Урбан-дайджэст №02: «Спадчына ў дзеянні»

Люты 2023

У новым выпуску дайджэста прапаноўваем вам паглядзець на беларускія і сусветныя ўрбаністычныя навіны, звязаныя са спадчынай. У сучасным колазвароце імкненняў рухацца наперад часам мы можам згубіць інтарэс да мінулага, якое, насамрэч, зʼяўляецца тым падмуркам, на якім будуецца будучыня. Гэтае мінулае складаецца з матэрыяльнага і нематэрыяльнага. Матэрыяльнае (фізічныя элементы гістарычных абʼектаў) – гэта тое, аб чым мы клапоцімся ў першую чаргу, і толькі потым ідзе гаворка пра сэнс прысутнасці гэтых фізічных элементаў, функцыянал ці ўвогуле жыццё і развіццё ў сучасных умовах. Таму мы паспрабавалі паразважаць над гэтым з нагоды апошніх падзеяў.


 

Месца спадчыны ў сучасных реаліях

Калі мы вядзем гаворку пра жывую спадчыну, перш за ўсё ўзгадваецца наданне гэтым аб’ектам функцыі – былой ці новай. Вось, напрыклад, знайшліся грошы на рэстаўрацыю і рэканструкцыю былой браварні ў Лошыцкім парку, работы павінны пачацца ўжо сёлета. Ажыўленне забудовы, а не проста яе кансервацыя, паспрыяе не толькі захаванню гісторыі месца і культурных практыкаў сучасных жыхароў горада (правядзенне вяселляў, фатасэтаў, роварных шпацыраў). Гэта таксама дадасць пазітыўны сацыяльна-эканамічны эфект – прыцягненне бізнесу, фарміраванне новых працоўных месцаў, павелічэнне турыстычнага патэнцыялу месца. З другога боку, спробы знайсці новае выкарыстанне маюць пад сабой шмат канфліктных момантаў, калі сучасныя патрэбы і рэгуляванне не ўпісваюцца ў фізічныя рамкі захаваных сценаў. Так, у праекце новага жылога комплексу ў будынках былых казармаў 19 стагоддзя ў Гародні прапаноўваецца пашырэнне ваконных праёмаў (дзеля дызайну ці па патрабаваннях санітарных нормаў), што значна змяняе выгляд забудовы і перакручвае ўспрыняцце гісторыі і духа месца. Калі б яны засталіся толькі часткова, можна было б пагуляцца з прапановамі, але добра захаваныя канструкцыі і арыгінальны выгляд патрабуюць больш увагі і павагі з боку замоўцаў і архітэктараў. Тым больш, падобныя прыклады паважлівай рэканструкцыі існуюць і ў іншых краінах.

 

У чаканні свайго часу

У чаканні свайго часу падоўжыць жыццё знаходзяцца шмат гістарычных пабудоваў у спісе на продаж. На прасторах рэсурсаў Realt і «Вечаровы Гродна» за апошнія месяцы было знойдзена больш за пятнаццаць такіх абвестак. Канешне, не заўсёды ёсць ахоўны статус і гістарычная даведка ў апісанні, што выклікае шмат цяжкасцяў ды стварае канфлікты наконт умоваў продажу і далейшага аднаўлення. Так, вадзяныя млыны (першы, другі) мінулых стагоддзяў у Маладзечанскім раёне аддаюцца амаль задарма і маюць шмат рызыкаў быць знішчанымі ў няўмелых руках. Нажаль, у такіх выпадках «фінансавая даступнасць» толькі палягчае працэс зруйнавання. Таксама не так даўно расейскі бізнесовец, які «не нарадзіўся і ніколі не жыў у Беларусі», за смешныя 100 рублёў купіў палац Радзівілаў у Дзятлаве, і хоча захаваць спадчыну для будучых пакаленняў. З такімі умовамі трэба глядзець ў абодва бакі – кім і які гістарычны наратыў транслюецца. З другога боку, гэтая ж «фінансавая даступнасць» па-свойму хавае ўмовы працы, якія нясе статус аховы, таму што танны будынак на аўкцыёне потым дорага абыходзіцца ў рэканструкцыі. Вось такі прыклад можна паглядзець у Гародні, дзе канструктывісцкі помнік архітэктуры не праданы за 7 гадоў. Яшчэ прыклад: гістарычную вяндлярню былога ансамбля Хрыптовічаў, якая захрасла на таргах, аддаюць танна, спрабуючы знівеліраваць шматлікія ўмовы пасля сканчэння ўгоды.

Апроч таго, сталіца і абласныя гарады не скупяцца на продаж вядомых будынкаў, але і кошты кусаюцца: вось, напрыклад, у Бярэсці. Цікава, што хаця амаль усюды ў апісанні адзначаецца статус гісторыка-культурнай каштоўнасці, як у менскай сядзібе, і падаецца гэта як перавага абʼекта, амаль нідзе ў дадатках не адзначаюцца абавязкі і абмежаванні з улікам статусу, што ў рэальнасці можа значна адпужаць пакупнікоў і застопарыць аднаўленне.

