Урбан-дайджэст №06: «Межы горада і нерухомасць»
чэрвень 2023
Апошнім часам інфапрастора была багатая на навіны пра нерухомасць. У гэтым дайджесце разбіраем, што адбываецца з нерухомасцю ў гарадах, куды і навошта плануе расці Менск, а таксама якія ў гэтага наступствы. А калі дачытаеце да канца, вы даведаецеся, якая ў Менску з’явілася канкурэнцыя паміж новымі паркамі.
Праблема менскай агламерацыі
Размовы пра тое, што ў Менску не хапае жылля і тэрыторый для забудовы, ідзе не першы год, як і развіццё канцэпцыі гарадоў-спадарожнікаў (Смалявічы, Рудзенск і Фаніпаль). Не сакрэт, што гэтай ідэі прытрымліваюцца з-за лімітаванай колькасці зямлі для будаўніцтва ў Менску і, у тым ліку, з-за перавагаў, якія можа даць асваенне агламерацыі. І хаця як у горадабудаўнічай тэорыі, так і ў практыцы няма сфармуляванага тэрміна, што такое гарадская агламерацыя, для Менску можна падсумаваць яго наступным чынам — рэгіён з высокай канцэнтрацыяй насельніцтва, эканамічнай і сацыяльнай дзейнасці, якая размывае межы паміж буйным горадам і перыферыйнымі паселішчамі. У гэтым выпадку жыхары агламерацыі могуць знайсці шмат плюсаў:
блізкае месцаванне і магчымасць хуткага доступу да Менску праз персанальны ці грамадскі транспарт;
больш таннае жыллё па-за сталіцай;
вялікі рынак працы і магчымасць атрымліваць сталічныя заробкі.
Але практыка паказвае, што звычайна спачатку будуецца жыллё і інжынерная інфраструктура для яго, і толькі потым усё астатняе: сэрвісы і ўсё тое, што неабходна для штодзённага жыцця. І гэты працэс можа расцягвацца на гады, робячы са спадарожнікаў звычайныя спальнікі, пакуль новыя жыхары працягваюць карыстацца магчымасцямі сталіцы і пакідаюць там свае грошы, якія маглі б мець вагу ў маленькіх гарадах-спадарожніках. Таму праз адсутнасць эканамічнага, прававога і сацыяльнага ўзаемадзеянняў паміж тэрыторыямі сталіцы і суседнімі пасяленнямі працягваецца канцэнтрацыя рэсурсаў у Менску.
Крызіс з недахопам зямлі для будаўніцтва жылля прывёў гарадскія ўлады да адраджэння праекта «Зялёнага бору», які планавалі яшчэ 10 гадоў таму. І хаця тэрыторыя афіцыйна ўваходзіць у межы сталіцы, фізічна яна далёка па-за МКАДам, планы на асваенне грандыёзныя — паселішча для 105 тысяч чалавек, што больш, чым плануемае насельніцтва трох гарадоў-спадарожнікаў (каля 100 тысяч), ці будаўніцтва новага горада памерам з Мазыр. Такі праект толькі прадоўжыць сцягванне чалавечага капіталу ў цэнтр краіны, што павялічвае няроўную канкурэнцыю гарадам-спадарожнікам, а жыхары Калодзішчаў, якія з’язджалі са сталіцы за прыродай, зноў апынуцца запёртымі сярод высокашчыльнай забудовы.
Разнастайнасць забудовы
Важным аспектам развіцця і станаўлення гарадскога асяроддзя з’яўляецца яго разнастайнасць. Перапляценне гісторыі, ідэй і патрэбаў людзей стварае розныя магчымасці для развіцця гарадоў і, як вынік, пакідае набор характарыстыкаў, якія робяць нашыя гарады ўнікальнымі. Адной з такіх адметных і важных рысаў з’яўляецца разнастайнасць гарадской забудоўлі. На жаль, нашыя гарады прадстаўлены зараз у большасці панэльнай забудовай прыкладна аднаго часу, але нават гэта не замінае гарадам быць рознымі. Onliner падрыхтаваў матэрыял пра дамы з адметнасцямі і незвычайнымі асаблівасцямі, пра якія мы б самі не даведаліся. Аднак не толькі праектанты могуць рабіць нашае жытло ўнікальным і такім, каб яно адпавядала нашым самым рашучым запросам. Для кагосьці такім выбарам становіцца пакупка жылля ў новабудзе, а хтосьці самастойна ладзіць агарод паблізу свайго пяціпавярховіка ля лесу.
