Урбан-дайджэст №04: «Кліматычныя размовы і жылая нерухомасць»

красавік 2023

Вяртаючыся да вас у гэтым месяцы з дайджэстам, прапаноўваем вам паглядзець на навіны, звязаныя са змяненнем клімату і адаптацыяй да гэтага змянення, а таксама на аналітычныя агляды статыстыкі па нерухомасці, якія ўскосна распавядаюць пра сацыяльныя трэнды ў грамадстве.


 

Людзі на балоце

Не толькі вялікім гарадам на ўзбярэжжах шырокіх рэк, заліваў, мораў ды акіянаў знаёмыя рызыкі затаплення, але і беларускім мясцінам, якія шукаюць спосабы ўжыцца з буйнымі рэкамі. Адной з галоўных вясновых падзеяў кожны год з’яўляецца паводка рознай інтэнсіўнасці, і гэты год не стаў выключэннем па падтапленнях, але вызначаецца па маштабах (вітанкі змяненню клімату). Па чарзе Віцебск, Магілёў (яшчэ тут і тут) і Гомель рапартуюць пра затопленыя набярэжныя. У выпадку цэнтральнай часткі Віцебска, напрыклад, умацаванне прыбярэжнай зоны зроблена ступеніста, узроўнямі, каб даць шырыні ракі больш разліцца і не падтапляць істотныя тэрыторыі, што часткова забяспечвае абарону бліжэйшых будынкаў і ссоўванне разбуральнага эфекту, а якасць пешаходнай прасторы планавалася з улікам штогадовых павадкаў — усё ж такі добраўпарадкаванне патрабуе клопату пасля сыходу забруджанай вады.

Але зусім іншая справа з мясцінамі, дзе умацаванне прыбярэжжа адсутнічае ці тэрыторыі раўнінныя, і аніякіх ахоўных захадаў не зроблена. Гэта датычыцца Гомельскай вобласці, дзе людзі ўжо ведаюць, як адаптаваць свае бытавыя справы пад вясновы «водны» сезон і нават узмацняюць дамбы сваімі рукамі, калі ад дзяржавы дапамогі не дачакацца. Але прырода дадае ў план свае карэкціроўкі. «Тонуць» таксама дачы ў Магілёўскім рэгіёне, а пад Віцебскам сітуацыя можа прывесці нават да аварыйнага стану і разбурэння будынкаў. Калісьці на вясковых тэрыторыях людзі прыстасоўвалі буянствы прыроды да свайго жыццёвага ўкладу, выкарыстоўвалі багацце ракі для ўзбагачэння глебы ў якасці натуральных угнаенняў. На сённяшні дзень недаацэнка маштабаў падтаплення ў гарадской прасторы вядзе да пытанняў чалавечай бяспекі і значных эканамічных укладанняў у рэабілітацыю гарадской і вясковай інфраструктуры ў будучыні.

 

Навіны нерухомасці

У гэтым месяцы паглядзець на трэнды ў сферы нерухомасці агенцтвы прапаноўваюць праз статыстычныя дадзеныя. Здаецца, вельмі цяжка зразумець, як вымяраць кошт кватэры чыстымі заробкамі, без уліку жыццёвых патрэбаў, але Рэальт паспрабаваў гэта зрабіць. Статыстыка не адлюстроўвае рэальных магчымасцяў беларусаў набыць кватэру, але адназначна падцвярджае ўсе іншыя здагадкі, што Менск — самы дарагі горад для куплі кватэры. Пры гэтым сталічныя заробкі — самыя высокія ў краіне, што тэарэтычна павінна павялічваць даступнасць жылля, але, згодна са статыстыкай, атрымліваецца наадварот. І ўсё роўна горад застаецца ў трэндах на набыццё жылля, паколькі кожны пяты пакупнік набывае кватэру ў сталіцы. Дадзеныя ў сферы нерухомасці могуць таксама паказаць сацыяльныя трэнды ў змяненні грамадства. Амаль трэць кватэр на рынку прадаецца па даверанасці, то-бок тымі, хто з’ехаў з краіны ў апошнія два з паловай гады, што амаль у два разы больш, чым у мінулым годзе. Жыллё для людзей у Беларусі — доўгатэрміновая маёмасць, актыў, які набываецца на будучыню і пераходзіць у рукі наступных пакаленняў. Таму павелічэнне колькасці кватэр на продаж праз даверанасць кажа пра тое, што шмат людзей страчваюць сваю сувязь з краінай у кароткай і сярэднетэрміновай перспектыве. Таксама сыходзіць чалавечы капітал, які з’яўляецца ключавым элементам развіцця краіны як у агульным разуменні, так і менавіта беларускіх гарадоў — з’яджаюць найбольш адукаваныя і прадпрыемлівыя людзі. Акрамя таго, зніжаюцца тэмпы будаўніцтва жылля — як прыватнага, так і з падтрымкай дзяржавы. З аднаго боку, гэта можа быць звязана з вялікай колькасцю прапановаў жылля на рынку ў параўнанні з попытам, пра які кажуць эксперты «Рэальта» у артыкуле вышэй. З іншага боку, гэта можа быць звязана з эканамічнай нестабільнасцю ў краіне. Таксама сваю ролю ў будаўнічай сферы адыгрывае павышэнне коштаў на будаўнічыя матэрыялы.

