Урбан-дайджэст №07: «Гісторыя аднаўлення Менску, навіны рэгіёнаў і амерыканскі рэйтынг сусветных урбаністаў»
ліпень 2023
Новы дайджэст сустракае чытачоў архівамі аднаўлення беларускай сталіцы – «Горада Солнца» і будучага сацыялізму. Не адыходзячы далёка ад рэальнасці, падвядзем высновы грамадскага абмеркавання новага жылога раёну «Зялёны Бор», пра які мы пачыналі размовы ў мінулым дайджэсце, і паглядзім, што адбываецца ў рэгіёнах. Напрыканцы прапануем паглядзець на рэйтынг сусветных урбаністаў. Вядома, савецкіх горадабудаўнікоў светлай урбаністычнай будучыні ў спісе не знайсці, паколькі рэйтынг амерыканскі, але паглядзець на сучасныя трэнды, якія адлюстроўваюць героі спіса, будзе цікава.
Пасляваеннае аднаўленне Менску
Фармаванне горада ў пасляваенны перыяд – адна з галоўных частак гісторыі горада. Шмат чаго з гэтай гісторыі яшчэ застаецца за сценамі архіваў, але на некаторыя ўспаміны можна паглядзець ужо і цяпер. Параўнаць вядомыя вуліцы Менску ў мінулым і сучасным можна ў гэтым артыкуле, а даведацца пра пасляваеннае аднаўленне горада можна тут, нават на беларускай мове. Усім вядома, што горад быў амаль цалкам зруйнаваны. Паказальна тое, што спачатку будаваліся і аднаўляліся будынкі для савецкай наменклатуры і прадстаўнікоў КДБ, хаця ў горадзе была вялікая нястача жылля для звычайных жыхароў. Так, будынак КДБ праектавалі і будавалі з мэтай і лозунгам «будучы твар горада». Так як ён быў першым на сучасным праспекце, ён мусіў вызначыць архітэктурную стылістыку і настрой усёй будучай забудовы. Такі падыход цэнтральнай савецкай улады цалкам адлюстроўвае залежны і рэпрэсіўны каланізацыйна-кіраўніцкі прынцып у адносінах з былымі рэспублікамі Савецкага Саюза. І сапраўды, вяртаючыся да старога, але досыць актуальнага матэрыялу пра аднаўленне сталіцы, можна прывесці цытату: «Стары Менск быў знішчаны ня толькі, а можа, і ня столькі Вялікай Айчыннай вайной, колькі рэканструкцыяй горада пасля яе заканчэння». Тая невялікая колькасць будынкаў і вуліц, якія хаця б часткова захаваліся пасля ваеннага бамбавання, пайшла пад нож савецкіх уладаў. То бок аднаўленне пачыналася для цэнтральнай улады Саюза па цэнтральных прынцыпах і правілах, і іх жа рукамі, а вайна дала толькі магчымасць расчысціць горад без вялікіх высілкаў.
І яшчэ трошачкі пра сучасны Менск (і яго агламерацыю)
У мінулым дайджэсце мы ўжо пачыналі размову пра даволі рэзанансны праект, амаль буйны горад у межах сталіцы – жылы раён «Зялёны Бор». Праект на той момант праходзіў грамадскае абмеркаванне, па якому ўжо ёсць вынікі. Колькасць подпісаў пад калектыўнымі зваротамі можна лічыць адной з найвялікшых за ўсю гісторыю грамадскіх абмеркаванняў у Менску – 1220 (Асмалоўка тут лідзіруе). Але ў асноўным звароты пісалі жыхары Калодзішчаў, чыім суседам будзе новы комплекс. На гэты раз вынікі падсумавалі хутка, заўвагі жыхароў палічылі недастаткова важнымі (нягледзячы на колькасць падпісантаў), а доказы распрацоўшчыкаў прызналі пераканаўчымі. Таму праект рэкамендавалі да ўзгаднення без аніякіх даробак, а недастатковае разуменне праектных рашэнняў гараджанамі палічылі іх асабістай праблемай.
Навіны з рэгіёнаў
Кепскія навіны прыляцелі з Гомля, дзе на грамадскае абмеркаванне быў унесены праект буйнога вучэбна-лабараторнага корпуса медуніверсітэта пасярод ахоўнай зоны гістарычнага цэнтра горада, і ў дадатак – вялікі паркінг на беразе ракі. Аўтары паста адзначаюць, што праект парушае даволі шмат законаў, звязаных з ахоўнай зонай цэнтра, парушае сваімі памерамі ўспрыняцце гістарычнай забудовы і прыцягвае вялікую колькасць машын. Вынікаў грамадскага абмеркавання пакуль няма і не зусім зразумела, ці мае сэнс іх чакаць…
Добрымі навінамі адзначаецца Уздзеншчына, дзе на асабістыя грошы і дабрачынныя ўнёскі беларускага фізіка з ЗША адбываецца рэстаўрацыя сядзібы 19-ага стагоддзя беларускага Тэслы – Якуба Ёдкі. Надалей тут плануюць стварыць музей-лабараторыю навукоўца, а на месцы былой стайні – адкрыць інтэрнат для адораных дзяцей з усяго свету, дзе яны змогуць паглыблена вывучаць дакладныя навукі. Той добры прыклад, дзе са спадчынай працуюць паважліва.
