Недзяржаўная экспертная дапамога гарадскім суполкам у Беларусі: даследаванне 2022-2023
Вырашэнне гарадскіх праблем і праца па паляпшэнні грамадскіх прастор заўсёды былі кропкамі магчымасцяў аб’яднання і актывізацыі гарадскіх супольнасцяў. Падаецца, што пасля 2020 года ў Беларусі зніклі нават гэтыя магчымасці, у выніку чаго мы з настальгіяй чытаем у беларускіх медыя матэрыялы 2019 года. Але ці так гэта на самой справе? У якім стане знаходзяцца беларускія суполкі зараз, і як іх можна падтрымаць? Спрабуем разабрацца з прадстаўніцамі і прадстаўнікамі беларускага НДА-сектара.
Да 2020 года ў Беларусі быў адносна шырокі набор інструментаў для вырашэння гарадскіх праблем: удзел у грамадскіх абмеркаваннях, слуханнях, збор подпісаў, петыцыі, магчымасць звярнуцца ў гарвыканкам. Гэтыя інструменты не заўсёды працавалі эфектыўна, але нярэдка дазвалялі вырашаць нават буйныя гарадскія праблемы, якія часам маглі выходзіць за межы лакальнага ўзроўню. Пры гэтым спробы скарыстацца такімі інструментамі для шараговых грамадзян былі досыць бяспечнымі, бо знаходзіліся ў рамках законнасці нават фармальна. Як вядома, са жніўня 2020 больш за тысячу грамадскіх арганізацый былі або ліквідаваныя, або быў распачаты працэс іх прымусовай ліквідацыі. Гэта адбілася таксама і на тых формах актывізму, якія ажыццяўляліся без рэгістрацыі. Многія арганізацыі, якія працавалі з гарадской праблематыкай, таксама змушана пакінулі Беларусь, або спынілі дзейнасць. Аднак некалькі ініцыятываў працягваюць дапамагаць беларускам з беларусамі ў паляпшэнні гарадоў.
Мы правялі 5 інтэрв’ю з прадстаўніцамі і прадстаўнікамі НДА, якія працягваюць працаваць з гарадской тэматыкай у Беларусі. Сярод іх былі тыя, хто займаліся гарадскімі праблемамі і працай з гарадскімі суполкамі да 2020 года. Яны дапамагалі вырашаць інфраструктурныя, экалагічныя пытанні, праблемы добраўпарадкавання і гэтак далей, і працягваюць рабіць гэта і зараз — у асноўным з вымушанай эміграцыі. Таксама паўдзельнічалі ў даследаванні прадстаўніцы арганізацый, якія з’явіліся пасля 2020 года з мэтай падтрымкі гарадскіх суполак, што засталіся ў Беларусі і жадаюць уплываць на вырашэнне гарадскіх праблем.
Мы праводзілі інтэрв’ю ў перыяд з сакавіка па красавік 2023 года. На момант даследавання дзве арганізацыі былі ліквідаваныя, тры не былі зарэгістраваныя на тэрыторыі Беларусі.
Дынаміка стаўлення да тэмаў горада і ўрбанізму ў апошні час
Аналізуючы дынаміку стаўлення беларускага насельніцтва да гарадскіх праблем, важна ўлічваць адрозненні паміж перыядамі часу: да 2020 года, непасрэдна 2020 год, перыяд да 2022 года і цяперашні час.
На пачатку 2021 і ў 2022 годзе ўвага да гарадскіх праблем значна знізілася. Гэта быў час «поўнага зацішша», але ў прамежак паміж гэтымі перыядамі ўвага да гарадскіх праблем вярталася, і цікавасць да іх захавалася нават сёння.
Цяпер магчымасці працы з гарадской тэматыкай значна скараціліся, і ў выніку беларускія гараджане і гараджанкі могуць працаваць толькі з маленькімі праблемамі. Гаворачы аб тэмах урбанізму, рэспандэнты з рэспандэнтамі адзначалі, што раней гараджан цікавілі сур’ёзныя праблемы ў маштабе горада, тады як зараз іх хутчэй цікавяць лакальныя тэмы, звязаныя з праблемамі на ўзроўні раёнаў: азеляненне, сезонныя работы, ахова жывёл. Такія тэмы падаюцца беларускім гараджанкам і гараджанам найбольш бяспечнымі зараз.
