандр Лукашэнка, які знаходзіцца на сваёй пасадзе больш за 29 гадоў, сканцэнтраваў у сваіх руках усю ўладу, фармальна захаваўшы, а на практыцы знішчыўшы падзяленне ўлады ў краіне. Выканаўчая ўлада, часткай якой з’яўляецца Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва, справаздачная перад Адміністрацыяй прэзідэнта і ім асабіста, што не дазваляе развіваць незалежную палітыку планавання.
Фота 1.1. Раён «Мінск-Свет» на месцы аэрапорта «Мінск-1» будуе кампанія «Дана Холдынгз» сербскіх бізнесоўцаў братоў Карычаў. Крыніца: Яндэкс Карты, 2023
Не зважаючы на тое, што Менск з’яўляецца палітычным, адміністрацыйным і фінансавым цэнтрам Беларусі, у гэтым сэнсе ён не можа служыць паказальным прыкладам працэсаў, якія адбываюцца ў краіне. Пры гэтым ён заслугоўвае адмысловай увагі як сталіца і найважнейшы цэнтр.
Паводле былога галоўнага архітэктара Менска (яго імя не называецца з меркаванняў бяспекі), горад уяўляе сабой «запаведнік» сацыялістычнага планавання. Ён звярнуў увагу на тое, што размяшчэнне сталіцы і самой Беларусі на заходняй мяжы Савецкага Саюза і амаль поўнае разбурэнне горада падчас Другой сусветнай вайны прывялі да таго, што Менск праектавалі як узорны, па-сапраўднаму савецкі горад. Перыяд аднаўлення адлюстроўвае гэтую візію ў архітэктуры і планаванні, і да сёння тэрытарыяльная арганізацыя горада заснаваная пераважна на прынцыпах, закладзеных у тую эпоху. Як адзначыў у прыватнай размове былы чыноўнік, у перыяд ад канца вайны да перабудовы Менск развіваўся паводле сацыялістычных нормаў.
Еўрапеізацыя як выкарыстанне нормаў і канцэпцый
Жылы фонд Менска складаецца пераважна са шматпавярховых будынкаў, арганізаваных у мікрараёны, што ствараюць комплексы, дзе будынкі савецкай эпохі суседнічаюць з сучаснымі будынкамі, якія можна сустрэць па ўсім горадзе. Аднак прыметы адыходу ад традыцыйных практык можна ўбачыць у інавацыйных сучасных раёнах, такіх як Новая Баравая ці Зялёная Гавань, пабудаваных кампаніяй «A100-Development». Некаторыя забудоўшчыкі выкарыстоўваюць змяшаную забудову, закрытыя дваравыя прасторы, кварталы без доступу аўтамабіляў і нават элементы канцэпцыі агульнай прасторы (shared space).


І ўсё ж падтрымка «савецкай» гарадской стратэгіі і пашырэнне перыферыйных раёнаў сталі для ўлады ключавымі:
«Для сённяшняга аўтарытарнага рэжыму скрайне важна падтрымаць савецкую стратэгію гарадскога планавання і працягваць засяляць перыферыйныя раёны, пашыраючы іх усё далей і далей ад палітычнага і грамадскага цэнтра горада». (BARYKINA, 2008)
Пры гэтым, архітэктар Дзмітрый Задорын, каментуючы пратэсты 2020 года, адзначыў, што Менск даволі паспяхова функцыянаваў як набор адносна незалежных раёнаў з уласнымі цэнтрамі падзей.
З моманту публікацыі артыкула Наталлі Барыкінай прайшло больш за 15 гадоў, цяпер ушчыльняюцца і даволі-такі цэнтральныя раёны: «Мінск-Свет» паўстаў на месцы старога аэрапорта, «ДЭПО» — на месцы трамвайнага дэпо, «Каскад» — на месцы турмы і радыятарнага завода і інш. Пэўныя тэрыторыі забудоўваюць уплывовыя інвестары, здольныя пралабіраваць новыя нормы. Прыкладамі з’яўляюцца праекты дэвэлапераў кшталту «Dana Holdings». У працы Дашы Кулецкай (Kuletskaya, 2022) аналізуецца адзін з такіх праектаў і даследуюцца яго прававыя, фінансавыя і архітэктурныя аспекты. Артыкул дае даволі поўнае разуменне працэсаў, што адбываюцца на сённяшніх буйных будаўнічых праектах у Беларусі.
