Новы вобраз Усходняй Еўропы як працяг старога арыенталізму: Кейс архітэктуры «сацблоку»

У апошнія гады культура «былога сацблока» карыстаецца ўсё большай увагай. Заходняму погляду адкрываецца не толькі літаратура, музыка, кінематограф і мовы рэгіёна, які абагульнена называецца Усходняя Еўропа, але таксама яго ўрбанізм, архітэктура і гарадское асяроддзе. Але як адбываецца гэтае адкрыццё? Гэты тэкст прысвечаны тэндэнцыі рэпрэзентаваць Усходнюю Еўропу і, у прыватнасці, усходнееўрапейскія гарады і архітэктуру як нешта Іншае, экзатычнае і дзіўнае — беларускі кейс тут не вынятак, але мае свае асаблівасці. 

Гэтыя рэпрэзентацыі фарміруюць вобраз усёй Усходняй Еўропы як нечага іншароднага і адсталага. Даследчыкі называюць гэтую з’яву «новым арыенталізмам» па аналогіі з Эдвардам Саідам, які пісаў пра нееўрапейскі Усход. У межах дыскурсу аб дэкаланізацыі часта кажуць пра былыя калоніі па-за межамі Еўропы, пры гэтым выпускаючы з-пад увагі ўстойлівыя каланіяльныя патэрны і няроўнасць унутры самой Еўропы. У дадзеным артыкуле разглядаецца канцэпцыя новага арыенталізму ў тэорыі, а таксама ў дачыненні да гарадоў Усходняй Еўропы, раскрываюцца механізмы арыенталізацыі і каланіяльнага погляду.


 

У апошнія гады архітэктура «былога сацблока» апынулася ў цэнтры павышанай увагі міжнароднай грамадскасці. Выявы югаслаўскіх ваенных помнікаў, беларускіх прыпынкаў і аўтавакзалаў, савецкіх санаторыяў, балгарскіх курортаў перыядычна напаўняюць сацыяльныя сеткі, друкаваныя выданні, музычныя кліпы і навукова-фантастычныя фільмы.

Будынкі позняга сацыялізму сталі феноменам поп-культуры. Цяпер яны рэгулярна выкарыстоўваюцца ў якасці маўклівага рамантычнага фону для ўсяго: ад пост-панк музычных кліпаў да заняткаў паркурам і навукова-фантастычнага кіно.

Цікава, што гэта супярэчыць старым негатыўным уяўленням пра сацыялістычную архітэктуру, у якой дамінавалі помнікі сталінскай эпохі і аднастайныя панэльныя дамы, і паказвае памятныя збудаванні 1970-х і 1980-х гадоў як аб’екты сапраўднага захаплення, рамантыкі.

Гэтыя новыя рэпрэзентацыі паспелі ахрысціць новай формай арыенталізму па аналогіі з канцэпцыяй Эдварда Саіда. Толькі калі ў Саіда вядзецца пра Бліжні Усход, тут гаворка ідзе пра Еўрапейскі Усход — Усходнюю Еўропу.

У гэтым тэксце я ахарактарызую паняцці арыенталізму і новага арыенталізму, апішу спецыфіку каланіяльнага погляду на Усходнюю Еўропу, на прыкладах пакажу, як у сённяшніх рэпрэзентацыях праяўляецца арыентальнасць погляду на архітэктуру сацблока, а затым звярнуся да беларускага спецыялізаванага кейса, каб прааналізаваць яго спецыфіку ў шэрагу іншых краін рэгіёна.

 

Арыенталізм

Арыенталізм — гэта паняцце, уведзенае Эдвардам Саідам у яго аднайменнай кнізе (1978).

Пад арыенталізмам разумеецца набор дыскурсіўных практык, пры дапамозе якіх Захад структураваў уяўленні пра «Усход». Ён узнік у часы каланіяльнага перыяду і спрыяў каланіяльнаму праекту і каланіяльнаму светапогляду, г.зн. выкарыстоўваўся для апраўдання палітычнага, сацыяльнага і культурнага панавання Захаду над Усходам.