«Апошнім часам часцей звяртаюцца па дапамогу па менш вострых/рызыкоўных праблемах. Да 2020 года было вельмі шмат запытаў на нейкія такія вялікія кампаніі, на вырашэнне нейкіх вялікіх праблемаў. Зараз такіх кейсаў стала менш у разы пасля 2020 года. Зараз ужо больш звяртаюцца па менш рызыкоўных праблемах. Тыпу як інсталяваць кантэйнеры для асобнага збору смецця ў двары». (1)
Акрамя тэм, звязаных з урбаністыкай, таксама павялічыўся попыт на тэмы па псіхалогіі.
«Калі пачалася вайна ва Украіне, у нас былі запланаваныя курсы [па правах чалавека] , але мы прыпынілі [іх]. … пачуццё, што зараз цалкам разброд і хістанні ў людзей. Зразумела, усе ў такім стане знаходзіліся. Мы прыпынілі набор на курсы, але мы ўключылі дадатковыя галасавыя чаты з псіхолагам». (2)
У гараджанак і гараджан зараз таксама ёсць запыт на стварэнне новых мясцовых супольнасцяў і ўмацаванне гарызантальных сувязяў. Праца з маленькімі, але рэалістычна вырашальнымі праблемамі, становіцца асновай для фармавання і падтрымкі актыўнага стану супольнасці.
Важным фактарам для працы з гарадской тэматыкай застаецца асвятленне праблем з боку СМІ. Нават да 2020 года паўнавартаснай увагі СМІ да гарадскіх праблем не хапала. «Калі няма грамадскай групы ці ініцыятывы, якая гатова займацца вырашэннем пэўнай праблемы, тады вынясенне праблемы на старонкі СМІ часам дапамагае ў яе вырашэнні». (4) Журналісты гатовы асвятляць ініцыятывы гараджан_ак, але не самі праблемы гарадоў. Пры гэтым важна ствараць бачнасць праблем для прыцягнення ўвагі чыноўнікаў, «якія працягваюць чытаць у тым ліку інезалежныя СМІ, і стараюцца гэтых праблем пазбягаць». (4)
Попыт гараджанак і гараджан на адукацыйныя праграмы і экспертызу НДА
Да вялікай хвалі ліквідацыі НДА ў Беларусі было нямала ініцыятываў, арганізацый і актывістак з актывістамі, да якіх грамадзянкі і грамадзяне маглі звяртацца з просьбамі, і якія былі больш даступнымі дзякуючы адкрытасці іхнай дзейнасці. Гэта рабіла магчымым «удзел у дыскусіях, слуханнях, зборах подпісаў, петыцыях, наведванні выканкама, і выкарыстанне іншых інструментаў, пакаранняў за гэта не было». (4)
Станам на 27.02.2023 1 225 НДА былі ліквідаваныя або знаходзяцца ў працэсе прымусовай ліквідацыі. Адпаведна, грамадзян_кам складаней рэалізаваць свае патрэбы, асабліва па вузкіх пытаннях, што патрабуюць больш спецыялізаванай экспертызы. На сённяшні дзень звароты грамадзян паступаюць у невялікую колькасць аб’яднанняў, якія працягваюць дзейнічаць адкрыта ў вельмі абмежаваных умовах, а па сумежных тэматычных пытаннях перанакіроўваюцца ў іншыя працуючыя НДА.
У тэмах, якія НДА прапануюць у рамках навучання і экспертызы, прадстаўніцы НДА імкнуцца адпавядаць запыту аўдыторыі і бягучаму кантэксту. Гэта асабліва важна для НДА, арыентаваных на аўдыторыю гараджанак і гараджан, якія знаходзяцца ў Беларусі. З аднаго боку, для гэтай аўдыторыі адбываецца пашырэнне спектра «бяспечных тэм» у параўнанні з іншымі грамадска-значнымі тэмамі. З іншага боку, змены часам адбываюцца па ініцыятыве саміх НДА з мэтай адаптацыі пад зменлівы кантэкст палітыка-сацыяльнай сферы ў Беларусі.
