Урбан-дайджэст №05: «Гарады будучага і мінулага ў сучасным»
травень 2023
Разумныя гарады, штучны інтэлект і лічбавізацыя гарадоў заўсёды ідуць побач з гістарычнымі падзеямі мінулага. Менавіта таму, што немагчыма праектаваць і будаваць гарады будучага, не ведаючы гісторыю. Пра гарады будучага і мінулага ў сучасным і пойдзе гаворка ў травеньскім дайджэсце.
Smart city – размовы пра будучыню гарадоў
Апошні час мы даволі часта вядзем гаворку пра разумныя гарады. Каб далёка не хадзіць, можна звярнуцца да нашага паста пра Chat GPT і паглядзець разважанні, якія магчымасці ці пагрозы нясе гэты сэрвіс у кіраванне горадам яшчэ на пачатку сваёй папулярнасці. Напрыклад, дзяржаўныя службоўцы могуць паскорыць папяровую працу і камунікацыю з гараджанамі, зрабіць кароткі змест складаных дакументаў ці скласці праграмныя дакументы. Хаця сёння ўжо відавочна, як шмат памылак і пагрозаў Chat GPT нясе ў сваіх адказах і наколькі небяспечна давяраць якасці выконвання некаторых таскаў, калі гэта тычыцца такой комплекснай сістэмы як горад. Усё таму, што ён не выкарыстоўвае пошук інфармацыі ў Інтэрнеце, як гэта робяць іншыя інструменты ШІ (штучнага інтэлекту), а будуе адказ на грунце шэрага здагадак, якія могуць быць далёкія ад праўды. Вось тут можна паглядзець, як сам чат генеруе інфармацыю пра магчымасці і пагрозы штучнага інтэлекту ў горадзе, і параўнаць з іншымі ведамі. Адказ выглядае больш-менш абагульнена і адпавядае толькі аднаму, найбольш папулярнаму пункту гледжання на разумныя гарады без паглыблення ў тэму. Яшчэ адзін важны момант, пра які мы пакуль мала задумваемся — экалагічны след штучнага інтэлекту, і ў прыватнасці Chat GPT. З пашырэннем лічбавізацыі нашага жыцця і нашых гарадоў пачалі з’яўляцца шматлікія даследаванні пра так званае digital pollution — выкіды вугляроду ў выніку лічбавай актыўнасці — работы інфраструктуры, якая патрабуе шмат энергіі, вырабляемай далёка не ўстойлівымі метадамі. А навучанне чата, апроч забруджвання, можа прывесці яшчэ да дэфіцыту прэснай вады, якая ўжываецца для астуджэння абсталявання і ў працэсе вывада інфармацыі (адказаў на пытанні карыстальнікаў сэрвіса).
У працяг тэмы лічбавых гарадоў: штогод 17 траўня святкуецца Міжнародны дзень тэлекамунікацый і інфармацыйнага грамадства (World Telecommunication and Information Society Day), і гэты год прысвечаны «пашырэнню магчымасцяў найменш развітых краінаў з дапамогай ІКТ» (інфармацыйна-камунікатыўных тэхналогій), адзначае Арганізацыя Аб’яднаных Нацый. І сапраўды, хуткае развіццё тэхналогій толькі больш павялічвае няроўнасць і несправядлівасць, у тым ліку і ў узаемадзеянні чалавека з горадам. Вось, напрыклад, адсутнасць доступу да тых жа ІКТ — кампутараў ці смартфонаў, інфраструктуры — электрычнасці, і лічбавай пісьменнасці — стварае яшчэ большыя ўмовы для сацыяльнага і эканамічнага расслаення.
Вось і беларускія ўлады ў трэндзе тэхналагічнага развіцця правялі штогадовую выставу Тибо-2023, дзе гэты год быў прысвечаны тэме «Гарады будучыні — разумныя гарады». На выставе можна было знайсці шмат новых прыладаў: штосьці, падаецца, выглядае як толькі першы этап электроннай трансфармацыі сэрвісаў — аблічбаванне папяровых дадзеных, якія датычацца эканомікі нашага штодзённага жыцця, напрыклад, электронны доступ да вашых дадзеных ФСАН (ФСЗН па-руску). Такія сферы як будаўніцтва ідуць ужо далей і ствараюць лічбавыя двайнікі — сістэмы, якія збіраюць дадзеныя пра аб’ект будоўлі ў рэальным часе, мадэлююць будучыя сцэнарыі стану і прапануюць грунт для аптымізацыі працэсаў. З іншага пункту гледжання, такія інструменты, як і любыя іншыя лічбавыя тэхналогіі зараз, каштуюць шмат грошаў і ёсць пытанні, хто ў выніку аплочвае іх ужыванне. Акрамя гэтага, за кулісамі выставы прайшоў ІІІ Форум «Лічбавая эканоміка», які збольшага аб’яднаў прадстаўнікоў краіны і ЕАЭС. Пакуль яшчэ нашай краіне далёка да абгрунтавання месца чалавечага капіталу ў разумным горадзе. Гэта зараз і складае найважнейшы фокус у стварэнні гарадоў будучыні, пра што мы і пісалі ў нашым тэлеграм-канале. Але пазнаёміцца з напрацоўкамі і дасягненнямі Беларусі ў медыцыне, адукацыі, будаўніцтве і іншых напрамках будзе карысна (на сайце размешчаныя запісы канферэнцый і прэзентацыі дакладчыкаў).