Арыенталізм стварае вобраз Усходу як нечага Іншага, экзатычнага, загадкавага і адрознага ад Захаду. Гэта спрыяе ўсталяванню і падтрыманню няроўных адносін паміж Захадам і Усходам.

Эдвард Саід вызначыў некалькі ключавых рыс або характарыстык арыенталізму. Вось некаторыя з іх:

  • Ператварэнне ў «Іншага»: арыенталізм уключае ў сябе працэс штучнага стварэння рэгіёнаў «іншасці», калі Усход (усходнія культуры, народы і традыцыі) адлюстроўваецца як прынцыпова адрозны, таямнічы і экзатычны ў параўнанні з Захадам. Гэта стварае бінарную апазіцыю паміж Захадам як больш прагрэсіўным і Усходам як больш адсталым рэгіёнам.

  • Стэрэатыпізаванне: арыенталізм абапіраецца на спрашчэнні, абагульненні і стэрэатыпы пра ўсходнія культуры і народы. Гэтыя стэрэатыпы часта паказваюць усходнія культуры як статычныя, адсталыя і ірацыянальныя, якія саступаюць у развіцці Захаду. Усход у дадзеным выпадку паўстае не як пэўны геаграфічны рэгіён, а хутчэй як imaginary geography/уяўная геаграфія. То-бок Усход як такі існуе, і ў гэтым рэгіёне жывуць рэальныя людзі, але еўрапейскае ўяўленне пра гэты рэгіён — гэта тыповы культурны канструкт, які садзейнічае падтрыманню няроўных адносін улады і эксплуатацыі Усходу Захадам.

  • Эсэнцыялізм: арыенталізм схільны эсэнцыялізаваць усходнія культуры, то-бок разглядаць іх як маналітныя і нязменныя сутнасці. Ён выпускае з-пад увагі разнастайнасць і складанасць усходніх грамадстваў і спрабуе прыгожа «ўпакаваць» іншыя культуры як сувенір.

  • Палітычная, эканамічная і культурная гегемонія Захаду над Усходам і яго рэпрэзентацыяй. Захад не толькі дамінуе над Усходам, але і кантралюе ўяўленні пра яго. Пры гэтым Захад пазіцыянуе сябе ў якасці нарматыўнага стандарту, па якім ацэньваецца астатні свет.

  • Акадэмізм: арыенталізм з’яўляецца не толькі прадуктам папулярнай культуры, ён прысутнічае і ў акадэмічных дысцыплінах, такіх як усходазнаўства, антрапалогія і гісторыя. Акадэмічныя веды пра Усход фарміраваліся пад уплывам поглядаў і інтарэсаў Захаду, часта ўмацоўваючы існыя структуры ўлады і ўладных адносін.

 

Усходне-Еўрапейскі арыенталізм

Кніга Эдварда Саіда ў значнай ступені паўплывала на дыскурс аб каланіялізме і на развіццё посткаланіяльнай тэорыі. Пры гэтым на працягу многіх гадоў яна сама заставалася прадметам крытыкі.

Сярод іншага, Саіда папракаюць у тым, што, кажучы пра Усход, ён збольшага мае на ўвазе Бліжні Усход. Крытыкуючы імперыялістычную перспектыву Захаду, ён тым не менш узнаўляе той жа аднабаковы спосаб вытворчасці ведаў з біпалярнай пазіцыі: Усход і Захад. У той жа час прастора, якая знаходзіцца на захад ад Вены і на ўсход ад Расіі, для Саіда не існуе. Складанае, прамежкавае становішча Усходняй Еўропы наогул не разглядаецца і не аналізуецца.

Тым не менш, кніга натхніла шэраг наступных прац, некаторыя з якіх непасрэдна звярталіся да Усходняй Еўропы (Вольф, 1994) і Балканаў (Тодарава, 1997; Бакіч-Хайдэн, 1995; Бакіч-Хайдэн і Хайдэн, 1992; Хайдэн, 2000) і казалі пра такое паняцце, як «новы арыенталізм».