«[Мы] дапамагалі там, дзе разумелі, дзе адчувалі, што гэтая падтрымка патрэбная цяпер…; мы закрылі набор, напрыклад, на курсы па правах, таму што разумелі, што людзі ў шоку зараз, [ім] не да правоў, і мы пайшлі ў псіхалогію». (2)
Для эфектыўнай адаптацыі пад запыт аўдыторыі многія НДА знаходзяцца ў пошуку дадатковых рэсурсаў і пляцовак, а таксама новых партнёраў.
«[Людзі] жадаюць бачыць больш экалагічнай інфармацыі на TikTok сярод розных блогерак і блогераў, і мы хацелі б зрабіць на гэтым акцэнт, мы якраз зараз шукаем рэсурсы для гэтага». (1)
«Ёсць ідэі па абмене досведам з украінскімі калегамі, з нямецкімі калегамі, з польскімі ініцыятывамі. Мы спрабуем пашырыць наш гарызонт ведаў і новых інструментаў, як мы можам далей вырашаць гарадскія праблемы». (3)
Параўноўваючы запыты на навучальныя праграмы і экспертызу ў інфармацыйным фармаце, рэспандэнты аднагалосна сцвярджаюць, што навучанне карыстаецца большым попытам. Гараджан хутчэй цікавіць набыццё пэўных навыкаў, чым простае атрыманне інфармацыі. Пры гэтым запыт на навучанне вышэйшы як сярод тых, хто засталіся ў Беларусі, так і сярод тых, хто з’ехалі і праяўляюць зацікаўленасць у актывізме.
«[Просяць] нейкія шаблоны зваротаў, просяць дапамагчы нешта скласці. Таму што ў людзей ёсць патэнцыял, і яны жадаюць нешта змяніць, яны шукаюць, як гэта зрабіць». (1)
«Але колькі б мы ні рабілі, людзі ўсё роўна звяртаюцца, усё роўна ёсць пытанні, усё роўна ёсць спецыфіка ў кожным канкрэтным выпадку». (1)
Далучацца да навучальных праграм аўдыторыю матывуюць два асноўных фактары: магчымасць атрымаць універсальныя навыкі, а таксама знаходзіцца ў коле аднадумцаў. Таму цяпер НДА факусуюцца на распрацоўцы курсаў, дзе можна набыць навыкі, якія могуць быць карысныя як у межах вузкай тэмы, так і ў межах публічных выступаў і актывізму. Прыкладам такіх навыкаў з’яўляюцца трэнінгі крытычнага мыслення, асобаснага росту, прамоўніцкага майстэрства.
«Шмат увагі прыцягнулі майстар-класы па крытычным мысленні, па канфлікталогіі. Гэта таксама такія кампетэнцыі, якія людзі як у асабістым жыцці могуць выкарыстоўваць, так і ў нейкім актыўным рэчышчы, калі мы гаворым пра актывізм або пра НДА». (2)
«Ёсць вялікі пласт [людзей], які[я] проста на асабістым узроўні, праходзячы такія курсы нефармальнай адукацыі, падцягваюцца ў імкненні, жаданні сапраўды на штосьці ўплываць у сваім жыцці. І гэта распаўсюджваецца абсалютна на ўсе сферы, проста ўжо па інтарэсах людзей». (2)
Навучальныя курсы, арганізаваныя НДА, часта маюць сваёй мэтай не толькі стварэнне прасторы для навучання, але і арганізацыю супольнасці, дзе ўдзельніцы могуць абменьвацца ідэямі. Прадстаўніцы НДА адзначаюць, што гэта адзін з важных фактараў, якія прывабліваюць аўдыторыю.
«У людзей усё менш магчымасцяў бачыцца адно з адным. Сабрацца на 1-2 дні і правесці час у коле аднадумцаў – добры матывуючы фактар». (4)
Па выніках навучання некаторыя арганізацыі прапануюць запоўніць анкеты. У адпаведнасці з дадзенымі анкет, у праграмах самаадукацыі часцей за ўсё ўдзельнічаюць жыхары буйных населеных пунктаў і Менска, ва ўзросце 26-55 гадоў.