Як ужо адзначалася, кіраўнік дзяржавы мае значны ўплыў на ўсе сферы дзяржаўнага кіравання, у тым ліку заканадаўчую. Праз выданне Дэкрэтаў прэзідэнта, што маюць сілу, вышэйшую за законы, падчас стварэння праекта «Мінск-Свет» ён умешваўся ў нарматыўна-прававыя акты, што рэгулююць жыллёвае будаўніцтва. Былі перагледжаныя стандарты шчыльнасці насельніцтва, будаўнічыя і экалагічныя нормы (пры гэтым, вядома, імплементавацца могуць не толькі нормы ЕЗ; адзначым прынцыповую магчымасць і рэальную практыку адыходу ад беларускіх нормаў на тэрыторыі Беларусі).



Важным паказчыкам «еўрапеізацыі на запыт» у гэтым праекце быў фармальны дазвол адхіляцца ад беларускіх стандартаў будаўніцтва і планавання на карысць нормаў ЕЗ, што адпавядала патрэбам забудоўшчыка.
Такі падыход падкрэслівае рэальнасць сістэмы гарадскога планавання: еўрапейскія стандарты прымяняюць выбарачна, ствараючы асаблівыя ўмовы для пэўных прывілеяваных кампаній, а не планамерна інтэгруюць дзеля паляпшэння сістэмы. З 2023 года гэта стала магчымым для большага шэрага забудоўшчыкаў, якія «ведаюць, як дамаўляцца». Пры будаўніцтве дазволена выкарыстоўваць праектную дакументацыю, складзеную паводле нормаў замежных дзяржаў — адпаведна новаму Указу №9 ад 17 студзеня 2023 г. (гл. таксама Указ прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 26 ад 14 студзеня 2014 г.). Застаецца няясным, у які бок гэтыя нормы адрозніваліся: яны дазвалялі большую ці меншую шчыльнасць насельніцтва? І, калі нейкая норма ЕЗ менш ці больш жорсткая за беларускую, гэта добра ці не? Ці азначае такая выбарачная еўрапеізацыя лепшую якасць планавання, будаўніцтва і жыцця?
Еўрапеізацыя як рэалізацыя еўрапейскіх праектаў
Адначасова можна назіраць трансфармацыю беларускай прававой сістэмы, што адбываецца пад непасрэдным уплывам як прававых дакументаў, прынятых у ЕЗ на ўзроўні палітык, такі і праз укараненне ў штодзённае жыццё пэўных практык і падыходаў, якія шырока выкарыстоўваюць у ЕЗ.
Фота 4. Карта праектаў, фінансаваных праз ЕЗ. Крыніца: EUProhjects.by
Напрыклад, да 2020 года ў Беларусі рэалізоўваліся, у тым ліку на ўзроўні заканадаўства, праграмы ў межах ініцыятывы «Пагадненне мэраў па клімаце і энергіі» (пра яго дзейнасць выдадзена брашура «Пагадненне мэраў ва Усходнім Партнёрстве: 10 гадоў дасягненняў у сферы клімату і энергіі»). Гэтая ініцыятыва, а таксама праекты па энергаэфектыўнасці, фінансаваныя праз ПРААН/ГЭФ і ЕЗ, працавалі ў тым ліку і над зменамі ў беларускім заканадаўстве пры дапамозе міністэрстваў і дзяржаўных камітэтаў. У такіх дакументах даюцца рэкамендацыі для прававой і інстытуцыйнай сістэмы па прыцягненні інвестыцый, пераадоленні перашкод і стымуляцыі эфектыўнага планавання і ўкаранення энергаэфектыўных праектаў.
Фота 5. Энергаэфектыўны дом у Менску, пабудаваны ў межах праекта ПРААН/ГЭФ «Павышэнне энергетычнай эфектыўнасці жылых будынкаў у Рэспубліцы Беларусь». Крыніца: Яндэкс Карты, 2023
У апошняе дзесяцігоддзе перад 2020-м усё часцей дэкларавалася, што «Беларусь трэба ўспрымаць як асобны пункт замежнай палітыкі ЕЗ, а не як сатэліта Расеі ў яе ўласнай сферы ўплыву». (Naimer, 2010). Аднак адсутнасць перспектыў далучэння Беларусі да Еўразвяза, якое магло б паслужыць моцным стымулам, уплывала на працэсы еўрапеізацыі. Рэжым Лукашэнкі не быў зацікаўлены і гатовы рэалізоўваць меры па далучэнні да ЕЗ, таму праграмы падтрымкі апошняга мелі два асноўныя накірункі. Першы — гэта падтрымка каштоўнасцяў і нормаў, прынятых як аксіёмы ў заходнім грамадстве, напрыклад, выпраўленне праблем з правамі чалавека. Другі — звязаны з непасрэднай зацікаўленасцю ЕЗ у тых сферах, дзе двухбаковае супрацоўніцтва неабходнае: забеспячэнне бяспекі ў памежных зонах, умацаванне мяжы, аднаўляльная энергія і экалагічныя праекты. Аднак, паколькі ўступленне Беларусі ў ЕЗ не прадугледжвалася, прывабнасць гэтага стымулу адсутнічала, што змяніла дынаміку еўрапеізацыі.