 

Новы арыенталізм

Пабудаваны на старой канцэпцыі Эдварда Саіда (1978), гэты новы арыенталізм па-ранейшаму ўяўляе Усход у адпаведнасці з заходнімі фантазіямі пра экзатычнае Іншае, але іншасць у дадзеным выпадку апісваецца хутчэй з ідэалагічнай, чым з культурнай ці расавай пазіцыі. Краіны і рэгіёны дыферэнцыруюцца на падставе таго, наколькі яны адаптаваныя да свабоднага рынку і дэмакратыі. І вызначаюцца гэтыя крытэрыі звычайна ўладнымі гульцамі, якія і задаюць правілы гульні.

Апрача таго, калі больш раннія варыянты арыенталізму асацыяваліся з акадэміяй, то гэтая новая хваля хутчэй нацэленая на шырэйшую аўдыторыю, больш камерцыялізаваная і завязаная на распаўсюджванні анлайн-вобразаў (фота, мемаў) праз мас-медыя, сацыяльныя сеткі і да т.п.

 

Прыклады рэпрэзентацый усходнееўрапейскай архітэктуры і гарадоў

Ніжэй прыводзяцца прыклады розных рэпрэзентацый Усходняй Еўропы ў папулярнай культуры (СМІ, фотаальбомах, цытатах, мемах, модзе і турыстычных даведніках), якія так ці інакш адсылаюць да арыенталісцкага вобраза рэгіёна.

 

Фатаграфія

 Апошнім часам расце папулярнасць жанру фатаграфіі, што акцэнтуе ўвагу на сацыялістычнай архітэктуры. У гэтым плане вельмі паказальныя такія праекты, як «Чарнобыль» Надава Кандэра, Half Life і «Пыл». The Calvert Journal публікавалі працы Сашы Мадэмуазель і Сяргея Кастраміна ў «закінутай» Абхазіі, а таксама фатаграфіі Сяргея Новікава пра закінутыя савецкія кінатэатры. «Spomenik» Яна Кемпенаерса і «Cosmic Communist Constructions Photographed» Фрэдэрыка Шабена.

Стваральнікі гэтых праектаў (новае пакаленне смелых фатографаў-арыенталістаў), мала чым адрозніваючыся ад каланіяльных даследчыкаў мінулага, блукаюць па «далёкіх» і «пустынных» ландшафтах Усходняй Еўропы ў пошуках руін «даўно страчанага» свету.

Свае знаходкі яны часта апісваюць як нешта «тагасветнае», «дзіўнае» ці нават «іншапланетнае», тым самым ствараючы новы вобраз постсацыялістычнага свету як рэгіёна мудрагелістых, загадкавых аб’ектаў, якія «разумны» заходні розум асэнсаваць не ў стане. Гэты вобраз настолькі шырока распаўсюджаны ў медыя, што цяпер ён дамінуе ва ўяўленнях пра сацыялістычную архітэктуру не толькі на Захадзе, але і на самім Усходзе Еўропы.

У такім вядучым СМІ, як The Guardian (напрыклад, тут і тут), бачна зачараванне сюррэалістычнай і тагасветнай прыродай гэтых структур. Яны прыпадабняюцца да «прызямлення іншапланетнікаў» і «кругоў на полі, пакінутых прыхаднямі», запаралельваюцца з вокладкамі альбомаў Pink Floyd і параўноўваюцца з выявамі спадарожнікаў, касмічных ракет і лятучых талерак. Тэрмін «руіннае порна» ("ruin porn"), які разглядаецца ў «Савецкіх прывідах» (Soviet Ghosts) Рэбэкі Баторы (Rebecca Bathory), падкрэслівае пэўную вуаерысцкую прывабнасць гэтых заняпалых будынкаў. Архітэктура такіх устаноў, як Мінскі політэхнічны інстытут, апісваецца як «магутны пасажырскі паром, які прарываецца праз сцюдзёную беларускую раку», пры гэтым падкрэсліваецца веліч і суровасць гэтых збудаванняў. Такім чынам, заходнія СМІ прадстаўляюць постсацыялістычную архітэктуру як навязлівую, хоць і візуальна захапляльную гісторыю-прывід, расказаную праз цэглу і цэментавы рошчын, прасякнутую футурыстычнай коснасцю і адчуваннем савецкай гісторыі.