Погляд у мінулае
Пераходзячы ад размоваў пра будучыню, прапаноўваем зазірнуць у мінулае. Цікавай настальгічнай падборкай падзяліўся Онлайнер — паглядзеў, як змяніўся Менск з 1980-х гадоў. Найбольшыя змены адбыліся ў цэнтры, што нядзіўна — найбольш прывабныя для дэвэлапменту мясціны знаходзяцца тут. Што адразу кідаецца ў вочы на фотаздымках, так гэта страта зеляніны. Хаця некаторыя месцы могуць пахваліцца маштабнымі зялёнымі прасторамі, якія падраслі за сорак з чымсьці гадоў, — тэндэнцыя на знішчэнне раслінаў у горадзе не змяняецца ўжо шмат гадоў. Таксама вельмі заўважна, што ў сучаснай сталіцы прыярытэт цяпер аддаецца машынам. Напрыклад, на праспекце Незалежнасці зараз амаль усю прастору займае асабісты транспарт, калі раней увага аддавалася ў большай ступені грамадскаму транспарту. Яшчэ адна рэч прымушае задумацца: шмат будынкаў і гарадской інфраструктуры, адзначаных на фотаздымках, могуць лічыцца ў пэўным сэнсе спадчынай мадэрнісцкай архітэктуры, але цягам часу страцілі свой першапачатковы выгляд ці патрабуюць увагі. Магчыма, такі рэтраспектыўны адгляд – добрая метадалогія, каб вызначыць, якія памылкі былі зробленыя ў адносінах да недаацэненай архітэктуры і пра што трэба паклапаціцца ў першую чаргу.
Другі цікавы матэрыял расказвае пра тапаніміку Менску. Акцэнт аўтар зрабіў на змяненні назваў у апошнія савецкія часы і на пачатку перыяду незалежнасці. Паказальна, што на пачатку дзевяностых ішла актыўная фаза перайменаванняў, звязаная з лакальнымі месцамі — Залатая Горка, Ракаўская, Кальварыйская, Гарадскі Вал, а на пачатку 2000-х галоўны праспект сталіцы страціў імя вялікага беларускага асветніка і пісьменніка Францыска Скарыны. Зазірнуць у гісторыю горада мінулага стагоддзя без агляду будаўнічай практыкі немагчыма. Панэльнае будаванне, распачатае часамі Савецкага Саюза, таксама актыўна ўдзельнічала ў стварэнні сучаснага твару сталіцы, як і ўнікальныя мадэрнісцкія будынкі. З аглядам найбольш распаўсюджаных серый можна пазнаёміцца тут, тут і тут. Упершыню пабудаваныя яшчэ на пачатку 1960-х, яны і дагэтуль знаходзяць сваё месца ў тканіне горада, нават калі і зазналі мноства зменаў у сваёй канструктыўнай аснове.
Што да рэгіёнаў, дык тут навіны не прыносяць надзеяў на паважлівае стаўленне да спадчыны з боку дэвелапераў і тэхнічных працаўнікаў. Гістарычны будынак чыгуначнага дэпо ў Лепелі пераўтварыўся ў жудасны навабуд, дзе ад сапраўднага дэпо засталася толькі назва на шыльдзе і частка цаглянага фасада. І хоць наяўнасць ахоўнага статусу не заўжды працуе так, як бы хацелася спецыялістам, у дадзеным выпадку ён бы дапамог абараніць першапачатковы выгляд. Не цешыць навінамі і Магілёў, дзе, нягледзячы на заканадаўчыя абмежаванні, стогадовы брук у ахоўнай зоне гістарычнага цэнтра, які быў знойдзены пры рэканструкцыі праезнай часткі, канчаткова знішчаны. І нават калі было зафіксавана афіцыйнае парушэнне заканадаўства, Міністэрства культуры знайшло апраўданне за сваю абыякавасць да сітуацыі.
Неспадзявана вылучыўся Віцебск, дзе пасля скандалу з правядзеннем незаконных работ па зруйнаванню пачалося афіцыйнае аднаўленне цаглянага стогадовага будынка па вуліцы Чэхава. Уладальнік з павагай падыйшоў да рэстаўрацыйных момантаў і заканадаўчых патрабаванняў, і па сканчэнні работ плануе ажывіць месца новымі функцыямі.
Напрыканцы хацелася б адзначыць, што, каб рухацца ў напрамку будучыні, тэхналагічнага і лічбавага развіцця гарадоў, трэба памятаць і паважаць у сучаснасці тое, што сфармавалася і захавалася ў мінулым.