Акрамя гэтага, прадстаўнікі НДА часта характарызуюць сваю аўдыторыю як ужо актыўных грамадзян.
«Тыя, хто звяртаюцца [да нас], у асноўным ужо маюць некаторую смеласць, напэўна, часцей актыўныя. То бок, застаюцца людзі, якія пішуць скаргі, каментуюць, нават знаходзячыся ў Беларусі». (1)
Дынаміка працы НДА
Бягучая дзейнасць НДА кардынальна абмежаваная. Арганізацыі, што прынялі ўдзел у інтэрв'ю, маюць фармальную рэгістрацыю па-за Беларуссю, прытрымліваюцца строгіх пратаколаў бяспекі і так ці інакш выкарыстоўваюць анлайн-фармат у працы для захавання кантакту з той часткай аўдыторыі, якая знаходзіцца ў Беларусі.
«Усю сваю дзейнасць мы працягвалі, проста знаходзячыся за мяжой, і зараз працягваем працаваць, і не спыняемся, і не збіраемся спыняцца». (1)
Да распаўсюджаных захадаў бяспекі ў першую чаргу можна аднесці: формы рэгістрацыі на навучанне або мерапрыемствы; прымяненне правілаў узаемадзеяння ўдзельнікаў у працэсе праходжання курсаў; стварэнне закрытых кам'юніці ўдзельнікаў.
«Мы ўвесь час нагадваем аб правілах бяспекі. Гэта значыць, што ў кожным чаце групы, якая стартуе, гэтыя правілы ёсць. Правілы замацаваны, яны абмяркоўваюцца. І мы некалькі разоў заўсёды прагаворваем, што можа быць больш бяспечна, а што можа быць больш небяспечным». (2)
«Відавочна, што публічная аб'ява зараз немагчымая. Таму што зараз нават нельга назваць тэму мерапрыемства да пачатку, аб'явіць яе сур'ёзна». (4)
«Гэтае пытанне зноў жа ўпіраецца ў бяспеку. Мы вырашылі, што сапраўды не будзем імкнуцца да пашырэння аўдыторыі. Хутчэй будзем ісці глыбей [у межах сваёй аудыторыі]». (5)
Тым не менш, некаторыя НДА пакідаюць свае навучальныя курсы адкрытымі для ўсіх жадаючых. Прадстаўнікі такіх арганізацый лічаць, што гэта дазволіць стварыць «кропкі ўваходу« для гараджан, якія не ведаюць, як інакш бяспечна далучыцца да актывісцкай супольнасці. Звычайна такія курсы датычацца «бяспечных тэм», якія не закранаюць вострыя палітычныя пытанні.
«Гэта значыць, што чалавек бачыць рэкламу і недзе нейкае паведамленне, анонс пра курс, яму цікавая тэма, і ён прыходзіць. І тут ён знаходзіць ужо яшчэ падтрымку, веды нейкія атрымлівае. І далей ён вырашае: альбо ён застаецца ў гэтай жа тэме, альбо ён паралельна праходзіць нейкія курсы». (2)
У рамках бягучай дзейнасці НДА імкнуцца ствараць магчымасці для ўдзелу для дзвюх груп аўдыторыі: тых, хто пакінуў Беларусь, і тых, хто застаецца ў краіне. Рэспандэнты лічаць, што для кожнай з груп павінны існаваць розныя фарматы ўдзелу ў дзейнасці НДА, якія будуць адаптаваны пад канкрэтныя запатрабаванні. Для некаторых НДА фармат узаемадзеяння з аўдыторыяй не змяніўся.
«Нам паўтара гады. Мы ўжо стварыліся пасля таго, калі адбыліся ў нас перамены ў краіне, у свядомасці. Таму тут у арганізацыйных пытаннях унутры ў нас нейкіх зменаў не адбылося». (2)
Тым не менш менавіта пад групу грамадзян, якія з'ехалі, некаторыя НДА зараз імкнуцца развіваць фарматы ўзаемадзеяння, бо да 2020 года гэтая група была не такая шматлікая.