Фота 6. Сярод праектаў, фінансаваных ЕЗ, было і будаўніцтва памежных пераходаў. Крыніца: EUProjects.by
Трэба адзначыць, што праграмы, даступныя для Беларусі, непасрэдна не датычыліся сістэм тэрытарыяльнага і гарадскога планавання. Такія праграмы, як «Комплексная праграма інстытуцыйнага развіцця» (CIB), а таксама перамовы пра Пагадненне аб асацыяцыі і Свабодных гандлёвых зонах для Беларусі не ажыццяўляліся. Пасля 2020 года выхад з Орхускай канвенцыі, прыпыненне ўдзелу Беларусі ў «Пагадненні мэраў па клімаце і энергіі», прыпыненне ўдзелу краіны ва Усходнім Партнёрстве ў чэрвені 2021 года яшчэ больш ускладнілі працэс узаемадзеяння і супрацоўніцтва.
Фота 7. У горадзе Бяроза Берасцейскай вобласці вулічнае асвятленне мадэрнізавалі ў рамках дэманстрацыйнага праекта ініцыятывы «Пагадненне мэраў па клімаце і энергіі — Усход». Праект быў рэалізаваны пераважна на сродкі ЕЗ. Крыніца
Удзельнікі праектаў Усходняга Партнёрства паслядоўна праводзілі структурныя і эканамічныя рэформы, накіраваныя на збліжэнне эканамічнага заканадаўства і тэхнічных стандартаў гэтых краін з нормамі і стандартамі ЕЗ. Беларусь у гэтым працэсе не ўдзельнічала:
«У адрозненне ад Варшавы, Прагі, Будапешта ці нават Бухарэста, ён [Менск] не атрымаў масіўных уліванняў капіталу або заканадаўчай і сацыяльнай інтэграцыі, якія забяспечылі б далучэнне да ЕЗ, а эканоміка не інтэгравалася ў глабальнае капіталістычнае грамадства так, як і гэтыя гарады». (BARYKINA, 2008)
Таму ў межах супрацоўніцтва Беларусі і ЕЗ дзеянні, якія збліжаюць заканадаўчую базу, можна лічыць спарадычнымі, накіраванымі на ўкараненне найлепшых міжнародных практык у нацыянальную прававую сістэму.
Нягледзячы на гэтыя выклікі, рэалізоўваліся праграмы міжнароднай фінансавай падтрымкі. Напрыклад, з 2010 па 2020 гг. у галіне гарадской і экалагічнай інфраструктуры Беларусь рэалізоўвала 17 праектаў, фінансаваных праз Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця. Аднак наступствам сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў 2020 года стала рэзкае скарачэнне магчымасцяў для супрацоўніцтва паміж ЕЗ і Беларуссю. Замарозка ці поўнае прыпыненне сумесных праграм і трансгранічных ініцыятыў, выкліканыя нападам РФ на Украіну з выкарыстаннем беларускай тэрыторыі, сталі яшчэ большай перашкодай для ўзаемадзеяння і супрацы.
У такім абмежаваным дыяпазоне дзеянняў у Беларусі адбываліся спробы пераймаць асацыяваныя з еўрапейскасцю практыкі, якія ўключалі, між іншага, прымяненне нормаў на нацыянальным узроўні. Вялікую ролю тут адыгрывалі беларускія НДА, якія пераконвалі ўладу на дзяржаўным, рэгіянальным і мясцовым узроўнях у неабходнасці таго ці іншага праекта, знаходзілі фінансаванне, партнёраў і экспертаў, выконваючы львіную долю працы па адвакацыі і данясенні «еўрапеізацыйных» мэсэджаў да шырокай публікі.
Фота 8. Архітэктурны відэамапінг у межах «Фестывалю святла» ў Полацку (2018). Фестываль быў часткай праекта «Гарсвятло: Энергаэфектыўная мадэрнізацыя вулічнага асвятлення ў горадзе Полацку», фінансаванага Еўрапейскім Звязам у межах ініцыятывы EU4Energy. Праект рэалізоўвалі Полацкі райвыканкам і Фонд «Інтэракцыя». Крыніца
Заключэнне
Абмежаванае прымяненне правілаў і нормаў ЕЗ у Беларусі можна разглядаць як праяву працэсу непланаванай еўрапеізацыі. І няхай гэтыя правілы прымяняюць выбарачна, яны адлюстроўваюць спробы інтэграваць пэўныя еўрапейскія практыкі і нормы ў нацыянальны кантэкст. У Беларусі праз праекты, фінансаваныя Еўразвязам, засвойваліся паасобныя еўрапейскія практыкі, але адсутнасць перспектывы далучэння да ЕЗ абмяжоўвае цэласнасць гэтага працэсу. Для эфектыўнага прасоўвання працэсу еўрапеізацыі Беларусі варта было б паглыбіць супрацоўніцтва, рэалізаваць комплексныя рэформы і культываваць больш адкрытае стаўленне да нормаў ЕЗ. Гэта патрабуе выхаду па-за «праектны» падыход і прыняцця больш шырокіх прынцыпаў еўрапеізацыі.