А мікашэвіцкі завод «Граніт» прапаноўвае новы турыстычны атракцыён – самую вялікую адкрытую горную вырабатку ў Цэнтральнай Еўропе. Прамысловы кар’ер даўжынёй амаль тры кіламетры даступны для прагляду «касмічных відаў» і вадаспадаў, і катання на БелАЗе. І сапраўды, такія штучныя ландшафты выглядаюць незвычайна і таму могуць быць добрым напрамкам для турызму і падтрымкі эканомікі завода.
Тым часам у дапамогу камунальнай службе 115 у Гародне дадалі тэлеграм- бот «На сувязі» для тых, хто прывык камунікаваць праз мэсэнджары. Ён пакуль працуе ў тэставым рэжыме, таму яго можна правяраць і паляпшаць, толькі адсочваць, якія персанальныя дадзеныя там просяць пакінуць.
Урбаністы свету
У ліпені адзін з папулярных парталаў пра гарадское планаванне Planetizen вырашыў аднавіць рэйтынг 100 самых уплывовых урбаністаў свету, які ўпершыню з’явіўся яшчэ ў 2017 годзе. Рэйтынг стварылі чытачы партала. Нядзіўна, але першае месца застаецца за Джэйн Джэйкабс, «якая ўзвышаецца над мірам урбаністыкі» амаль два дзесяцігоддзя пасля сваёй смерці. Яна па праве можа лічыцца адной з самых вялікіх гарадскіх актывістак эпохі. Яна паказала, што гараджане маюць вагу і правы ў горадзе, і гарадскія ўлады павінны гэта ўлічваць. Другое месца, адданае Яну Гейлу, сцвярджае, што прыярытэты ў сучасных гарадах застаюцца за людзьмі. Тым не менш, прафесія гарадскога планіроўшчыка і ўрбаніста ўсё яшчэ застаецца прафесіяй белага мужчыны, які дыктуе агульныя правілы фармавання і развіцця гарадоў (мы ўжо пісалі аб гэтым у адным з мінулых дайджэстаў). Нягледзячы на амерыкацэнтрычнасць рэйтынгу (платформа накіраваная на рынак Злучаных Штатаў), месца знайшлося і некаторым прафесіяналам з Еўропы, такім як датчанін Ян Гейл і дзеячая мэрка Парыжа Анн Ідальга, якія ў сваіх прынцыпах накіроўваюцца на істотнасць пешай і роварнай інфраструктуры, пазбаўляючы прыярытэту аўтамабілі ў цэнтры горада. Важна адзначыць таксама Карласа Марэну, калумбійскага прафесара і даследчыка з Сарбоны, які стварыў канцэпцыю 15-хвіліннага горада – устойлівага раёна, у якім базавыя патрэбы гараджанін можа задаволіць праз сэрвісы, даступныя ў межах 15 хвілін пешшу. Сярод іншых яскравых імёнаў, з працамі якіх важна пазнаёміцца для разумення складу горада і працэсаў у ім: эканаміст Эдвард Глэйзер (знайсці інфармацыю можна ў нашым пасце тут); тэарэтыкі права на горад Анры Леферв і Дэвід Харві; былы мэр Курыцібы Хайме Лернэр; тэарэтык і практык удзелу супольнасцяў у прыняцці рашэнняў Шэры Арнштэйн; брытанскі сацыёлаг, які вывучае сацыяльныя сувязі ў горадзе, Рычард Сэнет (пра адну з яго кніг мы распавядалі тут).
На яшчэ адзін рэйтынг свету (не зусім пра ўрбаністаў) прапануе звярнуць увагу брытанскі Global Living Index (ці тут), які адзначыў Беларусь у топе-10 самых даступных краін для жыцця з пункта гледжання фінансаў. Адносна высокую ступень у рэйтынгу Беларусі дазволілі заняць такія параметры, як вельмі нізкія цэны на электраэнергію і газ. Апроч таго, суадносіны зарплатаў і коштаў на нерухомасць, па ацэнцы экспертаў, дазваляе набыць жытло ў Беларусі прыкладна за 14 сярэдніх гадавых даходаў. Толькі важна памятаць, што сярэдні заробак паказвае «сярэднюю тэмпературу па бальніцы», а не адлюстроўвае рэальнасць, якая не такая ўжо радасная і дасяжная.
Урбаністычных ведаў шмат не бывае, таму працягваем вывучаць горад разам. Да сустрэчы ў новым дайджэсце!