 

Мемы

Прыклады арыенталісцкага погляду на Усходнюю Еўропу сустракаюцца і ў зусім іншым дамене поп-культуры — такім як вытворчасць гумару. Паказальныя мемы з паблікаў накшталт Squatting Slavs, якія актыўна эксплуатуюць арыенталізавальны вобраз жыхароў і гарадоў Усходняй Еўропы. У дадзеным выпадку вядзецца хутчэй пра самаарыенталізацыю*, бо стваральнікі пабліка — усходнія еўрапейцы. Але ён папулярны і ў міжнароднай публікі.

*Тэрмін «самаарыенталізацыя» адносіцца да працэсу, калі людзі, якія з’яўляюцца аб’ектам арыенталізму (у дадзеным выпадку ўсходнія еўрапейцы), успрымаюць арыенталісцкую перспектыву або стэрэатыпы пра сваю культуру і самі пачынаюць іх ўзнаўляць. Гэта можа адбывацца пад уплывам вонкавых арыенталісцкіх забабонаў і выяўляцца ў форме іх пераймання. Такім чынам, самаарыенталізацыя становіцца формай унутранага каланіялізму, які падтрымлівае і падаўжае няроўнасць і скажоныя ўяўленні пра культуры і ідэнтычнасці.

Паблік Squatting Slavs вельмі добра адлюстроўвае тую грымучую сумесь пачуццяў усходніх еўрапейцаў з нагоды сваёй постсацыялістычнай спадчыны і перыферыйнага становішча ў Еўропе: ад раздражнення, што іх успрымаюць як нешта Іншае, другога гатунку, да самабічавання і самадэманізацыі, настальгіі па савецкім мінулым і самаарыенталізацыі/самаэкзатызацыі. Што характэрна, рэферэнтам такога гумару выступаюць абстрактныя «славяне», хоць для яго вытворчасці выкарыстоўваюцца візуальныя аб’екты, якія належаць да неславянскіх культур, але таксама яўна выключаныя з ліку «ўзораў заходняй культуры» — гл. фота гмахаў Тбілісі, Грузія, з подпісам «дом мары славяніна».

 

Мемы пра «бруталізм»

Яшчэ цікавыя мемы, якія парадзіруюць феномен рамантызацыі бруталізму на Захадзе, асабліва сярод «левай» публікі. Пры гэтым тэрмін «бруталізм» як вызначэнне стылю савецкай/сацыялістычнай архітэктуры часта ўжываецца памылкова, бо строга фармальна ў ёй больш элементаў мадэрнізму, а бруталісцкімі былі паадзінкавыя будынкі. Як мяркуецца, гэта звязана з тым, што з сярэдзіны нулявых быў папулярны трэнд на фетышызацыю бруталізму як такога, прычым не толькі савецкага/сацыялістычнага. Тут, атрымліваецца, архітэктура Усходняй Еўропы, якая нагадвае заходняму воку знаёмы для яго бруталізм, прылічваецца да знаёмага стылю.

 

Gosha Rubchinskiy

Тэрмін «постсавецкі» на Захадзе зрабіўся асабліва папулярным у пэўны перыяд 2010-х гадоў, калі на модныя подыумы ўварваліся такія людзі, як расійскі мадэльер Гоша Рубчынскі, з калекцыямі вулічнага адзення, багатымі на арыенталісцкія савецкія адсылкі. Самая першая модная калекцыя Рубчынскага, «Імперыя зла» 2008 года, была цытатай з прамовы прэзідэнта ЗША Рональда Рэйгана часоў халоднай вайны, у якой асуджалася «таталітарная цемра» Савецкага Саюза.

Рубчынскі быў толькі адным са шматлікіх крэатыўшчыкаў, якія праз вулічную культуру спрабавалі адлюстраваць Усходнюю Еўропу ў арыенталісцкім рэчышчы як «бедную, але сэксуальную». Пры гэтым ён фетышызаваў нейкі ўяўны вобраз савецкага, а не рэчаіснасць як такую.

Яшчэ адзін прыклад эстэтызацыі постсавецкіх культурных артэфактаў – гэта выкарыстанне старых панэльных шматпавярховікаў у візуальным афармленні пост-панкаўскай музычнай сцэны (прыклады тут, тут і тут). Тут панэлькі часта выступаюць як асноўны «персанаж» ролікаў, дадаючы ў агульную атмасферу кліпаў ноткі песімізму і наканаванасці.