«Мы спрабуем стварыць суполку людзей, якія з'яўляюцца нашымі валанцёрамі, якія зараз вучацца ўдзельнічаць у чымсьці, знаходзячыся за межамі Беларусі, але робячы нешта для тых, хто ўнутры». (1)
«Пакуль можна працягваць, мы працуем для Беларусі. І другое важнае — гэта самаарганізацыя людзей, якія пакінулі Беларусь: іх унутраныя зносіны і дзейнасць, звязаная з Беларуссю». (4)
Тэма самацэнзуры актуальная ў працы большасці апытаных НДА. Выяўляецца гэта ў асноўным пры стварэнні сайта арганізацыі, або публікацыі якіх-небудзь матэрыялаў у адкрытым доступе ад імя арганізацыі.
Некаторыя НДА аддаюць перавагу не згадваць на сваім сайце тэмы або публічныя фігуры, якія могуць выклікаць залішнюю ўвагу. Таксама актуальнымі інструмантамі сталі рэбрэндынг арганізацый і адаптацыя сайтаў пад бяспечны фармат — часцей за ўсё пад фармат нефармальнай адукацыі, пляцоўкі з навучальнымі матэрыяламі.
Некаторыя НДА самацэнзуруюцца і ў ходзе сваёй працы, абгрунтоўваючы гэта тым, што ўдзел у «небяспечных» супольнасцях можа нашкодзіць самім удзельнікам.
«Мы просім нашых спікераў, калі да нас прыходзяць, наўпрост не выказвацца, каб захаваць гэтую бяспеку. Але мы балансуем, таму што з аднаго боку, мы стрымліваем сваё прасоўванне самі сярод актывістаў, з другога боку, спрабуем застацца тым астраўком для тых, хто ўнутры. Не ведаем, што з гэтага выйдзе, зразумела, што рана ці позна дабіраюцца да ўсіх і кожнага». (2)
Адной з ключавых маральных дылем у працы з супольнасцямі для беларускіх НДА з'яўляецца пытанне супрацоўніцтва з прадстаўнікамі гарадской улады і некамерцыйнымі арганізацыямі, створанымі па іх ініцыятыве (ад «government organized non governmental organization», далей па тэксце — GONGO).
Што тычыцца супрацоўніцтва з гарадскімі ўладамі, рэспандэнты лічаць, што магчымай перавагай можа быць спроба збудаваць узаемазалежныя адносіны, якія дазволяць НДА прасоўваць свае ўмовы.
«Цяпер прадстаўнікі ўлады зацікаўлены ў пабудове так званай кантраляванай грамадскай супольнасці. Калі адміністрацыя хоча згуляць у фармальную адкрытасць і зацікаўленасць, можна неяк паспрабаваць маніпуляваць іх пажаданнямі». (3)
Рэспандэнткі-прадстаўніцы НДА вылучаюць некалькі станоўчых момантаў супрацоўніцтва (афіліяцыі) з GONGO. Па-першае, GONGO даюць рэсурсы для працы ўнутры Беларусі. Так, прадстаўніцы НДА могуць атрымаць пляцоўку для правядзення мерапрыемстваў, сустрэч з актывіст_камі ва ўмовах бяспекі. «Пры выкарыстанні GONGO, можна палову сваёй аўдыторыі туды ўводзіць. І яны таксама гэта нармальна ўспрымаюць, бо не могуць самі прывесці столькі людзей». (4). Па-другое, GONGO даюць выхад на новую аўдыторыю, з якой можна працаваць і залучаць у значныя для горада ініцыятывы, якія заснаваныя на каштоўнасцях НДА, а не GONGO.