Але ўжо даўно не сакрэт, што існуючая аднолькавая забудова задавальняе ня ўсіх жыхароў гарадоў, і ўслед попыту пачынае з’яўляцца і прапанова іншых відаў жытла ў камерцыйных забудоўнікаў, такіх як А100 ці «Айрон». Не адстае і дзяржаўны забудоўца МАПІД. Здзіўляе тое, што ён за апошнія некалькі гадоў прадставіў некалькі разнастайных, нетыпавых праектаў: панэльныя таунхаусы на Даўгінаўскім тракце, «Англійскі квартал» і пасёлак «Сонечны». Лёс пасёлка пакуль цалкам невядомы, але першыя дамы будуюцца па новых праектах. Але не будзем забываць, што, нягледзячы на гэтыя сучасныя рашэнні, МАПІД — усё той жа завод жалезабетонных панэляў, якімі працягваюць з вялікай хуткасцю забудоўваць горад.
Наўздагон разнастайнасці формаў забудовы таксама ідзе разнастайнасць коштаў ад камерцыйных дэвелапераў, асабліва ў Менску:
≈ $1 150 за м² «Антонаўскі квартал» каля ст. метро «Пралетарская»;
≈ $2 500 за м² «Левада», першая лінія дамоў каля ўзбярэжжа Свіслачы;
≈ $4 290 за м², «Дэпо» ад А100 каля плошчы Перамогі.
Разрыў паміж коштамі працягвае расці, і ўжо дасягнуў розніцы больш чым у тры разы. Пры гэтым можна знайсці кватэру ў новабудоўлі ў Гародне за ≈ $760 за м² у ЖК «Купальскі» ад таго ж «Айрона», ці за ≈ $512 за м² у доме ад «Гроднажылбуд». Такая розніца ў фармаванні коштаў яшчэ раз падкрэслівае праблему сталіцацэнтрычнасці нашае краіны. Падрабязней пра гэта можна даведацца ў выпуску падкаста «Утульны горад».
Так сталася, што цэнаўтварэнне хвалюе прадстаўнікоў дзяржавы не менш за гараджанаў, і яны ўвесь час прыдумляюць новыя і новыя шляхі, як «абараніць» грамадзянаў ад вераломных забудоўнікаў. Указам прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 2 ліпеня 2020 года № 247, па якім забудоўшчыкам абмежавалі ўзровень прыбытку да 5 % пры будаўніцтве жытла за кошт сродкаў грамадзянаў. Гэта, звычайна, прыводзіць не да абароны грамадзянаў, а да абмежавання магчымасцяў малых забудоўшчыкаў удзельнічаць у будаўніцтве. І таксама дае карт-бланш буйным забудоўцам з уласнымі сродкамі. Яшчэ адна геніяльная ідэя прыйшла ў галаву «Дзяржкантролю» Віцебскай вобласці», які таксама заклапочаны коштам жылля. Аднак гэтым разам планы маюць непасрэдныя наступствы для жыхароў — прапануецца не ўсталёўваць ліфты ў будынках вышынёй да 5 паверхаў. Падобныя ідэі вяртаюць нас да практык эканоміі, якія выкарыстоўваліся ў СССР, і цалкам супярэчаць ідэям камфортнага інклюзіўнага жылля для кожнага і кожнай.
Пры тым, што пачынаюць з’яўляцца новыя формы жылля, гарады Беларусі працягваюць актыўна знішчаць старую форму — шматпакутную прыватную забудову, а разам з ёй — і вялікі пласт гісторыі горада і людзей, якія жылі ў гэтых мясцінах. У Менску побач з «Мінск-Мірам» жыхароў ужо 30 гадоў пужаюць зносам і пакідаюць у няпэўным становішчы ўвесь гэты час. З улікам лёсу іншых прыватных забудоваў горада надзеі на тое, што іх зберагуць, мала. Падобныя навіны аб знішчэнні прыходзяць, на жаль, з усёй Беларусі. Напрыклад, з Гародні і з Гомля, дзе зямлю пад прыватнай забудовай плануюць таксама аддаць пад размяшчэнне шматпавярховікаў.