 

Новы стан – новыя ўмовы?

А што робіцца, калі «жывы» аб’ект пераходзіць у стан помніка? Працягвае жыць у новых умовах. З цікавым матэрыялам на гэтую тэму, як адчуваюць сябе будынкі і іх працоўнікі ў новым стане, і як працуе ахова спадчыны ў Беларусі, можна азнаёміцца з навінаў Бабруйска (тут з vpn). Гаворка вядзецца пра старую каменную забудову ў цэнтры, якую нарэшце дадалі ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў краіны. Не сакрэт, што абслугоўванне, рэстаўрацыя ды рэканструкцыя гістарычных будынкаў патрабуе шмат часу, грошай і добра адукаваных спецыялістаў. У тэорыі, калі забудова ахоўваецца дзяржавай афіцыйна, падыходы да працы больш-менш рэгуляваны. Вядома, гэта не заўсёды выратоўвае спадчыну ад жахлівых дзеянняў, але ўсё ж даволі жорстка патрабуе выконваць нарматывы, паважана ставіцца да гісторыі і навакольнага асяроддзя. Калі такога статусу няма, пытанні эканамічнай выгады заўсёды пераважаюць.

У нашай жа краіне ахоўныя ўмовы нават сапсуюць усе спробы падоўжыць жыцце будынкаў. Паколькі заканадаўства ў Беларусі працуе даволі спрэчна, не вельмі добра тлумачыць абавязкі і наступствы, а фінансавае пытанне, каб забяспечыць кантроль і дапамогу па ахове спадчыны, не спрыяе прыцягненню кваліфікаваных спецыялістаў і неабходнай увагі да цяжкага стану абʼектаў, толькі свядомасць гараджанаў і карыстальнікаў будынкаў дапаможа ўратаваць іх. А чаму трэба ўратаваць? Таму што гэта нашая крыніца ідэнтычнасці, якая садзейнічае абароне і пашырэнню правоў і магчымасцяў паўнавартаснага ўдзелу гараджанаў у сацыяльным і культурным жыцці сваіх мясцінаў.

 

Жыццё і смерць спадчыны

Але ўрэшце, як і ў любым жыццёвым цыкле, наступае момант страты. Страты натуральнай ці гвалтоўнай. Але ці могуць абʼекты спадчыны сысці натуральна? Ці заўсёды ёсць нешта, што паскорыць гэты працэс? Але страта можа адбывацца не толькі ў рамках горадабудаўнічай руціны і абыякавасці, але і ў досыць экстрэмальных абставінах. На акупаваных тэрыторыях Марыупаляvpn), напрыклад, наўмыснасць і гвалт разбурэння нясе больш глыбокі сэнс знішчэння чужой культуры і ідэнтычнасці. І хаця зараз свет, UNESCO хутка рэагуюць на пагрозу страты, пад якой, напрыклад, праз вайну знаходзіцца цэнтр Адэсы, і знаходзіць інструменты, хай не столькі фізічнага ўратавання, але захавання ў памяці і на старонках лічбавай прасторы, гэта цяжка назваць кампенсацыяй. Тут ёсць і асобны выпадак – калі разбурэнне адбываецца ў выніку прыродных катаклізмаў, як гэта здарылася нядаўна ў Турцыі. Тут прырода ставіць свае кропкі ў гісторыі і не пакідае нам магчымасцяў супрацьстаяць і выратаваць спадчыну.

Рэфлексаваць і філасоўстваваць можна доўга, але можна паглядзець і што адбываецца зусім побач. Нешта, як канструктывісцкая паліклініка ў Гомлітут), апынулася пад пагрозай знішчэння пасля доўгіх гадоў дрэннай эксплуатацыі. Ці гэта рабілася наўмысна, з нагоды чакання новага корпуса для працы і каб не рабіць дарагую рэканструкцыю, а пра вартасць будынка ніхто не разважаў? А ёсць хірургічны корпус у Бабруйскуvpn), які больш не можа выконваць былыя функцыі, яго звычайныя сцены ды дрэнны стан засланяюць унікальныя рысы маленькай мазаікі на фасадзе, таму доля ў іх аднолькавая, бо разбурэнне абыйдзецца танней.

Спадчына заўсёды будзе прысутнічаць ў жыцці нашых гарадоў, у нашай культуры і свядомасці, усё больш абʼектаў будзе пераходзіць ў гэты стан гістарычных помнікаў, афіцыйна ці толькі ў адпаведнасці з нашымі каштоўнасцямі, але толькі ад нас залежыць, як яна будзе захоўвацца і ці будзе жыць.

 

Чытаць яшчэ:

Previous
Previous

Урбан-дайджэст №03: «Транспартныя навіны і дзень жаночай салідарнасці»

Next
Next

Урбан-дайджэст №01: «Высновы мінулага году»