Асноўны аргумент супраць такой афіліяцыі заключаецца ў тым, што супрацоўніцтва і з GONGO, і з прадстаўніцамі ўлады — гэта прыняцце правілаў гульні, устаноўленых дзяржавай. Таксама GONGO і гарадская адміністрацыя могуць эксплуатаваць дасягненні НДА, каб ствараць больш пазітыўны імідж інстытутаў гарадской адміністрацыі. «Мы самі сябе закрылі ў гэта, а нам дазволілі пафарбаваць лаўку і таму мы шчаслівыя — вось такія рэчы». (5)
Уласна, гэтая маральная дылема існавала і да 2020 года, але зараз у сілу цяжкіх знешнепалітычных абставін становіцца асабліва складанай: «Як гэта зрабіць маральна і этычна, калі побач вайна і рэпрэсіі? Мы у такім кантэксце будзем абмяркоўваць неабходнасць пешаходнай дарожкі ці парка? Тады не тыя моманты будуць пастаўлены ў цэнтр увагі». (3) Але цяпер таксама з'яўляецца пытанне — ці ёсць у нас рэсурсы для такіх дылем? Выказваецца і меркаванне, што «пытання палітычнай прыхільнасці трэба пазбаўляцца». (4)
Кажучы пра рэсурсы прадстаўніц беларускіх НДА таксама важна адзначыць умовы, у якіх яны апынуліся пасля экстраннай эміграцыі. Па-першае, гэта хісткае фінансавае становішча. Арганізацыі вымушаны траціць вялікую колькасць часовых рэсурсаў для запаўнення заявак на гранты ў еўрапейскія фонды. Пры гэтым заўсёды трэба ўлічваць вялікую верагоднасць адмаўлення ў фінансаванні, або затрымкі фінансавага траншу, што ставіць пад пагрозу ўсю каманду. Па-другое, складаным момантам з'яўляецца пытанне легалізацыі беларускіх актывістак і прадстаўніц НДА. Немагчымасць хутка атрымаць візу, знаходзячыся ў Беларусі, праблемы з атрыманнем гуманітарнага ВНЖ пасля заканчэння тэрміну гуманітарных віз, памяншэнне магчымасцяў для атрымання віз сваякам — усё гэта таксама з'яўляецца фактарамі, якія спрыяюць раз'ядноўванню беларускага НДА-сектара у цэлым, і дэматывуюць прадстаўніц арганізацыі працягваць некамерцыйную дзейнасць.
Эмацыйны стан актывістак
Эмацыйны фон актывістак, якія застаюцца ў Беларусі, у цэлым больш трывожна-дэпрэсіўны. Ёсць шмат страху за сваю бяспеку, за матэрыяльнае становішча, якое пагаршаецца, і за напружаны знешнепалітычны кантэкст. З-за гэтага памяншаецца колькасць энергіі і эмацыйных сіл, ды з'яўляецца пачуццё «ўсеагульнай млявасці«. «Паўгады-год нейкай добрай, пасьпяховай працы, а потым аблава, вобшукі, допыты — яно выбівае людзей з каляіны». (4)
Пры гэтым гараджанкам важна захоўваць пачуццё суб'ектнасці і веру ў тое, што яны могуць рабіць гарадское асяроддзе лепш і камфортней у супольнасці. «Людзям трэба разуменне, што у прынцыпе ўсё зыходзіць ад нас, ад нашых жаданняў, ад нашых імкненняў, ад нашых разуменняў». (2)
У цяжкай сітуацыі знаходзяцца і гарадскія актывісткі, вымушаныя з'ехаць з Беларусі. Многія разгублены, і часцей за ўсё пры вымушанай рэлакацыі не закладваецца час на эмацыйную адаптацыю. «Для тых, хто выехаў, трэба закладаць пэўны перыяд адаптацыі: паўгады, а то і год. І людзі тады вяраюцца да актыўнасцяў». (4)
Пры гэтым беларуская дыяспара — добры рэсурс для дапамогі тым, хто застаўся ў краіне. Беларускі ў эміграцыі хочуць дапамагаць, але часта не ведаюць як. Таму важна ствараць шырокую базу інфармацыйнай падтрымкі, якая ахоплівае ўсіх прадстаўнікоў дыяспары.