Таксама ў катэгорыю «разнастайная забудова» трапляюць і планы на доўгабуд «Газпромцэнтра», які павінен быў быць дабудаваны яшчэ ў 2018 годзе. Цяпер там частку плошчаў плануецца аддаць пад апартаменты. Падобнае рашэнне — далёка не першае ў Менску. Шмат хто раней задаваўся пытаннем — навошта Менску такая колькасць офісных будынкаў і гатэляў. Цяпер мы ведаем — гэтыя квадратныя метры пачынаюць пераасвойваць пад жылыя памяшканні. Навінаў пра тое, як візуальна будзе змяняцца аб’ект, пакуль няма, але хутчэй за ўсё ягоны выгляд будзе інакшым.
Узгадваючы «Газпромцэнтр», нельга не прыгадаць лёс аўтавакзала «Маскоўскі», які стаў ахвярай палітычных рашэнняў і новых будынкаў са шкла. Больш пра спадчыну і стаўленне да яе ў нашай краіне мы разважалі ў другім выпуску Дайджэста.
Але нельга абмінуць навіну са Сцяпянкі ў Менску, дзе побач з воданапорнай вежай плануецца высокашчыльная забудова. У навіне кажуць, што ў планах разглядаецца «магчымасць захавання неэксплуатуемай воданапорнай вежы і яе далейшая рэканструкцыя». Аднак, на жаль, зыходзячы з досведу нашых гарадоў, шанцы на яе захаванне не вельмі вялікія, што значыць чарговы раён згубіць дух месца, рэшткі гісторыі і індывідуальнасці.
Будаўніцтва паркаў
Апошнія гады было шмат абмеркаванняў і скаргаў на тое, што ў Менску не хапае зеляніны і месцаў для адпачынку. І вось нарэшце ў Менску пачаўся паркавы бум, калі адначасова будуюцца 4 паркі: адзін — горадам і тры — прыватнымі забудоўнікамі. Кожны з паркаў ужо паспеў атрымаць набор унікальных адметнасцяў:
Парк у «Маяку-Мінску», які ўжо некалькі разоў таннеў: зноўку на новых рэндэрах згубіў пляцоўкі следам за гандоламі і гандальерамі, якіх абяцаў забудоўца. Цяпер гэта досыць вялікая прастора ў траве, але добра, што незабудаваная.
Парк Уга Чавеса будуецца на пустэчы ля мікрараёна «Каменная горка». Тэрыторыя доўга была пусткай, а гэтаму вялікамумікрараёну вельмі патрэбная якасная зялёная прастора. У артыкулах і аглядах пра парк, які будуецца, пакуль шмат абяцанак, і самай галоўнай ганарлівай думкай на зараз з’яўляецца колькасць кіламетраў рознафарматнай пліткі, якой напаўняюць сцежкі будучага парку.
Парк Паўночнага берага — так называецца новы мікрарайон Менску, які сёння — лідар па хуткасці будаўніцтва. Забудоўшчык пачаў працы ўвесну і абяцаў усё скончыць улетку. Ужо можна пабачыць шмат цікавых і сумнеўных рашэнняў, выкарыстаных пры праектаванні, але паляпшае і выпраўляе сітуацыю тое, што парк будуецца на месцы існуючага зялёнай дзялянкі з ужо вялікімі дрэвамі. Гэта дае праекту перавагу над усімі астатнімі паркамі, якія будуюцца цяпер. У дадатак замоўца падбаў аб арт-аб’ектах у парку ў выглядзе скульптур, што выклікала буру каментароў у сацыяльных сетках.
Парк у Новай Баравой — чацвёрты парк, які зараз знаходзіцца ў стадыі будаўніцтва. Пра яго, на жаль, зараз няшмат інфармацыі, але вядома, што будучы парк будзе многафункцыянальным. Яму не так пашанцавала з наяўнасцю старой зеляніны, таму прыйдзецца пачакаць, пакуль дрэвы падрастуць. Новая Баравая таксама не адстае па колькасці арт-аб’ектаў: у раёне былі ўсталяваныя новыя скульптуры.
Падобнае «спаборніцтва» паміж паркамі, якасцю і ідэямі праектантаў вельмі цікава назіраць, улічваючы адзін час рэалізацыі аб’ектаў. Ужо на стадыі частковай імплементацыі цікава адзначыць на прыкладзе скульптурных кампазіцый розны стылістычны падыход розных праектантаў і замоўцаў. Не менш заўважна, што ставіцца ў прыярытэт пры праектаванні розных паркаў: для кагосьці гэта наяўнасць бясконцых разнастайных сцежак у плітцы, а для кагосьці гэта функцыянальная насычанасць.