 

У чым праблема менавіта такой рэпрэзентацыі ўсходне-еўрапейскай архітэктуры і гарадоў?

Паказаныя прыклады ўзнаўляюць міфы пра Усходнюю Еўропу як пра нейкую чужую, але пры гэтым нібыта нескладаную ўяўную прастору. Яны абапіраюцца на ўсё тыя ж апісаныя Эдвардам Саідам арыенталісцкія патэрны, якія канструююць Іншасць, Экзатычнасць (Усходняя Еўропа як зямля дзіўных, пазазямных аб’ектаў), Адсталасць (сацыялістычная архітэктура ўяўляецца як прадукт вымерлай сацыяльнай сістэмы, руіны даўно страчанага свету), Стэрэатыпізацыю, Дэсемантызацыю (пазбаўленне першаснага сэнсу і мастацкай каштоўнасці), Эсэнцыялізацыю (тэндэнцыю прадстаўляць усходнееўрапейскія гарады як нешта маналітнае і нязменнае, ігнаруючы перамены, якія з імі адбываюцца).

Можна сказаць, што гэта арыенталізм у яго класічным выглядзе — уяўленне ўсёй складанай культуры рэгіёна як гамагеннага Іншага. Пры гэтым Захад усталёўвае гегемонію над тым, як гэты рэгіён апісваецца і рэпрэзентуецца.

Якое значэнне ўсё гэта мае ў кантэксце ўзнаўлення сацыяльнай няроўнасці ў Еўропе і больш шырокай дыскусіі пра расізм?

Праблема арыенталізацыі Усходняй Еўропы звязаная з такім паняццем, як Eastern Europeanism / усходні еўрапеізм, якое выкарыстоўвае ў сваёй кнізе «White But Not Quite: Central Europe's Illiberal Revolt» Іван Калмар. Пад Eastern Europeanism ён разумее «прадузятасць у дачыненні да Усходняй Еўропы, якая выклікае ва ўяўленні вобраз роспачнага, гаротнага рэгіёна, які эксплуатуецца карумпаванай элітай, дзе большасць людзей гатовая на ўсё за еўра або долар». Усходнееўрапейскія грамадствы апісваюцца як «дэмаралізаванае насельніцтва, якое проста з прычыны культурных асаблівасцяў схільнае падтрымліваць аўтакратычныя ўрады. Яны здаюцца прыроджанымі антысемітамі, ісламафобамі, гамафобамі і расістамі».

Усходняя Еўропа адлюстроўваецца як прамая супрацьлегласць Захаду.

У гэтым кантэксце прадузятасць наконт Усходняй Еўропы дзейнічае як свайго роду культурны класіфікатар, калі кожная краіна на ўсход ад Заходняй Еўропы здаецца ўсё менш «заходняй» (а значыць, і менш цывілізаванай), у тым ліку ва ўласным уяўленні мясцовых жыхароў. Усходнія немцы лічаць сябе больш заходнімі, чым чэхі, якія, у сваю чаргу, лічаць сябе больш заходнімі, чым славакі, якія аналагічна ставяцца да беларусаў і ўкраінцаў, пакуль справа не дойдзе да «канцавых» усходніх еўрапейцаў — рускіх.

Калі жыхары гэтага рэгіёна кажуць, што яны адносяць сябе да «цэнтральных еўрапейцаў», яны маюць на ўвазе, што яны не такія, як рускія, і жадаюць, каб іх лічылі больш «заходнімі». Аднак Захад не заўсёды бярэ гэта пад увагу.

Можна сказаць, што гэтыя прадузятасці ўкладваюцца ў паняцце ксенарасізму. Хоць усходнія еўрапейцы пераважна белыя і карыстаюцца шматлікімі прывілеямі белага чалавека, яны тым не менш цярпяць ад дыскрымінацыі і расісцкіх стэрэатыпаў на Захадзе і пачуваюцца на перыферыі заходняга свету.