Адзін з важных момантаў, які рэдка абмяркоўваецца ў публічнай прасторы, — гэта адэкватнасць чаканняў ад актывістак, якія застаюцца ў Беларусі. Важна перагледзець нашы чаканні ад актыўнасці, уключэння ў розныя працэсы і ўзаемадзеянні, і перанакіраваць энергію на простую падтрымку адзін аднаго. «Працаваць больш на падтрымку і стварэнне бяспечных прастораў. І для тых, хто гатовы на развіццё — працаваць на развіццё. А чаканні трэба зніжаць усім, хто працуе з людзьмі ўнутры Беларусі. Межы магчымага вельмі звузіліся і праз вонкавы ціск, і праз унутраны недахоп энергіі». (5)
Падтрымка аўдыторый і бенефіцыярак НДА
Найперш за ўсе, прадстаўнікі НДА адзначаюць важнасць аказання падтрымкі як тым, хто застаўся, так і тым, каму прыйшлося з'ехаць з краіны.
«Проста сказаць, што «мы побач, дзякуй за тое, што вы робіце». Спытайце аб навінах — людзям вельмі важна, каб нехта ў думках быў побач з імі». (1)
«Не важна, на які курс чалавек прыйшоў. [Важная] зваротная сувязь, апынуцца ў коле няхай і малазнаёмых, і нават незнаёмых людзей, але аднадумцаў, [Ведаць], што і такія людзі ёсць, што я не адзін». (2)
Акрамя гэтага, прадстаўнікі НДА адчуваюць новую хвалю запыту на ўцягванне ў актывізм з боку тых, хто пакінуў Беларусь, і да цяперашняга моманту ўжо наладзіў сваё жыццё замежжам. Рэспандэнты лічаць, што гэты перыяд можа дапамагчы прыцягнуць новых удзельнікаў у дзейнасць арганізацый, якія будуць дапамагаць у падтрымцы тым, хто застаецца ў Беларусі.
«Стомленасць ад рэпрэсій адыходзіць. Людзі гатовыя ў першую чаргу навучацца, але апроч гэтага і ўцягвацца ў актывізм». (3)
«Можна арыентавацца на дыяспару і падказваць, што можна зрабіць з-за мяжы». (1)
Прадстаўнікі НДА таксама лічаць перспектыўным адукацыйны кірунак, асабліва ў афлайн-фармаце. Людзям важна бачыць адзін аднаго, і мець магчымасць абмяркоўваць перажыванні ці, наадварот, ідэі ў рэальных прасторы і часу. Асабліва гэта важна для тых, хто застаецца ў Беларусі.
«Хоць бы пачаць адукацыйныя праграмы, каб сабраць нейкі пул актываў ці стварыць супольнасці экспертаў на месцах, каб яны потым нешта вырашылі, гэта такая доўгатэрміновая перспектыва, што трэба пачынаць зараз». (3)
Высновы
Як мы бачым з даследавання саміх гарадскіх супольнасцей, а таксама працуюючых з імі ініцыятываў, унутры Беларусі застаецца запыт на працяг працы з гарадскімі праблемамі і лакальны актывізм. Рашэнне нават невялікіх гарадскіх праблем зараз з'яўляецца спосабам захавання кансалідаваных і актыўных гарадскіх супольнасцяў.
У той жа час, рэальна даступным застаецца толькі мінімальны і прымітыўны набор інструментаў для працы з гарадскімі праблемамі. НДА сутыкаюцца не толькі з фінансавай прэкарнасцю, але і з прававой — прычым як унутры Беларусі, так і за яе межамі. У выніку гэтага ў актывіста_к з'яўляюцца маральныя дылемы: ці можна браць рэсурсы ў аб'яднанняў, з якімі ў нас розныя каштоўнасці? Ці павінен беларускі НДА-сектар у сённяшніх умовах прытрымлівацца тых жа прынцыпаў стасоўна фармальных зносін з рэжымам, што і раней?
Пры гэтым падчас працы па кансалідацыі супольнасцяў унутры Беларусі, узаемадапамога ўнутры НДА-сектара часта застаецца па-за спісам задач. Для нашых суразмоўцаў аказваецца важным падтрымліваць добрыя адносіны ўнутры сектара: сустракацца камандамі ў афлайн-фармаце, казаць пра агульныя праблемы і працаваць над стратэгіямі іх вырашэння, падтрымліваць адзін аднаго, замест таго, каб закрывацца ў сабе і выгараць усёй камандай.