«Каб штосьці пабудаваць, трэба нешта зламаць» — з такой дзіўнай логікай падыходзяць гарадскія планіроўшчыкі і ўлады Менска да развіцця горада. Пакуль на Валгаградскай працягваецца з затрымкамі знос малапавярховай забудоўлі, на Грушаўцы ён толькі пачынаецца. Абодва раёны зусім скора абрастуць шматпавярховікамі, якіх «так не хапае» гораду, хаця сучасная практыка планавання гарадоў кажа пра неабходнасць фармавання разнастайнага асяроддзя, у тым ліку і жылых будынкаў. І, вядома, пры зносе не абысціся без канфліктаў і ўшчамлення правоў уласнікаў, таму Менгарвыканкам вырашыў пратэсціраваць прапанову забудоўваць спачатку тыя пляцоўкі, дзе адбыўся знос, каб даць магчымасць былым жыхарам застацца ў тым жа раёне. На нашую думку, гэта паменшыць колькасць спрэчак і паскорыць працэс дамоваў. Больш за тое, гэта дасць магчымасць захаваць сацыяльныя сувязі, якія ў былой забудоўлі фармаваліся шмат гадоў. Але ўсё-ткі татальнае выразанне прыватнага сектара не спрыяе стварэнню роўнасці і рэалізацыі правоў у гарадскім асяроддзі.

 

Алімпійскія гульні як новы шлях да ўстойлівага гарадскога развіцця

У міжнародным кантэксце мы вырашылі паглядзець на навіны, звязаныя з устойлівым развіццём. Праблемы змянення клімату «усплываюць» не толькі праз сезонныя з’явы, але і ў стратэгічным планаванні спартыўных падзеяў свету. Алімпійскія гульні — вельмі цікавы івэнт з боку гледжання гарадскога развіцця. З аднаго боку, гэта вялікая магчымасць для гарадоў эфектыўна размеркаваць сродкі і ажывіць прастору, вырашыць крытычныя пытанні інфраструктуры, заручыцца новымі аб’ектамі для будучага развіцця горада і рухацца ў напрамку ўстойлівага развіцця, дасягненне якога таксама патрабуе фінансавых укладанняў. З іншага боку, такое мерапрыемства глабальнага ўзроўню можа павялічваць забруджванне праз новае будаўніцтва і так сама негатыўна паўплываць на ідэнтычнасць горада, калі ў спаборніцтве з часам гарадскія ўлады і планіроўшчыкі могуць проста капіяваць мінулыя практыкі іншых краін, не ўлічваючы кантэкст. Вось тэлеграм-канал «Город для людей» заўважыў, што, апроч звычайных спробаў палепшыць інфраструктуру грамадскага транспарту, Парыж вырашыў пабудаваць 60 кіламетраў роварных сцежак для больш лёгкай сувязі і дасяжнасці гарадскіх і алімпійскіх аб’ектаў. Ідэя лёгка ўпісваецца ў здаровы і спартыўны канцэпт як Алімпійскіх гульняў, так і ў стратэгічны план устойлівага развіцця горада — экалагічнай мабільнасці і развіцця гарадскіх публічных прастораў, якія застаюцца на карыстанне жыхароў. Пры гэтым нагадаем, што жыхары Парыжа ўсё ж прагаласавалі супраць электрычных самакатаў на прасторах горада (мы пісалі пра рэферэндум у адным з мінулых дайджэстаў), якія таксама з’яўляюцца ўстойлівым варыянтам мабільнасці. 

Толькі роварнымі сцежкамі ўсё не скончылася, і гарадскія ўлады сумесна з маркетынгавым агенцтвам вырашылі зрабіць яшчэ адзін акцэнт — уключыць гарадскія вуліцы ў брэндзінг вялікага мерапрыемства. Алімпійскія піктаграмы стануць элементам бруку і будуць прасоўваць здаровы лад жыцця, а таксама падтрымаюць стратэгію дасягнення мэтаў устойлівага развіцця. Апрача таго, дзякуючы новаму дызайну, горад падтрымае сваю ідэнтычнасць, якая можа адысці на другі план у працэсах глабалізацыі. А арганізатары Гульняў ужо з наступнага года плануюць прытрымлівацца «climate positive» стратэгіі — перапрацоўкі адкідаў, выкарыстання аднаўляльных крыніцаў энергіі пры будаўніцтве, падтрымліваць мясцовыя бізнесы і адысці ад вугляродных выкідаў. Брысбен, які прымае мерапрыемства ў 2032 годзе, ужо зараз непакоіцца, што можа не паспець усё падрыхтаваць па новых стандартах. Разуменне прынцыпаў гэтай стратэгіі патрабуе радыкальнага пераасэнсавання падыходаў да планавання Гульняў — пры тым, што тэма ўстойлівага развіцця, зніжэння выкідаў і разумнага спажывання цыркулюе не першы год.

Завяршыць гэты агляд хацелася б навіной пра адну з лідзіруючых пазіцый Беларусі па рэалізацыі 17 мэтаў устойлівага развіцця ва ўмовах санкцый. Адным з найбольш паспяховых метадаў працы па дасягненні мэтаў чыноўнікі лічаць працу з моладдзю, што, насамрэч, добры напрамак, таму што моладзь — адныя з першых будаўнікоў будучыні. Але такі падыход мог працаваць у мінулым, да пачатку паўнамаштабнай вайны Расіі з Украінай. Зараз жа, калі праца над мэтамі адбываецца праз фінансаванне Расіі і сумесна з ёй, мякка кажучы, гэта цяжка назваць устойлівым развіццём. Больш за тое, праца над «стварэннем умоваў дзеля рэалізацыі асабістага патэнцыялу чалавека» ва ўмовах палітычных рэпрэсій у краіне гучыць як здзек над грамадзянамі краіны. 

 

Чытаць яшчэ:

Previous
Previous

Урбан-дайджэст №05: «Гарады будучага і мінулага ў сучасным»

Next
Next

The Game and the City: A Working Approach to Addressing Urban Experiences in Belarus?