Можна меркаваць, што выкарыстанне практык ЕЗ у сферы тэрытарыяльнага планавання неўзабаве працягнецца фрагментарна. Больш за тое, існуе магчымасць «рэбрэндынгу» такіх практык пад больш нейтральнай назвай, перш за ўсё з прычыны неабходнасці для цяперашняга рэжыму дыстанцыявацца ад свайго геапалітычнага гегемона. Перадумовы для гэтага не абавязкова ідэйныя: адсутнасць устойлівага і паслядоўнага інстытуцыйнага рэгулявання прыводзіць да пошуку рашэнняў «на месцы» на падставе найлепшых наяўных практык, нават калі яны выходзяць па-за межы права.
Часта, крытыкуючы статус кво, мы загадзя пагаджаемся, што «еўрапеізацыя» і «еўрапейскасць» Менску і Беларусі патрэбная; але як «перакласці» яе на мову патрэбаў жыхароў? Што будзе замест «пашырэння перыферыйных раёнаў», а таксама мікрараёнаў і шматпавярховай панэльнай забудовы? Як змянілася б сістэма гарадскога планавання, якія змены маглі б чакаць Менск пры сістэмнай, планаванай, скаардынаванай еўрапеізацыі? У рэшце рэшт, які слоўнік перамен у гарадскім планаванні, акрамя «еўрапеізацыйнага» можа быць карысным для беларускага грамадства? Гэтая крытычная дыскусія можа быць распачатая ўжо сёння.
Бібліяграфія
Barykina, Natalia. Architecture and Spatial Practices in Post-Communist Minsk: Urban Space under Authoritarian Control. spacesofidentity.net (2008).
Bekus, Nelly. Ideological recycling of the socialist legacy. Reading townscapes of Minsk and Astana. Europe-Asia Studies 69.5 (2017): 794-818.
Berisha, Erblin, Giancarlo Cotella, and Alys Solly. The long arm of the EU? Evidence of Europeanization of spatial planning in Albania and Switzerland. Atti del XXXII Congresso Geografico Italiano: L’apporto della geografia tra rivoluzioni e riforme, Roma. 2017.
Bon, T. M. Minsk Phenomenon. Urban Planning and Urbanization in the Soviet Union after World War II. Moscow: ROSSPEN (2013). Бон, Т. М. «Минский феномен». Городское планирование и урбанизация в Советском Союзе после Второй мировой войны. Москва: РОССПЭН (2013).
Dühr, Stefanie, Claire Colomb, and Vincent Nadin. European spatial planning and territorial cooperation. Routledge, 2010.
Faludi, Andreas. Cohesion, coherence, cooperation: European spatial planning coming of age?. Routledge, 2010.
Giannakourou, Georgia. Transforming spatial planning policy in Mediterranean countries: Europeanization and domestic change. European Planning Studies 13.2 (2005): 319-331.
Kuletskaya, Dasha. The “Legitimized Architecture” of Minsk World: Primitive Accumulation through Housing under Authoritarian Neoliberalism in Belarus. Architectural Theory Review 26.1 (2022): 105-125.
Mtchedlishvili, Daviti. Theorising Europeanisation in European literature: Conceptualisation and operationalisation. Australian and New Zealand Journal of European Studies 10.1 (2018).
Naimer, Johannes. Europeanization of Russia’s Neighbourhood. The Example of Belarus. Euro-Facta 2 (2010): 337-384.
Rivolin, Umberto Janin. Shaping European spatial planning: how Italy's experience can contribute. The Town Planning Review (2003): 51-76.
Shaw, Timothy M. The European Union neighborhood: challenges and opportunities. (2013).
Stead, Dominic, and Giancarlo Cotella. Differential Europe: Domestic actors and their role in shaping spatial planning systems. disP-The Planning Review 47.186 (2011): 13-21.
Waterhout, Bas. Episodes of Europeanization of Dutch national spatial planning. Planning, Practice & Research 22.3 (2007): 309-327.