 

Беларусь

Беларускі выпадак мае адметнасці нават у шэрагу іншых краін Усходняй Еўропы. Гэта і адкрыта аўтарытарная сістэма дыктатуры, і блізкасць рэжыму з Расіяй, і моўная русіфікацыя. Усё разам ператварае Беларусь у ідэальны — для арыенталізацыі — прыклад краіны, дзе з часоў «Савецкага Саюза» нічога не змянілася. Пры гэтым адсутнасць ведаў пра Беларусь і невялікі памер краіны дазваляюць ігнараваць мясцовую гістарычную і культурную складанасць і своеасаблівасць у куды большай ступені, чым гэта магчыма пры размове пра Расію.

Паказальны прыклад арыенталісцкай рэпрэзентацыі Беларусі на Захадзе — гэта youtube-блогер bald and bankrupt, які праславіўся сваімі вандроўкамі па беларускіх гарадах і вёсках.

У сваім блогу ён імкнецца паказаць, здавалася б, невідавочны бок Беларусі, які не знойдзеш у турыстычных даведніках. Пры гэтым ён перыядычна звяртаецца да штампаў пра Беларусь як пра «музей саўка», блытае Беларусь з Расіяй.

Вось некаторыя прыклады фраз, якімі ён суправаджае свае аповеды:

  • «падарожжа ў часе назад у СССР»

  • «шчыра вітаем у Савецкім Саюзе»

  • «усё засталося без змен з савецкіх часоў»

Відэа на яго канале дэманструюць савецкія кафэ, савецкія гатэлі, аўтавакзалы, спальныя раёны, разбіты асфальт у слату і мокрае лютаўскае надвор’е. Аўтар звяртае ўвагу на зялёную фарбу на сценах, якую дэкаратары «любілі выкарыстоўваць у савецкія часы». Дзівіцца з нізкіх коштаў і савецкага сэрвісу. Па яго відэа ствараецца ўражанне, што беларускія гарады складаюцца толькі з такіх «астраўкоў сацыялізму», хаця насамрэч іх не так ужо і шмат.

«ніхто не мае сродкаў на тое, каб перастварыць гэтыя месцы, так што можна пабачыць сапраўдную савецкую архітэктуру (дэкор, мэблю, шторы)»

Адзначу, што ён паказвае савецкую спадчыну з такім шчырым энтузіязмам і натхненнем, што гэта нават выклікае сімпатыю. Падаецца, што ён робіць добрую справу, спрабуючы адукаваць заходнюю аўдыторыю на тэму «сапраўднай», «праўдзівай» Беларусі. Але ў рэшце рэшт, ён тым самым яшчэ і канструюе вобраз Беларусі як такога адсталага, экзатычнага рэгіёна, які затрымаўся ў савецкім мінулым, у духу Усходне-Еўрапейскага арыенталізму. Калі глядзець на гэтыя рэпрэзентацыі збоку, то можна падумаць, што да Саветаў Беларусі не існавала зусім.

Цікава, што ён звяртае ўвагу і ўключае ў блог не ўсё, што бачыць навокал, а менавіта тыя бакі беларускай рэчаіснасці, якія падаюцца яму найбольш характэрнымі і незвычайнымі, бо такая экзатызацыя дапамагае прыцягнуць больш падпісчыкаў. Але для яго аўдыторыі, якая не бачыць усёй карціны, гэта акурат і стварае вобраз «сапраўднай» Беларусі, які яна ў далейшым можа прыняць за чыстую манету.

 

Аксідэнталізм/ «Усходні» погляд на Беларусь

Цікава, што калі паглядзець на рэпрэзентацыі Беларусі з боку «Усходу», напрыклад, расійскіх медыя, то там, наадварот, дэманструецца вельмі «заходні» вобраз беларускіх гарадоў. Калі заходнія СМІ звяртаюць увагу на тое, як Беларусь «затрымалася ў савецкім мінулым», то расіяне паказваюць нейкую (таксама крыху рамантызаваную) Беларусь будучыні.

Паказальны прыклад такой рэпрэзентацыі можна знайсці ў youtube-блогеркі @Margo.tikhonova. Беларускае грамадства і гарады ў яе выглядаюць ультрасучаснымі, еўрапейскімі і прагрэсіўнымі, што часам даволі нечакана і дзіўна нават для саміх беларусаў.

Вось некаторыя з асабістых назіранняў, якія яна прыводзіць, апісваючы адрозненні Беларусі і Расіі:

  1. Славутая «чысціня», якая ўжо парадкам абрыдла мясцовым жыхарам, у блогеркі падносіцца як нейкія даброты і адкрыццё. Нібы гэта нешта спрадвеку ўласцівае беларусам: «чысціня — гэта нешта ў менталітэце беларусаў». «Тут не смецяць, усе сочаць за парадкам».  Чысціня ў гэтым кантэксце выступае пэўным маркерам цывілізаванасці, еўрапейскасці: «усё вельмі цывільна», «як у Еўропе».

  2. Бяспека. Аўтарка звяртае ўвагу, што ў Беларусі, у параўнанні з Расіяй, нашмат «больш бяспечна і спакойна». Яна здзіўляецца, што «людзі свабодна пакідаюць свае рэчы на століках у кавярнях, калі трэба адысці, і не баяцца, што іх скрадуць», і «што людзі за горадам не замыкаюць дамы і машыны на замок». Гэтыя назіранні яна звязвае, сярод іншага, з тым, што ў беларускім грамадстве няма моцнага сацыяльнага расслаення і што «людзі больш ветлівыя, інтэлігентныя».

  3. Добры досвед ваджэння. У нечым нечаканы для мясцовых жыхароў, але істотны для блогеркі пункт — гэта тое, што ў беларускіх гарадах няма коркаў на дарогах, а самі дарогі якасныя і лепш прыбіраюцца: «нават абочыны чысцяць». Таксама яна адзначае, што ў Беларусі вышэйшая культура ваджэння, вытрымліваюцца хуткасныя абмежаванні.

З усіх пералічаных назіранняў робіцца выснова, што Беларусь — выдатнае месца для турызму і пераезду на сталае месца жыхарства.

Хаця такі вобраз краіны на першы погляд можа падацца хвалебным, ён цалкам упісваецца ў тыя ж геаграфічныя канструкты/культурныя стэрэатыпы, пра якія вялося вышэй. Толькі ў дадзеным выпадку гаворка ідзе ўжо не пра арыенталізм, а пра аксідэнталізм. Аксідэнталізм (Occidentalism) — гэта стэрэатыпны вобраз Захаду / заходняга свету, які ўзнік як антытэза паняццю «арыенталізм». Як правіла, аксідэнталісцкія стэрэатыпы таксама заснаваныя на рамантызацыі, стэрэатыпізацыі рэгіёна. Толькі ў адносінах да заходніх рэгіёнаў яны маюць больш добразычлівы і пахвальны характар, чым у адносінах да Усходу.

Аксідэнталісцкія рэпрэзентацыі Беларусі таксама добра заўважныя на прыкладзе расійскіх турыстычных сайтаў. Калі паглядзець туры ў Беларусь, прапанаваныя расійскімі кампаніямі, можна заўважыць значны акцэнт на «заходняй», сярэднявечнай культурнай спадчыне краіны, кшталту наведвання сярэднявечных крэпасцяў, замкаў, касцёлаў, францішканскіх кляштараў. Нядаўна пералік «славутасцяў» папоўнілі крамы заходніх брэндаў, якіх ужо няма ў Расіі.

Гэта крыху нагадвае водгулле вобраза савецкай «Прыбалтыкі» – тое, як балтыйскія краіны ў часы СССР рэпрэзентаваліся як «Захад», толькі «свой», савецкі. Як вядома, такі аксідэнталізм не азначаў, што за балтыйскімі рэспублікамі прызнавалася суб’ектнасць і права на самастойнае прыняцце рашэнняў. Сёння варта крытычна ўспрымаць стэрэатыпізацыю Беларусі з абедзвюх перспектыў, нават калі яна ажыццяўляецца не ў грэблівым, а ў пахвальным тоне.

 

Чытаць яшчэ:

Previous
Previous

A New Image with an Old Twist: The Orientalist Implications of Eastern Europe's Social Block Architecture

Next
Next

Урбан-дайджэст №08: «Транспарт, жыллё і еўрапейскія гарады»